Першая публікацыя — нарыс пад назвай «Гістарычныя звесткі пра віцебскі замак» — у Сапунова з’явілася ў «Памятнай кніжцы Віцебскай губерні на 1881 год». Думку пра выданне асобнай кнігі па гісторыі Віцебска, якая складалася б з надрукаваных і невядомых раней дакументаў, Аляксею Сапунову падаў мясцовы доктар Карл Бергнер, з якім гісторык быў, відаць, у прыязных сяброўскіх стасунках. Думка гэтая як мага лепш адпавядала памкненням самога гісторыка — падаць максімальную колькасць дакладных фактаў з гісторыі горада, звёўшы да мінімуму іх аўтарскую інтэрпрэтацыю.
Падбор дакументаў для свайго першага археаграфічнага зборніка Сапуноў пачаў з росшукаў у архівах мясцовых дзяржаўных устаноў. І пошук, трэба сказаць, прынёс плён. У архіве гарадской думы гісторык знайшоў копію «Віцебскага мыта» за 1605 г., а таксама «Перадатачны інвентар» горада 1667 г.; у Віцебскай губернскай чарцёжнай — «Ведамасць аб дваровых пляцах жыхароў Віцебска» за 1797 г.; у архіве крымінальнага і грамадзянскага суда — «Інвентар маёмасці архіепіскапіі Полацкай» 1618 г. Аднак сапраўдным скарбам для гісторыка стала гэтак званая «Кніга прывілеяў г.Віцебска», якая ў той час захоўвалася ў бібліятэцы губернскага статыстычнага камітэта.
Гісторыя з’яўлення гэтай кнігі была пэўным чынам звязана з тымі традыцыямі вольнасці, якімі на працягу амаль двух стагоддзяў карысталіся жыхары магдэбургскага Віцебска. Ужо прызвычаіўшыся атрымліваць ад чарговага манарха Рэчы Паспалітай канфірмацыйныя (пацвярджальныя) прывілеі на свае правы, віцябляне непрадбачліва перанеслі свае спадзяванні ў дачыненні да гэтай старадаўняй традыцыі і на спадчыннікаў расійскага трона. Страціўшы ў часы Кацярыны II магістрат як орган гарадскога самакіравання і не паспеўшы атрымаць сатысфакцыі ў хуткаплыннае цараванне Паўла I, віцебскія месцічы ўсклалі свае надзеі на «добрага імператара» Аляксандра I. У 1803 г. праз пасрэдніцтва віцебскага пракурора Манькоўскага ўсе арыгіналы старадаўніх грамат і прывілеяў былі адасланы ў Пецярбург міністру юстыцыі разам з хадайніцтвам аб захаванні за гараджанамі ўсіх тых правоў, што былі нададзены ім польскімі каралямі. Цяпер невядома, калі віцябляне зразумелі ўcю наіўнасць такога кроку і бессэнсоўнасць спадзяванняў на добрую волю тырана ў краіне, якая не мела ні ў мінулым, ні ў сучасным дэмакратычных традыцый. Адзіным вынікам гэтага ўчынку стала страта каштоўных для гісторыі горада дакументаў, якія згінулі недзе ў сталічных архівах. У Віцебску засталіся толькі копіі, што былі зроблены «па распараджэнні Віцебскага магістрата і ратушы» ў 1733 г. і перапісаны Сямёнам Зямковічам у асобную кніжку, якая атрымала назву «Кнігі прывілеяў г.Віцебска» і захоўвалася спачатку ў гарадской думе, а з 1860–х г. — у бібліятэцы статкамітэта. Існаваў і яшчэ адзін спіс старадаўніх гарадскіх грамат, які быў зроблены ў 1758 г. Міхаілам Слаўскім. Яго, у сваю чаргу, скапіяваў у тым жа стагоддзі віцебскі мешчанін Аверка. Пазней так атрымалася, што спіс Слаўскага быў страчаны, а рукапіс Аверкі пад назвай «Хроніка г.Віцебска» захаваўся і ў часы Сапунова знаходзіўся ў зборы Віленскай публічнай бібліятэкі[1].
Менавіта «Хроніка» Аверкі і «Кніга прывілеяў г.Віцебска» сталі для Сапунова асноўнымі крыніцамі для публікацыі дакументаў у першым томе зборніка, дасціпна названага аўтарам «Віцебская даўніна». Гістарычна–літаратурныя перыёдыкі з аналагічнай назвай ужо існавалі на той час у розных гарадах Расійскай імперыі, але на Беларусі Сапуноў ужыў яе першым. Гэта ўжо на пачатку ХХ ст. Еўдакім Раманаў пачаў выдаваць «Магілёўскую даўніну», Мінская царкоўна–археалагічная камісія — «Мінскую даўніну», Яўстафій Арлоўскі — «Гродзенскую даўніну». Відаць па ўсім, што гэтая назва стала «моднай», прыйшлася даспадобы як чытачам, так і выдаўцам.
Для паўнаты ўяўлення пра віцебскую гісторыю Сапуноў палічыў неабходным побач з упершыню апублікаванымі ім у кнізе дакументамі змясціць і тыя, што ўжо былі надрукаваны раней. Гэты крок можна лічыць цалкам апраўданым, бо ўжо нават у часы Сапунова многія выданні, якімі ён карыстаўся, былі бібліяграфічнай рэдкасцю. Як вядома, час надае значнасць рэчам, прычым часцей нават большую за тую, што яны мелі сярод сваіх сучаснікаў.
Першы том «Віцебскай даўніны» выйшаў з друку ў 1883 г. «Отцы и братья! Оже ся где буду описал, или переписал, или недописал; чтите, исправливая Бога дела, а не кляните, занеже книгы ветшаны, а ум молод недошел»,— гэтыя словы Аляксей Сапуноў палічыў неабходным паставіць эпіграфам да сваёй кніжкі. Як бачым, малады навуковец, якому ішоў тады 32–гі год, з душэўным хваляваннем ставіўся да сваёй першай сур’ёзнай працы, якую ён выносіў на суд шырокага чытача і навуковай грамадскасці.
Пераважную большасць матэрыялаў тома складалі тэксты дакументаў, сабраныя ў тэматычныя рубрыкі («Граматы, прывілеі і інш.», «Віцебскае мыта», «Інвентары», «Летапіс г.Віцебска», дакументы, якія тычацца жыцця і дзейнасці Полацкага уніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, гісторыі Віцебскага Маркава манастыра, яўрэйскага насельніцтва Віцебска, вайны 1812 г. і інш.). Разгалінаваная структура працы, мэтай якой было як мага больш поўнае асвятленне віцебскай гісторыі, дазволіла ўвесці асобны раздзел з вытрымкамі тэкстаў з рускіх і літоўскіх летапісаў пра Віцебск, зрабіць пералік артыкулаў з «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі», якія тычацца горада і губерні, змясціць радавод полацкіх князёў, спісы віцебскіх князёў, кашталянаў, ваяводаў, настаяцеляў манастыроў і інш., рознага кшталту статыстычныя табліцы і вялікія каментары з цытатамі з прац расійскіх і польскіх гісторыкаў. Апошні ХII раздзел кнігі складаў напісаны Сапуновым «Гісторыка–статыстычны нарыс г.Віцебска», да якога ў прадмове да ўсяго тома аўтар заклікаў ставіцца «толькі як да заўваг, збольшага прыведзеных у сістэму». «Больш грунтоўная гісторыя Віцебска выйдзе пазней»,— шчыра абяцаў ён чытачу[2]. Забягаючы наперад, скажам, што, напісаўшы потым дзесяткі прац па гісторыі горада, Сапуноў так ніколі і не выдаў асобнай «грунтоўнай гісторыі Віцебска». У 1920–х г. ён падрыхтаваў да друку рукапіс гэтай працы, аднак надрукаваць яго ўжо не змог.
Асаблівай адметнасцю першага тома «Віцебскай даўніны» стала вялікая колькасць уведзеных аўтарам у тэкст ілюстрацый — факсіміле асобных дакументаў, пячатак, гравіраваныя партрэты гістарычных асобаў і помнікаў архітэктуры, планы, карты, выкананыя нават у колеры геральдычныя выявы і інш. Такі падыход сведчыў пра асаблівае замілаванне аўтара тэмай, комплексны падыход да яе асвятлення і — непамерныя друкарскія выдаткі, якія цалкам спусташалі кішэню выдаўца. Друкаваў Сапуноў сваю «Даўніну» ў Віцебску. На адной са старонак тома знаходзім згадку пра тое, што «ўсе літаграфскія і амаль усе ксілаграфічныя працы выкананы ў Віцебску»[3]. Перапляталася кніга, відаць, у розных месцах. На форзацы аднаго з экзэмпляраў мне трапілася аднойчы этыкетка з наступным надпісам: «Переплетное заведение А.Берсона в Смоленске». Каштаваў адзін том тры рублі і, зразумела, зрабіць выданне ўсяго накладу на гадавое жалаванне настаўніка гімназіі ў 2020 рублёў[4] было досыць складана. Фінансавую падтрымку на выданне тома Аляксей Сапуноў атрымаў ад аднаго чалавека — сваёй цешчы Варвары Паўлаўны Валковіч, словы шчырай падзякі якой ён выказаў у прадмове да кнігі.
Першы том «Віцебскай даўніны» напаткаў шумны поспех. Праца, якая выйшла ў правінцыі, была заўважана ў сталіцы і буйных навуковых цэнтрах імперыі. Водгукі на яе змясцілі вядомыя ў той час газеты і часопісы «Новое время», «Гражданин», «Киевская старина», «Санкт–Петербургские ведомости», «Русская старина», «Московские ведомости», «Правительственный вестник», «Русь», «Kraj», «Wіadomoscі Bіblіografіczne Warszawskіe». Не менш важным для Сапунова было і тое, што вучоны камітэт міністэрства народнай асветы рэкамендаваў кнігу для набыцця ў фундаментальныя бібліятэкі сярэдніх навучальных устаноў Віленскай і Варшаўскай навучальных акруг, а таксама «для выдачы ў якасці ўзнагароды вучням Віцебскай мужчынскай гімназіі і навучэнкам жаночай». Гэта азначала з’яўленне не толькі вельмі патрэбнай для аўтара магчымасці распаўсюджвання часткі накладу, але і афіцыйнае прызнанне карыснасці ягонай дзейнасці, і больш прыязнае стаўленне чынавенства ад асветы да заняткаў аўтара. Змены не прымусілі доўга сябе чакаць. Частка грошай на выданне двух наступных тамоў «Даўніны» (адпаведна 200 і 300 рублёў) была ўжо выдаткавана з казённых сумаў папячыцелем Віленскай навучальнай акругі М.А.Сергіеўскім, а выйшлі новыя кніжкі пад патранатам Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, старшынёй якога з’яўляўся віцебскі губернатар князь В.М.Далгарукаў.
Пасля выхаду першага тома «Віцебскай даўніны» ў Сапунова склаўся план выдання ўсёй серыі. Абапіраючыся на ўжо зробленыя ў архівах напрацоўкі і свой досвед пра тое, адкуль і што яшчэ можна ўзяць, ён распланаваў змест наступных пяці тамоў кнігі. Другі том даследчык меркаваў прысвяціць гісторыі Полацка; трэці — Веліжа, Неўля, Дынабурга і інш. прыкметных у гістарычных адносінах мясцін Віцебскай губерні; чацвёрты — гісторыі войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у ХVI—XVII ст.; пяты — падзеі «ўз’яднання» уніятаў з праваслаўнай царквой у 1839 г. Зрэшты, у апошнім, шостым, томе гісторык планаваў змясціць уласны нарыс пад назваю «Гістарычныя лёсы Віцебскай губерні», а таксама ўдакладненні, дапаўненні і ўказальнікі да папярэдніх пяці тамоў. Такі быў план, выконваць які давялося не надта паслядоўна і які Бог не даў давесці да канца.
Чарговая кніга «Віцебскай даўніны» выйшла з друку ў 1885 г. Гэта быў том пад нумарам IV, які, нягледзячы на адсутнасць двух папярэдніх, аўтар палічыў магчымым пусціць у свет. Па сутнасці, нумарацыя тамоў істотнага значэння не мела, бо сэнсава кнігі былі не звязаны як з папярэднімі, так і з наступнымі выпускамі. Том паўстаў нечакана для самога аўтара, бо, як пісаў Сапуноў у прадмове да яго, «выпадкова было сабрана дастаткова многа дакументаў, якія ахоплівалі ўсяго толькі 30–гадовы перыяд часу (17 гадоў царавання Іаана Грознага і 13 гадоў царавання Аляксея Міхайлавіча)». Не жадаючы расцярушваць па асобных тамах дакументы, што тычыліся адной тэмы, Сапуноў палічыў за лепшае надрукаваць іх пад адной вокладкай.
Больш за палову дакументаў IV тома «Віцебскай даўніны» складалі матэрыялы, знойдзеныя даследчыкам у Маскоўскім галоўным архіве міністэрства замежных спраў, якія раней нідзе не друкаваліся. Доступ да дакументаў архіва Сапуноў змог атрымаць дзякуючы садзейнічанню акадэміка Арыста Куніка, вядомага спецыяліста ў галіне расійска–скандынаўскіх і расійска–візантыйскіх адносінаў. У прадмове да IV тома малады навуковец выказваў шкадаванне, што ні час, ні сродкі не дазволілі яму надрукаваць усе тыя дакументы па азначанай тэме, якія ён знайшоў у архіве.
Структура новага тома «Віцебскай даўніны», які складаўся з дзвюх частак, грунтавалася на ранейшым прынцыпе — усе дакументы былі сабраны ў асобныя раздзелы і забяспечаны каментарамі. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе раздзел пад назваю «Сказанні іншаземцаў–сучаснікаў», які ёсць і ў першай, і ў другой частках і па памеры займае амаль чвэрць усёй кнігі. Каб зрабіць даступнымі для чытача тэксты, напісаныя ў арыгінале на нямецкай, лацінскай і польскай мовах, Сапуноў зрабіў іх пераклады на рускую. І сам жа звяртаў увагу на недасканаласць перакладаў, адзначыўшы тую акалічнасць, што пры выкананні працы больш увагі аддаваў дакладнасці ў перадачы зместу, чым клопату пра прыгажосць мастацкага слова. Тым не менш, нават гэта не ўратавала тэксты ад шэрагу недакладнасцяў, выкліканых або незразумеласцю арыгіналаў, або памылкамі пры іх перапісванні (не ўсе кнігі гісторык мог атрымаць у сваё карыстанне).
У адрозненне ад папярэдняга, IV том пачынаўся з напісанага самім Сапуновым «Кароткага нарыса барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XVI—XVII ст.», які ў прадмове да ўсёй кнігі аўтар прасіў лічыць толькі пералікам асноўных падзей. Галоўнае прызначэнне нарыса, на думку аўтара, заключалася ў тым, каб быць «пуцяводнай ніткай у масе часта вельмі ўрывачных дакументаў»[5].
Друкаваўся IV том «Віцебскай даўніны» ў Віцебскай тыпа–літаграфіі Р.А.Малкіна, і «знешнасць выдання» па–ранейшаму турбавала ягонага аўтара. Здаецца, увесь магчымы ілюстрацыйны матэрыял, які можна было знайсці па тэме, Сапуноў змясціў на старонках сваёй кнігі. У мастацкім аздабленні тома гісторыку дапамагаў выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Аляксандр Мінят, які на той час працаваў у мужчынскай гімназіі выкладчыкам малявання. І зноў выданне атрымалася выключна дарагім для выдаўца. Каб неяк вярнуць хоць частку ўкладзеных грошай, Сапуноў паставіў больш высокі кошт — па 6 рублёў за кожны з 500 паасобнікаў накладу. Аднак пакрыць усе выдаткі яму так і не ўдалося, бо кніжка не вельмі хутка раскуплялася.
Водгукі на IV том «Віцебскай даўніны» ў тагачаснай прэсе былі значна больш сціплыя. Нататка з’явілася ў адным толькі «Новом времени», затое праца гісторыка ацэньвалася ў ёй належным чынам. У публікацыі, у прыватнасці, былі такія словы: «На ўсім выданні ляжыць пячатка ведаў, ажыўленых сапраўды патрыятычнай любоўю да айчыннай даўніны»[6]. Вучоным камітэтам міністэрства народнай асветы кніжка зноў была «одобрена» для фундаментальных бібліятэк сярэдніх навучальных устаноў міністэрства народнай асветы. А восенню 1885 г. з Масквы прыйшла прыемная навіна: 25 кастрычніка Сапунову было прысвоена званне сябры–спаборніка імператарскага Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце.
Калі меркаваць па тэматыцы прац, якія Аляксей Сапуноў друкаваў у наступныя пасля выхаду IV тома «Віцебскай даўніны» гады на старонках «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцяў», гісторык актыўна рыхтаваў II і III тамы так шырока задуманага раней выдання. Публікацыі, змешчаныя ў галоўнай (і адзінай на той час) газеце губерні тычыліся асобных момантаў з гісторыі Полацка, Неўля, Веліжа, Себежа, так званых Інфлянтаў (зямель усходняй Прыбалтыкі).
Аднак чарговым выдадзеным томам стаў V, прысвечаны рэлігійнай гісторыі краю. Такі нечаканы на першы погляд крок даследчыка меў пад сабой пэўныя падставы. V том «Даўніны» выйшаў з друку ў 1888 г., якраз напярэдадні пампезна адзначанага ў Паўночна–Заходнім краі 25 сакавіка 1889 г. 50–годдзя «ўз’яднання» уніятаў з праваслаўнай царквой. У перадюбілейны час, вядома ж, заахвочваліся ўсялякія заняткі, якія тычыліся гісторыі Полацкай епархіі. Аляксей Сапуноў, чалавек глыбока веруючы, лічыў проста сваім абавязкам зрабіць належную сустрэчу юбілею. Да таго ж, матэрыял для новага зборніка, што называецца, доўга шукаць не даводзілася. У Віцебску тады захоўваўся амаль што зусім не разабраны архіў Полацкай духоўнай кансісторыі, які ўтрымліваў больш за 5 тысяч старадаўніх дакументаў. Добрым дадаткам да кансісторскага архіва маглі стаць і матэрыялы са сховішча Віцебскага губернскага праўлення (былога архіва генерал–губернатараў).
На гэты раз спрыянне ў даследчыцкай працы было выказана Сапунову і з боку епархіяльных уладаў, і з боку начальніка губерні князя В.М.Далгарукава, які для разбору дакументаў афіцыйна накіраваў у дапамогу гісторыку ягонага даўняга сябра і руплівага памочніка Міхаіла Вяроўкіна. Разбор кансісторскага архіва ішоў так паспяхова, а цікавых дакументаў было выяўлена так шмат, што Сапуноў ніяк не змог «убіцца» ў вызначаныя сабой жа межы аднаго тома і запланаваў выдаць пятую кніжку «Даўніны» ажно ў трох частках. Для першай часткі ён падрыхтаваў дакументы самыя старадаўнія, з 1598 да 1772 г., якія трапілі ў архіў Полацкай духоўнай кансісторыі пераважна з уніяцкіх манастыроў і цэркваў. У другой частцы ён планаваў змясціць дакументы больш познія, з 1772 да 1839 г., у трэцяй — фундушы і інвентары розных цэркваў і манастыроў Полацкай епархіі.
Нам сёння застаецца толькі горка пашкадаваць, што V том «Віцебскай даўніны» быў выдадзены толькі ў адной–адзінай першай частцы. 476 упершыню надрукаваных дакументаў, з іх 89 прыведзены поўнасцю, астатнія — з большымі або меншымі скарачэннямі; шэраг дакументаў, перакладзеных з лацінскай, польскай і італьянскай моў, прычым, 47 з іх, асабліва значных па змесце, дадаткова працытаваны на мове арыгінала. Ужо адны гэтыя, так бы мовіць, статыстычныя характарыстыкі зборніка могуць глыбока ўразіць кожнага, каму хоць аднойчы даводзілася сур’ёзна працаваць з архіўнымі крыніцамі. А калі дадаць сюды яшчэ перадрукі з ранейшых археаграфічных выданняў і адняць наяўнасць не тое што кампутара, а нават і звычайнай друкавальнай машынкі (век якой яшчэ не надышоў), атрымліваецца амаль што катаржная карпатлівая штодзённая праца, якую добраахвотна ўзваліў на свае плечы не які–небудзь грэцкі тытан і герой міфаў, а гімназічны настаўнік з хворымі вачыма.
На жаль, выданне Сапуновым «Віцебскай даўніны» скончылася выхадам з друку першай часткі V тома. Відаць, давесці задуманае да канца ў даследчыка не хапіла ні часу, ні сродкаў, ні здароўя. Аднак нават тое, што ён здолеў зрабіць, выклікае сёння самую шчырую павагу, удзячнасць і захапленне. Гэткую ж павагу і прызнанне атрымлівала ягоная самаахвярная дзейнасць і сярод сучаснікаў–навукоўцаў, ад цытавання выказванняў якіх немагчыма ўстрымацца. Старшыня Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, сябра–карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук і кіраўнік Гістарычнага музея ў Маскве Іван Забелін меў наступнае меркаванне пра дзейнасць свайго калегі–гісторыка з Віцебска: «А.П.Сапуноў у цяперашні час з прыватных асобаў ці не адзіны ў наш час працалюбец, які дзейнічае не толькі настойліва і нястомна, але і ў вялікай ступені добрасумленна і ўважліва ў распрацоўцы помнікаў нашай дарагой даўніны»[7]. Выдатны беларускі гісторык Мітрафан Доўнар–Запольскі ў дачыненні да «Віцебскай даўніны» пісаў: «У гэтай працы А.П.Сапуноў задумаў сабраць і выдаць у сістэматычным парадку, па адпаведных рубрыках, усе матэрыялы і дакументы, якія тычацца Полацка–Віцебскага краю. Сама думка пра сістэматычнае выданне <…> выдатная; у той час вучоныя ўстановы, як Віленская археаграфічная камісія, напрыклад, і Пецярбургская (якая выдала «Акты Заходняй Расіі» і «Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі») выдавалі свае матэрыялы без усялякага парадку і толькі ў апошні час (на пачатку ХХ ст. — Л.Х.) прыйшлі да думкі аб неабходнасці сістэматызаваць выданне сваіх матэрыялаў»[8].
Заслужыў Сапуноў добрае слова і ад даследчыкаў нашых дзён. Знаны археограф і крыніцазнаўца Мікалай Улашчык, чалавек вельмі дасведчаны ў сваёй справе і патрабавальны, адзначаў у дзейнасці Сапунова як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Акрэсліваючы значнасць зробленага, Улашчык пісаў, што Сапунову, як даследчыку–адзіночцы, даводзілася праводзіць пошукі пераважна ў абсалютна неўпарадкаваных архівах, дзе справы ляжалі навалам, а таксама самому часта пісаць загалоўкі і легенды да спраў, потым шукаць неабходную літаратуру для заўваг і артыкулаў. Тое, што Сапуноў друкаваў пераклады архіўных дакументаў без арыгіналаў, даследчык лічыў самым істотным недахопам ягонай дзейнасці, бо ў гэтых перакладах час ад часу сустракаюцца досыць істотныя памылкі. І тым не менш Улашчык называў «Віцебскую даўніну» «свайго роду даведнікам па гісторыі Паўночнай Беларусі, адкуль даследчык можа даведацца, што ёсць пра гэты рэгіён у летапісах і іншых крыніцах», а самога Сапунова лічыў асобай, якой па часе і маштабу зробленага ў галіне публікацыі крыніц па гісторыі Беларусі належыць адно з першых месцаў[9].
На заканчэнне размовы пра «Віцебскую даўніну» выпадае расказаць сумную гісторыю пра тое, што сталася з тымі сапуноўскімі напрацоўкамі, якія ён збіраўся змясціць у яшчэ не надрукаваных тамах зборніка. Тут давядзецца значна забегчы наперад, пакінуўшы маладога, акрыленага поспехам і спадзяваннямі Аляксея, і звярнуцца да прызнанага і знакамітага, але змучанага гадамі, хваробай ды нястачай Аляксея Парфенавіча.
Пачнем з таго, што літаральна напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сяброў Віцебскай навуковай архіўнай камісіі з’явілася думка перавыдаць існуючыя тамы «Віцебскай даўніны» і купіць у Сапунова матэрыялы для нявыдадзеных. На пасяджэнні камісіі 20 красавіка 1917 г. было прынята рашэнне набыць у гісторыка за 500 рублёў «Пісцовыя кнігі», «здымкі з пісцовых кніг, дакументы і здымкі з планаў, якія захоўваюцца ў Шведскім дзяржаўным архіве», а таксама прасіць даследчыка, каб ён «саступіў» камісіі права на перавыданне «Віцебскай даўніны», якая «ўжо даўно стала <…> рэдкасцю, і ў рознічным продажы яе кошт узняўся з цаны ў 3 да 75 рублёў»[10]. Сапуноў даў сваю згоду на перавыданне зборніка. Аднак у хуткім часе грымнуў такі сацыяльны выбух, пасля якога ўсім стала не да ранейшых планаў і намераў.
Да ідэі прадаць каму–небудзь падрыхтаваныя да новых зборнікаў «Віцебскай даўніны» матэрыялы Аляксей Парфенавіч вярнуўся ў 1920–я г., калі голад і нястача далі асабліва адчувальную вестку пра сябе. Пакупніком на «Пісцовыя кнігі Веліжа, Неўля, Себежа, Азярышча і Усвята са здымкамі з рукапісаў, (памерам — Л.Х.) каля 200 пісаных аркушаў», а таксама «Інвентар г.Віцебска і эканоміі Віцебскай 1667 г., (памерам — Л.Х.) каля 20 пісаных аркушаў» на гэты раз стаў Віцебскі педагагічны інстытут. У сваіх нататках, зробленых у апошні год жыцця, Сапуноў пісаў, што рукапісы гэтыя разам з яшчэ пяццю іншымі былі прададзены інстытуту і захоўваліся ў бібліятэцы апошняга[11]. Аднак у «Пратаколе пасяджэньня Камісіі па разборцы матар’ялаў, застаўшыхся са смерці праф.А.П.Сапунова» ад 7—9 кастрычніка 1924 г. знаходзім дадзеныя пра тое, што «Пісцовыя кнігі» былі знойдзены ў кватэры нябожчыка, запакаваны ў скрыні і апячатаны разам з іншымі паперамі[12] («Інвентар» 1667 г. усё ж, відаць, знаходзіўся ў педінстытуце).
Пазней спадчына Сапунова трапіла ў збор Віцебскага дзяржаўнага музея. 11 траўня 1925 г. загадчык музея напісаў ліст у Менск у Інстытут Беларускай культуры з просьбай разгледзець сапуноўскія спісы з «Пісцовых кніг», якія могуць «мець значэньне пры выданьні архіўных дакументаў на тэрыторыі Беларусі»[13]. 16 траўня адбылося пасяджэнне «гістарычнае клясы» Інбелкульта, на якім было вырашана прасіць Віцебскі музей даслаць у археаграфічную камісію інстытута сшыткі са спісамі «Пісцовых кніг» «дзеля скарыстання <…> у выданнях Гістарычнае Клясы і вывучэння сябрамі Камісіі, пасля чаго ўвесь гэты матар’ял будзе зварочаны ў Музэй для захову ў Сапуноўскіх калекцыях»[14]. 31 траўня 1925 г. сшыткі Сапунова былі адпраўлены ў Інбелкульт і ў Віцебск больш ужо не вярталіся. У архіве мне ўдалося адшукаць спіс тых накіраваных у Менск сшыткаў з пералікам дакументаў, што ў іх утрымліваліся, які хочацца працытаваць цалкам. Хто ведае, можа ён так назаўсёды і застанецца адзіным сведкам самахвярнай працы, выкананай рупліўцам віцебскай даўніны.
«Рукапісны збор А.П.Сапунова.
Пералік сшыткаў з выпіскамі з пісцовых кніг Віцебшчыны.
1. Перепись гор.Невля и острога, шляхтичей и всяких служилых жилецких людей и мещан. 1664 г. — 16 аркушаў.
2. Пераписная книга города Невеля и Невельского уезду волостем и селам и деревням и починкам и в них … дворам и во дворех всем людям, сколько в селе и деревне… угодий. 1656 г. — 60 аркушаў.
3. Перепись сел и деревень Невельского и Озеретцкого уездов и в деревнях дворов и во дворех людей. 1657 г. — 36 аркушаў.
4. Писцовая книга дворцовой Никольской Плисской волости Невельского уезда. 1615 г. — 93 аркушы.
5. Разрядные списки: а) по Невелю и б) псковским конным казакам. 1664 г. — 36 аркушаў.
6. Сказки, взятыя у шляхты г.Невля (за кем, где и когда были поместья). 1667 г. — 38 аркушаў.
7. Челобитие невлян об отдаче им кабака, таможни и мельницы. 1654 г. — 6 аркушаў.
8. Книги пераписныя всяких чинов и людей и крестьян в гор.Озерищах, в г.Усвяте и Усвятском уезде. 1655 г. — 28 аркушаў.
9. Перапись: 1) пушкарей и мещан посадских в гор.Усвяте и 2) шляхтичов усвятских, волостных и шляхецких крестьян в Усвятском уезде — 148 аркушаў.
10. 1) Переписные книги г.Велижа, сколько по городу и по башням пушек, пищалей, зелейной казны, мушкетов, пик и всяких запасов. 2) Перепись крестьян Велижского уезда и по волостям. 1654 г. — 31 аркуш.
11. Писцовая книга города Себежа — 66 аркушаў.
12. Перепись: 1) Полоцкого повету шляхтичев и казаков и пушкарей и воротников и всяких служилых людей; 2) Гор.Полоцка ткацких дворов а в нем людей и в слободах дворов и людей — 50 аркушаў.
13. Переписные книги принятых под Государеву руку мещан, земян и пахотных крестьян Полоцкого, Себежского, Друйского, Свейского, Лужского, Резицкого и Красногородского уездов. 1654 г. — 46 аркушаў.
14. Челобитная витебской шляхты о даче им дворов бежавших в Польшу людей — 8 аркушаў.
15. Тетради №9, 10, 11, по–видимому, выписка из «Приходно–расходных книг хлебной казны» г.Витебска 1665 г. и 1666 г., часть которых напечатана А.П.Сапуновым в «Витебской старине», т.IV, ч.2, стр.317—343 — 58 аркушаў»[15].
Усялякая выбітная праца нашмат перажывае свайго стваральніка. Ці думаў пра тое Аляксей Сапуноў, распачынаючы выданне «Віцебскай даўніны»? Пакінем гэтае неістотнае цяпер пытанне без адказу і зноў вернемся ў губернскі Віцебск канца 1880–х г.
[1] Витебская старина. Т.I. Витебск, 1883. С.XXI.
[2] Витебская старина. Т.I. Витебск, 1883. С.XXII.
[3] Витебская старина. Т.I. Витебск, 1883. С.XXII. С.664.
[4] Памятная книжка Виленского учебного округа на 1881/82 учебный год. Вильна, 1882. С.33.
[5] Витебская старина. Т.IV. Витебск, 1888. С.III.
[6] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.2.
[7] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.27.
[8] Тамсама. С.29.
[9] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973. С.230.
[10] НГАБ, ф.2771, воп.1, спр.157, арк.66.
[11] ВАКМ, КП7288/1, арк.13.
[12] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.11, арк.65.
[13] Тамсама, спр.36, арк.79.
[14] Тамсама, арк.81.
[15] Тамсама, арк.80. Дакументы гэтыя паходзілі з Маскоўскага галоўнага архіва міністэрства замежных спраў і архіва міністэрства юстыцыі. Да асобных аркушаў дакументаў №4, 5, 8 і 11 былі зроблены здымкі ў колькасці 500 экзэмпляраў — відаць, гэта былі падрыхтаваныя Сапуновым да друку ілюстрацыі.