У Залыччы кіпіць жыццё. Старыя і малыя шляхцянкі нешта рупліва бегаюць, круцяцца, клапоцяцца, некуды збіраюцца.
Куды ж гэта? А ў госці да Чуб-Цяпілаў. Тыдзень таму назад тыя прыслалі парабкам паперу, у якой пісалася:
«Вельце паважаныя і чцігоднэ паньство Лычкоўскія! Просімы абавязкова быць у нас, значыцца, у Чуб-Цяпілаў, на Усіх Святых першым днём у гасцях. Шмат хто бэндзе сабраўшысень. Бэндзе выпіўка і квашаніна, а і кілбасы, а і капуста са смятанай, а і парасёнак у масле, а і сырнікі у тлустасці... На астатак падамы або бліны аўсяныя з гусіным шмальцам, або кісель аўсяны з маслам, або яблыкі з... млекам.
Спадзяёмся, же бэндзеце напоўненыя усім усякім, а і здаволеныя бардзо вшысткім ад'едзеце ад нас, паноў Чуб-Цяпілаў, да свайго Залычча.
З вялікім паважаннем чакаць будзем Паноў ,
Чуб-Цяпілы».
Гэткае пасланне атрымалі ад «старога шляхецкага роду», дык і не дзіва, што ў паноў Лычкоўскіх кіпела ў будынку,як у катле.
Сама пані Лычкоўская, высокая, прыгожая, поўная жанчына падганяла нізкага кульгавага пана.
Сын іхні Мамерт, гадоў 24-ох, падганяў сястру Уршулю, прыземістую, круглую маладзіцу, гадоў 25, крычучы штомінута:
— Уршуля, дзе штаны? Уршуля, падай шлейкі! Уршуля, дзе падзела панчохі ды калёшы?
Стаська, яе муж, худы, спрытны гарадскі чалавек (на чыгунцы нейкую службу меў), той таксама спрыкрыўся Уршульцы сваімі енкамі.
Але пад вечар-ткі ўсё сціхла. Пані сама з Мамертам села на калёсы, у якіх буднімі днямі гной у поле вазілі, Уршуля са сваім Стаськам — на каламажцы, што ў касцёл кожнае свята ездзяць — і паехалі.
Сціхла ў Залыччы. Дзе-нідзе толькі курыца засакоча, знёсшы яйка, або пятух запяе. А сам пан Лычкоўскі сеў ля акна ў «салёне», узлажыў на нос акуляры, узяў кніжку і ўзносіў малітвы Богу за сябе і за паехаўшых у госці.
Туп... туп... тупа-туп... — бяжыць конік з калёсамі.
Туп-туп... — за ім другі з каламажкаю.
Паволі то збліжаюцца, то ўцякаюць ад іх прыдарожныя бярозы, мінаюць яны поле за полем, лужыну за лужынай, мост за мастом.
Качаюцца і ўздрыгваюць на калдобіністай дарозе павозкі, качаюцца, уздыгваюць, хістаюцца ў бакі дрэмлючыя смачна седакі.
Туп-туп... тупа-туп... — без канца адбіваецца з гасцінца.
Раптам чуюць — «гаў! гаў!». Забрахалі недзе блізка сабакі. Прачнуліся седакі. Мамерт знянацку затрымаў каня, здрыгануўся, саскочыў з калёс і стаў нешта шукаць на дарозе — пугу згубіў, едучы. Гэта здаралася з ім кожны раз, як толькі выпраўляўся ў госці, ці ў Дзісну.
Пані-матка была разумнай жанчынай. Яна з усмешкай зірнула на сына і сказала:
— Можа вёрст пяць назад згубіў... не варта шукаць, даедзем як-небудзь!
Мамерт адламаў алешыну і, не абламаўшы галля, узмахнуў ёю над канём.
Праз хвіліну яны павярнулі на панадворак паноў Чуб-Цяпілаў.
Сустракаць вышаў сам гаспадар, малады і смешны дзяцюк гадоў трыццаці, з вялікім падбародкам і скрыўленаю губой. Коней з павозкамі ўпарадкавалі, рэчы якія, перакуску, сеннікі і сядзенне, а і клункі паны Лычкоўскія пазабіралі з сабой у хату. Алешніну-паганялку Мамерт старанна схаваў ля плота.
У хаце было поўна паняў, паноў, дзяўчат і дзецюкоў. Размясціліся ўсе гурткамі па кутках — старыкі сабе, старухі сабе, дзецюкі і дзяўчаты асобна. Ціха было. Толькі шэпт і шорхат данёсся да вушэй Лычкоўскіх, калі тыя ўвайшлі з усімі вандзэлкамі ў хату.
— Пахвалёны Езус Хрыстус! — загаманілі прыбыўшыя. Ім адказалі зараз жа з усіх куткоў:
— На векі векуў!
Гаспадар і гаспадыня кінуліся памагаць разбірацца. З вялікім трудом адвярцелі паню-матку з коўдраў, хустак і шнуровак. Знялі пальто ватовае і «на мяху», валёнкі, а тады ўжо яе ўвялі і знаёмілі з сядзеўшымі. Пасадзілі нарэшце на пачэсным месцы. Мамерт, Уршуля і Стаська ўслед перазнаёміліся з усімі і сталі ці селі, дзе каму спадабалася.
Гаспадар стаў пасярод хаты і голасна прагаварыў:
— Вельцэ і дроге госцікі! Болей ніхто не прыедзе да нас, будзем брацца за дзела! Сталы паставімы на сярэдзіне хаты. Пад'емы спочонтку, а потэм бэндзем забаўляцца!
Падняліся ўсе хлопцы, зашумелі, зарагаталі, загручэлі табурэтамі, зэдлікамі і сталамі. З кухні, з шафаў і скрынак гаспадыні (тры сястры Чуб-Цяпілішкі) насілі і насілі на сталы, накрытыя белымі абрусамі, усялякія прысмакі. Урэшце, усе госці прошаны былі садзіцца — пачалося частаванне.
Пілі гарэлку ды закусвалі, чым хто хацеў. А ўсяго было на стале: была тут вандліна ад колькіх гадоў вяндзоная, а такая цвёрдая, што трудна было адкроіць кавалак: не браў нож, не бралі і зубы, бо была, як падмётка... Яно і паказна і эканомна. Была і квашаніна дужа смачная, капуста тушоная і ў смятане, а і агуркі кісла-салёныя, а і кілбасы беларуска-шляхецкія, таксама шынкі, парасяты, куры і пара зайцаў, штукаваных салам.
Пасля падалі некалькі вялікіх місаў крупені варанай са свінінай, бліны, і бог ведае, якія яшчэ прысмакі.
Пілі ды елі шляхцічы і шляхцянкі, елі ды пілі, тыркаючы патаемна пальцамі у бруха: «Ці не досыць ужо»?
У хаце зрабілася душна. Вокны былі і ўзімку і ўлетку наглуха забітыя з прычыны вялікіх маразоў узімку і плягі мух улетку. Гасцей ахапіла парнасць ад добрага і шматлікага пачастунку.
Гаспадар чакаў гэтага моманту. Устаў першым з-за стала і агаласіў:
— Пшэпрашам, панове! Чым былі багаты, тым і дзяліліся, выбачайце!
Госці загручэлі табурэтамі, засоўгалі зэдлікамі і пачалі падыходзіць да пана і паненак Чуб-Цяпілаў дзякаваць, цалуючыся.
Чуб-Цяпілы толькі і сыпалі ў адказ: «Няма за што».
Але скончылася гэта. Сталы і зэдлікі рассунулі па кутках, хата зрабілася вольнай. Завялі грамафон, (які даўно чакаў гэтага на камодзе) і пайшлі ў танец. Адчынілі хату і сенцы. Знадворку пацягнула халодным паветрам і асвяжыла ўсіх. Усе пачулі сябе ажыўлена-рэзвымі, вясёлымі...
Міш іншымі, скакаў старанна з Няміранкай Мамерт, хоць мешкавата выглядаў у танцы; Уршуля паміж маладух хлопцаў была ў модзе, — сам Чуб-Цяпіла крывароты з ёю скакаў Лявоніху, адкінуўшыся неяк нагамі і галавой ад яе, а таліяй прыгарнуўшыся надта блізка, твар на бок скрывіўшы, прыпяваў нешта вясёлае і моцна тупаў у такт нагамі. У той час муж Уршулькі, Стаська, ціха гутарыў аб палітыцы са старым Падлубінскім. Пані Лычкоўская раду нейкую давала пані Жарабчысе, як лячыць уздутую жывёлу.
Гаворка, шум, гвалт, грукатанне, скокі, спевы, грамафоннае хрыпенне, гопканне — цягнуліся далёка за поўнач. Весела было ўсім...
Пасля ізноў паставілі сталы пасярод хаты ды паселі, а гаспадыні прынеслі, як было дакляравана ў запрашэнні, бліны аўсяныя з гусіным шмальцам, кісель з маслам, яблыкі пячоныя з салодкім малаком.
Кожны еў добра, не слухаючы і не пытаючыся нават бруха, бо кожны ведаў, што дамоў прыдзецца ўжо ехаць, скакаць не трэба, дык няма патрэбы і лёгкім сябе трымаць. Не адставалі ў гэтым перакананні ад іншых і паны Лычкоўскія.
Туп-туп-туп-туп... — стукалі падковамі конікі з Залычча, везучы ў калёсах Мамерта з маткай-паняй і ў каламажцы, ззаду за імі, Уршулю са Стаськам.
Цёмна. Прыскае дожджык, часам галінкі беразняку сцёбаюць седакам па разгарачоных тварах — ім гэта прыемна. Яны, укруціўшыся, дрэмлюць, качаюцца...
Пад п'яную галаву Мамерт скіраваў каня на бок, дзе была калдобіна з вадой... Раптам... нехта вяркнуў і змоўк. Пярэднія калёсы спыніліся, ваўтузяцца нешта, сапяць.
“Што гэта, ці не разбойнікі?!”
Не. Гэта пані-матка, дрэмлючы, занадта раскалыхалася ў бокі, дык, як конь звярнуў з дарогі, яна, як пампушка, як клубок, уся абверчаная буркамі, коўдрамі і хустамі, звалілася ў калдобіну і з перапуду вяркнула.
Саскочыў Стась, адшукаў яе і, мокрую, выцягнуў з вады. Мамерт і Уршуля трымалі коней. Усадзілі паню-матку назад уздыхнулі некалькі раз з прычыны гэтага няшчасця. Ехалі далей...
Туп-туп, тупа-туп... — тупалі мерна конікі, вязучы ў Залычча спячых гаспадароў.
Некалькі вёрст праехалі ціха, без здарэння. Вось вёска Азаднікі. Конікі з'ехалі ўніз з гары, праехалі мост—едуць на гару.
Раптам — што гэта? Задні конь стаў, бо напхнуўся на калёсы.
Стась спытаўся ў Мамерта:
— Ну што, заснуў там? — Адазвалася пані-матка:
— Конь з пярэдняй парай калёс неяк адчапіўся і пайшоў.
— Дык што гэта такое? Чаму? — пытаўся Стась трывожна.
— А нічога, — спакойна казала матка, — гэта шворан выехаў, дык і асталіся... але, дзякуй богу, і Мамерт ёсць ужо! — закончыла яна.
І праўда, той прыйшоў сам і прывёў каня.
Стась злез з каламажкі, паднатужыліся разам з Мамертам і ўсчапілі шворан на месца.
Ехалі далей. Прайшоў сон ад страху і незвычайных здарэнняў (а пані-матцы дык і холад ад мокрай адзежы дакучаў).
Але вось бліснуў свет з акна фальварку Залычча. Гэта стары пан Лычкоўскі пры лямпе з работніцай і парабкам адмаўлялі ружанец за шчаслівы зварот сваіх родных.
Чу! Загучэлі на дварэ калёсы і затарабаніла каламажка. Схамянуўся стары... «Вось і яны, дзенькі табе божа»! — сказаў, і, паспешна кульгаючы, паспяшаў адчыніць ім дзверы.
1958