Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Перад ад’ездам у Маскву

На 1890–я г. прыпадае выхад у свет двух грунтоўных выданняў Сапунова, напісаных на мяжы дзвюх навук — гісторыі і геаграфіі. У 1893 г. выйшла кніга «Рака Заходняя Дзвіна», прысвечаная ўсебаковаму апісанню гэтай вялікай воднай артэрыі. Кніга зроблена на ўзор тых выданняў, што былі прысвечаны рэкам Заходняй Еўропы (Рэйн, Эльба і інш.) і Расіі (Волга, Днепр). Складалася яна з дзесяці раздзелаў. 1–ы быў прысвечаны гістарычна–геаграфічнаму агляду Заходняй Дзвіны ў старажытнасці і Сярэднявеччы. 2–і, 3–і, 5–ы і 6–ы раздзелы ўяўлялі сабой апісанне вытокаў і прытокаў ракі, каналаў і праектаў каналаў паміж Дзвіной і сістэмамі іншых рэк, парогаў, меляў, камянёў у яе рэчышчы, прац па ачышчэнні і паглыбленні ракі, хуткасці плыні і г.д. Раздзел 4–ы ўяўляў геалагічны нарыс берагоў, укладзены на падставе звестак горнага інжынера М.Антановіча і географа Венюкова. У 7–м раздзеле ішла размова пра рыбу і спосабы яе лоўлі, у 8–м — пра гандаль па Дзвіне, ад самых старажытных часоў, у 9–м — пра найбольш адметныя мясцовасці і паселішчы, што знаходзяцца на берагах ракі. 10–ы раздзел быў прысвечаны адлюстраванню Заходняй Дзвіны ў паэтычных творах.

Гэтая грунтоўная манаграфія з вялікай колькасцю планаў і ілюстрацый зрабіла імя Сапунова вядомым далёка па–за межамі Расійскай імперыі. Ухвальныя водгукі на яе адразу з’явіліся ў перыядычных геаграфічных выданнях Англіі, Францыі і Германіі. Міністр народнай асветы пазнаёміў з кнігай самога расійскага імператара, які распарадзіўся выдаць аўтару аднаразовую грашовую дапамогу ў памеры 500 рублёў. Рускае геаграфічнае таварыства на сходзе 3 лістапада 1893 г. абрала Аляксея Сапунова сваім сапраўдным сябрам. Прафесар К.Бястужаў–Румін у водгуку на «Раку Заходнюю Дзвіну» пісаў наступнае: «Аўтар ужо вядомы сваёй выдатнай працай „Віцебская даўніна“, якая звярнула на сябе ўвагу адукаванага грамадства. Сярод правінцыйных дзеячаў г.Сапуноў займае ганаровае месца. Новая праца яго падтрымлівае такую вядомасць <…> Грунтоўны і руплівы выбар фактаў, добрасумленнае выкладанне робяць кнігу г.Сапунова неабходным дапаможнікам для гісторыкаў і географаў <…> У заключэнне можна пажадаць аўтару працягу дзейнасці, пачатай так добра, нягледзячы на тое, што ўмовы правінцыйнага жыцця не вельмі спрыяюць разумовай дзейнасці. З’яўленне такіх дзеячаў у правінцыі служыць добрым знакам для будучага»[1].

Яшчэ адной працай Аляксея Сапунова былі «Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісенскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерні». Кніга выйшла ў свет у 1896 г. і пачыналася з грунтоўнага «Геаграфічнага агляду» азначанай у яе найменні тэрыторыі. Далей размяшчаліся матэрыялы па гісторыі і згадкі пра найбольш цікавыя мясціны Дзісенскага, а потым асобна Вілейскага паветаў. У змешчаным у канцы кнігі «Дадатку» былі надрукаваны архіўныя матэрыялы, сабраныя па розных дзяржаўных і прыватных сховішчах. На вокладцы кнігі быў змешчаны наступны надпіс: «Выданне А.Сапунова і кн.У.Друцкага–Любецкага». Хутчэй за ўсё, князь Друцкі–Любецкі, які вельмі прыхільна ставіўся да дзейнасці Аляксея Сапунова і Еўдакіма Раманава, быў фундатарам, але не аўтарам гэтага выдання.

22 студзеня 1896 г. імператар Мікалай II выдаў «Высочайшее повеление», згодна з якім Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, што раней кіраваўся міністэрствам унутраных спраў, перайшоў у падпарадкаванне міністэрства народнай асветы. Выконваючы даручэнне міністра народнай асветы, 21 лютага таго ж года ў Віцебск прыбыў папячыцель Віленскай навучальнай акругі М.А.Сергіеўскі дзеля таго, каб асабіста прыняць архіў і паклапаціцца пра ягонае ўпарадкаванне.

Аднак літаральна напярэдадні прыезду Сергіеўскага здарылася непрадбачанае: 20 лютага ў Віцебску нечакана памёр Міхаіл Лаўрэнцевіч Вяроўкін, архіварыус архіва старажытных актаў. Трэба сказаць, што праца ў архіве, якой ён аддаў 10 апошніх гадоў свайго жыцця, была для Вяроўкіна выкананнем запаветнай мары і таму прыносіла яму сапраўдную асалоду. Атрымаўшы пасаду загадчыка архіва ў 1887 г. ва ўзросце ўжо 62–х гадоў, ён, тым не менш, з юнацкім запалам узяўся за справу і найперш за працяг выдання археаграфічнага зборніка «Гістарычна–юрыдычныя матэрыялы» (выданне гэтае, як вядома, у 1871 г. распачаў ягоны папярэднік А.М.Сазонаў). Вяроўкіным было выдадзена 10 выпускаў «ГЮМ». Як адзначаў Дзмітры Даўгяла, працаваў ён адзін, без памочнікаў, цудоўна разбіраў старыя почыркі, ведаў лацінскую, польскую, нямецкую, французскую і латышскую мовы, меў добрую памяць і быў вельмі начытаны, што рабіла яго «жывой даведачнай кнігай па самых разнастайных пытаннях, якія тычацца мясцовага краю, чым шырока карыстаўся ў асобных заўвагах да „ГЮМ“, дзе згрупаваў шмат цікавага гістарычнага і археалагічнага матэрыялу»[2].

М.Вяроўкін быў практычна адзіным у Віцебску чалавекам, які ведаў рэальны стан архіва старажытных актаў. Як вядома, архіў быў адчынены ў 1862 г. і ў канцы мінулага стагоддзя ў ім налічвалася каля дзвюх тысяч актавых кніг з дакументамі гарадскіх і земскіх судоў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, пачынаючы з XVI ст. Першапачатковы фізічны стан большасці юрыдычных дакументаў, што траплялі ў архіў, быў досыць гаротны. Вось што пісаў пра гэта ў першым выпуску «ГЮМ» ягоны тагачасны архіварыус Аляксандр Сазонаў: «Знешнасць актавых кніг носіць выразныя сляды долі, якую яны мелі і ад розных выпадковасцяў, і ад неахайнага захавання. Ёсць кнігі, з полацкіх, якія да адной трэці абгарэлі і з карашка, і з абрэза; на іншых кнігах бачна, што яны моклі, у большасці ж пашкоджаны ад захавання ў вільготных месцах і ад перавозкі ў 1812 годзе. Аршанскія кнігі ў самым вартым жалю выглядзе: абарваныя, многія без пачатку, без канца, без шнура і пячаткі камісіі для праверкі актавых кніг, а таму страцілі ўсялякую юрыдычную вартасць; актавых кніг не стае за многія гады»[3]. Прывесці ўсе кнігі ў належны стан магчымасці амаль што не было — да 1869 г. у штаце архіва было толькі тры супрацоўнікі (архіварыус, ягоны памочнікі і пісец 2–га разраду), а з 1869 г. — усяго два (архіварыус і канцылярскі чыноўнік).

Пасля смерці Вяроўкіна М.Сергіеўскі прымае рашэнне прызначыць з 24 лютага 1896 г. часова выконваць абавязкі архіварыуса Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў выкладчыка Віцебскай класічнай гімназіі стацкага саветніка А.П.Сапунова. Дзеля перадачы ж установы з аднаго міністэрства ў другое ствараецца спецыяльная камісія, у склад якой былі ўключаны сакратар Віцебскага губернскага статкамітэта С.Гарскі, рэдактар «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцяў» І.Пілін і памочнік інспектара Віцебскай духоўнай семінарыі Дз.Даўгяла. Азначаная камісія пачала працаваць пад кіраўніцтвам Івана Спрогіса, загадчыка Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, які прыехаў у Віцебск разам з Сергіеўскім.

Сваю працу перадатачная камісія скончыла 14 сакавіка 1896 г. і выявіла наступнае: «1) усё справаводства і 9 актавых кніг аказаліся не ў самім памяшканні архіва (што павінна быць паводле ўказа 1852 г.), а на кватэры ў Вяроўкіна; 2) не было выяўлена ні фармальных вопісаў, ні перадатачных актаў, па якіх актавыя кнігі былі прыняты ў архіў пры ягоным утварэнні; 3) кнігі мелі мноства пашкоджанняў штучных або выпадковых, нават да псавання кніг мышамі»[4].

Новы архіварыус Аляксей Сапуноў 14 сакавіка прыняў ад перадатачнай камісіі архіў па вопісах, а ўжо летам атрымаў ад папячыцеля Віленскай навучальнай акругі падрабязную інструкцыю, складзеную М.Сергіеўскім 26 чэрвеня 1896 г., з пералікам тых спраў, якія яму неабходна было тэрмінова выканаць. Дакументам, у прыватнасці, прадпісвалася наступнае: «Канцылярыю Віцебскага цэнтральнага архіва ўладкаваць пры самім ягоным памяшканні, у былым фарным касцёле, дзе аддзяліць і прыстасаваць дзеля гэтага асобны, цёплы пакой, каб апроч гэтага пакоя, непасрэдна звязанага з архівам, ніколі і ні ў якім выпадку актавыя кнігі з архіўнага памяшкання, строга прытрымліваючыся 11 пункта Высокага ўказа 1852 г., 2 красавіка, аб уладкаванні цэнтральных архіваў, — не адчужаліся і нікому адсюль не выдаваліся, бо яны апроч высокай навуковай цікавасці захоўваюць яшчэ да цяперашняга часу значэнне юрыдычна дзейных дакументаў, якія па гэтай прычыне патрабуюць асаблівага дагляду і пільнай аховы. Угледжаныя ж цяпер у актавых кнігах Віцебскага цэнтральнага архіва пашкоджанні трэба імкнуцца выправіць, а менавіта: кнігі, якія не маюць пераплёту, пераплесці зноў, з адзнакаю на вечку кожнай з іх даты гэтага дзеяння, г.зн., году; пабітыя або папсаваныя карашкі наяўнага пераплёту паправіць і заклеіць толькі настолькі, каб не вывальваліся аркушы; асобныя аркушы або цэлыя пачкі аркушаў, якія выпалі з пераплёту, наколькі магчыма, умацаваць на сваіх месцах з дапамогай падшыўкі і падклейкі, прычым, у кожным асобным выпадку карысна было б адзначыць на ўнутраным баку вечка актавай кнігі падклеены аркуш і год ягонай падклейкі; разарваныя аркушы і адарваныя ражкі аркушаў падклеіць з дапамогаю падстаўных паперак, але так, каб не закрыць тэкст»[5].

Такая падрабязная інструкцыя вымагала ад Сапунова толькі дакладнага яе выканання, чым новы архіварыус і паспяшаўся заняцца. Да канца 1896 г. у архіве была адрамантавана і адчынена канцылярыя, адзін пакой прыстасаваны для прыёму наведвальнікаў, а да вясны 1897 г. — адрамантаваны актавыя кнігі, тым больш, што на ўсе неабходныя працы рэгулярна выдаткоўваліся казённыя сродкі. У сваёй справаздачы Сергіеўскаму ад 10 красавіка 1897 г. Сапуноў пісаў: «Мною выкарыстана 605 руб. 40 кап. на пераплёт актавых кніг. Усе без выключэння актавыя кнігі прыведзены ў належны парадак, прычым, папраўлена вельмі нямнога пераплётаў (усяго 78); усе ж астатнія пераплёты зроблены новыя, бо паправіць старыя аказалася немагчымым <…> У час пераплёту кніг строга выконвалася наступнае: а) я асабіста ўказваў пераплётчыку, што менавіта трэба зрабіць у кожнай актавай кнізе; б) для захоўвання цэласнасці пячатак на іх у час пераплёту накладаўся слой ваты; в) ніякай абрэзкі аркушаў не рабілася; г) усе разарваныя і адарваныя аркушы падклейваліся калькай, так што і заклеены тэкст можна выразна прачытаць; д) на ўнутраным баку вечка актавай кнігі наклейваўся друкаваны ярлык з указаннем часу пераплёту або толькі папраўкі пераплёту кнігі; е) пераплёт кніг рабіўся ў асобным пакоі пры самім архіве і пераплётчыкі, якія працавалі з 10 лістапада 1896 г. да 2 красавіка г.г. ні ў якім выпадку не заставаліся без нагляду каго–небудзь з супрацоўнікаў архіва <…> Некаторыя кнігі, якія складаліся ўсяго з 2—3 аркушаў і былі ў вопісу пад асобнымі нумарамі, пераплецены ў адным карашку. Такім чынам, калі па ранейшых вопісах <…> у архіве лічылася 1898 кніг, цяпер жа ў архіве знаходзіцца ўсяго 1706 кніг»[6].

Яшчэ да таго, як Аляксей Сапуноў быў прызначаны на новую для сябе пасаду архіварыуса, ён атрымаў ад неадменнага сакратара імператарскай Пецярбургскай Акадэміі навук М.Дубровіна ліст, датаваны 1 лютым 1896 г. У лісце была прапанова напісаць рэцэнзію на сачыненне Фрыдрыха фон Кейслера «Заканчэнне першапачатковага рускага ўладарніцтва ў Прыбалтыйскім краі ў XIII ст.», якое аўтар падаў Акадэміі на спашуканне штогадовай Увараўскай прэміі.

Увараўскія прэміі ў Акадэміі навук у памеры 3000 рублёў былі заснаваны ў 1856 г. вядомым археолагам графам А.С.Уваравым у гонар ягонага бацькі, Сяргея Сямёнавіча Ўварава (1786—1855), былога прэзідэнта Пецярбургскай Акадэміі навук і міністра народнай асветы[7]. У 1896 г. на спашуканне ўзнагародаў графа Ўварава былі пададзены чатыры сачыненні (адно з іх — на загадзя прапанаваную тэму). Для разгляду і ацэнкі гэтых твораў была створана камісія, у склад якой, сярод іншых, увайшлі акадэмікі К.М.Бястужаў–Румін, В.Р.Васілеўскі і А.А.Кунік — людзі, якія ведалі А.Сапунова яшчэ па універсітэце або па пазнейшай сумеснай працы (дарэчы, у сакавіку 1890 г. Аляксей быў абраны сапраўдным сябрам гістарычнага таварыства пры Пецярбургскім універсітэце). Камісія выбрала рэцэнзентаў для падрабязнага разгляду прапанаваных твораў. Калі ўзгадаць, што ва універсітэце Сапуноў займаўся вывучэннем хронікі Адама Брэменскага пра балтыйскіх славянаў і лічыўся спецыялістам па лівонскай гісторыі, то, думаецца, не выпадковым было рашэнне камісіі даць яму на разгляд працу фон Кейслера.

У сваім сачыненні Фрыдрых фон Кейслер імкнуўся даказаць тры тэзісы: 1) Прыбалтыка знаходзілася толькі ў слабой залежнасці ад полацкіх князёў; 2) рускія лёгка адмовіліся ад сваіх заваяванняў у гэтым краі на карысць новых прышэльцаў — немцаў; 3) рускія не клапаціліся пра распаўсюджванне сярод літоўцаў, латышоў і эстаў хрысціянства, якое магло звязаць усіх цеснымі маральнымі сувязямі[8]. Сапуноў не пагадзіўся з усімі прапанаванымі аўтарам высновамі, хоць і прызнаў за ім «працавітасць і любоў да справы, а таксама і поўнае знаёмства з найноўшымі нямецкімі сачыненнямі па тым пытанні, якому прысвечана даследаванне»[9]. Рэцэнзент прапанаваў прысудзіць фон Кейслеру малы Ўвараўскі медаль.

25 верасня 1896 г. у Пецярбургу ў малой канферэнц–зале Акадэміі навук была зачытана справаздача аб 38–м прысуджэнні ўзнагародаў графа Ўварава. У ліку адзначаных малой Увараўскай прэміяй у 500 рублёў было і сачыненне Фрыдрыха фон Кейслера, пасля чаго была выказана падзяка рэцэнзентам (У.В.Стасаву, прафесару Аляксандраўскага універсітэта Сетэле і А.П.Сапунову) і рашэнне прызначыць ім залатыя Ўвараўскія медалі Акадэміі[10]. Залаты медаль быў высланы Сапунову па пошце, а ягоная рэцэнзія надрукавана ў «Паведамленнях Імператарскай Акадэміі Навук» (пазней яна таксама выйшла асобнай брашурай).

У тым самым 1896 г. загадам па міністэрству юстыцыі ад 1 красавіка Аляксей Сапуноў быў прызначаны ганаровым міравым суддзёй Віцебскай акругі на бягучае трохгоддзе пры пакіданні яго на пасадзе архіварыуса архіва старажытных актаў. Міравыя суддзі, паводле судовай рэформы 1864 г., прызначаліся для разбору дробных судовых спраў з мэтай зняць з судоў больш высокага разраду «цякучку» і абіраліся з мясцовых жыхароў ва ўзросце не маладзей за 25 гадоў з вышэйшай або сярэдняй адукацыяй. Для іх быў устаноўлены таксама маёмасны цэнз: для жыхароў гарадоў — уладанне нерухомай маёмасцю, якая ацэньвалася пры збіранні падатку не менш як 3 тысячы рублёў. Міравыя суддзі атрымлівалі ад дзяржавы заробак, аднак калі асоба адмаўлялася браць грошы за выкананне такой працы, яна атрымлівала найменне ганаровага міравога суддзі, але ж у выкананні сваіх функцый, у параўнанні са звычайным міравым суддзёй, ніякай розніцы не мела. Аляксей Сапуноў потым кожнае трохгоддзе абіраўся ганаровым міравым суддзёй на новы тэрмін ажно да самай рэвалюцыі 1917 г.

Дзе ж у канцы XIX ст. жыў у Віцебску мясцовы краязнаўца? Пасля шлюбу з Юліяй Валковіч сям’я, відаць, жыла на кватэры, бо грошай на набыццё ўласнага дома ў маладога настаўніка гімназіі па–просту не было. 27 чэрвеня 1887 г. у Віцебску адбыўся самы вялікі за ўсё XIX ст. пажар (пад час якога, дарэчы, нарадзіўся будучы сусветна вядомы мастак Марк Шагал)[11]. У дакладзе правіцеля канцылярыі, пададзеным з нагоды гэтай трагічнай падзеі віцебскаму губернатару, знаходзім наступныя радкі: «Потым маёмасць часткова згарэла, часткова разрабавана, часткова папсавана ў наступных асобаў: <…> 5) настаўніка Сапунова»[12]. Такім чынам, з гэтага дакумента мы даведваемся, што жыў Аляксей Сапуноў з жонкай у той час недзе ў раёне Магілёўскай і Вялікай Магілёўскай вуліц (сучасныя вуліцы Калініна і Леніна), якія найбольш пацярпелі ад пажару. На канверце ліста, адрасаванага Сапунову А.Антановічам з Пецярбурга 7 кастрычніка 1887 г., знаходзім больш дакладны адрас гісторыка, які пацвярджае наша ранейшае меркаванне: г.Віцебск, Вялікая Магілёўская вул., дом Гурэвіча[13].

5 студзеня 1892 г. у будаўнічае аддзяленне Віцебскай гарадской управы Сапуноў накіраваў прашэнне на дазвол будаўніцтва драўлянага дома ў 2–й частцы горада ў Духаўскім завулку. Да прашэння, як таго патрабавалі ўмовы будаўнічага статута, былі прыкладзены схема мясцовасці, запланаванай пад забудову, а таксама чарцёж фасада і план дома.

Па шчаслівай выпадковасці гэты праект на пабудову сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваўся да нашага часу[14], дзякуючы чаму мы можам сёння бачыць, у якіх побытавых умовах меркаваў жыць віцебскі гісторык. Свой дом Сапуноў планаваў узвесці на стромым адхоне Духаўскога яра, недалёка ад царквы ў гонар Св.Духа — узвышша, адкуль адкрывалася цудоўная панарама на гістарычны цэнтр Віцебска. Аднапавярховы драўляны дом з уваходным тамбурам быў вельмі сціплы памерамі і сваім архітэктурным аздабленнем. Ён меў толькі пяць невялічкіх жылых пакояў і кухню, якія ацяпляліся з дапамогай кафлянай і рускай печак (на апошняй таксама гатавалася ежа).

У хуткім часе гарадская ўправа выдала Сапунову дазвол на будаўніцтва дома, аднак ён па нейкай прычыне не спяшаўся яго скарыстаць. Да сваіх будаўнічых планаў гісторык зноў вярнуўся ў 1894 г., калі 1 лістапада падаў у гарадскую ўправу новае прашэнне «аб пабудове драўлянага на мураваным падмурку дома і надворных службаў у 2–й частцы г.Віцебска па Набярэжна–Духаўской вуліцы»[15]. Найперш адзначым, што Набярэжна–Духаўская вуліца і Духаўскі завулак — розныя назвы адной і той жа вуліцы, што бачна з сітуацыйных архіўных планаў мяжы XIX — пачатку XX ст. Трэба думаць, што да свайго новага прашэння Аляксей Сапуноў прыклаў той самы праект дома. І на гэты раз ягоныя задумы здзейсніліся. У фармулярным спісе гісторыка за 1896 г. знаходзім згадку пра «нажыты драўляны дом у г.Віцебску», а ў «Акладной кнізе працэнтнага збору з нерухомай маёмасці» горада за 1899 г. — прозвішча Сапунова ў ліку домаўладальнікаў Духаўскога завулку[16].

Свой сціплы драўляны дом на высокай Духаўской гары, пад вокнамі якога штораніцы спявалі птушкі, гісторык пакінуў у канцы лета 1897 г., з’ехаўшы на чатыры гады ў Маскву.

[1] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.26—27.

[2] Историко–юридические материалы. Вып.27. Витебск, 1899. С.III.

[3] Историко–юридические материалы. Вып.1. Витебск, 1871. С.IV.

[4] НГАБ, ф.2790, воп.1, спр.79, арк.9—12.

[5] Историко–юридические материалы. Вып.27. С.IV—V.

[6] НГАБ, ф.2790, воп.1, спр.79, арк.19—20.

[7] Формозов А.А. А.С.Уваров и его место в истории русской археологии // Уваровские чтения — II. Муром, 21—23 апреля 1993 г. Москва, 1994. С.5.

[8] Стукалич В.К. А.П.Сапунов. С.18—19.

[9] Санкт–Петербургские Ведомости. № 265. 1896. 26 сентября.

[10] Тамсама.

[11] Шатских А. Когда и где родился Марк Шагал // Искусство. 1989. №1. С.67—68.

[12] НГАБ, ф.1430, воп.1, спр.38996, арк.71—71 адв.

[13] ВАКМ, КП 7289/ 30.

[14] НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.2212, арк.65; спр.2163, арк.214—215.

[15] НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.2229, арк.60 адв.

[16] НГАБ, ф.2496, воп.1, спр.5003, арк.118—119.