Макатразмы

Макацёр Сідар


Наводшыбе

Курс на загубу
Далёкае бязмежжа — да Зямлі:
— Хто пакрышыў цябе так, падзяліў?
— Разумныя істоты ля руля! —
Зямля ўдалеч мовіла.
— Разумныя?!. Хі-хі! (Скрозь зорчын пыл).
А гнуць цябе на свой капыл.

Навадное пытанне
Зышліся макатранцы нос у нос,
За чаркай прасабачылі ўсю ноч.
У гарэліцы — не толькі свае выі —
Жывым і мёртвым костачкі прамылі.
А як улеглася стыхія,
Ачнуліся: — Хто мы такія?
Адвечнае, балючае пытанне
Пачуў прыблуда — падарожнік ранні.
І рэк ён: — Барсуковы нораў.
Каб так абгадзіць свае норы!
Ну, дык адказ будзе які?..
Вы — барсукі.

У беларускім парламенце
— Рада!
— Стада!
— Ах!
— Замах!
— Нацыя!
— Прафанацыя!
— Фенікс!
— Кідрэні-фені!
— Здрада!
— Парадак!
— Анексія!
— Месія!
— Ганьба!
— Амба!
— У адстаўкууу!..
Таўкуць.
Таўкуць.
Таўкуць.

Ідалалогія
Сцятыя вусны. Відучы зрок.
Да цалі ў заўтра звернуты крок.
У поцемках дзеяў мільгаюць гады,
А ён у бронзе застыў малады.
Далонню пудоваю раструшчвае даль,
А ля падножжа рагоча бяда.
У гарачых пунктах бліскае зброя,
Паветра пахне свежай крывёю.
І замест здані мат-перамат
Лунае над намі: — І зноў адкат!
На гарызонце ў выпраўцы лідэрнай
Ужо бранзавеюць новыя ідалы.
Схопіцца загрудкі са строем строй —
Ідалы прагнуць ахвярных кастроў.

Стырновічы
У макатранскай смалакурні
Грымаснічалі ідэятычныя дурні.
На тулаве славы вар’яцкі качан.
А першых няма ў чысцілішчны чан.
Пальцамі круцяць ля жылістых скроняў —
І дурні хочуць мець блазнаў сягоння.
У канвульсіях курчыцца псіхаў кагорта,
Кантракт заключыць збіраецца з чортам.
Усе ідэі — адна мана.
Абы да стырна!
Абы да стырна!

Vale, colonus!
Хоць розныя мелі ўпадабанні
юрлівыя насельнікі Тытаніі,
жылі законна, жанок асемянялі,
патомкаў перспектыўных гадавалі,
здавалася, будуюць запаветны дом.
Ды ляснуў гром.
І ўпала з вачэй заслона.
— Vale, калоны!
— Vale! Vale!
(Каб ты акалеў...)

Наелася жаба мулу
Што з намі сталася? Што з намі сталася?
Затоцкая жаба ў бусла закахалася!
У тога пана чырванаботага,
Ліхога прыхадня забалотнага.
Адвольна парушыла наказ мацерын,
Усю Затоку асарамаціла.
І чым ты прывабіш цыбатасць гордую —
Плямістым брухам, тупою мордаю?
А жаба круціць бясхвостым кланам,
Славіць упарта вартасці пана.
Доўгія ногі, сажнёва дзюба.
(Клану загуба).
А крылы! Пад іх рабыня
Усезатоцкае кладзе жабурынне,
Цікуе жабнік мулам зрошчаны,
Зноўку абшчыну агарошвае —
Клятву дае ад імя гміны
Несці рэптыльную павіннасць,
Вады жывое патрабуе
(Чым іх цыбатасцей турбуе);
Улічыўшы час сістэмазменны,
Наводзіць думку на памкненні:
Маўляў, бусламі хочам звацца,
У хмызняку больш не хавацца;
Паэтызуе цвіль аконца,
У якое не праб’ецца сонца.
Змяўшы альтэрнатыўную граду,
У кансенсус ставіць грамаду:
Аб старой Жабінцы ні слова,
Кумкаем сленгам New Buslow’a,
Бусліным крэмзаем пяром
„Жыць будзем, покі не памром”.

Вось вам якая карысць для агулу,
Калі рапуха наесца мулу.

Ратуй нас, Божа
Паэт зайшоўся ад адчаю,
Стыхію сам-насам страчае.
З бурай, з агнём справіцца зможа.
Ад благой жонкі ратуй нас, Божа.
Застыў на твары адбітак страху —
Ад гегемонных ратуй нас крахаў,
Ад карыфеяў і ветрагонаў,
Дзялкоў прыблудных, пампезных гномаў.
Ад лаўкачоў, казачных мафій,
Каварных шокавых тэрапій,
Задухі собскай і неафітаў,
Гіпнозу ўлады і новых міфаў.
Ад чужых ідалаў ратуй, Усявышні,
Каб з слугавання ў свет мы выйшлі,
Каб з калектыўнай усталі знямогі
І сталі на ногі, і сталі на ногі.
Ачысці родны кут з кустоўя
Надзьмутых пухіроў застойных,
Ліслівых стоеных рэптылій
З суцемкаў фарысейскіх выльі.
Цнатліўцаў трэфных выстаў на сонца,
Ад рэвальверных выбаў нас слоўцаў;
Ад вурдалачных зваблівых ложаў,
Ад самаедства ратуй нас, Божа.
Празорцаў сціплых узвядзі на троны,
Дай тронным мовам моц Цыцэрона,
І нам, мяшком з-пад мукі прыпыленым,
Прамый дабром шэрыя звіліны.

У свае вароты
У ганаровых крэслах
валявыя твары.
Ці да іх мне несці
свае болькі, мары?
А што ўбачыць рэшта,
тая — ад карэнняў?
Дзівака — і толькі —
з іншых вымярэнняў.
Лепш зыду з памосту,
пакуль стане млосна;
пачытаю вершы
белавежскім соснам.