Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Скок звера

Ёсць людзі, якія аж млеюць ад чакання, калі ж ім на карак скочыць мяккі і ласкавы шашок. Гарадкоўскі суддзя Мікіта Сідаравіч Шык млеў па шашку больш чым хто; дзе ж ты, звярок? дзыгні, ля, на мяне, котка, узлезь ты мне на плечы, тхарушка мой, – думаў суддзя і стагнаў. Урэшце стогны скончыліся тым, што Мікіта Сідаравіч Шык уваглобліўся ў цяжкую неадчэпную наслань, і яму нясветла дыхнулася з таго, што нідзе і нічога светла не гарэлася: “...я ж так хачу шчасця і прыгажосці, а ўзяці іх сваёй ручкаю баюся, ля...”; усё наўкола гарэла тванню, і тванню згаралі зоркі, сонца, зямля.

Мабыць, гэта чорт блазіў Мікіту Сідаравіча Шыка, бо суддзя ўсё ж здабыў сабе шашка нейкім дзіўным, у тхарыны ж спосаб – затушыны напусціўшы, – чынам. Спрыгодзілася гэтак, што ў гарадку рукаты выпівака Вадзік Гінька збондзіў тхарыную шкурку ў Галавачовых – людзей працавітых і з рублём у панчошыне; участковы Байда правёў следства і затачыў Вадзіка Гіньку ў КПЗ, а адтуль пацягнуў мужыка ў суд. Гэтак і трапіла да Мікіты Сідаравіча Шыка шашковае футра, якое ўчастковы Байда перадаў суддзі, каб упраўдзіць праз гэты трант наяўнасць Гінькава злачыну. І Мікіта Сідаравіч Шык затурыў Вадзіка Гіньку ў Цюмень на тры гады. Футра ж Галавачовым ён не вярнуў, а паклаў у схову; насланнё не выпускала мужчыну з аглобляў і гнула плечы; ён прашаптаў у вечнасць: “...Хочацца мне шчасця і якоесь тхаранятка! Як жа ж мне ўзяці сваё сваёй жа ручкаю...”; Галавачовым ён прамовіў:

– Цяпер я не магу рашыць гэтак, што шашок будзе ў вас. Яшчэ не ўсе дакументы мы парабілі. Чакайце ж!

І Галавачовы пайшлі дахаты чакаць. А першым часе гаспадыня, таўстая праз роды і працу баба з імем Людка, прыходзіла да суддзі і штодня пыталася: “Калі ж ужо?..”; потым яна зрэдзіла наведванні і паказвалася штотыдзень, потым штодватыдні, а потым увогуле пачала завітваць без усялякага акурату; Мікіта Сідаравіч Шык супакойваў яе і казаў: маўляў, трэба пачакаці, дарагая вы мая жанчынка, бо рана яшчэ аддаваць шашка, а справа ж дужа сур'ёзная; а сабе падумаў раз і назаўсёды: “Не аддам я табе яго, кароста ты. Не палучыш ты шашка, нават і не вер у гэта!” І Людка Галавачова пакрысе і сапраўды заняверыла ды пачала пра штось здагадвацца.

Тады жанчына пайшла на Мікіту Сідаравіча Шыка бульдозерам; яна бязлітасна ўздымала буракаваты ад гневу твар і выскварывалася злосцю; яна ўзлезла на Мікіту Сідаравіча Шыка яшчэ большай гнятучкаю, як ягоныя аглоблі з насланнём, і секла яму градам па душы:

– Аддавайце мне майго шашка! Я, можа, сабе шапку хачу шыці...

Або:

– Покі не позна яшчэ, то аддайце мне, Сідаравіч, па-добраму. У мяне ж Гінька ўкраў, а не ў вас!.. І не бачу я свайго футра...

Або:

– Глядзіце жа, Сідаравіч, пасля я вам прашчаці не стану! Аддавайце чым скарэй, бо я без шашка не магу...

І яшчэ гэтак жа ды па сто разоў; Мікіта Сідаравіч Шык зусім зраніўся, яму занепакоілася грудам стрэмных іголкаў, але ён шкадаваў вяртаць шашка; ён думаў: “Пярвей ты падохнеш, хурманка ты задзястая, чым я табе аддам тхорыка. Быццам я які дурань, што табе яго буду вяртаці...”; у адказ на Людкавы напады ён плёў лапці пра складаны працэс і недаробленыя дакументы.

Хутка Людка Галавачова пэўна пераканалася, што Мікіта Сідаравіч Шык ставіць канцэрт. Некаторага дня, узімку, яна спатыкнулася з ім пры судзе; і ён выходзіў з дзвярэй у зімовым палітоне; і, жанчына змеціла, каўнер на тым палітоне быў з шашковай апушкаю. “Украў усё ж, зараза”, – падумала Людка Галавачова і з гвалтам наскочыла на суддзю; яна хапілася аддзіраць футра, ды Мікіта Сідаравіч Шык вырваўся з рук, адскочыў і, чыста кот на сабачыя іклы, запырсчэў са страхам, адчаем і злосцю.

– Я ж цябе, карова ты таўстарыла, у Цюмень следам за тым хапунком Гінькам адпраўлю!.. – пырсчэў ён, і ззлыдзелы, махляваты твар ягоны, як усё роўна што нахлёпаны аплявухамі, кіс мокрай ганучаю.

Мікіту Сідаравічу Шыку не было накававана ўрэчаісніць сваю пагрозу. Людка Галавачова напісала скаргу, дзе гаварылася, што “гэты Мікіта Сідаравіч Шык сам каго хочыце за рашотку ўсодзіць, а пярвей як ён вора на зямлі німа”. Жанчына парассылала сваю скаргу ва ўсе канцы, і Вераніка Аркадзеўна Базар зняла суддзю з пасады і перавяла яго на натарыуса.

Каўнер у палітоне давялося пароць і вызваляць ад футра; з гарачастага запатрабавання Людкі Галавачовай давялося вярнуць і паадразаныя паскі, лапкі, мордку, вушкі і кіпцікі.

Мікіта Сідаравіч Шык прарабіў натарыусам да старасці. Ён гэтак больш і не зажыўся на шашка; і ўспамін пра цёплага мяккага звера, змешваючыся з ганьбаю ды сорамам, усё ж не быў пакутлівы настолькі, каб глытаць яго да скону адно з горкай слінаю. Успамінаючы, Мікіта Сідаравіч Шык, захлябіста хіхікнуўшы, любіў глынуць і прысмакі маленькае тхарынае свабоды, калі ён, адужыўшы спрадвечную людскую сподумку пра дабрыню і грэх, абняўшыся з чортам, падставіў свой плячук пад пяшчотны скок чаканага звера. Аб гэтую згадкавую пару твар ягоны праясняўся тужлівым усмехам; твар ягоны над тым часам таўсцеў і сыта вітаў сваю бяздарнасць і нікчэмнасць; тады мужчына багавейліва хваляваўся, дзякуючы чорту за прыемную спакусу ды богу – за шчодры дазвол на грэх, – і нядужым старэчым смехам кпіў з абдуранае на імгненне гарадкоўскае гісторыі, творцам і ахвяраю якой зрабіўся і ён сам.

Гэтак, бывае, кпіць пустэча, якой зраклося раптам усё пустэчлівае жывароддзе, або кпіць гэтак закінутая ў забудкі і таму нікому не вядомая планета; і чым болей старэчы смех чапіўся за рэшткі свае памяці-тугі, тым далей – у смугавіцу-новапланецце – збягалі прэч ад старога і гарадкоўская гісторыя, і таемныя, невымоўныя сэнсы цёплых футраў вакол шыі, і дні з начамі, і ласкавыя здрадлівыя шашкі, і самое жыццё...