Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Апошні эшалён

Скрозь сукротную ноч вёў свой цягнік Машыніст.

Насустрач ляцелі вагні, грукаталі на стыках колы, і вецер разьбіваўся ўшчэнт аб шырокае шкло кабіны.

Машыніст быў стары і хворы. І хаця ён дакладна ведаў, што на ўсім далейшым шляху не павінна зьявіцца ніякіх перашкодаў, сёньня ўсё давалася яму з надзвычайнаю цяжкасьцю. Да ўсяго, мейсца памочніка побач ўжо даўно заставалася вольным…

Машыніст ужо й сам ня памятаў, калі сфармаваў гэты эшалён. Сам, без анічые дапамогі. Дый адкуль магла ўзяцца тая дапамога?.. На розных станцыях, з розных вагонаў, пасажырскіх і грузавых, зь неабмежных змрочных лядоўняў… Спачатку грымелі яны, напаўпустыя, калі ён заводзіў свой састаў у чарговае чыгуначнае дэпо, потым паступова пачалі напаўняцца грузам, які Машыніст сам заносіў у старыя, пабітыя, парэпаныя вагоны, сам складавaў на пляцформах, сам вёў улік кожнае чарговае матэрыяльна-каштоўнае адзінкі. З часам усе вагоны былі ўжо забітыя пад завязку. У некаторых, праўда, калі памаракаваць ды ўшчыльніць, ды ўсё разьмесьціць чын-чынам, можна было яшчэ падшукаць трохі вольнага мейсьцейка, аднак з кожным разам рабіць гэта было ўсё складаней. Ужо даўно не раскашаваў па тамбурах ды купэ бяздумна-перакатны вятрыска, ужо даўно падумваў сам Машыніст, што няблага было б яму мець ручны нескладаны прэс…

Машыніст раптам адчуў, як да горла падкочвае няўклюдны, даўкі камяк. Ён паспрабваў сплюнуць у брудную, перапэцканую ранейшымі макравотамі ды крывёю насоўку, аднак сьліна ў роце ўпарта не хацела зьбірацца. Тады ён перавёў пагляд за вакно-бакавушку. Уздоўж чыгуначнага накопу, усьцеленага драсьцём, брудам, перагнілымі адкідьдзямі, слаўся змрочны, выцягнуты цень эшалёну, набягалі й аддаляліся прэч каламутныя ліхтары, што гарэлі й удзень, і ўначы… Падалося, што недзе зусім блізка засьвяцілася шкляным, ашалелым вокам нейкае зьверападобнае стварэньне, але вось яно мільгатнула ды засталося недзе далёка позаду. А можа, толькі падалося…

Машыніст паступова пачаў збаўляць хаду цеплавоза. Наперадзе была станцыя. Па зьвестках Машыніста, тут ён павінен грунтоўна папоўніць грузам свае пляцформы. Састаў заскрыгатаў па рэйках коламі, стары цеплавоз рахітычна чмыхнуў, тузануўся, рыпнуўся, выдаў нейкую сваю жалезістую сэнтэнцыю ды ўрэшце спыніўся. Машыніст млосна скрывіўся. Трымаючыся за хворы бок, асьцярожна зьлез па прыступках і, нібы мацаючы глебу на трываласьць, ступіў на ўтравелую, прайржаўленую зямлю. Хвіліну-другую стаяў, перасільваючы жабаротную задышку, баючыся рэзка варухнуцца дый проста зваліцца на стары, амаль што абсыпаны бруствэр. Аднак утрымаўся, задыхаў больш роўна, ступіў некалькі крокаў да бэтоннага ўзбычаньня пустэльнае пляцформы.

Толькі цяпер Машыніст разгледзеў тыя нямерныя пагоны грузу, што ўзвышаліся трохі ўбаку, ля заваленага драўлянага плоту, ды з маркотнаю цярплівасьцю чакалі часу пагрузкі. Спачатку ў яго нават апусьцілася галава.

Але Машыніст ведаў свой Абавязак.

І ён, вырываючы рукі, чавячыся крывёю, з доўгімі, амаль што бясконцымі перапынкамі, усё ж пачаў, і рабіў, і, пад канец амаль што нямоглы, усё ж давяршыў сваё праклятае, сваё неад’емнае наканаваньне.

І зноў рушыў у ноч эшалён.

А Машыніст сьцюдзіў свой усыпаны дробнымі вільготнымі пацеркамі лоб аб жалезьзе цеплавозных нутранасьцяў, сьпіну ламала, і хтосьці ўпарта наравіў згуляць у правале ягоных запалых вачэй на чырвона-чорных тамбурынах. Вось ноч за вакном ператварылася ў шэра-усьмешлівую вядзьмарку, рука паспрабавала ўчапіцца за нешта грунтоўнае, і Машыніст ціха аб'ехаў на падлогу, непрыгожа раскрыўшы рот.

Рэальнасьць урэзанага ў шчаку шрубу Машыніст адчуў, калі цягнік набліжаўся да паўстанку, за якім распачыналася Памежная Зона. Гэта апошні пункт. Адсюль ён вінен заварочваць свой эшалён назад. Дакладней, не заварочваць, а проста рушыць яго ў адваротным напрамку, перайшоўшы у другі цеплавоз. Машыніст адарваўся ад падлогі, хістаючыся, учапіўся ў панэль. Усё рабілася, як у тумане. Спрацавала тармазная сыстэма, цягнік стаў паволі спыняцца.

А калі спыніўся, Машыніст зноў упаў.

Яшчэ пашанцавала, што не разьбіў у друз галаву аб уважысты гайкакрут, што ляжаў на падлозе кабіны. І зноў падымаўся, зноў намацваў апору, асьцярожненька, дробненька ішоў праз усю кабіну, якой, здаецца, ніколі ня будзе канца.

На пляцформе Машыніст агледзеўся. Здаецца, на гэты раз пуста. Можна, зь невялікімі перадыхамі, прайсьціся ўздоўж эшалёну, ускараскацца-дабрацца да свайго належнага мейсца ды рушыць, рушыць, рушыць… Раптам ён заўважыў ля самых рэек зусім невялічкі пагорак. Гэта быў груз, звыклы для яго груз. Але калі Машыніст падыйшоў блізка, калі ўзьняў рызьзё-покрыва, сэрца ягонае разарвалася.

Ён асьцярожна, колькі мог і як здужаў, узгрэб гэтае рызьзё разам з тым, што пад ім хавалася, марудна, сунучы за сабою нагу, пацёгся, пасунуўся ўздоўж усяго эшалёну ў напрамку сыгнальных агеньчыкаў ў ягоным канцы.

Дарога да другога цеплавозу была для Машыніста крыжоваю. Ужо заходзячыся незваротным крывахаркотным кашлем, некалькі разоў паваліўшыся на калені, узьнёс туды сваё бярэмя, перамагаючы разрыўныя, калючыя хрыпы, паклаў на абабітую сінім дэрмацінам пульхнасьць старое лавы. Сам прылёг побач, ціха канвульсуючы ад перадсьмяротнае роспачы. Але доўга ляжаць не выпадала. Трэба яшчэ неяк запусьціць і прагрэць рухавікі, вывесьці эшалён на этап…

І Машыніст адарваўся ад лавы. І ня памятаў ён ужо, як хапаўся за што папала, праз пульсацыю болю ўспорваўся на прамасьленае сядала, як намацваў кнопкі ды рукавяткі, на якія цурчыла кроў з носу, а болей чамусьці з вушэй, як з акуратнай дакладнасьцю выводзіў ён з паўстанку свой эшалён, ані не зблытваючыся ў бясконцым рабаціньні рэек.

А потым Машыніст вяртаўся. Вяртаўся ў канец цеплавозу, упарта дабіраючыся да лавы, на якой ляжала тое, адчаго ў яго разарвалася сэрца.

І ён дайшоў.

І зноў прылёг побач, аднак на гэты раз дакладна ведаючы, што ніколі болей ня ўстане. Ён прыціснуў да сябе маленечкае акалелае цельца чалавечага неданоска ды амаль што шчасьліва прымроіў вочы. Чамусьці ўспаміналася не дзяцінства, а стаялі ўваччу ўсе тыя сотні, тысячы, а можа, й мільёны гніючых, разложна-смуродных трупаў, што прыбіраў, пакаваў, складавaў ён, ведаючы Абавязак, на усіх станцыях ды паўстанках у вапошні свой эшалён, якому ніколі ўжо не выпадала спыніцца.

Машыніст паміраў. А цягнік ляцеў скрозь сукротную ноч, і па ўсім шляху руху яго сустракала выключна зялёнае сьвятло.

9 ліпеня, 1998 г.