Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Жалуды

Як сыплюцца жалуды з дрэва, гэтак сыпле жыццё з чалавека; урэшце, засыпаўшы гарадкоўскія вуліцы гнілымі, горкімі і бясконцымі жалудамі, Міхал Лягчыла забаяўся ўсяго – і прошласці, і наступяасці; а цяпершчына была яшчэ страшнейшая, чым што. Яму забракавала спагады, якая бы паднялася на жалудовым сяйве і мякка б усцешыла ягоную заўчасную старасць: трава-спагада не расла, і дабрыні хацелася яшчэ болей. “Хай бы дабрыня прыйшла да мяне ад гарадка ці так проста – ад чагось з маленькім цёплым сэрцам”. Але не ішла; ніхто не даваў дабрыні ў пазыку, а на горкім і неўрадлівым жалудзішчы падняўся пустарод. Ніхто цябе не палюбіць – хай сабе ты і найвялікшы бог – калі век твой апаў горкім бобам, сам ты калі загінуў яшчэ дагэтуль, і тваё жыццё – твая боязь жыцця калі...

Міхал Лягчыла быў у гарадку ўсяго маленькім, п'яным і непрыкметным бажком. Некалі, у маладосці, ён мог бы асвяціць сваім боствам усей край-свет, аж штось зашкодзіла яму, і ён упаў, не паўстаўшы.

Спачатку ён на ўсё сваё сэрца пакахаў Ларыску Мацкевіч, а Ларыска пакахала яго. Яны ажаніліся і праз тое здабылі сабе дзіця – сына Валерку. Таго часу Міхал Лягчыла ўжо скончыў інстытут і рабіў у гарадку інжынерам на будаўніцтве моста цераз Нёман. Хлопец быў дужа разумны і аднойчы нават падумаў пра тое, што мае цяму яшчэ больш, як хто ў гарадку, і пагатоў болей, як усе гарадкоўцы, сабраўшыся, разам. “Яшчэ, можа, калі па адным ходзяць, – думаў малады інжынер пра гарадкоўцаў, – дык сяк-так штось вышкрабуць з галавы. Во, як я пагляджу, і Пецік Рылькевіч – не пустая дзежка, і Веня Лычка – не дубовы цурбак, і Жэнік Сідорык, браценік мой у трэцяй стрэчы – бадай што не зусім дурань. І кожны ў гарадку, лічы, свае сцежкі ў галаве мае. А як усе разам – Пеці-Вені-Жэні, – дык і канец разумнаму жыццю”.

Хлопца смяшыла бязглуздасць гісторыі, якую супольна чыніў гарадкоўскі агул; у гэтым усіхнім чыне кожная разумная галава і думка адно распаляла агульную бязглуздасць і патанала ў ёй, ператвараючыся з чысціні ў бруд і з сур'ёзу ў глупства. Ды хутка смех скончыўся, і хлопцу забалела; гарадкоўская гісторыя яго палавініла нароўна, і ён думаў: “I я ж гэтак, што тыя Пеці-Вені-Жэні. Сам па сабе разумнейшы ад усіх і ад кожнага, а ў гэтае іхняе гісторыі, як і ўсе, – паўдурак”. Гісторыя яго цягнула ў тонь, як багна, і чарговае будаўніцтва моста, які быў папярэдне знішчаны ў чарговай вайне і які гарадкоўцы меркавалі падняць-прынагодзіць да шматдаўнае гадавіны чарговае перамогі, ператварала Міхала Лягчылу ў раба бясконцае чалавечае дзеі і неадольнага чалавечага светагляду. “Дык а што? не будаваці мне моста, ці што? – думаў Міхал Лягчыла. – То што, можа? і нічога зусім не рабіці? не дыхаці, можа, і не есці? і жыцё, можа, не трэба тады?” І ўрэшце мост лёг на два берагі, і гарадок зросся, як паламавая костка (“...калі ж зноўку прыйдзе злом?..”).

Немалы розум і вялікі спрыт прыдаліся дарэчы хлопцу. Міхал Лягчыла патрапіў у начальнікі на будаўніцтве дарогі, а тады – на месца гарадкоўскага старшыні, а тады нават пайшоў блізка што не ў падцаркі да Веранікі Аркадзеўны Базар. Ён, як і раней, задумваўся са свае дваістасці – з уласнага магутнага розуму і з агульнае гістарычнае бязглуздзіцы; і, як і раней, сумняваўся: дык а што? і не жыці мне зусім? на неба мне або на ваду ўжо зірнуці нельга, ці што? жонку маю Марыську не любіці мне, значыцца? І ён дыхаў паветра, кахаў сваю жонку і рваўся на порвы між берагам-сабою і ракою-гісторыяй.

Аднак нейкага самотнага і непатрэбнага дня Ларыска закруціла сваім прыгожым, з пёрамі, хвастом, узяла ў адну руку валізу з клункамі, а ў другую – ручку Валеркі і прамовіла да мужа з парога:

– То бывай, мой Міша. Не будзе ў нас з табою болей нічога...

Яна сышла да пажарніка Віціка Жыжаля; Ларыска ўжо колькі гадоў не кахала мужа, ёй бо не падабалася, што той усё маўчыць і думае; а магчыма, ёй надакучыла шчасце або спакой; а яшчэ яна не кахала таму, што проста не кахалася; і яшчэ ёй бало аж не сцярпець – гэтак хацелася надурыць Міхала Лягчылу і сысці да свайго любоўніка. Вось тады Міхал Лягчыла гэтак разгубіўся, што пераблытаў раку з берагам; і яшчэ ён пераблытаў свабоду і рабства, гарадкоўскую гісторыю і ўласнае сэрца, дзень і ноч. Яму, як ніколі дагэтуль, заманулася тварыць хаця якія падзеі. Ён пачаў піць; прыходзіў поцемкамі да хаты Віціка Жыжаля, браўся за плот, каб не ўпасці, і стагнаў у вокны:

– Сучка ж ты, Ларыска! Ай, сучка-сучка! Абдурыла ты мяне!

А пасля мужык гатак улёг у п'янства, што зусім забыўся на тое, што ён вялізнае дрэва; жалуды пасыпаліся з яго не як спеласць, а неданароджанасцю, заўчасна пабляклымі імгненнямі; ён болей не памятаў, што яго б'е нейкая бура і што жыццё з яго сыплецца не жыццядарнымі ягадамі, а жыццяболькамі – змаршчакаватымі, хворымі на няшчасце карузлікамі-атроскамі; ён увогуле часта не памятаў, што ў ягоных галінах ёсць жыццё. Таму з падцаркаў яго ўвапхнулі назад у начальнікі на будаўніцтве дарогі, а адтуль яго перавялі ў хуткім часе, за п'янства ж, на месца дырэктара Дома быту, а адтуль ён пайшоў на дырэктара клуба “40 гадоў БССР”, а ўжо адтуль праз участковага Байду – у КПЗ, а з КПЗ – у ЛТП, а з ЛТП падаўся ў грузчыкі харчовае крамы; вось тамака ён заснуў дык заснуў – аж дванаццаць разоў назаўсёды...

Але, праспаўшы некалькі жыццяў запар, ён прачынаўся. Яму рабілася вусцішна, што ён гэткі во занядбаны бог і што не жыве, а збольшага спіць. Міхал Лягчыла заўважыў: нават тады, калі ён знікаў з сябе і з гарадка, гарадкоўская гісторыя ўсё роўна не адпускала яго з балота. Ён падумаў: “Як ты ні біся галавою аб зямлю, хоць ты памры або, заплюшчыўшы вочы, сігані ў палонку назаўжды – а ўсё роўна застанешся ў гэтым усіхнім, ахрышчаным чортам балоце”.

Пасля гэткае высновы да яго часцей прыходзіла жаданне прачынацца і баламуціць чорную тонь; то што? значыцца, калі ўжо супольнае няшчасце над намі пануе, – разважаў Міхал Лягчыла, – дык ужо ты і не варухніся пад венікам? ужо і слова не скажы? ужо і згінь? І ён стрымгалоў, без развагі і з асалодаю кідаўся ў гарадкоўскую гісторыю. Ён прымаў тады ў сваёй кватэры канапатыя шчырыя вясковыя твары, якія неслі яму задачкі ды кантрольныя работы; студэнты-недавукі-завочнікі вінавата пазіралі яму рот, лісліва і дурнавата ўсміхаліся і далдонілі пра бутэлечку з горкай вадзічкаю; і ён рашаў ім задачкі ды рысаваў на аркушах усялякія дэталі, брыдка лаючыся ў бязглуздае рабацінне недавукаў.

А было, ён гэтак запаляўся ўсялюдскім зварушэннем, што ішоў пад вокны да былой жонкі (Ларыска ў тым часе кінула свайго пажарніка, пашлюбілася з прапаршчыкам Боцькам і, знайшоўшы дзіця, развялася з ім і пайшла замуж за кіншчыка Ваню Валовіча); маўляў, сучка ж ты! сучка ж ты аблезлая! – крычаў у вокны Міхал Лягчыла. –– Абдурыла ты мяне! Я ж так і ведаў!

Яшчэ ён шукаў сустрэчы з сынам; Валерка падняўся ўжо дарослы і рабіў ці не конюхам у гаспадарчай групе пры раяне. Сустрэўшыся з бацькам, ён чамусь вярнуў носам і глядзеў не на Міхала Лягчылу, а ў бокі; “сыночак! – плакаў бацька. – Пагубляў я столькі жалудоў недаспелых! і так мне хочацца зара дабрыні і ўсцехі, што хоць ты скачы скачма!”

Аднойчы Валерка не вытрымаў і ўсадзіў бацьку вілы ў бок – ён на Міхалавы словы не толькі павярнуў носа, але і ўзяў носа ў кулак ды прамовіў:

– Фэ! Ванішча ж! Смярдзіш ты, тата, быццам той тхор ці як вядро сцулянае, гэтак у нос дае... Ты памыйся калі-небудзь хаця, бо я не ўстаю пры табе.

І бацька пачарнеў; ягонае дрэва расшчапілася, як быццам у яго перуном грымнула; у грудзях мала што засталося, бо ў грудзі залезла халоднае лысае дупло.

Як выйшаў у пяцьдзесят сем гадоў на пенсію праз інваліднасць (яму дало кроўю ў галаву), Міхал Лягчыла пачаў сватацца да свае стрыечнае сястры, маладухі яшчэ, Тонькі Бабкевіч; “трэба любіці адно аднаго... хрэн з ёю, з гісторыяю – няхай аплятае глупствам... пяшчоты трэба паболей, спагады, дабрыні...”; ён казаў Тоньцы: маўляў, сястрыца, трэба нам разам быці, то давай жаніціся – будзем яшчэ большымі сваякамі; “...не глядзі, Тоня, што ў мяне нага ня гнецца – я хоць і інвалід, а яшчэ спрытнейшы ад іншага танцоўшчыка...”; “...трэба нам адзін за аднаго брацца – сыночка твайго будзем гадаваці...” Тоньчын муж забіўся на матацыкле, пакінуўшы сына-сірату, і Міхал Лягчыла дужа шкадаваў хлопчыка і гатовы быў быць яму за бацьку. Але Тонька Бабкевіч нясмела, каб не пакрыўдзіць, адмаўлялася ад прапановаў; не, не цяперака – можа, трохі счакаўшы, пайду я за цябе, – казала яна, гледзячы на ягоны спухлы ад гарэлкі твар і стараючыся не дыхаць носам (“хоць ты ў кулака заціскай носа, каб не чуці... лезе, ля, пад самыя нюхі, нямыцька гэны... як жа мне ўцярпеці...”), – трэба мне часу, каб забыціся, што муж у мяне быў. І Тонька Бабкевіч не выходзіла за яго.

Ён зусім апусціўся; і ўсё болей аблятаў жалудамі, ператвараючыся ў мёртвую карчыстую дзеравіну. 3 маленькай дробнай мэтаю, зашчымленай дзесь у далёкай галаве, ён соўгаўся па гарадку і надакучаў людзям сваімі вачыма-папроськамі, якія некалі пазіралі яшчэ большым розумам, чымся яго было ва ўсёй гарадкоўскай гісторыі і ў кожным гарадкоўцу, і якія цяпер зглупелі яшчэ горш, як тая ж гісторыя. “Вось бы каб зноўку, яшчэ аднаго разу пражыць жытку, – думаў ён, – але іншымі жалудамі, не мёртвымі, а не – дык проста памерці небалюча...” І калі прыходзіла восень, Міхал Лягчыла яшчэ болей хваляваўся гэткай думкаю; ён ішоў у дубы і чорнымі парэпанымі, як кара на старым дрэве, рукамі браў у жмені горкія жоўтыя бабы, разглядаў іх; ён набіраў жалудоў поўныя кішэні, нёс іх дахаты, высыпаў іх на стол ці падлогу, і зноў вяртаўся ў дубы, і зноў набіраў у кішэні... Напэўна, ён хацеў праглынуць жалуды або хаця бы запомніць.

Смешна і сумна рабілася тады ў сэрцы гарадкоўскае восені: як быццам у гэтых наднёманскіх дубах можна сабраць тое, што высыпалася з цябе праз увесь твой век. Зрэшты, усяляк бывае...; “...алі набяру жалудоў – поўныя грудзі, на ўсю сваю спусцеласць... свет жа такі негаданы, усяго ён бачыў... то чаму ж не...”