Маленькі сшытак Лявона Вашка

Выпуск другі

Вашко Лявон


СПАВЕШЧАННЕ - прамова

ЗАЙГРАЎКА ДА БЕЛАРУСКАЕ ДУХАХРАМНАСЦІ

Прамова, прачытаная ў Полацку ў часе ўручэння літаратурнае прэміі “Глiняны Вялес”-1997.

Хочацца, скарыстаўшыся з сённяшняга прыемнага выпадку, сказаць пра асаблiвае жыццё беларускага мастацтва ў вакольным цяперашнiм свеце – пра ягоную жывасвятнасць. У нашай краiне мастацтва заўсёды iснавалася дваяка:

як прадмет рэчаiснасцi, якая процiстаяла творчасцi жывога Беларускага Духу,

i як зьява, якая ў канчатковым вынiку духатварыла паўсюдную чужынскую прадметарэчаiснасць.

Iначай, мастацтва як дух знаходзiлася ў заўсёдным процiборстве з раальнасцю, разам з тым пераўтвараючы яе. Галоўная роля гэткай адмысловай творчасцi-дойлiдства належала, вядома ж, прыгожаму пiсьменству.

Якраз прыгожае пiсьменства нарадзiла нацыянальную рэчаiснасць на пачатку ХХ стагоддзя; нараджэнне гiстарычнай Беларусi – фяномен найперш мастацкi, духовы, псiхiчны, а тады ўжо сацыяльна-гiстарычны. Гiстарычнае ўрэчаiсненне беларускае дзяржаўнасцi напрасткi вынiкае з глыбiннага мастацкага вобразу Беларусi, якi стварыла маладая нашанiўская, i паслейшая, лiтаратура. Як засведчыў наступны час, вобраз гэты неўмiручы, бязмежнанапаўняльны i бязмежнатворчы; па сутнасцi, Беларусь нiколi не жыла напоўнiцу iстапраўдна-рэчаiсна, i як прадметная рэчаiснасць яна заўсёды была проста атнiчным краем, мёртвым, не здатным на якоесьцi паўнавартаснае нацыянальнае жыццё; i разам з тым ад першых сваех дзён Беларусь жыватварылася духова, вобразамастацкi – i гэтае карэнным чынам бурыла ўсе аб’яктыўные законы свету акурат мастацкаю свабодаю Духу; паводле гэтае бязмежнае мастацтвасвабоды, наперакор аб’яктыўным i мiзэрным законам рэчаiснасцi раб стаўся творцам, той, хто нарадзiўся поўзаць, здолеў паляцець да неба, а старажытныя гукi i сугуччы, якiм было наканавана цiха сканаць-змоўкнуць пад гэтым небам, спалучылiся ў тайнiчую песню маладое беларускае душы i выявiлi ў свеце новы народ i новую культуру.

Разуменне велiчы i сiлы духатворчасцi асаблiва важнае сёння, калi беларускае мастацтва апынулася на новым вiтку рэчаiснага процiборства. Паўсюдная паняверка, што апанавала нашых пiсьменнiкаў, – вынiк гэтага процiстаяння, у якiм выявiлася абавязковае пярэчанне мiж мастацкiм чынам i аб’яктыўнасцю: моц выбухаў Духу заўсёды выяўляе моц рэчаiснае процiвадуховасцi; i ўвадваротку, духазаняпад азначае ўладу мёртвага рэчаiснага прадметасвету над жывiннаю дзеяю Духу, уладу сатаны-разбуральнiка над чалавекам-творцам. Вось чаму паняверка ў сучаснай нацыянальнай лiтаратуры, маральны паралюш, нежаданне тварыць з пустасвету наш духакрай сёння кажа на ўнутраны заняпад мастацтватворчасцi.

Выйсце ў гэткiм становiшчы можа быць толькi адное: трэба як хутчэй выціраць слёзы i ўшчыльную брацца за будаўнiцтва беларускага Храма Духу – краiны нашае духовае Творчасцi; iначай кажучы, мастацкi творчы чын, свядомае процiпастаўленне беларусазнiшчэнню беларусатворчасцi мусяць зрабiцца галоўнаю задачаю, галоўнаю мэтаю i галоўным спосабам нацыянальнага iснавання. Той бяздонны мастацкi вобраз беларускасцi, запалены на пачатку ХХ стагоддзя нашымi першымi дойлiдамi, вобраз, якi надалей вырэчаiснiў i Беларусь, i нас самiх, трэба асвяцiць новымi выбухамi Беларускага Духу, трэба збудзiць новымi сполыскамi Беларускага Светатварэння. Сатану, якi сёння гуляе баль на абсягах Бацькаўшчыны, мы здолеем змагчы, калi патрапiм вытварыць насуперак яму наш боскi свет – чысты, ясны, беларускi, свет Духу i Творчасцi. Вайна ж з сатаною ў той спосаб, да якога ён штурхае, павяртае да разбурэння i заняпаду, да яшчэ большае паняверкi i да яшчэ большага асатанення, якiя ёсць зараз. Плюгавага можна выкаранiць, адно ствараючы, але не руйнуючы; толькi ў гэтае барацьбе мiж тварэннем i руйнаваннем згiне тое, што даўно належыць сатане ды даўно мусiць згiнуць i без нашых высiлкаў, i народзiцца тое, што сёння чакае ад нас аграмадных духовых вымогаў у справе беларускага светатварэння. На мёртвых пацяробах, што пакiдае па сабе плюгавы, мы пасеем мiллёны жывых беларускiх словаў i выспелiм мiллёны неўмiручых беларускiх iдэяў; мы наталiм жывымi мастацкiмi вобразамi беларускага свету мiллёны сэрцаў, якiя прагнуць гэтых вобразаў i мастацкага сутварэння, i абудзiм прагу да святой беларушчыны ў мiллёнах людзей, якiя ўсё яшчэ дрэмлюць у навакольным прамiнулым, ужо ўчорашнiм свеце.

Вось некаторыя мае меркаваннi наконт духахрамнае творчасцi, з якiмi мне хацелася б падзялiцца сёння i якiмi б мне хацелася кiравацца ў пiсьменстве.