Квадратная варона

(аповеды)

Сідарук Ігар


Пяць хлябоў з Дабравесьця

Была змрочная раніца.

Дзеці хацелі есьці. Яшчэ зь вечара. Не, ня зь вечара. Дзеці хацелі есьці заўсёды, колькі сябе памяталі. У хаце даўно не было ані каліўца, ані скарынкі. Але яны яшчэ памяталі, як выглядае ежа.

Асабліва ім падабаўся хлеб. Звычайны чорны хлеб, які дзеці любілі ўмакнуць у ваду і, калі ў хаце вадзіўся цукар, пасыпаць ім зьверху. Калі цукру не было, яго замяняў пясок. Пясок хрумсьцеў на зубах ня горай за цукар. Ды, бадай, і смакам амаль не адрозьніваўся ад таго жоўта-шэрага сыпунку, зь якім, калі выпадала такое шчасьце, яны раскашавалі дзень, а то й два.

Яшчэ дзеці любілі звараную неабранай бульбу. Тады яны хапалі яе гарачай з казанчыку ды, прагна абіраючы халоднымі танклявымі пальцамі пяклівае шалупіньне, з насалодаю запіхвалі сабе ў рот, апякаючы языкі ды паднябеньні, ані не зважаючы на гэта. Калі ж казанчык пусьцеў, а люты голад ўсё роўна сьціскаў да шаленьня маленькія каўдунчыкі, тады дзеці давалі рады й шалупіньню, няхай ужо й астыламу, аднак з тае прычыны зусім не страціўшаму свае смакаты. Але праўдзівая бульба ў іх хаце вадзілася рэдка. Часьцей – усё тое ж шалупіньне, калі яго шчасьціла назьбіраць па якіх сьметніцах ды проста – па загаджаных пустках, яшчэ не аблажаных-не абгледжаных такімі ж, як яны, галечнікамі. Бывала, што маці проста кідала ў кіпень тоўчанае жалудовае карыцы, і тады дзеці мусілі ласавацца тым варывам, як дзень таму з насалодаю частаваліся бурачковаю гнілою таўчанкаю…

Аднак на гэты раз справа выглядала зусім кепскаю. Ежы ў хаце не было ўжо з тыдзень ці болей: ніхто зь сямейцаў проста ня памятаў, калі ды што ж такое яны елі ў апошні раз. А тут, як на тое ліха, самая маленькая двухгадовая Ганначка занядужыла ды пачала зыходзіць проста крываваю срачкаю. Пасьля таго, як дзяўчо добра-такі пранесла, яна, спацелая ды зьзелянелая, нават ня здолела сама падняцца з гаршчочка, а проста з рук маці ўнурыста завалілася ў ложачак ды болей не падымалася…

Маці, глянуўшы на амаль што згаслую Ганначку, была захліпала-загаласіла, але бацька гыркануў на яе так, что яна толькі спуджана залыпала павекамі ды ўраз сьцішылася.

—Дзіцёнку таго… пад’есьці чаго… – змрочна абвёў запала-галоднымі вачыма занядбалую хату бацька. Раптам ягоны цяжкі, невыносны пагляд спыніўся на прыціхлым вывадку перамурзанае дзятвы. Маці, перахапіўшы гэты позірк, толькі перапалохана-бязгучна войкнула ды прыкусіла ражок хусьцінкі…

—Што ты, што ты!.. – у нейкім умольным жаху выгукнула яна, міжволі прыкрываючы ўсім сваім выцьвілым целам нерухомую Ганначку. Яна часта-часта зажагналася сама, перахрысьціла бацьку, а заадно й усіх астатніх бясштанікаў.

Бацька толькі зглынуў сухую сьліну ды не сказаў нічога.

Густымі, чорнымі кроплямі пацягнуліся несканчальныя гадзіны. Дзеці не адрывалі вачэй ад падлогі, яны баяліся зірнуць адзін на аднаго; з той хвілі, як на іх ляглі спачатку каменныя бацькаўскія зрэнкі, а потым матчынае перапалоханае жагнаньне, агідны, павучыны страх бяспынна ліпнуў да іхніх босых, парэпаных пятаў… Кожны зь іх заміраў, баючыся нават дыхнуць, калі бацька спыняўся побач ды неяк задумліва глядзеў на сына або дачку каламутнымі сваімі вачыма. І толькі рукі, перакручаныя жыламі ягоныя рукі здрадліва дрыжалі, перабіраючы крысо камізэлькі, ды не знаходзілі сабе месца… Кожны зь іх у такую хвілю ўцягваў як мага глыбей голаў у худзенькія плечы й, магчыма, думаў адзінае: “Толькі б не… Божачка, толькі б не!..”

Трапятлівым ценем сноўдалася па хаце сшэрхлая постаць маці. У каторы раз яна заглядала па шкапіках ды схованках, машынальна праводзячы рукою па голай паверхні палічак… Пустэча. Пустэча, прапахлая цьвільлю, сьмяротнай нястачаю й дохлымі мышамі. Пустэча, пасьля якое заставалася толькі адное… І гэта адное магло ўратаваць Ганусечку.

І вось надышла тая самая змрочная раніца. Тая раніца, калі дзецям ужо схацелася есьці так, што, здавалася, жываты зараз палопаюць, а пустыя кішкі наматаюцца вакол бэлек пад стольлю. І толькі маленькай Ганначцы не хацелася ўжо анічога. Яна ляжала ў рызьзі на бацькоўскім ложку, і ейнае адно паўрасплюшчанае пустое вочка не маліла нават аб літасьці. Аднак Ганначка была яшчэ жывая. Яна ціха й часта, амаль незаўважна, дыхала, але гэты подых з кожнаю хвіляю згасаў, паволі падбіраючыся да самай апошняй рэшты…

Маці нешта ўнесла ў пакой і, хаваючы вочы, паставіла на настольнік. Дзеці нясьмела пацягнуліся да стала, хоць выдатна ведалі, што нічога вартага ды ядомага там ня знойдуць. Аднак, на дзіва, гэта былі дзьве талеркі, накрытыя адна адною. Яны нават нічога не запыталіся – такім шалёнскім, такім неабмежным было дзіцячае зьдзіўленьне, а можа, бадай, захапленьне. Маці, хвілю памарудзячы, зьняла верхнюю талерку-накрыўку, і дзеці ледзь ня ляснуліся на падлогу. Невергодны пах сьвежазваранага мяса адначасна тонка расшырыў і сакрушальным кувадлам ударыў па іхніх наздрынах. І яны ўбачылі, убачылі на ўласныя вочы: на ніжняй талерцы ляжаў ладны, мускулісты кавал нечага такога, чыя доля вызначалася толькі адным: быць зьедзеным, зжэртым, праглочаным, згрызеным, згаманым, стопчаным, пракаўтнутым, зжаваным, расшкамутаным, стрэсканым, злопаным і прычым неадкладна. Дзеці нават спужаліся: так не рэальна, так нават містычна было ўсё гэта. І яны маўчалі, са страхам, не, нават з жахам уваччу шырака пазіраючы на талерку зь мясам.

А маці, гэтак жа моўчкі, узяла ў рукі тонкі двухрогі відэлец ды тонкі даўгі нож-сталовец і пасунула талерку бліжэй да сябе. Вось нейкую долю хвілі ейныя рукі вагаліся, а потым дзелавіта пачалі рэзаць-краіць дымна-сакаўную страўнасьць. Нож мякка ўваходзіў у пяшчотную тканку мяса, яно рэзалася свабодна й лёгка, жылкі ды белы тлушч пад тонкім лязом сталоўца ціха разрываліся й разыходзіліся, адкрываючы воку карычневата-блакітную існасьць варыва. Маці паклала перад кожным па тонкім скрылі, не забыўшы кожнага папярэдзіць, каб еў нетаропка, не глынаючы цэлымі кавадламі. Найболей пяшчотны ды сакаўны яна падхапіла відэльцам і хуценька панесла, падьдзержваючы рукою пад ніз, каб не зваліўся долу, да ложку, на якім памірала Ганулька.

—Еш, дачушка, еш! – толькі ціха вымавіла маці, кранаючыся цёплым мясам сшэрхлых вуснаў дзіцяці, ужо бяз хоць бы якое надзеі.

На дзіва, Ганначка заварушылася, затрапятала, расплюшчыла вочы. Яна асьцярожна разьляпіла ссохлыя вусны, пацягнулася ротам да дымнае стравы.

—Што гэта? – раптам здолела вычавіць зь сябе колькі гукаў зьнясіленае дзяўчо.

—Гэта сэрца, дачушка… – сьлёзы так і заблішчэлі бяздонна-блакітнымі вазёркамі ў глыбіні вачох маці.

—Якое смачнае!.. – толькі й вымавіла Ганулька, зь цяжкасьцю глынаючы амаль неразжуты кавалак стравы. – А можна яшчэ?

—Можна, можна, а як жа!.. – замітусілася маці, памкнуўшыся да стала, дзе астатнія дзеці яшчэ не прыкончылі едзіва. Яна адрэзала такі ж тонкі скрыль ад таго, што заставалася, і хуценька вярнулася да Ганулі. Цяпер ў вачох дзіцяці было заўважна ўжо болей жыцьця ды, адпаведна, прагнасьці. Яно ўжо ня так страшна чавілася мясам, а таму прыкончыла другі кавалак намнога хутчэй, чым першы.

—Ну, гэта ж і праўда смаката, матуся! – проста лагоднела ды сьвятлела аблічча Ганначкі.– А дзе татка? – раптам спытала яна.

—Татка?.. Ваш татка… Ваш татка болей…— але ня здолела вымавіць да канца ўсе словы маці, усхліпнула голасна, выхапіла з-пад бруднага фартуху нейкую паперчыну, пачала шкамутаць ды смаркацца ў яе.

Усё раптам паднялося-завіхурылася ў галаве няшчаснае, зьнясіленае жанчыны: і апошнія карткі на няісныя крупы ды на гарэлку, і пяць хлябоў ды дзьве рыбіны з кніжачкі Дабравесьця, зачытанай імі доўгімі нуднымі вечарамі да сшэрхлых дзюрак, і тая акрываўленая сякера пад лаўкаю, і суседка – вялікая аматарка пяцёх лыжак заціркі на дарэмшчыну, і выбарчыя ўчасткі зь бязьмежжам местачковага піва ды польскіх селядцоў, якіх некаторыя адважваліся-такі купляць у складчыну, а потым, дзелячы іх на шматку бруднае газэціны з выяваю ўсьмешлівага прэзыдэнта, сварыліся да голае крыві, каб толькі не займець самую ненаедную частку – касьцісты голаў, і той разрабаваны эшалён на станцыі, дзе ў велізарных лядоўнях былі адно скалелыя сабакі, сабакі, сабакі, бясконцая чарада вагонаў адно толькі з сабакамі, сярод якіх дзе-нідзе трапляліся, аднак, струпянелыя пацукі й нават каты, і тая тужлівая ноч, калі бацька, ужо ня могучы нават дыхаць ад роспачнае, пачварнае існасьці, стаяў з нажом над сьпячаю дзятвою, а яна, ашалелая маці, зь бязгучным енкам вісела на ягонай руцэ…

Дзеці толькі ніжэй унурылі галовы ды больш шпарка запрацавалі сківіцамі…

Аднак праз нейкую хвілю маці, прыкрываючы рот, пудліва сьцішылася, адвярнулася да вакна і пачала разгладжваць скамечаны аркуш. “Чыстасардэчнае прызнаньне” – было выведзена ўверсе старонкі ня надта роўнымі літарамі.

Заўтра яна перапіша яго нанава і панясе ў местачковы пастарунак. А сёньня…

Сёньня ўрэшце дзеці наеліся.

14 сакавіка, 1998 г.