Маленькі сшытак Лявона Вашка

Выпуск другі

Вашко Лявон


ДУМНІЦТВА - літаратурна-крытычныя артыкулы - „Сон” і „абуджэнне” ў творчасці Янкі Купалы

Фенаменалагічны падыход да развіцця беларускае літаратуры і станаўлення беларускае гістарычнае свядомасці вымагае ад даследчыка наўмыснага, свядомага асабістапачуццёвага “ўдзелу” ў літаратуры; гэтае пагатоў неабходнае таму, што літаратура і станаўленне гістарычнае свядомасці, як кожная жывая зьява, – вынікальныя з неразгаду і дарэшты непадуладныя разумовае логіцы; апрача таго, літаратура і станаўленне гістарычнае свядомасці як творчы чын – зьявы псіхічныя, душапрамоўныя, і гэтае таксама сведчыць пра іхнюю пакрыёмую, неразгадную прыродадзею-пачуццё. Такім чынам, літаратуру і свядомасць недастаткова разглядаць як аб’ект інталектуальнага сузірання – ноўмен; яны адпачатназьяўныя, а не -прадметныя: яны з самага пачатку вылітаратурванне і высвядомасненне, па-за якімі і ў якіх схаваны няўрозумны тайнасвет; згадзімся, што літаратура як творчасць і свядомасць як спазнанне – зьявы спасцігальныя адно праз пачуццёвы досвед і, значыць, фенамянальныя.

Цуг яўных і пакрыёмых фяноменаў літаратуры, якія сістаматызуе і асансоўвае даследчык, вядома ж, можна “ўзаконіць” хоць і праз той жа традыцыйны сацыяльна-аканамічны разгляд рэчаіснасці; аднак кожнае літаратурнае “правіла”, трапна лёгшы ў пракрустаў ложак аб’яктывізаванае рэчаіснасці, выявіўшы хай сабе і самую што ні ёсць дакладную копію мастацкае зьявы, 1) застанецца адно спрадмечанай копіяй, якая з цягам часу яшчэ больш, чым спачатку, 2) страціць адпаведнасць з жыццёвай дзеяю і ператворыцца ў падман: 1) фатаздымак чалавека не адпавядае жыццю гэтага чалавека, 2) фатаздымак чалавека, зроблены ў маленстве, не адпавядае фатаздымку, зробленаму ў старасці, і між гэтымі пярэчлівымі адно адному выявапрадметамі застаецца няўбачанае, зноў жа, зьяважыццё, – здымак жа, які бліжэйшы па часе да жывога чалавека, зьяўляецца як бы “больш праўдзівым-раальнаадпаведным” у дачыненні да фатаздымку даўняга; ёсць і яшчэ праблема аб’яктыўнага спазнання фенамянальнага: фатаграфічная карціна залежыць ад таго, хто яе сфатаграфаваў і як яна сфатаграфавана. Тым не менш жыццю адпаведнае толькі самое жыццё, і таму фенаменалагічны разгляд літаратуры адпачатна не дамагаецца права на праўдзівасць і ўсёсказанасць – фенаменалогію цікавіць самое жыццё, а не ягоная праўдзівасць, фенаменалогія бо самая ёсць жыццё; вывучэнне і аналіз фяноменаў – гэта абавязковае асабіставычуванне сваех уласных пачуццяў, гэта сакральны саўдзел даследчыка ў літаратуры як жыцці.

Такім чынам, фенаменалагічная праблема навуковага спасціжэння Купалавае творчасці выходзіць за межы прадметнага свету і бяскрайна сягае ў свет зьяўны. Перад даследчыкам, якім бы ён аб’ектывістам ні быў, заўсёды акрэслівалася пярэчанне між літаратураю-прадметам і літаратураю-дзеяю, ці то між літаратураю-аб’ектам-ноўменам і літаратураю-пачуццём-фяноменам; жывы ўдзел у літаратуры наканоўвае даследчыку адпачатна пачуццёвае выяўленне свае ідэі – душахваляванне, якое і абумоўлівае далейшую ідэю; у гісторыі беларускае літаратуры шырокавядомыя выпадкі, калі патас проста абсурдаваў аб’яктыўную ідэю, прыдаючы ёй звышмёртвыя формы – прыгадайма вульгарныя канцэпцыі, у святле якіх разглядалася Купалава творчасць; Янка Купала то паўставаў пралятарскім паэтам, то яўным нацыяналістам, ягонае імя падымалі на свой сцяг і камуністы, і фашысты; гэткае вульгарнае апрадмечванне купалля тым не менш яскрава сведчыць пра фенамянальнае пярэчанне між неразгадным светам душы і аб’яктыўным уцелаісненнем духовага; аб’яктывізм, неўсвядомлена асноўваючыся на ўнутраныя духовыя жыватворныя сілы, свядома “фатаграфуючы” рэчаіснасць на нейкім гістарычным зломе, стала мадаляваў-апрадмечваў вобраз песняра, адказваючы на пытанне, хто такі Купала?; гэты вобраз-прадмет, як вядома, праз пэўны час абвяргаўся, бо час імкліва бег наперад і цягам яго рабіўся больш сучасны фатаздымак, які ў большай ступені “адпавядаў” зьяве на новым вітку ейнага развіцця, чымся фатаздымак ранейшы; тым не менш фенаменалогія на адвечнае пытанне, пастаўленае аб’ектывізмам, адказвае проста і разам з тым глыбока, “зьяўна”: Янка Купала – гэта ты сам не як прадмет, а як зьява. Гэткае даследванне купалля праз самога сябе пэўным чынам пераўтварае кантэкст літаратуры ў абсурд, але і адначасова падкрэслівае мёртвасць кантэксту, ягоную недасканаласць, і сведчыць за неўміручую сілу Духу; напрыклад, прэсупазіцыйнае даследчыкава пачуццё нараджэння новай нацыі будзе карэнным чынам уплываць на выснову, што Янка Купала – прарок свайго народу; Янка Купала – прарок толькі тады, калі я адчуваю яго прарокам.

У гэтай сувязі і разглядаецца намі Купалаў літаратурны фяномен – свет неразгадаў, якія раскрывае для свядомасці душа даследчыка. Сярод гэтых неразгадаў “сон” у творчасці паэта падаецца адным з самых відавочных чыннікаў гістарызацыі беларускае свядомасці і раскрыцця ды станаўлення Купалава генія. У дадзеным выпадку слова сон узятае ў дзвюкоссе, падкрэсліваючы тое, што ў артыкуле першачародна ўважаецца на сон як на фенамянальную зьяву, як на пачатак свядомаснага спасціжэння Беларусі і як на мастацкі чыннік рэчаіснасці, а ўжо другарадна як на літаратурныя тэму і вобраз; сон беларуса – гэта тая ўсхваляваная нота-фяномен, з якой нараджаецца ў беларускай паэзіі нацыянальная гісторыя; і Купалава паатычнае слова саліруе ў творчым шматгалоссі беларускіх творцаў.

Ужо сам псеўданім паэтаў сведчыць пра “неабыякавасць” Янкі Купалы да сну; купалле-свята ёсць бадзёранне напроці ночы, імклівая сакральная дзея насупраць сну; і купалле-творчасць ёсць няўпынная бессань сярэдначы, настойлівы сакральны супрацьсонны чын, упарты шлях “з цемры да святла”. У першых сваех вершах, яшчэ “дабеларускіх”, Янка Купала хвалюецца ноччу, смуткуе ў ейных адоймах:

Lubię ja dumać o wieczornym zmroku,
Gdy świat przywdzieje nocne czarne stroje
I gwiazdka zajrzy w okieneczko moje. –
O, w takim zawsze koham się widoku!
(“O zmrocy”)

Гэткі “багдановічаўскі” матыў ночы-задумення ў іншым польскамоўным вершы Янкі Купалы змяняецца на матыў ночы-пакуты:

Sny ułudne, nierozbudne,
Tęnsknot pelne sny
Omroczyły moją dusze,
Niby nocne ćmy.

Skrami lśniące gwiazdy, słońce
Jeno mroky śla,
Ziemia, ludzie – jedną pustką,
Jedną smutną mglą.
(“Sny ułudne, nierozbudne…”)

У розных купалаўскіх польскамоўных вершах раз-пораз сустракаюцца вобразы сну, ночы (“Z bolem wieczystym w swych mrzonkach zamknieci…”, “ Ze wspomnień”, “W noc majowa’’).

Ужо ў “дабеларускай” паэзіі Янку Купалу хвалююць пэўныя самаадсутнасць у часе, негістарычнасць, безмінуўшчына і нябудучнасць (акурат гэтым абумоўлены зварот маладой беларускай літаратуры да вобразу сну), калі ён гаворыць:

Przestańcie marzyć o sławnej przeszłości
Marzeniem svoim już jej nie wskrzesicie…
(“Przestańcie marzyć o sławnej przeszłości…”)

Кажучы гэтак, Янка Купала кліча замест мараў пра мінулае здабываць будучыню руплівай працаю:

Sercem poddajcie się lósow swawoli,
I pracą cichą uścielajcie dla się
Drogę do przyszłej promienistszej doli.
(“Przestańcie marzyć o sławnej przeszłości…”)

Ужо ў хуткім часе матывы сну зробяцца стрыжнявымі ў творчасці паэта; негістарызм і самаадсутнасць акрэсляцца ў творчасці больш выразна, яны аббеларусяцца, абнацыяналяцца, а заклік не марыць аб сваім мінулым выявіць адзін з парадаксальных фяноменаў новага гістарычнага беларуса: можна сказаць, што ўся беларуская свядоманацыянальная літаратура, заклікаючы да адраджэння, да здабыцця сваёй будучыні руплівай працай, насамрэч марыць аб сваёй гісторыі, мінуўшчыне, якой у яе няма.

Гэтая настальгія па няісным мінулым сустракаецца ў шмат якіх Купалавых вершах; ну, вось хоць бы і ў вершы “Над сваёй айчынай” паэт неўяснёнанастальгічна “ўспамінае”-марыць пра мінулыя часы:

Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыццё?
Свой народ быў кругом
І любіў сваё ўсё!

Сваю песню ў лад свой
Не стыдаўся запець,
І сярмяжкі сівой
Не стыдаўся надзець!

Весяліўся народ,
Аж грымела сяло!
Ва ўсіх светлы паглёд,
Ва ўсіх шчасце цвіло.

Гэтая колісь аквітная беларуская мінуўшчына змянілася на спустошаную, занядбаную сучаснасць – сон; далей паэт прамаўляе:

Знікла ўсё, як імгла,
Няма славы тваей!
Злая доля змагла
І мой край, і людзей!

Адны ў шар курганы –
Сведкі бітваў – стаяць;
Косці к ім груганы
Прылятаюць збіраць!

Прашмыгаюць вужы,
Конюх моліцца “піць”,
Воўк прабёг па мяжы,
Далей спіць усё, спіць!
(Тут і далей вызначэнні ў вершах зробленыя аўтарам артыкулу.)

Сон беларуса стала атаесамляецца Янкам Купалам з беларускім негістарызмам; сон як бы замяняе беларусу рэчаіснасць, якой у яго не было: ён зьяўляецца спалучнікам між рамантычнай ідэяю прамінулага залатога веку Беларусі і наступным аквітным жыццём – ён прадумоўлівае іх, творыць; разам з тым гэты вобраз сну творыць і беларускую сацыяльную сучаснасць: сонны беларус – гэта не толькі той, хто, заснуўшы, забыўся на сваю нацыянальную мінуўшчыну, але і той, хто абяздолены ў сацыяльным сэнсе. У самых ранніх вершах Янка Купала часта звяртаецца да сну як да выбаўлення з гнятлівае, бяздольнае рэчаіснасці, з горкаю іроніяю параўноўваючы сон са смерцю:

І памёр. Цяпер шчаслівы,
Не баіцца ліха…
Эй, глядзіце: дзівы, дзівы!
Спіць спакойна, ціха…

………

Як смерць возьме, усё гіне:
Нядоля, няволя, –
Спакой толькі ў дамавіне,
Ў дамавіне доля!
(“Нябожчык”)

Іронію смерць як выбаўленне сустракаем у вершы “Мая апітафія”:

Тут ляжыць Янук Купала,
Што песні складаў,
Плакаў шмат, смяяўся мала,
Часта галадаў.

………

Без зямлі ўвесь век цягаўся
Горш якой скаціны,
Вось нарэшце дачакаўся –
Далі тры аршыны.

Або ў вершы “З сіроцкай долі” смерць, спачын прыносіць выбаўленне ад пакутнага жыцця:

Блудзіла сіротка па полі,
Блудзіла, шукаючы долі,
Якой яна зроду не мела.
І дарма бядачка хадзіла, –
Забрала сіротку магіла;
Так долі пабачыць не ўспела.

Нічога ўжо беднай не трэба:
Ні хаты, ні світкі, ні хлеба,
Ні людскага жалю, прывету.
Не крыўдзіць жыццё ў беспрытонні
Сіроткі гаротнай сягоння,
Ўдалі ад няпраўды, ад свету.

Спі ў вечнай, сіротка, хатулі,
Дзе тата твой спіць і матуля.

Але ў гэтым вершы паэт кажа і пра іншае выбаўленне, жыццёвае, не соннае, з нядолі:

Ой, каб ты ў дамоўцы не спала,
Цябе я, мяне б ты пазнала,
Мы роўную песню б запелі.

………

…Малілі б, прасілі б, каб болей
Шукаці не трэ’ было долі,
Каб лепей сіроткам жылося.

Купалава горкая іронія сваім адваротным бокам сведчыць пра асаблівую паэтаву захваляванасць сном: іронія смерць як выбаўленне падкрэслівае журботны стан снабыцця, якое адбываецца з беларусам да ягонае фізічнае смерці – Янка Купала насамрэч паэт жыцця, дзеі, а смерць як выбаўленне ёсць гіпербалізацыя дзеля паказу жудаснага існавання:

І відзець страшна ў путах сілу,
Людскі ўвесь з жалю енк і плач,
Аж хоць кладзіся у магілу
І свету гэтага нябач.
(“З песень а бітвах”)

Іронія смерць як выбаўленне трансфармуецца ў непрыхаваную, вусцішную трагедыю ў вершы “Чаго хмурыцца?..”:

Душы сільныя
Абяссілелі,
Сэрцы добрыя
Азвярэліся;

Песні вольныя
Апанурылісь
І магільнымі
Звоняць жальбамі.

А за песнямі
Звон кайданавы,
Стогн закованых
Разлягаецца…

Эх, і страшна ж ты,
Зямля родная;
Эх, і страшна ж ты,
Жыццё людскае.

І ўжо не іронія, а бязмежны трагізм смерці-выбаўлення, ейная недарэчнасць насуперак аквітнаму жыццю чуецца ў вершы “Над магіламі”:

Спіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Спіце, бяздольныя,
Горам забітыя!

Як вам зямельку
На вочы кінулі,
З людское памяці
Марна загінулі.

Насамрэч Янка Купала – паэт жыцця сярод “мёртвае пустэльні”, будзіцель сярод беларускага соннага царства, і ягоная іронія, і ягоны трагізм чарговы раз сведчаць пра гэтае; у вершы “З песень а бітвах” ён маркочыць над неабуджаным беларускім народам, гаворачы:

Аб славе цуднай граюць сурмы,
Аб шчасці люду усяго;
Завуць змагаць няволі штурмы,
Завуць… ой, многа да чаго!…

Але:

Дый дарма звоняць сурмы гулка,
Народ абманены прыціх,–
Той спіць, той ходзе без прытулка,
А жаль і роспач у ва ўсіх.

Як бачна, сон проціпастаўлены закліку абуджацца і прыраўнаны, упісаны ў аднарад з беспрытульнасцю, жалем і роспаччу – сон выяўляе тое няўдолле, тое жыццё, якое горшае, паводле іранізму Янкі Купалы, за смерць. Зразумела, што покліч прачынацца, падымацца на ногі, ісці з цемры-ночы да святла-дня – супрацьпастаўленне жыцця смерці, аквітнага існавання пустамарнаванню і супрацьпастаўленне свядомага беларускага гістарызму тутэйшае спрадвечнае падгістарычнасці. Купалава паэзія-абуджэнне – найперш прадчуванне яснае будучыні, а тады ўжо сам заклік да выбаўлення з соннае аблады. Паказчым у гэтым выпадку зьяўляецца ягоны верш “Думкі”. Няпэўнае, але неадчэпнае прадчуванне ясных пераменаў змрочнага жыцця, “прачынанне” выразна адчуваецца ў наступных радках:

Сэрца б’ецца, к жыццю рвецца,
К нейкім светлым снам;
Гэй ты, гора! скора ж, скора
Цябе ў брак я здам?

К долі, к волі, гэт, па полі,
Як леў, пабягу;
Спаці, ждаці ў курнай хаце
Ўжо больш не магу.

Паэт стварае карціну “свайго” абуджэння:

Ідуць людзі, ў крыві грудзі,
Паходні ў руках,
Няма ночаў, жарам вочы
Ззяюць, ажна страх!
Са сну будзяць, душу цудзяць
Надзеяй старой,
Узнімаюць, зазываюць,
Гэй, на нейкі бой!

І як вынік гэтага абуджэння – намер:

Далей, вышай памкну, гэй жа:
Ўжо праложан след;
Трудна, маці, ў курнай хаце, –
Паляту у свет!

Захваляванасць абуджэннем сустракаем у вершы “Рвуцца сілы…”:

Сняцца слёзы, сэрца ные,
Пяюць ветры дзіка;
Рвуцца сілы маладыя
Да працы вялікай.

Але:

Без упыння рвуцца сілы,
А вецер шумлівы,
Як пад’земны, як з магілы,
Вые ўсім на дзіва:

“Эх, дарэмна гэтак рвешся
З маладой душою!
Аб няпраўду разаб’ешся
З сваёй барацьбою.

І так зробішся, як кажны, –
Будзеш спаці ў ковах,
Будзеш дужы і адважны,
Дый толькі на словах.

Адметны іранізм Янкі Купалы выяўлены ў вершы “Люлі, люлі, мужычок!”, дзе паэт, проціпастаўляючы беларускі сон змрочнай краіне явы, разам з тым праводзіць паралелі між гэтымі сусветамі; гэты верш – іронія-адчай, -паняверка, зрэдку ўласцівыя творчасці Янкі Купалы; змрочная алягорыя нараджае бязрадасную карціну ночы з дапамогаю “класічнага” набору асацыятыўна-міталагічных фальклёрных сродкаў:

Шыпяць, свішчуць па лугах
Вужы, скарпіякі,
А па стайнях, па хлявах
Лазяць ваўкалакі.

Ведзьмы, совы, кажаны
Круцяцца, лятаюць,
На сваіх бацькоў сыны
Залом заламляюць.

………

Яшчэ вокал цемната
Над светам пануе, –
Яшчэ міласць, дабрата
Людзей не раўнуе…

І гэтая сціха іранічна параўнаная са сном беларуса і проціпастаўленая сну:

Шуміць шумненька барок
Песняй жаласнянай;
Люлі, люлі, мужычок!
Спі – ўставаць зарана!

А у вершы “А ты, браце, спі…” Янка Купала, наадварот, проціпастаўляе жудасны, няпамятны сон яснай яве і з уласцівай яму горкай іроніяй дакарае беларуса, які аніяк не ачуняе ад свае дрымоты:

Вясна. Сонца узыходзе,
Свеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе, –
Усталі, пайшлі.
Ёсць і працы, ёсць і поту,–
Спаць няма калі!
Дружна валяць на работу, –
А ты, браце, спі!..
Спі, на слёзы і на гора
Рукою махай;
Хоць зрабіў бы ты з іх мора,
А кажы: няхай!

Няхай тыя уставаюць
Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць! –
А ты, браце, спі!

Іронія адно ўзмацняецца няпэўнай, кволай, але светлай надзеяй:

Спі, а можа хто заблудзе
У твой бедны край
І цябе з душой разбудзе, –
Крыкне: “Уставай!”

Ты на гоман той народны
Паходню бяры
І другіх будзі з паходняй!..
А мо лепей… спі?..

Часцяком сон і абуджэнне беларуса Янка Купала малюе ў алегарычных формах; напрыклад, праз вобраз вясны:

Засвяціла цяпло бляскам радасці яснай,
Разбудзіла ўвесь свет ад зімовага сну;
Эх, напрасна віхор енча ў плоце, напрасна:
Бачым светласць кругом, бачым сонца-вясну! (“Засвяціла цяпло…”) Засвяці ж ты, вясна,
Сваім бляскам для нас,
Калі сэрца, душа –
Спяць у чорненькі час!
Засвяці, калі мы
Абліёмся слязьмі,
Разбудзі нашы сны!
Душу, сэрца вазьмі!
(“Вясна”)

Драматычная паэма Янкі Купалы з сімвалічнай назваю “Сон на кургане” – гэта таксама паатычны пошук гісторыі: курган сімвалізуе гістарычную прамінуласць, ён ёсць таемная мінуўшчына-спадчына, якую беларус па нейкіх прычынах не можа ўсвядоміць і якую акурат з гэтае прычыны ён не можа асансаваць; абуджэнне Сама сімвалічна кажа на беларускую наўмысную спробу рэчаіснаваць свядомасна, асансавана; фенамянальнасць гэтага снавыбаўлення ў тым, што з аднога боку, абуда Сама – проціпастаўленне ўласным фантастычным і рамантычным відмам, народжаным падчас спання, а з іншага боку – гэта працяг прымроеных відмаў у яве; абуда падкрэслівае значнасць сноў, але не закрэслівае гэтую значнасць, і, такім чынам, Сам, ідучы да рэчаіснасці-явы і выракаючыся сну, усё ж працягвае і цвердзіць сваю снарэчаіснасць у яве; сімвалічны і прыход Сама ў явабыт: ягонае рамантычнае памкненне (народжанае адразу ж па ягоных сналятунках) ратаваць вясковы пажар сустракае супраціў паслясоннае рэчаіснасці – Сама абвінавачваюць у падпале вёскі; урэшце, пры канцы паэмы Сам робіцца будзіцелем і кліча народ, падымае, – не цяжка пабачыць падабенства ідэі твору “Сну на кургане” з самім купаллем-творчасцю-лёсам: драматычная паэма не толькі сімвалічна адлюстроўвае пошукі-гістарычанне маладое беларускае літаратуры, але і запавядае Купалаву духоўніцу, прарочыць яе і жывалёсіць Купалаву яву. Мы маем магчымасць зрабіць парадаксальныя параўнанні між Самавымі блуканкамі-пошукамі і Купалавым літаратурным і жыццёвым лёсамі: 1) творчасць Янкі Купалы мае дабеларускі пярыяд, – Купала, як і Сам, “спіць на кургане”, жыве ў нейкі летуценна-падсвядомы спосаб, 2) Янка Купала, як і Сам, абуджаецца і проціснуе, 3) Янка Купала, як і Сам, абудзіўшыся і апынуўшыся ў яве, сустракае варожасць і супраціў гэтае явы (яно найбольш праяўляецца цягам Купалавага цверджання явы, калі паэт абсалютызуе ейныя перамогу і ўрачыставанне, і яно дужавыразна бачыцца аб трыццатых гадох і ўсцяж да тае хвіліны, калі Янка Купала быў забіты ў Маскве), 4) Янка Купала, як і Сам, абудзіўшыся, робіцца будзіцелем іншых; да гэтага можна дадаць парадаксальнае ўрэчаісненне-ўкупаленне імя літаратурнага персанажу, нейкае фантастычнае-містычнае паяднанне-сугучча літаратурабыцця Купалавых твораў і жывалёсу песняра: Сам – гэта сам Янка Купала.

З вышэйгаворанага бачна, што прыход у беларускую літаратуру Янкі Купалы ёсць абуджэнне Янкі Купалы; існуе нейкая дабеларускасць-аблуда, якая гняце Янку Купалу, якая спазнаная ў сне і якой ён свядома выракаецца праз абуду, і існуе нейкая таямнічая беларускасць-ісціна, якая, зноў жа, праз сон не адчулася напоўніцу, якая вельмі хвалюе Янку Купалу невылечнымі рамантычнымі вобразамі і да якой трэба прыйсці праз тую ж абуду – сон уадначассі перажываецца паэтам двачасна: як марнасць, якой трэба пазбыцца, і як неспазнанасць, якую трэба вызнаць. Абуджэнне, такім чынам, уаднараззі адрынае сон-безмінуўшчыну і цвердзіць сон-таемнамінуўшчыну. Акрасляючы сарамяжлівае беларускае жыццё як сон, Янка Купала кліча да вызвалення з ягонага палону, але ў пазарадкоўі і ў пазаслоўі купалля адчуваецца магутная ўлада сну над паэтам; урэшце вырачэнне сну і заклік абуджацца народжаныя гэтаю ўладай. Таму адкрытае адмаўленне сну ёсць ягонае пакрыёмае цверджанне, і Купалавы заклікі абуджацца могуць сведчыць пра бязмежнае цараванне неабуднасці:

Пойдзем, сушачы вечных крыві і слёз разводдзе,
К лепшай долі з вялікай надзеяй,
Пойдзем, пойдзем туды, адкуль сонца ўзыходзе,
Адкуль вецер прыветлівы вее.
Пойдзем, кінуўшы скаргі, а дружна і смела,
Вайну ворагам выдадзім дужым, –
Пойдзем, пойдзем усе на вялікае дзела,
Досыць гніць у сне марным, ланцужным.
( “Пойдзем…”)

Гэта палымяная нязгода са сном; а ў вершы “Там” чуюцца дакор і прыкрасць праз неабуду беларуса:

Там кроў ліецца, там за волю
Барцы на вісельні ідуць,
А вы, вы мучаны найболей,
Спіцё, хоць вас даўно там ждуць.
………
Дык вось на смерць ісці іх змусіў
Найнешчасліўшы чалавек.
А вы, адродкі Белай Русі,
Спіцё, як быццам кат засек!

Дакор паэтаў падкрэсліваецца заклікам падымацца, прачынацца:

До спаць! Паўстаньце грамадою
І йдзіце ім там памагаць,
Паўстаньце крэпасцю такою,
Каб вораг вас не мог зламаць.
.......
Зганіце сон, аслепны сон,
Збудзіце дух прыбіты свой,
І ўдарце ў згоды гучны звон,
І сабярыцесь грамадой!

Можна прыводзіць безліч прыкладаў гэткага буджэння, Янка Купала бо роўна настолькі буднік, наколькі ён соннік; і ўвадваротку. Тым не менш, жывучы ў “рэчышчы” “сну і абуджэння на кургане”, ён фенаменаявіць яшчэ адную асаблівасць беларускае гістарычнае свядомасці: калі напачатку ХХ стагоддзя Янка Купала цвердзіць сон, адмаўляючыся ад сну і ідучы да явы, дык далей ён “адмаўляе-цвердзіць” сон, сцвярджаючы яву, як бы скіроўваючыся да сну з ейных вышыняў (і пры гэтым явацверджанні адбываецца ейнае пакрыёмае абвяржэнне). Янку Купалу проста неабходная нацыянальная выднеўная, выяўная, ясная рэчаіснасць, якую б ён мог уведаць праўдна, паслясонна, у якой бы ён пачуваўся б не барацьбітом, а пераможцам; гэткая рэчаіснасць яму проста неабходная як вынік ягонага прароцтва, як вынік ягоных сну і абуджэння; таму шлях, што пачаўся ў снакурганных рамантычных відмах і працягнуўся ў барацьбе за яву, мае лагічна завяршыцца самой яваю. І Янка Купала, які яшчэ аб дваццатых гадох, паводле ягонага горкаіранічнага прызнання, “не збыў ўсіх бед” і якому яшчэ “сняцца сны аб Беларусі”, у трыццатых – вітае перамогу новай рэчаіснасці; на думку Янкі Купалы, яна выяўляе найпаўней тую нязбыўнасць, зведаную беларусам праз сон і ў сне, здабыць якую і заклікаў некалі абуджаны паэт. І Янка Купала вітае новую рэчаіснасць-гісторыю беларуса, проціпастаўляючы яе былым снакашмарам.

На пачатку трыццатых гадоў яшчэ адчувальны паатычны покліч “не спаць”, але ўжо адчувальная і задаволенасць з прычыны надыходу і ўрачыставання явы; “паплыло паводкаю, загуло, як вецер, слова беларускае па вялікім свеце”. У вершы “Маладым паэтам” ужо чутны ноты перамогі:

Кастрычнік светам здрыгануў,
Стары свет корчыцца ў кананні,
Паўстаў, хто ў путах не заснуў,
І станавіцца да змагання.
З усходу вецер-буралом
Змятае гразь на сваім шляху,
Каб вырас новы, ясны дом
З адвагі, славы і размаху.
Сцягі нязгаслага святла,
Як мак, калышуцца, чырвоны…
Так равалюцыя дала
Закон свой веку векапомны…

Гэткі ж настрой чуецца ў вершы “Працай дружнай, каляктыўнай”:

Працай дружнай, каляктыўнай,
Пераможна, безупынна
Свет будуе, свет нячутны
Пралятары ўсемагутны.
Вызваў з попелаў, з руінаў
На шлях творчы ўсю краіну,
І сон скінуўшы пракляты,
БССР святкуе свята.

Або ў вершы “Май”:

Ходзіць май па свеце,
Сонцамі ірдзіцца,
Закаваных, спячых
Кліча ўстаць, збудзіцца.
…….
Ходзіць май па свеце,
З думкаю распетай:
Возьмуць ва ўсім свеце –
Возьмуць верх Саветы.
…….
Ходзіць май па свеце,
Мнагалюдны, буйны,
І складае песні
Сусветнай камуны.

У вершы “Дзе крыўда адвечная спела” Янка Купала проціпастаўляе ноч-мінуўшчыну і сонца-сучаснасць:

Дзе крыўда адвечная спела,
Дзе сыпала гора курганы,
Рукой пралетарскаю смелай
Гнілы стары лад зруйнаваны.
Старыя паломаны праслы,
Алектрыка рвецца ў аконцы,
Мужычая ночка пагасла,
Заззяла калгаснае сонца.

У вершы “Аднаасобніку” ён заклікае мужыка не спаць, але гэта ўжо не той агняны заклік, што прагучаў з вуснаў паэта на пачатку ХХ стагоддзя, а памяркоўныя развагі, якія грунтуюцца на ўпэўненасці ў яснасці дня, на цвярозым усведамленні праўднасці рэчаіснасці проці тых колішніх няпэўных лятункаў-блуканняў:

Што ты спіш? для каго?
Эх, аднаасобнік!
Адзіноцтву, бядзе
Дасужы падсобнік.
Дваццаць год, як за сном
Свету ты не бачыш.
Нібы курыца, ў цьме
Квокчыш ды кудахчыш.

На лад жыцця аднаасобніка Янка Купала глядзіць як на зашоранасць, як на аблуднае жыццё ў сне, якому проціпастаўляецца новая рэчаіснасць-гісторыя, праўдзівасць явы:

Во – калгас, вунь – калгас,
Людзі там як людзі, –
Ў грамадзе, ў яснаце
Вольна дышуць грудзі.

Янка Купала па-ранейшаму заклікае скінуць сон, але заклік гэты – не прарока і не правадыра, які, прачнуўшыся, будзіць людзей і харызматычна вядзе за сабою, – новы заклік Купалаў больш падобны на ўгаворы на падставе разумных, “цвярозадзённых” довадаў; у сваім вершы Янка Купала параўноўвае хібнасць санлівага аднаасобніка з выгодамі новарэчаісных беларусаў-каляктыўшчыкаў:

Трахтар полем ідзе,
Ложыць скібу ў скібы,
А ў цябе тупы плуг,
Ці ж не бачыш хіба?
…….
Во касцы грамадой
Косяць сенажаці,
Грамадой ураджай
Выйшлі жнеі жаці.
Гоман, песні плывуць
Гулка ад калгаса…
Ты маўчыш і глядзіш
На ўсё гэта ласа.
Яны ўперад ідуць
Шляхам бітым, ясным,
Ты пляцешся ў хвасце,
Збяднелы, няшчасны.
Во на выбары йдуць
З сталінскім партрэтам,
Ты ж украдкай брыдзеш,
Як не сорам гэта?!

Гэткі прыём паралельнага проціпастаўлення-параўнання прысутны ў шмат якіх вершах, напісаных Янкам Купалам аб трыццатых гадох; усё ранейшае цёмнасоннае падаецца як беларуская невыгода проці светладзённае гістарычнае сучаснасці; калі раней

Песні сонцам не яснелі
Ў вясну, ў прадвесне,
Ночка цёмная шумела
Ў паднявольных песнях
(“Засвяціла ясна зорка…”),

дык цяпер:

Негаданай доляй, воляй
У яго (народу – заўвага да цытаты) аконца
Глядзець будзе век да веку
Сталінскае сонца.
(“Засвяціла ясна зорка…”);

калі раней:

А я думаў – сонца да нас не загляне…
Гора хадзіла ад хаты да хаты,
Пела жалейка бяду на кургане,
Сонца сляпілі цары, цараняты
(“А я думаў…”),

дык цяпер:

Горад шчаслівы, шчаслівыя сёлы,
Льюцца крыніцы з вясновых праталін,
Шчыра, ад сэрца, з усмешкай вясёлай
Волю і шчасце гадуе нам Сталін.
(“А я думаў…”);

калі раней:

Туман засцілаў людзям душы і вочы,
З туманаў тырчэлі гарбатыя плечы.
І думаў – канца не дазнаць гэтай ночы,
І думаў – не зведаць шляхоў чалавечых
(“Табе, правадыр…”),

дык цяпер:

На небе – Шлях Млечны, на небе – вясёлкі,
На гонях красуе пшаніца і жыта…
Бягуць, не спыняюцца думкі-саколкі
К табе, правадыр мой, у сонцы спавіты!
(“Табе, правадыр…”)

У вершы “Табе, правадыр…” Янка Купала снавыпаэчаную і ўрэчаісненую гісторыю ўзвышае над сном; яснасць і шчаснасць цяпершчыны ўрачыстуе над нядоляю мінуўшчыны:

Табе, правадыр, мае песні і думы,
І шчырыя шчырага сэрца парывы!
Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы.
…….
Што ты, правадыр, нібы яснае сонца,
Мне вочы адкрыеш на землі і неба…
Свяціся ж ты, сонца, ў маё век аконца!
Вітаю цябе я і соллю, і хлебам!

У гэтым жа вершы Янка Купала ўвачавідкі прызнае ўрачыставанне явы, кажучы, што яна здзяйсняе запаветныя рамантычныя снамары людзей; ява выісточвае патаемнае, запаветнае – тое, што колісь здавалася недасяжным:

Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,
Што буду я вольны, што буду шчаслівы…
Што яваю станецца сон міліёнаў,
Цудоўныя казкі ў жыццё ператворыш
(ужываецца ў дачыненні да правадыра
– заўвага да цытаты),
Абсееш пасевам жывучым загоны
І сцежкі намеціш да сонца і зораў.

У вершы “Дзень Канстытуцыі (5 снежня)” Янка Купала, супастаўляючы марнасць мінулых сноў з яснаю цяпершчынаю:

Смяюцца з сонцам побач людзі,
А сонца – госць штодзённы іх,
Бо што было, ўжо больш не будзе, –
Ні марных сноў, ні бед ліхіх…
Шчаслівыя вы, нашы людзі!..

– параўноўвае рамантычную шчаснасць запаветнае снаявы, ейную неістапраўднасць-казачнасць са шчаснасцю рэчаіснацяпершчыны:

Ідзе жыццё чароўнай казкай,
Душу абвіў цудоўны чар,
На свет глядзяць з вясёлай ласкай
Дзяўчына, хлопец, мал і стар,
Бо стала явай, праўдай казка!

У вершы Янкі Купалы “Аб Сталіне-сейбіту” гучыць гэткі ж матыў яваздзейсненае казкі-рэчаіснасці:

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,
А песня ад казак, чароўных тых сноў,
Што сталіся яваю нашага дня,
Што збавілі долю ад пут, ланцугоў.

Пры гэтым ясная рэчаіснасць зьяўляецца буднікам аблудных сноў, якія яшчэ нядоляць люд па-за межамі шчаслівага “сталінскага” дня; Янка Купала як бы зноўку набывае сваю колішнюю ролю будніка, але ягонае буджэнне – ужо не покліч “з цемры да святла”, а ўрачыстае апяванне святла, урачыстае “прасвятленне” цемры, што існуе яшчэ недзе ў блізкім свеце:

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,
А песня ад шчасця, ад радасных дзён,
Якая на крылах ляціць салаўя
За межы-граніцы ды будзіць там сон.

У вершы “Кандыдатам народу” ўрачыставанне явы пераўзыходзіць нават снашчаснасць, казкачароўнасць; ясная цяпершчына ў сваёй чым вышэйшай праяве – нават шчаснейшая за шчаслівыя сон ды казку; гэткая ідаальная найвышэйшая праява нават пераўзыходзіць урачыстасць і самой светлай рэчаіснасці – “сонца, што нам свеціць, і зімой, і летам” ды “зоркі, што міргаюць ночкамі над светам”; Янка Купала кажа:

Не аб снах, у якіх сніцца
Доля, шчасце людзям,
Не аб казках, дзе цудоўна
Цуд ідзе па цудзе, –
Мая песня сёння будзе
Радасцямі ройнай –
Аб любімых кандыдатах
У Савет Вярхоўны.
(Маюцца на ўвазе Варашылаў, Молатаў, Сталін – заўвага да цытаты).

Выключны аптымізм Янкі Купалы нараджае адмысловае паатычнае перажыванне вобразаў сну і явы; аптымізм цягам творчасці, ад першых свядомабеларускіх радкоў і да апошніх вершаў, праходзіць праз пэўныя развіццёвыя пераўтварэнні – ад фантастычна-рамантычнага да раальнабыццёвага; фенамянальнасць вычування Янкам Купалам сна- і явавобразаў можна прымерыць да ўсяго беларускага літаратуражыцця: мастацкая беларуская ідэя спачатку рамантычна шукае-творыць беларускую рэчаіснасць, а тады, знайшоўшы-стварыўшы, жыццёва яе сцвярджае; раальнасць робіцца як бы вынікам рамантычнага мастацкага памкнення да гістарычнай Беларусі, рэчыўным угістарычаннем ідаальнага тварэння, грунтам, на які можа абенаж аступіцца гістарычны беларус. Чарговы фяномен гістарызацыі свядомасці ў тым, што, выдухаўляючы беларускі свет і спрабуючы яго ўрэчаіснена пражыць у раальнасці, творчы беларус абавязкова налучае магутны супраціў гэтае рэчыўнае раальнасці і робіцца ахвяраю сваех жа ідэяпамкненняў: рэчаіснасць пэўным чынам, “акзамянуючы” беларускую ідэю, беларусазнішчальна выкараняе і мастацкі вольнасвет, і саміх мастакоў, і, знішчаючы іх, сведчыць пра іхнія жыццёвасць, магутнадуховасць. Вядома, праз неўтаймоўнае памкненне нашага духоўніка пражыць духабеларушчыну гістарычна і раальна адбываецца найвялікшая трагедыя, — і не толькі ў лёсе Янкі Купалы, але і ў лёсе сотняў беларускіх літаратараў, і адбываецца суцэльная драма ў лёсе Беларусі; але разам з тым, якая яшчэ праява быту, акрамя таго жорсткага рэчаіснаўроку, можа з большаю яскравасцю нам засведчыць, што Беларусь – гэта казка?