Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Хто зруйнаваў Замкавую гару?

Замкавая, або гара Ламіха на працягу стагоддзяў адыгрывала адметную ролю ў гістарычным мінулым горада. З ёй звязаны пачаткі аднаго з найстаражытнейшых замкаў Віцебска — Верхняга горада. Размяшчалася гара ва ўсходняй частцы замка і больш за сотню метраў цягнулася ўздоўж левага берага ракі Віцьбы. Яна займала плошчу каля аднаго гектара і мела вышыню з сённяшні 6–павярховы дом[1]. Аднак адзінае, што дала археалагічнай навуцы гэтая калыска старадаўняга Віцебска, дзе ў XIV ст. князь Альгерд збудаваў мураваны Верхні замак — толькі крыху больш за дзесятак аскалёпкаў ляпнога посуду, што былі выяўлены пры раскопках Аляксандра Ляўданскага ў 1928 г.[2]. Прычынаю таму сталася сумная гісторыя знішчэння Замкавай гары, распачатая яшчэ ў другой палове XIX ст.

«Ва ўсе часы абвешчанага жыцця Віцебска Замкавая гара служыла цэнтрам горада», — пісаў у сваіх нататках старажыла, якія былі выдадзены ў 1899 г. пад назваю «Старонкі з недалёкай даўніны горада Віцебска», вядомы фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі[3]. Займаючыся вызначэннем тапаграфіі Віцебска часоў сярэднявечча, і Аляксей Сапуноў у сваіх працах неаднойчы адзначаў, што на Замкавай гары знаходзілася падвор’е ваяводы, верагодней за ўсё, мураваныя княжацкія палаты, а таксама царква Архангела Міхаіла, у якой Мацей Стрыйкоўскі ў XVI ст. яшчэ на ўласныя вочы бачыў «партрэт Іуліяніі, старажытнага пісьма, дзе яна была паказана разам з мужам сваім Альгердам»[4].

Сваю павагу да гэтага цікавага помніка старасветчыны віцябляне выказвалі ў шматлікіх легендах і паданнях пра Замкавую гару. Два з іх знаходзім у нататках Аляксея Сапунова.

Першае — гэта рамантычнае паданне пра заклятую прыгажуню–царэўну, што жыла ў самой гары. Апранутая ў белае адзенне і асветленая зіхоткімі агнямі, царэўна сядзела на залатым троне, а каля яе ног ляжалі горы золата і дыяментаў. Напярэдадні Купалля яна выходзіла з гары і рассыпала вакол сябе дыяменты, якія адразу ж парахнелі, як толькі да іх датыкалася рука чалавека. Перад пачаткам вайны 1812 г. царэўна званіла па начах у саборны звон, аднак калі хто набліжаўся да яе, адразу ж знікала[5].

Другое паданне пра Замкавую гару Сапуноў змясціў у сваёй запісцы ад 26 лютага 1887 г., якую ён як правадзейны сябра губернскага статкамітэта склаў у адказ на запыт імператарскай Акадэміі мастацтваў «пра помнікі старажытнага мастацтва ў межах Віцебскай губерні». У адказ на адзін з пунктаў анкеты ён пісаў: «Па расказах мясцовых старажылаў, у 50–х г. (XIX ст. — Л.Х.), сажанях у 67 ад паўночна–ўсходняга кута цяперашняга будынка Акруговага суда (у той час тут знаходзіўся губернатарскі дом), ля самага амаль берага р. Віцьбы, утварыўся значны правал, які выявіў скляпеністы падземны ход. Паводле падання, ход гэты вядзе пад Замкавую гару, пад якой, быццам бы, уладкавана вялікае памяшканне, і там, быццам бы, ратаваліся жыхары пад час частых аблогаў горада»[6]. Ад сябе дададзім, што наўрад ці гэтае паданне мае пад сабою рэальнае абгрунтаванне, бо за ўсе часы існавання Замкавай гары яно ніякімі сведчаннямі ніколі не пацвярджалася.

Пачатак сумнай гісторыі знішчэння аднаго з самых каштоўных помнікаў гісторыі і археалогіі Віцебска быў пакладзены яшчэ ў 1850–я г., калі зямля з усходняга падножжа гары бралася для ўзвядзення дамбы на Нова–Магілёўскай вуліцы, якая адыходзіла ад Саборнай плошчы ў бок трынітарскага кляштара[7]. У 1875 г. пляц гарадской зямлі памерам 1640 кв. сажняў пад назваю «Замкавая гара» паводле грамадскага выраку віцебскіх дваранаў, купцоў, мяшчанаў і разначынцаў быў перададзены Віцебскай мужчынскай Аляксандраўскай гімназіі. Навошта гімназіі спатрэбілася новая зямля? Справа ж заключалася ў наступным.

З самага часу свайго стварэння мужчынская гімназія размяшчалася ў мураваным будынку на Саборнай вуліцы. Аднак 16 траўня 1873 г. духоўнае навучальнае ведамства купіла стары гімназічны дом для патрэбаў размешчанай побач у колішніх базыльянскіх мурах духоўнай семінарыі. Гімназічнае кіраўніцтва вымушана было паклапаціцца пра пошукі новага будынка. Паводле загаду міністра народнай асветы 2 чэрвеня 1876 г. будынак гімназіі быў перададзены духоўнай семінарыі, а гімназісты перабраліся ў былы бернардзінскі кляштар побач з касцёлам Св.Антонія. Пераезд у непрыстасаваныя для навучання памяшканні не задаволіў ні адміністрацыю, ні навучэнцаў, і таму было вырашана распачаць будаўніцтва новага будынка гімназіі на тэрыторыі старажытнага Верхняга замка, ля заходняга падножжа Замкавай гары, на Пушкінскай вуліцы. 10 кастрычніка 1878 г. сябрам часовага будаўнічага камітэта па ўзвядзенню будынка гімназіі быў прызначаны і настаўнік Аляксей Сапуноў[8].

Заняткі ў новай гімназіі на Пушкінскай вуліцы пачаліся ўжо ў студзені 1880 г. Прыблізна ў гэты ж час на супрацьлеглым баку Замкавай гары, ля яе ўсходняга падножжа, што выходзіла на Саборную плошчу, пачалося ўзвядзенне будынка Акруговага суда. У ходзе будаўніцтва высветлілася, што пад час паводкі падвальны паверх новага будынка суда затапляецца вадой. З гэтай прычыны ў 1882 г. архітэктарам І.Залескім і групай інжынераў на чале з кіраўніком будаўніцтва М.Карчэўскім былі складзены праект і каштарыс на частковае скопванне Замкавай гары. Гэта быў чарговы крок у справе разбурэння унікальнага помніка культуры.

У хуткім часе да справы знішчэння Замкавай гары далучылася і кіраўніцтва Віцебскай гімназіі. У справаздачы аб стане гімназіі за 1884—1885 навучальны год сустракаем звесткі пра дзейнасць яе гаспадарчага камітэта, які меў клопат «скопвання сумежнай з усходняга боку будынку Замкавай гары, якая, пад уплывам дажджоў і снегу, складзеная пераважна з чыстай гліны, спаўзае, і, перапоўніўшы канавы, разбуральна ўздзейнічае на цокаль будынка, падтрымліваючы ў ім вільгаць, у выніку чаго гніе падлога ніжняга паверха, і атрымаў ужо дазвол п.папячыцеля навучальнай акругі выкарыстоўваць штогод 1000 руб. з сумы збору за навучанне ў гімназіі на скопванне гары, але гэтая мера яшчэ не прыводзіцца ў выкананне да часу атрымання купчай крэпасці на зямлю»[9].

У фактычнае валоданне зямлёй Замкавай гары гімназія ўступіла ў 1885 г., калі быў аформлены купчы акт на яе набыццё. Практычна з гэтага часу і пачалося знішчэнне гары. Санкцыянаванае дазволам кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі, скопванне гары працягвалася да 1886 г. Потым земляныя працы былі перапынены амаль на 10 гадоў, пакуль зноў не аднавіліся ў 1895 г. Пад час іх правядзення на Замкавай гары былі знойдзены «рэшткі мураванай пабудовы — падмурак, ніжні паверх да паловы вокнаў, мураваная лесвіца і часткова пліткавая, а часткова брукаваная падлога»[10]. Пра вынікі гэтых раскопак на Замкавай гары ў Віцебску з’явіліся нататкі ў друкаваных перыядычных выданнях нават іншых гарадоў Расійскай імперыі[11].

Стаўленнем гімназічнага кіраўніцтва да унікальнага помніка віцебскай даўніны абурыўся выконваючы абавязкі губернатара віцебскі віцэ–губернатар Мамчыч, які «не знайшоў магчымым даць сваю згоду на скопванне часткі гары» і 11 траўня 1896 г. накіраваў свой пратэст у Вільню да кіраўніцтва навучальнай акругі. У сваім лісце ён прапаноўваў засадзіць гару дрэвамі і разбіць на ёй сквер з дарожкамі дзеля таго, каб «гару гэтую, як гістарычны помнік мінулага <…> захаваць у яе цяперашнім выглядзе на будучы час»[12].

Кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі не магло не лічыцца з думкай такой высокай адміністрацыйнай асобы. 27 траўня 1896 г. дырэктару Віцебскай гімназіі быў накіраваны ліст за подпісам папячыцеля акругі, у якім было прапанавана часова перапыніць усе працы па скопванні Замкавай гары, а таксама «сабраць і даставіць звесткі, якія несумненна даказваюць гістарычнае значэнне азначанай гары»[13]. Дзеля выканання апошняга пункта дырэктар гімназіі звярнуўся да знаўцы мясцовых старажытнасцяў, нядаўняга свайго падначаленага Аляксея Сапунова (з лютага 1896 г. той працаваў ужо ў архіве старажытных актаў). 26 жніўня 1896 г. Сапуноў напісаў на імя дырэктара гімназіі рапарт, у якім змясціў усе вядомыя яму звесткі пра віцебскія замкі.

Адразу варта адзначыць, што пытаннямі гісторыі віцебскіх замкаў Сапуноў пачаў цікавіцца ад самага пачатку сваёй навуковай дзейнасці. Нагадаем, што ягоны нарыс «Гістарычныя звесткі пра віцебскі замак», надрукаваны на старонках «Памятнай кніжкі Віцебскай губерні на 1881 г.», стаў увогуле дэбютам гісторыка і ягоным першым друкаваным творам. Шмат матэрыялаў пра замкавыя ўмацаванні даследчык змясціў і ў «Віцебскай даўніне». У першым томе зборніка знаходзім успаміны М.Стрыйкоўскага, урыўкі з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» колішняга ротмістра віцебскага замка Аляксандра Гваньіні, інвентары горада XVII ст. Асобны раздзел у «Гістарычна–статыстычным нарысе г.Віцебска», якім заканчваецца кніжка, Сапуноў прысвяціў гісторыі замкаў. У якасці ілюстрацыі да тэксту ён зрабіў нават «Прыблізны план Віцебскага замка да канца XVI ст.», дзе на тэрыторыі Замкавай гары лакалізаваў месцы размяшчэння царквы Архангела Міхаіла і палатаў князя. У чацвёртым томе «Даўніны» гісторык змясціў надзвычай цікавыя дакументы, знойдзеныя ім у архівах міністэрства юстыцыі і міністэрства замежных справаў у Маскве — «Каштарысную кнігу» г.Віцебска 1655—1666 г., дзе былі падрабязна апісаны выгляд і канструкцыя вежаў Верхняга і Ніжняга замкаў.

Такім чынам, мы бачым, што Сапуноў як ніхто іншы валодаў рознабаковай інфармацыяй па азначанай праблеме і менавіта ад яго можна было б чакаць актыўнай пазіцыі ў абароне гістарычнай і навуковай каштоўнасці Замкавай гары. Аднак гэтага, на наша здзіўленне, чамусьці не адбылося. У сваім надзвычай сціплым па памерах рапарце на імя дырэктара гімназіі Аляксей Сапуноў абмежаваўся толькі вытрымкамі з прац Стрыйкоўскага і Гваньіні, а таксама згадкай пра віцебскія замкі ў «Пісцовых кнігах часоў цара Аляксея Міхайлавіча»[14]. Яшчэ большае здзіўленне выклікае тое, што практычна меўшы ў саюзніках віцебскага віцэ–губернатара, Сапуноў у сваім рапарце цалкам устрымаўся ад выказвання ўсялякіх высноў і ўласных думак наконт гістарычнай каштоўнасці Замкавай гары, чым практычна развязаў рукі дырэктару гімназіі. Апошні быў асобай, зацікаўленай у хутчэйшым скасаванні ўсіх перашкод у знішчэнні гары, таму высновы для начальства з рапарта Сапунова ён зрабіў сам. У ягоным адказе папячыцелю навучальнай акругі ад 11 верасня 1896 г., у прыватнасці, гаварылася: «Месца, якое займаюць рэшткі Замкавай гары і якое належыць цяпер гімназіі, мела некаторае гістарычнае значэнне ў мінулым горада Віцебска <…> Ці былі тут якія–небудзь пабудовы, накшталт царквы Архангела Міхаіла, ці стаяў тут замак заснавальніка горада Віцебска <…> — цалкам нічога ні адмоўна, ні станоўча сказаць нельга»[15]. У сваім лісце дырэктар гімназіі згадваў і раскапаныя ў 1895 г. «рэшткі мураванай пабудовы», аднак зусім не акцэнтаваў увагу на гэтай знаходцы, ды і ўвогуле, каб зняць пытанне, акрэсліў узрост будыніны «не раней мінулага стагоддзя». Узгадваў спадар І.Увядзенскі таксама і пра тое, што летам 1896 г. ім разам з Сапуновым «была зроблена ў адным месцы невялікая павярхоўная раскопка, якая паказала даволі выразна і ясна, што тут па храбту гары ішла мураваная сцяна ў прамым напрамку. Аднак больш нічога не знойдзена, ды, здаецца, і не можа быць знойдзена».

Гэтае безапеляцыйнае сцвярджэнне дырэктара гімназіі яшчэ не паставіла апошнюю кропку ў справе канчатковага вырашэння лёсу Замкавай гары. У лістападзе 1896 г. І.Увядзенскі зноў атрымаў патрабаванне правесці даследаванні, «якія маглі б паслужыць больш дакладнаму тлумачэнню пытання пра гістарычнае значэнне участка Замкавай гары, што належыць Віцебскай гімназіі»[16]. Адказ на гэтае патрабаванне быў накіраваны ў Вільню толькі ў лютым наступнага года. Хутчэй за ўсё, ніякай дадатковай «экспертызы» за прамінулыя тры з паловай месяцы праведзена не было. У сваім адказе дырэктар зноў настойліва праводзіў думку, што Замкавая гара ніякай гістарычнай каштоўнасці не мае, а ў сувязі з тым, што яна з’яўляецца ўласнасцю гімназіі, то можа быць выкарыстана апошняй цалкам паводле ўласнага меркавання. Адзінае, з чым не мог не пагадзіцца І.Увядзенскі — наяўнасць на гары земляных умацаванняў, якія, тым не менш, паводле аргументацыі дырэктара, «бесперашкодна зносіліся і бурыліся не толькі ў нас у Расіі, але і за мяжой»[17].

У апошняй інстанцыі пытанне пра знішчэнне Замкавай гары ў Віцебску вырашалася на ўзроўні міністра народнай асветы І.Д.Дзялянава і міністра ўнутраных спраў І.А.Гарамыкіна. Менавіта гэтую перапіску знайшоў у архіве Санкт–Пецярбургскага аддзялення Інстытута археалогіі даследчык Л.В.Аляксееў, пра што і напісаў у сваім артыкуле «Да гісторыі і тапаграфіі найстаражытнейшага Віцебска» («Советская археология», 1964. №1). Пастановай высокай улады Замкавую гару, зрэшты, было дазволена скапаць, аднак пры гэтым па рэкамендацыі Пецярбургскай археалагічнай камісіі ў Віцебску павінна была быць створана асобная камісія з мясцовых сіл для назірання за раскопкамі і захавання ўсіх старажытных рэчаў, якія будуць знойдзены пры вядзенні прац. У склад камісіі ўвайшлі дырэктар гімназіі І.Увядзенскі, выкладчык гісторыі і геаграфіі гімназіі І.Сабін–Гус і сакратар Віцебскага губернскага статкамітэта С.Гарскі (Аляксей Сапуноў на той час ужо рыхтаваўся пакінуць Віцебск, збіраючыся на часовае жыхарства ў Маскву).

Ніякіх дакументальных звестак пра плён дзейнасці гэтай камісіі мы сёння не маем. Аднак пэўнае ўяўленне пра метады яе дзейнасці можна скласці на падставе азнаямлення з дакументамі гаспадарчага камітэта гімназіі, які здаў з падраду земляныя працы па скопванню гары. У двух пунктах «Кандыцый» (умоў дагавору) закраналіся пытанні археалогіі: «…8). Падрадчык, па меры магчымасці, павінен садзейнічаць мэтам археалагічнай камісіі, прызначанай па раскопцы гары. 9) Калі пры раскопцы Замкавай гары будуць знойдзены косткі, усялякія старажытныя рэчы, а таксама манеты, камяні і інш. прадметы, то косткі павінны быць закапаны ў зямлю ў месцы, якое пакажа дырэктар гімназіі, а ўсе іншыя прадметы і манеты паступаюць на карысць гімназіі»[18]. Зразумела, што пры такім падыходзе да справы цяжка было чакаць ад яе выканання нейкіх сур’ёзных у навуковым сэнсе вынікаў.

Археалагічныя доследы А.Ляўданскага 1928 г. сталі практычна адзінымі навуковымі доследамі Замкавай гары за ўсе гады яе існавання. Аднак праведзены яны былі занадта позна, калі ад унікальнага помніка археалогіі ўжо практычна нічога не засталося. Ляўданскаму давялося даследаваць ужо толькі змяшаны культурны пласт таўшчынёй каля метра.

У ХХ ст. рэшткі гары працягвалі метадычна знішчацца. У 1957 г. Саветам Міністраў БССР была прынята пастанова аб узяцці пад ахову дзяржавы ўсёй тэрыторыі Верхняга замка ў Віцебску як помніка археалогіі рэспубліканскага значэння. Аднак ужо праз два гады гэтая пастанова была парушана будаўніцтвам новага памяшкання для драматычнага тэатра, а пазней, у 1984 г.— і падземнай кавярні пры ім. Апошняй кропкай у гісторыі Замкавай гары стала ўзвядзенне на яе месцы ў 1974 і 1980 г. двух вялікіх сучасных будынкаў праектных арганізацый, у выніку чаго гістарычны ландшафт старажытнага замчышча быў цалкам знішчаны.

Цяжка сёння недасведчанаму чалавеку ўявіць сабе сярод амаль спрэс сучаснай забудовы цэнтра гістарычнае аблічча Віцебска, а дасведчанаму — асэнсаваць усю трагедыю знішчэння нацыянальнай культуры.

[1] Штыхаў Г.В. Там, дзе пачынаўся горад // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №2. С.27—30.

[2] Ляўданскі А.Н. Археолёгічныя досьледы ў Віцебскай акрузе // Запіскі аддзела гуманітарных навук БАН. Працы археалагічнай камісіі. Кн.11. Т.2. Мінск, 1930. С.93—94.

[3] Никифоровский Н.Я. Странички из недавней старины города Витебска. Витебск, 1899. С.29.

[4] Сапунов А.П. Витебская старина. Т.I. С.615.

[5] ВАКМ, КП 7286.

[6] НГАБ, ф.1430, воп.1, спр.39364, арк.17—17адв.

[7] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.782, арк.30.

[8] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.782, арк.80.

[9] Отчет о состоянии Витебской гимназии за 1884—1885 учебный год. Витебск, 1886. С.15—16.

[10] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759. арк.41.

[11] По губерниям. Раскопки Замковой горы в Витебске // Правительственный Вестник. 1895, №176; Раскопки Замковой горы в Витебске // Нижегородские Губернские Ведомости. 1895, №35.

[12] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.38.

[13] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.38.

[14] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.39, 40, 42.

[15] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.41.

[16] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.43.

[17] Тамсама, арк.44 адв.

[18] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.759, арк.101—102.