Паэты-цары: Трыццаць пяць беларускіх малюнкаў

Апавяданні

Вашко Лявон


Ліст у будучыню

І начальніку з сельгасхіміі Ігару Аляксеевічу Лабяку заманулася падарыць вечнасці якія-небудзь шчырыя, злоўлевыя з крыві пісанні; яму замаркоцілася і закрыўдавалася, бо мроіва ўсялякае штоценнае гарадкоўскае з'явы, а таксама ўсяго таго, чаго нават ніколі не было ні ў гарадку, ні ў свеце, пакляйніў нехта адбіткам адзіноты. Час быў такі, што, ой, бярозы ды сосны; час адзінокі хадзіў, як партызан у аблозе; час быў адзінокі, знікомы і непаўторны, з адмысловым смакам кожнае хвіліны, і ўсё было гэткае. Вось Ігар Аляксеевіч Лабяк і страшыўся з таго і мусіў маркочыць самотнымі думкамі; яго дужа палохалі незразумелыя ім, неасмававаныя прыгажосць ды веліч сусветнае смерці, якая няўпыннай восенню раздзявала спакойнае і сытае гарадкоўскае сэрца. “Усё ідзе вуня некуды, чыста жыццё пад лёд. – думаў ён. – Знаёмыя вочы вуня знікаюць... І свет нейкі халерны, без ладу і бачнасці... безуважыцельно мы жывем, ліхо на яго... непачціво неяк... Дык без сэнсу тады і нараджэнне”.

Яму закарцела ўсё перагучыць на лепшае. Дык вырашыў пісаць ліста да нашчадкаў. Гэтая зачанка запаланіла ягоную кроў высознымі гацямі; у загачанай глыбіні марылася глыбока і мудра; гарадкоўскае жа штоценне зрабілася яшчэ больш цяжкае ды адзінокае – аж да немачы ў нагах; аднак Ігар Аляксеевіч Лабяк не падаў з ног, а яшчэ горш зацяўся, каб павярнуць штоценне на іншы, абвечнены цям.

Сваім лістом у будучыню Ігар Аляксеевіч Лабяк спадзяваўся зламаць завядзёнку пагубы ўсяго смяртлівага, злучыўшы дзве розныя час-самоты ў адную бясчасную, як вечны пясок, песню; Ігар Аляксеевіч Лабяк думаў: “Трэба напісаці, як усе мы любім нашых патомнікаў і як мы жывем з немалым намерам пакінуці па сабе найвялікшую памяць”. Мужчына разважаў пра тое, што да вялікіх вынікаў і подзвігаў сучаснае пакаленне прыйшло толькі дзеля іх, далёкіх нашчаднічкаў; ён разважаў: маўляў, а вы ж, нашчаднічкі, прайдзіцё далей ад нас – да яшчэ больш вялікіх геройстваў дзеля паслейшае нашчадзі, а тыя – яшчэ далей, а тыя – яшчэ і яшчэ...; “...аж канцоў, напэўна, не будзе ў подзвігу і ў славы...”; вера ў заўсёдную пярэвязь эпохаў і людзей зрабіла Ігару Аляксеевічу Лабяку радасць і неспакой: ён пачаў сноўдаць па гарадку з паснулым у будучыні тварам.

Ён сабраў на працы актыў і загадаў складаць ліста; токару Жэніку Балтушку была задача тачыць гільзу для досылу, і хлопец стакарыў; а ў непрыкметнай цемры гільзавага дна, каб не пагубляцца ў гісторыі, ён спатайка вытачыў нейкім жалезным зубам небарачлівы надпіс: “Ивгени Болтушко”. “Увапхнем у трубку пісанне, – думаў начальнік, – закубруем, у смале пакачаем, а тады ўжо – у зямлю”. Ігар Аляксеевіч Лабяк вырашыў прынагодзіць закоп ліста да здачы новага сховішча для калійных угнаенняў; “... прама во тут, пры ўваходзе ў склад з салетраю, і закідаем нашае пісьмо...”

Хутка пра Лабякова гарэнне даведалася Вераніка Аркадзеўна Базар; яна ўхваліла зачынанне дый самая прылучылася да ўсіхнага агню. Складаць ліста цяпер было даручана ўмейку ў пісьменскай справе – рэдактару тутэйшае газеты Віктару Ігнатавічу Шэўку. Вераніка Аркадзеўна Базар і Ігар Аляксеевіч Лабяк растлумачылі, што трэ пісаць, і Віктар Ігнатавіч Шэўка хутка, за паўвечара, нашрайбаваў пісьмо да нашчадкаў. Ліст быў зачытаны і ўхвалёны на агульным сходзе працаўнікоў сельгасхіміі; у ім апавядалася пра шчаслівае жыццё гарадкоўцаў, якое прыйшло не самое па сабе, а з потам і кроўю, аб поспехах у працы; былі і філасофія наконт памяці ды забыцця, і пажаданні, “каб чорнае крыло вайны не закрыла мірнае неба” і “каб заўсёды жыла ў сэрцах нашчадкаў любоў і прызнацельнасць да сваіх вялікіх прэдкаў”. У Ігара Аляксеевіча Лабяка шчасліва, як на сонцы бляха, гарэлі вочы; ад шчасця яны зрабіліся шчырыя і глупастыя; мужчына натхнёна думаў: “Выдатна! Будучыня цяперака з намі, а мы цяперака з ёю!”

Урэшце прыйшоў час пакласці ў зямлю досыл; сабраўся мітынг, за грошы сельгасхіміі прывялі аркестр з завода; раўлі трубы, бомаў бубен.

– Сяйчас са словам выступіць Вераніка Аркадзеўна Базар! – абвясціў ва ўрачысты сход Ігар Аляксеевіч Лабяк; твар ягоны ўзбуджана закіпаў чырвоным марозам.

Вераніка Аркадзеўна Базар выступіла са словам пра тое, што “ў этат чудзесны вясенні і солнечны дзень, кагда відны ўлыбкі на ліцах людзей, мы радыя прывецтваваць будушчыя пакаленні нашых саацечаственнікаў, каторым выпадзет шчасце жыць дальша!”. Жанчына гаварыла доўга і часапранікнёна; яна аблытвала будучыню сваім мудрым гаворам, палоніла яе, як птаха, ручыла яе, нібы палахлівага звера, і Ігар Аляксеевіч Лабяк праз тое аж слязіўся сваёй расхваляванай, разклыгчэлай, звыбярэжыста паразліванай кроўю-паводкаю. Калі яму выпаў чарод сказаць, ён затапіў ужо ўсе свае крывяныя гаці і пялёхнуў цераз іх; ён горача пабег чырвонай прамоваю:

– Я сагласны з Веранікаю Аркадзеўнаю, што гэта дзяйствіцельно чудзесны дзень сягоннё – і сонцо, паляньце, свеціць, а мы ўлыбаемсё друг другу і смяёмсё! І мы апускаем нашае пісьмо ў зямлю – пусць жа знаюць людзі, как мы страдалі і зачэм! Пусць жа нікагда чорнае крыло вайны не закрое мірнае небо па-над галовамі нашых праўнукаў! І пускай жа не знаюць слязы нашыя дочары і мацяры! І штоб усягда былі, я не пабаюся гэтага слова, ізяшчныя нашыя мілыя і дарагія жэншчыны, патаму што ані дораць жызнь!

Далей ліліся кроўю ў будучыню перадавікі, Віктар Ігнатавіч Шэўка і яшчэ нехта. А потым прыспеў час класці ў зямлю ліста; зайграў аркестр, усе заціхлі і заглухлі, а ўчастковы Байда выструніўся і ўзняў руку да галавы. Ігар Аляксеевіч Лабяк багрыўся ўсей ад радаснае пакуты; імгненні ягонага жыцця зрабіліся раптам не адзінокія, а споўненыя найвялікшым сэнсам знітаванага часу. Ліста закапалі. Яго прывалілі вялізным глыжаком, на якім была прымацаваная мармуровая шыльда, дзе пазначалася наконт пісьма і гаварылася, што ліста трэба дастаць праз сто гадоў.

Але не бывае гэткіх спадзяванняў, якія б па часе не зрабіліся непатрэбным цяжарам. Гэтак адбылося і са спадзяваннямі на знітаваную вечнасць. Усё пабурылася неяк самачынна, неўпрыкмет, з забыццём пра натхненне і святасць. Сэрца Ігара Аляксеевіча Лабяка раптам прысыцела ад доўгага неспакою і мараў; знянацку гарадок наведала іншая пара – пара недапамёрлае пражытасці. і Ігар Аляксеевіч Лабяк кінуўся нарынаць на сябе нязжытыя калісьці прамінулыя хвіліны-дажыткі. Ён забыўся пра свае ранейшыя спадзевы і мары, звольніўся з працы і пакінуў гарадок; паехаў вачным цягніком кудысьці ў Цюмень. Вераніцы Аркадзеўне Базар таксама было не ў галаве тое пісьмо, а Віктару Ігнатавічу Шэўку пагатоў.

У хуткім часе інжынер з сельгасхіміі Ясік Бацяновіч цёмна ўвечары адбіў мармуровую шыльду ад камня і перакінуў яе цераз плот; разам з іншымі, крадзенымі на гарадкоўскім могільніку, ён уладзіў тую шыльду ў ганак на сваім летніку.

А тады нехта, разварочваючыся, даўся трактарам аб камень, а потым яшчэ нехта; і глыжака, каб не замінаў, адцягнулі прэч, за плот сельгасхіміі.

Памяць пра сваю ж памяць неяк без дай прычыны зняпомнілася. Урэшце, тое занядбанне памяці здзеілася, мабыць, у сама раз. Хтось невядомы і невідочны, блукаючы па гарадку, падумаў раптам, што нашчадкам лепш палюбіцца не тая мудрасць, якую ім ахвярна і з любоўю выпакутавалі іхнія прашчуры, а тая, якую яны, нашчадкі гэныя, загрыбіўшы губы, самі выдлубаюць крывымі пальцамі-ківукамі са сваіх разумных насоў; “...тая ім, падлам, мудрасць патрэбная, якая, можа, сама што дурота... алі ж і гады!.. а яшчэ нашчадкі!..”; тая мудрасць ім патрэбная, якая неспадзеўна выплыве з-пад руінаў чалавечага часу і безназоўна, безнайменна дасць ляшча па макаўцы прымхлаватым здагаданкам. Аднак ніхто ў гарадку не звярнуў увагу на невядомца і ніхто не пачуў ягоныя думкі; і невідочны думнік, апалаўшы сваім думствам, знік з гарадкоўскае гісторыі гэтак жа лёгка, як сплывае ў забудзь самая ж гісторыя. Магчыма, дзякуючы гэтаму апошняму знікненню памяці, досыл гарадкоўцаў у цёмнае зачассе ёсць найвялікшая сіла людскага духу, якая ў наканававую пару асвеціць шчаслівыя таемнай жудасцю душы далёкіх і прагных капачоў-археолагаў; веліч і хараство занядбання ў гэтым знікненні!; хіба ж не ўчорашняя знікласць нараджае заўтрашнія прароцтвы? Акурат гэтак, учорашняй згубаю, у адным з наднёманскіх сноў прамільгнула вяшчунскім відмам празрыста-асляпляльнае імгненне: праз тысячу ці чатыры тысячы гадоў канапаты твар нейкага неспатольнага чытца пакутліва скрывіўся ўсімі хмурынамі розуму, каб разблытаць таямнічае вязьмо друкаваных літараў гарадкоўскага пісьма, знанага ў сусвеце як “Апакаліпсіс Ивгени Болтушко”; ён, чыцец шчаслівы і неўгамонны, выштукоўвае з вязьма словы, сэнсы і прароцтвы, якія раптоўна і незваротна, як нараджэнне сонца, запавядаюць новы зямны дзеячас чалавецтва; ...а ў вечных наднёманскіх снах, учорашніх і сённяшніх, неваўважна ад гарадкоўскіх вачэй канае мінуўшчына і выясняецца заўтрашняя навіна...