Нехта моцна пастукаў у дзверы. Вальдамюк хутка ўстаў з ложка і, апранаючыся, ціха прамармытаў:
—Што за чорт там таўчэцца па ночы?
І хаця нічога дрэннага не спадзяваўся, нешта кальнула ў сэрца. Апрануўшыся, ён насунуў шапку і вобмацкам пайшоў да дзвярэй. Стук зноў паўтарыўся, аднак на гэты раз ледзь чутна, быццам нехта стукаў, баючыся непакоіць гаспадара.
— Хто там? — строга запытаў гаспадар. — Ніхто не адказваў. Толькі нейчыя няўпэўненыя крокі ціха тапталіся на месцы, ды здавалася, што іх там многа. Вальдамюк спыніўся. Дзіўны жах абліў яго варам. Стаяў пры дзвярах і прыслухоўваўся, затаіўшы дыханне Але, апрача стуку ўласнага сэрца, нічога не чуў.
— Няўжо гэта яны? — прамільгнула ў думках.
— Хто там? — спытаў ён галасней.
— Вальдамюк, адчыні, гэта я, — пачуўся ціхі мужчынскі голас, па якім ён пазнаў недалёкага суседа, Крыжэўскага.
— Ну і чаго цябе чорт носіць па начах? — гнеўна спытаў Вальдамюк, адсоўваючы засаўкі.
— Я толькі на хвілінку, — тлумачыў той, а ў яго голасе чуваць была нейкая нямая просьба, ды нешта трывожнае, палахлівае, ад чаго яшчэ цяжэй рабілася на душы.
Скрыпнулі дзверы і халодны асенні вецер хваляю ўваліўся ў сені, прынёс пах сырой ночы, ад якога Вальдамюк адразу ацвярозеў пасля нядаўняга сну. Ён стаяў і ўглядаўся ў суседа, быццам у цемры хацеў разгледзець яго наскрозь і адгадаць прычыну моцна спозненага візіту. Аднак той не спяшаўся ў хату, стаяў ды нерашуча пераступаў з нагі на нагу.
— Ну, заходзь, чаго будзеш стаяць, холадна, — са злосцю прагаварыў гаспадар, даючы праход суседу.
Дакладна зачыніўшы дзверы, яны ўвайшлі ў хату. Было зусім цёмна, і толькі вокны бледным водбліскам адсвечвалі на фоне начнога неба. Вальдамюк не мог знайсці запалак, а калі сусед падаў свае, не мог запаліць лямпы. Запалкі гаслі адна за другой, ды і рукі чагосьці дрыжэлі. Бледнае полымя мігцела, як на ветры, кідаючы кругом панурыя цені.
Крыжэўскі спыніўся пасярод хаты, асцярожна азіраючыся па баках. Яму здавалася, што чагосьці тут няма, што нешта не так, як трэба. Нічога не гаворачы, ён стаяў і маўчаў.
— Дык што цябе ганяе па начах? — парушыў Вальдамюк прыкрае маўчанне.
— Ды што тут гаварыць. Бачу, злосны ты нешта, як бы і людзям не рады.
— Злосны! А чорт яго ведае, хто тут таўчэцца? Розныя цягаюцца, а чалавеку яшчэ жыццё міла. Ізноў Рыба дае знаць, што яшчэ існуе. Ведаеш, што тут робіцца.
— Рыба? Ды што тут Рыба мае супольнага з намі? Прыйдзе час і Рыба пападзе ў сець, — паволі адказаў Крыжэўскі.
— Глядзі, — строга прыгразіў Вальдамюк, — каб не набраўся бяды на галаву. З такімі жартаў няма. Пакуль што, сядзі ціха.
— Ну, не палохай. Не такія мы баязлівыя, каб зараз баяцца нейкага там Рыбы.
— Глядзі ты яго, які герой! Пачакай яшчэ. Трэба было табе лезці не ў сваё ды браць зямлю чужую? Сваёй не абробіш.
— Я не прыйшоў да цябе сварыцца. А ты зараз з зямлёю выскачыў. Узяў ды раблю. А чаго ж ты баяўся? Трэба было і табе браць, калі давалі.
— Бо граху баяўся ды кары божай.
— Кара... І так ужо нас доўга каралі, цяпер вінаватых трэба караць.
— Ведаеш, хто тут вінаваты!? Сам чорт не разбярэ!
— Разбяромся памалу. Не бядуй. Хопіць часу.
— Можа і не хопіць... З усімі не паспееце...
Крыжэўскі раптоўна падаўся назад, быццам яго ўдарылі ў твар. Здзівілі яго Вальдамюковы словы. Гэтак ён ніколі не гаварыў. Уважна паглядзеў у яго насуплены твар, у непрыветлівыя вочы. Сапраўды, у апошні час Вальдамюк стаў нейкі нялюдскі. Нешта тут не зусім у парадку, нехта перавярнуў у яго галаве.
— Ну, не пляці ерунды, гэта табе зусім не пасуе, — спакойна адказаў Крыжэўскі. — Скажы лепш, што заўтра будзеш рабіць? Можа, па дровы для школы паехаў бы? Дарма не будзе.
— Яшчэ ночы не перажыў, а заўтра — Бог ведае, што можа быць.
— Павінен нехта паехаць. Дзеці не павінны мерзнуць зімою.
— Няхай хто едзе, я не паеду.
— А чаму ж гэта ты не паедзеш? Каня не маеш, ці што?
— Мой конь слабы, шмат не прыцягне, сам ведаеш.
— З Базылюковым да пары, удваіх лягчэй будзе.
— З Базылюком мне не сполка. Я з ім не гавару. -- Крыжэўскі разгублена паглядзеў навокал, быццам хацеў у гэтай незычлівай хаце знайсці яшчэ нейкую апору. Ніхто не хацеў ехаць. Кожны выкручваўся, як мог. То конь слабы, то воза няма, то хворы. А дровы прывезці мус. Зіма надыходзіць. Школа не будзе без дроў. Але кругом банды, і кожны страшыць: не лезь, сядзі ціха. — — Ну што ж, выбачай, што патрывожыў, — сказаў Крыжэўскі і, працягнуўшы руку, заглянуў у вочы суседу. Яны былі чужыя, тупыя і ўпартыя.
— Шчаслівай дарогі, — адказаў Вальдамюк і выйшаў, каб зачыніць дзверы за Крыжэўскім, постаць якога праз хвіліну расплылася ў цемры. Вальдамюк пачакаў яшчэ хвіліну і, абапёршыся аб сцяну, кінуў з'едліва:
— Сабачка. Чорт прынёс яго. Вынюхаць хоча, як і што. Добры, няма чаго гаварыць, апякун знайшоўся. Многа іх сёння. Пачакай, і ты скруціш галаву. Не ў цябе былі. Учора прыходзіла аж двое. А чаго хочуць? Ясна, чалавечай душы.
Недзе далёка заядла брахалі сабакі, ад шырока разліўшайся Нарвы несла вострым пахам гнілога сена і травы.
— Поўнач, мабыць, недалёка, — ціха прамармытаў Вальдамюк. — Трэба ісці яшчэ паспаць.
Ёй старанна зачыніў дзверы, праверыў засовы, і, вобмацкам шукаючы клямкі, міжволі прыслухаўся. Яму здалося, што недзе ў тым баку, дзе жыў Крыжэўскі, пачуўся нейкі голас, як бы нехта крычаў, просячы ратунку. Голас той то мацнеў, то зноў прыціхаў і непрыемным жудасным рэхам адбіваўся ад пустых сцен сенцаў. Жах устрасянуў яго целам, мароз прабег па плячах.
Вальдамюк трэснуў дзвярыма так, што аж тынк пасыпаўся са сцен. Нават лямпа патухла.
— Чаго там таўчэшся, яшчэ не лажыўся? — спытала з суседняга пакою жонка.
— А... я... я нічога... толькі так, — прамармытаў ён, падышоўшы да акна, ад якога адразу ж адскочыў. Яму здалося, што нейкі чорны цень мільгнуў у ім, быццам нехта заглядаў у хату.
Вальдамюк хвіліну пастаяў, не ведаючы, што рабіць — уцякаць ці сядзець, але ад перапалоху не мог крануцца з месца. Усё цела дрыжала, а зубы стукалі, як у ліхаманцы. Пачакаўшы яшчэ хвіліну, ён сеў каля печкі, і, сціснуўшы рукамі галаву, заплюшчыў вочы, заткаў пальцамі вушы, аднак у іх усё яшчэ чуўся той далёкі жудасны голас, які дарэмна клікаў на дапамогу.
Было страшна.
1964