Я прачынаюся. Цёмна, яшчэ зусім цёмна. Саскокваю зь печы, подбегам шыбую да вядра з вадою. Сьцюдзёная, яна ломіць зубы, апякае паднябеньне.
—Татка, ты дзе?
Цішыня. Ніхто не адгукаецца. Я – адзін у хаце, адзін на ўвесь сьвет. Хочацца заплакаць, заенчыць… Толькі пужаюся цемры за вакном. Туляюся да коміну. Адкалупваю кавалак сьвежай пабелкі. Потым яшчэ… І не заўважаю, як зноў навальваецца дрымота.
—Сынок, дапамажы! – будзіць раптам стомлены бацькаў голас.
Расплюшчваю вочы. Праз расхрыстаныя дзьверы ў хату шчэміцца завіруха.
Бацька бяз шапкі. У руках трымае нейкую даўгаватую скрынку.
—Дзе твая шапка? – пытаюся ў яго. Саскокваю зь печы, зачыняю сенцы й хату.
Бацька моўчкі падыходзіць да стала. Мне холадна. Але хочацца ўбачыць, што такое прысунуў бацька.
—Татка, хто гэта?
Я – не такі дурненькі. І разумею, што скрынка – чыясьці труна. У ёй ляжыць маленькі чалавечак.
Бацька зьлёгку замахваецца на мяне, і я адразу ўцягваю голаў у плечы.
—Цішэй, сынок. Я ня ведаю, хто гэта, — выдыхае ён. Выцірае ўзмакрэлы лоб.
—Навошта ты яго прынёс? – наважваюся зноў спытаць я.
—Каб закапаць, — пахмурнее бацька. – Нельга, каб не закапаны…
—А хто завязаў яму вочы й рот?
Мне ніякавата. Ад гэтай труны, ад гэтага маленькага чалавечка.
—Ня ведаю, сынок, — прыцішана адказвае бацька. – Значыць, так трэба. Ты таго… не падыходзь блізка…
Ён аб нечым думае, дастае папяросы.
—Сынок, ты вось што, — бацька ўзьнімаецца з лавы. – Дома пабудзь. А мне ехаць трэба. Бачыш, дамавінка ёсьць, а вечка – няма. Непарадак. Я хутка. Не спужаесься?
—Не…
—Ну, глядзі, — бацька зьнікае за дзьвярыма.
Маленькі чалавечак нерухома ляжыць у трунцы. Амаль не відаць ягонага твару. Здаецца, што й ён слухае, як там, за вокнамі…
Я ўзьбіваюся на печ. Яна ўжо выстыла. Каб было цяплей, зашываюся пад розныя рызманы. Заплюшчваю вочы…
“Я цяпер – як той чалавечак. Таксама нічога ня чую, ня бачу. Толькі ён мёртвы, а я – жывы! Але й цяжка яму, беднаму. Рот завязаны… Як дыхае толькі? Дый страшна…”
Крутануўшыся, расплюшчваю вочы. Здаецца, маленькі чалавечак зрабіўся яшчэ меншы. Яго нават цяжка ўбачыць пад вузламі белых ручнікоў. І мне яго шкада.
Я злажу зь печы. Ціхенька падыходжу да труны. Сэрца калоціцца, бы ў падбітага зайца. Вось ён, гэты зморшчаны маленькі чалавечак. Апрануты ў шэры сурдуцік. У падкаваных ботах. З пасмамі зьліплых рэдзенькіх валасоў.
Ён зусім побач. І рукі міжволі, самі сабою, цягнуцца да ягонага твару, расшкамутваюць вузлы. Ручнік, што затульвае рот, расьцягваецца зусім лёгка. Другі, што на вачах, зацягнуты адмыслова. Мне нестае сілы. І я, вылузваючы ад жаху вочы, нахіляюся да нябожчыка й дапамагаю сабе зубамі. Нарэшце, скончана й з другім ручніком.
—Падыхай трошкі, — шапчу.
А сам адступаю да лавы, у кут. І тут я чую, як хату працінае страшэнны крык. Крычу я сам. Толькі разумею гэта не адразу. Бо бачу й адчуваю толькі адно: маленькі чалавечак раптам прыўзьнімаецца над труною. І пільна, вельмі пільна глядзіць на мяне!
—Тата! Татачка! – захлынюся крыкам. – Татка, міленькі, дапамажы! Ён мяне зьесьць!
Я чапляюся за зэдлік, падаю. Моцна зьбіваю аб вушак голаў. Мой адчайны крык пераходзіць у зацяты шэпт:
—Божачка міласьцівы й усемагутны, абарані й выратуй! Пакарай яго, зрабі яго зноў нябожчыкам! Божачка, дзе мой татка?!
Бог мяне ня чуе. А маленькі чалавечак усё сядзіць і ўсьміхаецца. Я падымаюся з падлогі, кідаюся да печы. І раптам чую, як грукацяць па дошках стала маленькія падкаваныя боцікі. А потым саскокваюць на падлогу, хутка даганяюць мяне.
Я азіраюся. І адчуваю адразу, як гэтая жудасна-маўклівая йстота ўскоквае мне на плечы, як чапляецца за валасы. Я плaчу, адбіваюся. Але маленькі чалавечак робіцца зусім-зусім маленечкі, блытаецца ў валасах. Так, што выдраць яго адтуль і цяжка, і страшна, і немагчыма.
Дробныя зубкі чалавечка ўпіваюцца ў патыліцу. Кожны зь іх джаліць, бы авадзень. Пякельны сталёвы боль працінае цела. Я нічога ня бачу. Цела драньцьвее. Праз апёк у патыліцы маленькі чалавечак смокча кроў.
—Татачка! – што ёсьць моцы крычу я, хапаюся за галаву ды некуды правальваюся…
* * *
Я прачынаюся. Прыўзьнімаю голаў. Нейкая незнаёмая хата. За вокнамі – сьнег. Чамусьці сам ляжу на падлозе.
Цішыня. Толькі надрываецца натужна ў коміне вецер. Нібы хоча спужаць сваім скавытаньнем. Аднак я не з пужлівых…
Падымаюся, шыбую да стала. Бачу маленькую трунку. Пустую. Толькі два скамечаныя ручнікі на падушцы. Пасярод яе – невялічкая яміна. Ад чыёй галавы, цікава? І дзе сам нябожчык?
На двары зайржаў конь. Нехта на яго прыкрыкнуў. Грукаюць у сенцах дзьверы. Зь вечкам ад труны ў хату ўвальваецца незнаёмец. Глядзіць на стол, потым – на мяне.
—Сынок, тут быў хто? – пытаецца спалохана.
Усё правільна, так і трэба. Мяне павінны баяцца. Але чаму ён называе мяне сынком?
Я маўчу. Незнаёмец ставіць вечка ў кут. Нерашуча грукае валёнкам аб валёнак. А сам, гнюс, усё глядзіць на мяне!
—Ты гэта… Чаго маўчыш?
(Ага, голас дрыжыць, кузурка!)
—Тут быў хто?
(Зноў пра тое ж?!)
—Дзе ён? – паказвае ён на труну.
—Хто? – у маім моцным голасе сапраўдная злосьць. Гэта добра.
—Як хто? – шэпча незнаёмец. – Той самы!..
—Які той самы? – па праўдзе, няма мяжы майму цярпеньню!
—Маленькі чалавечак! – выдыхае ён. – Ды што з табою, сынок?
Кроў б’е ў твар. Сьціскаюцца зубы. Рука сама цягнецца да доўгага кухоннага нажа.
Канаючы, ён доўга й зацята шэпча: “Што гэта ты, сынок? апамятайся, сынок!..”
Я табе апамятаюся! Як ты мог? Як ты ўвогуле, чарвяк, мог? Мог сказаць, што трунка – мая? Мая – неўміручага! Мая – маленькага чалавечка!
1990 г.