Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Неба-ніколі

3 зернейка нявер'я, з тонкае жыцінкі злосці, з кропляў самасейнае справядлівасці паднялася ў сэрцы Стася Сака большая, як свет, ніва пакуты і нядолі; адзінокае сантэхнікава сэрца загрукала патрушчаным на крупу ўсянебным зладам, і мужык не змог спыніць у сабе ні слёзаў, ні адчаю, ні прагі быць няшчасным; а таго дня, як ніва закрасавала, дык усё цярпенне змылілася ўвогуле, і Стась Сак пасярод дня, пакінуўшы працу і недаробленыя краны ў гарадкоўскай кацельні, выбег на вуліцу і задыхнуўся ёю гэтак жа немачна і натхнёна, як жыццём задыхаецца смерць.

Ён пабег дахаты; у галаве сантэхніка тумкалі страх з пагібелі і захапленне тым страхам; хацелася вечнасці і маленькага следу ў ёй; жадалася напісаць куды-небудзь велічны спеў душы, каб застаўся ён назаўжды ў гэтым навакольным парахненні.

І ён, уляцеўшы ў сваю кватэру, выдраў з матэматычнага сшытка малодшае дачкі старонку, узяў самапіску, пайшоў на кухню і тады, упаўшы ўзрушаным і гарачым тварам на стол, пачаў кручкаватымі дробнымі літарамі спяваць гімн; ён пісаў у Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў.

«Здрасці дарагая арганізацыя і гаспада каторыі тамака трудяцца! Спасі вас Бог!

Ніплоха саўсім што вы е. Хужэй бы была бы каб жа вас нібылаба. Спасібка за гэтые прыкрасныи мінуты каторыі вы нам падарылі.

Ціпер хайчу пагаварыти аб дялох. Яны идуць плоха и вжо хутка можа быті так што прыйдзе нам капец. Гэтая Базар Вераніка Аркадзейна ніхоча нічога памагаці людям и тольки пильнуя каб падманути и пакрасци усё гайсударсьцьвенна. І яна напару з Іёсіфавічам крадуть і не стыдаюцца. Нідаўны гэты Ёсьфавіч украв у калхози бычка чка чка и накушаўси чка израдна чка чка. Ён з'еў і капыто і косьть чка і ўсё што было другое но ні паспеў дрань скушаті чка галаву. Тіперка ён дайжа не извинівсі і ходзі и палохае всіх сваим бірэмінным жывоцікам. Ниц ні будзі прыкраснага шчасця еслі начальнікі пакушают гасударсцтвінныйі мясо і зьвера і зьядуць пшаницу и з жытам или усёе проса а прасты шчыкатур типерка: німае чым пасрати. Зачэм гэта.

Уйжо каторы год німа чка чка, тераз лес гладкай дарогі і афтобус ня ходзі. Или йдзёць толькі кагда пятніца без тучы і гразі. А Базарыха з цыцкамі егздяе волгаю чысто царыха в карэти и ойчань сільна сміеццо з нас. Нідаўні Базар тая Вираника Аркадійна егзділа самалётам у Швэцыю і вучыласі тамко капціці сісіське і хочэ бізьніс и бізьніс ёй памагае ніплоха. Тыйі сісіське яна есть аж тераз край а просты шчыкатур зра пнеццо на вугнітазі. То лепі зрабилибы дарогу бо калі егздім ахтабусам па леси то кішка выляжае ротам і нету чэм памагчы штобы ні трасло і ні тавхало. Люди нашыя кажуть што хайбы тэй Аркадейні зубы гэток ляпалі як нас трасець у айтобусі и каб дети ейны ляпалі зубамі і унуке.

Нету совісці і ува усіх астальных хто гаварыть што нас любить. Пайтамушта любіці нас нима каму і надто трудно и мы зджэм дарагая арганизацыя з гаспадамі што вы разбярэцісё. Усе якійто іздявацельныя і хочуть пагубіті нас і абмануті і нікаму не пажаліссі. Как гэто усё странна і ачавідна.

Спасібка ад усяго серца за вашую барбу у дели мира. Мир очань нужан усім нашым мацярам и жонам атакжа вайбшчэ каждай жэншчыні. Мы дайжа не хацім сісіське и дароги тераз лес і то што в нас курвы е и зладюжки но штобы быв мір. И ваявати нам саўсем ня хочыцца бо мы мірныі люди и мір на планети пярвей нужны. Но и абманывать зачэмжа какбудты праўды німа и нибудё и зачэмжа красци гасударсьцвенна. Пачаму-жа так.

А гэты наш участковы Байда хоць и навуцюжаны ягоныя штанэ стрэлкаю и ён ходить з погонам и мае грошы з таго што запраўду служыць и пісталет у яго е на сраццы а ішчэ большы зладюган чэм каторы и я тожа и вы і усе люди если сабрати нас у аднэй хати. Не глядить ён каб за праўду а Базар Віраника Аркадзейна и Ёсіпавіч курва з курвялём и любяцца і прама у іхнім кабинети зрабили тэй гадючник. А сами гаварать па телівізіру што бывайть усяка зараза і патом не выздаравиці і канец бо нада жыти, з жаною. То як тады нам верыти и жыти если яны вучать усіляко а самі не стараюццо каб цірпети. Зачэм жо гаварыть па радиве и тиливизиры и зачэмжо тагды Бабаян Раксана пела па радиве што нинадо любити чужога мужа. Какаяж гэто беспашчадная лож как еслиб плот паваливси на сабаку и сабачка тэй став кульгати.

Дарагіё гаспада будим бароццо уместё грамадою. Пишыте мне падказ як трэбо рабіці і нашто надеиццы. Плоха што ў нас нима сильнай апазицыі. Па гэтаму в нас вельки пазор и стыдна, дайжа пасматрэці. Но мы пабядим и вазмездия прыйдеть незамядлитильна. Яшчо надо штобы вы расказали пра вашую изумительную работу для усіхняга благасастаяння патамушта вы у міня стаитя в глазах магучым сталбом. Прыягжайті у гості и на разбор маёга данясення. Уместі мы зможым усех хто нас разлучыв.

На гэтым канец пісанню. Бывайти здаровыі. Гасподь з вами! Жывите дружно и багато. Пишыти мне савет и прыягзжайтё міне праведати штоб умесці пачуйствавати пазор. 3 слизой и прыветам Стась Сак ад имени обшчаства.

Вот таки в нас ниспадеў. Наш Ёсікавіч бычка зьев. А Базарыха гайсударсьтьвенна любить красти. А намжа і німа чым пасраці».

Перачытаўшы напісаны ліст, Стась Сак задумаўся; яму здалося, ён выказаў не ўсё, што хацеў; манілася нечага дадаць. Тады ён узяў доччын сіні аловак і намаляваў унізе пад допісам буйную дзіва-кветку і дапісаў побач самапіскаю: «Гэттыт чуда-цвітточык я дару вам для повнага шчастя каторага нігды німа штобы вы крыпіліся і мужалі і выстаялі пройці торбахватаў. І ішчо жа гэтты чуда-цвиточэк е симвал міру на всёй планеці зимля и сімвал прызрачнай любви. Пусть пачайшча сницца цвиточак вам і как пее Вуячыч Віктар у радиве никагда нинада штобы была так што зачэмжа браці рабую нівесту если в тибя німа ані таты і мамы».

Ён яшчэ раз прачытаў свой допіс і, уздыхнуўшы, шкадуючы аб расстанні, заслімачыў яго ў канверт; потым напісаў на канверце адрас: «Сайдинёные штатэ, Ніёрк, ООН»; потым узяў канверт, пайшоў на двор і кінуў ліст у паштовую скрыню.

Некалькі месяцаў ён прачакаў адказу, але водпісу не было, і чаканне памалу ператварылася ў філасофію і ў стан жыцця; Стась Сак ужо не чакаў почакам, а блукаў па гарадку ўсхваляванымі вачыма-спадзевамі: яму марыліся дні людскога адраджэння, якія прыйдуць заместа аанаўскага досылу як бы адказам на ягоныя шчырыя пачуцці-гуканні, праспяваныя ў лісце. Ён часта, наблукаўшыся вачыма, пазіраў уверх, бо, думаў, акурат адтуль мусіць сысці адказ, і гэты ўсёдайны верх стаўся мужыку таямнічым азёркам нязбыўных жаданняў. 3 цягам часу ён толькі ўпэўніўся, што тая няблізкая вышыня, жаданая і нязбыўная, з якой да яго мусіла б завітаць сэрцашчырае адкрыццё, завецца Ніколі. Гэтае адно ўзбадзёрыла Стася Сака; урэшце ўся прыемнасць ад ягонага жыцця-назірання была ў гэтым прадчуванні пустоты; прыемнасць тая была і ў раскіданых па небе, следма за вачыма, здагадках: не бывае нічога больш шчаснага, больш богадарнага, як падарунак, кінуты з чаканае казачнае нязбыўнасці, падарунак, які анёлам-запавеснікам сышоў да цябе з неба-ніколі.