Маленькі сшытак Лявона Вашка

Выпуск другі

Вашко Лявон


ТВОРААДГУКІ - рацэнзіі

ВЫВАРОЖВАННЕ СВАРОГА

Валянціна Аксак. Антычны дождж. Вершы. Вільня, 1999.

Новы зборнік паэзіі Валянціны Аксак адбожна набрыняў старажытным светам і сучаснай вераю ў яго: антычны дождж паэткі падае з жывога неба, і старавечныя багі, людзі і падзеі жывародна наталяюць укаржавелую глебу-цяпершчыну і падымаюць беларускі свет; закасцявеласць сучаснабыту прагне чароўных кропляў вечнасці, – вечнадажджу, вечнаразмыву, вечнапатопу…; і сучаснасць у зборніку “Антычны дождж” патанае ў тайнічых вобразах старасвецкае вечнасці, – усей быт грунтуецца на гэтай вечнасці, усей стасвет стаіць на ёй, і вырастае з яе і выспельваецца з ейных дажджоў; і тутэйшасць – гэта:

Модлы аб Краі
Марыі на Ave.
Пустка.
Сутонне.
Цнатлівая здань.
Угневаны Каін.
Знячэўлены Авель.
Поўня
ўпадзе
ў меланхоліі твань.

Антычны дождж сее на зямлю багамі, вераю і сумневамі; зборнік вершаў – працяг паэташляху Валянціны Аксак, які зачаўся ад цвінтара і ад капліцы і кіруе да свайго ўласнага духахраму; “не маю права памерці, бо не збудавала храм, у якім мяне адспяваюць”; гэты шлях – праз таемнанапоўненасць светачасу міфалогіяй і асаблівымі, зразумелымі адно толькі сэрцу законамі; Валянціна Аксак насяляе сённяшняе каменнае адчасоўе чарачассю: яна таемнапіша асаблівую гісторыю беларускага свету, якая патрабуе ад суперажывальніка таемначыту, – мастацкае суразмоўніцтва між паэтам і чытачом у гэткім разе нагадвае змову, у якой галоўнае не сансовасць сказанага і пачутага, а пакрыёмая святасць адчутага душою; “Антычны дождж” – гэта душасумоўе, жыццё ў сакральных “змоўніцкіх” паэтавобразах, велічны таемнасэнс жывых музыкаголасу і -слыху; пра гэты таемнагавор між душамі паэтка трапна кажа ў вершы “Сумоўе”:

Піць віно і –
маўчаць,
не парушыць
фальшывасцю слоўнай
сумаўчаннем
пазначаны час
дзвюх мелодыяў
невымоўных…

Філасофія ў “Антычным дажджы” нараджаецца ў суцэльнасветачасе Перуновых бліскавіцаў, Ярылавага сонцаззяння, адтумання фатаграфічнараальнае сучаснасці: у паяднанні антычнага водару з крамянкім часам цяпершчыны выпаэчваюцца сусветавобразы старажытнага і маладога беларускага жыцця, якое няскорана прарастае з-пад забытых стагоддзяў і адзеравелых пустаімгненняў і жывачасіць нашую будучыню; філасофія Валянціны Аксак – часабожная варажба, богавыварожванне свайго Сварога, богазачын Беларусі; філасофія ейная грунтуецца на творчасці-дойлідстве беларускага свету, – ідэя духовага тварэння Храму і Богу насуперак лукаадзеравеламу быту чуецца і ў вершы “Сварогава каханка”, які спрадвекдажджуе ў зборніку:

Скруху,
як спосаб удушэння думкі,
не падару
рупліўцам лукамудрым,
разважлівы развой душы
ахалане
абсяг і недасяжнасць,
па ім пайду
ў Сварогавы ўладанні,
ён там мяне чакае,
як вястунку
раскрышанасці скрушных чуццяў.
На воблачным пасадзе
мы з ім зачнем
смяшлівае дзіця.
Бязгрэшны гэты плод,
найноўшы наш мясія,
як громам,
рогатам паб’е
кардоны ў край вясёлы,
тутэйшыя ж,
пазбаўленыя звычнай крыўды,
мяне на вогнішча
за гэта павядуць
і зноў шчасліва
скруху ў душы ўпусцяць.

СНААПОВЕДЫ

Юлія Алесніна. Мне прысніўся ручай… Апавяданні. Імпрасійная трыяда // Першацет №3/1997. Кніга ў нумары. Менск.

У першых апавяданнях Юліі Алеснінай, надрукаваных тры гады таму назад у часопісе “Першацвет”, заўважальнае тое, што з цягам часу падставова праявілася ў ейнае далейшае творчасці, – то рамантызм, шчырая вера ў незвычайнасць звычайнага, абыклага і заныдзелага шэранаваколля; кніжка ейнае прозы “Мне прысніўся ручай…”, якая змешчаная ў адным з нумароў часопіса “Першацвет” – сёння, на жаль, добрая традыцыя друкаваць у часопісе вялікую падборку аўтара асобнай “кніжкаю” загубілася, – вельмівыразна кажа гэтую асаблівасць творчасці Юліі Алеснінай: чысціня, непасрэднасць і наіў перадаліся ейным крытычным і літаратуразнаўчым артыкулам і загучалі спакойнай, чыстай і тайнічай філасофіяю; вядома, Юлія Алесніна даўно ўжо вырасла са сваех першых твораў, але акурат гэтае і явіць іхнюю дадатнасць і дазваляе заўважыць сам творчы рост пісьменніцы і зразумець-дачуць ейную рамантычную філасофію дабрыні і любові; “…“начная” лірыка асабліва глыбока выяўляе яе настроі, настроі маладой дзяўчыны, якая яшчэ чуе за сабой блізкі подых маленства, а ўжо і суровыя вятрыскі дарослых клопатаў урываюцца ў створаны яе ўяўленнем паатычны свет, дзе гераіні так добра і ўтульна быць сам-насам, бо там пануе гармонія, музыка сусветаў, мігатліва свецяцца далёкія сузор’і, – заўважае ў прадмове “Светлыя дзявочыя сны” да кніжкі Юліі Алеснінай Міхась Тычына і параўноўвае: – …юныя гяроі Максіма Гарэцкага перажываюць штосьці падобнае: світанак іх жыцця яшчэ толькі сочыцца ў глыбі нябёсаў, яшчэ цяжка разабрацца, ці гэта месяц выплывае з-за аблокаў, ці ўжо дзённае свяціла набліжаецца да далягляду. Усё яшчэ такое няпэўнае, туманнае ў настроях гярояў, святло і змрок, як цёплая і халодная плынь, існуюць самі па сабе, і наўрад ці ўгадаеш, што чакае наперадзе, што возьме верх”.

Задуменне Юліі Алеснінай, якое выразна праявіцца ў ейнае далейшае філасофіі, жывіцца ў адпачатнабагдановічаўскім змроку; матывы мудраночы, чароўнацемры, таемнанеўяснёнасці нараджаюць спакойную, светлую прозу “начы” і “сну”; усейчас спакойнавыцямраецца і светлажыве ў радкох і па-за радкамі кніжкі, усейкосмас паўстае з ночавобразаў, усейбеласвет настойваецца на снох і таямніцах; першыя апавяданні Юліі Алеснінай сваймі спакоем і дабрынёю вельмі падобныя да дзіцячых казкаў, – яны гэткія ж мудрыя і знарочыстанаіўныя святым светлым наівам, вераю ў добраказачнасць і шчасцеўчараванасць свету; таму і філасофія ў апавяданнях гучыць патасна і шчыра; “…дзявочая душа – гэта кветка, водар якой прыносіць людзям шчасце, а свежыя пялёсткі радуюць вока. Але ж кветка не зацвіце, калі яе не жывяць магутныя крыніцы – Боскай дабрыні і спагаднасці чалавечага сэрца. Яна ціха чаўрэе…”; першацветаўская часопісная кніжка “Мне прысніўся ручай…” напісаная самотнымі і разам з тым шчаслівымі беларускімі снамі і яснымі беларускімі ночазоркамі; Юлія Алесніна ў сваёй прозе проціпастаўляе грубасці і жорсткасці свету велічную сілу – шчыры, крохкі, па-дзіцячы безабаронны духасвет дабрыні і чысціні, які выявіўся і ў ейным вершы, змешчаным як дасловак на пачатку кніжкі “Мне прысніўся ручай…”:

Абараначкам звярнуся,
і прысніцца мне дзіўны сон.
Ад жыцця наяве адвярнуся
і надам сваім думкам тон
маляўніча-гожай карціны
і недасяжнай казкі маёй.
То ёсць прыклад адзіны,
як жадаю быць часткай тваёй,
о, Сусветная Далеч прывідаў
неспазнанага свету і відаў
Космасу нязведаных даляў,
чалавечай рамантыкі мараў.

ВОЛЬНАТВОРЧАСЦЬ

Алесь Аркуш. Выбранае. Вершы і паэма 1988–1998. Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. “Полацкае ляда”. Полацак-Гародня, 1999.

Свабода полацкага паэта Алеся Аркуша і ягонае паэзіі – не дакларацыя, не цверджанне права, а тое няіснае, што пазаіснуе-хвалюецца сапраўднаю воляю ў свеце наддакларатыўным, надпраўным; паатычны зборнік “Выбранае” не абвяшчае свабоды, а ёю жыватворыць, дыхае, “свабодзіцца”; нават такая акалічнасць, як соценны наклад выдання, сімвалічна сведчыць пра гэтую паатычную самаволю “Выбранага”: жывы словагук як бы спрачаецца з нікчэмнымі хвалямі мёртвых шматтысячных тыражоў і праўдзіва ды творча іх перамагае; можна бачыць няспрэчныя навацыі ў паэзіі Алеся Аркуша, як гэтае робіць у прадмове да зборніку Алег Мінкін; можна даваць гэтым навацыям вызначэнні ў рэчышчы паслясучаснасці, як гэтае робіць у пасляслоўі да зборніку Пятро Васючэнка; але навіна паэзіі Алеся Аркуша, як і кожная сапраўдная навіна, – у спрадвечнае таемнатрадыцыі; “…адны навіны – таямніцы, другія – апошнія паведамленні”; Алесь Аркуш у свабодзе творыць свабоду; усе вершы, радкі, метафары ў кнізе ёсць гэткая паатычная свабодатворчасць; “Выбранае” – паатычная Біблія Волі: гэтая кніжка нічога не дакларуе, яна ўсё запавядае, і таму яе хочацца прыгадваць і цытаваць, здзіўляючыся таму, як трапны рэчаісначас трапна дапісвае сабою вечныя паэтавобразы.

Шукае лекавыя травы
Сабака брудны, нехлямяжы.
Паміж няіснасцю і явай
Прашкандыбае – зноўку ляжа.

Няўжо не знойдзе і загіне?
Няўжо ў Чырвонай кнізе лекі?
Цвітуць у дворыках вяргіні,
Буяюць флёксы ля аптэкі.

Валацуга хаваецца ў нетры,
Зашываецца ў самы гушчар:
Не хапае для волі паветра,
Не хапае прастору для хмар.
Страшна там – на раўнюсенькім полі.
А які Валацуга без волі?

Прыбіральшчыца нябёсаў
мусіць захварэла:
шосты дзень не бачны зоры.

Беларускае запавесце ад першых і да сённяшніх часоў – магутная мастацтватворчасць; і таму Алесь Аркуш, пры ўсіх сваіх навацыях, не можа быць не традыцыйным акурат з гэткае прычыны: бо ён беларускі паэт, бо ён вытварае свой вольнасвет, бо ён запавядае Беларусь…

Быць беларускім паэтам не азначае для Алеся Аркуша адно пісаць беларускія словы беларускімі літарамі, як гэтае шматгадова зазвычаенае афіцыйшчыкамі беларускага дзяржпарнасу; ён паводле свае сутнасці не здатны на ролю механічнае часткі літаратурнага механізму – ён не імітатар, а творца, пра што пацвярджае кожным сваім радком; “Аб чым спрачацца мне з табой? Мы дзеці рознае сістэмы, цябе, хвалююць, дружа, цэны, а я лічу іх рост лухтой”; “А імітатараў хапае, што генералаў, што салдат, вакол віна і каравая, вакол улады і пасад”; беларуская паэзія для Алеся Аркуша – гэта суцэльная духовая воля, не абцяжараная нейкімі сацыяльнымі і матарыяльнымі чыннікамі, гэта самадастатковасць творчае душы паэта насуперак шлункавым патрэбам абывальніка; і жыццёвым прыкладам Алесь Аркуш “дапісвае” свае вершы, ашчаджае ў іх запавесце, не даючы яму ператварыцца ў абвяшчэнне, у пустадакларацыю: ён адзін з нямногіх беларускіх паэтаў, хто свядома, прынцыпова і здзейснена не прымае сучасную завядзёнку ў беларускай літаратуры пісаць у межах афіцыйных канонаў і дзяржаўных стандартаў, быць рабом уладнае сістэмы і парабкам дзяржвыдавецтва, ён адзін з нямногіх, хто раальна, жыццёва процістаіць гэткае завядзёнцы; нонканфармізм – абсалютная ідэя мастацкае творчасці і творчае свабоды, якую ён штодня цвердзіць у жыцці, плённа працуючы ў літаратуры як паэт, празаік, крытык і карпатліва арганізоўваючы гэтую літаратуру як каардынатар Таварыства Вольных Літаратараў.

І Алесь Аркуш вытварае свой вольнасвет; ягоная паэзія населеная міталагічнымі істотамі, дзіўнымі жывёламі, фенамянальнымі зьявамі…; душа творцы – цэнтар гэтага паатычнага космасу, дзе

Вэнэра пацеркай мігціць,
У аскетычны космас запрашае.
Камэты срэбнаколерная ніць
Тчэ немаўлятам стужкавыя шалі.

У цемры нараджаецца жыццё.
Сусвет – нібыта казачна-умоўны,
Чаканне, як паўночнае ліццё
Расплаўленага месяца у чоўны.

Сталёвыя рыбы, саламяныя птахі, цішыня з трыснягу, аеру, хлуду… – адметныя рысы Аркушовае флоры і фаўны; Алесь Аркуш жывапрыдумляе свет, які пры ўсёй сваёй фантастычнасці блізкі, адчувальны, сапраўдны; гэты свет вырастае-нараджаецца з філасофіі тайнічых і бяздонных вобразаў і сумнахвалёўных, што беларускі восеньскі туман, трапных мятафараў.

І калі беларускі мастак мае волю на жыватварэнне, ён запавядае жывую і ясную Беларусь і творыць яе; толькі вольны чалавек можа быць вольным; і толькі вольны чалавек здатны тварыць і літаратуру, і свой свет, і жывую Беларусь; і толькі бязмежнавольны паэт можа напісаць-вытварыць наступныя радкі:

Марны занятак – збіраць
дажджавыя кроплі
аб’яднаныя
яны знікаюць
мяняюць сваю сутнасць
ператвараюцца ў вільгаць
і нават адну кроплю
немагчыма трымаць у няволі

ЧАСАСВЕТНЫ ВЫРАЗВОЙ

Алесь Аркуш. Выпрабаванне развоем. Артыкулы, асэ, гутаркі, інтар’ю. Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. “Полацкае ляда”. Полацак, 2000.

Цягам апошніх гадоў выпрабаванне развоем развіла-вызваліла з духовых таемнанетраў неразгадную і разам з тым відавочнаяўную прыкмету новага беларускага існавання: воля і творчасць сталіся не нейкай рамантычна-даклараванай каштоўнасцю, якою замілавана крозілі беларускія акзатычныя літастэты-ананаснікі ды раалістычныя да шэрасці ў абліччы пісьпралетары-драчылакілбаснікі, а – каштоўнасцю ўпраўдаванаю ў жыцці, падставоваю, чымсь тым, што бульбапершаасноўна вызначае творчае жыццё навогул; і кніжка “Выпрабаванне развоем” Алеся Аркуша, якая пабачыла свет у Полацку ў 2000 годзе, трапна сімвалізуе і творчааснову, і творчапрычыну святое беларускае мастацтваволі: 1) кніжка Алеся Аркуша “Выпрабаванне развоем” напісаная свабодаю творчае душы і 2) кніжка гэтая – самое тварэнне беларускае духасвабоды. Алесь Аркуш ёсць адмысловы пісьменнік у беларускай літаратуры – апрача таго, што ён аўтар цікавых мастацкіх і публіцыстычных твораў, дык яшчэ ён і “аўтар” самае новае беларускае літаратуры, “аўтар” самае беларускае літаратурнае свабоды; у Алесю Аркушы гарманічна спалучаюцца творчасць з ягонымі жыццёвымі ўчынкамі і перакананнямі, а талент мастака з увішнасцю арганізатара; Алесь Аркуш, па сутнасці, абгрунтаваў і ажыццявіў на яве ідэю новае беларускае творчасці, вольнае, незапрыгнечанае няўпынным самадурствам дзяржаўных чыноўнікаў і вечным ненаедкам дзяржрадакцыйных пісюкоў-падхалусаў; чысціня ідэі Алеся Аркуша спалучаецца з чысцінёю ягоных жыццёвых учынкаў і выяўляе чысціню ягонае творчасці; Алесь Аркуш – ідэйны натхняльнік і чынны арганізатар Таварыства Вольных Літаратараў, пісьменніцкае арганізацыі, якая мэтанакіравана сцвярджае і здзяйсняе права мастака на свабоду творчасці; ён жа ачольвае і ажыццяўляе выпуск часопіса “Калосьсе” – беспадобнага беларускага мастацкага выдання высокага гарту, якое свабодатворыцца пісьменнікамі па вечарох, у вольны ад працы час; ён жа ачольвае і ажыццяўляе дзейнасць выдавецкае суполкі “Полацкае ляда”, якая робіць, зноў жа, па вечарох беспадобныя беларускія кніжкі; апрача ўсяго гэтага, ён арганізатар і чынны ўдзельнік розных літаратурных семінараў, навуковых канфярэнцыяў, заснавальнік літаратурнае прэміі “Гліняны Вялес”.

Кніжка “Выпрабаванне развоем” – падагульненне дзесяцігадовае дзейнасці Алеся Аркуша ў названым накірунку; у ёй змешчаныя артыкулы, асэ, інтар’ю пісьменніка на тэмы беларускага літаратурнага ўладу творчасці, з якімі ён выступаў цягам апошняга часу ў друку; ягоная газетная публіцыстыка не страціла сваю надзённасць, хаця большасць твораў друкаваліся шмат гадоў таму назад; “Выпрабаванне развоем” – то і філасоўскі роздум з беларускага літаратурнага працэсу, і канструктыўныя прапановы паводле ягонага ўладжання, і прынцыповая адпанада літдзяржпісюкам з іхнай вечнай прагаю пажаваць хаця б хрэну, абы дзяржаўнага і па дзяржразмеркаванні; “Беларускія пісьменнікі ніяк не адмовяцца ад старых, постсавецкіх літаратурных тахналогіяў. Яны самі сябе загналі ў нейкую разервацыю. Схема: “ЛіМ”-”Маладосць”-”Полымя”-”Мастацкая літаратура”-СП ужо не дзейнічае. Ва ўсялякім разе, дзейнічае вельмі неафяктыўна, як калгасы на вёсцы.”; “А празідэнт не перастае выдаваць для гэтай катагорыі не свайго алектарату сюрпрызы. Нядаўна “чэсна” выказаўся адносна беларускай кнігі. Маўляў, хопіць займацца разбазарваннем народных грошай, усё адно бел. кнігі пыляцца па кнігарнях пакуль іх не спісваюць у макулатуру. Натуральна, чарговая ініцыятыва празідэнта знойдзе падтрымку ў народа. Колькі пенсіянераў не могуць атрымаць у час свае пенсіі, а гэтыя нахабнікі яшчэ “чалабітныя” дасылаюць – ганарары просяць падвысіць!”; “Дзейсны, нацыянальны літаратурны працэс на Беларусі немажліва стварыць без актыўнага ўдзелу незалежных беларускіх выдаўцоў. Галоўная перадумова паўставання цывілізаванага літаратурнага працэсу – адсутнасць выдавецкага манапалізму. Пры сацыялізме Беларусь мела адзінае выдавецтва, якое выдавала бягучую нацыянальную літаратуру – “Мастацкая літаратура”. Падставовыя фактары вольнага літ.працэсу – аператыўнасць, свабода выбару выдаўцом рукапісу, спаборніцтва выдавецтваў за лепшы рукапіс – адсутнічалі. Сёння мы маем больш спрыяльныя ўмовы для “закладкі” новых стасункаў на айчыннай літаратурнай прасторы: адсутнасць выдавецкага манапалізму і ідэалагічнага ціску; наяўнасць некалькіх выдавецтваў (канкурэнтаў); апошняе літаратурнае пакаленне, дзевяностадзесятнікі, пасталела і гатовае ўключыцца ў “барацьбу” за чытача й новую літаратуру”.

У сваёй прадмове Валянцін Акудовіч да “Выпрабавання развоем” вобразна называе творчасць Алеся Аркуша будаўніцтвам “сталіцы свету на тарыторыі самога сябе”; кніжка пісьменніка ёсць гэткае адмысловае духовае дойлідства; Алесь Аркуш не запрыгонены навакольнымі мёртвымі ўмоўнасцямі, ён як сапраўдны мастак-творца адпачатнасамадастатковы, і гэткая ягоная самапраўдная духасвабода ёсць дзейсны чыннік ягоных мастацтва і беларускага сусвету; гэтая выключная духасвабода пісьменніка, магчыма, выяўляе састарэласць назвы зборніку, ейную абавязковую прамінуласць: сёння Алесь Аркуш апынуўся на той мяжы, калі выпрабаванні развоем наканавана і немінуча пераўтвараюцца ў выпрабаванні развою праз мастацкае духавытварэнне яго ж, праз мастацкае духатворчае выразвоенне часасвету. А на завяршэнні твораадгуку хочацца працытаваць радкі полацкае паэткі Надзеі Салодкай з ейнага паатычнага зборніку “Арытмія”, якія цытуе ў сваёй новай кнізе і Алесь Аркуш дзеля найярчэйшае ілюстрацыі самадастатковае беларускае паэзіі-свабодаволі:

Я прасіла ў Бога не багацця –
Шчырую, самотную душу,
Не спакою ў апусцелай хаце –
Голасу, якому не схлушу.

Чысты аркуш, лямпа і аловак,
І радкоў пранізлівы акорд.
Набірае сілу голас слова,
І сыходзіць нематы дакор.

ПАРАДКАВАННЕ АНАХРОНІКІ

Уладзімір Арлоў. Мой радавод да пятага калена. Асэ. ВЦ “Бацькаўшчына”. Менск, 1993.

Уладзімір Арлоў. Божая кароўка з пятай авяню. Асэ. “Наша Ніва”. Менск, 1998.

Час для беларускае гісторыі адпачатна – суцэльная анахроніка, і ў тым асаблівасць беларускага мастацкага думання: з чужачае, бязглуздае анахронікі-абсурду мы выбудоўваем-духовім наш нацыянальны свет; мы адпачатна не гістарычнаперажываем свой жывачас, мы свядома і свята гістарычнавытвараем яго з чужынскае бязглуздзіцы. Чытаючы зборнікі “Мой радавод да пятага калена” і “Божая кароўка з пятай авяню” Ўладзіміра Арлова, першае, што хочацца зрабіць, дык гэтае паўзбежыць нарысістыку пісьменніка з ягонай гістарычнай прозаю, параўнаць і проціпаставіць тыя зьявы, як робіць крытык Сяргей Дубавец у “замест прадмовы” да кніжкі “Божая кароўка з пятай авеню”, а тады наўздагон крытыку пагадзіцца з думкаю пра гістарычнасць публіцыстыкі Уладзіміра Арлова і насуперак крытыку не пагадзіцца з тым, што публіцыстыка ягоная і гістарычная проза – гэта процілеглыя ці прынамсі адрозныя па духу зьявы. Па вялікім рахунку, гістарычная проза Ўладзіміра Арлова, як, зрэшты, уся свядомая беларуская гісторыятворчасць, – не гістарычная ў тым сэнсе, як гэтае засэнсавана за гістарычаннем Генрыха Сянкевіча ці Вальтара Скота; з пэўнай асцярогаю можна сказаць, што беларуская творчая гістарыяграфія – больш “сучаснасць”, чымся “мінуўшчына”; асцярога ў дадзеным выпадку мусіць ахаваць нас ад вірусу каменнага гістарызму, беларуская “сучаснасць” бо гэта яшчэ не ёсць беларускі гістарычнавыяснены час, і яна ёсць не меншыя поцемкі, як і “мінуўшчына”, – беларуская “сучаснасць” то найперш творчасць духу насуперак гісторыі, штось запавядальнапроцілеглае рэчаіснаёй, штось ёй перадпачатнае: і ў гэтым сэнсе Ўладзімір Арлоў як творца не пярэчыць сабе і дапаўняе сябе акурат беларускай духазбудай-гісторыятворчасцю, часавытварэннем беларускага роднасвету з анахранічнага бытахавосу-чужаніцы.

Новая беларуская гісторыя выясняецца з сакральнага духавання, і гэтае – галоўны ніт скрозь усе кніжкі пісьменніка, ад “Шыпшыны” і да “Божае кароўкі з пятай авяню”; начыркі Ўладзіміра Арлова розняцца ад ягонае гістарычнапрозы ўсяго тым, што яны – гэта не толькі духаадысея ў часе, але і ў абсягу: беларушчына пакідае не толькі часавыя межы Беларусі, але і геаграфічныя і вольнавандруе па ўсясвету, – і гэткая розніца між прозаю і публіцыстыкаю не ёсць пярэчанне, а ёсць далейшае цверджанне; начыркі Ўладзіміра Арлова розняцца ад ягонае гістарычнапрозы і тэмбравым гучаннем: алямент гераізму, уласцівы эпасу, змяняецца на горкую іронію, што характэрная для асабістага, лірычнага перажывання, – і гэткая адрознасць таксама дататная, яна бо ёсць лучнік і працяг у творчасці, але не адмова і фрагмянтовасць. Не гледзячы на пэўную несунеціцу беларускага рэчасвету-выдухаўлення беларускага мастацтва, у выніку чаго нашаю літаратураю часцяком пануе зменлівасць ідэяў і настрояў – асаблівасць цалкам заканамерная для душамоўніцтва, – Уладзімір Арлоў застаецца адным з над’звычай паслядоўных беларускіх пісьменнікаў, ён свядома, прынцыпова і нязменна духавытварае Беларусь і беларускую ідэю; і прыгаданыя кніжкі чарговым разам сведчуць за адметнасць, магутнасць і прынцыповасць ягонага мастацкага гістарызму: гісторыятварэнне Ўладзіміра Арлова пры ўсёй душапрамаўляльнасці і глыбокамастацкасці вельмі вырэчаіснае і вельмі жывапаняццёвае, – тое, што цягам дзесяцігоддзяў удаецца цэлым інстытутам загнаць у магілу, Уладзімір Арлоў вытварае нязмушана і ў адной хвіліне і з высокай мастацкасцю, а разам з ёю – з парадаксальнай навуковай неабвержнасцю. Гэтае навуковатварэнне мастака-асобы насуперак бяствараму і бяздухаму патаптанню беларушчыны быдлакаляктывам – заўсёднае ў кніжках пісьменніка; яно жывадзеіць Беларусь і ў “Маем радаводзе да пятага калена” ды ў “Божай кароўцы з пятай авяню”, дзе Бацькаўшчына, раскіданая па мёртваабсягах і небыцці, творча прамоўленая жывым беларускім часам насуперак бязглуздаму анахранічнаму хавосу, сярод якога жывапрамоўлены і гэты верш Уладзіміра Арлова:

Лондан
вынырне з завеі
мокрай няўтульнасцю
дыкенсаўскіх паралеляпіпедаў.
Тэмза
разам з душою
будзе перажываць
пярыед адліву,
а на ўскраіне ночы
прысніцца ангельскамоўны сон:
я буду гувярнёрам
малалетняга лорда
і пад спеў ранішніх драздоў
з асалодаю адлупцую яго
за нявывучаныя правілы
напісання “ў”.

ПОЛАЦКІ ВЕК

Уладзімір Арлоў. Таямніцы Полацкай гісторыі. “Полымя”. Менск, 2000.

Чалавек можа быць вечнапрыкутым да нейкага селішча, але ягоная жывая душа аніяк не будзе знаходзіць духовага прытулку; чалавек можа ветравандраваць па свеце і разам з гэтым чуць у душы шчыльную повязь з роднымі мясцінамі; нават калі ў чалавека ёсць радзіма, не заўсёды ёсць радзіма ў чалавечае душы, – і толькі тады, калі радзіма нараджае душу, душа вытварае сваю радзіму; у кнізе “Таямніцы Полацкай гісторыі” Ўладзімір Арлоў прызнаецца: “Полацак – радзіма маёй душы”; у прадмове ён пішаўспамінае жывачас свайго маленства, юнацтва, маладосці, у кнізе ён пішавытварае жывачас свае Бацькаўшчыны, – Полацак нараджае і выпястоўвае душу пісьменніка, і душа пісьменніка нараджае і вытварае Полацак і беларускую гісторыю ды выспельвае новую беларускую рэчаіснасць.

Унікальныя архіўныя дакуманты стасуюцца ў кнізе з цёплымі жывалёсамі людзей, навуковы разгляд – з трапнымі назіраннямі мастака і яскравымі мастацкімі даталямі, шматвечная гісторыя свету – з магчымым (і насамрэчным у гэтае свае жывамагчымасці) новым бытаўладам; “Таямніцы Полацкай гісторыі” – не толькі тайніцы мінулачасу, якія кросіць Уладзімір Арлоў ды вяртае з небыцця і занядбання, але гэта і тайніцы духовага беларускага ўсячасу. “Таямніцы…” не гэтак раскрываюць тайны, як іх ствараюць, яны ёсць сакральны беларускі тэкст, святое таемства, праз якое, чытаючы-хвалюючыся, пасвячаешся ў тайнадухоўніцу беларускае жывахрамнасці; “Таямніцы…” – таемны абрадак беларусатворчасці: тварэнне-таемнапіс і тварэнне-таемначыт новасвету, ціхая, самотная і непераможная ралігія Беларусі; “Беларусь пазбавілі народнай ралігіі, быў замацаваны падзел беларусаў на каталікоў і праваслаўных. Вось адна з галоўных прычын слабай нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, ад чаго мы зазналі столькі няшчасцяў і ў гэтым стагоддзі”, – між іншага кранаецца Ўладзімір Арлоў у сваёй кнізе праблемы нашае беларускае нацыянальнае “недабожнасці” і сваёю кніжкай як бы адкрываепаказвае беларускі пошук-богашлях: жывая мастацкая духатворчасць – тое, што адкрыла беларусу беларуса, і тое, што прывядзе яго да свайго Бога і да свае богаверы; і кніжка “Таямніцы Полацкае гісторыі” ёсць акурат гэткі духатворчы-духаспазнаўчы шлях-дойлідства ў жывы і творчы новасвет.

Уладзімір Арлоў уводзіць ва ўжытак новае паняцце – Полацкая гісторыя; яно тычыцца не толькі часоў старажытнасці, часоў Полацкага княства, але сягае аж у ХХ стагоддзе і ў будучыню; Полацкая гісторыя – нават найперш бязмежны мастацкі вобраз, чымся вузкае навуковае паняцце, гэта выпанятаваны сімвал беларусачасу, які можна бясконцаглыбіць творчасцю і бясконцанапаўняць творамі (“Я не абяцаю, што скажу пра Полацак усё – на гэта не хопіць і сотні тамоў”); напаўняючы тварэннем гэты жывасімвал, пісьменнік падымае з долу цэлыя апохі і светакраіны і ўдыхае ў іх беларускае жыццё; Полацкая гісторыя – духацэнтар творчасці Ўладзіміра Арлова, то не край-задворкі, а пункт адліку сусвету, і гэткая акалічнасць дазваляе і пісьменніку, і чытачу ўзвысіцца над звычайным краязнаўствам да вышыняў тварэння новага часабыту; праз Полацкую гісторыю даследчык і пісьменнік малюе падзеі сусветнае гісторыі і жывагісторыць новую Беларусь. Полацкая гісторыя – гэта разам з панарамаю сусветных падзеяў і з бязмежжам беларускага мастацкага новасвету, і з грунтоўнасцю навуковага доследу ёсць выяўленне асобы самаго Ўладзіміра Арлова, ягонага мастацтва, ягонае філасофіі, ягоных астатычных прынцыпаў і жыццёвых перакананняў, ягонага супраціву беларусазадушэнню і ягонай творчаўсхваляванай душы, якая народжаная Полацкам і якая нараджае Полацак; гэты дух полацкасвету, -творчасці і -твору трапна перадае верш Рыгора Барадуліна “Полацкі менталітэт”, змешчаны ў кнізе:

Ёсць полацкі менталітэт –
Ад Еўфрасінні, ад Скарыны,
Ад той абрынутай адрыны,
Дзе сон шукаў
Свой сонны след…

Ад Полацка пачаўся свет.
Пра небачолых кажам:
З нашых!
Ёсць Беларусь,
А гэта значыць –
Ёсць полацкі менталітэт!

ДЗЕСЯЦІВЕЧЧА

Уладзімір Арлоў, Гянадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. Вільня, 1999.

Што ёсць дзесяць вякоў беларускае гісторыі ў параўнанні з беларускаю вечнасцю? Пыл, імгненне, паўпрыкметны лятунак… І, апрача ўсяго, той абавязковы, неабходны вечнатворнік, без якога вечнасці не здараецца. Кніжка Ўладзіміра Арлова і Гянадзя Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” – працяг нашага духовага супраціву беларусазнішчальніцтву; святы агонь гэтага супраціву запалены на пачатку ХХ стагоддзя, і пры канцы сённяшняга астарэлага ўжо веку і пры зачыне новага, незьяснёнага, “Дзесяць вякоў…” – не толькі падагульненне мінуўшчыны ў межах 862–1918 гадоў, абвешчаных у пад’загалоўку кніжкі, але і падрахунак свядомага беларускага нашачасу ў міжнашаніўскіх абсягах; і гэты падрахунак не ёсць вынік, ён бо ёсць беларускае духовае дойлідства-творчасць; гэта толькі ўскраек, з якога і зачынаецца нашая вечнасць.

Прынамсі дзве асаблівасці сведчаць пра вялікую сакральную вартасць гэтага выдання: 1) кніжка выяўляе ўласцівую для гістарызаванае свядомасці беларуса прагу знайсці свой мінулачас і сваю гісторыю ў ім, 2) кніжка ёсць духовае дойлідства беларускае рэчаіснасці, тварэнне нашага нацыянальнага сусвету. То шлях наўслед за першымі свядомымі беларускімі гісторыкамі Максімам Гарэцкім, Усеваладам Ігнатоўскім, Вацлавам Ластоўскім, шлях разам з імі і шлях разам з імі пасля іх, – акурат свядоманацыянальнае гістарычанне беларускіх літаратараў і вырэчаіснівае беларускую гісторыю-быцежу; наш рэчаісны нацыянальны свет пачынаецца з жывога словамалюнку, з жывой літаратуры, з жывой творчасці пісьменніка. Гэткая акалічнасць – адпачатнамастацкасць-творчасць узвышае гісторыю, над’звычайсакралізуе яе, надае ёй самой рысы святой духатворчасці, і “Дзесяць вякоў…” пры ўсёй сваёй гістарычнасці – кніжка большчымгістарычная, яна бо – прыклад магутнага беларускага жыватварэння, прыклад мастацкае чароўнасці беларускае гісторыі, калі гісторыя праз духадзею пісьменніка і чытача выяўляе не гэтак мінуўшчыну, а болей будучыню Беларусі; шматлікія гістарычныя постаці вымройваюць нашую светлую, ідаальную, заўтрашнюю Беларусь на старонках кнігі, і Кірыла Тураўскі творыць святабеларускую малітву да Бога, і Тадэвуш Касцюшка вядзе паўстанцаў на бой за нашую будучыню, якая яшчэ не ўяснілася, і Напаліён у перадсмяротнае лежы трызніць Беларуссю…; арміі лютых заваёўнікаў і гурмы прывідных народаў выісточваюць наш заўтрасвет, і Грунвальдская перамога натхняе на веру ў Беларусь, і татарская арда нараджае памкненне да волі, і скрываўленая Іванам Жахлівым Дзвіна наталяе прагу да жыцця; дзяржавы і імперыі, утвараючыся і развальваючыся, змагаючыся адно з адным і паядаючы адно аднаго, выясняюць новы народ ды спеляць і мацуюць неўміручы Беларускі Дух.

Адметная кніжка і сваёю запавядальнасцю; “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” – гэта святое беларускае старазапавецце, без якога немагчымае ўрачыставанне новажыцця; гэта той абавязковы адбыў, без якога няма быўнасці, гэта тая абавязковая сказанасць, без якой няма казкі, гэта тая абавязковая прамоўленасць, без якой няма мовы; і кніжка-дзесяцівечча, выясняючы, пачаткуючы і працягваючы Беларусь, ёсць тое абавязковае беларушанне, без якога немагчымая беларускасць. Сённяшні дзень адно падкрэслівае запавядальнасць “Дзесяці вякоў…”, якія з колешніх газетных публікацыяў укнігаваліся аб пары цяжкіх выпрабаванняў – калі дзяржаўная ўлада мераецца вынішчыць на Беларусі Беларусь; “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” – гэта глыток паветра аб часе задухі, гэта жывы няскораны голас аб часе нематы, гэта ўрачыставанне жывога духу аб часе сатаніскага душабою. Выдадзеная на сродкі беларусаў з розных куткоў свету, кніжка ўрачыстоўна кажа на незнішчальнасць беларускае духадзеі, на стваральную сілу беларускага жыватворнага слова і на нікчэмнасць сатаніскае пустадзейнае процібеларушчыны; святое беларускае слова, шчыра прамоўленае на старонках “Дзесяці вякоў беларускай гісторыі”, нітуючы мінуўшчыну і будучыню, нараджае беларускую вечнасць, і гэтае адно падкрэслівае рэчаіснатворную значнасць беларускае сакральнае мастацтватворчасці, трапна дапісваючы-ўрэчаісніваючы прароцтва Мацея Бурачка паводле беларускага мастацкага духачыну, прароцтва, якое цытуецца і ў “Дзесяці вякох…”:

Ох, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я знік,
Абы голас даў,
Каб той голас чуць
Па ўсёй зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі!

РАПАРТАЖЫ З КРАІНЫ АБСУРДУ

Сярhіej Astraвец. Цэnzarскія nажniцы. Проза 1984–1999. Гародня–Беласток, 2000.

Ёсць кніжкі, якія існуюць раней за сваё насамрэчнае выкнігаванне; яны містычнапрысутнічаюць у літаратуры выпадковымі адкніжнымі публікацыямі ў газетах ды часопісах, жывым тайнічым голасам з пісьменніцкае шухляды, прадчуваннем пакрыёмае наканаванае явы, якая ваколкніжна чакае ўласнага пераўтварэння ў літаратурны адбыў; зьяўленне згаданых выдрукаў у свеце – то не спроба існавання ў раальнасці, а самаістае пацверджанне раальнапраўднасці свету; “Цэнзарскія нажніцы” Сяргея Астраўца, што ўкнігаваліся ў 2000 годзе, ёсць гэткая тайнічая кніжка: яна духацвердзіць раальнасць, спраўджае сабою даўно прамоўленую наканаванасць, духаўрачыстуе над прыгонам рэчаіснасці, яна бясконцанапоўненая незвычайнасцямі і самім жыццём; яна як бы ўраўнаважвае сабоюяваю ўласную ранейшую адсутную прысутнасць.

Кніжка гэтая адмысловая ў сваіх памкненнях да волі і творчасці; яна ёсць жывыя паказчык і помнік духовага пісьменніцкага процістаяння нежывым навакольным умоўнасцям; “Цэнзарскія нажніцы” – гэта ўпартае цверджанне мастака як вольнае асобы насуперак тым знявагам, якія даводзіцца спатыкаць сёння таленавітаму пісьменніку і шчыраму беларусу: цягам гадоў Сяргей Астравец пісаў па сутнасці “ў стол”, ягоныя творы ўпарта ігнараваліся літаратурнымі афіцыйшчыкамі ды літкрытычнымі гамасаксуальшчыкамі, перакідваліся з плану ў план, не дапускаліся да выдання, душыліся, замоўчваліся; сам пісьменнік у даслоўку “62 аповеды”, што змешчаны на завяршэнні кніжкі “Цэнзарскія нажніцы” сумнаіранічна заўважае пра гэтае: “Кніжка “Цэнзарскія нажніцы” была здадзена ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў 1994г., калі “цэнзарскія нажніцы” ўжо пачыналі здавацца амаль музейным акспанатам. Але насамрэч іх часова пераклалі з шуфляды ў сейф. Побач з асялком, каб потым завострыць. Кніга была набрана, але так і не выйшла. Што тут дадаць? Толькі тое, што цэнзарскія нажніцы часам, можа, нават надаюць натхнення. Пакуль іх не вымаюць і не кладуць пры руцэ. Пакуль цэнзары не робяцца пракурорамі. За наступны час у аўтара напісалася новая кніга “Хома новус”. Вымушана яна апынулася з “Цэнзарскімі нажніцамі” пад адной вокладкай, а плюс да іх 21 “савецкае апавяданне” і міні-раман у шпігелі. Атрымалася дзве кніжкі ў адной, нават тры. Як кава адразу з цукрам і вяршкамі. Хаця некаторым лепей смакуе толькі чорная кава без дадатку…”; некаторым у нас дужа смакуе парасячае пойла, – і кніжка Сяргея Астраўца ёсць пратэст, перамога і ўрачыставанне напроці таго галасістага заняпалакалгаснага ненаедку, што сёння галодзіць і морыць нашых свіналітаратуршчыкаў; кніжка ягоная – духовае ўзвышэнне над штукарствамі літаратурнае мафіі, якая здаўна афіцыйнаабсталявала літаратуракавальскі цэх свінячым карытам ды праз свае законы змусіла працавітых кавалёў навыперадкі сёрбаць з карыта ўсялякую дрэнь; Сяргей Астравец прынцыпова адмовіўся ўладжваць выдавецтва ўласных твораў у мафіёзны спосаб, і ў ягоным самавыдавецкім чыне адчуваецца ўрачыставанне асобы вольнае і годнае, гэткае, як бальшыня гярояў проціцэнзарскіх аповядаў. Кніжка ягоная вызначальная і непахісным цверджаннем уласных астатычных поглядаў і перакананняў насуперак юрлівым блазнаватым вохам-стогнам літмужалюбаў з залюбошанымі каравымі мальчыкамі ў глазах; па сутнасці, гэта ўсё тое ж духовае процістаянне літаратурнае мафіёзнае “групавусе”, спробам юродзівых літаратурасекаў-камісараў запрыгоніць творчасць пустымі лозунгамі ды адозвамі, спляжыць у пісьменніку ягоную адметнасць, задушыць у ім асобу і волю; “…Крытык толькі павучае пісьменніка, сам жа ім ніколі не стане”; “Ведаць, як гэта робіцца, яшчэ замала, каб самому пісаць”; Сяргей Астравец адпачатнанемафіёзны ў сваёй творчасці і кнігавыдавецтве; ягоны творчы шлях незвычайны, не біты, самастойны і самабытны; жывучы ў Гародні, ён прыслухаецца да сябе, да сваіх уласных пакрыёмых сцяжынаў і не імкнецца ісці ў літаратуру агульнаатапам, завядзёнкаю, якую ўсталявала “сям’я” і ейныя “хросныя”; у апавяданні “Звоўчыўся” пісьменнік, кажучы пра літаратурнага гяроя і ад яго імя, найперш кажа пра сябе, свае прынцыпы і сваё жыццё: “Варта ў нас пачаткоўцу апублікаваць нізку вершаў або апавяданнейка, як ён адразу пачынае рабіць захады, каб уцячы да сталіцы, і ўжо пачаць друкавацца стала. Сталіца “высмоктвае” з Беларусі паэтаў. Гэта зрабілася няпісаным законам. Вядома, аднак, што можа спарадзіць у душы вяскоўца гарадскі асфальт. Тугу па вёсцы ды нейкае вершавана-празаічнае румзанне. У пісьменніцкім саюзе атабарылася цэлая плойма такіх настальгічных літаратараў. Мяне гэта не вабіла, дужа не хацелася далучацца да агульнага хору. Можа гэта і падасца нясціплым, але я моцна адчуваў уласную аўтэнтычнасць. Мне здавалася, мае апавяданні не былі падобныя да друкаванага ў сталічных часопісах. Я пісаў сваё. А сталіца… Калі ў шыбе паказваліся першыя, з адлегласці яшчэ нізкарослыя гмахі, сэрца маё сціскалася ад скрухі. “Хутчэй бы дахаты”. Нежывыя вуліцы, натоўпы з пустымі вачыма. Шкляныя пагляды. Шэра і безаблічна. Адчужанасць навокал.”

Кніжка “Цэнзарскія нажніцы” незвычайная і сваёй красою, аздобчай вытанчанасцю; гэткіх прыгожых кніжкаў самавыдавецтва ў межах распублікі яшчэ не ведала, дый для штатных выдавецтваў “Цэнзарскія нажніцы” могуць быць сапраўдным узорам майстэрства і працы: што зьяўлеяцца сёння для самавыдавецтва бядою, дык для афіцыйнадруку – гана, і ў параўнанні з літаратурастаткавымі кнігасвіннямі, паўзгадаванымі афіцыйнымі мафіёзамі, “Цэнзарскія нажніцы” выглядаюць недасягальна і чароўна; таўсматая кніжка (больш за паўтысячы старонак) самая просіцца ў рукі, змушае на гартанне аркушоў і чытанне аповядаў, – і гэтае пры ўсім тым, што пісьменнік аздобіў кніжку самарушна, без выдавецкіх мастакоў.

Дый і змесціва ў ёй незвычайнае гэтак жа, як і аздоба: “Цэнзарскія нажніцы” напісаныя вытанчана і непаўторна, цікавай моваю, адметным стылем; Сяргей Астравец аўтар беспадобнай літаратуры, якую ён вызначае як “газетную прозу”, заснаваную на памежжы мастацкае творчасці і працы журналіста; аднак журналіскі дамешак аніяк не прыніжае мастацкую якасць твораў: газетчына выяўляецца ў апавяданнях не як руціна і аднастайнасць, а надае як бы дакумянтовую дакладнасць адвольнаму мастацкаму вобразу, рэчаіснапраўдзіць яго; у апавяданнях Сяргея Астраўца дзіўным чынам спалучаюцца сапраўдныя асобы з выдуманымі персанажамі, фантастычна-нераальныя вобразы з дакумянтовасцю, знарочыстабутафорская рэчаіснасць з фатаграфічнаадлюстраванаю натураю, сэнсавызваленне ад непахісных ісцінаў і законаў з набыццём сэнсу ў вольных няўцямных вобразах; творы Сяргея Астраўца напоўненыя абсурдам рэчаіснасці, і гэты абсурдасвет падкрэслівае жыццёвасць і вечнасць чалавечае душы сярод бязглуздае краіны-смехачасу – якойсь “кітайгародскай барбарусі”, дзе помнік Уладзіміру Іллічу Леніну плача, як сікстынская мадона, а ў БТР (бартарна-транзітная і бананава-таталітарная распубліка) пачаткуецца ды існуецца новая раса афраазіятаў; акурат праз гэтую незвычайнасць, створаную на аснове абсурду, выдумкі і рапартажнае даталёвасці выяўляецца Астраўцова філасофія волі, дый самая воля пісьменніка, ягоная нязломная прага пісаць і духатварыць. “Цэнзарскія нажніцы”, – прызнаецца пісьменнік, – вельмі гарадзенская кніга. Брук, муры, званіцы, статуя Хрыста, рака, бронзавы помнік Алізы Ажэшкі, стары вежавы гадзіннік. Барыллеф караля Стэфана Баторыя ў фарным касцёле, сфінксы на замкавай браме, канспіратыўная кватэра Каліноўскага, дом ураду БНР. Усё гэта паўплывала на аўтара, дапамагло яму напісаць гэтую кнігу.”; трэба дадаць, што “Цэнзарскія нажніцы” – вельміастравецкая кніжка: яна найяскравей выяўляе талент і творчую індывідуальнасць Сяргея Астраўца, толькі ягоны свет з абсурдам механічнае рэчаіснасці і мудрасцю жывое чалавечае душы; то свет, намаляваны чарамі гарадзенскіх старых падворкаў і старажытных замкаў, водарам “літаратурнае” кавы, постукам пісьменніцкае друкаркі, – непаўторнай і няўлоўнай-няўтлумнай чуллівасцю, толькігарадзенскім і толькіастраўцоўскім настроем, які крыху-поўна выявіўся і ў вершы, змешчаным у апавяданні “Ундэрвуд”:

На стале маім кніжкі,
як цэгла – адна на адной.
Побач машынка
чорнаю плямай
са зламанай рукой.
Свечка памерлая,
чорны кнот
бела-хворае
стаарынавае цела
працяў навылёт.
Кветка зімовая здранцвела
канае,
утапіўшы карэнне засмяглае
ў гліняным гаршчку
са спятрэлай зямлёй.
Зіма. Лютага сцень.
Дотык холаду.

НАГБОМ ДА ДНА

Рыгор Барадулін. Здубавецця. ТАА “Паліфакт”. Менск, 1996.

“Здубавецця” народжанае народна і апаэчанае адметнай душою мастака-творцы; гэтая кніжка, пры ўсёй ейнай нечаканасці і незвычайнасці, вельмі дадатная да творчасці Рыгора Барадуліна, вельмі традыцыйнабарадулінская, яна бо – яскравае сведчанне за не дакларатыўную “фальклорна-атнаграфічную”, а за насамрэчную, жыццёвую і жывую народнасць мастака, тую народнасць, з якой пачаўся паэт, у якой ён выпеставаўся, падняўся і якую панёс у сваім сэрцы; “Здубавецця” – асаблівы вушацкі “дыплом” народнае сталасці, пасвячэнне ў тайніцы простага і грубага на першы погляд і тым не менш цнатлівага ў гэтае свае грубасці быцця.

– Што Іван робіць?
– Кароў пасець.
Далівуйда.
– Нашто яму каровы?
– Малако есці.
Далівуйда.
– Нашто яму малако?
– Рабят карміць.
Далівуйда.
– Нашто яму рабяты?
– На вайну йсці.
Далівуйда.
– А дзе ж тая вайна?
– Пасярод гаўна.
Далівуйда.
Дзеўкі рассяканкі
на вайну не йдуць.

Не ўцякай, бабулька дворна,
У цябе пад пупам чорна.
Не ўцякай, бабулька, з раду,
Уторкну дудачку ззаду.
Пастаі, бабулька, у кутку,
А я разганюся ды ўткну.
Не хадзі на рэчачку,
Замочыш авечачку,
Не хадзі на быструю,
Замочыш сукрыстую.

А дзед бабу разуваў,
Пад ножачку паглядаў:
– Ой, бабулька, што за звер,
Я ж баюся, каб не зьеў.
– Ці ты ў лесе не бываў,
Чорных звяроў не відаў?
Ты, дзядулька, не рабей,
Гэта птушка – салавей.
Ён і свішчаць і пяець,
І спакою не даець.

Кніжка гэтая выразна кажасімволіць паатычны “статус” самаго Рыгора Барадуліна: народны паэт – адзін з самых народных на Беларусі не па званні, а па свае ўнутранае сутнасці; і акурат гэты жывы ўнутраны духазмест засцерагае творцу цягам жыцця ад заўчасназабранзавення, – аб той пары, калі ў нейкага з мандатаваных званнямі і ўзнагародамі “афіцыйная” народнасць душыць паэзію ссыцелаўбюставаным у лыч невыносным гранітным цяжарам. Разняволенасць, яўная пазаафіцыйнасць, жыццесапраўднасць – адметы Барадулінаўскага зборніку; пра гэтую шчыранародную адкрытасць твораў трапна пішазаўважае сам аўтар “Здубавецця”: “Вушацкія песні, папеўкі, як і ўся народная паэзія наогул, ужываюць скаромныя словы й вобразы. У вуснах народнай песні, абрадавай ці побытавай, любое слова гучыць цнатліва, бо гэта йдзе яшчэ ад паганства, якое не карысталася фігавым лістком. Насельнікі халаднаватай часьціны планеты грэлі свой юр, ятрылі сябе словам моцным, як пяршак. Каб род не звёўся.”; пачуты паэтам ад людзей і занатаваны дзіўны сусвет, вельмі блізкі да нас і разам з тым яшчэ не адкрыты і не спасцігнуты беларускай літаратурай, паўстае на старонках зборніку.

Дзякуй тому х.юшку,
х.юшку, х.юшку,
Што зрабіў нам пірушку,
пірушку, пірушку.
І ў ручачкі не хукаў,
не хукаў, не хукаў,
Малаточкам не грукаў,
не грукаў, не грукаў.

А ў чыстым полі пад ябурамі
Часалі дзеўкі х.. тапарамі.
Яны часалі ды прымяралі,
Каб гэта, ціці, не ўкараціці!

Пайшла маці ў Даўгінава,
Дачку дома пакінула.
Пакуль маці вярнулася,
Дачка дома сапсулася.
Па суседству жыў Мікіта.
У Мікіты хата крыта
І чаротам, і кулямі,
Пасярэдзіне – х..мі.

“Вушацкія называюць усё-абы як сабранае, выдуманае й нявыдуманае, нішто й нешта, праставатае і хітраватае, вясёлае і сумнаватае адным словам “здубавецця”, – гэтак Рыгор Барадулін ужарты характарызуе свой зборнік; і сапраўды, каштоўнасць кніжкі ў ейнае “выпадковасці”, “ненаўмыснасці”, “міжвольнасці”; яна ёсць фальклорны дослед, але то – не манаграфія і не ўпарадкаваны запіс твораў вуснае народнае творчасці, а воплеск чулае душы паэта, ягонае назіранне жыцця, ягоны ўспамін жыцця і ягонае жыццятва-

рэнне; кніжка яскрава выяўляе псіхалогію, гумар, філасофію беларускага народу, але – яна найперш выяўляе творчую асабістасць Рыгора Барадуліна; у кніжцы блазенства сведчыць за мудрасць, жарсць за цнатлівасць, ламаны вершарытм за хараство паэзіі; у кніжцы здубавеціліся розныя літаратурныя жанры і роды і арганічна паядналіся між сябе; у “Рагацці” сабраныя празаічныя мініятуры:

Адна дзеўка йшла на Пятра дый прыгаворвала сваёй касматачцы:

– Знай, пятля, калі было Пятра, намурзалася, як вішань…

у “Прыбабуньках” – пад’ялдычкі:

– Ну.
– Х.. гну, дуга будзіць.
– Куды?
– У сраку па жалуды.
– Натрасу й табе прынясу.

хуткамоўкі:

Пі здароў! Пі здарова! Пі з даёнкі!

хто як цёхкае, шчабеча, квакае, звініць, стогне:

Цімох, Цімох,
Павёў дзяўчыну ў мох, у мох,
Паваліў, загаліў –
Торк, торк, торк, торк!
(Салавей.)

загадкі:

Кладуць старца ў дамавіну,
Х.. тырчыць напалавіну.
(Грыб у кошыку.)

словы матчыны з Вушаччыны:

Пазайздросціў х.. лапцю;

у раздзеле “Я сваю Марынку хоць пасярод рынку!” сабраныя прыпеўкі і вершапрыгаворкі:

Сядзіць баба над ракой,
Работы не маіць,
Траву рвець, п..ду трэць,
А ўсё ж не гуляіць.

Гірша з Моўшам добра жыў,
Гірша кроіў, Моўша шыў,
Гірша з Моўшам дровы сек,
Гірша Моўшу х.. адсек.

Выйшла барыня плясаць,
Салодкія пальцы,
Ў адну руку ўзяла х..,
А ў другую яйцы.

Сядзіць барыня пад плотам,
Вышываіць п..ду дротам,
Ездзіць барын і хахочыць,
А ў п.здзе дрот лапочыць.

Злавілі сароку
Ды пасярод току,
Лёй-ліля-лё.
А надралі лою
Над самай п..дою,
Лёй-ліля-лё.

Цераз рэчку йшла,
На кладачку села:
– Пі, п..дзічка, пі вадзічку,
Ты кілбаску зьела.

Выхадзіла паня Яня,
Танцавала танцы,
Цалавала паня Яня
Пану Яну ў яйцы.

У зборніку “Здубавецця” Рыгор Барадулін стварае непаўторны, адмысловы беларускі свет, які чыстаяснасветла адкрывае мудрую глыбежу народнае душы і запавядае нам незамучоны шчыры беларускі час; барадулінскія філасофія, творчасць вытканыя з народнага сумнаватага і бязглуздабясклёпачнага чорнагумару – зьявы пэўнаневытлумачальнай і вельміжыццёвай і вельміжыццядайнай; зборнік Барадулінскі ссуканы з жывых і шчырых беларускіх душаў і выліты праз жывую і шчырую душу паэта цёплымі і мудрымі вершасловамі.

А вушацкія ведалі смак
У вусім,
Бо жыццё любілі.
Слова,
Як на Вялічка мацак,
Правяралі на зуб –
Зубілі.
Рэчы ўсе называлі так,
Як назвацца хацелі рэчы.
Кожны быў
Так кахаць мастак,
Каб на печы
Не зяблі плечы.
Мерзлі ногі ад сала,
Каб
Разлятаўся на трэскі ложак.
І не толькі словам да скаб
Праціналі.
Быў жарт, як вожык.
Спосабам,
Што шукаў іх сам,
Праганялі далей хваробы,
І без спонсараў,
Без раклам
Страт не мелі
Майстры-дзецяробы:
Дзяўчаты, дзяўчаты,
Ці ўсе вы пачаты,
Каторыя не,
Падыходзь да мяне!
З тых,
Хто звык хадзіць нацянькі,
Кпяць спрадвеку жанкі і дзядзькі,
Разгаўляюцца словам скаромным
І не лічаць яго бессаромным.

На паліцах навукі здаўна
Не прыстала пыліцца ўзорам.
Хай завецца фалічным фальклорам
Смех здаровы,
Шурпатасць радна.
Ведай, мудры чытач,
Ні фалічным,
Ні палічным з паліцаў
Не лічым
Наш запал.
Як няма самагонкі,
Пі здароў, пі з даёнкі.
Да дна!

ПСАЛЬМОЎНІЦТВА НОВАЧАСУ

Рыгор Барадулін, Алесь Камоцкі. Псальмы. Музычны альбом. Беласток, 2000.

Беларуская малітва – то мастацкая творчасць; беларускія анёлы – нябачныя музы, што хвалёўна вечняць святую мастацтваверу; беларускі Бог – словагук, што нараджае новы жывасвет; у шматбожным адзінабожжы свету беларускі вераголас адметны і незвычайны: мы не проста верым у Бога, мы яго беларусавератворым, прамаўляем, мастацтваспасцігаем; і “Псальмы” – гэта тое незвычайнае, духатворчае мастацтваспасціжэнне Богу, у якім напоўніцу раскрываецца магутная сіла Беларускага Духу і крынічная творчая безмеж жывое беларускае душы.

Ойча наш, што ў нябёсах,
Хай сьвяціцца імя Тваё
І ў зорах і ў лёсах.
Хай прыйдзе Царства Тваё
Як спатоля,
Хай Твая ўсеўладарная
Збудзецца воля
Як на небе,
Гэтак і на зямлі.
Хлеб наш надзённы пашлі,
Жыццедар, сёньня нам.
І даруй нам нашы даўгі,
Як і даруем мы даўжнікам.
Адгарадзі ад нас
Спакусьлівыя лугі,
І ў смутны час,
І ў цёмныя дні
Нас ад нячысьціка аслані.

Не зрушыцца Царства Тваё,
І рушаць рухава
Ад Твайго цьвярдога парога
І сіла,і слава
Твае мілаты і лагоды,
Айца і Сына, і Духа Сьвятога
Цяпер і заўсёды,
І на вячніны вячнін. Амін.

“Псальмы” – гэта слова- і гукавытварэнне беларускага Богу; у альбоме лучна зліліся бяздонная паэзія Рыгора Барадуліна, чароўнагучныя музыка і спевы Алеся Камоцкага, зямная філасофія і ўзнёсланябёсная богавера; альбом гэты вельмі беларускі і па духу, і па змесце: у ім выяўленая запаветная беларуская мара богаўзвышэння-выбаўлення з зямнога граху і прамоўлены натхнёны песняшлях гэтага ўзвышэння-выбаўлення; у “Псальмох” выяўна чуцён і збудны звон, што кліча да волі, і святапакутніцкая пакора перад абагомленым усялёсам, і самотніцкая беларуская зачараванасць казачнасцю тайнасвету, і разгуба творчае душы перад укаржэлаю праўднасцю рэчаіснасці…

Бачу вочы Твае, хоць Цябе я не бачыў ніколі,
Чую голас Твой вышні, хоць ніколі не чуў я Цябе.
Гэтак вязень сьляпы бачыць вочы забытае волі,
Гэтак чуецца голас зьнядзелены немай мальбе.

І пры ўсім тым альбом “Псальмы” – зьява над’звычайная ў беларускай мастацтватворчасці, беспадобная, першаасноўная; пры ўсёй вызначанасці яна – абавязкованеабходная творчай Беларусі, бо ёсць патрэбная і жыццегалоўная, немінучая, як дзень нараджэння, як наканаванне; і незвычайны талент псальмоўнікаў, які трапна спалучыўся адно з адным у беларускіх давыдавых спевах, толькі ўзмацніў голас гэтае ўсюдыдышнае нашаідэі, якая скрозь усей альбом настойліва, насуперакпагібельна ўрачыстуе аб пары беларусабойства: мастацтватворчасць, натхнёны спеў нараджаюць новы беларусачас-сусвет, які спеліцца ў шчырых і ўсхваляваных душах, што імкнуць боскаю дарогай, і з душаў духова творыцца паўсюдна і скрозь.

Богу ў вочы глядзець і душою
Па ягоных сьцяжынах ісьці,
Жыць удзячна ў імгненным жыцьці,
Не сварыцца са злосьцю чужою.

Богу ў вочы глядзець і душою
Размаўляць з усявышнім Тварцом,
Піць бяду і нагбом і карцом,
Ані срэбрам не быць, ні іржою.

Богу ў вочы глядзець і душою
Кожны рух чысьціні паўтараць,
Голасу дабрыні патураць,
Як парчой ахінацца імшою.

Богу ў вочы глядзець і душою
Ніцма падаці ў ногі Айцу,
І жывому жадаць і мярцу
Боскае мілаты і спакою.

КРОЗАЗАПАВЕТ

Янка Брыль. Запаветнае. Выбраныя творы. “Беллітфонд”. Менск, 1999.

“Запаветнае” Янкі Брыля запавядае беларусу ясны беларускі свет; “рака шырокая, пакуль што чыстая, трыснёг, лаза і асака абноўлена зялёныя, сонца зноў, як штогоду, грэе па-летняму, і ліпа ў самай квецені, гудзе ад цямна да цямна”; фенамянальнасць творчасці Янкі Брыля ў тым, што створаны ім свет зямны і відавочны – мара; і ў гэтым найвышэйшае дасягненне раалістычнае прозы, калі пісьменнік, малюючы “з натуры”, стварае звышнатуральнае, штось большае і вячнейшае за тыя тыпалагічныя даталі, з якіх ён выштукоўвае свой малюнак, штось духовейшае за сам жывы рэчывасвет-прататып; проза Янкі Брыля – гэта пераўтварэнне навакольнага свету ў спакойную, светлую і чыстую музыку, гэта стварэнне мары з абыдзённага, абыклага, укаржэлага рэчыва- і часаадбітку; і мудрасць ягонае прозы – ад таго творчага духовага спакою і ад тае светлае мары, ад таго плыннага свету, які пры ўсёй сваёй істапраўднасці, тым не менш, ёсць высокамастацкія нязбыў, і крозы, і запавет.

Згэтуль жывіцца і філасофія Янкі Брыля, з простых і наталёных бясконцай глыбінёю зьяваў; па-за светлаю настраёвасцю ягоных сказаў тайніча і гэтак жа настраёва выісточваецца дзіўнасвет чалавечых пачуццяў, памкненняў, лёсаў; Брылёва проза – гэта музыка, якая агучвае розумнасць чалавекабыту, гэта песня, дзе словасэнс – фон, і дзе ісціна – гукі; “Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі. Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь…”; “Сонечны ранак. Адны дзеці ідуць у школу, другія ў садок, у яслі. З мамамі, бацькамі ці бабулямі. Людзі на працу ідуць. А тут – будаўніцтва дома. Высока пад ясным небам тырчыць разумны кран, з якога чуецца, як божы гром, выразна падкрэслены мат, узняты ў нас на вышыню.”; “Перакрываюць хату. Салома шчацініцца сонечным золатам яшчэ не вельмі высока; крыльцы (у нас казалі і стрыхарэ) дайшлі да палавіны страхі. Аднак і там яны – вышэй над усёю сваёй будзённасцю, у прыўзнятым настроі”. Філасофія Янкі Брыля немінуча вынікае з ягонае фенамянальнае здольнасці атаямнічваць-адухаўляць-крозіць звычайшчыну; гэтая парадаксальная асаблівасць ягонае творчасці як найлепей явіць ідэю мастацкага тварэння свету, якая асноўваецца на жывіннасці і бяздоннасці мастацкага вобразу, – іначай кажучы, мастацкі вобраз пры пэўных уласных фізічных “прасторавых межах” здольны ахінаць бясконцасць; дойлідства Янкі Брыля – акурат і ёсць гэткія адоймы бясконцасці праз запалены мастацкі вобраз: кожны сказ і кожны радок “Запаветнага” напоўнены бязмежжам жыцця; дзякуючы гэтаму Янка Брыль праз невялікі па аб’ёму тэкст, часам праз некалькі кароткіх сказаў, жывавыяўляе бязмерныя лёс чалавека, гісторыю народу, вечнае хваляванне душы…

У кніжку “Запаветнае” ўвайшлі аповесці, апавяданні, мініятуры, нарысы пісьменніка, напісаныя ў розныя гады жыцця; “Запаветнае”, зьяўляючыся выданнем выбраных твораў, сведчыць разам з тым пра запавядальнасць усяе творчасці Янкі Брыля, яно – як бы ілюстратар ягонае творчасці: ад сваех першых радкоў і па сёння літаратура пісьменніка вяшчуе беларускі свет, па-мастацку напоўнены міллёнамі жывых, шчаслівых у сваіх пошуках і пакутах самотным беларускім шчасцем лёсаў, напоўнены безліччу беларусабіблейскіх падзеяў ды ісцінаў; лепшыя нацыянальныя рысы выяўленыя ў ягонай прозе, уся нашая атнаграфічная анцыклапедыя паўстае са старонкаў ягоных кніжкаў, уся нашая гісторыя засяроджаная ў мудрых сказах, і разам з гэтымі дадатнасцямі Янка Брыль напісаў і запавяшчае нам светлыя і чыстыя беларускія мары, якія геніяльна і вольна жывуць і дыхаюць між радкоў ягоных твораў; гэткі запавет можа пакінуць толькі беларускі мастак, бо гэткі запавет пры ўсім ягоным агульналюдскім патасе – толькі беларускі; дый што яшчэ можа падарыць мастак Беларусі, і што яшчэ можа ўзяць Беларусь ад мастака, як не гэтае жывіннае духовае вобразатварэнне, жыццё бо прынесенае ў ахвяру святому духаванню заўсёды застаецца жыццём; “У газеце, дзе вы надрукуеце мой некралог, няхай таксама будзе недзе побач жывы, таленавіты артыкул пра несмяротнасць сапраўднай паэзіі”.

СТАРЫ ЗАПАВЕТ

Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіскія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі. Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. Наваёрак, 1996.

Гісторыя ёсць толькі тады, калі ёсць апавядальнік гісторыі; і Юрка Віцьбіч апавёў свету сваю гісторыю. Свет не хацеў слухаць ягонага аповяду; свет не прыймаў на веру аніводнага слова апавядача, патрабуючы доказы выгукнутаму з невядома адкуль – з душы – свету, сумняваючыся ў праўднасці сказанага, уважаючы казанні за байкі і хлусню. Доўгага часу ў Юркі Віцьбіча проста не было слухачоў або былі тыя, хто чуў толькі палову аповяда – ягоныя доследы, раскіданыя па архівах, не прызнаныя навуковым думніцтвам, існавалі ў паўзабыцці; але гісторыя Юркі Віцьбіча насуперак гэткаму задушэнню жыла як аповяд без слухачоў. І калі ў гісторыі раптам няма свайго слухача, яна ператвараецца ў тайнічыя знакі, якія калі-небудзь творча ўваскросіць чытач; гэтак адразумляюцца людствам ягіпецкія нячыты, гэтак спасцігаецца намі няўцямлівае вязьмо старажытных знатамкаў-запавеснікаў нас саміх, гэтак мы вытвараем чытам з акасцявелага літарасвету сваю рэчаіснасць.

Кніжка “Антыбальшавіскія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі” – і ёсць згаданае вытварэнне “непачутае” гісторыі; Лявон Юрэвіч сабраў напаўзагубленыя часам, раскіданыя па розных куткох творы пісьменніка ды даследчыка і склаў Віцьбічаву кніжку. Кніжка гэтая – вельмі беларуская; навуковыя творы Юркі Віцьбіча ёсць сакральнае вобразатварэнне расхваляванае душы насуперак укаржэлым законам рэчаіснасці; а гэтае адпачатна – ад Мацея Бурачка, ад Вацлава Ластоўскага, ад Янкі Купалы… – выключна нашая ўласцівасць; там, дзе бяздарны свет чакае ад нас закасцявелых доказаў, ён патанае ў мастацкай творчасці беларускае душы. У прадмове да кніжкі Лявон Юрэвіч піша: “…Віцьбічу-навукоўцу не ўдалося пераадолець Віцьбіча-пісьменніка і паляміста. У кнізе знойдзена нямала старонак, што нагадваюць хутчэй Віцьбічавы нарысы, а не навуковае даследванне. Гэта і аповяд пра Панькоўска-Будаўскае і Бешанковіцкае паўстанні, гэта і большая частка раздзелу пра Вяліскае паўстанне, гэта, безумоўна, і пераважная бальшыня партрэтаў партызанаў. Аповед жа старога палешука пра Бацьку Булака-Булаховіча – закончаны мастацкі твор малой формы. Віцьбіч непрыхавана палямічны. Палямічныя і апісанні паўстанняў, асабліва дзеянняў асобных партызанаў. Палямічная рэзкасць адчуваецца і ў крытыцы ацэнак, што разыходзіліся з ягоным, Віцьбічавым, разуменнем падзеяў”. Юрка Віцьбіч слухаў адно сваю душу, чаго не маглі пачуць ягоныя спапрэчнікі, – і таму сёння мы маем адмысловы, непадобны ні на якія іншыя, твор пра беларускіх сыноў-партызанаў; а што датычыць навуковае праўднасці ягоных доследаў, дык яна большая і вышэйшая за тую праўднасць, якую жадалі ад яго пачуць апаненты: апанентаў бо разам з іхнімі суворымі патрабаваннямі даўно няма на гэтым свеце, а адрынутыя імі творы – уваскрослі.

Юрка Віцьбіч намаляваў шырокую карціну антыбальшавіскага змагання на Беларусі праз сведчанні сотняў простых людзей, якія выпадкам або наўмысам апынуліся ў гушчы крывавых падзеяў. “…Кніга Віцьбіча “Антыбальшавіскія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі”, – кажа ў прадмове Лявон Юрэвіч, – мусіла стаць першай у шэрагу такіх дакументальных твораў, як пазнейшыя працы “Я з вогненнай вёскі” Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзіміра Калесніка, “Блакадная кніга” Алеся Адамовіча і Даніла Граніна, як кнігі Святланы Алексіевіч. Віцьбіч адным з першых убачыў у сведчаннях сучаснікаў дакументы агромністай сілы…” Віцьбічавы малюнкі – то біблейскія гісторыі з беларускае Бібліі, якая ўсё яшчэ пішацца: адвага і здрада, вера і блюзнерства, Каін і Авель сышліся адно з адным на старонках “Паўстанняў”. Кніжка гэтая не закліканая спрачацца з афіцыйнай гістарыяграфіяю, пісанай ў савецкай Беларусі, хоць Юрка Віцьбіч разглядае падзеі з антысавецкіх ідаалагічных меркаванняў: бальшавізм згінуў, і даказваць ягоную правадзейнасць ці неправадзейнасць – азначае заставацца разам з ім, у магіле; “Паўстанні” – то адзін з кананічных твораў, які дадае шэраг хай сабе і процілеглых па ідэйнае скіраванасці іншых кананічных твораў, што складаюць беларускі Стары Запавет, напісаны кроўю ў братазабойстве і братанянавісці. Наш абавязак чціць гэтую кнігу, каб ніколі яе не паўтарыць целаісна і каб на падставе яе напісаць ясную і святую беларускую кніжку – наш Запавет Новы. На завяршэнні ж гэтага твораадгуку хочацца працытаваць радкі, якія ўжо зрабіліся беларускай класікай, хай нават і не ўвайшлі пакуль што ў падручнікі і храстаматыі; разам з іншымі вершамі яны змешчаны ў зборніку ў раздзеле “Вязанка жаўнерскіх песняў” і перадаюць тыя шчырыя рамантызм і мужнасць, якімі прасякнутыя “Паўстанні” Юркі Віцьбіча:

У гушчарах, затканых імглою,
Шэрым змрокам на золку ў зару
Ахвяруем Табе мы сабою
Кожны дзень, кожны час, Беларусь.

І няма ў сэрцах жалю ні страху,
Мы адвагай жаўнерскай гарым.
Не чужыя, варожыя сілы,
Але Ты нас вядзеш да зары.

Хмарай дым над галовамі тае,
Вецер дыхае мятай, быллём.
Беларусь, Беларусь, залатая,
За Цябе, за Цябе мы ідзём.

ПЕРШАПАЭЗІЯ АПОШНЯВЕРШАЎ

Леанід Галубовіч. Апошнія вершы Леаніда Галубовіча. Вершы. Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. “Полацкае ляда”. Полацак, 2000.

“Апошнія вершы” Леаніда Галубовіча – нібы першыя; у іх не згасае той рэдкі адбожны агонь першапачатнасці, які часцяком характэрны для першых паэтавых гукаў і які часцяком не характэрны для гукаў апошніх; страта святаіскры, падмена адбожнага агню работаю алектраацяпляльнага ці -асвятляльнага прыстасавання – зьява дужараспаўсюджаная і нават законапраўдная; паэзія – гэта заўсёднае абвяржэнне праўднасці закасцявелых законаў, процірэчасансоўнасць, то жывамроя ў мёртвых сутарэннях з распарадкаванымі ўздоўж сценаў і па кутох прадметаправіламі-шкілетамі; не кожны здолее вольнапасяліць жывамроі ў спад’зяменні, не кожны здолее пераістоціць сутарэнні ў вышыні, і не кожнаму гэтае дадзенае – “…тварыць уяўнасць з хаосу лятучых кроз, каб узвесці ў сапраўднасць свой чалавечы лёс…”; фенамянальнасць паэчання Леаніда Галубовіча і ў тым, што ягоныя першыя вершы адбыліся адразу “стала”, прамінуўшы пару брытагаловага вучнёўства і не зведаўшы крыўднага таўра “зроблена пачаткоўцам”, – і разам з тым “першым” вершам Леаніда Галубовіча з ягонага першага “таемнаагністага” тому, як і “апошнім”, уласцівая тая вечнапаэтная яснасць адпачатку, без якой паэзія не бывае паэзіяю, – фенамянальнасць у тым, што паэту скрозь усю сваю творчасць даводзіцца як бы ісці “ад адваротнага”: калі пераважны паэтарух нашых творцаў прасякнуты яўнымі намерамі адпусціць патлы на брытых патыліцах, зрабіцца сталымі дзядзькамі і нават класікамі, дык Леанід Галубовіч мераецца ўсяго часу, увадваротку, скінуць з сябе цяжар “сталасці”, не пагубіць пад ейным прыгнётам першапаэтнасць; і “Апошнія вершы” добра кажуць за гэтае выбаўленне з-пад гнёту літаратурнае прафесіі: пры бездакорным валоданні вершарамяством Леанід Галубовіч выяўляе не абазнанасць у гэтым рамястве, не ўмейства, а тое пазамежжа-ісцінапаэтнасць, дзеля чаго і існуецца рамяство; таму галоўныя рысы паэзіі “Апошніх вершаў” – шчырасць, глыбокаасабістая прачуласць, мудрая жыццёвасць; па-за грукатам сытых акадамаваных лірадаўбешкаў і па-за ляскатам брытагаловых вумнарыфмаў, што гаспадарліва атайбаваліся ў роднай літаратуры цягам бліжэйшых гадоў, “Апошнія вершы” шчыраадкрываюць спакойную і светлую ісцінасць паэтакрозаў, змушаюць спакойна і светла суперажываць гэтую ісцінасць і сутварыць разам з ёю. Хараство Галубовічавай паэзіі ў яснасці, адкрытасці, утульнай усхваляванасці цёплымі і даступнымі вобразамі.

Што мне вашы “яўропы” і “штаты” –
У мяне вунь на клеччыне мама
Адыходзіць на неба ад хаты,
І ад вашай Яўропы – таксама…

Шчэ любоў яе толькі трымае
Да дзяцей, як зямлю – гравітацыя…
Ні на “боінгу”, ні на трамваі
Не дапнеш да яе разірвацыі…

Там рукамі, сатканымі з венаў,
Лёс цыруе пражылкамі нітак…
О рабыня па лініі геннай,
Ці прабачыш раба Леаніда?

Што не лётаў па мройных “яўропах”,
Не шукаў сабе вольнай па свеце,
А ўсё крэмзаў на мове Азопу,
Сум хаваючы ў звонкім санеце…
Я прыеду аўтобусам “Морач”.
Ноччу лесам прыб’юся дахаты…
Прывязу табе ўсю сваю горыч.
Ну, не везці ж мне, кроўную, ў “штаты”!

Раб з рабыняй абдымемся моцна,
Час апошні пазычыўшы ў ночы…
Гавару табе гэта завочна,
Баючыся, што змоўчу на вочы…

Жывая яснасць “Апошніх вершаў” заварожвае глыбокім лірызмам; мудрая філасофія вытканая з чыстых і тайнічых мятафараў, трапных назіранняў, палонлівых вобразаў; “Зіма сваё адляжала. Падмок пад пярынай под. Травы зялёнае джала казыча зямны жывот.”; вершы Леаніда Галубовіча шматколерныя; яны пазбаўленыя тае плакатнасці, вершанячуласці, якія шматдушаць сённяшнюю паэзію ды кажуць ейны прымітывізм, недасканаласць,– і філасофія, і рыфмы, і рытмы “Апошніх вершаў” настраёвыя, набрынялыя пачуццём; урэшце гэтая шчырая настраёвасць і выглыбляе жывую філасофію Леаніда Галубовіча, вытварае, здавалася б, з абыклых да звычайшчыны аповяда ці скметы неабдымны часасвет; проста ягоныя вершы шчырадыхаюць творчаўсхваляванаю душою, – дык адсюль і настраёвасць, – і часафіласофія ў вершы “Чырвонец памяці”:

…пазычыў чырвонец савецкі
Калісьці ў Янішчыц –
Нібы на аўтобус свой клецкі,
На п’янку – па звычцы…

На вуліцы Маркса, ў кватэры
Мятліцкага Колі
Я піў… І закусваў з патэльні…
І спаў як ніколі…

Мікола будзіў мяне рыфмай,
Як роўнага роўны,
Бубніў пра тыраж і тарыфы,
Пра Бабчын свой родны…

“Янішчыц, – казаў ён, – і геній,
І хросная матка…
Вось толькі б не ўнюхала Жэня,
Дзе легла дзясятка…”

…цяпер – на паверсе вышэйшым –
Ён бачыць свой Бабчын,
Як восьмае неба – на першым
Ёй выпала бачыць…

Камечу часоў тых чырвонец,
А горла – сухое…
Папера. І сотку не возьмеш –
Каб выпіць за Тое…

Шматсансоўнасць назвы зборніка “Апошнія вершы” ў дадзеным выпадку – зьява дадатная; колькізначнасць назвы ў гэтым разе тайніць сэнс, але не блытае яго; хтось уважае пад “апошнасцю” напісанае цягам блізкага часу, хтось чытае ў назве змрочныя ноты, сам жа паэт тлумачыць: “апошнія” – значыць, вершаў больш пісацца не будзе; і гэты зарок не складаць вершы чарговым разам сведчыць пра фенамянальны пачатак у творчасці Леаніда Галубовіча: то ўсё тая ж Галубовічава вайна супраць “сталасці”, боязь паэтазагінуць у мяртвоце рамесніцтва, прага ашчадзіць у сабе паэтапершаснасць; вядома, што зарокі ніколі не выконваюцца, а ў дадзеным выпадку і пагатоў, – немагчыма бо адрынуць тое, што табе наканаванае; Галубовічаў пратэст скіраваны не столькі супраць паэзіі, колькі супраць літаратурных роду ды жанру, і гэткі бунт не мае жаданага плёну: можна пасыпаць галаву попелам, сысці ў пустэльню, узяць зарок маўчання і адрачыся ад вершаў і паэзіі, але – усё адно гэтае будзе паэзіяю і паэтанаканаваннем; мала бо каму выпадае быць паэтам, і ніводнаму паэту не выпадае памяняць “прафесію”; напэўна, у прадчуванні марнасці святое вайны з наканаваным паэтасабою напісаны адзін з “апошніх” вершаў Леаніда Галубовіча і змешчаны ў ягоным “апошнім” вершазборніку:

…сорак год не ведае свабоды
І сядзіць, зняволены, ўва мне
Раб самоты, вязень насалоды –
Дым глытае, цешыцца ў віне.

Ненавіджу вязня, як турэмшчык…
Выпусціць яго альбо “ў распыл”…
Ён маё жыццё спісаў на вершы,
Змайстраваў яго на свой капыл…

Што яму правы і што законы?!
Сёння – ямб, а заўтра – зноў харэй…
Зрэшты, мы ў адной турме замкнёны,
З двух бакоў зачыненых дзвярэй.

АКТ МАСТУРБАЦЫІ

Юры Гумянюк. Рытуал. Трэцяя кніга паэзіі. “Полацкае ляда”. Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. Полацак–Гародня, 1999.

Скандальнавядомы беларускі паэта Юры Гумянюк не здраджвае сабе і ў новым зборніку вершаў “Рытуал”, які выйшаў у выдавецкай серыі “Анталогія”, заснаванай Таварыствам Вольных Літаратараў; “Які ж гэта жорсткі й вар’яцкі закон – жыццё абрываць у смярдзючай рацэ! Я сню і трымаю заместа іконы ўзбуджаны пеніс у потнай руцэ”; ананістычныя матывы пры ўсім іхнім фізіялагічным прымітывізме – гэта спроба паглыблення ў пазасвет фізіялагічнае мяханікі: Юры Гумянюк не проста крэпка дрочыць, ён пакутна вымастурбоўвае рэчаіснасць, заснаваную на пярэчанні між быццёвымі скранямі біялагічнага, сацыяльнага і духовага; самадастатковасць Гуменюкова паатычнага ананізму – гэта насамрэч змагарны шлях да праўднасці свету, да ягонае першапачатковае цноты, да проціананістычнае гармоніі; колазамкнуты вобраз “самадайкі” – насланнё, што замінае ўведанню праўднасці пачуцця, не дае наблізіцца да ісцінасці гэтага пачуцця.

Як жыць далей? Свіння нябёсная не скажа,
раскрые анус – пацячэ лайно.
А мы падманутыя ў жыжцы плазам ляжам,
бо шчасця і дагэтуль не відно.

Адно вібрацыя парушыць сны гнілыя,
мачой прапахлыя, як цела чарвяка,
ды самадайка, нібы воўк, завые,
каўтнуўшы цэлы пуд каравяка.

І мы пакінем гэты Вордан закарэлы –
самазабойцаў апантаных бастыён,
калі ад голаду змарнеюць нашы целы…
Краіна родная згатуе з іх буллён.

Нездарма паэзія Юрыя Гуменюка ліецца, нібы з таго ганусу тое вадкае адкіддзе – ягоныя вершы ёсць каналізацыя душы, тахнічныя сутарэнні, дбайна ўладжаны астойнік; то сацыяльны працяг фізіялогіі, камунгасаўскі дадатак да попы, пад’земная муніцыпальная гаспадарка ненаеднага шлунку, праз арганічнае бруджанне якой адбываецца душаачышчэнне; кал, моч, сперма – абавязковыя, “святарскія” прынады ягонага паатычнага рытуалення; паатычны гаўнасёр і сперматазойдная ўздрочанасць мятафараў Юрыя Гуменюка явяць механічны біялагізм сацыяльнага ўладу і абсалютызуюць яго, – і хіба можа быць іншым бяздухажывы, імітацыйны знешнясвет?; грамадскія асновы і зьявы паэт разглядае акурат праз суцэльную блявотнасць выдаткаванага з арганізму нежывога рэчыва, якое заўладарвае сацыяльным жыццём, паноўна паўстае над духовасцю гэтага жыцця; паэт сацыяльнаўзвялічвае ролю ананізму, надае яму партыйна-класавае гучанне ў вершы “Плакат”:

Наша партыйная арганізацыя
засцерагае літраб’яднанне:

“ХАЙ ТОЛЬКІ ЗДЗЕЙСНІЦЦА АКТ МАСТУРБАЦЫІ –
БУДЗЕ СУР’ЁЗНАЕ МОЗГАЎЛІВАННЕ!”

А ў вершы “Сперма празідэнта” праз вобраз марнага семявывяржэння ён малюе марнасць грамадска-дзяржаўнага ўладу; замастурбаваная беларуская нацыянальная бездуховая рэчаіснацяпершчына мёртвагнойна і пустарухава працякае праз вершаганус з нікуды ў нікуды; пустажывую быдлячасць і ванітны бясплодны заатахнізм цяперачасся явіць гэты твор, дзе бяздухазлучаныя-сабраныя ў чэраве сталёвага монстру-механізму заалагічныя шпунты-даталі-людзіблядзі, -людзіеўнухі, -людзісабакі, -людзісвінні, -людзідыбілы, -людзілюмпаны, -людзігарылапразідэнты… :

О, не кранай, сяброўка, мой лагодны пеніс
і не чакай сягоння надыходу ночы.
Я бачу: ты мой торс высока цэніш
ды, быццам блядзь савецкая, глядзіш у вочы.

А я гляджу ў старэнькі талявізар,
бы ва ўнітаз нямыты, бачу празідэнта.
Ён на кані (схапіў напэўна шыза).
Мяркую, добра быць саўгасным імпатэнтам.

Вакол яго – сто еўнухаў абслугі –
свінячых рылаў і сабачых мордаў.
Запомніць цяжка… Ты ўжо цягнеш рукі
і прагнеш, каб хутчэй цябе паторгаў.

Ах, лярвачка! Ніжэй пупа цалуеш,
сціскаеш сківіцы ад радасці ў акстазе
ды празідэнта заклікаў не чуеш,
працуеш, бы японскі аквалайзер.

Вось кульмінацыя – куляешся ў нірване!
Гарачым гейзерам з далёкае Камчаткі
сцякае сперма празідэнта па акране,
дабілы-люмпаны ад шчасця б’юць у ладкі.

Паэзія Юрыя Гуменюка, засяроджаная на мяханіцы жыцця, абсалютызуючы ўсёвычэрпнасць біямеханізму, нагадвае зямныя пакуты першатворнага Адама, які смуткуе па страчаным раі; “Рытуал” – гэта пакрыёмы пошук страчанага колісь раю, падспудныя прага выбаўлення з дзермасвету, ачышчэння з вакольнага грэхабруду. Не гледзячы на тое, што драматызм глыбокага пачуцця наўмысна заменены паэтам на камічнасць бясплоднае жарсці, ёсць у Гуменюковых творах неабвержная, наканаваная будучыняю драма: ягоныя вершы – жыццебязбудучныя, як бязбудучны-бясплодны акт мастурбацыі; яны – заўсёднамаргінальныя і ніколінежыватворныя, яны – заўсёднаадметныя, але разам з тым і заўсёднапрысутныя ў беларускай літаратуры як нятворчая перыфярыя, як даўкі цяжар (а часам і як актыўны даструктыўны пачатак), – і ў гэтым іхняя невытлумная познатка: пры ўсёй сваёй нятворчай рафлякцыйнасці ў літаратурным жыцці гэтыя вершы немагчыма адрынуць ад жыцця, пры ўсім іхнім даструктывізме беларуская літаратура няўгадным чынам не можа скінуць з сябе іхні цяжар; і вывяргаючы дзярмо, вершы гарадзенскага паэта трызняць лепшым светам і лепшым часам, але – не вытвараюць; яны – бравада маладосці, урачыставанне пэўнае часткі цела над суцэльнай целаідэяю; але маладосць мінае, і ідэя цела “перачасовывае” ідэю асобнага чэлясу; старасць немінуча прыніжае чалавека ва ўсіх ягоных праявах – ад фізіялагічнае і да сацыяльнае, – і няўстане яна прынізіць адно творчы дух, і можа яна яго толькі ўзвысіць; азнака Гуменюковых вершаў – невытлумнае прадчуванне свае прыніжанасці старотаю; напэўна, гэткім прадчуваннем ніякачасу, гэткаю неўяснёнаю трывогаю з прычыны абавязковага сканчэння цяперхвіліны народжаны і верш “Святарная карова”:

Зарэзалі святарную карову,
па ўзлеску расцягалі трыбухі.
Схаваўшы рогі у пясок сухі,
нібыта нарадзіліся нанова.

А кажуць, напачатку толькі слова
нішчымнае, самотнае было,
падобнае на лытку ці крыло
зарэзанай па-здрадніцку каровы.

Ды верыць немагчыма больш у словы
глабальна-аляктроннае хлусні.
Хоць на ўвесь свет з адчаю ты гукні –
не верніш больш святарнае каровы!

СПЕВАКНІЖКА

Алесь Камоцкі. Спроба ісці па расе. Вершы. “Маладзічок”. Менск, 1997.

Алесь Камоцкі – як філосаф па адукацыі і па прызначэнні ў жыцці – паэт сумненняў і духовага пошуку; наўкольны свет для яго, укаржавелая рэчавыяўленасць – падстава для сумненняў і глыбіні; светаабрыс – усяго імітацыя праўднасці, быццё – імітацыя руху, а праўднасць і ісціна – у таямнічасці, пакрыёмасці быцця.

На люстраной паверхні прыпыненай вады
Імя маё узнікла з таемнай глыбіні.
Блукаюць моўчкі словы і блытаюць сляды
Неверагодных літар, што пішуць прамяні
На люстраной паверхні прыпыненай вады.

Кожная насамрэчнасць-паўсюдніца ў наваколлі – усяго толькі прычына, каб не паверыць знешнепадману: неба – гэта не неба, і ноч – не ноч, і паветра – не паветра...; і абыклая або выпадковая прагулка па расе – гэта ўсяго толькі спроба ісці па ёй; паэзія Алеся Камоцкага процістаіць звычайшчыне непахісных паняццяў акурат тою пазапаняццёўнаю глыбінёю, якая і адкрывае самую паэзію; гэты свет – усяго спроба свету, філасоўскі і паатычны каштунак, асмакаваўшы які, спасцігаеш жывую патаемнасць мёртвых прадметапаняццяў; і вершы, змешчаныя ў паатычным зборніку “Спроба ісці па расе”, па-за знешнеяваю рытмаў і рыфмаў вытаемніваюць з сябе паэзію пошуку, сумненняў і мудрасці; глыбоказьяўнасць гэткае паэзіі, ейная тайнічасць урачыстуюць над каменнай паняццёвай выяўленасцю.

Быў ліпень.
Ноч.
І дожджык церусіў.
Калі ж я зоркі ўбачыў
І уцяміў,
Што сплю,
То вусны ледзь не пракусіў.
Ды што казаць –
вы ж ведаеце самі –
Якое абуджэнне можа быць,
Калі раптоўна пачынаеш жыць.

Алесь Камоцкі – як музыка па адукацыі і пясняр па жыццёвым прызначэнні – напоўніў свой паэтазборнік песнямі; у кніжцы друкуюцца як вершы Алеся Камоцкага, гэтак і тэксты ягоных песняў, і ў іхным вершагучанні чутная ягоная непаўторная музыка ўсё тых жа сумненняў і ваганняў, і самоты; ягоны зборнік – песня філосафа і філасофія песняра, паатычны пасляшлях гучання бардаўскіх струнаў і музычнае пераўтварэнне паэзіі ў струнавыгук; у кніжцы Алеся Камоцкага вершы і песні ўзаемадапаўняюць, пачынаюць і працягваюць адно аднаго; зборнік складзены з “выпадковых” урыўкаў-раздзелаў, у кожным з якіх асаблівае адчуванне свету, – і ў “Суадносінах” жыве паэзія пярэчанняў, і ў галопе “Табуна” чуюцца лірыка ды адзінота асобніка, і ў гранні “Струнаў” прамаўляюць словы, і ў “Знешнім” жыватоіцца бездань унутранага, і ў “Рэштках” зачынаецца метафарычны суцэльнасвет, і ў “Песнях” захоўваюцца “Запаветы”.

Адметнасць філасофіі Алеся Камоцкага ў ненаўмыснасці, ў ненавязлівасці творчасці: ягоная паэзія, як і пяснярства, пялёхнутыя асабістачуццёва, без непатрэбнага грамадзянскага патасу і без пратэнзіі на ўсёсказанасць; ягоная паэзія, як і пяснярства, нагадваюць дзённік філосафа, куды ён запісвае штось будзённае і відавочнае на першы погляд і разам з тым глыбокае, асабістае-беспадобнае, тайнічае, што адкрывае ісціназьяву і выяўляе аблудамяханіку; то дзённік душы, якая не спіць і творыць, і гукажыве вершам, песняю і філасофіяй; зборнік “Спроба ісці па расе” – жывы, спакойны і мудры шлях па росных травах: сумненні ў звычайным адкрываюць незвычайнасці, і адкрытая пазалюстэркавасць заныдзелага быту ўражвае тайнічаадмысловым прадчуваннем святасці, праўднасці і мудрасці сумненняў; з філасоўскіх дзённіказацемкаў Алеся Камоцкага, з іхнае прастаты і будзёнасці вырастаюць жывымі кветкамі тайнавобразы часу і быцця ды жываголасагучыць бардаў спеў; таемнасць быту выяўляецца найперш праз расчараванне ў ягонае спрошчанасці, – і сумневы Алеся Камоцкага ёсць мудрае паатычнае расчараванне.

Ну што, браток, да раніцы дажыў?
І прачынацца трэба, і глядзець.
Рабіць гэта балюча, як і жыць,
Адчуўшы, што цябе няма нідзе.

Ты можаш адбівацца у вачах
Людзей вакольных бляскам нежывым,
Але, калі сарвесься закрычаць,
Не ўцяміш, што ўсяго толькі заныў.

Скугол пад’земны душыць з вышыні
Цябе, і не чапае ён другіх.
Пад раніцу ўсё хочацца змяніць,
Але не маюць выхаду кругі.

Кругі, кругі і плямы у вачах –
Ну што, браток, да раніцы дажыў?
Калісьці гэта трэ будзе канчаць.
Не хочаш. І ад гэтага дрыжыш.

АПІЗОДЫ-СУЦЭЛЬНАСВЕТ

Яўхім Кіпель. Апізоды. Выдавецтва газеты “Беларус”. Наваёрак, 1998.

“Апізоды” насамрэч выяўляюць беларускую суцэльначаснасць – беларушчына ў іх пакутнаўкропленая ў кожнае імгненне рэчаіснасці; “Апізоды” Яўхіма Кіпеля складаюцца з тых абавязкованемінучых фрагмянтовасці і ўрыўкавасці, якія цамянкуюць час, выгістарычваюць яго і ператвараюць у цалкавіты завершаны вобраз Бацькаўшчыны; у даслоўі “Ад радахтараў”, змешчаным у кнізе, слушна заўважаецца пра гэтую важную рысу, здавалася б, з узбочных і ненаўмысных сведчанняў ператварацца ў дзейсны гістарычнатворнік: “Гістарычная спадчына, як у замежжы, гэтак пагатоў і на бацькаўшчыне, відавочна не багатая на ўспаміны пра падзеі ў міжваеннай Савецкай Беларусі, а тыя некалькі кніг, у якіх аўтары – сведкі-ахвяры – распавядаюць пра бальшавіцкі тарор, носяць адбітак глыбака ўкарэненай савецкасці (выключэнне – “У кіпцюрох ГПУ” Ф. Аляхновіча). На гэтым фоне кніга ўспамінаў Яўхіма Кіпеля, спадзяемся, стане каштоўнаю крыніцаю фактаў найперш савецкага перыяду беларускай гісторыі, а таксама дасць магчымасць іначай зірнуць на ролю беларускіх нацыянальных дзейнікаў у часе нямецкае акупацыі ды на аміграцыі.”; “Апізоды” ўкропіліся ўпартым беларускім знакам не толькі ў прамінулае, але яны высуцэльваюць і сучаснасць, пра што таксама заўважаецца ў адрадахтарскім даслоўку: “Рэдка здараецца так, што кніга ўспамінаў выходзіць у час, калі апісаныя ў ёй карціны зноў паўстаюць перад вачыма сучасніка. Менавіта так сталася з гэтай кнігай. Калі чытач наўгад разгорне яе на адной са старонак, то, магчыма, не адразу зразумее, пра які час ідзе гаворка – пра апоху сталінізму, пра фашысцкую акупацыю ці пра пярыяд лукашызму: зноў людзі становяцца аб’ектам маніпуляцыяў таталітарнага ражыму.”; трэба меркаваць, што “Апізоды” дужа дадатныя да будучыні – яны выяўляюць упартае памкненне беларуса выбеларусіць свой заўтрасвет, духаздабыць яго і ўрэчаісніць, і гэткія рысы робяць “Апізодныя” ўрыўкі жывою часцінаю беларускае вечнасці і тым самым пераўтвараюць “апізадычнае” ў цантральнае.

Каштоўнасць надрукаваных успамінаў і ў іхняе асабістасці ды адмысловасці; на асноведзі мёртвае беларускае манументалістыкі, у якой адлюстраваліся-выапапеіліся “тысячы судзеб”, твор Яўхіма Кіпеля вабіць непаўторнасцю і незвычайнасцю адзінкавага жыцця, асобным жывалёсам, што ўкнігаваны праз “Апізоды”; аўтару і радахтарам удалося перадаць унікальнасць чалавечага жыццёвага шляху, – “Апізоды” Яўхіма Кіпеля нагадваюць падарожжа Адысея, у якім галоўнае і каштоўнае не аб’яктыўнасць і не тыпалагічнасць незвычайнага стасвету, а незвычайнасць-стасветнасць, якая адбываецца толькі з Адысеем, іначай кажучы, каштоўныя нетыповасць гярою, ягоная наўзвышняя лёсавыбранасць: Яўхім Кіпель, нібы той Адысей, пакутна вяртаецца дадому наканаваным толькі яму шляхам; праз выпрабаванні і страты ён шукае шлях да Беларусі; гяроіка Кіпелевай Адысейшчыны адбываецца на асноведзі шырокіх гістарычных падзеяў – Грамадзянскае вайны, Першае і Другое сусветных войнаў, – але пры ўсёй апічнасці створанага малюнку, укнігаваная Адысейшчына мае лірычны пачатак, па-за старонкамі бо ўспамінаў выразна азначаюцца душа аўтара, ягоныя асабістыя духовыя пошукі і набыткі; жыццёвая кніжка Яўхіма Кіпеля, як і Гамэрава “Адысейшчына”, мае шчаслівае завяршэнне, якое ў лёсе беларускага змагара выяўляецца як маральнае перамогаўрачыставанне над нягодамі і задушэннем Беларушчыны; Яўхім Кіпель, не гледзячы на безвыходнасць навакольных абставінаў, заўсёды знаходзіць выхад і духова перамагае, – урэшце ён вяртаецца, хай сабе і за межамі бацькаўшчыны, дадому, да Беларусі, да незалежнасці.

У кнізе Яўхіма Кіпеля ёсць шмат матарыялу, які ўяўляе навуковую каштоўнасць для гісторыкаў ды біёграфаў: друкуюцца невядомыя звесткі пра гістарычныя падзеі, пра беларускіх дзеячоў, змешчаныя рэдкія дакументы і фатаздымкі; чытач можа даведацца шмат цікавага пра Андрэя Александровіча, Уладзіміра Жылку, Вацлава Ластоўскага, “Беларускую хатку”, Байкала-Амурскую магістраль, дачыненні беларусаў з геняралам Андрэем Уласавым і пра шмат якія іншыя падзеі, постаці і лёсы. Пры ўсёй навуковае значнасці пададзенага ў кнізе, “Апізоды” застаюцца цікавым мастацка-публіцыстычным творам і чытаюцца нязмушана і ў цікавосці; самая галоўная постаць у іх сам Яўхім Кіпель, самая галоўная каштоўнасць у іх – і непаўторны беларускі лёс, высюжатаваны скрозь варожы і процібеларускі свет, і творчая беларуская душа, якая жыватворыць Беларусь насуперак сусветным варожасці і беларусабойству; таму не выпадкова прыгадвае аўтар у сваёй кнізе вершарадкі беларускага пакутніка Ўладзіміра Жылкі, працытаваць якія карціць следма за Яўхімам Кіпелем; у гэтых радкох як выразней адбілася ідэя “Апізодаў” і Яўхімавай беларусаадысейшчыны:

Але нам будуць ўсё-ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот,
Надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых
Устане ўзбуджаны народ.

Не відна йшчэ у завірусе,
Куды ляжыць ягоны шлях,
Але дух творчы ў Беларусі
Жыве й змагае долі жах.

НЕБАЎЗРОСТ

Радзіслаў Лапушын. Взрослее облаков. Паэзія.“Мастацкая лiтаратура”. Менск, 1996.

Ужо ладныя паўтара дзесятка гадоў iмя менчука (а цяперака – жыхара Чыкагі) Радзiслава Лапушына вядомае ў лiтаратурных колах Беларусi i Расеi. Творыць ён у расейскай мове, i ягоная паэзiя адметная ўпершачарод сваёй унутранай,самападстаўнай праўдаю мастацкiх вобразаў: Радзіслаў Лапушын наўмысна выпаэчвае сваю рэчаiснасць, тканую з глыбокiх радкоў-iмпрэсiяў.

Ягоная кнiжка “Взрослее облаков” – новы крок па азначаным абсягу. Папярэднiя паэтавы выданнi – “Между листьями и снегом” i “Три взгляда” – можна вызначыць як зборнiкi асобных вершаў. Яны – прыступкi, цераз якiя аўтар прыйшоў да свае Кнiгi. “Взрослее облаков” – гэта ўжо не зборнiк, а акурат кнiжка, цалкавiтая, кампазiцыйна завершаная, з адметнай, жывой мудрасцю паяднаных мiж сябе агульным зместам старонкаў. Вершы ў ёй iснуюць у непарыўнай лучнасцi; зьяўляючыся асобнымi, самастойнымi творамi, яны разам з тым дадаюць адзiн аднаго,фiласоўскi глыбяць i абгрунтоўваюць.

Радзiслаў Лапушын свядома адмовiўся ад “паслугаў” лiрычнага гярою, не жадаючы хавацца па-за ягонай маскаю. Усе творы ў кнiжцы – то непасрэдна сам аўтар, ягоныя асабiстыя пачуццi i перакананнi. Пры гэтым для Радзiслава Лапушына ўласная асоба ў творчасцi не ёсць нейкая агаiстычная першаснасць. Паэт з дзiвоснай лёгкасцю пазбываецца любых маскаў, у тым лiку i тае маскi, якая завецца “ўласная пярсона”. Для яго найгалоўнейшае – творчасць, а не вынiк, свой унутраны псiхiчны свет, а не вонкавае сацыяльнае аблiчча “самога сябе”. Ён паўнаўладна iснуе ў гэтым свеце псiхiчнае творчасцi i нязмушана падкрэслiвае недарэчнасць, “неабавяз-

ковасць” свайго “я” вонкавага. Як бы жартам, са знарочыстай наiўнасцю ён кажа:

Быть собой –
Это значит травой,
И немного –
Водой дождевой,
И собакой,
Бегущей за мной,
И коровой небесно-земной.

Паэзiя для Радзiслава Лапушына – псiхiчныя рафлексii, што адбываюцца ў iм цягам уласнага жыццёвага шляху. Вершы ягоныя вабяць да сябе сваёй непрадказальнасцю; мятафары, вобразы, словы – не аўтарская ўласнасць, а проста частка ўнутранага неспасцiжнага псiхiчнага свету, якi выпялёхваецца вонкi, праяўляецца мiмаволi, незалежна ад асобы-свядомасцi; паэзiя, выказвае сваё перакананне РадзiслаўЛапушын на пачатку кнiжкi, гэта жывы гук, якi вырываецца спадсподу вонкавага навакольнага здранцвення.

Пры ўсiх нечаканых вобразах, незвычайных мятафарах, “непараўнальных” параўнаннях, пры ўсёй вiдавочнай новасцi прамоўленага, паэт не пакiдае межаў лiтаратурнае традыцыi, адно пашырае iх. Традыцыю ён уважае не за нейкi абавязковы тор, бiты папярэднiкамi – тор, якiм мусiш прайсцi i да якога мусiш прыпадобнiцца; традыцыя для яго iснуе не як нейкая школа пэўнай лiтаратуры цi пэўнага кола лiтаратараў. Яна – паўсюдная нябачная асноведзь, у якой бруiць творчасць. Паэт-традыцыяналiст, жывучы ў традыцыi, прыходзiць да яе, “намацвае” яе ў сваiх творах, але не бязбачна спадабняецца ёй. Яна не за спiнаю, кажа Радзiслаў Лапушын у сваёй прадмове да вершаў, а наперадзе, на даляглядзе; “традыцыя – паветра, якiм напаўняюцца лёгкiя перад тым, як прамаўляецца слова”.

Кнiжка Радзiслава Лапушына – новая краiна на нябачнай мапе Зямлi. Каб зрабiцца госцем гэтае краiны, трэба ўсяго толькi разгарнуць вокладку, спрысягнуць на вернасць сваёй уласнай чуллiвасцi i следам за аўтарам суперажыць воплескi паатычнага пачуцця. Ягоная кнiжка клiча адчуваць, хвалявацца, перажываць – акурат гэтае i ёсць шлях да сутворчасцi, супражыцця чытачом паэтавых вобразаў i асацыяцыяў.

“Взрослее облаков” Радзiслава Лапушына сведчыць пра асаблiвую, паэтную ўзростасталасць аўтара: то незвычайная даросласць заўждымаладым i заўждывечным нябёсным часам жывога таленту; у гэтым паэтачасе радкi вершаў – адмысловы каляндар паатычнага існавання, адмысловы часалiк асаблiвага паэтава натхненняподыху; паэзiя бо – заўсёды палёт над аблокамi, сiнечаю, палёт у надраальнасцi; пад крыламi – здранцвелы свет, маладыя аблокi i цёплае неба; над крыламi –тайнiчае зiхценне зораў; на крылах – жывы гук, якi вырваўся са здранцвення:

Взрослее облаков,
Вчера еще не знавших,
Что мир без берегов...
Щекоткою травы
Асфальт растормошило.
Я старше синевы...
Восторженная сила
Листвы –
Со мной на вы.

ЧАР ДРЭВАНОЧЫ

Радзіслаў Лапушын. Под деревом ночи. Вершы. “Прапілеі”. Менск, 1999.

Тайнічасць дрэваночы Радзіслава Лапушына крэўная Багдановічаўскай музыцы, – то сусветанараджэнне з поцемкаў, з жывой няўрозумнай і неспасціжнай выцемранасці, са смутку і сумненняў; філасофія Радзіслава Лапушына – гэта не патлумачэнне невядомага, а бачанне яго; філасофія Радзіслава Лапушына – гэта філасофія душы, з якой вырастае-рэчаісніцца тайнічая сусвеціца; “корявый дождь прохладу выплакал, и снова пробует тайком печаль луны из лужи выпуклой собака мокрым языком”; трапна кажа ў сваім даслоўі, змешчаным на вокладцы кніжкі, Рыгор Барадулін: “Аратаму не вядомая тайна зерня, садоўніку – тайна яблыка, ісцінаму паэту не вядомая тайна паэзіі. Якраз тайна напаўняе вершы Радзіслава Лапушына, дзе ў зданкавай недасказанасці сказанае шмат. І хочацца верыць, што Наўзвышні пачуе голас чысціні і сумлення, голас трапяткой душы, якая беспадобна гучыць у сутонні штодзённасці.”; Радзіслаў Лапушын не адкрывае тайніцаў, ён іх дорыць чытачу:

Теряется в догадках тишина.
И слышно, как туман петляет в зарослях,
Прозрачность отнимая у стекла…
И кажется луна прозревшим замыслом.

А стрелки поворачивают взгляд.
И времени кивая безответному,
Я умер много слёз тому назад,
Но так и не сумел поверить этому.

Как холодно туманом обрастать,
Молчанье расточая беззащитное.
И будущее можно прочитать,
А прошлое предвидеть не рассчитывай.

Таямнічасць Лапушынскага сусвету ў сусветапраўднасці, казачнасць – у жыццёвасці, насамрэчнасці адбыву:

Пахнет ветхой книгой от дождя.
В ней давным-давно страницы стёрлись.
Только запах тянется сквозь прорезь.
Улица темнеет, уходя
В прошлое… Я помню эту повесть.
Вспыхивает лампа в полумгле.
Схватывает горло от волненья.
Снова проступают на столе
Пятна от вишневого варенья
Памятью о жизни на земле.

Кніжка Радзіслава Лапушына “Под деревом ночи” адрозніваецца ад ягоных ранейшых вершавыдрукаў бяздоннаю ночаўтаямнічанасцю; калі ў ранейшых зборніках паэт – стварэц свайго сусвету, дык у дрэваночнай кніжцы ён – чараўнік у вытвараным праз сваю душу сусвеце: “Под деревом ночи” ёсць тайнічая, неўснёная міфалогія паэтавае душы, чаракніжка, у якой, здавалася б, раальныя цёплыя вобразы – “пятна от вишневого варенья” – нараджаюць фантастычны свет раальнасці, які тым не менш у стакроць праўдзівейшы за самую раальнасць, і крэўнейшы за яе; і разам з тым “Под деревом ночи” – кніжка вельмі Лапушынская і па светаадчуванні, і па загадкавасці незвычайных мятафараў, і па вершаўсхваляванасці; проста Радзіслаў Лапушын у сваем паатычным падарожжы завітаўся з аднае казкі ў іншую, – але гэтае адзін і той жа шлях з краіны лісцяснегу і вольнааблокаў у краіну вечароўнага дрэва; дык і паатычнае валхваванне адсюль – ад вечару і чару; і спакойнацёплая спевамудрасць з гэтуль жа, не іначай, – бо што яшчэ, як не таемнасць ночы, можа адарыць паэта таемнамудрасцю ягонае душы.

Не пророчествуй, ибо окажешься прав.
Дождь ещё упоительней после затишья.
Вместе с ноющим запахом скошенных трав
Ты когда-нибудь снова сюда возвратишься.

Ты под голову молча постелешь пальто
И закроешь глаза, чтобы видеть надёжней.
Сколько прожито жизней, а кажется, что
За спиной – ничего, кроме пыли дорожной.

Так зачем возвращаться? Чего ожидать?
В чем движения вечного предназначенье?
Ты не можешь ответить, не можешь понять.
И за это тебе суждено возвращенье.

РОДНАБЕРАГ

Янусь Малец. Родны матарык. Вершы.“Мастацкая літаратура”. Менск, 1995.

Ёсць сантэхнікі, якія пішуць вершы, а ёсць паэты, якія працуюць сантэхнікамі; Янусь Малец – з другіх; гэткая жыццёвая акалічнасць нейкім няўгадным чынам пасуе ягонай паатычнай творчасці, надае паэтабыццю незвычайныя, “ваўкалацкія” рысы, філасофіць самое жыццё творцы. І гэткая адмысловая акалічнасць рысаадбілася і на ягоным паатычным зборніку; “Родны матарык” Януся Мальца – гэта таемная краіна, пра якую паэт светла марыць і амігрантам якой ён змрочна рэчаіснуе; гэтыя два матывы выразна адчуваюцца ў ягоным вершазборніку; мара Януся Мальца – то не гэтак ясная будучыня Бацькаўшчыны, але болей ясная мінуўшчына, утульнае светлае дзяцінства, якое працягваецца ў жыцці заўсёдна, спрадвечна, першародна і без якога матарык не можа быць родным:

Крыніцы, жыта, лес і неба,
І многа, вельмі многа сонца!
Баравікі пад колер хлеба
І павуціна на сасонцы.
А часам грукат навальніцы –
Усё наўкол шуміць і плача.
Узоры піша бліскавіца,
Гарохам дождж
Па стрэхах скача!
І каляровая вясёлка
Успыхне раптам над ракою,
І – луг зялёны ля пасёлка,
І дзед з бліскучаю касою.

…Перад вачмі ўсплывае гэта –
Ці ява ўсё, ці толькі сніцца?
Плыве рамонкавае лета,
Я прыпадаю да крыніцы…

Гэты ясны свет як бы наканавана асуджаны на паатычнае высяленства, на беларускую беспрытульнасць беларускага паэта; туга па яснасці і чысціні адно ўзмацняе адчуванне шчымлівае безвыходнае аміграцыі беларуса на сваёй Бацькаўшчыне:

Даруй мне, мова, за грахі,
Даруй, што сын з дачкой русачаць,
Даруй, што вецер ад тугі
Над нівай мёртвай горка плача.

Перад табой не саграшу:
Я – не гярой,
я – быццам здраднік,
Душу спазнела варушу,
А там – рыторыкі цытатнік.

А там – прагорклае віно,
А там – паўсюль распусты зелле,
Там топчуць сцяга палатно,
Там кроў на белым, чыстым целе.

І наступае судны час,
Плыве павольна гнеўнай хмарай,
І будзе страшны суд для нас,
І атрымае кожны кару!

“Родны матарык” Януся Мальца складаецца з гэтых двух асноўных “матарыковых пародаў”, якія ўласна і сведчаць пра роднасць зямлі-мары, на якой жыве паэт уладаром і выгнаннікам: вобразы яснага маленства нараджаюць шчымлівае адчуванне страчанасці Бацькаўшчыны, свае чужасці на роднай зямлі, і гэтае незагойнае пачуццё нараджае вобразы светлага маленства; у гэтым замкнутым і глыбокім вобразаколе – усей паатычны свет Януся Мальца і кожны ягоны верш. Творы ягоныя – то невялікія лірычныя замалёўкі; іхная каштоўнасць не ў вытанчанасці рыфмы, а ў сіле лірычнага пачуцця, не ў бездані мятафараў, а ў мудрасці простых штодзённых назіранняў; “Ссохлы дуб… Сто год – сто згуб легла на шашу. Чорны дым на белы снег з шэрых труб апускаецца, як грэх на душу…”; Янусь Малец не хаваецца за вобразам лірычнага гяроя – ён проста паатычна перажывае час і наваколле, ствараючы трапныя малюнкі-накіды лятунных наўколачасу і наўколасвету; скрозь усе творы зборніка чуецца глыбокі філасоўскі драматызм Мальцава задумення:

На могілках – ціха і сумна,
Змярцвеласць у жоўтай траве…
Прымроіцца раптам, што з трунаў
Чыёсьці дыханне плыве…
Яно выплывае з магілаў,
Маўкліва імкнецца сюды,
Дзе сонца ў трывозе застыла,
Дзе крок усяго да бяды,
Дзе можа загінуць жывое:
І мы, і ў траве мурашы…

Ці ў замалёўцы “Замалёўка”:

У птушак сёння – шумна так,
Адна адну перапявае.
Пляскоча ў возеры шчупак,
Бузу гулліва паднімае.

Гамонкай поўніцца абсяг
Пад рытмы дзятлавай чачоткі,
І толькі спяць на ланцугах
Людзьмі зняволеныя лодкі.

Нечаканасць “Роднага матарыка” ў тым, што ён напісаны як бы проціасноўна да ранейшае творчасці Януся Мальца, які вядомы ў нашай літаратуры як паэт-гумарыст, – але то проціасноўнасць знешняя, якая явіць унутраную повязь паатычных твораў; вершазборнік Януся Мальца ёсць раптоўная нечаканая шчырасць, якая адкрывае глыбіню ўсяе ягонае паэзіі: гэта нагадвае момант, калі блазен, што гарэзліва весяліў бесклапотную грамаду, раптам скідае з сябе маску блазна, – сапраўдная філасоўская глыбіня гумару і весялосці схаваная ў тым, што тоіцца пад маскаю смеху і драмажыве абсалютным лірызмам душы; гэты сапраўдны, ісцінны, перадгу-

марыстычны лірызм душы, з якога вынікаюць Мальцавы паатычныя смех ды драмаўсхваляванне, шчыраадкрываецца і ў вершы “Паэт, дождж і вечар”:

Блукае паэт утрапёна
Пад моцным халодным дажджом,
Як быццам не мае ён дома,
І дом яго – дах парасона,
І вуліца мокрая – дом.

Блукае паэт з парасонам
Па горадзе ў штучным святле,
Між фарбаў ракламы ніённай,
Ля вокнаў шматлікіх паўсонных,
Ля блікаў вячэрніх на шкле.

Блукае паэт з парасонам,
Праз вецер парыўны ідзе
І шэпча задумна й натхнёна
Пра лёс свой,
Пра час свой шалёны…
Брыдзе па гразі, па вадзе.

Блукае паэт утрапёна,
А следам за ім – чорны цень,
Нямая, глухая пярсона…
Уперадзе – ночы заслона
І новы, нязведаны дзень.

ПРОЦІЧАРНОБЫЛЬСКАЯ ДУХОЎНІЦА

Алесь Масарэнка. Пакуль не завялі кветкі. Прыпавесці, апавяданні, мініятуры. “Мастацкая літаратура”. Менск, 1994.

Кніжка гэтая выплыла з чыстых віроў ды бабровых тоняў, і сэнс яе – у сугуччах, у водары, у дыханні небам; у ёй найяскравей выявілася Беларусь прыродная, нязмушаная, зачатая ў чалавеку як прыродададзенасць – вольнанароджаная ўраз з чалавекам, з ягоным сэрцам, нагамі, рукамі…; “Наш калгас малы быў… Людзі не ўступалі, баяліся збяднець. Які парцеец прыедзе агітаваць, бабы збяруцца, цішком заманяць яго куды ў глухое месца і яйцы так намнуць, што пасля гэтага бабскага мяла ён гатовы на край свету бегчы…”; “Сплутаніла пустазелле ўсю маю ўсядзьбу: тут і макрыца, і брыца, і асот, і зябер – калючы, па бульбе расце, і лускавіца… […] Яна сцелецца ля самай зямлі, карані белыя, тоўстыя… Акурат яйкі вужовыя, адно за адно зачэпленыя. Я выкапала аднойчы вужовае кубло, падняла на лапаце, дык яйкі ланцугом вісяць… Ат, рук на гэтую чамяру не хапае, усяго поўна: адуванчыкі буяюць, дрос…”; “Гэта ж, помню, кругом абманства было… Купіла на базары буханку хлеба – трыццаць рублёў упякла. Думала, парадую дзетак. Аж які то хлеб: усяродку бульба тоўчаная, а цеста – з кукіш, усяго на адзін глыт. Аржаное, не квашанае цеста. І раскочана ў тонкую лісціну… Тоўчанка агорнута лісцінай гэтай, укладзена ў форму й запечана. Паглядзець – буханка як з пякарні ўсё роўна, дайжа скарынка ёсць, з палец утоўсткі… Во як дурылі нас. Хлебапёкі тыя наспіжавалі сабе за такі хлеб не адну тысячу – з людское бяды і елі смачна, і ўборна апраналіся. […] І сёння ўсё да гэтага ідзе”.

Кніжка Алеся Масарэнкі “Пакуль не завялі кветкі” гучыць птушынымі галасамі, цішынёю ракі, пошумам чаратоў і летніх дрэваў, – ягоная кніжка не гэтак пра някідкую красу беларускае прыроды, колькі – самая з гэтае прыроды, часцінка ейная; спакойнаўчароўныя малюнкі прыроды прысутнічаюць у шмат якіх творах, змешчаных у кнізе – і ў аповесці “Лесавікі”, і ў бальшыні апавяданняў, абразкоў ды гутаркаў прамоўленыя родныя краявіды трапна, дакладна, знаўна, па-масарэнкаўску (тое яшчэ ад “Бабровых тоняў”, па якіх, кажуць, беларускія браканнеры грунтоўна вывучалі звычайкі баброў): “Аб’явіліся дзікі досвіткам. Не краліся, не асцярожнічалі – шыбавалі ўлюбёнай сцежкаю, адзін за адным, цугам. Плойма ладная, дружная. Янук тут жа пералічыў іх. Першыя два – добра ўкормленыя секачы. За імі – тры меншыя, але не сяголеткі. Пяцёра. Па ўсім відаць, што не сям’я. З вакольнага лесу збегліся на дарэмшчыну, пасябравалі. “Нішто сабе дзюлькі, дабрэнныя!” – заключыў Янук, хвалюючыся.”; і разам з тым прырода прысутнічае не толькі ў наўмысных жывапісах, яна ёсць паўсюдна, і ў чалавечых лёсах, і ў працы, і ў гутарках, – Масарэнкава бо проза адпрыродная, першабытнадрэўная, акалагічначыстая; яна скрозь празрысціцца незнарочыстай цёплай празрыстасцю беларускага абсягу.

Дый водар у кніжкі гэткі ж – спакойны, і празрысты, і беларускі; “Пакуль не завялі кветкі” – кніжка беларускіх рэкаў і берагоў, лугоў ды сенажацяў, беларускае цішыні і самоты; гэты водар міжрадкоўна чуецца скрозь усе аповедныя лёсы, шчаслівыя і нешчаслівыя, і скрозь усе аповедныя часы, добрыя і ліхалетныя; то кніжка ад беларускіх сялянскіх жыцця ды працы, хай і не ўсе тут творы, прысвечаныя вёсцы, – дык таму і водар у ёй жывы і мудры.

Таму і небам у ёй дыхаецца напоўніцу, таму і шчырасветлыня ў ёй не згасае, таму і дабрыня ў сказах, таму і прагнецца душы свае ўласнае акалогіі – сапраўднага, непадробнага, адпрыроднага беларускага сусвету, жывога, процічарнобыльскага; нездарма ў анатацыі да кніжкі радахтар Алесь Рыбак напісаў: “Гяроі новай кнігі Алеся Масарэнкі цікавыя не толькі сваімі няпростымі характарамі, адухоўлена яркімі і непасрэднымі, сацыяльна выразнымі і глыбока нацыянальнымі. Да ўсяго іншага – гэта яшчэ і надзейныя захавальнікі генафонду дабрыні і чалавечнасці, роднай культуры і матчынай мовы, народных традыцый і звычак, веравызнання.”; Алесь Масарэнка прыкмячае ў людзях і падзеях самае простае і звычайнае, але акурат гэткая скмета незвычаіць творы пісьменніка і мудраглыбіць іх; і пакуль жывыя душы дыхаюць жывым беларускім небам, і спакойны беларускі час ашчаджаецца ў радкох і між імі, і пакуль яшчэ не завялі кветкі, проза Алеся Масарэнкі, праспяваная мілагучным магілеўскім народнамоўем, беларусіцца насуперак кожнае процінаскае навале: нявечанню, спусташэнню, чарнобыльству.

“ – Правае вока свярбіць – гэта на радасць?

– Няхай бы на радасць… Левае свярбіць, дык гавораць – смяяцца… Не зважай – засвярбела, дый усё. Захацелася яму пасвярбець”.

МУДРАСНЫ Вінцэсь Мудроў. Зімовыя сны. Бібліятэка часопіса “Калосьсе”. Аповеды. “Полацкае ляда”. Полацак–Горадня, 1999.

Ёсць мастацтва і мастакі, якія ёсць раней за ўвідавочаны абрыс самых сябе; яны рэальна, “рэчыўна”, спраўджана існуюць задоўга да ўканчаткаваных у наваколлі вынікаў-паняццяў мастацтва і мастак. Гэтак “раней” за свой “адбыў” існуе проза Вінцэся Мудрова; ягоныя творы – гэта як бы паслядоказ саміх гэтых твораў, яны, скарыстаўшыся з літкрытнага штампу, аніяк не раскрываюць талент мастака, а проста чарговым разам сцвярджаюць гэты талент як зьяву адпачатнанаканаваную і няспрэчную, і таму творы Вінцэся Мудрова немагчыма адкрыць для сябе, іх можна толькі чакаць. Але містычнасць Мудрова не толькі ў тым, што ягоныя творы “існуюць” у беларускай літаратуры загадзя, пераднадрукавана і перадпрачытана – гэта толькі адная скрань неразгаду, якая сведчыць пра іншую іншасць: адпачатнанаканаванасць ягонае прозы, не гледзячы на ейную “выпадковасць”, кажа разам з тым на ейную немінучасць, на ейную фенамянальную абавязковасць у нашай літаратуры, на ейную жывахрыстаматыйнасць. Калі дадаць да сказанага, што творы Вінцэся Мудрова творацца па вечарох на кухні полацкае кватэры пасля карэхтарскае работы ў газеце, і творацца без аніякіх пратэнзіяў на лаўры жывога класіка і не дзеля зарабляння на харчы, а з прычыны ўсё тае ж адпачатнанаканаванасці, і творацца без аніякіх пратэнзіяў на публікацыю (Вінцэсь Мудроў – адзін з самых афіцыйнанедрукоўных беларускіх пісьменнікаў пры тым, што робіць, бадай што, самую чытэльную беларускую прозу), а пішуцца ўсё таму жа, што – адпачатнанаканавана, і творацца “па-схімніцку”, чалавекам “невыязным”, які, паводле словаў ягоных сяброў, пакідае свой Полацак не часцей, як раз на пяць гадоў, дык атрымаецца сякі-такі ўвідавочаны абрыс беларускага мастака-філосафа.

Новая ягоная кніжка прозы “Зімовыя сны”, якая адкрывае Бібліятэку часопіса “Калосьсе” Таварыства вольных літаратараў і серыю “Проза пераходнага перыяду”, – гэта чарговае цверджанне Мудровае адпачатнасці; кніжка гэтая, хоць і пазначаная 1999 годам нараджэння, не мае пэўнага часу свайго нараджэння і існавання – яна мяркоўна ёсць заўсёды, ці прынамсі цягам гадоў “мудравання”, калі імя пісьменніка немінуча атаесамляецца з цікавай і высокай літаратураю; і за гэтым разам Мудроў застаецца Мудровым: ён не здзіўляе сваёй кніжкаю і сваімі творамі, а ўзнагароджвае імі за чаканне непазбежнасці; то непазбежнасць прозы акурат гэткага пісьменніка, якім ёсць Мудроў, і непазбежнасць акурат гэткае літаратуры, якою ёсць беларускае прыгожае пісьменства: філасофія свабоды – унутраная аснова аповядаў зборніка.

Вобразы і тэма ночы ды сну прысутнічаюць скрозь усе апавяданні “Зімовых сноў”; “сном”, наўзвышняю свабодаю сюрраалістычных пераўтварэнняў пазначаны “амаль што дакумянтальны аповяд” “Іду на таран!”, дзе казачная фантасмагорыя суседзіць з фантасмагорыяю раальнасці, і сон як бы валодае яваю, бязглуздзіць яе, перарабляючы яе ў насланнё; “Рыбалка ў Бычках” пачынаецца з абуджэння цантральнага персанажу твору пад гучанне радыёкропкі, аднак абуджэнне гэтае не ёсць пазбаўленне сну, а проста пераход з мрояў ночы ў насланнё дня, у снапрацяг жыцця сярод бязглуздых, абсурдных відмаў; і бязглуздаява сюрраалістычна гучыць ранішнімі радыёгукамі: “–Для вас, Фядора Пятроўна, а таксама для Антаніны Іванаўны Задзярыпук з Брэстчыны перадаём рускую народную песню “Качанё лугавое”; між снамі сну і явы жыве і памірае галоўны герой апавядання “Зімовыя сны” Яўхім; філасофія Вінцэся Мудрова палягае на свабодзе снення ягонымі персанажамі, на іхнім жыцці-карасканні-спасціжэнні жыцця сярод снабязглуздых вобразаў жыцця. Ужо самая назва зборніка, народжаная аднайменным апавяданнем, сімвалічна сведчыць за ідэю свабоды: сны – гэта абсалютызацыя пакрыёмае свабоды чалавека, дзе вобразатварэнне, няхай і зманнае, і ненасам’існае, адбываецца самапраўдна і не абцяжаранае ані воляю чалавека, які снуе, ані нейкімі іншымі знешнімі праявамі; у “Зімовых снох” адчуваецца гэтая абсалютная пакрыёмасвабода мастацкае стыхіі, тая свабода, якую аўтар не навязвае сваем творам зне, а адно таленавіта выяўляе яе. Гэта мудроўская асаблівасць – не быць дыктатарам свае літаратуры; усе бо ранейшыя ягоныя апавяданні – творчасць-выяўленне ўнутранае духасвабоды мастацтва напроці закабалення яго ўмоўнасцямі і прынцыпамі; і гэта вельмі беларуская адмета – вызваленне сябе праз мастацтвасвабоду; усе бо далейшыя беларускія творы будуць палягаць на імкненні аўтараў да мастацкае самадастатковасці творанага.

Вінцэсь Мудроў не дае ацэнкаў дзеянням гярояў аповедаў, не змушае гярояў рабіць тое, чаго ім не ўласціва або не хочацца; ён не маралізуе над учынкамі, не ўзаконьвае ісціны, не абмяжоўвае творчасць прынцыпамі, а ўсяго толькі дазваляе свайму ўнутранаму мастацтвасвету быць такім, які ён ёсць; з аднога боку, гэтае ягонае не – сведчанне за нядзею: Вінцэсь Мудроў нічога не прыдумляе новага, ён усяго толькі адмаўляецца ад састарэлага; але з іншага боку гэтае, бадай што, самае нялёгкае, бо самае простае, дзеявыйсце, навошта бо ісці да ісціны, калі яна тут, разам з табою – прасцей (і цяжэй) адмовіцца ад аблуды. Свабода, якую дазваляе Вінцэсь Мудроў персанажам, прыносіць свой плён: ягоныя апавяданні жывыя і жыццёвыя, нязмушаныя, без надумання і разам з тым глыбокафіласоўскія; а моўнае майстэрства пісьменніка адно бяздоніць думніцтва: сказы-сусветы, няўрозумна і неразблытна ссуканыя жывавобразамі, явяць непаўторную “музыку” Мудровага любамудрыя; “…Палкоўнік… кашлянуў у далонь і задаў пытанне, якое даўно спела на канцы языка: – А што, самалёт лётае, ці як?”; “ – Храмугу адкрыйця, а то затахленне!..”; “Пілёт ішоў да машыны як бальшавік на расстрэл – у кальсонах, прыпадаючы на левую нагу, пазіраючы праз плячук на кулямётную рулю, – а калі выходзіў з весніц, аднекуль з суседняга агарода даляцеў помслівы голас знаёмай бабулі: – Таварышы, ён і Лукашэнку лаяў!”; “ –… Збіраецеся равалюцыю рабіць, а самі ў піўной не былі…”; “ – Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыццё? – выгукнуў Макар на чарговым павароце, і сваяк, бліснуўшы бельмамі вачэй, здушана вякнуў і выбухнуў ванітамі”. Іранічны філасоўскі гумар Вінцэся Мудрова нараджае абоймістасць тае абсурднае соннаявы, у якой снажывуць, адбываю-

чыся самі як абсурд, персанажы аповядаў; гэта вабны акурат сваёй недарэчнасцю свет – свет мастака-філосафа і свет для мастака-філосафа, дзе адсутнічае вялікі сэнс жыцця і дзе якраз таму кожная дробка і кожная выпадковасць споўненая Вялікім Таемнасэнсам.

“Зімовыя сны” Вінцэся Мудрова – гэта паэзія прозы; выпадковыя ўрыўкі тэксту, выпадковыя сказы і словы, выпадковыя рытмы завалодваюць душою, і хочацца дыхаць і спяваць гукамі, напоўненымі мастакоўскім чарам, – проста таму, што лёгка і спяваецца; “Палкоўнік Бурзачыла стаяў ля вакна і, упіхнуўшы рукі ў кішэні форменных штаноў, задуменна перабіраў ядры…”

ПЧОЛАВЕРШЫ

Мікола Папека. Чарнавікі… Паэзія. ААТ “Брэсцкая друкарня”. Бярэсце, 1999.

Паатычны зборнік Міколы Папекі “Чарнавікі” (ад’значаны літаратурнай прэміяй Таварыства Вольных Літаратараў “Гліняны Вялес” за 1999 год) сабраўся пчоламі; пра гэтае сведчыць і надпіс на абачыне: “Удзячны за гэтую кнігу двукрылым спонсарам. Аўтар.”, і сведчаць пра тое Папекавы вершы, пчоланароджаныя непаўторнай мудрай музыкаю лета, працаволі і задумення, адмыслова выштукаваныя з таемных зямных рытмаў і нечаканых рыфмасветаў; “І пчала пачала з палёту-плачу. Тым і ачалавечылася…”; паэт і філосаф Мікола Папека пчаляр таму, што паэт і філосаф.

Пчаліны
шукалі ў асінах шчыліны.
Шчэлепамі восак мялі,
у скрылях мядок мелі.

Мы з табой яго елі.

Шчмялі нешта чмялілі,
у норкі шчаміліся,
у соты мядок лілі,
ветрам крылляў
гнёзды мялі.

Восы
чынілі дзівосы,
запляталіся ў косы,
лапкамі ссыпалі пясок, –
ля тваіх ног
лёг
жоўценькі паясок.

Ягоная паэзія – вызумканая летнімі лёткімі крыльцамі, дый самая яна – настойлівае, спакойнае і адвекулёткае пчалінапаэтнае зумканне.

Раскрыль, раскрыль
хутчэй, шэры матыль,
лакатары сваіх крыльцаў,
пакажы, як у іх
плёскаецца сонца.

Ягоная паэзія – вядзьмаранне, замова; з духаняўрозумнага валхвавання таемнасвятых словаў выпаэчваецца Папекаў свет.

О хмары, –
з-за мора замораныя,
з мора размораныя…
Замараныя
светлыя мары аблокаў.
О цені – цьмяная сутнасць,
уцялесненая адсутнасць
промняў.

У кніжным даслоўку Мікола Купрэеў параўноўвае пчолавершы Міколы Папекі з крыгаходам, ёсць бо такі твор у аўтара – “Крыгаход вершаў”: “…Цяжка, выбухова, іншы раз, здаецца, амаль непралазна, але ідуць словы ягоныя па вершы, як крыгі па бурнай рацэ. Словы напорыстыя, дзеяздольныя – зноў як тыя крыгі…”; незвычайнасць гэткае паэзіі – з адвекроднае незвычайнасці самога паэта, ягонае асобы, пра што таксама сведчыць Мікола Купрэеў: “Рызыкну сказаць: Мікола Папека – чалавек… парадаксальны. Вырас ён у глыбіннай палескай вёсцы Турная, што ля Целяханаў, а скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Кіеве па спецыяльнасці заатэхніка-пчаляра. Маці жыве ў Менску – сталіцы, а сам з сям’ёю (жонка і два малыя сыны) назаўжды павязаўся – зноў – з глыбокай правінцыяй (вёска Лінава на Пружаншчыне). Ён выдатна ведае мастацкую літаратуру, філасофію, гісторыю і – трахтар, аўтамашыну. Пчаляр, ён мала есць мёду і любіць параны бурак. Стварае-збірае свой, хатні, музей сялянскай побытавай культуры і піша вершы. А вершы яго – часам постмадарніскага гатунку, але найбольш – гатунку свайго, папекаўскага”. Вершы Міколы Папекі – то філасофія душы, у якой галоўнае не вынік-сэнс, а жывадзея-вобраз; ягоныя вершы выяўляюць тую неўяснёную беларускую чароўнасць, якая стагоддзямі заварожвала суседзяў-атнографаў і стагоддзямі казачна вярэдзіла беларускую душу; з гэтага невытлумнапаэцця, з чараўніцтва і ваўкалацтва выпчольваецца і мёдапоўніцца паэтафіласофія Міколы Папекі – “Мурашы крылатымі нарадзіліся – кахаць. Адкахалі, крылы пазгрызвалі, поўзаюць”, – і ягоная паэтаралігія з вогнепаклоннай вераю ў дахрыстыянскія божышчы ды з роспаччу перад зрынутымі стодамі – “Дажыліся славяне – цыганскі барон дужа любіць славянскіх “жэншчын”, – і ягоны цёплапчаліны празрысты паэтагумар – “Сын прыехаў з горада: – Бацька, на банана! Бацька яму горача: – Сыне, кабана на!”; Папекаў паэтасвет прыроджанабеларускі, спрадвечнасакральны, першаадбожны – ад старажытных рытмаў і забытых багоў, – глыбіннанародны; дык і “Чарнавікі…” гэткія ж, першабытныя, чарадзейскія, паляшуцкія.

Над пажоўклай дубровай-травой,
над галінастымі голымі дрэвамі,
над павольнай ракой
з абернутымі на бераг чоўнамі
вецер нёс хмары цёмныя,
шэрыя цені і поўню.
У гаі людзі агонь распальвалі,
і ад вогнішча варажбітнага
курыліся дыму клубы…
Вяшчун у адзенні са скуры
адчайна грукаў у бубен
і з трывогай у вачах штосьці бубніў
пра немінучасць:
“Хутка прыйдзе і будзе правіць
цар з Іудзеі,
а потым цыганскі кароль
карысліва сыграе ролю
яднання славянскіх дарог…”
Аб чым ён далей казаў,
добра памятае Мікола Купрэеў,
той, што самотна сядзеў
на высокай купіне
і на скрыжалях пісаў закон аб віне…

УКРАНІКАВАННЕ БУЛЬБАСВЕЧЧЫНЫ

Міхась Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. Гістарычны нарыс, артыкулы, эсэ. “Беларускі кнігазбор”. Менск, 1999.

Дыярыюш Міхася Скоблы выштукаваны з тых асаблівых беларускіх літарасловаў, якія перавяртаюць завядзёнку астарэлага быту: з асобных урыўкавых згадкаў пра старажытны ценясвет пісьменнік вымалёўвае беларускую мінуўшчыну, з асобных выпадковых рысак сённяшняе нечасі ён тчэ беларускую сучаснасць, – і беларуская будучыня ясніцца ў гэтае тканамаляванае ўзорыстасці; кніжка “Дзярэчынскі дыярыюш” вельмі адпавядае нашай свядомабеларускай літаратурнай завядзёнцы духавытварэння новага быту: Міхась Скобла ў лёгкасці вытварае з краязнаўства нацыянальную гісторыю, а безаблічную процібеларускую сучаснасць напаўняе сапраўдным і неўміручым беларускім жыццём; раскатурханыя пыльныя архівы ў Варшаве ды Санкт-Пецярбурзе, рэдкія дакумянтовыя матарыялы і засяроджанае “падарожжа па бальшакох, гасцінцах і ледзь прыкметных сцежках дзярэчынскай мінуўшчыны” набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з гэтым неўгамонным тварэннем Беларусі.

Гэтае беларусатварэнне кнігалучыць розныя жанры і розныя апохі, якія Міхась Скобла нязмушана вычароўвае са свае душы; лірызмам, аўтаравай асабістапрахваляванасцю напоўнены зборнік скрозь усе старонкі; прыгожая беларуская мова і нечаканая беларуская моватворчасць успрыймаюцца лёгка і светла; яснасць і глыбіня – адметныя рысы ягонае публіцыстыкі; і філасофія ягоная настоеная на гэтае спакойнае і разам з тым хвалёўнае яснаглыбіні беларускае душы; няспешна, нібы беларускі летні дзень, і вобразна існуецца любамудрые ў няспешных і вобразных трапнарадкох; “Плыты беларускай паэзіі заносіць на імклівых паваротах Леты. Дый рухаюцца некаторыя з іх на фарсавай хуткасці неапрабаваным фарватарам. Абы не заброснелым старыком, дзе цвіце зялёная раска і рэхчуць лупатыя жабы. Але крый Бог не дагледзіць стырнік і ўзаб’ецца плыт на падступную вобмель – гукай, лямантуй тады ў цемень начную, перакваліфікоўвайся ў бурлака. Рызыкоўная рэч – рухацца навобмацак. А калі ніхто з папярэднікаў бакена не запаліў? А ў кантовай дасавецкай бутэльцы, вылаўленай у хуткаплыннай рацэ, цыдулка з прывабліва-мройнымі словамі: “Паміж пяскоў Ягіпецкай зямлі…” Яшчэ адна ідылія ў духу лятучага галандца.”; “Беларускія грошы ніяк не могуць зрабіцца канвяртоўнай валютай. Беларуская паэзія Барадуліна можа канвертавацца на любых сусветных рынках: яе не сорамна разаслаць у канвертах у Аўстралію ці на бераг Тэмзы, але хіба зможа ангелец адчуць, як пахне Вечалле?”; “Найперш трэба навучыцца “людзьмі звацца”. Чытайма Купалу. Трэба паразумецца паміж сабой, убачыць, што “мы ўсе разам ляцім да зор”. Чытайма Багдановіча. Трэба адчуць сваю спрадвечнасць на гэтай зямлі, паверыць, што “мы ёсць, мы былі, мы будзем”. Чытайма Геніюш і Караткевіча. Трэба, прайшоўшы агонь незлічоных войнаў і ваду адзінага пакуль што сусветнага патопу, паспрабаваць “прайсці праз вернасць”, зразумеўшы, нарэшце, што “без чалавечнасці не будзе і венасці”. Чытайма Танка і Панчанку.”; у творах Міхася Скоблы, змешчаных у “Дзярэчынскім дыярыюшы”, зліліся ў адзіны жывы беларусаакіян-гісторыю адметныя постаці з розных часоў і сусветаў, – і польскія каралі, рускія цары, французскія імпяратары, і нашыя князі Сапегі, і беларускія паэтасвятары Наталля Арсеннева, Адуард Акулін, Рыгор Барадулін, Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Уладзімер Дудзіцкі, Пімен Панчанка, Масей Сяднёў, Віктар Шніп…

“Дзярэчынскі дыярыюш” ёсць адметная, крэўнабеларуская гісторыя свету; напісаная па-беларуску, шчыра і няскорана, цёпла і неабвержна, – асаблівай беларускай бульбалогікаю, зразумелай толькі вернікам у незвычайнае; пра гэты незвычайнасвет-гісторыю-мастацтва створаны Рыгорам Барадуліным трапны верш, які Міхась Скобла невыпадкова цытуе ў сваім дыярыюшы:

З бульбай хрэсьбіны, і Каляды.
І Дзяды з паганскаю кульбаю,
І адведкі, і тыя нарады,
Дзе прамоўцы трывалыя бульбаю.

У прысмакаў слабая спакуса.
Пахнуць бульбаю нашыя кронікі.
Маннай з неба кармі беларуса,
Ляжа спаць –
Сняцца клёцкі, дзяронікі.

Бульба з намі ідзе вякамі,
Бульба тоўчаная, цалкамі,
Бульба параная, бульба вараная,
І нішчымная, і засквараная.
З бульбай посцім і разгаўляемся,
З бульбай выгнанай пахмяляемся.

……………………………………..

Да ўсяго звыкаем памалу,
Аж не верым, што родам з Амерыкі
Бульба.
Думаем, ад крухмалу
Мы не гнемся, як і каўнерыкі!

НА ЎСЕ ЧАСЫ І ЎСЕ НАРОДЫ

Васіль Супрун. Незабыўныя “ксівы”. Зборнік вершаў. Гарадзенскае АбласноеГрамадскае Аб’яднанне “Ратуша”. Гародня, 1998.

Кніжка “Незабыўныя “ксівы” явіць свету веліч чалавечага Духу і неўтаймоўную сілу чалавечае духатворчасці; зборнік гэты, нібы заклён, нарадзіўся з таемнатэксту, з перададзеных ад душы ў душу сакральных паэтных радкоў, з творчае жывапамяці насуперак занядбанню; гэтая кніжка – на ўсе часы і ўсе народы, у ёй бо найяскравей выяўленая ідэя чалавекадухавання, урачыставання вечнага Духу і вечнае душы насуперак знявагам, катаванням, вынішчэнням чалавечае істоты. “Незабыўныя “ксівы” складаюцца з лагернай вершаванай перапіскі, якую ў гулагаўскай няволі ўтайкі ад стражнікаў вялі між сябе Ларыса Геніюш і Васіль Супрун; напісаныя на абрыўках паперы беларускія вершы адпраўляліся па канцлагернай таемнапошце з зоны ў зону і з сэрца ў сэрца; ксівы прачытваліся і знішчаліся, але творы – працягвалі жыць у памяці вечна; гэтак лагерная творчасць вечнадажыла і да выдання паатычнага зборніку “Незабыўныя “ксівы”. Кожны верш у кнізе – духовы подзвіг, перамога смерці, уваскрэсіны на крыжы.

Кожны верш – гэта боль,
гэта крык і благанне,
гэта вера ў сябе,
падмацоўванне сіл,
можа нават адчай
ад той восені ранняй,
што прывідам брыдзе
па краёчку магіл.

Кожны верш – гэта духапераадоленне здзеку і ганьбы, учыненых з чалавека, гэта тварэнне насуперак смерці яснага і чыстага паатычнага свету, вячнейшага і магутнейшага за прывідны свет аўтамаччыкаў, калючага дроту, катаў….

Чуеш, браце? –
Вецер дзіка вые.
За плячыма сочыць аўтамат.
А за дротам, быццам ноч, сумныя
вочы тысяч катаржніц-дзяўчат.

Ўжо ад маршаў забалелі ногі,
надаела зморанымі йсці.
І скажы: чаму так гора многа
нейк разом збярэцца у жыцці?

Часта мне начамі тут здаецца,
што за мною ціха ходзіць смерць.
Я – хачу сваім трывожным сэрцам
не яе, але цябе сустрэць.

Ты працягнеш рукі, безумоўна.
Эх! далоні брацкія схавай.
Толькі сны сюды прыходзяць ў поўнач.
Я – не сон – мяне ты не чакай.

І калі з туманнага прасоння
мой зняволены пачуеш ўздох,
абагрэй сцюдзёныя далоні,
хоць у думках на сваіх грудзёх.

“Незабыўныя “ксівы” сведчаць пра магутнавытварэнне жывасвету на руінах жыцця; там, дзе знявечаныя лёсы, глумленне з чалавечае годнасці, гвалт над асобаю, паэзія нараджае Каханне; там, дзе здратаваная і задушаная радзіма канае ў немаце, паэзія вытварае святую Беларусь; там, дзе ў магілах ляжаць закатаваныя ахвяры, паэзія абуджае Жыццё і Змаганне. Вершы ў зборніку напісаныя пад святымі знакамі Пагоні і бел-чырвона-белага сцягу; мужнасць гэтае паэзіі – у нязломным жыццяцверджанні аб часе людабойства і ў духадойлідстве святое Беларусі аб пары беларусакатавання; дужа паказча, што гэткая кніжка няскоранага творчага Духу зьявілася акурат на Беларусі і напісаная акурат беларусамі; аб часе растаптання Бацькаўшчыны ціхія і нячутныя галасы двух паэтаў тайніча ўваскрасілі знішчаную Беларусь, і гэтае – адметны, беларускі крыж, які чалавекавысіць беларуса і нараджае ягоны новы, будучы духавек. ….

Хрыстос ўваскрос!
і свет прачнуўся
вясной на голлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі:
Хрыстос ўваскрос!
Хрыстос ўваскрос!
Хрыстос ўваскрос з крыві і болю,
каб светач праўды не пагас.
Ўваскрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
ўваскрос Ён, брацці, і для нас.
Так, будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы угару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
ўваскрэсне наша Беларусь!

ЛУМАЛЮНКІ

Алесь Сураў. У Пагоню. Замалёўкі з Беларускай “натуры”. (Кніжка не пазначаная часам і месцам выдання.)

Па-за малюнкамі гарадзенскага мастака Алеся Сурава, у глыбіні пасмешных выяваў пакрыёміцца жывая Беларусь, – і з гэтае пазарэчыўнае сусвеціцы зачынаецца Пагоня ды пачаткуе Сурава філасофія карыкатурыста; мёртвае наваколле, спустошаныя ідэі і плюгавае беларускае бесчасоўе – натурапрадмет творчасці мастака-філосафа, той рэчыўны пункт адліку, з якога паўстае ў сатырычных абрысах і ўрачыстуе над бытам Дух свабоды і вольнай Беларусі; акурат сённяшняя лукавая мёртвабытнасць, выяўленая ў палітычных карыкатурах Алеся Сурава, падкрэслівае жывую глыбіню пакрыёмага пазамалюнку, і акурат гэты жывы тайнічы і чуйны пазамалюнкаабсяг выяўляе мёртвую недарэчнасць лукабытавання: бязмежны абсурд – галоўная адметнасць карыкатураў – нараджаецца ў выніку процістаяння між жывой творчай душою і мёртванедарэчнаю існасцю; гэты малюнкаабсурд кажа то кпіны мастака паводле тых ці іншых мёртвапраяваў, то горкую іронію, то знішчальную гратэскавую сатыру…

Алесь Сураў, малюючы пэўную “анцыклапедыю” лусучаснасці, у якой лусучаснасць раскрываецца ва ўсёй ейнай механічнай аднабаковасці-лубязглуздасці, насамрэч вытварае сакральнае беларускае быццё; і ў статычнай, не напоўненай сапраўдным жыццём пустамяханіцы – адзіны жывы рух, гэта мастакова сэрца, якое і жывіць мёртвасвет, пераўтвараючы ягоную ўмоўнасць у жываванне мастацкіх вобразаў – у трапны досціп, знішчальны смех, філасоўскае задуменне; па сутнасці, Алесь Сураў на падставе адной і той жа “натуры” малюе безліч яскравых вобразаў, па сваёй жывапрыродзе самастойных, адно ад аднаго адрозных і разам з тым улучаных у адзінаразмаітую, мудрую, душаглыбокую кніжку, – і ў тым шматбаковасць сураўскага малюнкасвету напроці аднабаковасці “натуры”, з якой мастак малюе. Кніжка “У Пагоню” – гэта мастацкае напаўненне рэчаіснага пустачасу, гэта пісанне беларускае гісторыі аб часе ейнага спусташэння, дзе падзеі вытварае патас мастака; у залежнасці ад гэтага патасу і паўстае перад намі ў кожным малюнку па-рознаму сураўскі летапіс і палітычнакарыкатурны лупіс сённяшняе Беларусі: то як плакат з дакларацыяй мастакоўскіх прынцыпаў і перакананняў, то як панарамнае гістарычнае палатно, дзе выяўленыя пераломныя, лёсатворныя імгненні прыдворнага лупісу Алеся Сурава…

Лу, які скрозь усей зборнік прысутнічае ў кнізе, – цантральны гярой сураўскае лукіяны; Лу паўстае то ў вобразе дыктатара-празідэнта, то як “палёт” над зязюльчыным кублом, то як “homo belorusicus”, то як геніяльны фяльдмаршал, то як нечаканы кіндар-сурпрыз, то як вялікі заатэхнік, то як тая скаціна, што выяўляе сваёю сутнасцю вялікую заатахнічную ідэю…; не абыйдзеныя ўвагаю мастака і неверагодныя дасягненні таварышча Лу ў спорце: ён – і вялікі футбаліст, і вялікі марафоншчык, і вялікі алімпіец…

Кніжка “Ў Пагоню” – гэта процістаянне праз творчасць чалавекааскаціненню, якое аб сённяшняй пары шырока культывуецца на Беларусі афіцыйнымі ўладамі, духасупраціў сатане, які імкнецца падуладзіць сабе, свае імітацыйнае пустоце жывыя душы; і тое, што ў кватэру да Алеся Сурава ўваліліся міліцыянты ды ўчынілі ў ёй шмон неўзабаве пасля выхаду кніжкі “Ў Пагоню”, кажа чарговым разам на бездапаможнасць жыццемеханічнае ідэі і на ўсеабдымнасць ідэі жыцця і творчасці: любая спроба задушэння і спусташэння ёсць толькі прычына і падстава творчасці, – гэта “натура”, з якой жывапішацца летапіс беларускае творчасці і з якой жывамалюецца гісторыя Беларускага Духу.

АДНА НА ЎСЁЙ ЗЯМЛІ

Ілона Сцяцко. Галiнка язмiну. Вершы // “Першацвет”, N 9, 1997. Кнiга ў нумары. Менск.

Яскравая дадатнасць беларускае жаночае паэзii, як, зрэшты, увогуле, жаночае мастацтватворчасцi – пэўная “нежаноцкасць”, пэўная “мужнасць” ейнага характару.

Мужчына, мастацтваспасцiгаючы сусвет, iдзе да самога сябе; мужчына паланёны сабою-ідаалам, сваiм эга, ён вечна самасцвярджаецца. Жанчына ж заўсёды ахвяруе сабою – бо ў спасцiжэннi робiць крок ад сябе, пераступаючы цераз сваё эга; мужчына – бярэ чужое, робячы яго сваiм, жанчына – аддае чужому свету сваё, крэўнае; у паэзii мужчына – пакутуе ў творчасцi, жанчына – нараджае-творыць у пакутах, мужчына – заўсёды ахвяроўнiк, жанчына – ахвяра...; i ў гэтым няцяжка змецiць “мужнасць” жаночае паэзii: найлепшыя чалавечыя рысы, якiя для мужчыны заўсёды зьяўляюцца iдаалам, для жанчыны-творцы ёсць ейная абавязковая сутнасць.

Творчае пераадоленне самой сябе явiць гэткую дарэчнасць, як жанадаргiзм. Жаночая паэзiя – нагадвае Жану Дарг, якая самаахвярна ўзняла на змаганне за жыццё свой народ у часе ягонае маральназнiшчанасцi; жаночая творчасць падымае з зямлi зганьбаваны сцяг, што выпаў з рук мужчыны, у пары, калi нiхто з ваяроў не наважваецца яго падняць.

Паэтка Iлона Сцяцко, вершы якой зьявiлiся ў часопiсе “Першацвет” у раздзеле “Кнiга ў нумары”, нарадзiлася пад знакам Авен, і таму ёй як бы зоркамі і сусветам наканавана адкрываць новыя абсягі ды ахвяраваць сабою. Сярод бязмежнага свету беларускiх неразгадаў прыход Iлоны Сцяцко ў родную паэзiю – традыцыйны беларускi фяномен упартага духовага супрацьстаяння чужынскаму знiшчальнаму быту: нарадзiлася яна ў Тыблiсi, доўгага часу жыла ў Расеi, прайшла поўны курс навучання ў супрацьбеларускай школе на Беларусi i ўрэшце... зрабiлася беларускай паэткаю. Першацветаўскi зборнiк вершаў “Галiнка язмiну” явiць творчасць аўтаркi над’звычай здольнае; у Iлоны Сцяцко як бы “няма” пярыяду вучнёўства – ейныя вершы вечнапаэтныя, напiсаныя не пачаткоўкаю i не “сталаю” пiсьменнiцаю, а проста Талентам; паэзiя бо не мае ўзросту, яна – вечнасць i вечная маладосць. Iлона Сцяцко адкрыла “фiласофiю” свае ўласнае душы; фiласоўская асацыятыўнасць ейных мятафараў бяздонна напоўненая чарадзействам; усей космас чалавечы жыве ў гэтых глыбокiх мятафарах як пакрыёмая частка iх i заварожвае; блiзкая, даступная для сэрца неспасцiжнасць – адмета паэтнага думнiцтва Iлоны Сцяцко. Пры ўсім тым ейнае чарадзейства мае вельмі істотную асаблівасць: паэзія Ілоны Сцяцко настолькі самадастатковая, а вершаваныя вобразы настолькі арганічна ўлучаныя ў ейны самадастатковы чарасвет і падпарадкаваныя гэтаму чарасвету, што пры паасобным, адарваным ад агульнага вершазбору прачытанні твору проста губляецца ягоная адпачатная сакральная вяшчба; паэзія Ілоны Сцяцко – гэта не міжвольны воплеск хвіліннага пачуцця-верша, а тварэнне свае Кнігі, дзе ўсё знітаванае тайнічым сэнсам і пакрыёмым жыццём; вершы, напоўненыя магічнымі сімваламі, астралагічнай асацыятыўнасцю і беларускім чарадзействам, і насамрэч існуюць як магічныя тэксты-заклёны, – іх немагчыма цытаваць, як немагчыма цытаваць авястыйскія яшты, іх можна хіба вычуваць, спасцігаць і хвалёўна перажываць (і прыведзеныя ніжэй радкі – хутчэй сведчанне гэткае бездапаможнасці цытаты, чымся ілюстрацыя паэзіі Ілоны Сцяцко), сужыццё бо з Кнігаю Ілоны Сцяцко – гэта сэрцачыт, але не розумнае высансоўванне вобразаў; гэта сэрцапрасякненне ў адоймы асаблівага, тайнічага і невымоўнага сэнсу:

Прастора, поўная блакiту!
Ружовы дым, аблочны дах...
Тут ёсць жыццё, ды толькi – скрыта,
як сэнс таемны на лiстах.

Душа мая – як неба гэта,
а сэрца – нiбы сонца ў iм.
У думках хмарным фiялетам
схаваўся мой ружовы дым.

Зборнiк спрэс напоўнены магiяй, аднак магiчныя сiмвалы ўжытыя не як паняццi вядзьмарскае навукi, а – яны самі чарадзейства, і паэтнае вядзьмаранне-варажба Iлоны Сцяцко – то дойлiдства свайго ўласнага свету, якi больш праўдзiвы, вечны i жывы, чымся той вiдавочны i абыклы, што акаляе яе і нас у насамрэчнай штодзённай яве; насуперак гэтай укаржэлай рэчаiснасцi паэтка адкрывае патаемныя глыбiнi новага, схаванага глыбока ў сэрцы, свету; яна адкрывае i творыць, i старасвет нiкчэмна гiне, i беларускi духовы час урачыстуе ўпарта i неўмiруча.

Галiнка язмiну ў пакоi маiм,
магутныя чары хавае язмiн.
На вулiцы цемра, а тут, за акном,
напоўнена ноч i спакоем, i сном.

Тут пах-чарадзей ахапiў цiшыню,
тут свечка чытае малiтву агню,
тут ценi малююць абшар на стале,
i бачыцца дзiва пры гэтым святле:

не дрэвы, а кветкi – у лесе густым
шапочуць пялёсткамi... Дзiўна, аб чым?
Нi слова, нi гуку, а ўсё стала ясна:
на кветкавай мове язмiн ёсць прыязнасць!

Iлоне Сцяцко ўдаецца пазбегнуць таго, чаго не заўсёды ўдаецца пазбегнуць нашай паэзii: фатаграфiчнасцi, адлюстравання рэчаiснасцi; Iлона Сцяцко не адлюстроўвае, а свядома творыць свой свет, напоўнены сваёй уласнай мiфалогiяй, сваёй уласнай мiстыкаю, сваiмi ўласнымi прыроднымi законамi, сваёй уласнай беларушчынаю і сваёй уласнай магіяй. Паэтка належыць да новае, маладое перароды беларускіх літаратараў, чый голас, чувальны ў цяпершчыне, гучыць да нас з трэцяга тысячагоддзя і няскорана запавядае Беларусь; насуперак беларусазнiшчэнню нараджаецца магутная па сваёй непрадказальнасцi, духанеўтаймоўнасцi, духасветатворчасцi новая паэзiя, здольная скалануць сённяшнi стары свет бяздоннымi творчымi глыбiнямi беларуса. I Iлона Сцяцко з тых, хто ахвярна i творча пераўтварае гэтыя глыбiнi ў наш, беларускi сусвет; ейная фiласофiя – гэта незвычайнае ўменне зрабiць недаступнае даступным, а даступнае, абыклае – бяздонна атаямнiчыць; гэтая таленавiтая дадатнасць змушае суперажывальнiка-чытача на бязмежнае расхваляванне, а рацанзента адно на бездапаможнае вершацытаванне:

Удыхну туманнасць зор,
адамкну ад сну павекi,
абдыму душой прастор,
абмакну аблокi ў рэкi.
Пах збяру з усiх лугоў,
у лясоў вазьму жывiцы...
Шчырасць сонечных часоў
спаталю на заранiцы.
Змрочны шлях у вышынi.
Варажу па росных зорах.
Я адна на ўсёй зямлi!
Я губляюся ў прасторы.

ЖАНОЧАМУДРАННЕ

Ніна Чарнейка. Грамнічная свечка. Вершы. Бібліятэка часопіса “Маладосць”. Менск, 1999.

Вершаваны зборнік Ніны Чарнейкі прываблівае сваёй непадробнай жаноцкасцю пачуццяў і перажыванняў; ён створаны як бы насуперак адвечным памкненням паэзіі да мужнасці-ідаалу, ажно гэткае “занядбанне” мужнасці нейкім няўрозумным чынам арыгіналіць “Грамнічную свечку”, замілоўвае і зачароўвае суперажывальніка; там, дзе чакаеш спаткаць у вершах глыбакадумную філасофію, налучаеш адно непрыхаваныя наіў і гарэзлівасць, і наўпроць, з наіву і гарэзлівасці нечакана і раптоўна выісточваецца глыбокая філасофія; Ніна Чарнейка “падпарадкуе” паэзію сваім уласным “капрызам”, але гэткая жаночая прывярэдлівасць, якая па ўсіх “правілах” літаратуры мусіць хібіць вершатворы, увадваротку, негадана ім пасуе; паэзія Ніны Чарнейкі нагадвае прыгожую жанчыну, якую немагчыма ў нечым не падазраваць, але і немагчыма ў нечым выкрыць з прычыны бяздоказнасці запасокаў; і неўгамоннае жаночамудранне паэткі ў лёгкасці, як бы забаўляючыся, пераўтварае бяздоказныя здагадкі ды запасокі ў цноту, а банальнасць і рахманасць – у мудрасць і глыбежу.

Мароз
размалёўвае шыбы дамоў
думкамі,

і таму няма
зусім аднолькавых
малюнкаў.

Ты пайшоў –
я застаюся
гарачым сэрцам
на падушцы,
ў якім яшчэ
блукае
шчасце…

Ізноў растану,
быццам шакалад,
ў руках тваіх,
пяшчотных і гарачых…

Усё ў кніжцы дыхае мудрай жанотаю – вобразы, асацыяцыі, лёс…; ясны і чысты жаночы сусвет Ніны Чарнейкі – гэта драма пачуцця, якая народжаная ў душы праз сутыкненне з як бы проціжаночае па свае грубае сіле і бязлітаснасці рэчаіснасцю; але рэчаісная процідухоўшчына, разам з тым, і выяўляе сваю суадпаведнасць з душою паэткі: Ніна Чарнейка апаэчвае нягоды, натхнёна пераўтварае жорсткі лёсасвет у шчырую і светлую паэзію; трапна піша ў кароткай прадмоўцы да “Грамнічнай свечкі” Казімір Камейша: “Не трэба шукаць у зборніку нейкіх вясёлых, бесклапотных матываў, бадзёрай узнёсласці, якія часта ўласцівыя маладым. Тут вельмі многа самотнага і разумнага. Нават цнотнае часта мяжуе з самотным. Бо так на душы, так у асабістым лёсе паэткі. Усё тут суадпаведна душы. А таму вершы яе чытаюцца з глыбокай павагай і разуменнем. Яны кранаюць і змушаюць задумацца”.

Калі маё сэрца,
даведзенае да адчаю і болю,
гатова расплакацца,
як малое дзіцятка,
я нясу яго
да штучнага возера,
што побач:
няхай маё сэрца,
вольнае,

пабегае з ветрыкам,
пакорпаецца ў прыбярэжным пясочку,
пералічыць усе лісточкі на асіне,
паспявае разам з птушкамі,
сагрэе кожную сваю крывінку на сонцы.
…І калі,
знясіленае, упадзе на зялёную травінку,
нібы кропельку расы,
каб не расплёскаць на далоні,
пяшчотна і асцярожна
я аднясу яго дахаты.

Глыбіня вершаў Ніны Чарнейкі, філасофія вершаваных вобразаў выяўляюцца ў ейнае творчасці супраць усялякіх “законаў” паэзіі, – і гэтае, “процізаконнасць”, бадай што, самы галоўны паатычны “закон” усіх паэтачасоў; Ніна Чарнейка сваёй паэзіяю не дакларуе аніякіх творчых ідэяў, не сцвярджае аніякіх аўтарскіх пазіцыяў, не шукае аніякіх астатычных прынцыпаў, – часцяком узнікае ўражанне, што ейная творчасць, увогуле адбываецца беспрынцыпова, акляктычна, – але акурат гэтае ў дадзеным выпадку, як ні дзіва, і нараджае хараство паэзіі, якая прысутнічае ў ейных вершах чысцінёю, святлом і мудрасцю; “Грамнічная свечка”, і сапраўды, ёсць суадпаведнасць душы, суадпаведнасць шчыраму творчаму хваляванню; жаноцкі паатычны свет Ніны Чарнейкі вельмі адчувальны, ён уражвае сваёй самотнай музыкаю і сваёй таемнай задуменнасцю; ён нараджаецца сярод сумнага лёсу, жыццёвых нястачаў і зямных клопатаў чароўна і загадкава і палоніць шчырасцю ды глыбокім жаночамудраннем, – толькі жанчына бо можа гэтак чула, і трапна, і бясконцаглыбока прамовіць быт, як прамовіла яго Ніна Чарнейка ў сваім вершы “Старая бабуля”, змешчаным у “Грамнічнай свечцы”:

Некалькі разоў
да мяне прыходзіла старая бабуля,
худая і гарбатая,
з выцвілымі валасамі.
І кожны раз
прасіла ў мяне
маё басаногае лета,
а я аддавала яго.
І на вачах
яе твар пераліваўся вясёлкаю,
яна ляцела ад мяне, нібы
праглынуўшы крышан шчасця…
Заўсёды пасля сустрэчы
на маім твары прарастала
маршчынка,
а за плячыма быў мех з каменнем.
…Я разумею: кожны раз
яна забірае маю маладосць.
Я так не хачу быць падобнай да яе!
Але мне так шкада старую,
што і ў наступны раз
я аддам ёй тое,
чаго яна папросіць.

УЛАДА ПЕСНЯСПЕВУ

Фрыдрых Шылер. Улада песняспеву: Пераклады, даследванні. Кафедра беларускае літаратуры ХХ стагоддзя БДУ, Інстытут славістыкі Енскага ўніверсітэту імя Фрыдрыха Шылера. Менск, 1997.

Ёсць жывы сакрал слова – то духасвет-вобраз у душы. І калі немец называе свой верш “Улада песняспеву”, дык падспудна, “душэўна” разумееш невыпадковасць гэтых ягоных словаў; сакральная глыбежа словаў Улада і Песняспеў напоўненая спрадвечным “гучаннем” гярманскага быцця; “выкраслі” гэтыя два словы з нямецкае гісторыі, і немец страціць сябе; і калі беларус, перакладаючы немца, выносіць Уладу і Песняспеў у назву паатычна-доследнага зборніку, таксама адчуваецца невыпадковасць прамоўленага ў нашым беларускім быцці; вядома, то іншыя, адрозныя ад нямецкіх, словастыхіі і пры гэтым нашасутнасныя, вельмібеларускія; пазбаў беларуса ягонае ўлады песняспеву, і сябе ён ніколі не набудзе.

Літаратурна-даследчы зборнік “Улада песняспеву”, які складаецца з вершаў Фрыдрыха Шылера ў перакладзе Алега Лойкі і літаратурна-крытычных даследванняў перакладчыка, як бы лучыць у сабе гэтыя два адрозныя і блізкія між сябе сакралы: нямецкае словапачуццё раскрывае словапачуццё беларускае; такім чынам, пераклад з Фрыдрыха Шылера робіцца беларускім шляхам да сябе, сябенабыццём; нямецкія ідэя і філасофія творча пераўтвараюцца ў беларускія ідэю і філасофію; Шылер не проста гучыць па-беларуску, ён вытварае Беларусь; і акурат беларускасць, нашапрахваляванасць скрозь паатычны спеў нямецкага песняра раскрывае для нас агульналюдскую каштоўнасць Шылеравае паэзіі.

Гэткая фенаменалагічная асаблівасць, вядома ж, не можа не хваляваць перакладчыка, і тым больш, калі ён і паэта і навукоўца ўадначассе – дадзеная акалічнасць і абумоўлівае стварэнне падобнага дзвючасткавага зборніку, дзе паатычны неразгад спалучаецца з разумовым асэнсаваннем фяномену, а гармонія з алгебрай; паэт робіцца даследчыкам свае душы. Другая, даследчая, частка “Улады песняспеву” – гэта таксама шлях да Беларусі праз нямецкую паэзію, але шлях не вобразатварэння, а апаняццяўлення сакральных вобразаў. У гэтай частцы Алег Лойка, аналізуючы асаблівасці перакладаў з Фрыдрыха Шылера, уздымае больш шырокія, тааратычныя, праблемы мастацкага перакладу; параўнаўчы аналіз асаблівасцяў беларускага і нямецкага мастацкіх маўленняў вымушае даследчыка на гістарычныя літаратурныя экскурсы, на літаратурна-крытычнае асэнсаванне творчасці не толькі Шылера, але і гэткіх паэтаў, як Роберт Бёрнс, Валеры Брусаў, Ёган Гёта, Поль Вярлен, Францішак Багушэвіч, Васілі Жукоўскі, Якуб Колас, Адам Міцкевіч, Янка Купала, Аляксандар Рыпінскі і інш., на разгляд беларускае, нямецкае, польскае, расейскае, старажытнагрэцкае, украінскае… паэзіі.

Кніжка “Ўлада песняспеву” – гэта спроба творчаразумова спасцігнуць сваю душаўсхваляванасць; гэта беларуская ўлада тварэння нашага Храму Духу, дзе творчы спеў урачыстуе над бяздарнасцю ўлады бяздухае, прыземленае, “заатахнічнае”; гэта беларускае самажыватварэнне голасам, спевам, духавыгукам насуперак безгалосай прадметамоўкнасці.

Ды ўжо знікомее лёс цінны,
Ледзь покліч песні шугане,
У царства духу ймкне людзіна,
У святасць ўлады яго ймкне;
З багамі боскі ты аднакаў
І клопатаў зямных чужы,
Улады іншае – ні знаку,
Твая ж улада – без мяжы, –
І чэзнуць зморшчкі ўсе на твары,
Пакуль ліюцца песняў чары.

І як пасля пакут расстання,
Не меўшага надзей на спын,
У горкіх слёзах пакаяння
Кідаецца да маці сын,
Так і да хатняга парога,
Дзе невіноты шчасны рай,
З кута далёкага, чужога
Вяртае песня ў родны край –
У верныя яго рамёны,
Што цепляць лёд любых законаў.

ЖЫВАЯ КНІЖКА

Лявон Юрэвіч. Архіўная кніга. Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. Наваёрак, 1997.

Жыццё памірае тады, калі яно перарабляецца на архіў. На могільніку чалавечае пачуццядзеі пачуцці радком ляжаць на паліцах абыякавымі нікчэмнымі даведкамі-намёкамі пра колішняе жыццё, дзеі спрадмечаны, яны ёсць усяго зылчэлая папера, сведчанне, але не суведдзе; высахлыя нябожчыкі, людзі-кастыры, забальзамаваныя галовы і заспіртусаваныя сэрцы змірна чакаюць апошняга пажару. Аднак нежывыя прынады ператвараюцца на жыццё тады, калі мёртвасвет адухаўляецца творцам. Духатворчасць над руінамі ўпарта ад’жыўляе забітае; гэтак і Беларусь немінуча і заўсёдна вяртаецца з нябыту: спрэс усё ХХ стагоддзе навакольны супрацьбеларускі свет заганяе беларушчыну ў мёртвашкілеты, нішчыць яе, знедухаўляе – і спрэс усё ХХ стагоддзе Беларускі Дух жыватворыць наш неўміручы сусвет, і астанкі недапісаных літараў яднаюцца Духам і дзеюць, і забітыя і забытыя вочы ўваскрасаюць і глядзяць і бачаць, і непрыкметныя цені ўцелаісніваюцца і няскорана паўстаюць насуперак душабою; усё вытвараецца з нас, і нас не знішчыць нават у тым разе, калі знішчыць усё; мы прыйшлі з ніадкуль, проста з зямлі, туды вернемся і зноўку прыйдзем, каб духатварыць і духаствараць. Пра тое і беларускі спеў.

З зямлі прыйшлі і вернемся ў зямлю,
каб пасля тлення цела, ліній, нормаў
(агнём душы цяплю шлях і жыўлю)
укласці змест свой у інакшасць формаў;
супольствам сілаў свет стварыць такі,
каб, з прышласцяй сустрэўшыся нашчадкаў,
зайздросцілі стваральнікам вякі,
эпохі й пакаленні ўсіх пачаткаў;
каб грэшнікі і грэшныя багі
зямлі, што ганьбяць створ сьвятых вышыняў,
канчаючы злачынных спраў кругі,
у петлях выпрасталі дугі шыяў…
Усё, што ў думках пешчу і пладжу, –
даўно ўжо дух людское сілы кратаў,
хістаў дзікунства стромую мяжу,
каб уваскросу морак не прыпратаў…

Верш “Прыйшлі і вернемся…” Ўладзіміра Дудзіцкага, пісьменніка, які за жыццё не пабачыў аніводнае свае кніжкі, таксама раптоўна і няскорана зажыў сярод мёртвага архіўнага пылу. “Архіўная кніга” Лявона Юрэвіча, выдадзеная ў Наваёрку, – гэта тварэнне на мёртвых пацяробах, духовы беларускі супраціў беларусавынішчэнню. Адшуканыя і сабраныя ў кнізе звесткі пра пісьменнікаў беларускага высяленства ўяўляюць з сябе творчы дослед-дойлідства, у якім аўтар выштукоўвае-духовіць з нябыту, са старых абломкаў беларушчыны, раскіданых па планеце і пахаваных у архівах, наш сусвет; панішчанае і закатаванае навакольнай рэчаіснасцю ўваскрасае насуперак загубе і жыве з новай сілаю, цепліць і жывіць душэўным агнём наш святы адвечны шлях.

“Архіўная кніга” – гэта паяднанне мастацкае творчасці, літаратуразнаўства і гісторыкі; адмысловае ўкладанне кніжкі (кожны з пісьменнікаў-высяленцаў прадстаўлены ўласнымі творамі, літаратурна-крытычным даследваннем творчасці, багатымі біяграфічнымі і бібліяграфічнымі звесткамі) дае магчымасць убачыць беларускія постаці абойміста, шматбакова: мастацкія творы ў кнізе шарагуюцца з аповедам пра шчымлівыя лёсы іх аўтараў, невядомыя звесткі іхняга жыцця з гістарычнымі падзеямі на Беларусі і ў свеце, беларускія грамадскія працэсы за мяжою з асабістым ліставаннем пісьменнікаў; на падставе разнастайнага фактычнага матарыялу створана шырокая карціна жыцця нашае аміграцыі ў Нямеччыне, Венецуэле, Злучаных Початах Амерыкі.

Адная з галоўных дадатнасцяў “Архіўнае кнігі” ў тым, што Лявону Юрэвічу ўдалося ад’жывіць-збеларусіць рэчаіснасць, якая як бы знаходзіцца “па-за” нашым краем; беларускае замежжа ўсё больш і больш робіцца беларускім, а Беларусь усё шырэй і шырэй сягае ў свет; найвялікшы подзвіг сотняў і тысячаў людзей, якія насуперак процібеларускае рэчаіснасці жылі нашай ідэяю і глыбілі яе, куды б ні кідаў лёс – ці на ўсход, ці на захад – і ёсць нашае духовае процістаянне беларусаспусташэнню; “Архіўная кніга” – гэта не помнік мужнасці і нязломнасці беларуса, а далейшае жыватварэнне проці смерці, наш духовы чын у мёртваархіўных абсягах рэчаіснасці і гісторыі. У нас ёсць на тое прычыны, і ёсць у нас на тое права; таму што мы прыйшлі; таму што вакол нас гала мёртвасвету, у якім па радку, па абрыўку паперы, па далёкай згадцы пра беларуса мы мусім сабраць і выдыхнуць свой жывы сусвет; таму што імя Беларусь напісанае жывой кроўю і намаляванае жывой душою, як і верш Уладзіміра Клішэвіча “Менская турма. 1937 г. 20-годдзе Кастрычніка”, які хочацца працытаваць следма за Лявонам Юрэвічам:

Пад дзікі крык нямых разлучын
Там Цішка Гартны быў замучан.
Таўклі чырвоным каты ботам
Алеся Звонака й Чарота.
Спаткаў таксама лёс свой чорны
За кратамі паэт Кляшторны.
Далёкі ўсход, нямы і дзікі,
Закрыў зямлёй шкілет Хадыкі.
Як языком змяла завея
Александровіча Андрэя.
Даносчык Кучар быў праворны:
Прапаў Зарэцкі, спасся Чорны.
За недагляд якога слова
Душыў забойца Маракова.
Жыццё турмы адведаў кожны:
Там быў Знаёмы і Дарожны.
Сярод нявольнікаў зямных
Прысеў Сымон Баранавых.
Калі ўжо секлі з-за пляча,
Прывалаклі й Галавача…

АД’ЖЫЎЛЕННЕ ЧАСУ

Лявон Юрэвіч. Камянтары. Літаратуразнаўчыя артыкулы. Менск, 1999.

Калі каменнаму сусвету бракуе свае самадастатковасці, зьяўляюцца камянтары; і сёння маналітныя формы мінулабыцця прагна чакаюць беларускага голасу-ацэны, сусвету патрэбны бо наш жывы голас, які б дапоўніў яго, ураўнаважыў, датварыў-адрадзіў бы ягоныя забальзамаваныя формы жыўленчым зместам; кніжка Лявона Юрэвіча “Камянтары”, выдадзеная ў 1999 годзе ў Менску, вельмі выразна і ажыўча явіць гэты беларускі ўратоўны змест напроці каменнасвету, – і разам з тым, камянтарачы мёртвы каменнасвет, яна камянтарыць-творыць жывіну: гэтая кніжка бо пра Беларусь не тую, якая адбылася і знікла, а тую, якая вечнавытвараецца ў сэрцах духовых дойлідаў і жывадзеіць у духатвораным свеце.

Кніжка гэтая – паказчык думання між памёрлым часам ды вечнажывым духам; яна беларусаявіць тое духовае і святавобразнае, якое тапталася процібеларускай яваю, катавалася і нішчылася; у гэтым асаблівасць беларускага камянтару сусвеціцы – заўсёднае адраджэнне неўміручага духу насуперак змертаўленню беларушчыны, беларускі камянтар бо ёсць самыя творчасць і тварэнне, творчая рафлексія з прычыны самой жа творчасці, імкненне не гэтак растлумачыць зьяву, як яе яшчэ больш ужывадзеіць. Акурат таму “Камянтары”, кампянсуючы каменнасвету ягоныя недахопы, жыванапаўняюць і жывапрацягваюць сакральны беларускі прасцяг; акурат таму ў “Камянтарах” “адсутнічае” час як матарыяльная праява, як мінуўшчына ці будучыня, і выяўляецца часаванне іншага кшталту – духовае і вечнае; гэткая дужабеларуская метафарыстыка часу, прахваляваная скрозь старонкі кніжкі, – не толькі “метад” літаратурнага доследу, але і адмета ды аснова творчасці Лявона Юрэвіча; і думка даследчыка пра абавязковую “страчанасць” гісторыі ў беларускай літаратуры, “страчанасць”, якую нашыя мастакі спрабуюць пераадолець, “напоўніць” канкрэтнай нацыянальнай гістарычнай рэчаіснасцю, творча развіваючы міт, трапна характарызуе і самую творчасць аўтара: Лявон Юрэвіч у сваёй кніжцы следам за беларускімі мастакамі, творы якіх камянтарыць, імкнецца да наўмыснага напаўнення “страты раальнасці”, да пэўнага гістарычнага пераадолення свае ўласнае “міталагізацыі” – і гэтая пакрыёмая адвольнасць (калі аўтар не ідзе ад рэчаіснасці, а прыходзіць да яе са сваех духовых глыбіняў) не хібіць, а, увадваротку, пашырае межы навуковага доследу, дае магчымасць навукоўцу спрычыніцца да мастацтвадзеі тых, каго ён даследуе, дазваляе паглыбіць навуковы твор, зрабіць яго сумастацтвам. Ад пачатку і да канца кніжка напоўненая гэтым адмысловым “прыходам” у свет, дзе ява зліваецца са сном, міталогія з рэчаіснагісторыяю, мова з маўленнем; Лявон Юрэвіч піша пра час у мастацкай прозе – але ягоныя словы можна аднесці і да часу ў “Камянтарах”: “Час для мастацкай прозы значыць прыкладна тое, што для жывапісу – прастора. Як мастакі згортваюць звыклую трохмернасць раальнай прасторы ў дзвюхмерную, спалучаючы рознавялікія фігуры, парушаючы перспяктыву, сумяшчаючы пярэдні й задні пляны, дабіваючыся акцантуацыі раальнасці або, наадварот, уяўнасьці прасторы, – гэтак і пісьменнікі сумяшчаюць часавыя рамкі твораў, каб надаць ім новы, нечаканы ракурс, паказаць чалавека й ягонае акружэнне ў незвычайным асвятленні. У выніку спалучэння сучаснасці з мінуўшчынай, гісторыі з лягендай, у выніку сумяшчэння часавых плоскасцяў – узнікае афект універсальнасці, пазачасавай значнасці.”; цікавую скмету аўтара паводле сну ў беларускай літаратуры (калі “сон становіцца завершаным мастацкім вобразам, формай літаратурнага хранатопу”) можна таксама прымеркаваць да кніжкі Лявона Юрэвіча – казачнасць, фантастычнасць ёсць тое ж часавымярэнне “Камянтараў”, якім зьяўляецца сон у беларускай літаратуры, і словы даследчыка пра сон у беларускай гісторыка-міталагічнай прозе можна працытаваць як зварот да пакрыёмых, тайнічых абсягаў творчасці самаго Лявона Юрэвіча: “У сьне чалавек вызваляецца і ўваходзіць у іншы сьвет, дзе рэчы мяняюць сваю прыроду. Сон зьяўляецца пераходам з аднаго стану быцьця ў другі, мастком, які злучае дзённыя зямныя вобразы й незямныя, нясённяшнія, несучасныя ўяўленні […] Чалавек у сне вызвалены. У сне […] слабеюць дзённыя законы, чалавек вызваляецца ад прычыннай залежнасці, сціраюцца межы мінулага й сучаснага, сапраўднага і ўяўнага, магчымага й жаданага. Жыцьцё пашыраецца, падвойваецца, паглынаючы дзённую й начную раальнасць. Так нараджаецца сьвет, не абмежаваны трохмернасцю. Так сон становіцца завершаным мастацкім вобразам, формай літаратурнага хранатопу. Той мясцінай, дзе скрыжоўваюцца прасторавыя й часавыя перспяктывы. Час брыняе, робіцца амаль бачным, а прастора знікае ў часе, гісторыі, фабуле. Пры гэтым прыкметы часу раскрываюцца ў прасторы, і яна асансоўваецца й вымяраецца часам.”, – і гэтае ўсё пра “Камантары”, якія, зьяўляючыся навуковым доследам, казканапаўняюць беларускі быт, мастацтвавытвараюць яго. Гэткія раздзелы кніжкі, як “Да гісторыі станаўлення жанру гісторыка-міталагічнае прозы”, “Лабірынты” Вацлава Ластоўскага: спроба разгорнутага камянтару выбраных месцаў”, “На шляху з варагаў у грэкі”: праблемы гісторыі – праблемы сучаснасці”, “Русальчына балада”: міталогія й дэманалогія ў паданнях Святаслава Каўша”, “Апостал кахання: Рыгор Крушына”, “Чорт, Янка Юхнавец ды беларуская літаратура”, “Паэзія і праўда жыцця: Янка Юхнавец” увачавідкі кажуць незвычайны, “душэўны” ўнёсак у беларускае літаратуразнаўства, унёсак, у якім спалучыліся логіка навуковага аналізу і агонь мастацкага гарэння, веданне міталогіі і ўласнае мітатварэнне, дослед “мовы ва ўтопіі” Янкі Юхнаўца і сваё асабістае маўленне; гэткая асабістая чынная прысутнасць даследчыка ў матарыяле, які ён даследуе (навуковае сумастацтва з літаратураю замест навуковага аперавання літаратурнае паддоследнасці) дужа надзённая ў беларускім літаратуразнаўстве другой паловы ХХ стагоддзя, у якім часцяком пераважалі каляктыўныя падыходы і агульнаманалітныя ідэі, – і “Камянтары” ацаляюць традыцыю навуковага знаўства, распачатую Вацлавам Ластоўскім ды Максімам Гарэцкім, знаўства асобы, творцы, а не канстатара, статыста з казённага інстытуту. Пры ўсім тым багатыя “Камянтары” на матарыялы невядомыя, малавядомыя і недаследваныя: творчасць Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя, літаратурная і культурніцкая дзейнасць тавізаўцаў, айцоў марыянаў, літаратурнай сустані “Баявая ўскалось”; падаюцца і камянтарацца рэдкія лісты з-пад рукі Юркі Віцьбіча, Пётры Татарыновіча, Міхася Міцкевіча, Ларысы Геніюш; разглядаюцца беларускія таатральнае мастацтва, драматургія за мяжою, развіццё лексікі.

Зразумела, “душэўнасць” навуковага твору абавязкова будзе выклікаць нязгоду ў навукоўца-аб’яктыўшчыка, але ці варта спрачацца з душою: камяні ж таксама спрэчуць небу, хаця яны – усяго толькі ніжэйшая частка яго бясконцасці; скрозь усё ХХ стагоддзе беларусам кваліфікавана, аўтарытэтна і лагічна даводзіцца штось процідуховае-процібеларускае – але якія довады і аўтарытэты могуць пераканаць жывую душу ў тым, што яна не мае свайго ўласнага сусвету; свой уласны сусвет ёсць і ў Лявона Юрэвіча, і гэтае яскрава кажа ягонае літаратуразнаўства і ягонае беларусатварэнне; урэшце хараство ісціны, праўды ў душатаемнасці гэтых зьяваў, спасціжэнне якіх, у тым ліку і навуковае, найперш ёсць лірычнае хваляванне, а ўжо стопотым – карпатлівае меранне сантыметраў штанговым цыркулем; урэшце, каб не душа і не ейная ўсхваляванасць, не было б ніколі ні жывачаснай Беларусі, ні аб’яктыўнай навукі пра беларускую літаратуру… ні вершу Юлія Таўбіна “Лірычнае хваляванне”, які цытуе Лявон Юрэвіч у “Камянтарах” і які сугучыць з вышэйпрамоўленымі гукамі :

Так вецер праходзіць лірычнаю зданню,
Баладным гяроем – спявакам старым.
Лірычнае хваляванне
Праходзіць, як вецер, па сэрцы маім.
Ўрачыстыя воды скандуючы, вербы
Схіляюцца каля варот
І шэпчуць: “Пішы без хлуслівых гіпербал,
Пішы без узвышаных троп.”
Паперу на зэдлік… Пяро на канапе…
Душа разагрэта вячэрнім агнём…
Трамвай праляцеў, як двухстопны анапест,
І іскры дрыжаць за акном.
Я з вершам праходжу жыццёвыя тракты,
Я з вершам і ў крозах, і ў сне…
Харэі, і ямбы, і пруткія дактылі
Заўсёды на варце ў мяне.
Мы пойдзем супольна і будзем змагацца,
Супольна збіваючы кожны рыф –
І стромкія сцены алітарацый,
І ўзгоркі класічных рыфм.
Так вечар прыходзіць, так сунецца ранне,
Змываючы з Захаду грым, –
Лірычнае хваляванне
Заўсёды, як вецер, на сэрцы маім.

ЖЫВАЗМОЎНІЦТВА

Лявон Юрэвіч. Беларуская мемуарыстыка на аміграцыі. Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. Новаёрак, 1999.

Над’звычайная адмета беларускіх успамінаў у тым, што існаванне іхняе рэчаіснаявіць нашую мастацкадумную жыватворную ідэю: духовасць беларушчыны і магутная мастацкасць беларускага свету прагне і патрабуе канкрэтнае беларускае рэчаіснапраявы, якая б цвердзіла нашую істапраўднасць і рэчыўна напаўняла духовы выбух, – беларускія ўспаміны, зьяўляючыся часткаю святое творчасці, уадначассі з тым яскрава-дакумянтова сведчаць за рэчаісны вынік гэтае творчасці, за жывую целаіснасць нашае ідэі. І “Беларуская мемуарыстыка на аміграцыі” – той не дужа часты, але сталы-заўсёдны выпадак сусветнага беларускага духовага целаіснення, і гэткая акалічнасць адно падкрэслівае значнасць і надзённасць новае кніжкі; яна ідэйна працягвае ранейсабраныя Лявонам Юрэвічам тамы “Антыбальшавіскія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі” Юркі Віцьбіча (1996), “Беларусізацыя пад №...” Лявона Савёнка, “Архіўная кніга” (1997) і сугучыць з ягонымі навуковымі доследамі, змешчанымі ў гэтых тамох, а таксама – у ягонай кніжцы “Камянтары” (1999); “Беларуская мемуарыстыка на аміграцыі”, як і зьёюпрыгаданыя выдрукі, жыватворачы Беларусь, духазапавядаючы яе, цвердзіць наш святы духакрай рэчыўна, гістарычна, – каштоўнасць гэтых выданняў не толькі ў самадастатковасці святатворчасці, але і ў іхняе святое паслятворчасці-выніку, у іхнім гістарычным упраўдаванні нашае духоўшчыны.

Вядома, вышэйсказанае патрабуе зрабіць агаворку: нельга сцвярджаць, што ўспаміны не выдаваліся на Беларусі, і не сказаць, каб яны былі рэдкасцю, – размова акурат пра гэткую мемуарыстыку, дзе свет, якім бы ён ні быў няблізкім і якім бы ён ні быў чужынскім – усё адно беларускі; процібеларушчына, якая заўсёды кіравалася і кіруецца ў сваёй знішчальнай барацьбе супраць Беларускага Духу рэчыўнымі меркаваннямі, яшчэ скрозь пальцы можа глядзець на існаванне нашага мастацтва, але ўрэчаісненне беларускае мастацкае ідэі, калі тая паўстае ў свеце як раальная, насам’істая, матарыяльначутная праява, яе палохае і павяртае на духабой. І тое беларусатварэнне, ацалёнае і ад’жыўленае ў “Беларускай мемуарыстыцы…”, – наш нацыянальны супраціў рэчаіснасвету, нашае духовае дойлідства нашага духовага храму; дзякуючы гэтае кніжцы мы маем жывы і паказчы прыклад нязломнага беларусаўрачыставання ў свеце: ці на Салаўкох, ці на амерыканскіх абсягах, ці ў аўстралійскім заакіянні беларус насуперак знішчальніцкае чужасці сусвету нясе ў гэты сусвет нашыя крэўнасць і святасць; адметнасць успамінаў, сабраных у кніжцы, у тым, што яны сведчуць пра недастатковасць і нікчэмнасць відавочання напроці велічы і святасці ўспаміну-часатвору: пры ўсіх прыніжэннях і знявагах часам, беларус мае ў сабе сілы выпамніць з сябе сваю нацыянальную гісторыю і сваю неўміручую духоўніцу і творча напісаць свой час; беларускі ўспамін пра мінуласць робіцца як бы галаўнейшы за самую мінуласць, а творчы ўспамін – галаўнейшы за прадмет успаміну. Бо, па вялікім рахунку, не гэтак ужо і істотна, што ў Аўстраліі аб часе паваення забароньвалася беларуская мова і культура – у стакроць важнейшае за гэтае задушэнне творчая нязгода Аляксандра Калодкі, які не забыўся на тое і сведчыць, і духова процістаіць; па вялікім рахунку, не гэтак ужо і істотныя прыгонніцкія межы палітычнае мапы Яўропы, межы, якія цягам дваццатага стагоддзя (дый не толькі дваццатага) кроіліся безліч разоў ды сшываліся ды трэскаліся па швох і там, дзе тонка, межы, якія прыгонілі жывасвет мёртваю формаю і ў гэткую мёртвафармальнасць унуралі і беларускую жывіну, – за гэтае мёртварабства палітычнае геаграфіі ў стакроць галаўнейшае духовае вытварэнне-ўспаміны Наталлі Арсенневай жывой і чыстай Беларусі; урэшце не гэтак ужо і істотныя гістарычныя метамарфозы, у выніку якіх Беларусь прыніжана, абрабавана і па-жабрачы аніяк не выясніць свой святы ясналёс, – куды істотней за каменнарэчаіснасць жывая вольнаБеларусь ва ўспамінах Юркі Віцьбіча, дзе гэты святы лёс жыве даўно і вечна-велічна, і неўміруча.

Каштоўнасць “Беларускае мемуарыстыкі на аміграцыі” (і кніжкі, і саміх мемуараў) – у беларускім жывым слове – слове, якое не літара, а голас, не рабская пакорлівасць перад уладарным процібеларускім светам, а жыватварэнне паўсюднае-паўсюльсветнае беларушчыны; каштоўнасць – у жывазмоўніцтве беларускіх сэрцаў і душаў, якія кожны пражываюць свой асабісты лёс непадзельна ад агульналёсу беларушчыны. У гэтым, бадай што, галоўная азнака жывога беларускага ўспаміну – усе мы ўспамінаем Беларусь, і таму яна жывая, і таму яна не гіне, і таму яна ўрачыстуе над каменнасветам; нават смерць ёсць жыццё, калі жыццё ёсць уваскросны ўспамін прамінулага, як верш Наталлі Арсенневай, што гучыць у “Беларускай мемуарыстыцы”:

Мы знаем – час плыве, па кроплі кропля, ў змрок.
У кволай чары рук яго не утрымаеш.
Налета – ў цішыні прысадаў і муроў
ён расцвіце мо’ зноў, але ўжо іншым маем…
Дык так сплялося, што – ці хочацца, ці не –
ісці кудысь Туды нам з часам па дарозе.
Вось мы й брыдзём сабе, а ў плаўкім тумане – абапал
то цвітуць, то адцвітаюць лозы.
Парыпвае, хрумсьціць падмоклы, гойстры жвір.
Сабакам верным сцень туляецца пры боку.
І добра.
Толькі менш тых зораў у крыві
і зораў уваччу із кожным новым крокам.
“Memento Mori”, гуў калісь, загнаны ў кут
жудою небыцця, наш свет па цёмных норах.
Яшчэ й цяпер, парой, на зблытаным утку
Бярэ ён зноў снаваць сваё “Memento Mori”.
Дый іншыя мы ўжо.
У вецер іх зарой
імкнемся мы з вясной зялёнаю ў згодзе,
бо ведаем, што хоць калісьці і памром, –
“Жыццё – нішто як смерць, а смерць – жыццё!”
І годзе!

СМЕРЦЬ, ЖЫЦЦЁ, ВЕЧНАСЦЬ…

“Калосьсе”. Літаратурна-мастацкі альманах. № 6/1998. Полацак.

Шосты нумар альманаху Таварыства Вольных Літаратараў “Калосьсе” спазніўся з выхадам адно фармальна; ён выйшаў увесну 1999-га году, хоць і пазначаны – 1998-ым; аднак, не гледзячы на мінулачаснасць каляндарную, ён апынуўся дзесь “наперадзе” часу, паспрабаваўшы зацугляць яго вечнасцю – колас атрымаўся, бадай што, самы ўдалы з усіх дагэтулешніх “Калосьсяў”: у змесце выразна акрэслілася ідэя Вольных літаратараў, якая дагэтуль выяўлялася збольшага дакларатыўна і стыхійна-бунтоўна,– ідэя новай беларускай творчасці, незапрыгнечанай самарабствам пісьменніка ва ўмовах афіцыёзу, двайной маралі, згодніцтва…; і сансоўнае, выразнае выясненне дакларатыўнага і бунтоўнага – то проста ўрэчаісненне самім часам тэвээлаўскае ідэі, ейнае шчырае часаадкрыццё і часапацверджанне: хада беларускае гісторыі сведчыць, што ўчорашні “наіў” учорашніх тэвээлаўцаў, якія засумняваліся ў слушнасці мёртвых пастулатаў ды паўсталі супраць канфармізму, сёння ёсць уратоўны беларускі шлях, мастацкая творчасць бо цяпер зрабілася адкрытым пратэстам на вынішчэнне ўладнымі структурамі нацыянальнае культуры, а згодніцтва і супрацоўніцтва літаратара з афіцыёзам азначае саўдзел у брудным злачынстве супраць беларускае духоўнасці; ідэя нонканфармізму, узнятая колісь тэвээлаўцамі, сталася яскраваю адметнасцю, неабходнасцю ў духовым змаганні беларуса за Беларусь.

Такім чынам, шосты нумар альманаху выйшаў аб пары, калі па-за спінаю застаўся яшчэ нядаўні час дакларацыяў, істэрыкі ды ідэйнага беспрытулку і калі наперадзе азначыўся час спраўджэння ці адмаўлення выгукнутых ісцінаў; і гэты часазлом добра чуецца ў змесце новага “Калосься”, якое на мяжы розных акраяў – адышоўшага і надыходзячага – вечніць час. Не дзіва, што матыў жыцця і смерці гучыць скрозь увесь нумар – жыццясмерць хвалюе акурат аб гэткае пары, калі штось вельмі істотнае ўжо адышло, а штось вельмі важнае, над’звычай галоўнае толькі надыходзіць, выісточваецца. Нездарма ў гутарцы “Пачуць новае маўленне” Алесь Аркуш пытаецца ў Міхася Тычыны: “Жыццё і смерць – два вечныя пытанні літаратуры. Так атрымалася, што ў гэтым нумары “Калосься” пераважае тамат смерці… Ці адчуваеце Вы, што ва ўлоньні бацькаўшчыны выношваецца маладзік?”; і нездарма Міхась Тычына адказвае: “Канец азначае, што за ім следуе пачатак нейкага новага жыцця, існавання. Таму ўявіць, што апошняя квадра нашай Айчыны на зыходзе, не цяжка, калі думаць, што ў глыбінях сусвету спее, набіраецца гарту маладзічок. Але ў адрозненне ад месяца, заўсёды аднаго і таго ж самага, гэта будзе нешта зусім іншае, абсалютна новае, непазнавальнае ў сваёй духоўнай сутнасці…”

Настане дзень, і сонца згасне, як ні шкада.
Заледзянее ў вадначассе кроў і вада.
Паветра зробіцца ад сцюжы цвярдым, што мост –
Па ім да Новай Зоркі душы сыдуць наўпрост. –

гэты верш Хведара Ніцкі надрукаваны ў нумары ў нізцы іншых ягоных вершаў, што мае адпаведную назву “Човен Харона”… Адпаведную назву маюць нізка вершаў Віктара Шніпа “Няпэўнае жыццё”, нізка вершаў Анатоля Брусевіча “За дзень да смерці”, нізка вершаў Пётара Міцнэра “Перамена часу”, апавяданне Сяргея Астраўца “Радзівілаўскія дамавіны”… Адпаведным “жыццясмертным” зместам напоўненыя ўсе матэрыялы часопіса – ад некрафільскіх матываў у апавяданні Сяргея Мінскевіча “Саламяная кветка” да жыццялюбскіх у паэзіі Мід’ені, якая прадстаўленая перакладамі з альбанскае мовы Алега Мінкіна і Навума Гальпяровіча; “чаму я катам стаў? – пытаецца сам ў сябе байструк ў апавяданні “Віленская карчма” Лаўрэна Юрагі і сам сабе адказвае: каб бацьку адпомсціць…; “У вас што, малады чалавек, непраходнасць кезаўкі?” – пытаецца Раіна ў машыніста КГБ у двухактовым фарсе-рэквіему Ігара Сідарука “Бабусечкі” і атрымлівае ад яго адказ: “Яшчэ слова – і расстрэл!”; “…Можа ў музыцы гэтае жаху няма, і мы плачам ад страху над ёю дарма?.. Дык чаго тады плачам і ўдалеч глядзім, і ў яе, што ў агонь, матылямі ляцім, і мы ў травах высокіх знікаем, як пыл? – пытаецца сам у сябе паэт Віктар Шніп у вершы “Музыка смерці” і адказвае: Гэта музыка наша – ад нашых магіл, да якіх мы ідзём праз самоты святло паміж тым, што шчэ будзе, і тым, што было”. Між гэтымі процілеглымі скранямі, якія тым не менш не могуць існаваць асобна адно ад аднаго, напісаны нарыс “Візуальная тарапія памяці” – аўтар Юры Гумянюк апавядае пра заўчаснапамерлага паэта Андрэя Пяткевіча. Між “было” і “будзе” – падзеі ў “амаль што дакумянтальным аповедзе” “Іду на таран!” Вінцэся Мудрова; іронія з прычыны рэчаіснага абсурду – адметнасць філасофіі Мудрова, яскрава выяўленая ў апавяданні. У нумары друкуюцца ўрыўкі з рамана Томаса Кянэлі “Сямейнае вар’яцтва” ў перакладзе з ангельскае мовы Яна Максімюка, апавяданні і малюнкі заўчаснапамерлага мастака Алега Прусава, вершы ўкраінскага паэта Івана Лучука (пераклад Алеся Аркуша і Навума Гальпяровіча), Эдзіка Мазька, Леры Сом, эсэ “Неспакой, выкліканы сабачым выццём” Алеся Аркуша, артыкул Ларысы Міхневіч “Жыццё як творчы акт” пра мастацтва Алега Прусава, спавешчанне Славаміра Адамовіча “Вяртанне ў Равалюцыю”, якое ён прамовіў у часе ўручэння яму прэміі Таварыства Вольных Літаратараў “Гліняны Вялес–96” за паатычны зборнік “Каханне пад акупацыяй”; у выпуску альманаху змешчаныя таксама рацэнзіі на кніжкі “Архіўная кніга. Уладзімір Дудзіцкі, Хведар Ільляшэвіч, Уладзімер Клішэвіч, Уладзімер Сядура-Глыбінны, Мікола Вярба, Юрка Віцьбіч” Лявона Юрэвіча (Беларускі інстытут Навукі і Мастацтва. Наваёрак, 1997), “Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі” Юркі Віцьбіча (Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. Наваёрак, 1996), “Прысуд” Франца Кафкі (Менск, 1996) , “Улада песняспеву” Фрыдрыха Шылера (Кафедра беларускае літаратуры ХХ стагоддзя БДУ, Інстытут славістыкі Енскага ўніверсітэту імя Фрыдрыха Шылера. Менск, 1997).

Подых смерці, што ідзе ад калоссеўскіх твораў, – насамрэч жывая праява беларускае творчасці; подых смерці – жыццядайны; і канцэпцыя шостага нумару – акурат у вызваленні творчага жыцця ад мёртвых ісцінаў і аблудных законаў, у пакананні смерці ёю ж самой; творчая дзея новай беларускай літаратуры, звяртаючыся да смерці, тым самым выракаецца яе; творчая дзея, падкрэсліваючы крохкасць, імгненнасць жыцця, тым самым цвердзіць ягоную вечнасць; гэтак, як у вершы Анатоля Брусевіча:

Жыць так, каб не хацелася памерці –
Вось сэнс жыцця, таму я не ў труне,
Таму не страшны болей дзікі вецер,
Які лістоту ў твар шпурляе мне.

Няхай шпурляе. Я ўсё роўна буду
Ісці туды, дзе за адным сталом
Ліловы Крышна, Магамет і Буда
Спрачаюцца аб вечнасці з Хрыстом.

………

Мяне чакаюць там, але чамусьці
Іх не цікавіць мёртвая душа.
Таму назад у свой сусвет вярнуся
Жыць так, каб не хацелася сканаць.

ВОЛЬНАСЕЙ НОВЫХ ЗБОЖЖАВЫХ КУЛЬТУРАЎ НА ЎДЗІРВАНЕЛЫХ КАЛГАСНЫХ ГА

“Калосьсе”. Літаратурна-мастацкі альманах. № 7/1999. Полацак.

У чарговым нумары альманаху “Калосьсе”, які выдаецца прыватным чынам у Полацку Таварыствам Вольных Літаратараў, неяк незнарочыста і неўзабаве спалучылася духасвеціца, народжаная калісьці і існая вечна, з сакральнымі беларускімі выбухамі душы; у сёмым выпуску дужаяўна пераважае гэтая цікавая асаблівасць сённяшніх беларускіх творцаў – імкненне не “адпусціць” ад сябе жыватворчую агнінку літаратурнае традыцыі, адбыўшыся пры тым у літаратуры свабодна ад мёртвага цяжару той жа традыцыі, навацыйна, адметна; творы аўтараў сталіся як бы гасцёўняю для прамінулага мастацкага веку, у якой гэты век ажыў у новым зладзе, у новых якасці і абрысах. Адмысловяць гэткім чынам нумар альманаху некалькі твораў; яны і складаюць навацыйную аснову адроджаных традыцыяў, вольна і нязмушана метафарызуючы час.

У п’есе “Стомлены д’ябал” (фантасмагорыя ў 2-х дзеях) аўтар Сяргей Кавалёў выкарыстоўвае фрагменты твораў Марашэўскага, Купалы, Аляхновіча; гасціны гэтых пісьменнікаў на старонках ягонае п’есы з аднога боку ёсць карыстанне з беларускае традыцыі, а з іншага – цікавы прыём, які глыбіць твор, арыгіналіць, яшчэ больш яго фантасмагорыць; дый сам традыцыйны біблейскі сюжэт грэхападзення Адама і Евы Сяргей Кавалёў творча развівае; персанажы ягоныя пры ўсім іхнім містыцызме-нераальнасці вельмі зямныя: паводле аўтара, грэхападзенне мужчыны і жанчыны – адпачатназямное; грэхападзенне адамаеўных персанажаў п’есы, перш чым зрынуць галоўных гярояў з раю на зямлю, вядзе іх з зямлі ў рай; і жывучы ў раі, гяроі Сяргея Кавалёва невылечна “хварэюць” на “прыцяжэнне” зямлі.

У захапляльным творы Вітаўта Чаропкі “Поўны керкяшоз”, жанр якога сам аўтар вызначыў як “раманец”, гасцююць персанажы з сусветнавядомых сатырычных твораў; і, зноў жа, гасцююць творча: яны выісноўваюць з сябе бязглузды свет, які ёсць сатыра на сучасны беларускі празідэнскі заатахнізм; персанажы раману адразу ж угадваюцца, а іронія, сарказм ды дасціпны гумар успрыймаюцца на адным дыханні; спрыяюць гэтаму трапныя выслоўі, якімі багата прыпраўленая проза Вітаўта Чаропкі; “Важна не тое, што і як, а важна тое, як і што!”, “Назваўся Могалем, дык адкажы за Гогаля. А калі ты Гогаль, дык нечага тут хадзіць Могалем”, “Не бойцеся, мы захаваем недатыкальнасць целаў”, “Вы разжалаваны. Здаць свісткі і званочкі!”, “Хацелі, як хацелі – атрымалася, як не хацелі”, “Я вучыўся выдатна, добра і здавальняюча”, “Якія людзі без аховы!”. Раман – жанр не дужа распаўсюджаны ў сучасным беларускім мастацтве, а сатырычны раман, ды яшчэ напісаны на высокім узроўні – зьява рэдкая ў любой літаратуры; “Калосьсе”, друкуючы “Поўны керкяшоз”, адкрывае для беларускага чытача бліскучы і беспадобны твор і абяцае ў будучыні змясціць на сваіх старонках другую кнігу раману.

У апавяданні Вінцэся Мудрова “Нячысцік у фраку” неяк вельмі настальгічна і разам з тым нязвыкла і па-новаму гучыць новабеларускім матывам стары, добры і прызабыты ўсімі намі крытычны раалізм пачатку ХХ стагоддзя; ён авалодвае чароўна, па-мудроўску ўжо ад першых радкоў, ад прысвячэння “Аляксандру Чарніцкаму, Максіму Горкаму й беларуска-расейскаму дзьвюхмоўю ахвяруецца” і ўжо ніколі не адпускае ад сябе. У апавяданні Алеся Аркуша “Прысуд валадара” гістарычнае дачассе прасякнутае цяпершчынаю, па-філасоўску надчасавай, вечнай, у якой гасцюе богаасуджаны пакутнік Тантал, каб задаць гэтаму вечначасу сваё неадказнае пытанне: што ёсць правасуддзе? У вершы “Ну вось, канчаецца апоха!” Ігар Сідарук, запрасіўшы на гасціны прамінулую літаратуру, развітваецца з “апохай Глобуса і Блока”.

Сёмы нумар “Калосься” змяшчае ў сабе таксама вершы Юрыя Гуменюка, Галы Гары, Васіля Дзівашэвіча, апавяданне Івана Фурсевіча “Няўзятае інтар’ю”, спавешчанне Ўладзіміра Арлова, агучанае ім у часе атрымання прэміі “Гліняны Вялес” Таварыства Вольных Літаратараў, “Абзацы” Сяргея Шыдлоўскага, апавяданне Дрытэры Аголы “Забойства” ў перакладзе з альбанскае мовы Аляксандра Новіка, апавяданне “Крыж” Марака Гласкі ў перакладзе з польскае мовы Аляксандра Айны, урывак з раману маддзярскага пісьменніка Мора Ёкая “Сыны чалавека з каменным сэрцам” у перакладзе Міколы Ермалаева, апавяданне Льва Лунца “Чаму мы сарапіёнавы браты” ў перакладзе з расейскае мовы Вінцэся Мудрова, размову Алеся Аркуша з галоўным радахтарам украінскага культуралагічнага часопіса “Ї” Тарасам Вознякам; надрукаваныя рацэнзіі на кніжкі Янкі Брыля “Дзе скарб ваш”, Леаніда Галубовіча “Зацемкі з левай кішэні”, Лявона Юрэвіча “Камянтары”, на каталог беларускага самавыдату “Самадзейная Беларусь”, на новы літаратурны часопіс “Nihil”.

“Калосьсе” – альманах унікальны ў сучаснай беларускай літаратуры: ягоная радакцыя прынцыпова прапагандуе і ажыццяўляе права літаратара на свабоду творчасці, даючы пісьменніку магчымасць вольна выказваць свае думкі і выяўляць свае астатычныя перакананні, – акурат таму на старонках альманаху сустракаецца беспадобная беларуская літаратура, чыстая і незапрыгнечаная ўмоўнасцямі, тая, якую не заўсёды прачытаеш у іншых беларускіх літаратурных выданнях; не гледзячы на цяжкасці, сувязаныя з праблемамі самавыдавецкай дзейнасці ва ўмовах задушэння на Беларусі свабоды і прыватных ініцыятываў, часопіс стала, з кожным новым нумарам набірае моц, пераўтвараючыся ў адзін з самых уплывовых перыядычных літаратурных выданняў на Беларусі; ідэі нонканфармізму, самакаштоўнасць беларускае творчасці, духоўнае процістаянне спусташэнню нацыянальнае культуры – галоўныя ягоныя адметы. Вядома, свабода тварэння сутыкаецца з праблемамі здзяйснення творчасці, але праблемы адно толькі мацуюць жывую прагу мастацкага каласавання, павяртаюць на шчырую сяўбу і красаванне яснае культуры на запусцявелых калгасных палетках; гэткая ідэя творчасці і жыцця вельмі выразна чуецца ў вершы Галы Гары, які завяршае падборку ейнае цудоўнае чуллівае паэзіі ў “Калосьсі” і цытатаю якога хочацца завяршыць сённяшнюю рацэнзію:

Спрабую хадзіць –…
гайдаецца неба,
аціхла зямля,
хісткія сходы,
ледзь чутныя крокі…
па пяску, па траве,
пакрысе, спакваля,
наліваецца чырванню
захад глыбокі.
Спрабую хадзіць –
па дрыгве, па вадзе,
па калючай жарстве,
па выжарынах лютых…
па старой брукаванцы…
і так, абы-дзе…
спрабую хадзіць…