Было мне шэсць год і вельмі хацелася пайсці калядаваць. Атрымаў ад бацькі дзесяць грошы і пабег да дзядзькі Ванькі прасіць, каб прыняў да свае групы. Зайшоў, зняў шапку, сказаў “здраствуйте” і сеў на лаўцы, бо дзядзька са сваёю жонкай Маняю на печы ў карты гулялі. Спачатку не звярталі яны на мяне ўвагі. Нават на прывітанне не адказалі. Але, загнаўшы адзін другога ў дурня, Ванька глянуў у мой бок і запытаў: “Чего ты прішёл і сыдыш, нэ бачыш, жэ Колі нэма?” (Коля быў іхным сынам — старэйшым за мяне на чатыры гады). Ванька калечыў рускую мову, хочучы патрапіць за сваёй жонкаю, якая была рускай. “Да, да, — паўтарыла Маня, — чего ж ты сидишь, если Коли нет, мы тебе не друзья”. — “А я до Колі нэ прышов, — гавару, — я прышов до вас, просыты, коб віетэ прынялі мэнэ колядоваты”. — “Га-га-га”, — зарагаталі Ванька з Маняю на печы, а я пачырванеў, бо мне зрабілася сорамна. Высмеяўшыся і павыціраўшы кулакамі вочы, дзядзька сказаў: “Дэ ж ты прэшся, як ты шчэ мэншы од мого Колі, куолько тобіе ліет?” — “Ліетом будэ сыэм, — адказваю. — Бо осэнью трэба будэ іты до школы”. “О, бачыш, старуха-рэпетуха, мае шыэсть ліет і хочэ іты коледоваты”. — “Да, старух-рэпетух, он еще слишком мал, чтобы идти со звездой. Ведь там надо петь и звезду носить, а ты мал, ты мал...” “А петь ты умееш хоч шчо-нібудь?” — зноў пытае Ваня. “Уміэю дужо пісэнь руздвяных, бо навчывся од бабуов, як булі в нас на прадках”. Ваня з Маняю яшчэ мяне высмеялі, але, бачачы, што не ўступаю, Ваня пытае: “А грошы маеш на г’язду?” “Да, да, — паўтарае Маня, — а деньгі у тебя есть? Надо ж купить бумагу, свечки, чтоб звезду сделать красивой”. — “Маю, — гавару, — дэсэть грошы”, — і хутчэй вымаю з кішэні, каб часам не раздумаліся, бо мне ўжо і так аж плакаць хацелася. Ваня, убачыўшы, што маю грошы, злез з печы і гаворыць: “Ну, то прымэмо тэбэ, бо ты кумов сын і сырота. Коб хто другі, нэ прынялі б. Твоя нэбушчыца маты хрыстыла мого Колю, то і прымэмо”. “Да, да, — як папугай, паўтарала Маня, — ты сирота и кумов сын, так мы со старухом-рэпетухом тебя примем, и ты уже будешь чужой десятый, хватит”. Мяне аж распірала радасць. Аддаў я ім грошы, якія Ваня перадаў Мані, а тая, палажыўшы ў торбачку, у куфар схавала, і пабег дадому цешыцца, што пайду калядаваць. Але ніхто на маю радасць не зважаў. Мачыха злосная, аж кіпіць, і толькі дулі мне пад нос совае. Толькі бацька запытаў: “Ну шчо, Ванька Срайко прыняў коледоваты?” — “Прыняв, таточку, прыняв, — крычу, — і зобачытэ куолькі грошы зароблю. Куплю ядёр і цукерков собіе і Іванові з Ніною”. — “Гамно ты заробыш, — набармушаны адказаў бацька, — оно дэсэть грошы, як у с..., усадыв”.
Я рады, што пайду калядаваць, так і чакаў Каляд. Начамі спаць не мог. І вось прычакаў. Заўтра пойдзем калядаваць. будуць грошы.
Ад самое раніцы ў Ванькі сядзелі.
Праўду гаворачы, то “г’язда” не была ужо такая прыгожая. На ўпрыгожванне Ванька выдаў усяго толкі дваццаць грошы. Купіў два аркушы паперы. Адным аклеіў перад, а з другога — кутасы парабіў. Ззаду — газетай пазаклейваў. І ўсё, цэлая “г’язда”. Хтосьці са старэйшых назваў яе барабанам. Ну, але ідзем калядаваць.
Жыў Ванька больш-менш пасярэдзіне вёскі. Сабраліся мы ўсе ў яго, і Ванька гаворыць: “Я буду носыты г’язду, а віетэ туолькі голосно співайтэ. А хто будэ грошы носыты — выбірайтэ”. Усе хлопцы выбралі мяне, бо я найменшы, то не абману. “Ладно, — згадзіўся Ванька, — но смотры, як згубыш, то уб’ю”. “Ніэ, — думаю, — нэ згублю, дайтэ но мніэ носыты”.
Ванька злапаў “бубна”, а мы купаю за ім пайшлі пачынаць ад пачатку вёскі. Ванька ў нікога не пытаў, спяваць ці не, а адразу заходзіў у хату, і мы за ім пачыналі спяваць. Пакуль дайшлі да мае хаты (жыў я пад трынаццатым нумарам), мелі ўжо дужавата грошай. Ванька, выйшаўшы з нашага панадворка, абсудзіў, што я яшчэ замалы, каб насіць грошы, і забраў ад мяне і перадаў свайму Колю. Калядавалі мы з вялікай ахвотаю. І дайшлі да Ванькавае хаты. Тут адпачылі, пакінулі заробленае да паловы сяла і пайшлі далей. Калядаваць кончылі позна ўвечары. Усе асіплыя і змучаныя. Я змёрз моцна ў ногі, бо мае башмакі прамоклі. Рукі таксама адубелі, бо быў без рукавіц. Зайшлі да Ванькі ў хату і давай дзяліцца грашыма. Ваня з Маняю пра тыя, што да паловы сяла, забылі і да падзелу высыпалі ано другую частку. Забразгаталі грошы, і мне зрабілася адразу цяплей. Ванька пачаў раскладваць на купкі. Выйшла трынаццаць купак. Хтосьці сказаў, што нас толькі дванаццаць, але Ванька сказаў, што трэба даць таксама той, што хаты пільнавала. У канцы каноцоў выйшла ўсім па сорак два грошы, а мне сорак адзін. Але не было каму адняць, каб мне дакласці. А па-другое — я найменшы, то і так яшчэ добра. Я таксама на гэтае згадзіўся і пабег дадому, каб хутчэй пахваліцца. А там ніхто мяне не чакаў. Павячэралі і ляглі спаць. Я, змучаны і галодны, але рады, што маю свае грошы, прынёс з сенцаў пасцель, паслаў на лаўцы ля акна і лёг. Заснуць, аднак, не мог. Схапіўся ранютка, калі нашы яшчэ спалі і — хутчэй да дзядзькі Ігната. Забег і крычу: “Дзядьку! Зобачтэ, куолько в мэнэ грошы! Я вчора заколядовав. Шчэ міэв буольш, оно вуон мэнэ ошукав, бо сваюой Мані дав сорок два і то до пув сэла, мніэ — сорок одін”. — “Ого-го-го, но й в тэбэ і грошы! — падахвоціў Ігнат. — А шчо ж ты будэш з імі робыты?” — “Куплю в Барана ядёр і цукеркув”, — адказваю. “А можэ, дасы мніэ, я куплю тытёну”, — сказаў дзядзька і забраў усе мае грошы. Вось табе я і закалядаваў...
1987