Гістарызацыя свядомасці

Навуковая публіцыстыка

Вашко Лявон


Артыкулы

Мёртвакультура i новажыццё

Гiстарызацыя, якая няўпыннай хваляю абрынулася ў пачатку ХХ стагоддзя на свядомасць беларуса, адбылася праз магутны выбух мастацтва i лiтаратурнага думнiцтва. З'яўленне "Нашае Нiвы" i масавы прыход у нованароджанае пiсьменства таленавiтых, апантаных нацыянальнай iдэяю лiтаратараў вытварылi якаснаiншую, не знаную дагэтуль у свеце, беларускую культуру-гiсторыю. Нацыянальная гiсторыя, такiм чынам, з'явiлася з мастацтва, з жывога абуджанага слова-сакралу, з неўтаймоўнае сiлы-хвалявання Беларускага Духу. Як жа гэтае прычынiлася, адкуль i праз якiя пуцявiны прыйшла святазапаленая мастацкая дзея да iдэi беларускае гiсторыiў Мы прапануем вызначыць наступныя асаблiвасцi станаўлення нацыянальнае гiстарычнае свядомасцi, якiя пэўным чынам, псiхалагiчна, матывуюць псiхiчнанепрадказальныя выбухi мастацкае творчасцi. Гэта 1) мiфалагiчна-фальклорная аснова маладой лiтаратуры, з якой яна пачынае новатварыць беларускi свет, 2) мастацтванараджэнне рэалiзму народнага быцця, праз што адбываецца беларускае адухаўленне новастворанага свету, 3) iндывiдуальная эстэтызацыя, якая надае беларускае гiстарычнае дзеятворчасцi высокую мастацкую вартасць, 4) навуковы сiнтэз мастацкае творчасцi, калi адбываецца апаняццяўленне сакральных вобразаў i асацыяцыяў i сiстэматызацыя новых паняццяў, 5) наступны сакральны вобразавыбух, якi асацыятыўна абапiраецца на новы, ужо апаняццяўлёны нацыянальны свет беларуса.

На згаданую схему гiстарызацыi свядомасцi трэба глядзець, улiчваючы, што ўсе гэтыя пункты ўяўляюць з сябе псiхалагiчна злучаныя звёны, цягам якiх фармiруецца нацыянальная гiстарычная свядомасць; нiжэйшае звяно як бы матывуе ўтварэнне наступнага, вышэйшага.

Давайце разгледзем прыведзеную схему падрабязнее. Народны фальклор як мёртвая, акасцявелая форма знiклае, колiсь жывое культуры (у сваiм артыкуле мы разглядаем яго менавiта гэтак: не як вуснатворчасць, а як сакральнамёртвы згук, вуснацяжар, якога выракаецца люд, спрабуючы яго скiнуць з сябе – вуснапаслятворчасць) з'яўляецца першаапiрышчам маладога мастацтва з даволi простае прычыны – iншага бо апiрышча ў беларускiх лiтаратараў няма. Бачна, што за спiнаю ў iх вакуум, адсутнасць нацыянальнае лiтаратурнае традыцыi, адсутнасць гiстарычнага пераемнiцтва, адсутнасць свайго нацыянальнага свету. Пiсьменнiку больш няма на што ступiць, як на "старую" культуру "тутэйшага", якая памёрла i развальваецца.

Мастацтватворчасцi неабходны пэўны смяротны абсяг – частка нежывога прыгоннага мастацтвакантэксту,– якi б можна было новасакралiзаваць i, абапiраючыся на якi, можна было б зрабiць крок у па-за ягонасць-абладу; i мастацтватворчасць звяртаецца да фальклору. Памiранне старое культуры рэальна адчуваецца яшчэ ў ХIХ стагоддзi, у часе даволi бурлiвых пераменаў у крае; праз сацыяльны прагрэс, развiццё капiталiзму старэюць, знесвячаюцца, гiнуць патрыярхальныя парадкi, паводле якiх людзi жылi спрадвеку, гiнуць звычаi, абрады, традыцыi, старэе, знепатрэблiваецца сакрал жывое вуснатворнае мовы. Тады ж, дарэчы, у вынiку гэтага няўпыннага вымiрання культуры праяўляецца бурлiвая цiкавасць этнографаў, фалькла-рыстаў, мовазнаўцаў да народнага культурабытавання; тады ж з'яўляюцца першыя спробы лiтаратуры ў "тутэйшай" мове – i спробы гэтыя не ў малой ступенi абапiраюцца на фальклорную i этнаграфiчную аснову (Ян Чачот, Вiнцук Дунiн-Марцiнкевiч, Янка Лучына i г.д.) На пачатку ХХ стагоддзя маладая лiтаратура ставiцца да фальклору iначай – як да асноваўтворнае нацыянальнае стыхii, з якой развiваецца свядомабеларускае гiстарычнае быццё. Мiнуластагоддзевая цiкавасць да гiбейнае культуры ператвараецца ў аднаўленчы творчы чын мастацтва, якое надае сакральнамёртваму этнаграфiчнаму матэрыялу сэнс жывое святасцi. Пасутнасцi, гэтая старакультура – адзiны нацыянальнарэальны, iстапраўдны гiстарычны факт, якi адраджае беларускае мастацкае думнiцтва. Лiтаратура адухаўляе этнаграфiчны матэрыял, нацыянальнаiдэалiзуе яго i з акасцявелае старакультуры робiць яго жывой духоўнiцаю – нацыянальнай спадчынаю. Акурат з гэткага розуму – што акасцявелая культура ёсць беларуская духоўная спадчына, жывы нацыянальны скарб – свядомасць беларуса робiць першы iстотны крок у навакольны гiстарычны свет. Зварот Максiма Багдановiча, Якуба Коласа, Янкi Купалы да фальклору, у адрозненнi ад лiтаратараў ХIХ стагоддзя, – то зварот гiстарычна-абуджанага беларуса да сваёй жывой мiнуўшчыны, збiранне "зярна к зярняцi" i пачынанне "новае сеўбы".

Наступны iстотны крок гiстарычнае свядомасцi па шляху свайго сталення – крок ад успрыняцця фальклору як духоўнай каштоўнасцi беларускага быцця да "жываабфальклорвання" гэтага быцця. Iначай кажучы, тагачасная беларуская лiтаратура, развiваючыся ў рэалiстычным метадзе, тыпiзуе беларускую рэчаiснасць на падставе ад'жыўленага нацыянальна фальклору.Гэты вобраз святое нацыянальнае спадчыны яна пераносiць на сваю сучаснасць; такiм чынам, гiбейная культура – не толькi новасакралiзаваная старакультура ўчорашняга дня, але яна – дзейсны iнструмент мастацтва ў духавытварэннi сваёй цяпершчыны, а таксама нацыянальны, новасакралiзаваны дзень сённяшнi. Мастацтва напаўняе свой сучасны свет сакральнымi вобразамi звычайных, простых людзей, "змушае" гаварыць гэтых людзей на спрадвечнабеларускай мове, жыць паводле спрадвечнабеларускiх звычаяў, спяваць спрадвечнабеларускiя песнi, рабiць учынкi, якiя псiхалагiчна вынiкаюць са спрадвечнабеларускага быцця; спрадвечнабеларускасць – сакральны вобраз, праз якi мастацтва выясняе-творыць вобраз сваёй цяперашнебеларускасцi.Ад'жывiўшы фальклор, новасакралiзаваўшы яго, лiтаратура напаўняе iм свой мастацкi свет. Дастаткова тут для прыкладу прыгадаць Якуба Коласа, ягоную багатую, невычэрпную мову, узятую з падгiстарычнай, старасакральнай, нятворчай народнай стыхii i творча, новасакральна развiтую праз мастацкае духаванне. "Новая зямля" пры ўсёй сваёй энцыклапедычнай этнаграфiчнасцi – твор новасакральны, нацыянальнабеларускi; фальклорна - этнаграфiчнае ў iм – частка нацыянальнага, свядомагiстарычнага беларускага свету. Нацыянальны рэалiзм беларускага быцця ў мастацкай лiтаратуры, такiм чынам, вытвараецца на падставе адухоўленай мiфалагiчна-фальклорнай старакультуры, якая ўважаецца мастакамi адначасна за 1) жывую спадчыну, што засталася ад прашчураў, 2) жывую нацыянальную стыхiю, якая гiне i якую трэба адрадзiць i захаваць, 3) жывы гiстарычны чыннiк, на грунце якога развiваецца нацыянальны рэалiзм у лiтаратуры i на яве.

Iндывiдуальная эстэтызацыя маладога мастацтва прадыктаваная гэтым нацыянальнаасвечаным “жывым фальклорам". Iнтуiтыўнае памкненне мастацтва да хараства – з'ява вiдавочная. Але пры гэтым памкненнi беларускага пiсьменства не цяжка заўважыць адную характэрную асаблiвасць спасцiжэння красы i вытварэння яе першымi нацыянальнымi лiтаратарамi. Апрача iнтуiтыўнага эстэтычнага памкнення, крок пiсьменнiка ў абладу прыгажосцi ёсць этап псiхалагiчнага адмаўлення во толькi народжанае масавае лiтаратуры; то крок ад масавасцi, агулу, да iндывiдуальнасцi, асабiстасцi, ад фальклору абнацыяналенага да фальклору аб'ячанага асобаю мастака. Пытанне iндывiдуальнага хараства выспявае ў маладой лiтаратуры пасутнасцi ў першыя хвiлiны мастацкага святатварэння.Iндывiдуальная эстэтыка прыгаданых Якуба Коласа i Янкi Купалы фармуецца ад часу iхнiх першых творчых выдыхаў i ўжо яскрава праяўляецца ў паэтычных зборнiках "Песнi-жальбы" i "Жалейка". Канцэптуальная гаворка паводле беларускiх эстэтычных прынцыпаў, як вядома, адбываецца падчас нашанiўскае палемiкi 1913 года. У тым часе “iндывiдуальнае" ўжо стала ўздымаецца над "агульным" i размова наконт красы робiцца над'звычай актуальнай, асабiстаблiзкай i асабiстахвалёўнай для маладога беларускага творцы.Кажучы аб праявах iндывiдуальнае красы ў мастацтве, нельга не прыгадаць паэзiю Максiма Багдановiча, дзе хараство выяўленае ў глыбокiх асабiстых вобразах. "Асабiстасць" красы Максiма Багдановiча па тым часе дужа рознiцца ад iншых; паэзiя ягоная – свядомыя перавод вобразатворнага нацыянальнага рэалiзму ў рэчышча глыбакаўнутранага, экзiстэнцыяльнага перажывання i пераўтварэнне ў рэалiзм свой, асабiсты; да прыкладу, выкарыстанне паэтам мiфiчна - фальклорнае спадчыны ўяўляе з сябе напiсанне сваёй, асабiстай мiфалогii – "Лясун" (“Прывольная, цёмная пушча..."), "Хрэсьбiны лесуна", "Пугач", "Лясун" ("Я спакойна драмлю пад гарой мiж кустоў..."), "Чуеш гул? – Гэта сумны, маркотны лясун...", "Срэбныя змеi" i iнш.

Праз глыбокую эстэтызацыю мастацтва беларуская свядомасць апынулася ў абладзе ўражлiвых мастацкiх вобразаў нацыянальных гiсторыi, культуры, быцця... I таму не дзiва, што, акалiўшыся iмi, ёй заманулася iх i апаняццявiць. Шлях гiстарызацыi свядомасцi, такiм чынам, прыводзiць маладую лiтаратуру да канцэптуальнага асэнсавання духастворанага мастацкi,iначай – да навуковага сiнтэзу мастацкае вобразарэчаiснасцi. Тое, што праспяванае i выхвалеванае ў мастацтве, беларускi лiтаратар iмкнецца вызначыць паняццева, асэнсаваць на падставе лагiчных разважанняў. Мастацкая крытыка, публiцыстыка, навука фармуюцца праз гэтае свядомаснае паразуменне адчутага, лiтаратары-апаняццяўляльнiкi з прывiдных вобразаў штукуюць сэнсаваабгрунтавана беларускi гiстарычны свет; духадойлiдства Максiма Гарэцкага, Лявона Гмырака, Вацлава Ластоўскага, Антона Навiны, Сяргея Палуяна дый iншых – лiчы, цi не кожнага тагачаснага лiтаратара – у галiне акантэкстаўлення беларускае творчасцi, рацыянальнага спасцiжэння псiхiчнага беларускага свету, паняццевага абрэчаiснення тайнiчых, неабдымных вобразамрояў ставiць сабе на мэце абгрунтаваць лагiчна, навукова, пераканаўча гiстарычнае быццё негiстарычнага народу. Свядомасць жыве ўжо не толькi ў вобразах, але i мае неабходны для навакольнага рэчаiснага бытавання ўкаржэлы грунт – выпаняццяўлёную памёрлую прамiнулую нацыянальную быўнату беларуса, гiсторыю ягоную.

Гэты грунт надалей, як i нежывы фальклор, грае галоўную, крыжавую ролю ў мастацкай сакралiзацыi рэчаiснасцi. I гэта яшчэ адзiн утворны момант у гiстарызацыi свядомасцi: мастацкiя вобразы ўжо развiваюцца на падставе сваёй, асэнсаванай рэчаiснасцi, яны сакралiзуюць яе, духатвораць i застаюцца ў ёй акасцявелымi мадэлямi святамастацкiх вобразаў i асацыяцыяў – новымi паняццямi ў кантэксце беларускае гiсторыi, новымi канцэптуальнымi адкрыццямi. Ужо ў дваццатыя гады яскрава акрэслiваюцца мастацкiя рэфлексii на беларушчыну як на з'яву iсную рэчыўна, сапраўдную, сацыяльную, нацыянальную, палiтычную, iдэалагiчную, гiстарычную... Значыць, адбылося ўрэчаiсненне колiсь выгукнутага мастацкага вобразу – ён з гуку ператварыўся ў лiтару, стаўся гiсторыяю, акасцявеў.

Пры гэтым вусная народная творчасць як акамелае першаапiрышча Беларускага Духу не трацiць свайго значэння. Фальклор-мёртвакультура i сёння выконвае ролю неабходнага для беларускага ўрэчаiснення грунту пад нагамi; мёртвая старакультура знiкае няўпынна, як хутчэй i болей, i мастацтва, карыстаючыся з гэтае старасакральнае культуры, з ейных пашчарбаных аскабалкаў, са "знямелае" народнае вуснапаслятворчасцi, новаасвячае занядбаныя могiлкi Духам.

Гэта духатворыцца наш свет.

Міфалагізацыя гісторыі

Традыцыйнагiстарычны позiрк (позiрк з пункту гледжання сацыяльнага развiцця рэчаiснасцi) на беларускую лiтаратуру пачатку ХХ стагоддзя кажа нам на тое, што ýжо на самым раннiм этапе ейнага станаýлення (нашанiýскi перыяд) яна прыходзiць у сусветную гiсторыю праз адметныя, не падобныя да iншых, уласнабеларускiя прыступкi. Вядома, што за гiсторыяю фiзiчнай схаваная нябачная, адно вычувальная "гiсторыя" псiхiчная – "гiсторыя", якая ýяýляе з сябе не ýсвядомлены вынiк падзеяý, а сам дух гэтых падзеяý, самую сiлу духатворчасцi. Але цяпер мы пагаворым пра тыя матываваныя псiхалагiчна працэсы, што адбылiся навiдавоку, у гiсторыi фiзiчнай, больш-меньш усвядомленай традыцыйнагiстарычнай свядомасцю.

Дык жа што гэта за першыя прыступкi беларускага гiстарычнага ýзыходжанняў Яскрава вылучаюцца дзве мастацкiя асновы будучае нацыянальнае гiсторыi, якiя, аднак, спалучаюць у сабе адное цэлае (зрэшты, лесвiца ўсць спалучэнне, абавязковы цуг – дзе вышэйшае грунтуецца на нiжэйшым – розных самастойных звёнаў); вобразна кажучы, нiжэйшая падставовая частка прыступкi, на якую абенаж аступiлася беларуская лiтаратурная творчасць, ўсць мiфалагiзацыя мiнуýшчыны, а верхняя частка, наýзлежная – сатварэнне нацыянальных сучаснасцi i будучынi на падставе свайго гiстарычнага мiфа. На гэтым першым апiрышчы маладая лiтаратура i вытварае гiстарычны свет беларуса.

Якiм яна яго малюеў Увогуле, узор бярэцца на сусветны капыл. Першая лiтаратура не прапануе нейкае дакладнае мадэлi нацыянальнага бытавання, яна толькi спрабуе жыць, кажучы Палуянавымi словамi, "нашым жыццём". Пры гэтым, у тагачасным беларускiм лiтаратурным разуменнi выразу "людзьмi звацца" заýважым нешматсэнсоýнае азначэнне самастойнасцi народа, цi то – ягонага нацыянальнага самавызначэння, якое ў свой чарод разумеецца першымi нашымi мастакамi як выбаýленне з палону 1) сваё й унутранай цямноты i 2) знешняе чужынскае праявы ворагаý беларушчыны. Нашае мастацтва творыць паводле гэтага шчымлiвыя, пераканаýчыя i не зраýнаныя анi з якой iншай лiтаратураю па сваёй экспрэсii i ўражлiвасцi вобразы. Вобразатворчасць у гэтай галiне настолькi шырока прадстаýлена аýтарамi, што яе можна лiчыць масаваю, але разам з тым у агульным суквеццi нямала ёсць адметных, iндывiдуальных, якiя захiляюць сабою асноведзь-агульшчыну, красак. Вядома, найярчэйшым прадстаýнiком тут з'яýляецца Янка Купала са сваiм нястомным клiчам "з путаý на свабоду i з цемры да святла"; сёння ён па праву заснавальнiк у беларускай лiтаратуры традыцыi нацыянальнага поклiчу (усе паслейшыя – паслянашанiýскiя – часы i аж да цяперашнiх дзён Купалаý поклiч не слабее i не трацiць надзённасцi, адно дужэе i развiваецца ý вершах паэтаý-наступнiкаý). Разам з тым, калi нашанiýскае мастацтва нейкiм чынам, хай сабе не дужа паглыблена, адказала самое сабе на пытанне "хто вiнаваты ý беларускiм горы?" (нашанiýства ýважае беларускае няýдолле акурат – як суб'ектыýнае, уласнанацыянальнае; ды не як аб'ектыýную, якая адбываецца ý памерах усяго свету, бяду), дык пытання "што рабiць, каб уратавацца?" яна як бы i зусiм не задае ý сэнсе фiласофскiм, а больш разважае з прымерам да будзённых задачаý: маýляý, трэба пашыраць асвету, выдаваць кнiжкi, вучыць "грамаце", вызваляць мужыка ад сацыяльнага прыгнёту i г.д. Аднак з цягам часу нашанiýства адчувае ý сабе тую патрэбу i тую сiлу, якiя дазволiлi б паглыбiцца ý пытаннi "хто вiнаваты?.." i "што рабiць?.."; вядомая нашанiýская палемiка пра сплочванне доýгу як бы падагульняе першыя высiлкi Беларускага Духу ý справе лiтаратурнае мiфалагiзацыi мiнуýшчыны: зачынаецца якасна новы этап у лiтаратуры – думнiцтва паводле створанае мастацтвам быýнаты.

Выразнае якаснаiншае асэнсаванне беларускае драмы i беларускага ýратоýнага шляху мы бачым лiтаральна праз некалькi гадоý па "Нашай нiве". Мастацкiя вобразы ýнутранае цямноты i знешняварожасцi выяýляюцца ý жыццi як рэальнасць, насамрэчнасць; яны апалiтычваюцца, робяцца часткаю гiстарычнае рэчаiснасцi; а бурлiвае палiтычнае жыццё, навакольнае разгортванне гiстарычных падзеяý прыводзяць да новага па сваёй прыродзе беларускага мастацкага задумення – то поступ на вышэйшую прыступку: гiсторыя мастакоý, створаная на падставе мiфа, ператвараецца ý частку агульнасвеччыны, абрэчаiсневаецца як намiнатыýнасць, робiцца рэальным целам у фiзiчнай гiсторыi народаý i дзяржаваý.

У тым часе пытанне паводле беларускага шляху паўстае у новым святле (праз мастацтвавобраз палiтычны) , i тады ж лiтаратура спрабуе на яго адказаць, маючы пад нагамi пэýную беларускую рэальнасць: урэчаiснены народ, нацыянальных палiтыкаý, канкрэтных змагароý за беларушчыну... Беларуская гiсторыя над тым часам ужо адбылася рэчыýна. Пра тое можа сведчыць хаця б фiзiчная смерць шэрагу беларускiх лiтаратараý: М. Арла, Максiма Багдановiча, Лявона Гмырака, Каруся Каганца, Iвана Луцкевiча, Сяргея Палуяна, Цёткi...; з аднога боку iхнiя смерцi псiхалагiчна падкрэслiлi насамрэчнасць, праýдзiвасць вытваранай мастацтвам гiсторыi-мiфа, а з iншага – беларускiя мастакi, пачынальнiкi i паслейшыя, з паплечнiкаý апынулiся ý ролi прадаýжальнiкаý або пераемнiкаý мастацтватворчасцi i беларускасцi. Гэты час багаты на адкрыццi ý беларускай лiтаратуры,якая больш упэýнена, больш глыбока, больш апантана як раней разважае пра беларускi шлях i пра сплочванне даўгоý. Згадайма Янку Купалу ý 1918 годзе; ягоны нацыянальны поклiч мае большую акрэсленасць, чымся ў "Нашай нiве"; ужо Купала звяртаецца не да цёмнага, нязбуднага народу, а да народу, якi абуджаецца, спрабуе расплюшчыць вочы: Ходзiць ходырам свет цэлы, Смела ý бiтву йдзе нясмелы, ў бой за лепшы час. Дык i нам цапы i косы Час браць з вышак, покi росы Воч не згрызлi ў нас. ("Час!")

Аднак у дваццатыя гады гэтыя першачародныя на самым пачатку ХХ стагоддзя пытаннi – "хто вiнаваты?.." i "што рабiць?.." – ужо не абавязковае перакрыжаванне лiтаратуры; лiтаратура, апрача гэтага, дазваляе сабе заняцца пытаннямi iншага кшталту: маладнякiзм абвяшчае новую эру – беларускага пралетарскага мастацтва, – узвышэнцы шчыруюць над вытварэннем прынцыпаў беларускае нацыянальнае эстэтыкi ў мастацтве, пры гэтым яны таксама абгалашаюць сваю творчасць выключнай, вышэйшай на ступень у параўнаннi з нашанiўскаю. Усё гэтае гаворыць пра тое, што беларуская лiтаратура ўзышла на трэцюю прыступку гiстарычнае творчасцi. То прыступка, дзе новаствораная рэчаiснасць-мiф канчатковаасяляецца ў беларускай свядомасцi як рэчаiснасць-праўда: яна робiцца творчай сiлаю гiстарычнай свядомасцi, якая ўспрымае змiфалагiзаваную мiнуўшчыну як спрадвечную, насамрэчную дадзенасць i якая неаспрэчна прыймае ўсе пастулаты гэтага далёкага (i нiколi нябыўнага) свету ды iмкнецца iх творча развiць. У тым часе падспудны рамантызм першых беларускiх мастакоў, што з невызнанным трымценнем прамаўлялi-стваралi мiф, пераўвасабляецца ў мэтанакiраванае, рацыянальнае спасцiжэнне гiсторыi-праўды; Беларусь паўнакрэўна жыве самая сабою ў народжанай беларускай гiстарычнай свядомасцi.

Тое, што нацыянальная лiтаратура нарэшце ўзбiлася на шматтэм'е, акалiла сябе безлiччу пытанняў, пошукаў, iдэяў, не азначае ейнае прынцыповае адмовы ад вырашэння праблемы "хто вiнаватыў.." i "што рабiцьў.." Гэтыя пытаннi не знiкаюць, а робяцца ўсяго часцiнаю абшырнага мастацкага космасу маладой лiтаратуры; у гэткiм разе яны не губляюць свае прыцягальнасцi, а, увадваротку, бяздоняцца, утвараюць з сябе яшчэ большую спакусу для лiтаратара. Праўда, за гэтым выпадкам паэзiя, мастацкiя жанры саступаюць свае правы перад жанрамi публiцыстычнымi ды навуковымi (як яскравы помнiк пошуку беларускага шляху мы можам прыгадаць нарыс Iгната Абдзiраловiча "Адвечным шляхам"; грунтоўнае, на сёння, бадай што, адзiнае навуковае даследванне русiфiкацыi ў краi, а таксама паланiзатарскiх уплываў, зрабiў у сваiм нарысе "Западно-руссизм" Аляксандр Цвiкевiч). З разуменння ўласнабеларускага гора як асабiстага адчування лiтаратура робiць крок да спасцiжэння нацыянальнае трагедыi як з'явы, што адбываецца ў сусветнае гiсторыi.

Але вернемся да нашанiўскае пары. Бо менавiта ў ёй i з яе з'яўляецца на свет нашая нацыянальная гiсторыя. У гэтым часе iдзе няўпыннае фармiраванне беларускiх паэтычных жанраў; "Нашай нiве" не ў малой ступенi "абавязана" беларуская проза – у гэтай газеце яна развbваецца i сталее як нацыянальнасвядомая з'ява; нараджаецца i развiваецца публiцыстыка, крытыка; беларуская навуковая гуманiтарыстыка мацуе тут свае дух ды сiлу.

Гэты час багаты на адкрыццi. Рабiць iх вымушае паскоранае развiццё лiтаратуры. Адкрыццi адбывацца ў выглядзе фармавання iдэяў, якiя ўяўляюць з сябе грунт для далейшага развiцця беларускае сацыяльнае рэчаiснасцi i для далейшае мiфалагiзацыi мiнуўшчыны. Што гэта за адкрыццi?

Найбуйнейшае – то самая iдэя гiстарычнага iснавання беларускае нацыi.Яна першасная ў лiтаратуры i фармiруецца цягам усяе пачаткастагоддзевае пары. Фармiраванне гэтае iдэi зачынаецца ад Мацея Бурачка i працягваецца спрэс увесь час iснавання "Нашае нiвы"; яно адбываецца праз станаўленне i развiццё, як мы ўжо ад'значалi ў папярэднiм артыкуле, 1) мiфалагiчна-фальклорных традыцыяў у лiтаратуры, 2) мастацкага рэалiзму народнага быцця, 3) iндывiдуальнае эстэтызацыi мастацкае творчасцi, 4) навуковага сiнтэзу, вытваранага на падставе мастацкае рэчаiснасцi, 5) далейшае сакралiзацыi навуковаапаняццяўлёнага кантэксту. Iдэя iснавання беларускае нацыi, бадай што, самая крыжавая; яна асноваўтворная для ўсяго нацыянальнага быцця. З яе i на падставе яе творыцца беларускi нацыянальны космас i ўсе астатнiя iдэi-мiфы.

Адсюль выспявае iдэя залатога веку Беларусi. Тут мы бачым яскравы прыклад трансфармацыi мастацкiх мiфалагiчна-фальклорных традыцыяў, лiтаратурнае эстэтыкi ў навуковае асэнсаванне беларускага космасу. Для ўзору гэткае трансфармацыi можна прыгадаць "Кароткую гiсторыю Беларусi" Вацлава Ластоўскага, дзе спалучылiся i багдановiчаўская паэтычная зораясная дзiўная казка, i коласаўская паэтычная "энцыклапедыя" жыцця, i купалаўскае паэтычнае вызваленне з ланцугоў; Вацлаў Ластоўскi ў сваiм нарысе з лёгкасцю пераўвасабляе мiфалагiчную мастацкую iдэю залатога веку ў iдэю навуковую, абгрунтаваную маладою гiстарычнаю свядомасцю беларуса.

Iдэi залатога веку i беларускага нацыянальнага быцця маюць на ўвазе i iснаванне iдэi адраджэння, якая вырастае акурат з разумення таго, што iдэальная мiнуўшчына знаходзiцца ў занядбаннi, а пакутная цяпершчына клiча да нацыянальных пераўтварэнняў. Адное з гэтых самых галоўных пераўтварэнняў – вяртанне страчанае духоўнае спадчыны продкаў. I тут таксама не цяжка ўгледзець мiфiчны пачатак у беларускiм мастацкiм, а тады навуковым вытварэннi нацыянальнае быўнаты. Дарэчы згадаць з гэтае нагоды словы Алега Лойкi, якi заўважае ў тагачаснай iдэi адраджэння беларускi гiстарычны мiф. "...Гэта вельмi важна для разумення сутнасцi беларускага адраджэння, – кажа ён у сваёй працы "Беларуская паэзiя пачатку ХХ стагоддзя", – у iм нiчога не адраджалася, усё было пачаткам, нараджэннем." I далей: "... Заклiк адраджаць, прыдаючы беларускаму адраджэнню ў цэлым рэвалюцыйны, наступальны характар, нiбы паказвае сёння, што справа iшла i аб адраджэннi чагосьцi. Але – паўтараемся – адраджаць не было чаго, гутарка пра адраджэнне была мiфам..."

З папярэднiх iдэяў вынiкае i iдэя сплочвання нацыянальнага доўгу, якая таксама мае пад сабою мiфалагiчны грунт хаця б таму, што палягае на гiстарычным беларускiм мiфе. Аднак у iдэi гэтай мы бачым i першыя спробы мастакоў не гэтак вытварыць гiстарычны мiф, як выкарыстаць яго дзеля вытварэння сваёй нацыянальнай сучаснасцi. Гэта ўжо iншая чыннасць лiтаратуры (наўзверхняя частка прыступкi), новая хваля гiстарызацыi свядомасцi: гiстарызаваная свядомасць на мiфалагiчнай-рэальнай падставе пачынае "зваёвываць" не мiнуўшчыну, а сучаснасць. У фармаваннi iдэi сплочвання нацыянальнага доўгу не малую ролю адыграла ўжо згаданая нашанiўская палемiка 1913 года, распачатая Вацлавам Ластоўскiм i Янкам Купалам. Для нас цiкава ў ёй акурат гэтае няўпыннае iмкненне гiстарычнай свядомасцi аббеларусiць тагачасную рэчаiснасць, патлумачыць яе з дапамогаю беларускага мiфа-мiнуўшчыны. I асаблiва цiкавы нечаканы пераход ейны з пытанняў мастацкiх, эстэцкiх да праблемаў сацыяльных. Асаблiва гэтае праявiлася ў артыкуле Лявона Гмырака "Яшчэ аб сплачваннi доўгу"; Лявон Гмырак зiрнуў на эстэтычныя, маральныя i нацыянальныя праблемы з дужа негаданага боку – з пункту гледжання класавага, пралетарскага, нацыянал-сацыялiстычнага: маўляў, беларусы – народ-пралетар, народ, якi прыгнятаўся суседнiмi панавiтымi народамi, дык, адпаведна, i сплочванне нацыянальнага доўгу мусiць адбывацца на падставе класавае справядлiвасцi – паны мусяць вярнуць тое, што праз прыгнёт "пазычылi" ў пралетароў.

Такiм чынам, не цяжка прыкмецiць лiтаратурную дзвюаснову iдэi адплаты даўгоў – гэта: 1) мастацкая мiфалагiзацыя мiнуўшчыны i 2) мастацкая мiфалагiзацыя сучаснасцi, на падставе свайго гiстарычнага мiфа. Пры гэтым iдэя сплочвання нацыянальнага доўгу, увогуле, не магчымая без iдэi сялянскасцi, просталюдскасцi беларуса; апошняя пачынае фармiравацца яшчэ ў "дагiстарычны" перыяд беларускае лiтаратуры, у ХIХ стагоддзi, у часы не "нацыяналiзму", а "народнiцтва". На пачатку ХХ стагоддзя яна развiваецца ў мастацкай лiтаратуры, зноў жа, на падставе беларускага гiстарычнага мiфа ды на падставе мiфалагiзацыi-тварэння нацыянальнае рэчаiснасцi ў тагачассi i шырока прадстаўленая лiтаратурнымi iмёнамi, сярод якiх i Максiм Багдановiч, i Максiм Гарэцкi, i Якуб Колас, i Янка Купала... Аднак, у адрозненне ад папярэдненазваных iдэяў, iдэя сялянскасцi мае пад сабою i рэальную аснову: няхай не гiстарычны, цёмны, неасветлены, але ж фiзiчнаiсны беларускi народ – тутэйшых, якiя насяляюць родны край; iхнiя гаворкi, iхняя псiхалогiя, iхнi менталiтэт не толькi адлюстраваныя ў беларускай лiтаратуры пачатку ХХ стагоддзя, але яны, гаворкi, псiхалогiя, менталiтэт, ёсць псiхiчная частка самой беларускай лiтаратуры, бо тая вырастае з iхняе стыхii, развiваецца з яе.

У сувязi з усiм гэтым нельга не згадаць i фармаванне iдэi светлае нацыянальнае будучынi, якая псiхалагiчна сувязана з папярэднiмi: атрымлiваецца, што прамiнулы "залаты век" робiцца падказчыкам iдэальнае будучынi, а пакутная цяпершчына – прычынаю для дасягнення ў наступным часе аквiтнае долi. У гэтым сэнсе Купалаў поклiч – найбольш характэрная тагачасная творчая праява ў фармаваннi iдэi надыходу светлае пары. Аптымiзм, вера ў заўтрашнi дзень, у шчаслiвы лёс – асноўныя прыкметы купалля-заклiку. У ягонай паэзii iдэя будучае светлае долi – адпачатная; Купала не iдзе, не шукае шляху да гэтае iдэi, а, увадваротку, крочыць ад яе як ад пачатку свайго шляху-паэтычнага спеву, як ад пункту адлiку ўсяго беларускага быцця; ён нiчым не матывуе iснаванне заўтрашняга шчасцякраю; край той iснуе таму, што iснуе – без аб'ектыўнае прычыны, проста з пераканання паэта-творцы. I гэтае ёсць таксама мастацкая мiфалагiзацыя рэчаiснасцi, якая па часе, з цягам гiстарызацыi беларускае свядомасцi, адбываецца ў свеце як сапраўдная, аб'ектыўная з'ява – рэчыўная, нацыянальная гiсторыя. Купала, апрача свае ўнутранае веры, нiчога не можа процiпаставiць чужому, супрацьбеларускаму свету; i сваю ўнутраную веру ён робiць адзiнапраўдным законам быцця; ён – вяшчун, якi без дай прычыны, адно на падставе свайго ўнутранага паўнарэкага мастацкага свету-мiфу самадазвольна i самапраўдна спявае-прарочыць: Знайце, лiха ператрэцца, I маланкай доля блiсне. ("Хай жа вам так не здаецца...")

У фармаваннi iдэi светлае нацыянальнае будучынi важкае слова належыць i нашым песнярам Максiму Багдановiчу ды Якубу Коласу. Мiфалагiзацыя рэчаiснасцi-будучынi з мэтаю аббеларушвання незбеларушанае сучаснасцi – яскравая адмета iхняга спеву пра лепшую долю. Пры гэтым варта ад'значыць, што часцяком маладая лiтаратура ў наступнай светлай долi беларуса ўважае i на даволi канкрэтныя сацыяльныя акалiчнасцi: выбаўленне селянiна з панскага прыгнёту, вызваленне пралетароў ад уцiску вышэйшых класаў. Гэтыя матывы яскрава кажа творчасць Цёткi; у пэўнай ступенi характэрныя яны Якубу Коласу, Янку Купалу, Максiму Багдановiчу.

Фармаванне вышэйзгаданых iдэяў – з'ява глыбокабеларуская; можна смела сцвярджаць, што яны – абавязковы сутнаснавыяўнiк беларускiх быцця i Духу цягам усяго адбывання нашае гiсторыi i цягам усяе творчасцi нашае лiтаратуры. Фармаванне гэтых iдэяў не спынялася нiколi i не спыняецца цяпер. Лiтаратура на пачатку ХХ стагоддзя з'яўляецца, такiм чынам, не толькi пачынальнiкам iдэйных традыцыяў, яна, апрача таго, адкрывае нам сваю сутнасную абавязковасць у гэтым няўпынным формаўтворным працэсе i сваю духовую неадоймнасць ад любых праяваў творчае беларушчыны.

Акурат на падставе фармавання гэтых iдэяў рэчыўна творыцца жывы беларускi космас ды шматлiкiя iншыя iдэi, якiм не суджана было стаць крыжавымi ў тым космасе, але якiя ўсё ж займаюць у iм не апошняе месца i з'яўляюцца працягам у рэчаiснай яве мiфiчнага-рэальнага беларускага светатворства. Назавем некаторыя з iх.

Iдэя адзiнага шляху. Яна ўзнiкае на падставе таго, што першая беларуская лiтаратура спрабуе як бы прымерыцца да навакольнага свету, пераканаць сябе ў тым, што яна – ягоная частка. Таму беларускiя iдэалы маладая лiтаратура нярэдка бачыць не толькi ў сваёй мiфiчнай нацыянальнай гiсторыi, але i ў рэальнай гiсторыi вольных, магутных нацыяў. Яна спрабуе раўняцца на iх, пераймаць iхнiя культурна-гiстарычныя традыцыi, займаючы "свой пачэсны пасад мiж народамi". Яна спрабуе разглядаць сваю мiфiчную гiсторыю як частку сапраўднае, рэальнае гiсторыi свету, i сваё развiццё як развiццё на адзiным сусветным шляху гiстарычных народаў.

Iдэя сацыяльнае роўнасцi. Самаразуменне сялянскасцi, задуменне са свайго просталюдскага паходжання вымушаюць лiтаратуру шукаць прынцыпы больш-менш прыдатныя для бытавання народу-селянiна. Адсюль iдэя сацыяльнае роўнасцi. Селянiн мусiць быць гаспадаром на сваёй зямлi, а не прыгнятацца, жыць вольным чалавекам сярод гэткiх жа вольных людзей ды быць роўным сярод роўных – прынамсi i гэткi задум чуецца па-за радкамi паэмы Якуба Коласа "Новая зямля". Немалы ўплыў на ўзнiкненне i "сталенне" iдэi зрабiлi рэвалюцыйныя падзеi ў Расiйскай iмперыi. Пасля рэвалюцыi гэтая iдэя набiрае моц, шырыцца ў лiтаратуры; у дваццатыя гады ейнае фармiраванне дасягае, бадай што, найбольшага накалу як калi. Мы прыгадвалi ўжо тут нарыс Iгната Абдзiраловiча “Адвечным шляхам": апрача ўсяго, твор гэты ёсць глыбокае фiласофскае асэнсаванне беларускага шляху акурат як пуцiны роўных, вольных, не прыгнечаных сацыяльна людзей, як пуцiны свабоднага, раўнапраўнага з усiмi астатнiмi народу. Дзейнасць "Полымя", "Маладняка", "Узвышша" ды розных дробных лiтаратурных аб'яднанняў ("Лiтаратурнамастацкая камуна", "Проблiск" i iнш.) палягае на разуменнi сацыяльнае роўнасцi, свабоды беларуса-пралетара. Абсалютызаваная ж, "змертаўлёная" гэтая дэя пры канцы дваццатых гадоў, аб пары утварэння Беларускае асацыяцыi пралетарскiх пiсьменнiкаў, аб часе спрашчэнства, вульгарызацыi паняццяў пра сацыяльныя роўнасць ды справядлiвасць. З беларускае гiсторыi добра бачна, як вышэйназваная iдэя то робiцца галоўнай, падставовай у лiтаратурнай творчасцi, то прыгасае i хаваецца ў ценю, мала трацячы сваю актуальнасць.

Яшчэ ў большай ступенi гэтае датычыць iдэi нацыянальна-рэлiгiйнае, якая ў нашанiўскае пары азываецца аморфна, не маючы пэўнага фармальнага праяўлення; найбольшы ейны выраз вiдаць крыху пазней, у заходнебеларускай творчасцi Вiнцука Адважнага, Казiмiра Сваяка, Адама Станкевiча... У Савецкай жа Беларусi яна трансфармуецца ў антыiдэю – у адмаўленне, часам ваяўнiчае, рэлiгii, веры, бога на падставе атэiстычных перакананняў. I толькi ў наш час яна прынцыпова загучала ў творчасцi некаторых лiтаратараў. Разам з тым непашыранасць, неасноўнасць рэлiгiйнае iдэi ў лiтаратуры вынiкае мабыць з народнага менталiтэту (адкуль бярэ свае вытокi iдэятворчасць нашага мастацтва): з псiхiчнага асабiстага вычування абстрактнага бога (абстрактнага нават у тым разе, калi ён персанiфiкаваны), а не з канкрэтнае нацыянальна-культурнае традыцыi пакланення яму.

Сярод такiх "неабавязковых", якiя адно ценем мрояцца ў лiтаратуры, але да якiх тым не менш фарматворча i мiмаходзь "дакранулася" беларуская лiтаратура на пачатку ХХ стагоддзя, можна назваць iдэю фатальнага заканчэння (часцяком мастакi ў сiмвалiчных шчымлiвых малюнках паказваюць заняпад беларускага народу, ягоных звычаяў, культуры – "Разлад" Янкi Купалы, "Вёска" Сяргея Палуяна), iдэю нацыянальнае нехлямяжасцi, цёмнасцi ("Роднае карэнне" Максiма Гарэцкага), iдэю прыроджанага нацыянальнага нiгiлiзму (нярэдка гэта прыродныя беларускiя хамства i папаўзлiвасць – напрыклад, вобраз народа ў вершы Янкi Купалы "Прарок" або вобраз Мiкiты Зносака ў "Тутэйшых"). Усе яны маюць мiфалагiчную аснову, бо народжаныя ў вынiку беларускага гiстарычнага мiфу, з беларускiх мастацкiх мiфiчных мiнуўшчыны, цяпершчыны, будучынi.

Беларускае мастацтва, такiм чынам, сiлаю духу свайго пераўтварае абыклую навакольную, чужынскую рэчаiснасць у рэчаiснасць мiфiчную – сваю,уласную, нацыянальную. З яе, мастацтваўтворнае рэчаiснасцi, зачынаецца беларуская гiсторыя; праз яе, рэчаiснасць тую, iдзе гiстарызацыя беларускае свядомасцi, станаўленне беларускае нацыi, развiццё культуры новага народу, утварэнне новае рэчаiснасцi. Беларусь народжаная мастацкiм мiфам, яна – адпачатнамастацкая; мастацтва ж – рэчаiснатворнiк, бо акурат з нетраў ягоных, з сiлы духовае мастакоў, бярэ вытокi новы рэчаiсны свет. Разуменне гэтае вымагае ад нас позiрку на беларускую лiтаратуру пачатку ХХ стагоддзя i на беларускую гiсторыю не толькi як на з'явы, што адбылiся ў вынiку навакольных сацыяльна-эканамiчных прычынаў; пад знешняй бо сацыяльнай маскаю лiтаратуры i гiсторыi крыецца ўнутраны невызнанны свет – "душа" вонкавых падзеяў: лiтаратура i гiсторыя псiхiчныя.

Трохi яшчэ пра мёртвакультуру

У ранейшых артыкулах мы казалi, што сакральная беларушчына народжаная на аснове мёртвае, акамелае культуры-фальклору. Паўтараем мы гэтае яшчэ раз, каб заўважыць наступнае: мiфалагiчна-фальклорная спадчына народу i ейнае занядбанне – i аснова маладой лiтаратуры, i разам з тым скрыты iдэал, якi яна спрабуе вычуць i развiвае новасакральна: беларуская лiтаратура на пачатку ХХ стагоддзя iдзе двашляхам адзiнае пуцявiны ( i гэтае чарговы беларускi неразгад, нашая таямнiца-феномен нас самiх), яна iдзе 1) ад мiфалагiчна-фальклорных традыцыяў "тутэйшых", адчуваючы i ўважаючы сябе часткаю гэтага народу, i разам з тым – 2) да мiфалагiчна-фальклорных традыцыяў, шукаючы ў акамелай, сфалькларызаванай культуры свае нацыянальныя, гiстарычныя iдэалы. У абодвух выпадках добра бачная ўнутраная барацьба мастакоў-творцаў памiж беларускасцю прыроднаю i беларускасцю сакральнаю; шлях-ад – то i грунт, на якiм стаiць мастацкае беларусатварэнне, i палон, з якога яно, беларусатварэнне, усяго часу спрабуе выбавiцца; шля-да – то адначасна мастацкае ад'жыўленне фальклору, аднак i фальклорнае акантэкстаўленне свае творчасцi, запрыгоньванне яе мёртвакультурнаю абладаю. Вось чаму першыя беларускiя мастакi, уважаючы фальклорна-мiфалагiчную спадчыну за нацыянальную жывiну, за сакральны iдэал, усё ж стараюцца яе новаасвяцiць сваёю творчасцю i тым самым як мага далей адысцi ад тае спадчыны; фальклор для тагачасных беларусатворцаў – i святая каштоўнасць, i невыносны цяжар.

Лiтаратура плача з заняпаду народнае мовы. Яна малюе шчымлiвыя карцiны гэтае бяды. Вось нейкi Мацей бядуе ў "Нашай Нiве": "Як толькi хлопец чы дзеўка пойдзе служыць да места i пабыўшы там колькi часу вернецца да бацькоў у сваю вёску, то яны тады надта робяцца смешныя. Iначай не размаўляюць, як па расейску, але па расейску добра не ўмеюць, так толькi тых, што добра гаварыць умеюць, смех слухаючы бярэ. Хлопцы i дзеўкi на вечарынцы не хочуць танцаваць нi лявонiху, нi бычка, але хваляцца, што ўмеюць мястовыя танцы. I з усяго, што ў сваёй вёсцы, смяюцца. Ось, так мне дзiўным здаецца, калi хто сваёй роднай мовы i сваiх звычаяў стыдаецца. Трэба моцна любiць сваю мову i сваю вёску i быўшы ў месце навучыцца чаго добрага, што можна пасля i ў вёсцы людзей навучаць". Разам з тым лiтаратура разумее, што гэтая спрадвечная вясковая мова не менш “смешная”, як тая ж недакультурная расейская. Акурат з гэткага меркавання сыходзiць Сяргей Палуян, калi заклiкае ў "Нашай нiве" выкаваць з народных гаворак мову культурнае нацыi. Бачна, што спрадвечная народная мова ўаднараззi i каштоўнасць, i недаразвiтая гаворка,якую трэба яшчэ творча апрацаваць.

Лiтаратура плача з разбурэння спрадвечнага народнага ладу; як вынiк заняпаду старажытных народных звычаяў разглядае яна руйнаванне чалавечае маралi. Праз гэткую сваю выснову лiтаратура iмкнецца да захавання народных каштоўнасцяў. Пра маральны заняпад людзей пiша ў "Нашу Нiву" з вёскi Струга Гродзенскае губернi М. Арол: "Найлепш за ўсё пастаўлена ў нашай вёсцы – п'янства. Калi прыйдзе свята чы нядзеля, то рэдка хто не п'яны. Асаблiва моладзь. Уся бяда ў тым, што шынкароў у нас развялося многа. Спярша толькi адзiн трымаў гарэлку, а цяпер бадай у кожнай хаце шынок". У артыкуле "Вясковае буянства i барацьба з iм", надрукаваным у газеце "Наша Нiва", Лявон Гмырак маркочыць над выродам веквечных маральных нормаў: "У нашым вясковым жыццi за апошнiя гады з'явiлася шмат чаго новага, даўней небывалага. Вось хоць бы i буянства, цi, як яго цяпер у Вялiкарасеi ахрысцiлi, – хулiганства. Даўней яго не было ў нас, а калi i было, то далёка не ў той меры, як цяпер, калi яно сталася адной з галоўных з'яў народнага жыцця, калi на яго звярнулi ўвагу i газеты, i земства, i ўрад... (...) У карэспандэнцыях "Нашай Нiвы" i ў звестках розных iншых газет часта пiшуць, што ў тым цi другiм кутку нашага краю п'яныя, а часам i цвярозыя павадзiлiся без нiякай важнай прычыны, пасля пабiлiся, далей пайшлi ў ход тапары, коллi – i некалькi нябожчыкаў у вынiку. У другiм мейсцы грамада хлопцаў скрыўдзiла дзяўчыну, там разнеслi ў шчэпкi стаячы пры дарозе крыж, там скалечылi жывёлу, там падпалiлi нейкую будынiну, а за што, то нi ён, нi той, хто падпальваў, не ведае – i гэтак далей, i гэтак далей." Маладая лiтаратура ўважае жыццё ў спрадвечным ладзе за каштоўнасць, аднак жа спрэс уся клiча да прагрэсу, сацыяльных пераўтварэнняў i, значыць, да вырачэння прамiнулага, патрыярхальнага народабытавання; той самы Лявон Гмырак – яскравы прадстаўнiк, як заўважыў Уладзiмiр Конан, сацыяльнае эстэтыкi ў нашай лiтаратуры: бадай што, ён першы, хто канцэптуальна абгрунтаваў эстэтычную вартасць "сацыяльнага" ў беларускiм мастацтве.

Плача лiтаратура па гiбейнай вуснатворчай спадчыне – напрыклад, па народнай песне, якая таксама знiкае, сцiраецца iмклiвым, пераменлiвым часазбытам. Лiтаратура перакананая, што падгiстарычная народная культура мае вялiкую каштоўнасць у беларусатворчасцi: яна крэўная для беларуса, адметная ад культуры iншых народаў. У лiсце да "Нашае Нiвы" М. Арол скрушна паведамляе: "Вы просiце прысылаць песнi, казкi, апавяданнi – я i сабраў колькi песень ужо даўно, але яны, здаецца мне, мала маюць вартасцi, бо паганыя навiнкi выцiскаюць багатыя душой беларускiя песнi. Цяпер можна пачуць у вёсцы найчасцей вось якiя: "Панапрасну, Ванька, ходзiш, панапрасну ножкi б'ёш, ахвiцэра не палучыш, дураком дамой пайдзёш" i другiя падобныя iм – салдацкiя. Памерла душа беларуса – народная песня. Ды i як ёй было не памерцi? Калi мы самi душылi сваю родную песню, ганьбавалi яе, не зналi ёй цаны, лiчылi яе брыдкой i замест яе цягнулi сiлай да сябе розныя "Панапрасну, Ванька, ходзiш" або "Шар машына кругам" i многа другой дрэнi."; i ў сваiм артыкуле " Аб нашай песне" М. Арол таксама бядуе пра гэтае ж: "... Апошнiмi часамi пачала вымiраць, гiбець i забывацца беларуская песня, поўная дзiўнай паэзii, багатая душою, а на яе месца стала часцей i часцей з'яўляцца ў нашай вёсцы брыдкая расейская "частушка". Як яна знаходзiцца ў Расеi, там яшчэ можна з ёю памiрыцца, там яна вынiкае не без прычыны, а затым, што псiхiка земляроба-расейца змянiлася, як змянiлася яго жыццё, калi яму прыйшлося адарвацца ад сахi i iсцi да фабрыкi, тут i радзiлася гэта "частушка", на руiнах старой, багатай расейскай песнi, а ў нас яна рэч наносная, непатрэбная, i з ёю трэба змагацца. Трэба, каб нашая вясковая моладзь не пяяла гэтай дрэнi, а пяяла свае песнi". Аднак жа самая беларуская лiтаратура, паэзiя ёсць пэўным чынам процiпастаўленне той народнай песнi; лiтаратура – вышэйшая форма мастацкае творчасцi народа, i пры ўсiм тым яна ў рознiцу ад беларускае вуснае творчасцi нараджаецца, а не памiрае; беларуская лiтаратура – то магутны свядомы крок мастака з межаў народнае заняпалае вуснатворчасцi, упартае нежаданне заставацца на тым пагiбельным, нiжэйшым узроўнi духавыяўлення.

Боль па страчаным веку мы сустракаем у нашай лiтаратуры паўсюдна. Праз усё апавяданне Сяргея Палуяна "Вёска" гучыць тэма смерцi, запусцявеласцi, заканчэння. "Канец прыйшоў вёсцы, а няма каму абаранiць яе. Усё жывое парасходзiлася па палях ды сенажацях, па лесе. На сонечны свет, на вольнае паветра. Вёска адна засталася канаць у сваiм брудзе". Апошнi сказ у апавяданнi – скрайнi песiмiзм, невыпраўная драма: "Канаюць вёскi i лясы забранага краю." Сутыкненне гiсторыi i падгiстарычнае культуры, сутыкненне выроду i адраджэння, занядбання i прагрэсу мы сустракаем на старонках зборнiка "Рунь" Максiма Гарэцкага. У апавяданнi "Роднае карэнне" студэнт-медык Архiп Лiнкевiч пакутуе акурат з гэткiх пытанняў; ён як бы раздваiўся, як раздваiўся i студэнт Лявон Задума ў апавяданнi "У чым яго крыўда?", памiж "даўнай простасцю" спрадвечнага тутэйшага люду i новарэчаiсным жыццём; яны абодва "пасынкi ў вёсцы" i "прымакi ў "панстве"; iхняя дваiстасць – ростань мiж страчаным "учора" i нездабытым "заўтра"...

Лiтаратура ўадначассi i апявае народную спадчыну, мiнуўшчыну, iдэалiзуе яе, i процiстаiць ёй, выракаецца яе.

Гэтае становiшча, калi спрадвечная народная культура – i путы на душы, i крылы ейныя, спрыяе ўзнiкненню iдэi нацыянальнага iнстынкту самазахавання; яна нараджаецца невыпадкова, бо цалкам адпавядае працэсам станаўлення гiстарычнае свядомасцi, што адбываюцца ў тым часе. Гiстарычная свядомасць на падставе наўмысна абнацыяналенай беларускай мiнуўшчыны робiць выснову, што новажыццё вытвараецца як вынiк навакольнага знiшчэння спрадвечнае нацыянальнае культуры; беларускае мастацтва – гэта як бы iнстынктыўны адказ "тутэйшага" на бесперастанныя спробы рэчаiснасцi знiшчыць беларускасць. Якраз гэты iнстынкт выводзiць "тутэйшых" з пары гiбення iхнiх звычаяў, з пары заняпаду iхняга культурнага аблiчча, iхнiх традыцыяў у новую, гiстарычную якасць народа – гэтак прыкмячае Сяргей Палуян, калi пiша ў артыкуле "Беларускiя вечарыны": "Адсутнасць нацыянальна-гiстарычных традыцый i збяднеласць шырокiх народных мас, "волею судеб" вымушаных кiдаць родныя вёскi i шукаць сродкаў для жыцця або ў вялiкiх здэнацыяналiзаваных гарадах, або на чужыне, над'звычай змяншаюць сiлу нацыянальнага самазберажэння (...) Ды калi, нягледзячы на ўсё гэта, беларускае адраджэнне хутка пашыраецца, то гэта мы павiнны аднесцi на рахунак глыбока жывучага пачуцця самааховы. Гэтым пачуццём i можна вытлумачыць тую з'яву, што само голае нацыянальнае пачуццё пры вялiкай недастачы культурных сродкаў прыводзiць беларуса да свядомай нацыянальнай iдэалогii ад звычайнай прыхiльнасцi да роднай хаты, да роднай вёскi, да роднага краю."

Гэты самаахоўны прыход беларуса ў новарэчаiснасць, якi выяўлены найперш у самiм мастацкiм слове, пярэчыць старому народнаму ладу; стаўшы на грунт мёртвакультуры, новасакралiзаваўшы яе, беларуская духатворчасць мкне як хутчэй i далей з ейных нежывых абсягаў; шукаючы сябе ў мiнуўшчыне, новасакральны беларус насамрэч выракаецца гэтае мiнуўшчыны.

Новасвятасць смерці

Новасвятасць смерцi – абавязковая адметнасць беларускае гiстарычнае свядомасцi; свядомасць, выракаючыся мёртвакультуры, асвячае яе новым сакралам, яна бачыць у мёртвакультуры святы жывiнны вобраз, якi хвалюе маладое беларускае сэрца i клiча развiваць той вобраз, шырыць, тварыць далей. У гэтым разе смерць старое, знесвячонае, знедухаўлёнае культуры ўспрымаецца як святатрагедыя, як пагiбель жывое святынi; смерць – новаасвячоная нацыянальнай iдэяю, смерць "ажывае" ў новым мастацкiм сакральным вобразе, i нежывы фальклор, старакультура, робiцца жывой каштоўнасцю, рэлiквiяю мастацтва. Вось чаму лiтаратура пачатку ХХ стагоддзя, iнстынктыўна ўцякаючы са свету-фальклору, выракаючыся яго, тым не менш iмкнецца свядома ашчадзiць сакральнаад'жыўленую культуру, зберагчы яе ў свеце-гiсторыi, якi во толькi што мастацкi нараджаецца. Акасцявелая культура, такiм чынам, набывае новае сакральнае жыццё ўнутры беларускага мастацкага свету-вобразу.

Лiтаратура, мастацтва святарэфлексуюць на гэты жыццямёртвы старажытны сусвет. Яны ставяць сабе на мэце яго адрадзiць, iхняя творчасць паланёная гэткай iдэяю; старасвет гучыць унутры iх неперастанным шляхападказчым спевам душы. Ужо ад самых першых спробаў маладога пiсьменства вылучаюцца тры асаблiвасцi мiфалагiчна-фальклорных матываў у творчасцi мастакоў: 1) прыпадабненне мастацкага твору да народнае вуснае творчасцi (фальклорастылiзацыя), 2) асновапалаганне мастацкага твору на вуснанародную спадчыну (фальклоратрадыцыя), 3) нацыянальнае абгiстарычванне праз мастацкi твор спрадвечнай народнай творчасцi (мастацкае фальклораразвiццё).

Прыкладаў фальклорастылiзацыi мастацкага твору – безлiч.Па сутнасцi, стылiзацыя мастацкага твору пад вусную народную творчасць пачынаецца задоўга да нацыянальнасвядомаснай лiтаратуры i мае сваю дынамiку развiцця. У сувязi з гэтым дазволiм сабе скарыстаць схему ўзаемадзеяння мастацтва з фальклорам у ХIХ стагоддзi, структураваную па этапах развiцця Алегам Лойкам у працы "Гiсторыя беларускай лiтаратуры"; гэта:

1) этап рамантычнай стылiзацыi (20-40-я гады); ён сувязаны найперш з лiрыкаю Яна Чачота, сюды ж аднесеныя даследчыкам i вершы Яна Баршчэўскага i ягоны твор "Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях";

2) этап рамантычна-этнаграфiчны, якi сувязаны з творчасцю Вiнцука Дунiна-Марцiнкевiча ў 50-60-х гадох, "з яе багатымi малюнкамi сялянскага побыту, звычаяў, абрадаў, з шырокай кантамiнацыяй беларускай народнай песнi ў аўтарскi тэкст, з выкарыстаннем легенд, паданняў, анекдотаў"; да гэтага ж этапу адносiцца спадчына Арцёма Вярыга-Дарэўскага, Ялегiя Францiшка Вуля, Вiнцука Каратынскага...;

3) этап перадкласiчны з ягоным прадстаўнiком Францiшкам Багушэвiчам; гэты этап "самы шырокi па ахопу фальклорных традыцый, па спосабах iх выкарыстання."

Сыходзячы з гэтага, пачатак ХХ стагоддзя можна лiчыць этапам класiчным, дзе фальклорныя традыцыi прадстаўленыя ва ўсёй iх сфармаванай лiтаратурна цалкавiтасцi. Iначай кажучы, яны з'яўляюцца ў лiтаратуры не толькi як частка народнага бытавання, але i як частка нацыянальнага космасу. Адбываецца "нацыяналiзацыя" фальклору. За тым часам стылiзацыя пад народную творчасць выяўляе, безумоўна, сваю блiзкасць, падобнасць да лiтаратурна-фальклорных узаемадачыненняў папярэдняга стагоддзя, выяўляе ўсю палiтру народнае творчасцi, але ж разам з тым знаходзiцца на якаснаiншай прыступцы: лiтаратура на пачатку ХХ стагоддзя, стылiзуючы, iмкнецца не толькi паказаць i захаваць народную спадчыну, але i сакральна развiць яе; "фальклорная" iдэя на пачатку ХХ стагоддзя пераўвасабляецца ў iдэю нацыянальную. Гэтая адметнасць праходзiць амаль праз усю тагачасную творчасць ( выключэннем тут могуць быць хiба што "Народныя расказы" Восiпа Арлоўскага, спадчына Мiкалая Марозiка i некаторыя iншыя "народнiцкiя", як бы з мiнулага стагоддзя, творы). Фальклорастылiзацыя – не проста заклiк шанаваць роднае, жыць у iм, а найперш заклiк да творчага здзяйснення жыць нацыянальным зладам, актыўна, свядомасна, гiстарычна будаваць сваё жыццё (у нечым гэта заклiк, наадварот, да адмаўлення ад роднага, спрадвечнага народнага быту); народныя матывы ў творчасцi, такiм чынам, выконваюць ролю iлюстрацыi не астарэлага, закасцявелага мёртвабыцця, а новага, творчага, беларускага свету, яны як бы "наўзвочны перакон", мастацкi прыклад жывое явы гэтага толькi во народжанага быцця.

Адсюль i вынiкае асновапалаганне мастацкага твору на фальклорную спадчыну – з разумення народнае творчасцi не як мёртвага фальклорнага матэрыялу, а як свядомага, даўняга, жывога гiстарычнага ладу. То вельмi важны момант у гiстарызацыi свядомасцi, якая мiфалагiзуе беларускую мiнуўшчыну: мёртвы фальклор з аднога боку сведчыць пра смерць нейкае старажытнае самабытнае культуры, а з iншага – як бы дазваляе адвольна, самападстаўна развiвацца на сваiх руiнах новасакральнай творчасцi, не з'яўляючыся перашкодаю, прыгонам для яе. Згэтуль развiваецца яшчэ як болей за ранейшае iдэя беларускае гiсторыi: фальклорная спадчына робiцца жывою дзейснаю часткаю жывога свядомага народу, якi iмкнецца пазбыцца путаў, i разглядаецца маладымi нацыяналамi не як этнаграфiчная адметнасць, а як неад'емная частка старажытнай нацыянальнай культуры. З яе выходзiць нацыянальнасвядомы народ, з яе нараджаецца нацыянальнааквiтны край.

Гэтую нежывую ў чужынскiх вачох культуру беларус процiпастаўляе гiстарычнаму наваколлю. Згадайма Купалаў верш "Мая вера". Каму не верыць Янка Купалаў Старой, гiстарычнай, навакольнай культуры: "не веру iдалам паганым...", "...бажкам не веру маляваным...", "не веру купленым прарокам...", "не веру ў фокуснiкаў цуды усiх народаў i вякоў...", "не веру ў каменны багоўнi..." Гэтай культуры процiпастаўлены свой свет, свая культура, свая спадчына: ў народ i край свой толькi веру I веру ў самаго сябе.

Старамёртвая культура, "край-народ-фальклор", раптам ад'жыўляецца лiтаратураю i новасакральна развiваецца ёю ў новавобраз "я-народ-край". Пры гэтым добра бачна, што наколькi мастацтва iмкнецца ад'жывiць смерць, настолькi ж уадначассе i стараецца як скрушней, жалобней справiць па мёртвакультуры хаўтурны абрадак. Навакольную, непазбежную пагiбель старога тутэйшага свету, калi, кажучы словамi Аляксандра Цвiкевiча, "... сальная свечка змяняецца бакiнскай газай, беларуская магерка – маскоўскiм картузом, жаночы андарак – фабрычнай сукенкай", беларуская лiтаратура ўспрыймае трагiчна, бо для гiстарычнае, сакральнамастацкае свядомасцi памiрае не змярцвелы, адзеравелы лад, а святая жывiна; i непазбежны, гiстарычнаабумоўлены працэс (вымiранне спрадвечных звычаяў праз перамены ў свядомасцi людзей, перамены, што нясе прагрэс, развiццё капiталу) у вачох нашых мастакоў выглядае як нацыянальная трагедыя.

Гэта новасвятная смерць, смерць-жывiна, смерць-вобразасакрал. Беларуская свядомасць гiстарызуецца, развiваецца ў гэтым глыбокiм мастацкiм вобразе.

Беларускі сон

Калi мы кажам пра гiстарызацыю свядомасцi, дык падспудна маем на ўвазе iснаванне нейкага першапачатковага, негiстарычнага, стану свядомасцi, з якога яна развiваецца, набываючы новыя, не вядомыя ёй раней уласцiвасцi. Гiстарычна-негiстарычнае быццё свядомасцi можна параўнаць з кiнутай ў раллю зярнiнаю: усё, што iдзе ўрост вышэй i вышэй, праяўляецца навiдавоку, – тое гiсторыя, а ўсё, што мкне ўгыбкi, хаваючыся, – негiстарычнасць.Такiм чынам, жыццё, якое зачалося з зярнiны, вырастае адначасна ў гiсторыi i па-за ёю.

З чаго ж, з якога нябыту ад'жывае насенне? Што ўяўляе з сябе негiстарычнае, схаванае ад людскога воку, таемнае поле? Пошукi адказу на гэтае пытанне патрэбныя нам мо не гэтак дзеля разгадкi беларускае таямнiцы,а на тое, каб пэўным чынам акрэслiць гэтую таямнiцу i каб хаця як да яе наблiзiцца.

Негiстарычнасць беларуса можна ўявiць сабе яшчэ i як сон. Прынамсi гэтак робiць на пачатку ХХ стагоддзя беларуская лiтаратура."Сон народа" ў гiсторыi як бы спалучае ў сабе жыццё i нежыццё; калi спаннё адбываецца без вiдмаў, калi засынае памяць, дык жыццё робiцца нiбы "мёртвае", яно не помнiцца i таму як бы не адбываецца, яго быццам бы i няма, i разам з тым жыццё iснуе, адно па-за памяццю, па-за свядомасцю, па-за гiсторыяю. У памяць сон прыходзiць з вiдмамi. Ён, як i ява, самавольна жывiць розум, i з жыўлення таго вынiкаюць вобразы. Бадай што, самае галоўнае i самае аб'ектыўнае распазнанне рознiцы мiж вобразамi сну i вобразамi явы – гэта (зноў-ткi, суб'ектыўнае пачуццё) абуджэнне. Засынанне можа прыходзiць нечувальна, i тады гэтак жа нечувальна вобразы явы могуць ператварацца ў вобразы сну. Абуджэнне ж заўжды акрэслiвае рознiцу мiж сном i яваю, у тым лiку i абуджэнне нацыянальнае.

Давайце звернем увагу на псiхiчны аспект беларускага абуджэння, на духовае "прарастанне" беларуса з тайнiчае цемры зерня-кораня ў вiдочнае, ускалошанае бытаванне. Назавем тую збуду вычуваннем ўласнае "памяцi карэння": яна, тая "памяць", як бы замяняе на пэўны час гiстарычную мiнуўшчыну беларуса (што адбылася як сон – цi, iначай, якой увогуле не адбылося ў гiстарычнасвядомасцi) i штурхае беларускiх лiтаратараў на пуцiну мiфалагiзацыi прамiнулага "залатога веку" нацыi. Лiтаратура творыць гiстарычны мiф, але пры гэтым яна творыць i самую сябе, бо нашанiўства – па сутнасцi, нараджэнне нацыянальнасвядомае лiтаратуры, магутная беларуская праява ў сусветнай гiсторыi i магутнае процiпастаўленне сiлы свайго Духу ёй. Неўтаймоўная псiхiчная праява творчага беларуса, такiм чынам, мастацкi вытварае гiсторыю народа, якая потым спраўджаецца ў рэчаiснасцi як насамрэчная нацыянальная ява; i разам з тым, яна ж, псiхiчная праява, самая ўяўляе з сябе насамрэчны факт-воплеск у гiсторыi-рэчаiснасцi.

Што ж гэта за "памяць карэння", якую спрабуе вычуць маладая лiтаратура? То найперш мiфалагiчна - фальклорныя традыцыi "тутэйшага" народу. Нацыянальная свядомасць прачынаецца не як згалелая пустка; яна ўсё ж мае на сваiх абшарах сякую-такую “порасць” – свет, якi прамiльгнуў у памяцi нейкiмi ўрыўкамi снавiдмаў, або кароткiмi, напаўцямнымi вобразамi хвiлiннае разбуды ў часе варочання з боку на бок. Такiм чынам, на пачатку ХХ стагоддзя, расплюшчыўшы вочы, беларуская гiстарычная свядомасць, фрагментарна складаецца з аскялёпкаў памёрлага быцця, што прамiнула праз псiхiчны свет соннага беларуса. Абуджаны беларус прагна шукае сябе ў гэтае снапамяцi i, шукаючы, прыходзiць да разумення свае асабiстасцi, свае ад'яднанасцi ад сусветаагульшчыны. Ён вычувае ў сабе цьмяныя вобразы далёкага старажытнага ладу, якi памёр, зрабiўся фальклорам; цяпер беларус дужыцца яго ад'жывiць, зрабiць яго з тутэйшага нацыянальным.

Каб гэтае ўбачыць больш выразна, трэба прыгадаць, што ж уяўляе з сябе "тутэйшы" на пачатку ХХ стагоддзя. Увогуле, як гэта не дзiўна, беларус, ягоная гiстарычная свядомасць "зачынаюцца" не з сябе. Псiхiчнаму беларускаму выбуху папярэднiчае пара вакольнага асэнсавання санлiвае пустэчы. Акурат носьбiты гiстарычнасцi суседнiх народаў першыя звяртаюць увагу на феномен беларускага сну; увага палягае не гэтак на меркаваннi, што "тутэйшыя" ёсць самастойны народ, а, увадваротку, на вызначэннi iхняе адно фальклорнае, не жыццёвае творчагiстарычна, адметнасцi. Такiм чынам, негiстарычнасць "тутэйшага", ягоны сон, суседнiя гiсторыкi, этнографы, фалькларысты часцяком уважаюць за iстотную адмету, якая вылучае тубыльцаў з агульнага iснавання вакольных народаў. У дадзеным выпадку фенаменальнасць "соннага царства" "тутэйшых" у тым, што iхняя негiстарычнасць як бы з'яўляецца iхняй гiстарычнай познаткаю, фактам гiсторыi вакольнае. Лiтаратура на "тутэйшай" мове адно паглыбляе гэты неразгад, акрэслiвае яго ў яшчэ большай ступенi. Першая лiтаратура ў беларускай мове ў ХIХ стагоддзi насамрэч "небеларуская". Пра гэтае трапна кажа Антон Навiна ў "Пуцяводных iдэях беларускае лiтаратуры”: “Нацыянальнага элементу ў беларускiм разуменнi не бачым яшчэ анi ў дэмакратаў, анi тым больш у шляхоцкiх пiсьменнiкаў (Рыпiнскi нават выразна кажа, што ён хацеў бы, каб яго "мужычкi" навучылiся перш чытаць, а пасля i гаварыць п а п о л ь с к у!). Няма гэткага свядомага нацыянальнага iдэалу ў iх i адносна да мовы беларускай, у якой усе яны пiшуць: п i ш у ц ь я н ы п а б е л а р у с к у, б о н а р о д т а к г а в о р ы ц ь !"

Цяпер мы ўвачавiдкi бачым, што беларускi сон – адметнасць, выяўленая ў негiстарычным культурабытаваннi, якое як бы i не беларускае нацыянальна. Гэтая народапустэчлiвасць дужа хвалюе навакольных лiтаратараў-небеларусаў. Лiрычна, вобразна малюе сон беларуса польскi паэт Ежы Янкоўскi ў артыкуле "Песняры маладой Беларусi": "Хоць вельмi бедным i змучаным гадамi няволi быў i застаецца селянiн, якi жыве на Беларусi, але над яго палеткамi ўсходзiла i заходзiла сонца, вылi вiхуры, шумелi сосны, гаварыла прырода. I над ягонымi загонамi з душы мiльёнаў пайшла ў свет мясцовая песня, сваеасаблiвая песня сумнай славянскай далiны. Была яна самабытная, безымянная, як шум сосен, як выццё вiхуры, як той стогн, якi чуваць перад узыходам сонца ў беларускiм краю". Адам Мальдзiс у кнiзе "Беларусь у люстэрку мемуарнай лiтаратуры ХVIII стагоддзя" цытуе польскую пiсьменнiцу Марыю Радзевiч, якая пiсала на пачатку стагоддзя нашага пра пустэчлiвасць палешукоў; працытуем i мы следма за Адамам Мальдзiсам: "Называецца Грыц, але прозвiшча яго легiён... Грыц не ведае, якая вялiзная ў яго радзiма i якая шматлiкая ў яго радня, як не ведаюць пра гэта дажджавы чарвяк, палявая мыш, крот, карась i вераб'i, што адначасова з iм на гэтай зямлi нараджаюцца, жывуць i знiкаюць".

Прачынаючыся, беларуская лiтаратура не можа пазбегнуць пачуцця нацыянальнае пустоты; тое, што вiдавочна для наваколля, вiдавочнае i для нованароджанага беларускага пiсьменства, якога гняце мiнулая пустапражытасць, хвалюе, мучае, катуе... I вось колас беларускае гiстарычнае свядомасцi вырастае з гэткага карэння: з беларускае негiстарычнасцi-сна. I першае, што "прыпамiнае" маладая лiтаратура – няпамятнае, напаўасэнсаванае, вобразаразмытае iснаванне "тутэйшага", якое ўжо заўважанае i апiсанае кiмсьцi чужым. Лiтаратура пачатку ХХ стагоддзя карэнным чынам ламае спрадвечную завядзёнку-лад пустэчлiвага народнага быту; яна робiць вельмi важны крок – праводзiць мяжу мiж вобразамi сну i вобразамi явы: яна раптам змушае сябе сiлком расплюшчыць вочы i ўбачыць, а тады i ўсвядомiць сон свайго народу. Нашанiўская лiтаратура ёсць буднiк, якi негадана нi для сябе, нi для беларускае пустэчы адкрывае новую рэчаiснасць – паслясонную яву. Абуджаны Янка Купала пытаецца, абураецца, будзiць уадначассi ў сваiм вершы "Што ты спiш?..": Што ты спiш, што ты спiш, Беларускi мужык? Глянь! Усталi усе, Як свет божы вялiк!

На беларускi сон Янка Купала пазiрае як на смерць, з якой нараджаецца новае жыццё; падгiстарычнасць народа ў разе гэткага разгляду выдае на адсутнасць гiстарычнае беларушчыны ў гэтым свеце, адсутнасць уласнага нацыянальнага я, адсутнасць самога сябе (i ў гэтым яшчэ адзiн неразгад сярод нялiчаных неразгадаў беларускае iснасцi: лiтаратура гiстарызуе "мёртвы" народ, народ, якi прысутнiчае ў рэчаiснасцi як гiстарычнанежывая iстота, якi нараджаецца са "смерцi"); далей у сваiм вершы Янка Купала параўноўвае сон са смерцю: Толькi ты, брат, адзiн, Як забiты, ляжыш I на долю сваю Не ўстаеш, не глядзiш.

Параўнанне сну са смерцю мы нямала сустрэнем у лiтаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Пры гэтым трэба ад'значыць два адметныя, яскрававыяўленыя "рэчышчы" гэтага сну: 1) сон "сацыяльны", якiм спiць прыгнечаны панамi селянiн i 2) сон "нацыянальны", у якiм апынуўся прыгнечаны суседнiмi панавiтымi народамi беларус.

Мастацкая збуда "мёртвага" народу чуецца скрозь усю нашанiўскую творчасць. Асабiстае, глыбокафiласофскае пе-ражыванне паводле сну знойдзем у Алеся Гаруна. Бадай што, ён першы з паэтаў, хто задумаўся са сну як са з'явы асабiстай, сваёй унутранай; калi, напрыклад, Янка Купала або Цётка – народныя абуджальнiкi, якiя ўзнялiся над дрымотаю i клiчуць прачнуцца, дык Алесь Гарун – абуджаны перажывальнiк сну; i таму ягоная паэзiя "спаснулае свядомасцi" – iнтымная, свая. Параўноўваючы сон са смерцю Алесь Гарун i сам разам з народам перажывае тую "смерць"; у сваiм вершы "Браты! дакуль мы будзем спаць?" ён не ўздымаецца да вяршыняў народнага прарока, будзiцеля, а прамаўляе "унутрана", з народу, з ягоных шэрагаў; ягонае я – часцiнка мы, i ягоны заклiк да збуды – сяброўская прапанова падымацца на ногi, а не агняны поклiч. Браты! дакуль мы будзем спаць Страшэнным сном, бо сном магiлыў! Браты! цi не пара ўжо ўстаць – Да працы ўзяцца што ёсць сiлыў! Ўвакола нас жыццё кiпiць, Мы – толькi мы – яшчэ спiмо, Калi ж народным жыццём жыць – Калi мы ўрэшце пачнямоў!

Гарунова паэзiя – пошук фiласофскi; паэт нечакана для тагачаснае лiтаратуры, клiчучы на пад'ём, задумваецца з беларускае "смерцi", спасцiгае яе.

Ён бачыць сон як аблуду, якая не адчуваецца, бо з'яўляецца часткаю аблуднага, дрымотнага стану беларуса: Над намi хмурны вiсяць ночы, I громы бед не будзяць нас, Бо закрываем свае вочы – Не бачым, як народ уграз... У лятаргу грозным лежымо I страх бярэ яго прарваць...

Ён заўважае аблуднасць вобразаў, народжаных сном: Ды дзiўны сны падчас снiмо, Што трудна нават расказаць... Што мы – не мы! нам нат здаецца, Вялiкасць iнша нас дурыць ...

Праз зманныя вобразы сну, калi чалавек удае сон за яву, перакажаецца i насамрэчная рэчаiснасць, у якой той чалавек iснуецца-спiць; аблудны сон беларуса нараджае аблудную беларускую рэчаiснасць: I сэрца шмат каго з нас б'ецца, Каб як для iншых толькi жыць... Чужое славiць слаўна iмя Сваёю працаю-крывёй I жыць ў затрутым славай дыме – I гiнуць... гiнуць, Божа мой!

Пра аблуднасць спання-стану пяе Алесь Гарун i ў вершы "Прывiтанне": Усенька забылiся... доўга Жылi мы – як? Самi не знаем: Сваёй была Вiсла i Волга, Не ў думцы, што родны край маем...

Цiкавы псiхалагiчны партрэт негiстарычнага народу, якi заснуў i не хоча выходзiць са свайго аблуднага стану, намаляваны ў вершы Янкi Купалы "Прарок". Паэт звяртае ўвагу на цёмнасць, недалужнасць людзей, якiя нядбайна жывуць-памiраюць у сваiм краi: Народ змарнеўшы таго краю Свайго нат iменi не знаў, Як непатрэбшчына якая, Гiбеў на свеце i канаў. Галовы людзi пахiлiўшы, Зямлю капалi, як краты, Ўтапiўшы ў мёртвай ночнай цiшы Усе жаданнi яснаты.

Адмысловыя паводзiны гэтага люду, калi да яго прыходзiць прарок i клiча "пакiнуць свой адвечны сон", iсцi за iм, да лепшае долi, "з цемры да святла": А людзi, глянуўшы на сонца, Адказ казалi грамадой: – Па колькi ж нам дасi чырвонцаў, Калi мы пойдзем за табой?

Сяргей Палуян на з'яўленне беларуса ў гiсторыi пазiрае таксама, як на абуджэнне ад "мёртвага" сну; у артыкуле "З нашага жыцця" ён кажа: "Цяпер ужо можна гаварыць i пра нашае жыццё. Доўга мы спалi, доўга цiхiмi крокамi наблiжалiся да iдэi нацыянальнага вызвалення i... набралiся-такi сiл для вытварэння ўласнага нацыянальнага жыцця."

Прыклады, калi мастакi спяваюць пра беларускую мiнуўшчыну як пра гiстарычны сон, а сваю творчасць уважаюць за гiстарычную збуду, можна працягваць – уся беларуская лiтаратура пачатку ХХ стагоддзя б'е наўспалох у званы, клiча народ скiнуць з сябе шматвяковую дрымоту. Такiм чынам, у лiтаратурным люстэрку бачныя два вiдавочныя i супрацьлеглыя памкненнi народу (семяно расце на два канцы – углыбкi i ўгору); мы адчуваем з аднога боку, якi негiстарычны, якi неабудны беларускi народ – ну, чыста каўтун якi, а з iншага боку бачым ягонае абуджэнне ад сну праз пяснярскае слова мастакоў. Проста лiтаратура пачатку ХХ стагоддзя стварае нацыю, i гэты негiстарычны народ, хоча ён цi не хоча, набывае раптам сваё нацыянальнае аблiчча i сваю нацыянальную гiсторыю, якая прыходзiць на Беларусь праз прыгожае пiсьменства.

Вацлаў ды Адам, вобраз ды паняцце...

Пераўвасабленне мастацкага сакральнага вобразу ў кантэкстоўнае i ў абыдзенае (гiстарычнарэчаiснае) паняццi – нараджае яшчэ адзiн беларускi неразгад. Прасцей за ўсё растлумачыць яго навуковым сiнтэзам мастацкае творчасцi, на падставе чаго беларуская гiстарычная свядомасць вызначае сябе паняццева, кантэкстоўна i разглядае сябе ва ўзаемасувязi ўсяго сусветнага гiстарычнага быцця. У пэўным, знешневiдавочным сэнсе гэтак яно i ёсць, але ў пакрыёмых абсягах нашатворчасцi ўсе новапаняццi выглядаюць сакральнавобразна, што можа сведчыць пра першаснасць у беларускай гiстарычнапаняццёўнай дзеi мастацкага пачатку.

Каб асачыць гэтае ўвачавiдкi, разгледзем, як жа абуджаная лiтаратурная свядомасць уяўляе сабе беларускую гiсторыю, як апаняццяўляе яе, абкантэкшчвае. Падыход Вацлава Ластоўскага да канцэпцыi, якую яшчэ напрыканцы ХIХ стагоддзя выказваў Мiтрафан Доўнар-Запольскi, iдэi беларускае гiсторыi, можа быць агульным прыкладам для пачатку, дый не толькi пачатку, ХХ стагоддзя. Прыгадаем словы Вацлава Ластоўскага, якiя ён кажа ў прадмове да сваёй "Кароткай гiсторыi Беларусi": "Гiсторыя – гэта фундамент, на каторым будуецца жыццё народу. I нам, каб пабудаваць сваё жыццё, трэба пачаць з фундаменту, каб будынак быў моцны. А фундамент у нас важны, гiсторыя наша багата: "жатва многа, а делатель мало", як кажа пiсанне." З гэтых словаў вынiкае, што гiсторыя ў беларуса ёсць, але мала хто пра гэтае памятае. Далей Вацлаў Ластоўскi прызнаецца, што, увогуле, няма каму ўспомнiць пра сваю гiсторыю: "Поле пустое, бо сыны бацькаўшчыны нашай к чужым у наймiты пайшлi, чужыя гумны i засекi багацяць!" Значыць, атрымлiваецца, што гiсторыя ў нас ёсць, багатая гiсторыя, але не нашая, не асябечаная (несвядомая), гiсторыя робленая намi падспудна, ненаўмысна на карысць чужакоў. Далей Вацлаў Ластоўскi працягвае: "Беручыся пiсаць кароткi... нарыс гiсторыi нашай, не меў я змогi даць навучны твор, плод доўгiх навуковых доследаў, – даў тое, на што было маёй змогi: сабраў з расейскiх, польскiх ды украiнскiх гiсторыкаў тое, што мне вядома было аб гiсторыi нашага краю i народу, злажыўшы ў парадак, якi кожнаму здарэнню вызначыла само жыццё." Паводле Вацлава Ластоўскага, гiсторыя беларуса ўяўляе з сябе цуг падзеяў, якiя могуць iснаваць у мiнуўшчыне як бы асобна ад таго народу, да якога псiхалагiчна i сутнасна прыналежныя, як бы асобна ад ягоных псiхiкi, памяцi, свядомасцi; гiсторык у гэткiм разе заклiканы вярнуць народу тое, што народ забыў або не з'яснiў у сабе чуццёва; гiсторык мусiць дастаць гэтыя нявычутыя культурна гiстарычныя падзеi з запамак i выкласцi iх пэўным парадкам на паперы. Iстотна тое, што мэта ў Вацлава Ластоўскага паказаць не толькi, якая гiсторыя ў беларусаў, але i паказаць тое, што яна, увогуле, iснуе. Творчасць даследчыка ў гэткiм выпадку галоўнейшая за насамрэчную iстапраўднасць – i ў тым мастацкi, сакральны элемент беларускага гiсторыятварэння. Разам з тым, такi падыход Вацлава Ластоўскага – сведчанне i за даўнюю негiстарычнасць "тутэйшых", якiя анiяк не выб'юцца на самастойнае гiстарычнае жыццё, але нiяк i не страцяць свае самабытнасцi. У гэтым разе лiтаратура адначасна прызнае i адмаўляе народны сон, спрабуе сатварыць з яго нейкую гiстарычную рэчаiснасць праз храналогiю неасябечаных падзеяў, якiя адбывалiся ў часе спання. Для Вацлава Ластоўскага, якi iдзе акурат такiм шляхам асябечання – шляхам вычування неадчутага колiсь, – гiсторыя, як ён сам прызнаецца, гэта асуджэнне здарэнняў, узятых з працаў iншых гiсторыкаў, "па свойму з становiшча карысцей i шкод беларускага народу". Iнакш кажучы, вядомыя факты, даследваныя гiсторыкамi суседнiх народаў i прыналежныя часам да гiсторыi суседнiх народаў, аўтар асвячае Беларускiм Духам. I гэтае, зноў жа, мастацкi элемент у паняццёвай гiсторыятворчасцi. Гiсторыя як навука пэўным чынам амастачваецца, яна лiтаратарызуецца, ператвараючыся з чужачых падзеяў i фактаў у беларускi мастацкi твор.

У чым асаблiвасць гэтага мастацкага твору, дый, увогуле, усялякага мастацкага твору? У неабмежнае свабодзе адлюстравання рэчаiснасцi – у прыдумцы. Прыдумка ў творы Вацлава Ластоўскага, як, зрэшты, ва ўсiм беларускiм нацыянальнасвядомым мыслярстве на пачатку ХХ стагоддзя, тоiцца ў меркаваннi, што "тутэйшы" народ – гiстарычны.

Гiсторыятворчасць, якая палягае на новаадухаўленнi няпомнага, праходзiць праз беларускае думнiцтва i пiсьменства скрозь усё ХХ стагоддзе i, бадай што, будзе жывiцца мастацкiмi сiламi ў трэцiм тысячагоддзi. Элемент мастацтва ў тварэннi нацыянальнае рэчаiснасцi выяўляецца ў гэтым вольным духаваннi. Дзеля прыкладу можна параўнаць гiсторыятворчасць Вацлава Ластоўскага i Адама Мальдзiса, мiж якiмi, як вядома,час ды час i мiж якiмi агульнае памкненне новасакралiзаваць старую, чужынскую, процiбеларускую рэчаiснасць.

У сваёй кнiзе "Беларусь у люстэрку мемуарнай лiтаратуры ХVIII стагоддзя" Адам Мальдзiс, прыводзячы выказванне Марыi Радзевiч пра беларусачарвячнасць, якое мы цытавалi ў папярэднiм артыкуле, палемiзуе з пiсьменнiцаю i слушна пытаецца: калi не было ў беларусаў гiсторыi, то тады хто на нашай зямлi сеяў, будаваў, жыў? "Негiстарычны? – пытаецца i абураецца Адам Мальдзiс. – Але хто ж тады разворваў ляды i ўзводзiў гарады? Чыiмi рукамi пабудаваны полацкая Сафiя i замак у Нясвiжы, вытканы слуцкiя паясы i карэлiцкiя габелены, выразаны гравюры для магiлёўскiх старадрукаў, нанесены малюнкi на ўрэцкае i налiбоцкае шкло? Хто iграў у прыдворных капэлах i танцаваў у прыгонных тэатрах? I адкуль з'явiлiся Францыск Скарына i Сiмяон Полацкi, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч i Францiшак Багушэвiч? А калi ўлiчваць ураджэнцаў Беларусi – Адам Мiцкевiч i Уладзiслаў Сыракомля,Станiслаў Манюшка i Валенцiй Ваньковiч?" I далей Адам Мальдзiс у сваiх пошуках адказу на зададзеныя пытаннi дужа падобны да Вацлава Ластоўскага, бо немiнуча прыходзiць да задумення, наколькi беларуская, наколькi нацыянальная тая багатая на падзеi i iмёны даўнiна: "Праўда, зноў з'яўляецца сумненне, яны ж выйшлi не з сялянства, а пераважна з шляхты. Але што такое шляхта? Тут непазбежна ўзнiкае мноства новых пытанняў. Была гэта шляхта прышлая, польская? Цi пераважна беларуская, але толькi апалячаная? I ў якой ступенi яе дзейнасць – грамадскую, навуковую, лiтаратурна-мастацкую – можна аднесцi да беларускай гiсторыi? А калi не ўсю дзейнасць, то якiя яе праяўленнi? Толькi беларускiя па мове цi таксама iншамоўныя? I цi магла б гэта шляхта дзейнiчаць, ствараць духоўныя каштоўнасцi, проста iснаваць, калi б не iснаваў "негiстарычны" беларускi селянiн, калi б ён не кармiў i не апранаў тую шляхту?"

Яны абодва – i Мальдзiс, i Ластоўскi – перад беларускай гiстарычнай пусткаю; абодва яны шукаюць прычыну, грунт, рэчаiсную праяву даўняе гiсторыi i нiчога не знаходзяць, апрача як сябе. Яны самi – прычына, грунт i рэчаiснапраява нацыянальнае гiсторыi; iхняя навуковая, апаняццяўляльная логiка палягае адпачатна на сакральнай творчасцi, на вольнамастацкасцi светаспасцiжэння, на шчырасцi свайго ўласнага духаспамыслення; iхняе панятаванне – усяго далёкая частка iхняга вобразадумнiцтва, а iхняя апаняццяўлёная гiсторыя ёсць сакральны вобраз, адвольны мастацтвасвет, трансцэндэнтальная, непадуладная акантэкстаўленню творчарэчаiснасць. Яны падобныя, i Вацлаў, i Адам, у тым, што слухаюцца адно свае душы; i першы некалi асудзiў некаторыя здарэннi "па свойму з становiшча карысцей i шкод беларускага народу", i другi асвячае сёе-тое Беларускiм Духам. Адзiн збеларусiў цэлыя старажытныя дзяржавы ды процьму князёў, а другi нацыянальнапрысабечыў польскамоўныя мемуары, спакойна заявiўшы, чаму б беларусу не паглядзецца ў гэтае лiтаратурнае "люстэрка", "якое можна лiчыць агульнай уласнасцю, супольнай спадчынай беларусаў i iх славянскiх суседзяў."

Гэткая аднолькавасць падыходу да гiсторыi ў творчасцi Вацлава Ластоўскага i Адама Мальдзiса не выпадковая. Можна гаварыць не толькi пра нахiл беларускiх думнiкаў у бок гэткага падыходу, але i пра абавязковую адметнасць асвячэння Беларускiм Духам прамiнулых старажытных падзеяў – адметнасць, без якой нi на пачатку стагоддзя, нi пры канцы анiяк не абысцiся беларускай гiстарычнай свядомасцi (нават у канцэпцыях "адзiн камель i тры галiны", якiя разглядаюць развiццё беларусаў, рускiх i ўкраiнцаў як рост аднаго дрэва, можна казаць пра абавязковасць i неадоймнасць гэтае адметнасцi; цi так, цi iнакш, а ўсё адно прызнаецца i сцвярджаецца гiстарычнасць негiстарычнага беларуса).

Падобныя Вацлаў Ластоўскi i Адам Мальдiс мiж сябе, падобныя дужа. I той, i гэты кажуць насуперак усяму свету, што ў беларусаў была свая гiсторыя, але ўдначассi яны вымушаныя згадзiцца з тым, што яе не было. Мы ўжо цытавалi словы Вацлава Ластоўскага наконт таго, што беларусы пайшлi ў наймiты да гiстарычных народаў. Цяпер мы працытуем словы Адама Мальдзiса, якi ў сваёй кнiжцы "Беларусь у люстэрку мемуарнай лiтаратуры ХVIII стагоддзя" вымушаны гэтак жа, як i Вацлаў Ластоўскi, прызнаць колiшнюю беларускую нацыянальную пустэчу, кажучы, што "беларусы тады сапраўды яшчэ не ўсведамлялi сябе адзiнай нацыяй", ды пагадзiцца з Марыяй Радзевiч: "А жыццё беларускага селянiна сапраўды нагадвала вегетацыю. Вонкава ўсё ў iм iшло па спрадвечных кругах: нараджэнне – вяселле – хаўтуры; сяўба – жнiво – малацьба... I кругi гэтыя здавалiся замкнутыя."

Хiба што розняцца мiж сябе Вацлаў Ластоўскi i Адам Мальдзiс тым, што першы ў скрусе праз беларускую гiстарычную пустоту крыўдуе на нядбайнiцтва "сыноў бацькаўшчыны", а другi, не менш маркочачы, шукаючы выйсце з навязлiвага, невыблытнага наскага тупiка-пытання, прыходзiць да думкi, што беларуская негiстарычнасць i ёсць беларуская гiсторыя, што жыццё беларуса навослеп – "гiстарычная непазбежнасць, неабходнасць" i, разам з тым, частка беларускага яцтва.

З вышэйгаворанага не цяжка выснаваць, што апаняццяўленне, абкантэкшчванне беларускае духатворчасцi нашымi нацыянальнасвядомымi гiсторыкамi ёсць творчасць унутры сакральнага вобразу. Можна сказаць, што найлепшы доказ беларускае навуковае канцэпцыi, ейнае слушнасцi – то прагнае вычуванне i апаняццяўленне гэтага святавобразу. Сам па сабе "голы" гiстарычны факт, якi не вынiкае з сакралу – бяссэнсiца ў нашым сэрцы, акамелая, чужасветная перадбеларускасць; iначай: у чужасвеце "няма" беларусагiсторыi, а ёсць аскабалкi-факты старажытнага мёртваабсягу, якiя ў вынiку няўпыннае гiстарызацыi нашае свядомасцi, новасакралiзацыi рэчаiснасцi, ейнага збеларушвання робяцца нашымi, крэўнымi. Паняцце ў беларускай гiстарыяграфii – паняцце вобразнае, падпарадкаванае душэўнай логiцы, логiцы сэрцадумнiцтва, а не логiцы мёртвага розуму; гiстарычныя факты i рэалii – мiзэрнае адпланецце бясконцай,творчай, мастацтвадзейснай беларускай душы.

Нам трэба ўзараць шчырэц. Мы яго ўзарэм

Завяршыць кнiжку гэтым маленькiм артыкулам нас спасобiла выснова, што наўкола i паўсюдна спрэс нявораны цалiк i беларусу трэба ўзараць тыя нярушаныя адлогi. Жывая беларушчына ратуе нас ад паўтарэнняў прамiнулых падзеяў i часоў, ад калькавання гiсторыi, якая даўно ўжо не мае сiлы стрымлiваць духалёт творчае сакральнае асобы i якая ёсць амаль што бяздухая iмiтацыя самое сябе. Навошта нам той учорашнi свет, калi ж ён i сам сабе не патрэбны?

Сёння па ўсiх краях усё жывое прагне творчасцi i новастварэнняў; асоба чуе ў сабе духасiлы большыя, дужэйшыя за ковы рэчаiснасцi, што колiсь стрымлiвалi i гнялi вечную душу; чалавек памалу адчувае моц сваех глыбiняў, якiя цягам тысячагоддзяў брынялi ў iм вялiкай сусветастваральнiцкай, богатворчай iдэяю; дух, выспелiўшыся, мкне па-за межы апоны; чалавецтва перанараджаецца: адпадае змярцвелая лушпа людскага богарабства, нараджаецца сiла людскага богатворства. Вольнасветныя, рэчаiснатворныя спамысленнi Чалавечага Духу выдухаўляюць iншае, чалавекабоскае бытаванне. Глыбокiя, тайнiчыя, мудрыя сусветныя адкрыццi ў мастацтве, думнiцтве, навуцы вядуць нас у гэты велiчны, жудасны, пакутлiвы, чароўны, вабнаўрачыстоўны быт; адкрыццi гэтыя адкрываюць нам адкрытасцi некранутыя гiсторыяю, створаныя намi дзеля нас; яны адкрываюць вечнанеахопнае гала творчасцi – няворанае поле, наш творчы шчырэц, якi трэба нам узараць i якi мы ўзарэм.

Беларушчына, народжаная лiтаратарамi на пачатку ХХ стагоддзя, як ужо вышэй мы сказалi, ратуе беларуса ад багны мёртвае гiсторыi, ад укаржэлае апавядальнае дакументалiстыкi свайго быцця. Пара новадуховасцi, свабоды дае вольнае права на самападстаўную творчасць. У гэтым вольнавыбуху Беларускага Духу ёсць характэрная асаблiвасць: мы народжаныя iм, аднак ягоная праява ў свеце залежыць ад нас. Растлумачым сказанае.

Беларускi Дух не нейкi абавязковы астрог для душы, ён нават не звышдадзенасць, спасланая нам, як божы дар; то Дух, да якога мы самi iдзем. У рознiцу ад гiстарычнага бытавання, калi чалавек, народ, грамада ўжо ад нараджэння з'яўляюцца носьбiтамi, працягвальнiкамi гiстарычнасцi, нейкае завядзёнкi, калi яны нясуць ад самага свайго пачатку пэўнае гiстарычнае таўро, якога не могуць з сябе сцерцi, а, бывае, сцiраючы, выяўляюць яго яшчэ ў большай ступенi, як яно ёсць ад нараджэння, – дык у адрозненнi ад iх, сакральны беларус не нараджальна, а самавыбарова прыходзiць да адлогаў свае духатворчасцi. Мы ёсць уадначассi дзве процiборныя стыхii, мы жывем у беларусанароджанасцi i ў беларусасамавытварэннi; пры гэтым, нарадзiцца беларусам не азначае яшчэ iм быць сакральна, i ёсць прыклады, калi, каб быць святабеларусам, не абавязкова iм нараджацца. Беларуская духатворчасць, такiм чынам – не наканаваная гiстарычная насьба таўра на лобе, а вольны выбар, самахотны прыход у адоймы Духу. Значыць, праявы Духу, якi запальвае душу беларуса, у нечым залежныя ад гэтага самавыбару: не будзе самавыбару, дык не будзе i рэчаiсных духапраяваў; у свой чарод i самавыбар той ёсць магутная праява Духу, ён абумоўлены наўзвышнiм духаваннем.

Сёння ўжо вiдавочнае, што мы вытвараныя сакральным маўленнем, i нашая пуцявiна да Беларушчыны – то пуцявiна праз мастацтвасвет нас да нас. Цi то нас-нараджэнцаў да нас-духоўнiкаў. I ёсць яшчэ адваротнае памкненне (ад духу да лiтары), праз якое прага духаспамыслення, вырэчаiснення беларуса ў вакольным свеце, змушае нас на iставанне, вылюстэрванне, матэрыялiзацыю глыбокага духовага хвалявання. Значыць, духабеларушчына дае магчымасць вечнага, трансцэндэнтальнага шляху: беларус крочыць да сябе i праз сябе – да новабеларуса, а тады зноўку, чарговага разу, адбываецца гэты колазварот - асябечанне, ад беларуса i да сябе. Кожны крок, кожнае адкрыццё на святой самапуцявiне – то вобразажыццё: жыццё нас-вобразаў у нас-вобразах намi-вобразамi; гэта вечнасць, якая ператварае штодрабнiцу, выпадковую i наўмысную, у бясконцы сусвет, у гала-неруш, у шчырэц для працы бязмежнавымыкальнага Творчага Духу.

Мы – жывiнны вобраз, народжаны мастацтвам; i мы iснуемся ў гэтым бяздонным вобразе, шырым яго, глыбiм, развiваем... Бясконцатворчы чын перанараджае сусвецiцу з мёртвае безданi над намi ў жывую бездань у нас, i нашае духаванне мудрым спамысленнем-дойлiдствам мкне на ўсе разгорнутыя крылы па бяскрайнiм, заўждынекранутым, заўждытворчапрагным нашасвеце...

...Мы яго ўзарэм.