Ніна Чарнейка нарадзілася ў вёсцы Перавалока Рэчыцкага раёну Гомельскае вобласці ў беларускай сям’і з сямі дзяцей. Яна з маленства пісала вершы. Скончыла мядычную вучыльню і працавала медсястрою ў Менску. Калі адбылася аварыя ў Чарнобылі, Ніна Чарнейка гасцявала ў бацькоў у Перавалоцы, якая знаходзіцца паблізу атамнага раактару. У 1997 годзе ў аўтамабільнай катастрофе загінуў ейны муж. Ніне давялося адной гадаваць малых дзяцей – сына і дачку. У 1997 годзе Ніна Чарнейка пачала траціць прытомнасць, і яе паклалі ў шпіталь. Пасля мядычнага агляду ёй зрабілі апярацыю; праз год яшчэ адную. 27 ліпеня 2000 году ў трыццацітрохгадовым веку Ніна памёрла. Пахавалі яе ў Жодзіне, куды пасля Чарнобылю перасяліліся ейныя бацькі. У 1999 годзе Ніна Чарнейка выдала зборнік паэзіі “Грамнічная свечка”.
Чараўніцтва Ніны Чарнейкі наваражылася казкамі і пакрыёмым паляшуцкім сусветам, у якім лесавікі і ваўкалакі ўсё яшчэ жывыя і час прабягае па сэрцы асаблівай кроўю – кудзебнай, напоўненай свабодаю мараў і праўдаю багоў; напэўна, Ніна Чарнейка самая зьявілася з гэтае спрадвечнае казкі – сярод шэрага змрочнага быту ейнае жыццё хвалявалася спакойным і невыказным хараством, бяздоннай загадкаю і шчымлівай светлай варажбою; яна бясконцавечна варажыла, размалёўваючы шэрабыт чыстымі сонечнымі фарбамі; “Я пакідаю краіну зданяў пачварна-чорных, дзе валадараць заўсёды званні, пагарда й грошы. Я пакідаю краіну цемры, іду да сонца, дзе промень цёплы, надзіва светлы, не рэжа вочы”; яна пісала вершы па-прарочы, на развітанне; яна пісала іх на сценах свайго жытла – роднае хаты, інтарнатаўскага пакою, у якім пражыла доўгага часу, менскае кватэры, якую атрымала за некалькі месяцаў да смерці, пісала над сваім ложкам і калыскаю дзіцяці; гэта былі дзіўныя, паатычная заклёны, самотная беларуская богавера, – праз свае жыванадпісы Ніна Чарнейка выісточвала пакрыёмы чарасвет, чутны адно ўсхваляванню душы і незразумелы абыклае абывальніцкае думцы; то было няўрозумнае валхваванне, больш паэтнае за самыя вершы, – жыццё Ніны паэцілася незвычайнапрыгожай музыкаю, і з гэтае жыццямузыкі шчырагучнымі нотамі вершаваўся ейны лёс; жыццё было паэзіяй, а вершы – ейнаю часцінкаю; і Ніна жыла ўласнай богамузыкаю-вершамі і ёю памірала; яна пакрысе і немінуча, наканавана знікала ў сваім вабным і тайнічым чарасвеце.
Жыву паміж Зямлёй і Небам,Няўхільная смерць-паміранне Ніны Чарнейкі поўнілася творчай дзеяю, неўміручасцю і жыццём, і музыка ейнае душы радзілася гэтым невядомым нябёсным жыццепазамежжам, якое вычувала ў сабе паэтка; то вельмі пяшчотная музыка, яна праменілася дабрынёю і спакоем. Ніна Чарнейка ўражвала тым святлом, якое ішло ад яе; ейная душэўная бездань была напоўненая да краёў спагадаю і нейкаю святою безабароннасцю перад жорсткім лёсам: гэты свет нішчыў яе каменным цяжарам, а яна адорвала яго сваімі прыгажосцю і ласкаю; яна больш чым хто мела патрэбу ў дабрыні і ў спагадзе ад гэтага свету і, не атрымліваючы яе, самая несла ў яго дабрыню і спагаду; яна ніколі не дакарала гэты свет, і не злавала на яго, і не наракала, – яна яго ціхамана, як бы ўтайкі, пакідала, сыходзячы ў свой чароўны і шчасны край, адно заварожана шаптала ў перадсмяротных вершах: “Іду да шчасця, іду паволі да лепшай долі. І не вярнуся сюды ўжо болей я аніколі…”; яна існавалася асаблівай чуласцю: ейнае сэрца ўмела не забыцца на якіясь абавязковапатрэбныя дробязі і шчыраўсхваляваць мудрай глыбінёю якоесь выпадковае свята, якісь выпадковы дзень, якіясь выпадковыя словы…; Ніна няўгадным чынам заўсёды дазнавалася, калі неабходна паталефанаваць камусь з сяброў, і гаюча дакрануцца да ягонае душы сваёй нягучнай пяшчотаю; і чаравала, і гаіла.
Ніна Чарнейка памёрла гэтак, як звычайна паміраюць беларускія паэты: самотна, безабаронна і загадкава…; і разам з тым яна пайшла адметнай, толькі сваёй сцяжынаю: ейная самота – ад ведання нечага больш вечнага і мудрага за навакольны свет, ейная безабароннасць – ад шчырага жыцця ў гэтае мудравечнасці, ейная загадкавасць – ад нашае немагчымасці вычуць мудравечны чаракрай, які спасціглавычула яна…
Ейная смерць – жывое ўзвышэнне над смерцю, сыход у чароўную казку; яна знікла негадана і непрыкметна, каб калі-небудзь казачнапрахвалявацца сярод нас спакойным пробліскам святое дабрыні, тайнічым задуменнем разгорнутае сусветакнігі, жыватворным пошаптам палескага таемначару…; чараўнікі бо не паміраюць – яны ператвараюцца ў птушыную адбожнасць сузор’яў і сусветаў і па-ранейшаму дораць наваколлю свае таямніцы; разумеючы гэтае, Ніна Чарнейка незадоўга да свайго пераўтварэння, калі была ўжо на божай дарозе, зайшла ў фотааталле і зрабіла апошні здымак, які друкуецца разам з гэтай апасмерткаю; трываючы боль і прадчуванне смерці, у адказ гэтаму свету, пакутам і нястачам яна ўсім сваім паляшуцкім жывачарам, заварожана і таемнаназагадкава ўсміхнулася ў фотааб’яктыў на развітанне з нікчэмным бытам і насустрач сваёй шчаслівай казцы.