У Мітроха скралі нагавіцы. Крадзёж быў вераломным, нахабным, дзёрскім. Нагавіцы зь Мітроха зьдзёрлі тады, калі ён стаяў у крамнай чарзе па піва. От так стаяў чалавек, марудна рухаўся да прылаўку, думаў пра сьветлае ды высокае будучае, і раптам – тваю ж маць! – стаіць ужо напаўголы: зьверху – кашуля, а ўнізе… А ўнізе – толькі голыя ногі, шкарпэткі ды чаравікі. Усё! Як гаворыцца, каб у вас морда трэснула, але большае абразы для сябе Мітрох уявіць ня мог. Дурнавенства якое!.. Сярод чыстага дня!.. У краме!.. Пры поўным зборы народу!.. І ўзялі ды злупілі з прыстойнага чалавека нагавіцы!
Мітрох асьцярожна агледзеўся. Побач стаялі такія ж, як ён, звычайныя, нармалёвыя людзі. Хто па піва, хто па гарэлку, хто па лядункі на палачках. Не сказаць, каб яны не заўважалі, што ён стаіць без штаноў. Аднак сарамліва адводзілі вочы, глядзелі ў пустэчу або шнарылі мітусьлівым паглядам па крамных палічках. Карацей, не заўважалі Мітроха ані. Нібы так, як ён выглядаў, было й трэба. Не заўважалі яго нават бабы, якіх, як заўсёды, у краме было да чортавае халеры. У ім нават варухнуліся бурбалкі патаемнае крыўды: тут у чарзе, каб вы спухлі, стаіць абсалютна голы чалавек, а нікому да гэтага няма аніякае справы!
—Мужчына, вам чаго?
Толькі зараз ашаломханы Мітрох заўважыў, што даўно падыйшла ягоная чарга, і што ён стаіць перад самусенькім прылаўкам, з-за якога рачыла на яго падмаляваныя, сьцярвозна-прывабныя вочы маладзенечкая магазіншчыца.
—Прабачце, але я… але мне… — бы той валёнак, замармытаў Мітрох.
—Ну, чаго? Мужчына, не задзержвайце вочарадзі, калі ласка! – у вачах маладзічкі значна прыбавілася сьцярвознасьці ды адпаведна паменела прывабнасьці.
А, бляха! Яна таксама ўшчэнт не заўважала ці, можа, проста не хацела заўважаць ягонай бясштаннай сутнасьці. Пахаладзелы Мітрох адчуў, што зь ім адбываецца нешта нядобрае…
—Давай, давай, бяры, што трэба ды звальвай!
—Яму што – з апахмелу рот гаўном заляпіла?
—Ну што ты стаў? Мы ж не ў Маўзалеі. Ат, каб цябе перла адсюль ракам!..
—Думаеш, калі сам без штаноў, дык можаш людзей тут за дурняў дзяржаць?
Нечакана апошняя рэпліка трохі дадала лагоды ў мітрохаву душу. Ага, значыць, заўважылі!.. Значыць, не агурок жа ён маласолены, а нармалёвы, звычайны чалавечына!.. А што ён стаіць тут перад усім сьветам голы, без нагавіцаў – дык не ягоная ў тым віна! І зноў, толькі так падумаўшы, Мітрох сьцяў зубы. Яму нават падалося, што ўсё піва ў іхнім мястэчку стала цёплым, перабрадзілым, нясмачным.
—Пляшку… Не! Дзьве пляшкі гарэлкі! – хутчэй ня ён, а ягоная чорная крыўда вымавіла раптам у сьцярвозныя вочы магазіншчыцы катэгарычная словы.
Маладзічка пляснула перад Мітрохам дзьве бутэлькі “Палескае”, і чарга ўздыхнула з палёгкаю. Атрымаўшы на рэшту пару зьліплых цукерчынаў, ён схапіў хутчэй свае пляшкі, моцна прыціснуў іх да грудзей да падаўся, не азіраючыся, зь непрыветнае крамы прэч.
Ужо на вуліцы ён агледзеўся. Туды-сюды сноўдалі людзі, зноў жа – ну зусім не зьвяртаючы ўвагі на ягоныя голыя, парослыя рэдкаю, чорнаю поўсьцю ногі. Нібы кожны дзень па вуліцы ходзіць ён ці яшчэ хто ў адным толькі споднім, і гэта лічыцца за абсалютную нармалёвасьць. На добры розум, усе павінны былі яго шугацца, крыцаць, лаяцца, абурацца, круціць пальцам ля скроні, апэляваць да якога міліцыянта, а тут – дурдом нейкі!.. Ад невыказнае злосьці Мітрох заскочыў за рог крамы, сарваў зубамі бесказырку зь першае пляшкі “Палескае” ды й з гарачкі засандаліў яе ўсю проста з рыльца, не пераводзячы нават дыху. Укінуўшы ў рот расталую карамельчыну, ён, нават не пражаваўшы, ускалаціў, засціснуўшы моцна ў руцэ, другую пляшку ды зноў пацягнуўся зубамі да срабрыстае бесказыркі…
Гэтую ён піў марудна, доўга, з выразам поўнае, нават абсалютнае агіды на ўчырванелым твары, чавячыся ды абліваючыся крэпкаградуснай вадкасьцю, спрабуючы перакаўтнуць глыбіннавантробную цягу на неадкладнае ванітаваньне. А калі выпіў, калі добра гікнуў ды зблюнуў-такі ў чэзлую ўтравеласьць палову ўсяго прынятага на разьняшчасную грудзь, дык толькі тады з усёй неабвержнасьцю ўсьвядоміў нарэшце без вынятку й да канца гэты паскудны факт: то ж у гэтае блядзкае краме ў яго скралі нагавіцы!.. І не абы якія, а самыя што ні на ёсьць выходныя! Шыкоўныя нагавіцы клятчастае масьці, куплёныя “шчэ ў часы, калі грошы былі грашыма, вараная кілбаса – кілбасою, а лыжка стаяла ў баршчу вэртыкальна.
Ну, добра. Прыйдзе зараз Мітрох дахаты і ўва што ён усунецца? У выцягнутае на каленях, мытае-пераматые да белых плямінаў на азадку калісьці сіняе, а цяпер блякла-блакітнае абвіслае трыко? Ці ў той брудны камбез, у якім ён штодня, месяц за месяцам, год за годам, круціць і круціць, круціць і круціць, круціць і круціць, каб вам шыю скруціла, гайкі са шрубамі, шайбы зь вінтамі на адзіным местачковым аўтарамонтным заводзіку? Болей у мітрохавым гардэробе нічоге не было, акрамя некалькіх маек, дзьвюх халасьцяцкіх тэнісак ды выцерлага на локцях пільчачочка. Але ж яго ну ніяк не ўзьдзярэш замест нагавіцаў пры ўсім жаданьні. І ўсё ж найгалоўнейшае паскудзтва было ня ў гэтым. Яно было ў простай, як самое жыцьцё, фактычнасьці: на сёньняшні дзень у Мітроха ў кішэнях начаваў толькі адзін тлусты й нахабны жыж. Праўда, гэты жыж там начаваў даўно, ён даўно ўсё пад’еў, падабраў, падчысьціў, а тое, што ня зьеў, сам Мітрох паволі прасабачваў на піва. Ну, не адкладваў чалавек лішняй капейчыны на новыя нагавіцы, таму як і ў старых адчуваў сябе вольна, утульна, шчасьліва. Дый якія яны былі старыя?!. Насіліся б яшчэ сто гадоў! І, галоўнае, за што?! Што ён каму зрабіў дурнога, каб вось так дзёрска рабавалі яго ды нават не прабачаліся?!
—А тваю ж раскаросту!.. – выскачыў Мітрох з-за рога крамы ды, раптам напароўшыся на нейкага сьсівелага дзядочка, трэснуў яму кулаком у сківіцу так, што дзядок бразнуўся на тратуарчык і толькі захрыпеў. Пастаяўшы яшчэ побач ды пераканаўшыся, што дзядок, хоць і цераз хрыпы, але дыхае, Мітрох пераступіў яго да падаўся прэч. Прэч, прэч, як мага далей ад гэтай чортавай крамы!..
Прыбегшы дахаты, ён адразу кінуўся… не, не да шафы, і не да крэсьліца, на якім бязладна была скінутая такая-сякая адзежыца. Ён утабурыўся на кухню, тузануў на сябе шуфляду з лыжкамі-відэльцамі, запузырыў туды, бразгаючы мэталічнымі прыборамі, адразу дзьве рукі ды выцяг недзе з-пад нізу такі вялізны сталовы нож, які ня йшоў ні ў якае параўнаньне з гіганцкімі фаласамі няўтомных нэгроідаў у парнаграфічных часопісах.
Мітрох зноў выбег з хаты.
Уважаць на тое, што ён так і вышалёпваецца туд-сюд без штаноў, не было калі.
Выбегшы, ён спыніўся. А потым, памарудзіўшы якую хвіліну, раптам зноў падаўся туды, адкуль пер толькі ледзь ня подскакам.
Дзядок ляжаў там, дзе яму ўбабохаў Мітрох. Аднак ужо варушыўся, ужо спрабаваў паўстаць, хоць раз-пораз зноў адкідваў зьнясільна голаў на прымятае лапушыньне.
—Ах, ты ж скукожства старое!.. Ляжы, як ляжаў!
Мітрох сеў на старога проста сярод жывата, як сядае гвалтоўца на пераляканую ахвяру. Сваім веліканскім нажом ён пачаў калоць дзеду пад рэбры ды, сыкаючы й плюючыся, прыгаворваць:
—Ты ў мяне зараз штаны здымеш!.. Ты ў мяне зараз галавой патрасеш! Ляжы ціха, гніда паганская!
І, не перастаючы націскаць нажом у бочыну абамлелага дзядочка, адною рукою ўчапіўся яму ў папружку, бы дурны, ірвануў яе пад сабою, сасьлізнуў уніз і, нечакана лёгка й нават імкліва садраў са старога ўшчэнт заношаныя, як бадай што ва ўсіх старычкоў, штануленцыі. Той толькі ціхенька заскуголіў, бы кот, што патрапіў у пацучыную пастку. А Мітрох ужо насабачваў на сябе ягоныя даматкастыя порткі, упорваў ногі ў халявы, і нават неба здавалася ўжо яму больш сінейшым…
—О, дзед! А ты казаў!.. – хляпнуў ён задаволена сябе па чэраслу, адыйшоўшы ад таго на некалькі крокаў з думкаю, што нарэшце падводзіць шчасьлівую рысу пад усім гэтым пракляцтвам.
Як раптам дзед здолеў стаць на траве рачкі ды папоўз проста на Мітроха:
—Штаны… Аддай… Аддай назад мае штаны! – скуголеньне ягонае паволі рабілася проста нясьцерпным.
І Мітрох павярнуўся да яго тварам.
А калі стары падпоўз пад самыя ногі, калі стаў качацца-валяцца перад ім, вымольваючы назад свае штаны, бы жабрак скрадзеную міласьціну, усадзіў яму нож у самы карак, трохі абламаўшы пры гэтым тупы канец лёза. Стары зваліўся, аднак яшчэ быў жывы.
—Штаны… Аддай… — і з раскавеляным чарапком, тлумна ўпарціўся ён.
Партвэйна-калёрная чырвань заслала мітрохавы вочы.
—У сраццы твае штаны! У сраццы! У сраццы!..
Ён біў старога зламаным нажом куды папала, ён парэзаўся сам, з кожным новым ударам у яго балела рука, пакуль, нарэшце, Мітрох паволі не супакоіўся. Трохі яшчэ пастаяў над старым, паглядзеў у ягоныя перакулена-стухлыя вочы. Потым закінуў нож як мага далей у лапушыньне, абцер аб траву абкрываўленыя свае рукі. У кішэні дзедкавых портак ляжала некалькі зашмальцаваных пяцітысячак. Ён акуратна разгладзіў іх у сябе на рукаве ды зноў падаўся ў краму. Па піва. Каб, значыцца, трохі ахалонуць ды забыць пра гэтае ўсё паскудзтва.
Па вуліцы сьпяшаліся людзі, як заўсёды, ні на што не зьвяртаючы ніякае ўвагі.
8 ліпеня, 1998 г.