Калі ў Паўлюка ёсць грошы, дык няма іх у Хілімона, калі ў Баўтрука няма вошай, дык ёсць яны ў Лявона. “Алі! Гэтыя грошы і гэтыя вошы! Заўжды ж недзе поўзаюць! – падумаў стомлены, набаданы з цяжкой працаю ў рудні Пятрок Зуб. – Недзе заўжды яны скачуць у розны свет, і не злавіць... а дзесь яны і не вядуцца...”; пры гэтай сваёй думцы Пятрок Зуб меў спаленае аблічча: ён звугліўся і быў сабраны з праху ды захоплены агнём наноў і ўжо запаліўся тады разважліва, ачахлым пачуццём, пачуццём-думкаю, а не пачуццём-дзеяю, – гэтак гараць спагаслым папялішчам мудрыя думнікі; гэтак вяртаюцца з магілы недапамерлыя, заўчасна аплаканыя, жывыя наўцы; гэтак бог свае грахі прыпамінае-адпускае пасля таго, як святасцю аперыцца.
Некалі Пятрок Зуб з'ехаў з гарадка начным цягніком; спачатку хлопец пакіраваў у Цюмень, а адтуль цягнікамі, калёсамі па сушы ды паравіком з вятрыламі па тоні – за мора; тады во толькі падымалася новае, чарговае стагоддзе, і Петракова душа хвалявалася маладосцю. У гарадку ён пакінуў на чаканне жонку і дзвюх дачок ды яшчэ цешчу над імі, а сам падаўся ў заработак. Гэтак патрапіў на рудню.
Гады, вечнасці і хвіліны ён біўся вобземлю, трымаючы ў руцэ капагу і трызнячы зарабіць грошай на ўсё астатняе жыццё. Грошы – хітрыя жывушкі; яны ўсю кроў выпівалі з Петрака Зуба, а потым распаўзаліся па ўсіх сусветавых закутках, уцякалі. Штосьці ён паспяваў злавіць і загрэбці ў сваю скарбонку, але шмат – ажно некалькі багатых жыццяў – пралілося між пальцаў; дый ад злоўленай вашарні ў пастку-кулачок спакою не было – усё свярбела паабкусаная думка: маўляў, каб жа не павыпаўзала жамяра ды з-пад каўняра, каб жа не павыпрудзіў хто мае вошкі, каб жа не паразбягаліся па свеце мае кусючкі-заяданцы. І ён прычакаў таго, чаго баяўся: папрудзіліся вошы.
Нейкага дня ён, налавіўшы багацця, вярнуўся ў гарадок; на дварэ было лета, яно млела паедзеным камарамі небам, а гарадок і Петракова хата пахлі даўнім, басаногім жыццём – за часам мужыковае нябытнасці нічога над Нёмнам не загінула і не нарадзілася; усё было па-старому, як бы без часу – чулася Петраку Зубу; і мужык шчасліва адтапіўся пасля доўгіх вандраванняў і адліжна зарадаваўся ды пабег па жыцці натопам. Ён стомлена і шчасліва выцягнуў з-пад сябе ладны жмут папераў і паклаў перад жонкаю; “...цяпера не паразбягаюцца нікуды... куды ж ім бегчы – вакол мая хата”.
– Вось як набагаціўся, палянь жа, Волька, – радаваўся ён; і нават смяяўся, як гусак. – Дык краму вуня зладзім ці так што. І жыці будзем.
Волька тая за ўсе свае жыцці гэтулькі грошай не бачыла; яна хуткай вадзічкаю засмяялася разам з пачарнелым ад працы мужам; і цешча вясёла румянілася гарачай шкваркаю і шкварчэла, як на свята; а дзве дачкі, падгадаваныя без бацькі, не адразу прызнаўшы Петрака Зуба за свайго, аж ластаўкамі лёталі і шчасціліся вакол усіхнага шчасця.
– Схавай жа ты іх, Воля, кудысь, – прамовіў ён пра грошы. – Няхай чакаюць пары.
Дык Волька ўзяла ў рукі, а пакласці не ведае дзе; пайшла ў вялікую хату; “от, пакладу-тка ж у печку – ніводзін злодзей не адшукае”, – і тыц іх туды.
У печцы яны і пабеглі ўсімі вашынымі нагамі. Дарма што лета на дварэ, ды цешча вырашыла старызну спаліць; нейкі ёй даўні забабонны звычай прыдумаўся: няхай згарыць старое, калі павырастала навіна. Дык яна ў печку капялюш саламяны, мышамі драны, нагавіцы колішнія Петраковы, без ногавак ужо, панчошыну таптаную, таксама ўжо нежывую... ды чыркнула запалкаю. I вошы – з дымам у неба.
Волька адно іхняе дагаранне ўгледзела; яна зайшла нечага ў пакой, калі полымя прысела ўжо і зленавалася; жанчына астыла ўся, як зімовая ноч, яна памкнулася да печкі, каб выцалапаць грошы з агню, але было позна – агонь усё павыядаў, пакінуўшы чорнае невыпраўнае гора. Тады Волька павалілася прама пры печы; яна залямантавала, як усё роўна па бацьку, і пракляла сябе. На гвалт прыляцеў Пятрок Зуб; даведаўшыся, што адбылося, ён ураз згарэў і счарнеў у вугаль; сэрца ягонае спынілася, вочы змоўклі; ён сеў на падлогу побач з Волькаю і не жыў. Цешча вышкварылася ўся, выцекла і засталася ўсяго абгарэлым сухім і сыпкім жвіром; яна сядзела на ложку і таксама не жыла. Волька выстагнала:
– Чаму ж я вінаватая?.. Не магу я болей жыці тутака і зусім жыці не магу... Лепей тады ў Нёмне ўтапіцца, ля...
Яна падхапілася і пабегла ў дзверы: “...галавою ў каламуць... навошта мне і жыці, калі не ўмею...”; жанчына вымкнула на ганак і прама на ім спатыкнулася з двецьмі.
Дочкі сядзелі на прыступках, раскладаючы паўсюдна здымленыя грошы; дзяўчаткі гулялі ў краму. “А мае ж вы... – задыхнулася Волька ды яшчэ горш заплакала, – ...усё паўберагалі – і мамку сваю... і дым... і радасць...”
Вось акурат пасля гэтага здарэння, як дзеці, бавячыся, няўважна ад усіх дасталі грошы з печы, Пятрок Зуб, згарэўшы, асвятлеў новым мудрым агнём – агнём попелу; непаслухмяныя жывушкі-грошы здаліся яму тады самай балючай дробяззю ў свеце; яны сышлі ў неба і вярнуліся адтуль, каб зноўку шчодра зветрыцца. “Неба сее, неба і жне”, – думаў Пятрок Зуб.
І праўда, па часе вошы ўсё роўна паразбягаліся; мужык усё ж зладзіў сваю краму, але не дужа з таго збагацеў – справы пайшлі нейкім крывым скокам, і грошы не прыліпалі да Петрака Зуба, а беглі між пальцаў. А тады прыспеў гэткі парадак, калі краму ягоную ўвогуле забаранілі, і ўчастковы Байда час ад часу, у хвіліны нянавісці, пачаў страшыць мужыка халоднымі краямі.
Пятрок Зуб больш не чарнеў чорна з таго, што вошкі ягоныя паразбягаліся, і не распадаўся прахам; ён пагадзіўся з доляю і часта смяяўся ціхмянай мудрасцю; аж да самае старасці і аж да апошняга дамавіннага дня не забываўся ён на сваю шчырую і думную ўсмешку. Зрэдку на яго адкульсьці зверху, заместа незлічоных грошай, падалі простыя хвіліны асалоды і ўтулку ад небагатага, звычайнага наднёманскага жыцця, і ён ціха, сабе пад нос, спяваў мудрымі губамі:
– Калі ў Сцяпана ёсць грошы, дык няма іх у Петрака, калі ў Івана няма вошай, дык ёсць яны ў Змітрака...