Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Дні героя

Як лемяхом ралля, было ўскарпанае аскялёпкамі гітляроўскае гранаты цела Мікалая Ілліча Канецкага – гэтак ён браў Каралявец; да геройскіх дзён гэтага невялікага чалавека, памерамі не большага, як нейкая дробная, далёкая і невядомая планета, належалі і мухі ў вачах, калі на пачатку вайны гітляроўскі гарматнік лупсянуў па хлопцу снарадам, належалі і палон, уцёкі, партызанства, у часе якога шалёная гітляроўская куля, зноў жа, чыста лемяхом раллю, распарола Мікалая Ілліча Канецкага цераз усю сніну. Праўда, і Мікалай Ілліч Канецкі браў прыгаршчамі, а аддаваў мехам – пра тое сведчылі медалі, ордэн і пацёртая, закамечаная даведка, якую некалі яму выдалі нейкія ваяводы і якая паведамляла, што ў часе вайны ён застрэліў не менш як семдзесят шэсць гітляроўцаў, паланіў чатырох афіцэраў, пусціў пад адхон дванаццаць цягнікоў, падарваў тры моста і разабраў пяць кіламетраў “железнодорожного полотна”. Гэтая няпростая барацьба таксама належала да геройскіх дзён ваяра, як, зрэшты, і ўсё астатняе пасляваеннае жыццё – Мікалай Ілліч Канецкі бо заўжды заставаўся салдатам, партызанам; і жыццё ягонае было заўжды днямі героя гэтак жа несумнеўна, як несумнеўныя і праўдныя на гэтым свеце кожная праўднасць і кожная небываліца; (як няспрэчнае тое, што думкаю або раслінаю заўжды быў Нёман).

Вярнуўшыся з вайвы і шпіталя, Мікалай Ілліч Канецкі зрабіўся ў гарадку самым галоўным па тым часе начальнікам. Вайна рвалася ў ім успамінамі і начнымі відмамі, і ён жыў, як жывуць партызаны – слухаючы цішыню. Асабліва ўвечары, цямнотаю, ён маніўся на двор, выходзіў на свой падворак, стаяў там пасярод зямлі і слухаў чорнае неба; нават праз гады, калі ў гарадкоўскім наваколлі палавілі апошніх бандытаў, ён не згубіў у сабе гатую балючую лясную звычку – прыслухацца; “я ж не скончыўся, то і вайна не; то трэба ваяваці і перамагчы”.

Жыццё сталася для яго бясконцым боем, як у тыле ворага; “не засынаюць мае раны, буду я перамагаці, а не – дык няхай заб'юць”. Са свайго кабінета ён зрабіў штаб; на сценах былі партрэт правадыра, агітацыя супраць ворагаў, палітычная мапа свету і геафізічная разлегласць гарадкоўскага наваколля, на стале стаяў напагатове тэлефон. Сэрца білася ў мужчыне лясным рэхам, і гэты бой радзіў адвагу; думкі і ўчынкі Мікалая Ілліча Канецкага, чалавека з дабрынёю і шчырасцю ў позірку, былі смелыя і дзёрзкія, як начныя налёты на гітляроўскія гарнізоны. І самае дзёрзкае ва ўчынках і думках ваяра было тое, што ў штабе, на самым бачным месцы, пры вялізным кабінетным акне, Мікалай Ілліч Канецкі паставіў вушаты, буйнога калібру – на літраў мо якіх сорак – бляхан; у гэтым бляхане праз дбанне былых братоў па зброі не зводзілася партызанская крынічка. Мікалай Ілліч Канецкі з жалезным кубкам у руцэ часцяком заглядаў у яе і тады, калі трывожыла адзінота, і ў тыя часы, калі кабівет поўніўся баявымі атрадамі ветэранаў. “А чаго я буду баяцца або стыдацца, – думаў партызан, – на вайне – як на вайне...”

Адкрываў ён бляхан і тады, калі з нейкіх задужа разумных галоваў у сталіцы і вобласці падалі на гарадок праверкі або рэвізіі, і тады, калі прымаў ён у гарадку дарагіх гасцей. (Мала бывае больш гасцінных і шчырых людзей – а мо і зусім няма – як Мікалай Ілліч Канецкі; дый гэткіх, як ён, адчайнікаў зямля не дужа родзіць.) Наліваючы ў кубак пушчанскую самагонку, ён ніколі нікога і нічога не баяўся – смялюга быў камандзір; “брыдка мне, герою, кагось баяцца... тады лепш ужо смерць...”

Ён між сорамам і пагібеллю заўжды выбіраў смерць і ніколі не гінуў; героі жывуць вечна; і калі да яго ў кабінет прынесла залётным ветрам маладога сталічнага інструктара, з ЦК, Мікіту Яфрэмавіча Лапціка, Мікалай Ілліч Канецкі чарговага разу паміраў і жыў над сваім штабным бітонам; ён з самага ранку быў зірнуў у пушчанскую смугу, хлебтануў яе прама з жалезнага кубка – і галава ягоная марочылася баямі і перамогамі. Акурат між сполахаў гэтых баёў і паўстаў перад ягонымі вачыма худы, як пугаўё, выгоністы Мікіта Яфрэмавіч Лапцік, які выпаў з нейкае задужа віхрастае сталічнае галавы і прыехаў у гарадок, каб праверыць “учот”. “Не, не нюхаў ён яшчэ пораху, – зазначыў сам для сябе Мікалай Ілліч Канецкі, – малады яшчэ, не біты, каб надта... шчанюкоў цяпера ў начальнікі бяруць...”

– Паспееш яшчэ, Яфрэмавіч, – прамовіў да інструктара Мікалай Ілліч Канецкі,– і наш учот, і наш кантроль паглядзеці... Ты лепш сядай, пачастую я цябе пасля дарогі...

Мікалай Ілліч Канецкі падаўся да бляхана і зачэрпнуў жалезным кубкам баявыя сто грамаў для інструктара; але інструктар не сядаў, а стаяў, гледзячы на ўсё вачыма шпега.

– Ну, бяры, Яфрэмавіч... Пі – гарэлка лютая, партызанская. 3 нашага баявога Ліпічанскага краю – пушчанская, Яфрэмавіч, гарэлка.

Але Мікіта Яфрэмавіч Лапцік не браў; ягоныя вочы з віжастых зрабіліся па-сабачы вінаватыя, яны занервічалі нешта і заскакалі, што блохі па карэлай скуры; і ён не браў:

–...Ня буду, ня хочу, жывот у мяня коліт...

Але Мікалай Ілліч Канецкі наступаў кароткім перабегам:

– Ай, Яфрэмавіч ты... Давай пі, то жывот зажыве – яшчэ не было такога, каб хто не вылечыўся. Пі, кажу, – ліпячанка гэта.

Аднак Мікіта Яфрэмавіч Лапцік усё ніяк не мог утаймаваць свае вочы; блохі скакалі па кабінеце з кута ў кут і палахліва зіркалі на дзверы, неўтаймоўныя былі ў хлопца скачыхі; следам за вачыма зблышэў і ягоны голас:

– ...Няпраўда, мне ўжэ нічаво не паможыт, я жа знаю, как у мяня жывот коліт... спасіба, но нет... Дзелам нада занімацца..

Як ні прасіў, ні ўгаворваў Мікалай Ілліч Канецкі, якія прычыны ні называў – і за перамогу, і за таварышаў забітых, – Мікіта Яфрэмавіч Лапцік не здаваўся. “Во неўгавора, стаіць, як дзот... нічога – я вуня Кінізберг браў, дык няўжо гэтага шчапера змагчы не здолею...” Але Мікіта Яфрэмавіч Лапцік не хіліўся; не ўзяць яго аніяк; Мікалай Ілліч Канецкі гэтак засердаваў, што нават палез ва ўнутраную кішэню ў пінжаку, па сваю мужную даведку; ён яе выцягнуў, разгарнуў і затрос ёю перад спалоханым і вынюхлівым носам інструктара, прамовіўшы пры тым:

– Глядзі жа, Яфрэмавіч... птамаць... Гэта табе не шуткі... а ты ўжо, як гусак, пазіраеш, ля, на мяне з даўгой шыі... Аж злосна ў душы.

Справа пайшла на прынцып – хто каго. “От, задавіць бы цябе, – падумаў учырванелы Мікалай Ілліч Канецкі, угаворваючы, – каб адно кішка ззаду вылезла...” Урэшце перастрэлка скончылася тым, што знерваваны Мікіта Яфрэмавіч Лапцік закрычаў на камандзіра пакрыўджавым голасам:

– Прэкраціце ісцерыку, таварышч! Мы тут не на канцэрце, а дзяла рашаем! Шчас вот пасмотрым, какой у вас учот і што вы мне на эта атвеціце! А нашчот таво, как вы ваявалі, – то эта не мой вапрос! Мне эта дажа саўсім і няінцярэсна, патаму што мяне учот пярвей інцярасует!

Праз гэткія словы аж куляю працяла Мікалая Ілліча Канецкага; ягоныя вочы накрыла ноч, а прастрэленае сэрца затахкала захлёбіста, без паветра; але ён сабраў апошнія сілы на рукахватны бой і з патугаю таргануўся насустрач варожаму горлу.

– Ах ты, крэндзель! – закрычаў ён, трасучы схуднелага ад страху яшчэ болей, як быў, Мікіту Яфрэмавіча Лапціка. – Мяне ж усяго кулямі шыла, калі ты, юда, цыцку ссаў. А цяпера ён мне ў сэрца куляю б'е. Во, сволач!.. Ай!..

Ён ладна панавытрахаў з Мікіты Яфрэмавіча Лапціка напалоханыя вошы і тады пацягнуў яго да бляхана; там, узяўшы за карак, пачаў яго гнуць абаранкам.

– Зара, гніда, ты ў мяне ўсё да кроплі выхлябчаш! За хлопцаў нашых, што не прыйшлі, і за перамогу!

Мікалай Ілліч Канецкі зняў з бітона вечка і захацеў тыцнуць Мікіту Яфрэмавіча Лапціка лычам у самагонны рот; камандзір памалу, усё ніжай і ніжай, бліжэй да бляхана, загнятаў інструктараў запатылак і ўсё грамчэй і грамчэй лаяўся; “...зара во сагну яго кілбасінаю, усаджу ў бляхан храпаю аж на вушы, і хай п'е, пакуль не трэсне...” Але на ягоныя крыкі паназбягаліся сакратары ды розвыя падсакратары з падсакратаркамі; яны нарабілі ў кабінеце куралёту, і таму смяротна паранены камандзір адпусціў інструктара і не ўтапіў яго.

Праз тыдзень у гарадок з усіх канцоў панаехала начальства; яно ўссела на камандзіра, як чатырыста ўчастковых Байдаў на бандыцкі след, і гнала, і гнала. “Аблажылі, як ваўка, аж не дыхнуць, – думаў партызан, – нічога – праб'юся, ці ж першы раз...” На яго злавалі не гэтак за тое, што трымаў бляхан у кабінеце, а больш – што гнуў Мікіту Яфрэмавіча Лапціка. “I чаму ён не выпіў, – думаў партызан, – зараз бо абодва вінаватыя былі б...”, “а гэныя во, – думаў ветэран пра начальства, – самі ж праз вайну папраходзілі, а гэтую гніду бароняць... мне б цяпера “максіма”, як тады, у сорак першым, – пакасіў бы ўсіх чыста...” І не гэтак за бляхан білі Мікалая Ілліча Канецкага, як за дрэнны “ўчот”, які выкрыў у сваёй праверцы Мікіта Яфрэмавіч Лапцік; “...ну, хаця б рэўнаган у руку і пачак патронаў – аніводна падла адсюль не выйшла б...” І яшчэ лаялі за дрэнны кантроль, які зноў жа прыстараўся выкрыць пакрыўджавы інструктар; “...ды што рэўнаган, хай бы фінака выцягнуць дзе з якой халявы... і каб быў сорак першы...” Дый урэшце, калі ўжо не знайшлося за што лаяць, далі перцу і за бляхан. Вось тады Мікалай Ілліч Канецкі не ўрымсціў: ён палез на штыхі, пачаў мацюкацца, выцягнуў сваю закамечаную даведку і соўгаў ёю ў нос кожнаму начальніку; а потым ён ледзьве не са слязьмі прамовіў:

– Не думаў я, што вы гэтак... Ай, такіх хлопцаў пабіла, і такое дзярмо засталося!..

Ягоныя словы не патанулі ў Нёмне; яны гэтак устрэмілі вялікае начальства, што Мікалая Ілліча Канецкага знялі з самае галоўнае ў гарадку пасады і перакінулі яго на кіраўніцтва Саветамі. Але і ў Саветах ён нядоўга пратрымаўся – партызан аніяк не хацеў развітвацца з бляханом, які пасля недарэчнага выпадку з інструктарам усялякаму калоў вочы. І камандзіра пасунулі на месца парторга ў арганізацыі на мясцовым заводзе.

Але партызанскі ручаёк і праз гэтае не перасох; праўда, Мікалай Ілліч Канецкі пайшоў у падполле і не выстаўляў на вочы бляхана, а хаваў яго ў сваім аграмадным сейфе, аднак берагі ў бітоне не сталіся мёртвымі; у берагах рушыла шчодрае бязмежжа. Не зніцеў ручаёк і тады, калі Мікалай Ілліч Канецкі пайшоў на пенсію.

Мужчына да апошніх сваіх дзён заставаўся салдатам; у ягоным сэрцы ішлі крывавыя баі з ворагам, і ён ніколі і ні перад кім, нават і перад смерцю, не схіліў галавы. Стары, убялелы, як пазаўчорашняя кветка, чалавек жыў успамінамі пра свае перамогі і мужныя дні; ён часта ішоў да школы і апавядаў пра змагарныя дні дзецям; але ж ці можна распавесці напоўніцу, ці хаця бы на грам, усю тую праўду, якая з'яўляецца тваёю сутнасцю – сутнасцю салдата?

Аднойчы ён знік разам з той сутнасцю; гэтак знікае з гарадка ўсё няўлоўнае – задуменнасць твараў, усмешкі, позіркі... – пакідаючы па сабе мёртвыя, больш не свае, а ўжо агульныя і нічыйныя косці. І ён знік, забраўшы з гарадка свае, толькі ягоныя дні героя; адно, як магчымы намёк на колішняе існаванне яго і тых дзён, засталася ў адным са школьных музеяў гарадка, перададзеная сямейнікамі Мікалая Ілліча Канецкага закамечаная, амаль сцёртая ў старавечны пыл даведка пра мужнасць гэтага чалавека.