Авантурнік Сімпліцысімус

фон Грымэльсгаўзэн Ганс Якаб Крыстофэль


Кніга трэцяя

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Сімпліцы-Лавайчык выдатна працуе, і ў крадзяжах яму вечна шанцуе

Прыхільны мой чытач ужо мог даўмецца з папярэдняй кнігі, які я быў у Зёсце, як любіў славу, як гонар; славы і ўпадабання шукаў і здабываў учынкамі, якія іншым каштавалі б дорага. А зараз я раскажу, як я распарадзіўся далей сваёй прастадушнасцю і праз гэта жыў у пастаяннай загрозе жыццю і здароўю. Я быў, як пра тое ўжо казана, аж так апантаны лоўляю славы і гонару, што заснуць не мог, і вось часта, поўны ўсякіх такіх мрояў, ляжаў уначы, а ў галаву лезлі самыя розныя новыя подумкі і хітрыкі, дзівосныя намыслы. Ну, вось я прыдумаў новыя чаравікі, якія набуваліся задам наперад, так што абцасы прыпадаліся акурат на наскі. За свой кошт заказаў я іх каля трыццаці пар і, раздаўшы сваім хлопцам, хадзіў з імі на вылазкі. Нас было няпроста высачыць, бо мы абуваліся то ў гэтыя, то ў правільныя чаравікі, а другія клалі ў ранцы, і калі хто заходзіў у тую мясціну, дзе я загадваў пераабувацца, дык са слядоў выходзіла, што тут якраз сышліся два атрады, якія пасля разам і ад’ехалі. А калі я заставаўся ў новых чаравіках, выходзіла, я толькі што выправіўся туды, адкуль якраз і прыехаў. А як што мае сцежкі былі, калі толькі на іх заставаўся які след, і без таго заблытаныя, як у лабірынце, дык тым асочнікам, якія спрабавалі ўпільнаваць або дагнаць, было проста немагчыма злавіць мяне або ўвесці ў пастаўленыя сеткі. Часта я быў зусім блізка ад праціўніка, які лічыў, што шукаць трэба недзе непадалёк, яшчэ часцей, што за шмат міляў далей ад нашага хмызоўя, якое яны толькі што аблажылі і прашнуравалі наскрозь, ловячы мяне там. І як гэта было з нашым атрадам, так я рабіў і з кожным; бо нярэдка бывала, што, ад’ехаўшыся да якой ростані, я загадваў спыніцца і перакаваць коні задам наперад. А што да тых фартэляў, якія я дазваляў сабе, калі трэба было, каб слабы атрад па слядах прынялі за моцны і, наадварот, -- моцны за слабы, дык было гэта ў мяне так звычайна і проста, што і расказваць патрэба адпадае. А потым я прыдумаў яшчэ аппарат, з дапамогаю якога ўначы пры поўным бязветрыі мог пачуць, як за тры гадзіны дарогі ад нас забрэша сабака, або як за гадзіну дарогі перагаворваюцца людзі. Вынаходства я трымаў у поўным сакрэце, і гэта дадало мне павагі, бо ўсе лічылі, што так не бывае. Удзень аппарат, які я насіў у кішэні разам з першпектыўнаю трубою, быў мне не дужа карысны, хіба што ў якім зацішным месцы, бо можна было чуць усё – ад коней і быдла да маленькіх птушак у небе альбо жаб у вадзе, усё, што толькі ў наваколлі варушылася і падавала голас, і тады ўсё разам гуло, як вялікі рынак з хмарай народу і жывёлы, калі кожнае хоча, каб чулі яго, тым часам як у вялікім гвалце нікога асобна якраз і не разбярэш, чаго ён там верашчыць.

Я добра ведаю, што вось і ў гэты момант знойдуцца людзі, якія не павераць у тое, што я панарасказваў, але павераць яны ці не, а толькі ж праёда ёсць праўда. Сваім апаратам я мог пазнаць голас чалавека, калі ён гаварыў як звычайна і нават так ад мяне далёка, што ўдзень я мог бы пазнаць яго толькі па вопратцы і тое праз першпектыўную трубу. Але я не мог закінуць нікому, калі ён не паверыць, пра што я вось якраз пішу, бо мне не верылі нават тыя, хто на жывыя вочы бачыў, як я карыстаўся апаратам і казаў: “Чую райтараў, бо коні ў іх падкаваныя. Чую, едуць сяляне, коні ў іх – не каваныя. Чую падводы, але гэта сяляне, пазнаю іх па гаворцы, А во, едуць мушкецёры, прыкладна столькі іх, пазнаю па ляскаце іх бандэльераў. А вунь там непадалёк вёсачка, гарлаюць пеўні, брэшуць сабакі, etc. Там тураць статак быдла, бляюць авечкі, рыкаюць каровы, квічаць свінні і г. д.”. Нават мае таварышы прымалі спачатку такія словы за жарты, блазнаванне і выхвалкі, а калі яны пераканаліся, што за кожным разам я меў рацыю, пачалі спярша думаць, што ўсё гэта ў мяне праз нейкія чары і ўсё, што я ім сказаў, адкрыта мне чортам ці ягонай, чортавай, матаркай. Дык вось, думаю сабе, шчырадушны мой чытач падумае гэтак сама. Але тым не меней менавіта такім чынам мне часта ўдавалася вельмі спрытна ўмыкацца ад непрыяцеля, калі яму шанцавала напасці на мой след і ён хацеў заспець нас знянацку; я думаю таксама, што калі б я тады адкрыў сваю хітрасць, яе хуценька ўвялі б у звычайны ўжытак, бо яна дужа прыдатная на вайне, асабліва пры аблогах, бо і абложнікі і аблажэнцы маглі б аднолькава абярнуць яе сабе на карысць. Але вернемся да нашых бараноў.

Калі я нікуды не выпраўляўся з атрадам, тады я краў ды краў, што ні коні, ні каровы, ні авечкі ў кашарах не былі пэўныя за сваю бяспеку, іх я зводзіў за некалькі міляў. Кароў і коней я таксама абуваў, пакуль не выганю на шырокі гасцінец, -- таксама каб мяне не высачылі, а там ужо перакоўваў коней задам наперад, альбо калі гэта былі каровы ці валы, дык абуваў у спецыяльна пашытыя чаравікі і ўжо тады пераганяў іх у надзейнае месца. Вялікіх укормленых свіных пярсон, якія з ляноты сваёй не дужа рваліся ў гоначныя высцігі, я па-майстэрску ўмеў падахвоціць, хоць яны рохкалі і ўпіраліся; на муцэ і вадзе я закалочваў ім салёнае квэцала, прамочваў губку, прывязаную на доўгім прузуку, даваў свінні яго зжэрці і трымаў той прузук за другі канец, і тады любая свіння без лішніх выдыганняў ідзе, куды яе вядзеш, і потым шчодра аддзячваецца за мой гасцінец кумпякамі і каўбасамі; вяртаючыся так да сябе, я справядліва дзяліўся ўсім з афіцэрамі і сябрамі. Таму і дазвалялася мне зноў і зноў выходзіць на ловы, а калі здаралася, мой крадзеж выкрывалі ці падсочвалі, дык пасаблялі выцерабіцца з заварухі. Ва ўсім астатнім я няма ладу што і як думаў пра сябе і не дапускаўся абкрадваць бедных, лавіць курэй ці разменьвацца на іншыя дробязі. Таму спакваля я прынадзіўся са сваім жэрцем і піццём да жыцця эпікурэйскага, бо ўжо прызабыў навуку пустэльніка і абоч мяне не бывло нікога, хто кіраваў бы маёй маладосцю альбо з каго я мог бы браць прыклад; бо ж афіцэры мае самі былі адным швом са мною шытыя і добрымі падсёрбачамі ва ўсіх гулянках, а тыя, якія маглі мяне пакараць ці як след наставіць, часцей самыя ж і падбухторвалі на грэх. З усяго гэтага я нарэшце зрабіўся такі бязбожны, дзёрзкі і пахібны, што, бадай, не было такога выкрунтасу на свеце, на які я не рызыкнуў бы. Нарэшце мне пачалі ўпотай зайздросціць, асабліва ж мае камарады, што, бачыце, рука ў мяне на крадзеж лягчэйшая, чым у каго там яшчэ, афіцэры – што трымаюся як круты шаленец, задзірака і звадыяш, што шанцуе на вылазках і што таму я ўзбіўся на большую шану, чым яны. Думаю нават, што некаторыя неўзабаве ахвотна мною ахвяравалі б, калі б я не быў такі шчодры.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Сімпліцы-Лавайчык, як быў у Зёсце, самазванца застукаў на кіслай капусце

І вось, калі я так гаспадарыў і даўся ў клопат панавырабляць сабе розных чарцячых абліччаў, дзеля чаго трэба было мець страшныя вопраткі з конскімі і бычынымі капытамі, з дапамогаю якіх буду палохаць ворага, а пры нагодзе, неапазнаны, змагу прысабачыць сёе-тое і ў сваіх, на што мяне дужа спасобіла тая прыгода з крадзяжом сала, дайшлі да мяне пагалоскі, што адзін нейкі такі з Вэрле, якому няблага пашанцавала ў наездах, узвалокшы на сябе зялёную апранаху, гойсае па тутэйшых мясцінах, асабліва там, дзе мы бралі кантрыбуцыю, і, выдаючы сябе за мяне, учыняе ўсялякія непатрэбствы, рабункі, гвалціць жанок, што спрычыніла шмат жахлівых закідаў супроць мяне, так што мне давялося б крута паплаціцца, калі б я не мог неаспрэчна даказаць, што менавіта тым часам і парою, калі ён броварыў, звальваючы на мяне ўсялякія свае exorbitantes*, я быў зусім у іншым месцы. Я не збіраўся прапускаць яму гэта так, а яшчэ менш цярпець, каб нейкае палохала, прыкрываючыся маім імем, пад выглядам маім збірала здабычу ды яшчэ і падседжвала маю добрую рэпутацыю. З ведама каменданта ў Зёсце я запрасіў яго сысціся са мноюў чыстым полі на шпагах альбо пістолях; але пасля таго, як яму не хапіла духу з’явіцца, я абвясціў, што маю намер адлашчыцца яму, і будзе гэта ў Вэрле, у валоданнях таго каменданта, які не папусціўся яму. Так, я заявіў публічна, што, калі я прыхаплю яго ў наездзе, ён будзе трактаваны мною як вораг! Гэта прывяло да таго, што я адкінуў усе свае подумкі пра тыя чарцячыя маскі, з дапамогаю якіх збіраўся выславіцца на цэлы свет, але яшчэ і ўсю маю зялёную вопратку падраў-пасек на дробныя шматкі і публічна спаліў у Зёсце перад сваім жытлом, махнуўшы рукою на тое, што адна толькі вопратка без плюмажу і конскай збруі каштавала больш за сотню дукатаў. І ў такім шале-запале пабажыўся, што першы заб’е мяне, альбо сам тут жа і ляжа ад маёй рукі, нават калі гэта мне каштавацьме галавы; і, хоць рэжце, не прыму больш каманды над ніводным гуфам, што і не абавязаны быў рабіць, бо мяне яшчэ не ўзвялі ў афіцэры, -- гэта таму, што я ўжо ўнюхаў свайго праціўніка ў Вэрле. І я перастаў несці жаўнерскае паслушэнства, акрамя варты, а калі куды-небудзь пасылалі, дык ужо не рабіў усё як мокрае гарыць, як іншыя лежні. Чуткі пра гэта хутка разбегліся па наваколлі, і непрыяцельскія гурты так разнахабіліся і акрыялі, што ўжо ці не штодня пачалі ашывацца каля нашых шлагбаўмаў, чаго я далей стрываць не мог. Але што мне найбольш дападала, дык гэта, што той з Вэрле, каб яго развэрліла ўсяго наскрозь і ўпоперак, усё яшчэ выдаваў сябе за мяне і пад маім імем урываў немалыя кавалкі.

А тым часам, як кожны думаў, што я залёг у бярлог і, мабыць, няскора падымуся, я выведаў пра інтэрас і гандаль майго супраціўцы з Вэрле і што ён не толькі змалпаваў маё імя і вопратку, але яшчэ і завёў сабе звычку красці поначы, калі можна было шмат чым разжыцца; вось тут якраз я і прачнуўся, на чым і палягаў мой план. Двух сваіх слуг я ўжо выдрэсіраваў, як падстрэлчых выжлаў; яны ўжо былі аж так за мяне, што, калі б трэба было, кожны ў жар голым задам сеў бы, бо ўжо ж пілі і елі ў мяне на круглую губу, ды яшчэ і без таго мелі, дай божа кожнаму другому. Аднаго з іх я паслаў у Вэрле да праціўніка; гэты ж вазьмі дый выкладзі таму, нібыта я, як яго былы гаспадар, зажыў цяпер як пусты шалапут і cоujon** і крыжам зарокся век не хадзіць у наезды, і вось яму, слузе, ну аніякай рахубы няма далей у мяне заставацца, і ён таму прыйшоў паслужыцца іншаму пану, бо ён, новы пан, апрануўшыся ў зялёнае, паводзіцца, як яно і след бывальцу-жаўнеру. А ўжо ён, слуга, ведае тут усе норы, праноры і закануркі і можа падказаць, дзе тут і чым можна раздабыцца, etc. Мой добры даверлівы цяльпук паверыў майму кнэхту і даўся на ўгаворы, што прыме яго і ў адну пэўную ноч пойдзе з сябрамі ў адну пэўную авечую кашару забрытаць там колькі тых укормленых бараноў – а я з Гізуйчмутам і хлопцамі загадзя нагдезеў і падкупіў пастуха, каб той навязаў сабак і дазволіў гасцям спакойненька падкапацца ў хлеў, дзе я ўжо гатовы буду пачаставаць іх баранінай. Калі ўжо яны зрабілі пралазіну ў хлеў, той з Вэрле пажадаў, каб мой кнэхт палез першыю А ён адказаў: “Не, а раптам там засада, дадуць па конаўцы і садухі; спярша абсачу, разведаю, што і як там да чаго”. Я дастаў шпагу, насадзіў на яе капялюш, прасунуў у дзірку і сказаў: “Пабачым спярша, ці дома святы Улас, а ці не”. Пасля гэтага егер з Вэрле палез першы. Тут яго і ўшчаміў Гізуйчмут і прыхапіў за руку, у якой той трымаў шпагу, і спытаўся, ці не папросіць ён пардону. Гэта пачуў ягоны сябар і збурыўся даць лататы; а як я не ведаў добра, каторы з іх егер, і быў увішнейшы і лягчэйшы ў нагах, дык скокнуў раз-другі і дагнаў. Я спытаўся: “Хто такія будзеце?” Той адказаў: “Імперцы”. Я спытаўся: “Якога палка? Я таксама імперскі шалапут, які адцураўся свайго пана!” Той адказаў: “Мы драгуны з Зёста і прыйшлі па баранчыка – другога; браце, спадзяюся, калі і вы імперскія, дык пусціце нас”. Я адказаў: “А хто вы такія будзеце ў Зёсце?” Той адказаў: “Мой таварыш у кашары – Лавайчык”. – “Вы мардахлысты! – сказаў я. – Чаго вы абіраеце свае ж кватэры? Лавайчык з Зёста не такі раззява, каб дацца застукаць сябе ў кашары”. – “Ах не, з Вэрле, я хацеў сказаць”, -- зноў адказаў мне той, і пакуль мы так дыспутавалі, тут і нахапіліся мой слуга і Гізуйчмут з маім праціўнікам. “Ну вось бачыш, сокал ты мой яснадзюбы, вось мы і судасіліся, -- сказаў я яму. -- А каб жа не шанаваў я імперскае зброі, якая табе дадзена змагацца з ворагам, я адразу пусціў бы табе кулю ў пустую булавешку тваю! Я – Лавайчык з Зёста, быў ім і раней, а ты – самахвал і кундалеў сын, пакуль не выбераш шпагі і не сыдзешся са мною паводле добрага жаўнерскага правіла!” Тым часам мой кнэхт, які, як і Гізуйчмут, нацягнуў на сябе агідную чарцячую маску з рагамі, паклаў да ног дзве цалкам аднолькавыя шпагі, якія я прыхапіў з Зёста, і даў егеру з Вэрле права выбару, бяры якую хочаш, і тут небарака егер так спалохаўся, што сталася з ім тое самае, што колісь са мною ў Ханаў, калі я сапсаваў скокі. Ды ж і нахляпаў столькі, што стаяць з ім побач было нельга; ён і яго прыяцель дрыжалі, як мокрыя цуцыкі, яны бухнуліся на калені і прасілі літасці. Але Гізуйчмут, як з ланцуга сарваўся, наляцеў і закрычаў як не з поўнага горла: “Бяры шпагу, каб цябе пабрала, бо вязы скручу, круцель ты забрынданы! – “Ах, высокашаноўны пане д’ябле, -- адказваў той, -- я прыйшоў сюды не на эспадронах мерацца. Пане д’ябле, аслабані мяне ад гэтага, і я зраблю, што ты хочаце”. Пакуль там тыя гаворкі, мой конюх даў яму адну шпагу, а мне другую; а таго так калаціла, што і ўтрымаць яе не мог. Месяц свяціў ясна, і пастух з падпаскам са свайго будана ўсё добра бачылі і чулі. Я паклікаў пастуха падысці, каб на гэты наш гандаль быў жывы сведка. А той, падышоўшы, напусціў на сябе, што зусім не бачыць гэтых двух у масках, і спытаўся, чаго гэта я тут у кашары завёўся з гэтымі двума хлопцамі; калі ў мяне да іх які інтэрас, дык выбірайцеся ў іншае месца і дайце кашары спасу з вашымі разборкамі, ён спраўна плаціць штомесяца “кантрабусю” і хоча жыць спакойна. А ў тых двух спытаўся, чаго гэта яны дазваляюць мне збыткі з іх строіць, чаму не прыкончаць на месцы? Я сказаў: “Ты віславух, яны хацелі пакрасці твае авечкі”. Селянін адказаў: “Вой, такім разам няхай пацалуюць мне і маім авечкам у фэ”, -- і выйшаў. Тут я зноў пачаў напіраць на фехтаванне, а той ані-ані; ён ледзь на нагах ад страху трымаўся; ён і ягоны прыяцель развялі такую жальбіну, што я, нарэшце, пашкадаваў іх і ўсё дараваў. Але Гізуйчмуту было гэтага мала, ён настойваў, каб егер тром авечкам – бо столькі яны хацелі ўкрасці – пацалаваў-такі ў фэ, ды яшчэ так яму падрапаў твар, што той, як на блізір, глядзеўся, нібы з адной міскі з катамі еў, і гэтая пацеха мне вельмі спадабалася. Егер неўзабаве знік з Вэрле, бо сам не ведаў, куды яму падзецца ад сораму. Ягоны ж прыяцель раззваніў па ўсім наваколлі і бажыўся, кляўся, што пры мне сапраўды было двох кадукоў, якія служыліся мне, -- таму мяне тым больш пачалі баяцца і тым меней любіць.

* Штукі, пракудствы, непатрэбствы (лац.).

** Баязлівец, нягоднік, смаркач (фр.).

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

Сімпліцы бярэ ў палон Юпітара і шмат цікавага ў яго выпытвае

Гэта неўзабаве я заўважыў; таму я замкнуў сваё ранейшае богаадступнае жыццё з яго дзікімі шаламі і пабожна ступіў на сцежку ціхіх цнотаў. Праўда, як і раней, я хадзіў на вылазкі, але аказаў сябе да ворагаў, як і да сяброў, з такой ласкай і пачцівасцю, што ўсе, хто трапляў мне ў рукі, пачыналі думаць зусім інакш, чым раней, наслухаўшыся ўсякай агуды і няпраўды; акрамя таго я ўстрымаўся ад непамысных шчадротаў, сабраў неблагую калекцыю дукатаў і кляйнодаў, прыхаваў іх у патайных спратах і сховах у наваколлі Зёста, бо так мне параіла адна знаёмая варажбітка, якая запэўніла, што ворагаў у мяне больш у самым горадзе і ў маім палку, чым у варожым гарнізоне, і яны дужа квапяцца на мае грошы. І як што тым часам усюды разышліся чуткі, што егер знік і не аказваецца, я, пакуль там тыя цешылі сябе добрай весткай, валіўся ім як снег на галаву, і, перш чым куды дойдзе вестка, дзе я, я ўжо быў там; я лётаў, як бура, то тут, то там, пра мяне загаварылі больш, чым раней, калі самазванец выдаваў сябе за мяне.

Аднаго разу я засеў з дваццаццю пяццю хлопцамі непадалёк ад Дорстэна, асабліва асцярожна падпільноўваючы канвой з некалькімі падводамі, што меўся тут прайсці ў Дорстэн. Па сваёй завядзёнцы я стаяў у дазоры, бо непрыяцель быў блізка. Аж бачу – ідзе чалавек, ладна апрануты; ідзе – і гаворыць сам з сабою ды неяк дзіўна пакручвае ў руцэ, як бы фехтуючы, доўгую марскую першпектыўную трубку; я нічога не разабраў, што ён там тарочыў сабе пад нос, пачуў толькі: “Я сам упакору свет, і няхай тады бэсцяць маё высокае імя”, з чаго я заключыў, што гэта, мабыць, нейкі магутны князь, які ходзіць пераапрануты, даследуючы жыццё і норавы сваіх падданых, і цяпер вось пастанавіў сабе ўзорна пакараць іх за тое, што яны жывуць не паводле ягонай волі. Я падумаў: “Калі ён з ворагаў, дык будзе неблагі выкуп; калі не, дык абыдуся з ім ветліва і так улагоджу яму сэрца, што век памятацьме”, выскачыў да яго, сунуў пад нос ручніцу і сказаў: “А ці не заўгодзіцца пану прайсці паперад мною ў кусты, калі пан не хоча быць патрактаваны як непрыяцель?” Ён адказаў вельмі сур’ёзна: “Такая трактацыя да гонару мне падобным”. Але я ветліва патурыў яго ў кусты і сказаў: “Хай пан не супрацівіцца, хай пан падпарадкуецца”. І калі ў кустах я падвёў яго да сваіх і назначыў новы дазор, спытаўся, хто ён такі будзе. Той адказаў даволі велікадушна, што, бач, мне гэта мала абыходзіць, калі я і без таго добра ведаю, што ён вялікае божышча. Я падумаў, што ён, відаць, мяне ведае, нейкі, відаць, шляхцючок з Зёста ці хто там яшчэ, і кажа так, каб паказытаць мяне, бо жыхыры Зёста любяць марна спамянуць імя Госпада і яго залатыя шаты, але неўзабаве я пераканаўся, што замест князя захапіў у палон нейкага арцыбаламута, які, мусіць, лішне перавучыўся і ад высокай паэзіі крыху падупаў глуздамі, бо той ледзь толькі крыху адагрэўся, як абвясціў сябе Юпітарам.

Лепш бы я і не меў з ім марокі, падумалася; але як што дурань быў вось ён, трэба было трымаць яго, пакуль мы ў засадзе, бо пойдзе, разнясе; а як мне ўжо досыць збрыдла тырчаць тут, я рашыў разгаварыць гэтага ёлупа і абярнуць сабе на карысць ягоныя таленты; таму я сказаў яму: “Як жа так яно ўсё спрычынілася, што твая высокая боскасць пакінула трон нябесны і сышла на нашу грэшную зямную цвердзь? Даруй мне, о Юпітар, маё пытанне, якое ты, можа, палічыш рэзкім, мы ж бо тут на зямлі таксамака лічым сябе пэўным чынам божымі родзічамі, бо многія нашыя сільваны народжаны ад фаўнаў і німфаў, ад якіх не павінны быць утоены гэтыя таямніцы”. – “Прысягаю табе Стыксам, -- адказаў Юпітар, -- што ніколі ты пра гэта не даведаўся б, нават калі б быў сынам самога вялікага Пана, калі б не быў аж так падобны на майго чашніка Ганімэда; а таму я паведамляю табе, што вялікі лямант пра грахі свету дайшоў да мяне праз хмары на неба, і высокая рада багоў пастанавіла, што я, як у часы Лікаона, справядліва знішчу ўсё на зямлі, наслаўшы на яе патоп. Але як што я дабраволю чалавечаму роду з адмысловым мілажалем ды і без таго ўчыняю на зямлі больш даброці, чым ліха, дык вось хаджу цяпер і вандрую, каб на свае вочы пабачыць людскія чыны і звычаі; і хоць, бачу, тут намнога лішэй, чым я думаў, я ўсё ж схільны не вынішчаць усіх людзей без разбору, а пакараю толькі тых, хто заслужыўся на кару, а потым падтрымаю астатніх, каго пакіну, маёй боскай воляй”.

Я ледзь не зарагатаў, але стрымаўся і сказаў: “Ах, Юпітар, твае намогі і праца несумненна запрапасцяцца, калі ты зноў, як раней, не пойдзеш супроць свету вадою, а яшчэ лепей агнём. Бо калі нашлеш ты на яго вайну, дык усе ліхія людзі збягуцца і пачнуць мучыць мірашчасных і пабожных; а пашлеш голад, дык гэта толькі на руку ўсялякім злыдням, бо яны адразу падымуць цэны на хлеб; а нашлеш пошасць, гэта дасць прыбытак розным прагным ліхаздзірцам, бо яны шмат уварвуць ад спадчыны; таму, калі сапраўды хочаш пакараць свет, вырві яго з карэннем і бадыллем зусім і вынішчы”.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

Сімпліцы слухае, як пад германца ўсе народы збягуцца яднацца

Юпітар адказваў: “Ты разважаеш пра рэчы, як адпрыродны чалавек, нібыта не ведаеш, што нам, багам, магчыма ўсё зладзіць так, каб толькі ліхія былі пакараны, а добрыя – умілажалены. Я хачу разбудзіць германскага героя, які ўсё вырашыць лязом свайго мяча; ён пераб’е ўсіх зацятых грэшнікаў, а пабожных пакіне і ўзвысіць”.

Я сказаў: “У такім разе гэты герой павінен будзе мець жаўнераў, а дзе жаўнеры, там вайна, а дзе вайна, там гінуць і вінаватыя і невінаватыя!” – “А хіба зямныя божышчы думаюць так, як і зямныя людзі, -- сказаў на гэта Юпітар, што і зразумець нічога не могуць? Я пашлю вам такога героя, які ўправіцца і без жаўнераў, ён зрэфармуе ўвесь свет; пры нараджэнні я дам яму статнае і моцнае цела, як у Геркулеса, адару прадбачлівасцю, мудрасцю і разважлівасцю; Венера дасць яму прыгожы такі твар, ён будзе прыгажэйшы за Нарцыса, Аданіса і майго Ганімэда; яна дадасць да ўсіх цнотаў яшчэ і адмысловую пяшчотлівасць, віднасць і вабнасць і зробіць яго любасным усяму свету, з гэтых прычын я паспрыяю добраму раскладу зорак пры яго нараджэнні. Меркурый адорыць яго вострым і кемным розумам, пераменлівая Луна будзе яму не толькі няшкодная, але й карысная, бо прышчэпіць яму неверагодную імклівасць, Палада выгадуе яго на Парнасе, а Вулкан у hora Mortis выкуе меч, якім ён адолее ўвесь свет і скіне ўсіх бязбожных без дапамогі людзей, якіх ты называеш жаўнерамі; яму не спатрэбіцца дапамога. Вялікія гарады затрымцяць перад ім, і любая фартэцыя, раней неадольная, праз чвэрць гадзіны цалкам яму ўпакорыцца і стане пад ягоную ўладу; нарэшце ён зробіцца наймагутнейшым патэнтатам у свеце і ўсталюе кіраванне на зямлі і на моры, што і багі і людзі будуць ім вельмі задаволеныя”.

Я сказаў: “Як можа стацца знішчэнне ўсіх бязбожных без пралівання крыві і як атрымаць уладу над усім светам без ужывання сілы і без жалезнай рукі? О, Юпітар, прызнаюся, нічога не ўтойваючы, што гэтых рэчаў я не хачу разумець, бо я чалавек смяротны!”

Юпітар адказаў: “Мяне гэта не здзіўляе, бо ты яшчэ не ведаеш, якая вялікая сіла будзе ў майго мяча. Вулкан яго зробіць з той самай матэрыі, з якое ён робіць мне грамавыя стрэлы, а добрыя якасці мяча такія, што як толькі мой велікадушны германскі герой аголіць яго і толькі адзін раз шахне ім у паветры, як скоцяцца галовы ў цэлай армады, нават калі яна будзе за гарою за цэлую швейцарскую мілю ад яго, так што бедная нечысць паляжа раней, чым зразумее, што з ёю адбываецца. А калі рушыць у паход і падыдзе да горада ці фартэцыі, ён зробіць на прыклад Тамерлана і падыме белы прапар на знак таго, што вось ён тут аб’явіўся дзеля міру і шчасця людскога. Калі выйдуць яму насустрач і ўпакорацца, -- добра; калі не, ён дастане з похваў памянёны меч, сілаю якога ва ўсіх чарадзеяў, буртнікаў* і варажбітоў, якія толькі ёсць у горадзе, будуць сцяты галовы, і тады ён падыме чырвоны прапар; а калі тады ніхто не з’явіцца, дык сказаным чынам пазбавіць ён жыцця ўсіх мужабойцаў, ліхвяроў, злодзеяў, махляроў, пералюбнікаў, чужаложнікаў, шлюх і прахадзімцаў, пасля чаго падыме чорны прапар. А калі тыя, якія яшчэ заставацьмуцца ў горадзе, не прыйдуць да яго, ён вынішчыць увесь горад і яго жыхароў, як цёрдахрыбетны і непаддатны корань, але тут пакарае толькі тых, што схілялі іншых да непакорства і сталіся прычынаю таго, што народ не здаўся яму. І так пойдзе ён ад горада да горада, і кожнаму гораду аддасць пад кіраванне і паслушэнства прылеглы край, і ад кожнага горада па ўсёй Германіі возьме ён па два самых разумных і вучоных мужоў, і складзе з іх парламент, і навечна злучыць усе гарады; па ўсёй германскай зямлі, па ўсіх грунтах і добрах ён скасуе прыгон разам з усімі мытамі, акцызамі, чыншамі, пазыковымі распіскамі, закладнымі і навядзе такі парадак, што больш ніхто ніколі не пачуе ні пра якія паншчыны, шарваркі, талокі, кантрыбуцыі, аброкі, паборы, войны і іншыя ўціскі народа, і зажывуць усе шчаслівей, чым на елісейскіх палях. А тады, -- сказаў Юпітар далей, -- я буду часта збіраць увесь chorum Deorum -- гурт багоў, па-вашаму, і спускацца да немцаў, каб павесяліцца ў вас сярод вінаграднікаў і смакоўніц; тады я ўсталюю ў вас Гелікон, і загарэзуюць у вас музы; тры грацыі прынясуць вам, немцам, тысячы розных уцехаў. Я дабраслаўлю Германію і дам ёй большае дабрадзенства, чым шчаснай Аравіі, Месапатаміі альбо ваколіцам Дамаска. Я адмоўлюся тады ад грэцкай мовы і буду гаварыць толькі па-нямецку, адным словам, выяўлю сябе такім германцам, што нарэшце дазволю, як колісь рымлянам, пашырыць уладу на ўвесь свет”.

Я сказаў: “Найвышэйшы Юпітар, а што скажуць на гэта князі і паны, калі будучы герой захоча такім вось незаконным чынам адабраць у іх іхняе і падпарадкаваць сабе гарады? Няўжо яны не ўсупрацівяцца сілай альбо, прынамсі, не запратэстуюць перад Судом Божым і людскім?”

Юпітар адказаў: “А яму, герою, клопат малы. Ён падзеліць усіх-усіх вялікіх гэтага свету на тры часткі і тых, якія будуць жыць няўзорна і грэшна, пакарае, як роўна і чэрню, бо ніякая зямная сіла не здолее ўсупрацівіцца ягонаму мячу; астатнім ён дасць выбар – альбо застацца ў краіне, альбо пакінуць яе. Тыя, якія застануцца і любіцьмуць сваю бацькаўшчыну, будуць жыць, як і ўсе паспалітыя; але прыватнае жыццё немцаў тады будзе больш шчаслівае і дабрадзейнае, чым сёння ў каралёў, так што кожны немец зробіцца як бы чыстым Фабрыцыем, які не схацеў падзяліць з каралём Пірам ягонае каралеўства, бо любіў сваю бацькаўшчыну гэтак сама марна, як гонар і дабрачынства; так будзе і з астатнімі. А трэція, якія захочуць застацца панамі і з астатнімі. А трэція, якія захочуць застацца панамі і валадарамі, будуць праз Вугоршчыну і Італію вывезены ў Малдавію, Валахію, у Македонію, Фракію, Грэцыю, нават праз Гелеспонт у Азію, і хай яны ідуць туды ваяваць, забраўшы ўсіх галаварэзаў з усёй Германіі, і хай там здабываюць землі чужым каралям. Пасля ён за адзін дзень возьме Канстанцінопаль, а ўсім туркам, якія не навернуцца ў шчырую веру і не ўпакорацца, загне мікіткі галавою да задніцы; і тады адродзіць ён Свяшчэнную Рымскую імперыю, выправіцца ў Германію і там з парламентам, які ён, як ужо было сказана, збярэ з усіх германскіх гарадоў, па двое ад кожнага горада, і назаве іх перадпастаўнікамі і бацькамі германскай бацькаўшчыны, пабудуе сярод Германіі горад, які будзе большы за Маноа ў Амерыцы і золатапраменнейшы, чым сам Ерусалім за Саламонавых часоў; крапасныя валы можна будзе параўнаць з Цірольскімі гарамі, а равы па шырыні з пратокаю паміж Гішпаніяй і Афрыкай. А ўсярэдзіне ён паставіць храм з чыстых адамантаў, рубінаў, смарагдаў і шафіраў; а ў куншткамеры, якую таксама збудуе, будуць з усяго свету сабраны ўсялякія рэдкія дзівосіны, багатыя дарункі, якіх яму панапрысылаюць імператары Кітая і Персіі, вялікі магол Усходняй Індыі, вялікі хан татарскі, святар Ян з Афрыкі і вялікі цар Маскоўшчыны. Турэцкі султан будзе самы руплівы і запабеглівы, бо памянёны герой не адбярэ ў яго імперыю, а зробіць яго леннікам рымскага імператара”.

Я спытаўся ў майго Юпітара, што ж пры гэтым будуць рабіць хрысціянскія каралі. Ён адказаў: “Тыя, што ў Англіі, Швецыі і Даніі, як бо яны германскай крыві і пакорныя застануцца, а тыя , што ў Гішпаніі, Францыі і Партугаліі, з увагі на тое, што ў старыя часы немцы займалі памянёныя краіны і імі валадарылі, атрымаюць свае кароны, каралеўствы і інкарпараваныя ў іх краіны ад нямецкай нацыі па добрай волі ў леннае валоданне, і тады запануе вечны, непарушны мір паміж усімі народамі ва ўсім свеце, як у часы Аўгуста”.

* Ведзьмары (стар. бел.).

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

Сімпліцы слухае, як герой Юпітараў з’яднае папоў, ксяндзоў і прасвітараў

Гізуйчмут, які таксама слухаў нашую гутарку, ледзь быў не зглуміў усяго гандлю, сказаўшы: “І ўжо тады ў Германіі зажывём, як у краіне Дрыхляндыі, дзе не дожджык падае, а чысцюткая мушкатэля, дзе крэйцэрпаштэты выскокваюць занач, як сыраежкі. Во ўжо таптацьму на абедзьве пашчанкі, як малацільшчык, і во ўжо хлябтацьму малмазею, пакуль вочы на лоб не палезуць”. – “Яно, вядома, канечне, -- адказаў Юпітар, -- асабліва калі я нашлю на цябе Эрысіхтонавую пакуту, бо, здаецца, пакепваеш ты з маёй вялікасці. -- І, павярнуўшыся да мяне, дадаў: -- Здавалася мне, што я сярод сапраўдных сільванаў, а выходзіць, сустрэў зайздросніка Мома ці Заіла. І перад такім прадажнікам абвяшчаць волю нябёсаў і рассыпаць пэрлы перад свінёй? Ну ясна, наклаў сабе на пагоршкі кучу гаўна і носіцца – дзівіцеся на яго, такога харошага!” Я падумаў: “Гэта дзіўны і нячысты ідал, бач, як умее ўсё абярнуць, -- высокія рэчы і далікатная матэрыя”. Я добра ўжо змеціў, што ўсякія там кепікі яму папярок, а таму трываў як мог, потым сказаў: “Любасны Юпітар, ты ж не будзеш за недалікатнасць неабструганага фаўна ўтойваць ад другога Ганімэда, што будзе далей у Германіі”. – “О не! – адказаў ён. – Але скажы спярша свайму Фэону, хай наперад прыкусіць свой гіпанаксаў язык, пакуль я ў яго, як Меркурый Батума, не ператварыў у камень. І прызнайся, што ты мой Ганімэд і ці не цябе выгнала раўнівая Юнона, пакуль мяне тут не было, з нябесных харомаў?” Я паабяцаў яму ўсё расказаць, як толькі пачую ад яго ўсё, што мне хацелася ведаць. На гэта ён сказаў: “Дарагі Ганімэд, -- толькі не аднеквайся больш, што ты гэта не ты, бо я ж усё бачу наскрозь, -- да таго часу золатаробнае рамяство ў Германіі стане звычайным і будным, як, скажам, ганчарства, так што ці не кожны смаркач у канюшні будзе насіць пры сабе lapidem philosophorum*”. Я спытаўся: “А як жа ўсталюецца ў Германіі вечны мір, калі столькі рэлігій? Хіба ж не пачнуць разнаверныя папы нацкоўваць сваю паству і ці не сплятуць новую вайну на іншаверцаў?” – “О не, -- адказаў Юпітар, -- мой герой запабегне гэтай небяспецы і найперш злучыць у адно ўсе хрысціянскія канфэсіі”. Я сказаў: “О цуд, гэта быў бы вялікі, нечуваны і найвыдатнейшы чын! Але як гэта зрабіць?” Юпітар адказаў: “А я табе шчыра адкрыю. Усталяваўшы вечны і універсальны спакой ва ўсім свеце, мой герой звернецца да ўсіх духоўных і свецкіх кіроўцаў і ўзначальнікаў усіх хрысціянскіх народаў і розных цэркваў з вельмі ўзрушлівай казанню і пакажа ім усю пахібнасць ранейшых нязгодзіц і разладаў і неаспрэчнымі, разумнымі аргументамі прывядзе іх да таго, што ўсе яны самі захочуць паўсюднай еднасці і даручаць яму дырыжыраваць дзействам яднання. Пасля скліча ён з усёй зямлі самых духоўных, самых вучоных і самых пабожных тэолагаў з усіх канфэсій і загадае паставіць ім скінію ў зацішным месцы, як колісь Пталамей Філадэльф сабраў семдзесят два талмачы, каб яны там мазгавалі і мыслілі пра самыя важныя прадметы, забяспечыць іх там ежаю і пітвом і ўсім астатнім, на што будзе патрэба, і накажа ім, каб яны як мага хутчэй, грунтоўна і скрупулёзна ўзважылі ўсе магчымыя разлады і нязгодзіцы, якія толькі ёсць паміж іхнімі веравызнаннямі, і спачатку ўладзяць, а потым аднамысна, згодна з Святым Пісаннем, святым паданнем і апрабаваным вучэннем святых айцоў пісьмова ўсталююць правільную, сапраўды святую хрысціянскую рэлігію. Вось тут Плутон і пачухае сабе патыліцу, бо давядзецца яму пабойвацца звужэння свайго валадарства; і кінецца ён на самыя розныя хітрыкі, падступствы, інтрыгі, закалоты, каверзы і падкалупы, каб уплішчыць сваё que**, каб калі не завярнуць назад усёй справы, дык, прынамсі, хоць бы яе звесці ad infinitum альбо indefinitum***, чаго ён будзе дамагацца з усёй сілы. Ён пачне паднароўлівацца да кожнага тэолага, выстаўляць яму на спакусу ягоныя інтарэсы і выгоды, яго сан, ягонае спакойнае жыццё, яго жонку і дзяцей, яго рэпутацыю і ўсё астатняе, каб схіліць да іншай думкі. Але мой адважны герой таксама не спацьме ў шапку, ён загадае, пакуль доўжыцьмецца той кансіліум, званіць ва ўсе хрысціянскія званы і тым самым настойліва заклікаць хрысціян да малітвы Навышняму, каб паслаў духа ісціны. Але як толькі заўважыць, што нехта паддаўся Плутону, ён пачне марыць голадам усю кангрэгацыю, як гэта бывае на канклаве, а калі яны ўсё-такі не захочуць спрыяць вялікай справе, ён управіць ім усім невялікую казань пра шыбеніцу альбо пакажа ім свой дзівосны меч і вось так, спярша дабром, пасля строгасцю, просьбаю і грозьбаю прылюбіць іх да таго, што яны прыступяцца ad rem**** і сваімі ўпарцістымі, фальшывымі выдумкамі не будуць болей марочыць свет, як гэта рабілі раней. А як настане згода, наладзіць урачыстае свята і абскажа на ўвесь свет новую прасветленую Рэлігію, а хто і там будзе верыць няправільна, справіць ім mаrtirium***** са смалою і серкаю альбо, абвязаўшы ерэтыкоў самшытавым веццем, падорыць на Новы год Плутону. Цяпер, любасны мой Ганімэдзе, ты ведаеш усё чыста, чаго ведаць прагнуў; дык раскажы ж мне, з якое такое рацыі сам ты пакінуў нябесныя харомы, дзе часта падносіў мне келіх каштоўнага і выдатнага нектару?”

* “Філасофскі камень” алхімікаў, з дапамогаю якога яны трансмутавалі металы (лац.).

** Але – у значэнні пярэчання (лац.).

*** Да бясконцасці (лац.)

**** Да справы (лац.).

***** Мучэнне, мардаванне (лац.).

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Сімпліцы слухае, як скарысталі блохі Юпітаравыя планы й маралі

Я падумаў: “А хлопец, бадай, сабе наўме, не дурны, як выстаўляецца, глузды ўкручвае і напускае, як я колісь у Ханаў, каб спраўней выблытацца ад нас”. Дай, думаю тады, паспрабую ўзяць цябе на гнеў, бо так можна найспрытней выкрыць блазна, і сказаў: “А таму я спусціўся з неба, што цябе там мне не хапала; таму ўзяў я Дэдалавыя крылы і паляцеў на зямлю шукаць тут цябе. І дзе толькі ні распытваўся, у якіх толькі краях, усюды пра цябе благая погалась ішла, бо Заіл і Мом зняславілі цябе і ўсіх багоў на ўвесь белы свет як зласлівых, распусных і смярдзючых блудадзеяў, і вы страцілі ў людзей апошні крэдыт. Сам ты, казалі ўсе, вашывы чужаложнік і раз’юраны жабрак-пахацімец; і зноў жа паводле якой такой справядлівасці ты збіраешся судзіць свет за такія грахі? Вулкан, бач, цярплівы рагуля і прапусціў Марсу чужаложства без аніякай помсты; якую ж тады зброю выкуе кульгавы калабродзень? Венера, бач, сама за сваю пажаду – найпаскуднейшая сука на свеце; якую ж мілажальнасць яна можа перадаць іншым? Марс – забойца і разбойнік, Апалон – бессаромны бабздыр і аблуднік, Меркурый – непатрэбны пустазвон, злодзей і зводнік, Прыап – сметнік мярзоты, Геркулес – кручаны злыдзень; карацей, увесь гурт нябесных багоў, гэты твой chorum Deorum, -- страхалюднікі і пустадомкі, месцам пастою і лежы ім трэба адвесці аўгіевыя канюшні, якія і без таго смярдзяць на цэлы белы свет”.—“Авой! – сказаў Юпітар. – Якое дзіва, калі я адкладу ўбок усю сваю дабрыню і паб’ю громам і маланкамі гэтых зласлівых паглумнікаў і боганенавісных блюзнераў? Што табе памроілася, мой добры і любасны Ганімэдзе? Няўжо гэтых пустабрэхаў караць вечнаю смагай, як Тантала? Альбо, можа, загадаць перавешаць іх і ўсіх на гары Торас абапал наравістага балбатуна Дафіта? Альбо стаўчы іх у ступе разам з Анаксархам? Альбо засунуць іх у распаленага быка Фаларыса ў Агрыгенце? Не і не, Ганімэдзе, гэтыя кары і пакуты ўсе разам занадта малыя. Я хачу нанава напоўніць скрынку Пандоры і высыпаць усё на бязбожныя галовы гэтых аблуднікаў; Нэмэзіда павінна разбудзіць і паслаць на іх Алекту, Мегеру і Тысіфону, а Геркулес хай пазычыць у Плутона Цэрбера і нацкуе яго на ліхіх мярзотнікаў, як ваўкоў. Вось калі я іх так удосыць памардую, тады загадаю прывязаць у пекле да слупа побач з Гесіодам і Гамерам, каб без усякага жалю турзалі іх там вечна эўменіды”. І пакуль Юпітар так гразіўся і грымеў, ён пры мне і пры ўсім народзе без ценю сораму скінуў з сябе штаны і давай вытрасаць з іх блох, якія, калі меркаваць па яго рассечанай да крыві скуры, трыбулявалі (tribuliert!) яго страшэнна.

Я не мог нават наўздогадзь падумаць, што ж з гэтага будзе, пакуль ён не сказаў: “Ану, вымятайцеся, поскудзь дробная, бо клянуся Стыксам, што да сконвеку не ўтрымаеце таго, чаго так пільна дамагаецеся!” Я спытаўся ў яго, што ён хоча сказаць гэтымі словамі. Ён адказаў, што блышыны род, даведаўшыся, што ён сышоў на зямлю, паслаў да яго сваіх паслоў на камплімент. Яны зрабілі яму адпаведнае прадстаўленне, што хоць ён і вызначыў ім месца аселасці ў сабачай поўсці, аднак здараецца, што, часта з прычыны ўласцівасці жаночай скуры, часам з недагляду, ім удаецца заскочыць у шэрсць і бабам; і вось яны, бедныя, збітыя з тропу малюпаські, церпяць ад баб такія здзекі, іх ловяць і не толькі плюшчаць, але яшчэ і мнуць, труць паміж пальцамі – нават камень і той паспагадае. “Так, -- сказаў пазней Юпітар, -- блохі распісалі мне справу шчымліва і мілажальна, аж я расчуліўся і паспачуваў ім і паабяцаў дапамогу, але з умовай, што папярэдне выслухаю і баб.

Але блохі ўсяляк аднекваліся, кажучы, што калі бабам будзе дазволена выступіць і публічна станавіцца папярок, дык наперад можна сказаць, што яны сваімі зласлівымі языкамі альбо дарэшты загавораць маю дабрыню і рахманасць ды перакрычаць саміх блох, альбо спакусяць мяне лёстачкамі падлыжнымі, лагодкамі ды сваёй прывабнасцю і такім чынам падвядуць мяне да несправядлівага выраку, шкоднага блохам; потым прасілі, каб я ім дазволіў паслужыцца сваёй вернападданасцю, чаго яны заўсёды рачылі і спадзяюцца рачыць далей, бо заўсёды былі да мяне блізюткія і лепш за ўсіх ведалі, што там такога было ў мяне з Каліста, Іо, Эўропай і многімі іншымі, але ніколі пра тое ні словам не прагаварыліся Юноне, хоць гасцявалі і на ёй, і таму, што так зацята маўчалі, дык і да сённяга ніводзін чалавек, -- хоць яны, блохі, заўсёды на ўсіх палюбоўніках жывыя сведкі, -- нічога пра тое не даведаўся, як Апалон ад свайго гругана. А калі мне трэба будзе выдаць іх бабам, каб бабам было дазволена іх лавіць і караць горлам* паводле Вейдманскага права, дык яны пакорліва просяць устанавіць такі парадак, каб ім была смерць – хай ад сякеры, як быкам, хай каб іх стралялі, як дзічыну лясную, а не так ганебна расціралі пальцамі і калесавалі, тым самым прыпадабняючы свае чэлесы, якімі жанчыны часта адчуваюць нешта зусім іншае, да зброі ката, што сапраўднаму мужчыну ёсць вялікая і невыносная ганьба”. Я сказаў: “Вы, дзеткі, павінны іх жахліва мучыць, бо і яны ж вас страшна тыраняць”. Зразумела, яны адказалі, што зайздросцяць мне і, мусіць, у тым якраз іхняя бяда – што мы бачым, чуем і адчуваем занадта многа, як калі б у іх не было надзеі на наша маўчанне. І што ж выкукліваецца? Яны не даюць нам спасу нават на нашай тэрыторыі, бо многія з дапамогаю шчотак, грабянёў, мыла, лугу і іншых рэчаў так вычышчаюць сваіх пасцельных сабачак, што мы супраць волі сваёй мусім эміграваць з бацькаўшчыны і шукаць сабе новых кватэр, нягледзячы на тое, што гэтыя дамы маглі б заўжыць той самы час з большай карысцю, абіраючы вошай са сваіх байстручкоў.

Пасля гэтакага дэмаршу я дазволіў ім пасяліцца на мне, каб маё зямное цела магло адчуваць іх прысутнасць, звычаі і спанатры, і вось цяпер я магу ўсё гэта як след ацаніць і вынесці прысуд. А тут гэтая свалата пачала мяне так даймаць, што я мусіў іх выселіць, як вы гэта толькі што бачылі. Я загадаю начапіць ім на нос прывілей, згодна з якім бабы мецьмуць права іх ірваць, тузаць, душыць і расціраць пальцамі, колькі ім заўгодна; а калі і сам я прыхаплю каторага з гэтых удальцоў на ліцо**, дык зраблю тое самае.

* Караць смерцю праз павешанне (стар. бел.).

** На месцы злачынства (стар. бел.).

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Сімпліцы ў славе і з лупам багатым вяртаецца ў Зёст дадому-дахаты

Нельга было парагатаць да пупа, бо мы ж былі ў засадзе і след было сядзець ціха, і як што Фантасту гэта не падабалася, дык Гізуйчмут гатовы быў лопнуць і парвацца на кавалкі. Тут якраз дазорцы, якія сядзелі на ваысокім дрэве, данеслі, што нешта там удалечыні як бы варушыцца. Я залез на дрэва, паглядзеў у сваю першпектыўную трубку і бачыў, што гэта быў рыхтык той самы абоз, якога мы так дажыдаліся; пешых не было, а канваявалі яго чалавек з трыццаць езных райтараў. Таму я лёгка прыкінуў, што яны пойдуць не лесам, дзе заселі мы, а, бадай што, голым полем, дзе ў нас не было б ніякай перавагі, хоць там была вельмі паганая дарога, крокаў за шэсцьдзесят ад нас і, можа, за трыста ад узлесся і гары, і йшла яна па раўніне. Мне дужа не хацелася марна адседжвацца альбо мець трафеем аднаго дурня Юпітара, таму я борздзенька накідаў іншы план, які мне бліскуча ўдаўся.

Ад нашай высочкі збягала прамыіна паміж пагоркамі, па ёй можна зручна праехаць на конях аж да самага поля. Выйсце з яе я абсадзіў дваццаццю хлопцамі, сам застаўся з імі, а Гізуйчмута, пакінуў на тым самым месцы, дзе мы і былі, маючы такім чынам перавагу; а хлопцам сваім наказаў, каб, як толькі канвой наблізіцца, узялі кожны на сябе па адным канвойніку, і сказаў, каму страляць, а камцу пакінуць стрэл у запасе. Некаторыя мае бывальцы пачалі бурчаць: што гэта такое я надумаў, ужо ці не лічу я часам, што адзін толькі спанатраны і спрытны Гізуйчмут з яго кемным глуздам; бо як толькі канвой, няблага ўмацаваны, хацеў ужо быў сунуцца міма нас, Гізуйчмут, як я яму і падказаў, пачаў рыкаць, як бык, ігігікаць па-конску, аж розгалас па ўсім лесе пайшоў, і кожны пабажыўся б, што тут статак кароў і табун коней. Як толькі канвойнікі гэта пачулі, тут ім і захацелася пажывіцца і прыхапіць, што ў рукі дасца, а мясцовасць тая была даволі пустэльная. Яны паскакалі ўсім гамузам проста ў нашу засаду ды такім спехам і без усякага ладу, нібы кожны хацеў выперадзіць другога і першым дастаць па храпе, як яно і было ўчынена настолькі ўдала, што ўжо пасля першага прывітання, якое мы ім паслалі, апусцела трынаццаць сёдлаў і яшчэ некалькі чалавек было паранена.

І тут адразу на іх выхапіўся Гізуйчмут і пабег па прамыіне з крыкам: “Хлопцы, сюды! Хлопцы, сюды!”, што яшчэ больш напалохала праціўніка, і тыя так разгубіліся, што не ведалі, куды ім кінуцца, ні назад, ні наперад, ні ўбок на конях не паляціш, а таму яны пасаскоквалі з коней і давай уцякаць пешкі; ага – уцячэш! Я пабраў у палон усіх сямнаццаць разам з лейтэнантам, які імі камандаваў, потым кінуўся да вазоў, выпраг два тузіны коней і прыхапіў некалькі сувояў шоўку і фаляндышу (сукно – fein hollendisch!); бо не было калі доўга валаводзіцца з забітымі і абіраць іх ці як ці як след перагарнуць вазы, бо фурманы, як толькі ўсчалася страляніна, борздзенька ўсё пакідалі і шмуль-шмуль! Даліся ўпрочкі, а таму пра наш набег маглі хутка даведацца ў Дорстэне і перастрэнуць нас на дарозе. Як толькі мы сабраліся, тут з лесу выскачыла наша божышча Юпітар і ну крычаць, як гэта так, што Ганімэд хоча кінуць яго. Я адказаў яму, што якраз-такі так, хачу, бо ён не даў блохам спадзяванага прывілею. “А няхай яны, -- адказаў ён зноў, -- пропадам прападуць у Кокіце!” Я засмяяўся, а як што ў нас цяпер былі свабодныя коні, загадаў пасадзіць дурня ў сядло; а таму што ён сядзеў на кані, як арэх, я загадаў прывязаць яго да сядла. Тады ён сказаў, што наша сутычка нагадала яму бітву памж лапіфамі і кентаўрамі на вяселлі ў Перыфоя.

Калі забава скончылася і мы з палоннымі рванулі адтуль, быццам нехта насеў нам на пяты ды гнаў і падсцёбваў, тады толькі скеміў паланёны лейтэнанцік, якога ён даў пудлу, калі неабачліва завёў на варожую засаду выдатны гуф райтараў, паклаўшы на ўбой трынаццаць храбрых хлопцаў, і праз гэта ўпаў у чорную роспач і адмовіўся ад пардону, які я яму даваў, ён нават спрабаваў угаварыць мяне, каб я загадаў прыстрэліць яго; бо ён не толькі думаў, што ягоная спахібка яму вялікаю ганьбаю станецца, ганьбаю невыбачальнаю, але і будзе перашкодаю ў будучых павышэннях у чынах, калі толькі ён не пазбудзецца ўсяго гэтага, заплаціўшы за шкоду галавою. А я ўшчуваў яго і даказваў, што падступніцкае шчасце многім дзельным жаўнерам няраз падстаўляла нагу, але я ніколі не бачыў, каб хто з гэтай прычыны аж так горка ўбольваўся і ўпадаў у меланхолію. Яго намер – гэта знак маладушнасці; а храбрыя жаўнеры думаюць пра тое, як гандаль паправіць, як адшкадавацца за панесеныя страты і зыскаць будучы плён; а мяне ён ніколі не ўгаворыць парушыць картэль альбо дапусціць ганебны супрацьпраўны ўчынак ці нешта такое, што не ў жаўнерскіх правілах і звычаях. Калі ён убачыў, што я не даўся, ён пачаў мяне ганіць і бэсціць, думаючы, што я ўгневаюся; ён заявіў, што я не біўся з ім сумленна, у адкрытым баі, а як разбойнік і мужабойца з кустоў і ўкраў жыццё ў ягоных жаўнераў як злодзей і апошні шахрай, і гэтымі словамі ягоныя жаўнеры былі вельмі напалоханы, а мае хлопцы ўзлаваны, так што на гарачы зуб, напэўна, прашылі б яго кулямі, калі б я ім дазволіў, а давялося-такі іх стрымліваць. Мяне ж ягоныя казані ані не пранялі, я толькі заклікаў і сяброў і ворагаў засведчыць, што тут адбываецца, а потым загадаў звязаць лейтэнанта, каб не бузаваў і не бушаваў, і ахоўваць, сачыць за ім, як за вар’ятам; абяцаў таксама яму, што як толькі мы пад’едзем да нашых пастоў і мой афіцэр дазволіць, я дам яму свае коні і зброю, якую ён сам сабе выбера, і пістоляй і шабляй прылюдна дакажу яму, што ўжываць на вайне хітрасць супроць праціўніка дазволена правіламі і законам; чаго ж бо ён не застаўся каля падводаў, ахоўваць якія ён быў прыстаўлены, альбо, калі ўжо яму так загарэлася даведацца, што робіцца ў лесе, чаму ён, калі такі разумны, не загадаў правесці папярэдне рэкагнасцыроўку, што яму больш было б да твару, чым цяпер заводзіцца, вычварацца і выдурнівацца ў розных кепствах, на якія ўжо ж пэўна ніхто зважаць не збіраецца. Справядлівасць маіх слоў прызналі і сябры і ворагі і сказалі, што ім яшчэ не выпадала сустракаць у раз’езных гуфах другога такога чалавека, які ў адказ на такія брыдкія і абразлівыя словы, як у лейтэнанта, не толькі не застрэліў бы самога, але і не пазабіваў бы ўсіх астатніх палонных.

На другую раніцу я шчасліва даставіў луп і палонных у Зёст, здабыўшы сабе ў гэтай аперацыі больш гонару і славы, чым калі-небудзь раней. Усе казалі: “Аб’явіўся новы малады Ёган дэ Вэрд!”, што вельмі ўказытвала маё самалюбства; аднак наш камендант не згаджаўся дазволіць мне памерацца з лейтэнантам на пістолях ці на шаблях, кажучы, што я ўжо і так яго два разы адолеў. І чым больш такім чынам расла і множылася мая слава, тым больш мацнела зайздрасць у тых, хто не спрыяў майму шчасцю.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Сімпліцы затрафеіў сабе мурына і ад страху ледзь ног не адкінуў

Мне ніяк не ўдавалася атрэсціся ад Юпітара, як таму ад блох; каменданту ён быў непатрэбен, бо што з яго ўскубеш, а таму сказаў, што хоча падарыць яго мне. І вось я за так сабе маеш прыдбаў уласнага блазна, а ўсяго ж год таму назад я мусіў быў строіць з сябе такога самага. О дзівоснае шчасце, о пераменлівы час! Яшчэ зусім нядаўна даставалі мне душу вошы, і вось ужо я сам маю ўладу над блышыным богам. Паўгода назад я служыў нейкаму пархатаму драгуну за пахолка; і вось ужо сам маю двух слуг, якія шчыруюць мне як пану і гаспадару. Не прамінула і года, як улягалі райтары, каб зрабіць з мяне шлюху; цяпер ужо самі паненкі ўгоньваліся за мною са сваімі любошчамі. Так я ў пару даведаўся, што няма на свеце нічога больш пастаяннага, як сама непастаяннасць. Таму варта было быць напагатове. Калі шчасце зноў падверне мне якую-небудзь штуку, каб мой цяперашні дабрабыт не абярнуўся ліхатою і караю.

У той час граф фон дэр Валь, ваенны губернатар Вестфаліі, якраз збіраў з гарнізонаў людзей, каб зладзіць кавалькаду, якая праз Мюнстэрскі край прайшла б на Фэхт, Мэлен і Лінген ды каб пакончыла з дзвюма ротамі гесэнскіх райтараў, якія заселі за дзве мілі ад Падэборна і шмат пары выпусцілі нашым. Я быў прызначаны ў каманду з нашымі драгунамі, і калі асобныя атрады – гуфы, сабраліся ў Гаме, мы спешна рушылі ў паход і напалі на кватэры памянёных райтараў у даволі слаба абароненым гарадку, пакуль яго не занялі нашыя. Райтары паспелі ўцячы, але мы загналі іх зноў у іхняе гняздо. Ім было прапанавана спакойна пакінуць горад, без коней і зброі, узяўшы з сабою столькі, колькі можна панесці на поясе; але яны на тое не згадзіліся і бараніліся з карабінамі, як мушкецёры. Дайшло да таго, што яшчэ тае ж ночы я мусіў паспытаць шчасця ў штурме, бо драгуны напалі першыя; і мне ў гэтым пашанцавала, і я разам з Гізуйчмутам у ліку першых цэлы і здаровы ўварваўся ў гарадок. Мы хутка падмялі вуліцы, бо ўсё, што баранілася, было перабіта, а самі гараджане супраціўляцца не рваліся; так было і ва ўсіх даімах. Гізуйчмут параіў заняць дом, перад якім ляжала вялікая куча гною, бо ў такіх дамах якраз і сядзяць самыя багатыя жмінды, у якіх звычайна становяцца на лежу афіцэры. Пасля гэтага мы і захапілі якраз такі дом, і Гізуйчмут зрабіў візітацыю ў канюшню, а я агледзеў сам дом з умоваю, што падзелімся ўсім, што знойдзем. І вось запалілі мы свае васковыя паходні, я гукнуў гаспадара, але мне не адказалі, бо ўсе пахаваліся, зайшоў у нейкую каморку, але не знайшоў там нічога, апрача пустога ложка і замкнутага куфра; замок я зламаў, спадзеючыся знайсці што-небудзь каштоўнае; але як толькі падняў века, проста на мяне паднялося нешта чорнае, я аж падумаў на Люцыпара. Гатовы пабажыцца, што колькі жыву, а не палохаўся так, як тады, убачыўшы таго чорнага д’ябла. “Каб ты здзейкалася і тут і там!” – сказаў я ў такім страху і схапіўся за сякеру, якою разбіў куфар, але не асмеліўся рассадзіць яму чэрап. А тое нешта адразу ўкленчыла, падняло рукі і сказала чалавечым голасам: “А паночку, а спадарочку, а Богам благаю, не забівай, падаруй мне жыццё!” Тут я расшалопаў, што гэта ніякі не чорт, бо Бога спамінае і за жыццё просіць, і загадаў яму вылазіць з куфра. Ён выйшаў і пайшоў са мною голы, якім яго стварыў Бог. Я адшчапаў ад паходні дразку і даў яму пасвяціць мне; ён усё гэта рахмана ўчыніў і правёў мяне ў пакоік, дзе я знайшоў гаспадара з чэляддзю, які, гледзячы на на ўвесь гэты вясёлы спектакль і трасучыся, прасіў злітавацца з яго і не забіваць. Гэта ён атрымаў адразу, бо нам было забаронена чапаць гараджан; ён аддаў мне ўсе манаткі ротмайстра, сярод якіх была і замкнутая поўненькая скураная валіза, сказаўшы, што сам ротмайстар і ягоныя слугі, акрамя аднаго кнэхта і вось гэтага мурына, выправіліся на свае пасты абараняць горад. Тым часам Гізуйчмут злавіў на канюшні памянёнага конюха з шасцю асядланымі ладнымі коньмі; мы завялі іх у дом, зачынілі на засаўку і загадалі мурыну апрануцца, а гаспадару – расказаць усё, што ён ведае пра ротмайстра. Але калі гарадскія брамы былі зноў адчынены, пастаўлены пасты і прыбыў наш генерал-фэльдцойгмайстар гер граф фон дэрВаль, ён якраз і заняў пад кватэру той самы дом, дзе мы былі; таму давялося нам сярод ночы шукаць сабе іншага прытулку. Знайшлі яго ў нашых хлопцаў, якія таксама бралі ўдзел у штурме і займалі гарадок; мы выдатна ў іх размясціліся і правялі рэшту ночы, банкетуючы і гуляючы ўсёй гамэрняй пасля таго, як я і Гізуйчмут падзяліліся сваім лупам. Мне на долю дасталіся мурын і два выдатныя кані, адзін з іх гішпанскай пароды, так што на ім толькі і выгельцваць перад непрыяцелем, чым я пазней і папазадаваўся. А з валізы – розныя каштоўныя пярсцёнкі і жыковіны і ў залатым пудэлачку, абсаджаным рубінамі, партрэт у пояс прынца Аранскага; усё астатняе я пакінуў Гізуйчмуту; такім чынам, мне перапала, а калі б усё прадаць за паўцаны, з коньмі і ўсім астатнім больш як на дзвесце дукатаў: а што да мурына, з якім я займеў найбольш марокі і клопату, дык генерал-фэльдцойгмайстар, якому я яго спрэзентваў, аддзячыўся ўсяго двума тузінамі талераў. Адтуль мы рушылі на Эмс, але з аглядкаю і выведкаю па баках, аднак як што сталася так, што дарога вяла нас мімаРэклінхузэна, дык я адпрасіўся заскочыць туды, каб разам з Гізуйчмутам адведаць святара, у якога я ўкраў сала. З ім я няблага павесяліўся, расказаўшы яму, як мурын заплаціў мне такім самым страхам, які нядаўна выпаў яму самому і кухарцы; я падарыў святару з прыяцельскім valete* выдатны гадзіннік з боем на ланцужку, які я вывудзіў з ротмайстравай валізы; так, я заўсёды стараўся наварочваць у сваіх сяброў тых, хто меў якую-колечы прычыну ненавідзець мяне.

* Прывітанне (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ

Сімпліцы ў няроўным двабоі даў пытлю райтару – вельмі пыхліваму гіцлю

Мая пыха падрастала разам са шчасцем, з чаго ўрэшце магло адбыцца толькі падзенне. Мы табаравалі прыкладна за паўгадзіны дарогі ад Рэнэна, калі я з маім найлепшым сябрам пачаў прасіць дазволу пабываць у гэтым гарадку, каб там крыху паладзіць зброю, і нам дазволілі. Але як што мы пастанавілі як след там павесяліцца, дык завярнулі ў найлепшы тракцір, заказалі музыкаў, каб віно і піва лепей смыкалася пад іхнія смыкі. Усё ў нас пайшло in floribus*, і нішто не спыняла нас крыху падціснуць нашыя грошы; я насклікаў прыяцеляў з розных палкоў і напускаў на сябе не менш як прынца, які валодае цэлай краінай і народам і штогод прасаджвае пропадзь грошай. Ці не таму нам і слугавалі лепей, чым кампаніі райтараў, якія таксама там банкетавалі, языкамі перакладалі і бурдолілі, праўда, не так шалёна, як мы; гэта іх заела, і яны пачалі пацвельвацца і задзірацца. “Адкуль гэта, -- талкавалі яны між сабою, -- у гэтых пешых шалаганаў (а яны прынялі нас за мушкецёраў, бо няма такой другой на свеце жывёліны, якая была б больш падобная на мушкецёра, чым драгуны, і калі драгун падае з каня, дык устае мушкецёр), у іх завяліся грошы?” Другі адказаў: “Вунь той запанелы сысунок раскабыліўся, як падстрэшны шляхцючок, якому мамка прыслала некалькі пфенігаў на малако, і во – разагнаўся на цэлы банкет сябрам, каб яны яго потым выцягвалі з гаўна ці пераносілі цераз канаву”. Яны яўна цалялі ў мяне, мяне ж яны і мелі за падстрэшнага шляхцючка, -- мне пра гэта шыкнула тракцірная служанка, але як што я не чуў сам на свае вушы, дык і не мог зрабіць нічога іншага, як з вялікага дзіва наліць замест піва поўны куфаль віна і пусціць яго ўкругавую за здароўе ўсіх сумленных мушкецёраў, і хлопцы нарабілі такога тарараму, што нельга было разабраць ні слова. Гэта яшчэ больш разабрала нашых суседзяў, і яны – у хамуты! – пайшлі ў адкрытую: “І якога чорта гэты пехадрал так разбушаваўся?” Гізуйчмут адказаў: “А табе, халява зашмуляная, што да таго?” Гэта, відаць, таго моцна застрэміла, бо твар у яго быў такі страшны, так яго перакрывіла, што лепш не займай і не руш. Але тых ужо панесла, асабліва аднаго, маладога, дробненькага дзецючка, які сказаў: “А-а, дзе ім, загуменным дрыстунам, (ён, відаць, думаў, што мы адседжваліся ў нейкім гарнізоне, раз наша вопратка не выгарала, як у мушкецёраў, якія дзень і ноч у полі), сябе паказаць? Хто не ведае, што ў чыстым полі ў баі кожны з іх стане нашай здабычай, як галубка шуляку”. Я адказаў яму: “Мы бяром гарады і крэпасці і потым ахоўваем іх, а вось вы, райтары, не можаце выманіць нават плюгавага сабакі з яго пацучынай буды. Дык чаму ж бо нам і не павесяліцца ў месцы, якое больш наша, чым ваша”. Райтар адказаў: “Хто майстар у полі, таму і крэпасці здаюцца; а як што мы перамагаем у адкрытых баях, дык з гэтага вынікае, што я такіх трох цыпачак, як ты, з мушкетамі разам, не толькі не баюся, а яшчэ двух на капялюш замест пер’я насаджу і толькі ў трэцяга папытаюся, адкуль ты такі рызыкант узяўся на пару дзягаў па голай срацы. А каб сядзеў я з табою, -- дадаў ён зусім глумліва, дык раскулешыў бы гладкарыламу шляхцючку морду, каб юхай умыўся, каб ведаў, што ёсць праўда”. Я адказаў яму: “Думаю, у мяне таксама знойдзецца пара пістоляў, як у цябе, і хоць я не райтар, а нешта гермафрадыцкае паміж вамі і мушкецёрамі, але ж ты бач – у дзіцяці хопіць адвагі, каб з адным мушкетам стаць супроць цябе ў адкрытым полі і пеша памерацца з такім выхвалякам, як ты, на кані з усёй тваёй збруяй і мэтлахамі”. – “Ах ты, coujon, -- закіпеў дзяцюк,-- вахлаком будзеш, калі, як сапраўдны шляхціц, не пацвердзіш сваіх слоў”. На гэта я кінуў яму пальчатку і сказаў: “Глядзі, калі ты пешы ў адкрытм полі не падымеш яе і не падасі мне, на што змусіць цябе мой мушкет, дык права і сіла мая абвясціць цябе ўсюды тым, кім мяне абазвала тваё нахабства”. Пасля гэтага мы расплаціліся з тракціршчыкам, а райтар, мой антаганісты супраціўнік, зрыхтаваў карабін і пістолі, а я мушкет; і калі ён выправіўся з прыяцелямі ў назначанае месца, дык сказаў Гізуйчмуту, каб загадзя выкапаў мне магілу. А той адказаў, што гэта ягоны клопат выкапаць магілу свайму прыяцелю; мне ж ён выгаварыў за лішнюю рызыку і шчыра сказаў, што пабойваецца, каб я не сыграў у дуду. Я засмяяўся, бо даўно ўжо абдумаў, як мне след сустрэць гэтага выдатна экіпіраванага райтара, калі ён супастатам кінецца ў адкрытым полі на пешага з мушкетам. І калі мы прыйшлі на тое месца, дзе мела адбыцца ўся гэтая закалотка, я заладаваў свой мушкет дзвюма кулямі, падклаў свежага запальнага труту, змазаў салам вечка на палічцы, як гэта робіцца ў абачлівых мушкецёраў, калі яны ў сырую макрэдзь хочуць уберагчы сухі трут і порах на палічцы.

Перш чым сысціся, пастанавілі між сабою нашыя сябры, што памераемся мы на роўным полі і на такіт выпадак кожны зойме адведзенае яму месца, адзін на ўсходзе, другі на захадзе, а тады ўжо няхай кожны спрыціцца, як сам хоча, каб адолець другога, як яно і след рабіць спраўнаму жаўнеру, калі ён бачыць перад сабою непрыяцеля. І ніхто з абодвух бакоў ні перад двабоем, ні падчас, ні пасля не павінен ні пасабляць свайму прыяцелю, ні помсціцца за яго смерць або за магчымае калецтва. І калі мы ў гэтым далі адзін аднаму слова і перабілі рукі, я і мой праціўнік таксама падалі адзін аднаму руку і даравалі сваю смерць; гэта было самае дурное глупства, на якое толькі здольны разумны чалавек, каб даказаць перавагу аднаго роду жаўнераў над другім, нібыта ад выніку нашай д’ябальскай і ў вышэйшай ступені нікчэмнай задумы залежалі гонар і рэпутацыя тых альбо іншых. А калі я стаў на вызначаным мне месцы смертаноснага поля з двума запаленымі кнатамі твар у твар з маім антаганістам, дык зрабіў выгляд, што насыпаю стары порах; гэтага, аднак, я не зрабіў, а толькі памацаў порах на вечку мушкетнай палічкі ды ўзяў шчэпцю, як гэта звычайна робіцца; і, перш чым мой праціўнік, які ўсё гэта добра трымаў на воку, мог убачыць белае воблачка, я прыклаўся да мушкета і падпаліў упустую свой падманны порах на вечку. Мой кручаны праціўнік падумаў, што мушкет схібіў, і ашалела кінуўся напрасткі, каб паквітацца і завінціць апошнія кранты. Але не паспеў ён агледзецца, як я адчыніў палічку і зноў пальнуў і прывітаў яго такім зарадам, што і стрэл і падзенне адбыліся адначасова.

Пасля гэтага я рэтыраваўся да сваіх сяброў, якія заціскалі і зацалавалі мяне; а сябры праціўніка вызвалілі таго са страмёнаў і абышліся з ім і з намі, як тое і належыць у сумленных людзей, калі ўжо крывасць між імі пайшла, бо, датрымаўшыся ў годнасці, прыслалі мне памянёную пальчатку. Але, як толькі адчуў я сябе на вяршыні славы, явіліся з Рэнэна дваццаць пяць мушкецёраў і ўзялі пад варту мяне і маіх таварышаў. А на мяне неўзабаве наклалі ланцугі і ковы і адправілі на суд генералітэту, бо пад страхам цялеснага пакарання і нават смерці ўсякія двабоі былі строга забароненыя.

*Тут: у значэнні “ўдосталь, поўніцай” (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

Сімпліцы з пішчаляй, барылай, калодай – варожай фартэцыяй завалодаў

Як што наш генерал-фэльдцойгмайстар стараўся за строгую ваенную дысцыпліну, я вельмі непакоіўся за сваю галаву на плячах. Тым не меней была надзея неяк выблытацца хоць бы ўжо з тае прычыны, што я ў такой ранняй маладосці паказваў крутую адвагу супроць непрыяцеля і здабыў сабе немалую славу і імя. Аднак надзея была даволі няпэўная, бо такія штодзённыя разборкі патрабавалі строгай адахвоткі на ўзорным прыкладзе. Нашыя тым часам якраз абселі моцнае пацучынае гняздо і запатрабавалі ў праціўніка здацца, але той адмовіўся, бо ведаў, што ў нас няма абложных гармат. Таму наш граф фон дэр Валь рушыў супраць памянёнага гнязда з усім войскам і, паслаўшы сурмачоў, зноў закамандаваў здачы, прыгразіўшы штурмам; аднак і гэта не дало ніякага выніку, апрача вось такога закручастага паслання:

“Высокародны граф, etc., etc. З прычыны Вашай графскай Эксэленцыі я ўразумеў, чаго Светласць дамагаюцца ад мяне імем Яго Вялікасці Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аднак Вашай Высакаграфскай Эксэленцыі ў сілу Вашай высокай эрудыцыі не можа быць не вядома, наколькі непрыстойна і ганебна гонару і званню жаўнера без адмысловай на тое крайнасці здаваць праціўніку такую пазіцыю, як гэтая; таму Эксэленцыя, спадзяюся, не будзе мець да мяне прэтэнзій, калі я запабягацьму гэтаму ўсёй маёй руплівасцю і дбаннем, пакуль зброя Вашай Эксэленцыі не змусіць мяне да іншага! Аднак калі Вашай Эксэленцыі прыпадзе нагода, недачынная да маёй пасады, зыскаць у майго нікчэмства рахманай пакоры, я застаюся

Вашай Эксэленцыі найпакорлівейшы паслужэнец

Н.Н.”

Пасля гэтага ў нашым лагеры было шмат дыскусій, бо адмяняць акцыю было б неразумна, а браць умацаванне на прыступ, не прабіўшы праходу, каштавала б вялікай крыві. Ды да таго ж і не без сумнення ці ўдасца ўзяць верх, ці не. А цягнуць сюды з Мюнстэра ці Гама гарматы з усім іх рыштункам – гэта шмат часу, намогаў і траты. А тым часам, як усе, і старое і малое, лезлі пад рукі са сваімі радамі і парадамі, ды і стрэліла мне да галавы неяк абярнуць гэта сабе на карысць, каб выдабыцца на волю. І я сабраў увесь свой цям і розум і пяць пачуццяў ды добра падумаў, як бы перахітрыц ворага, бо ўсё ў нас было, апрача гармат. І як толькі даўмеўся, дзе тут шукаць рады, я і давёў да ведаму майго падпалкоўніка, што прыдумаў-такі, як нам забраць тую крэпасць без тратаў і вялікіх турбацый, калі толькі я мецьму пардон і свабоду. Некаторыя старыя бывальцы пасмейваліся і казалі: “Шыбенік і за вяроўку хапаецца! Дзяцюк мае рацыйку да пана, адбрахацца думае!” Аднак падпалкоўнік і ўсе, хто мяне ведаў, прынялі мае словы за сімвал веры, а таму ён асабіста выправіўся да генерал-фэльдцойгмайстра і далажыў таму пра мой намысел, расказаўшы яму пры гэтым усё, што толькі мог і ведаў. А як што граф і да гэтага шмат чаго чуў пра Лавайчыка, дык распарадзіўся прывесці мяне і на той час зняць з мяне ковы. Калі я прыйшоў, у графа якраз быў стол, і мой падпалкоўнік расказаў яму, як я летась увесну першы раз стаяў на пасту каля брамы св. Якава ў Зёсце, і якраз пайшоў вялікі дождж з громам і бурай, а таму ўсе, хто быў у полі ці ў садзе, ратаваліся ўцёкамі, і вось у браме збілася маса людзей і коннікаў, але ў мяне ўжо тым часам хапіла клёку заклікаць варту да зброі, бо ў такой сумятні сама лёгка захапіць горад, што й не кожнаму старому жаўнеру-бывальцу прыйшло б у галаву. “Нарэшце, -- сказаў далей падпалкоўнік, -- прывалаклася да брамы нейкая старая, уся да рубчыка прамоклая, і, ідучы міма егера, сказала: “У мяне гэта надвор’е ўжо два тыдні ў гарбе сядзела!” Калі егер пачуў гэтыя словы, а ў руках у яго быў кій, ён сперазаў старую па гарбаціне і сказаў: “Дык што ж ты, чапяла старая, не магла яго раней выпусціць? Табе што, канечне было чакаць, калі мне ў каравул?”. А калі ягоны афіцэр заступіўся за тую старую, сказаў: “А так ёй і трэба; старая падла чатыры тыдні чула, што ўсе просяць-моляць спорнага дожджыку, чаго ж яна раней добрым людзям не адшкадавалася? Тады, можа, лепш урадзілі б ячмень і хмель!” – з чаго генерал-фэльдцойгмайстар, няма што быў чалавек даволі сур’ёзны, а от жа ад душы парагатаў. А я сабе падумаў: “Калі падпалкоўнік расказвае пра такія блазноты і вычуды, дык напэўна ж не змоўчаў і пра ўсё іншае, што я панавычвараў!” Але тут мяне прынялі.

Калі генерал-фэльдцойгмайстар спытаўся, якая ж у мяне прапазіцыя, я адказаў: “Літасцівы пане, etc.! Хоць мой учынак і справядлівы ўказ Вашай Эксэленцыі падводзяць мяне пад кару горлам, аднак жа найпакорнейшая вернасць, якою, не шкадуючы жывата, я павінен узычыць найлітасцівейшаму спадару Яго Рымскай імператарскай вялікасці, загадвае мне ўсімі даступнымі сродкамі, якія толькі дадуцца майму нікчэмству, учыняць шкоду непрыяцелю і спрыяць карысці і поспехам зброі Яго вышэйпамянёнай Рымскай імператарскай вялікасці”. Граф перапыніў мяне, спытаўшы: “А гэта ці не ты часам надоечы дастаў мне жывога мурына?” Я адказаў: “А нягож, літасцівы спадару!” -- “Твая рупнасць і вернасць, магчыма, вартыя, каб падарыць табе жыццё, але ў чым усё-такі твой план, як выкурыць ворага з гэтай умацаванай фартэцыі без лішняй страты войска і часу?” Я адказаў: “Як што гэта мястэчка не можа ўстояць супроць цяжкай артылерыі, дык нікчэмства маё з гэтага зазначае, што непрыяцель адразу папросіць пардону, як толькі ўбачыць, што ў нас ёсць абложныя гарматы-картаўны”. – “Дурны цябе поп хрысціў, -- сказаў граф, хто ж гэта іх так пераканае, каб паверылі?!” Я адказаў: “Іхнія ж вочы! Я назіраў у першпектыўную трубку за іхнімі пастамі; іх можна ашукаць, калі паставіць на падводы з моцнай запрэжкай калоды, падобныя на калодзежныя рыны, і вывезці ў поле, дык ім адразу здасца, што гэта цяжкая артылерыя, асабліва калі вашая графская светласць загадае сям-там у полі пакапаць дзеля блізіру, быццам там мы збіраемся ўсталяваць гарматы”. – “Любасны мой хлопча, -- запярэчыў граф, -- там сядзяць не дзеці, яны не павераць у такую блазноту, а захочуць пачуць, як грукочуць новыя гарматы. А калі гэтая хітрасць не ўдасца, -- сказаў ён далей афіцэрам, якія стаялі навокал, -- дык мы станем пасмешышчам усяму свету”. Я адказаў: “Літасцівы спадару! Хто-хто, а я нараблю іхнім вушам такога гарматнага грукату, што век не чулі, трэба толькі знайсці некалькі добрых пішчаляў ды вялікую бочку, інакш, вядома, як той казаў, без стуку, без груку не выкурыш суку. А калі, крый божа, усё гэта не сплешчацца і нічога, крым смеху не атрымаецца, дык рачце, пане, я, з чыёй інвенцыі ўсё гэта і заварылася, як што мне ўжо і без таго ўсё адно паміраць, прыхаплю з сабою на шыбеніцу і гэтую насмешку ды з ёю разам галоўкаю і налажу. І хоць граф усё не хацеў згаджацца на авантуру, аднак мой падпалкоўнік усё-такі схіліў яго, сказаўшы, што я вельмі здатны на рознаякія выцінкі, аджа ж ён амаль не сумняваецца, што мне ўдасца і гэтая. Таму нарэшце граф загадаў зрабіць усё, што тут належала, дадаўшы жартам, што ўся слава-няслава, якая выпадзе ў гэтай акцыі, яму аднаму перападзе.

І вось знайшлі тры адпаведныя калоды, перад кожнаю запрэглі па 24 кані, хоць і пары хапіла б з гакам, а адвячоркам правезлі іх так, каб бачыў непрыяцель; тым часам раздабыў я і тры пішчалі і парахавую барылу, якую знайшлі ў замку, і, зладзіўшы ўсё, як я таго хацеў, уначы прывёз яе да нашай антылерыі. У пішчалі заклалі двайны зарад, і я загадаў страляць праз тую бочку, у якой папярэдне выбіў дно, нібыта гэта мы падавалі тры сігнальныя стрэлы; і грымнула так, што кожны пабажыўся б, што гэта былі фальканэты альбо паўкартаўны. Наш генерал-фэльдцойгмайстар, гледзячы на гэтую забаву, ад усяго сэрца парагатаў, аднак жа прапанаваў непрыяцелю яшчэ раз дамовіцца пра здачу крэпасці, дадаўшы, што калі яны да вечара не ўпакорацца, дык раніцай казань пойдзе іншая. Неўзабаве з абодвух бакоў панадбеглі пасланцы, заключылі дагавор, і яшчэ тае ж ночы былі адчынены гарадскія брамы, што мне было асабліва дадушы, бо граф адразу ж не забыўся паказаць, як высока ён мяне цэніць; ён не толькі падарыў мне жыццё, якога я меўся паводле яго строгага загаду пазбыцца, але загадаў яшчэ адразу даць мне поўную волю вольную і пры мне загадаў падпалкоўніку, каб ён уручыў мне першы прапар, які толькі вызваліцца, што таму дужа не выпадала, бо ў яго завялося столькі ўсякіх зяцёў, швагроў і іншага сваяцтва, якія толькі і падсочвалі, каб прыпахлебіцца да такога гонару, аж я век бы не даждаў.

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

Сімпліцы расказвае пра падкопы славы і слоўца-другое пра амурныя справы

За час гэтага паходу я не сустрэў больш нічога вартага ўвагі. А калі вярнуўся ў Зёст, гесэнцы з Ліпштата звялі ў мяне з пашы разам з канём і кнэхта-конюха, якога я пакінуў прыглядаць маё дабро. Ад яго праціўнік якраз і выведаў пра ўсе мае дзеі і чыны; а таму зашанавалі мяне яшчэ больш, чым раней, бо, наслухаўшыся пагалосак, дапраўды паверылі, што я абазнаны ў чарах, у чорным буртніцтве. Конюх сказаў ім таксама, што быў адным з тых чартоў, якія (s.v.) да ўсёру напалохалі ў кашары егера з Вэрле. А калі памянёны егер даведаўся пра гэта, дык ужо аж так засаромеўся, што зноў даў цекача і перамахнуў да галандцаў. Але мне якраз абярнулася вялікім шчасцем, што мой слуга трапіў у палон, але пра гэта стане вядома з працягу маёй гісторыі.

Я пачаў паводзіцца больш салідна, каб не падарваць рэпутацыі, спадзеючыся атрымаць прапар. Спакваля я завёў кампані. З афіцэрамі і маладымі шляхціцамі, якія таксама мецілі ў тое самае, што і я надумаў неўзабаве атрымаць. Усе яны былі мае заклятыя ворагі, хоць і прыкідваліся лепшымі сябрамі, падпалкоўнік таксама не вельмі да мяне гарнуўся, бо атрымаў загад падвысіць мяне ў абход сваіх родзічаў. А гэйтман сумеўся, зніякавеў, бо ў мяне і коні, і вопратка, і зброя былі лепшыя за ягоныя, ды я больш нічым і не шчодрыўся старому скнару і сычу, як раней. Ён з куды большай ахвотай падзівіўся б, як мне днямі ўцялі б галаву, чым цяпер слухаць пра абяцаны прапар, бо спадзяваўся ўспадкаваць мае коні; а лейтэнант ненавідзеў мяне за адно толькі слова, якое неадумна пусціў. А зладзілася ўсё так. Нас былі паслалі разам кавалькадай у небяспечны дазор. Калі на варту заступіў я, -- хоць і была цёмная ноч, давялося залегчы, лейтэнант падпоўз да мяне, як гадзюка, і сказаў: “Вартавы, ты што-небудзь заўважыў?” Я адказаў: “Ну але ж бо, пане лейтэнанце”. – “Што? Што?” – спытаўся ён. Я адказаў: “Я заўважыў, што пану лейтэнанту страшна”. З гэтага моманту я і страціў ягоную ласку, і ўжо кожнага разу, дзе найбольш прыпякала, там мною і падтыкалі, усюды, дзе толькі было можна, ён шукаў прычыны выгнаць з мяне жывы дух, перш чым я зраблюся фэндрыкам, і я нічым і ніяк не мог яму ўсупрацівіцца. Не менш таго дазвалялі мне і фельдфебелі, бо гэта ж мяне пахвалілі перад усімі. А што да простых райтараў, дык іхняя любоў і дружба таксама пахіснуліся, бо, як яно бачылася збоку, было падобна на тое, што як бы я імі пагрэбаваў, пагрэбаваў іхняй суполкай, выбіваючыся ў панства, дзе мяне таксама не дужа чакалі. А найгорш было, што не знайшлося ніводнага жывога чалавека, які падказаў бы мне, як да мяне ўсе паставіліся; а сам я не мог нічога заўважыць, бо кожны, хто ў вочы казаў мне лагодныя словы, хацеў бы, каб я спруцянеў. Таму як і жыў, як сляпы, у поўнай пэўнасці, і чым далей, тым у большай пэўнасці і пысе, і хоць ужо ведаў, што сяму-таму не смакавала, што я выпярэджваў у раскошы многіх знакамітых і высакародных афіцэраў, аднак мне гэта не заважала. Я не саромеўся, як толькі стаў яфрэйтарам, надзяваць на сябе калет у шэсцьдзесят рэйхсталераў, чырвоныя кармазынавыя штаны і белыя аксамітавыя рукавы, расшытыя золатам і срэбрам, што ў тыя часы было прынята насіць у вышэйшым афіцэрстве; гэта кожнаму парола вочы. Я быў тады страшна малады дурань, такі, ведаеце, расхрыста з ветрам у галаве, які ўсё пускаў на рас пыл, замест каб паводзіцца з розумам, і калі б тымі грашыма, якія я з пустой пыхі і без аніякай карысці чапляў на сябе, падмазаў дзе трэба і каго трэба, дык хутка не толькі прапар дастаў бы, але і не нажыў бы сабе столькі ворагаў. Але і на гэтым я не схамянуўся, я ўбраў майго найлепшага каня, таго самага, якога Гізуйчмут дастаў у гесэнскага ротмайстра, такім сядлом, збруяй і зброяй, што, калі я сядаў на яго, мяне можна было прыняць за другога рыцара Георга. Нічога так мяне не дапякала, як думка, што я не шляхціц і не магу апрануць майго конюха і пахолка ў сваю фамільную ліўрэю. Я думаў: “Усё мае свой пачатак. Калі ў цябе ёсць герб, будзе і свая ліўрэя; а як станеш фэндрыкам, мецьмеш і сваю сыгнетку, хоць ты і не шляхціц. Я нядоўга мучыў сябе такімі скрупулатамі, як ужо праз comitem Palatinum* дастаў сабе і герб; Гэта былі тры чырвоныя маскі на белым полі, а на шаломе паясная выява маладога дурня ў цялячай скуры з парай заечых вушэй, упрыгожаных спераду бомкамі, бо, мяркую, гэта найбольш пасавала да майго імя, якое было – Сімпліцыус. Так я надумаў урваць са свайго блазенства, каб у будучым, ужо пры належным становішчы. Мець перад вачыма заўсёдны напамінак, якою цацаю быў колісь у Ханаў, каб не дужа задавацца, бо ўжо і цяпер я быў такі індык, што куды к чорту вадзіць кампанію са свіннямі. Ну, вось, нарэшце, здабыў я сабе імя, радаслоўню і герб, а калі б каму-небудзь пад’юджыла мяне гэтым папікнуць, дык, можаце паверыць, даў бы яму права выбару – шпага ці пара пістоляў.

Хай на тую пару я яшчэ не ўгоньваўся за бабскім полам, аднак жа вадзіўся з тымі шляхцючкамі, якія мелі адведзіны ў пэўных паненак, якіх было шмат у горадзе, каб пакрасавацца, пафарсіць фрызурай, вопраткай і плюмажам. Мушу прызнацца, што за маю пазітуру на мяне першага клалі вока, але тым часам выпадала і чуць, як распусныя шлюхі параўноўвалі мяне з прыгожай, добра выструганай драўлянай лялькай, у якой, акрамя прыгажосці, няма ні сілы, ні соку, бо апрача знешняга антуражу, ува мне не было больш нічога, што ім прыдалося б. Так што, акрамя трынкання на лютні, я не мог прапанаваць і выдаць нічога ім прыемнага, бо яшчэ нічога не ведаў пра каханне. А калі тыя, што ўвіваліся каля дзевак, шукаючы іхняй ласкі сваім далікатным красамоўствам, пакеплівалі з маёй няўвішнасці і ваўкаватасці, дык я пярэчыў, што будзе з мяне і таго, што я магу пацешыць сябе блішчастай шабляй і ладным мушкетам. А калі пад канец і дзеўкі пахвалілі мяне за такія словы, дык гэта аж так уела малойцаў, што яны тайна пакляліся забіць мяне, нягледзчы на тое, што сярод іх не знайшлося ніводнага, каму хапіла б духу кінуць выклік альбо даць мне зачэпку выклікаць каго-небудзь з іх, а на гэта ж хапіла б пары аплявух альбо моцных слоў; а як што я да таго ж раскідаўся грашыма, дык з гэтага дзеўкі вывелі, што я хлопец рэзалютны, і адкрыта казалі, што пры маёй паставе і пахвальных думках дзяўчыне аднаго майго слова больш дастаткова, чым цэлай казані і ўсіх кампліментаў, прыдуманых Амурам, -- усё гэта яшчэ больш злавала спаборнікаў.

Тут: герольдыя (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Сімпліцы надыбаў на скарб чароўны, вяртаецца ў Зёст з торбаю поўнай

Было ў мяне два выдатныя кані, уся мая радасць і ўцеха, якая толькі на свеце ёсць.

Кожны дзень, як толькі выдавалася вольная хвіліна, я выязджаў на іх на манежную ці проста на вольную ездню; і не таму так рабіў, што была патрэба аб’язджаць іх, а каб людзі пабачылі і падзівіліся, якія ў мяне шыкоўныя дрыганты. А калі я ці, лепей сказаць, конь гарцаваў на поўную цудоту сваю па вулцы, а дурны люд лупіў вочы і хлястаў языкамі: “Во, гля, гэта той самы Лавайчык! Ах, які ў яго конь! Ба, якое на ім пер’е!” альбо: “А гвалтачкі мае, які файны фацэт!”, я так і вастрыў вуха, так і ставіў, так і цешыў слых, нібы тое сама царыца Саўская Нікаула прыпадобніла мяне да мудрага Саламона, пры ім самім седзячы. Але я, трундала, тым самым часам не чуў, што, мабыць, гаварылі пра мяне людзі разумныя і дасведчаныя альбо ж і незычліўцы. А яны ж, без пахібы, зычылі, каб я скруціў сабе карак і ножкі выпруціў, з таго каня летучы, бо ні ў чым ніяк не маглі са мною зраўняцца. А тыя, вядома, лічылі, што калі б кожнаму прыпадала па ягоных заслугах, дык будзьце пэўныя, я не быў бы будзь-будзь, вой не! Карацей, каторыя разумнейшыя, мелі мяне за маладога немысля, чыя фанабэрыя не задоўжыцца, бо і на тхара прыходзіць пара, бо ўсё гэта на крохкім і страдным падмурку лепіцца і на ненадзейнай вайсковай талані.

І калі ўжо мне самому казаць усё гэта па шчырасці, дык мушу прызнацца, што гэтыя суддзі ў расправах сваіх мелі-такі рацыю, хай тады гэта ў мае глузды і не заходзіла, бо я мог даць добрага пытлю любому праціўніку і антаганісту, калі той са мною завядзецца, -- як спраўны, круты жаўнер, хоць быў я, калі ўжо на тое, яшчэ дзіця горкае. А ўзнёсся я так высока з тае прычыны, што на тыя часы любы смаркаты плюгавец з канюшні мог застрэліць самага адважнага на свеце героя; не будзь на той час прыдуманы порах, дудзеў бы я на сваёй дудзе ды спаў бы на хамутах.

І вось так выгарцоўваючы, завёў я сабе звычку аб’язджаць усе дарожкі і сцежкі, усе равы і яры, балоты, хмызы, груды, ручаі і рачулкі, усё браць на вока і класці ў памяць, каб, калі ў будучым падвернецца якая аказія счапіцца з непрыяцелем, можна было скарыстацца мясцовасцю і ў offensive і ў defensive*. З такім намерам вырупіўся я аднаго разу праехацца непадалёк ад горада каля старых руінаў, дзе колісь стаяла вялікая гаспода. І я адразу падумаў: “Вось выдатнае месца, дзе можна зладзіць засаду альбо куды зашыцца, асабліва нам, драгунам, калі дапякуць райтары альбо змусяць уцякаць”. Я ўехаў на двор з разваленымі мурамі, каб паглядзець, ці нельга там у разе якой пільнасці схавацца з коньмі альбо абараняцца пеша. І калі я, каб ужо ўсё агледзець як след, хацеў быў пад’ехаць да склепа, сцены якога яшчэ добра трымаліся, конь мой раптам занаравіўся, і ні ласкай, ні падсцёбкай я не мог скіраваць яго туды, куды трэба, хоць звычайна ён нічога не баяўся. Я шпыняў яго астрогамі, аж нават шкада стала, але і гэта не дапамагло, і ён не зрушыў з месца. Я спешыўся і ўзяў каня пад аброць, каб звесці яго ўніз па асыпаных прыступках, але ён пудзіўся і не ішоў. Ён з усіх капытоў упіраўся; нарэшце ласкавымі словамі і пагладжваннем мне ўдалося звесці яго ўніз, і калі я лашчыў яго і гладзіў, тут і заўважыў, што ад страху ён спацеў і ўвесь час глядзеў у кут склепа, куды ніяк не хацеў ісці і дзе я нічога не бачыў, што магло б напалохаць. А калі я так стаяў і глядзеў на каня, які дрыжаў ад страху, на мяне самога найшла такая немарасць, як калі б хто раптам схапіў мяне за валасы і выліў на мяне вядро халоднай вады. Але я не мог там нічога разгледзець; а конь пачаў паводзіцца яшчэ больш дзіўна, аж я не мог падумаць нічога іншага, як толькі што, можа, буду тут з ім разам зачараваны і будзе тут, у склепе, мне апошняя крайнасць. Таму я рашыў вярнуцца назад, але конь мой і тут заўпарціўся, а мне стала проста вусцішна, бо я ўжо і сам ледзь разумеў, што раблю. Нарэшце паклаў на руку пістолю, прывязаў каня да моцнага бэзу (ён рос пасярод склепа), каб выйсці вонкі і там пашукаць людзей, якія дапамаглі б мне вывесці каня; і пакуль я ўсё гэта абдумваў, прыйшло мне ў галаву, а ці не схаваны ў гэтых мурах які-небудзь скарб, можа, якраз таму тут і нячыста. Я паверыў гэтай здогадцы, разгледзеўся, павадзіў вачыма і адразу ў тым самым цёмным куце, куды не хацеў ісці мой конь, разгледзеў, што частка сцяны, прыкладна памерам з хатні куфар, колерам і муроўкай не зусім падобная на астатняе. Але як толькі я рушыў туды, тут ува мне ўсё і забунтавала, валасы ўсталі дыба, і гэта яшчэ больш умацавала маю здагадку, што менавітат тут і ёсць спраты мінулага, менавіта тут ён і схаваны – скарб.

У дзесяць, у сто разоў ахвотней пабыў бы ў перастрэлцы, пайшоў бы на скрут галавы, чым зведаць такую жудасць. Мяне катавалі, а я не ведаў хто, бо нічога не чуў і не бачыў. Я ўзяў з сядла і другую пістолю і хацеў быў ужо пакінуць каня і пайсці, але не мог падняцца па прыступках, бо як мне здалося, у твар дыхнула моцным парывам ветру, -- вось тут якраз нібы кот учапіўся мне ў карак. Нарэшце я даўмеўся бабахнуць з абедзвюх пістоляў, каб сяляне, якія працавалі непадалёк, прыбеглі мне на выручку. Я так і зрабіў, бо больш не было ні сродку, ні надзеі на ратунак з гэтага лядашчага зачараванага месца. Я так зазлаваўся ці, правільней сказаць, спалохаўся (бо і сам не ведаў, што са мною робіцца), што, страляючы, нацэліўся якраз у тое месца, дзе, як я думаў, была закладзена прычына маёй дзіўнай прыгоды, і ўсадзіў у памянёную частку сцяны дзве кулі з такою сілаю, што прабіў дзірку, у якую можна было ўсунуць два кулакі. А калі грымнуў стрэл, мой конь заржаў і настрабуніў вушы, і гэта мяне суцешыла; я не ведаю, ці тая немарасць альбо прымарока знікла, ці бедная жывёла так зарадавалася стрэлу, але мне адразу адлегла ад сэрца, і я без страху падышоў да дзіркі, прабітае маімі кулямі, і пачаў развальваць сцяну, пакуль не адкрыўся такі багаты поклад срэбра, золата і каштоўных камянёў, што мне і да сёння жылося б наедна, калі б я здолеў правільна ім скарыстацца. Тут было шэсць тузінаў срэбных застольных кубкаў старафранкскага вырабу, вялізны залаты келіх, некалькі кубкаў-спарышоў, чатыры срэбныя і адна залатая салатніцы, старадаўні залаты ланцуг, розныя брыльянты, рубіны, шафіры і смарагды як у пярсцёнках, так і ў іншых кляйнодах; item, цэлы куфэрак паўным-поўны жэмчугу, толькі ўжо ён і высах і выцвіў; яшчэ ў падтрухлым скураным мяшэчку восемдзесят старых якімаўскіх талераў з чыстага срэбра, а яшчэ 893 залатнікі з французскім гербам і арлом, а якія гэта манеты, ніхто не ведаў, бо, як сказалі пазней, шрыфт на іх быў ужо неразборлівы. Гэтыя манеты, пярсцёнкі і кляйноды я парассоўваў у кішэні, боты, штаны і пістольную сумку, і як што я не ўзяў з сабою мяшка, бо ж выехаў толькі дзеля праездкі, дык зрэзаў з сядла шабрак, які быў пашыты з падкладкаю і мог паслужыцца за мяшэчак, і склаў у яго ўвесь астатні срэбны посуд, павесіў на шыю залаты ланцуг, сеў на каня і паскакаў да нашых кватэр. А калі я выязджаў з двара, згледзеў двух сялян, якія, убачыўшы мяне, збурыліся ўцякаць, але я хутка дагнаў іх, бо чатыры пары ног і роўнае поле добра таму спрыялі; я спытаўся ў іх, чаго яны ўцякалі і чаго ім так страшна. Тады яны прызналіся, што ім здалося, быццам я якраз тая прымарока, якая жыве ў гэтых панскіх руінах і пераследуе кожнага, хто надта блізка падыходзіць сюды. А калі я пачаў распытвацца ў іх пра ўсе акалічнасці, ячны адказалі, што ад страху перад памянёнай прымарокаў вось ужо каторы год ніхто не заглядвае ў гэты двор, хіба што заблудзіць які-небудзь чужапанец. Як вядома з шырокіх пагудак, там схаваны жалезны куфар, а ў тым куфры поўна грошай, і вартуюць яго чорны сабака і праклятая Дзева, і як вядома са старога падання, ды яны і самыя чулі ад дзядоў, павінен аб’явіцца ў гэтых мясцінах заезны чужаземны шляхціц, які нічога не ведае пра сваіх бацьку і маці, ён вызваліць Дзеву, адамкне вогненным ключом жалезны куфар і завалодае схаваным скарбам. Такіх недарэчных гісторый панарасказвалі яны мне поўную торбу і дадалі, што яшчэ не чулі, каб хто-небудзь вярнуўся з таго двара, не абрабіўшыся ад смяротнага страху праз тую пачварную прымароку. Праўда, за іх памяці нейкія валачобнікі і закліначы хадзілі туды капаць, аднак толькі журбы набраліся, бо іх там так прынялі і турнулі, што з тае пары ні ў кога духу не хапала шукаць скарбы, асабліва як пайшла чутка, што ён дасца ў рукі толькі таму, хто ні разу не скаштаваў жаночага малака. Я сказаў, што калі так, дык ляжацьме той скарб да покату веку. “А хто ж вам сказаў, што там жыве праклятая Дзева?” Сяляне адказалі: “Некалькі гадоў таму назад адна дзяўчынка з іхняй вёскі пасвіла на лузе непадалёк ад таго месца козы. І калі адна каза адбілася і забегла на страшны двор, дзяўчынка, нічога не ведаючы пра прымароку, пабегла заняць тую казу да чарады; тут да яе і выйшла Дзева і спыталася, што ёй тут трэба, і калі дзяўчынка адказала, што хацела заняць казу, якая сюды заблытала, Дзева паказала ёй цэлы кош вішняў, сказаўшы: “Ідзі і вазьмі тое, што бачыш перад сабою, і звядзі сваю казу; але не вяртайся і не азірайся, каб не сталася табе бяды!” Гэтыя словы напалохалі дзяўчынку, яна як нежывая ўхапіла сем вішняў, якія, як толькі яна выйшла з руінаў, ператварыліся ў сем манет”.

Пасля я спытаўся ў сялян, што ж ім самім тут было трэба, калі б усё адно не адважыліся б зайсці ў двор. Яны адказалі, што чулі стрэл і моцны крык, вось і прыбеглі падзівіцца, што тут робіцца. А калі я сказаў, што я стрэліў, каб людзі прыбеглі дапамагчы, бо мне таксама зрабілася вусцішна, аднак я не чуў ніякага крыку, тыя адказалі: “Доўга страляць давялося б у гэтым замку, пакуль прыбег бы сюды хто-небудзь з суседзяў; і калі папраўде, тут завяліся такія дзіўныя дзівосы, што мы нізавошта не паверылі б маладому панічу, быццам ён там пабываў, калі б на свае вочы не пабачылі, як ён адтуль выехаў”.

Пасля гэтага ім хацелася выведаць у мяне ўсяго ўсякага, асабліва што там усярэдзіне робіцца і ці бачыў я Дзеву і чорнага сабаку каля жалезнага куфра, так што калі б я хацеў павыхваляцца, дык мог бы ім нахлусіць пад самую гічку ўсялякіх дзівосаў; але я не расказаў ім анічагусенькі, асабліва пра тое, што здабыў каштоўны скарб, а паскакаў сваёй дарогай да нашых кватэр, паглядваючы на сваю знаходку, і шчыра радаваўся.

* У нападзе і ў аабароне (лац.).

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

Сімпліцы баіцца страціць кляйноды, і раздарыць іх таксама шкода

Хто ведае, чаго вартыя грошы, і з гэтай прычыны лічыць іх сваім божышчам, той мае на гэта падставы; бо калі ёсць хто на свеце, хто зведаў іхнюю сілу і амаль боскія цноты, дык гэта я. Я ведаю, што на душы ў таго чалавека, які мае іх у дастатковым запасе; а я ж па сабе ведаю, як пачуваецца таму, у каго ніводнага гелера за душою. Так, я ўзяўся даказаць вам, што ў грошах больш цноты і моцы, чым ва ўсіх высакародных камянях; як дыямант, яны разганяюць любую меланхолію; як смарагд, яны спараджаюць ахвоту і прынароўку да штудыяў; ці не таму сярод студэнтаў звычайна больш дзяцей багатых, чым бедных. Яны здымаюць з сэрца баязлівасць, робяць людзей вясёлымі і шчаслівымі – бы рубін; часам наводзяць бессань – бы гранат; і наадварот, маюць вялікую сілу, як гіяцынт, даюць чалавеку сон і спакой; яны мацуюць сэрца, разганяюць пустыя трывогі і ўсяляюць у чалавека радасць, свежасць, дабрамыснасць, як шафір і аметыст; яны развейваюць дрэнныя сны, узвясельваюць, адточваюць розум, і калі чалавек з кім-небудзь судзіцца, дык бярэ верх, асабліва калі як след падмажа суддзю – ну, чыста як сардыс. Яны тушаць пажаду і нецнатлівыя памкненні, асабліва калі за іх бярэш харошанькіх кабетак. Карацей, словамі не апішаш усяго, што могуць мілыя грошыкі, як я ўжо пісаў пра гэта ў сваім “Чорным і Белым” -- калі ты ўмееш імі правільна распарадзіцца.

А што да мяне, дык усё маё, здабытае і рабункам, і хапункам, і знойдзеным скарбам, мела сваю адмысловую прыроду, бо зрабіла мяне яшчэ больш фанабэрыстым, чым я быў раней, і спрыкрыла сэрца тым, што я мушу насіць толькі імя Сімпліцыус. Гэта не давала мне заснуць, як аметыст; бо я часам цэлымі начамі ляжаў і думаў, што б такое яшчэ зладзіць, каб прыўлашчыць больш. Усё гэта зрабіла мяне кемным арыфметыкам; я рахаваў, на колькі пацягне срэбра і золата, якое было не ў манетах; я складваў гэта з тым, што было прыхавана ў розных месцах і што я трымаў пры сабе ў торбе; у выніку, не лічачы камянёў, выходзіла круглая сума. Гэтыя грошы дазволілі мне прыставіць сваю прыроджаную хітрыну і ліхую прыроду да вядомай прымаўкі: скупы і вачмі не наесца, і ўрэшце яны ператварылі мяне ў апошняга, усім нянавіднага скнару. Яны ж і ўшчапілі мне ў мазгі розныя ідыёцкія запланоўкі і дзіўныя замарачэнні, але добра яшчэ, што за ніводзін намысел я згопалу не ўхапіўся. Аднаго разу пачапілася думка, што пара мне канчаць з вайною, дзе-небудзь трэба асесці і выглядваць у акно, уткнуўшыся ў шыбу замурзанай храпай. Але я хуценька адумаўся, калі ўспомніў, якое прывольнае жыццё я вяду і якія светлыя надзеі абселі мяне, як уроілася мне ў галаву выбіцца ў панства – у вялікія Гансы ўтачыцца; і тады я падумаў: “Ай, Сімпліцы, не фігуруйся, не выдурнівайся напрапашча, ты ж не на прыпечку ляжыш, лепей навярбуй імператару гуф драгунаў, вось і будзе яно шляхетна, вось і будзеш ты вылізаны малады шляхцюк, які з часам пойдзе высока і далёка, як вока сягае”. Але я толькі прыкінуў, што ўся мая веліч можа знікчэмніцца і разляцецца к чартаматары ў першай няўдалай сутычцы альбо разбурыцца разам з вайною пры заключэнні міру, дык адразу і расхацелася. Тады пачаў я думаць, як бы гэта хутчэй уступіць не ў панскія халявы, а ў сапраўдную мужчынскасць; “бо, як абрасцеш, -- падумаў я сабе, -- возьмеш жонку, прыгожую, маладую, багатую, а там прыкупіш які-небудзь маёнтак ды і зажывеш спакойна і роўна”. Хацелася заняцца жывёлай і мець з яе сумленна здабыты кавалак; але як што я быў яшчэ замалады на такі гандаль, дык давялося адкінуць задумку. Гэтых і падобных намераў было ў мяне шмат, пакуль, нарэшце, я не рашыў схаваць усё маё багацце ў якім-небудзь добра абароненым горадзе ў надзейнага чалавека і чакаць, што далей пашле Фартуна. Тады я яшчэ трымаў пры сабе Юпітара, бо ніяк не мог ад яго адкараскацца; а ён часам вёў даволі субтыльныя гаворкі і па некалькі тыдняў бываў пры поўным розуме, а таксама без усякай меры палюбіў мяне, бо я зрабіў яму шмат добрага; і, бачачы цяпер мяне ў пастаяннай задуменнасці, сказаў мне такія словы: “Любасны сыне! Лепей раздары ўсё сваё нарабаванае срэбра і золата!” Я сказаў: “А навошта, дарагі Ёве?” – “А на тое, -- адказаў ён, -- каб такім чынам набыць сабе сяброў і агрэбціся ад лішніх турботаў”. А я сказаў, што ахвотней дадаў бы і да таго, што маю, бо хто ведае, на што яно мне прыдасца? А ён сказаў: “Глядзі, сыне, дзе ты больш абрашчаш; на такой тваёй дарозе ты да скону дзён сваіх не здабудзеш ні сяброў, ні спакою. Хай скнарацца старыя жмінды, а ты будзь малады шустры малойчык; больш трэба засмучацца, што ты збяднеў на сяброў, а не на грошы”. Я падумаў пра гэта і, хоць палічыў, што Юпітар разважыў правільна, але скупасць ужо так авалодала мною, што я зусім не збіраўся нічога раздарваць. Усё-такі пад канец я паднёс каменданту некалькі срэбных і пазалочаных шклянак на гульню ў косці, майму гэйтману некалькі срэбных салоніц, чым, зрэшты, нічога не прыдбаў, а толькі распаліў у іх прагу на тое, што ў мяне заставалася, бо то ж усё былі старыя рэдкія рэчы, так бы мовіць – рарытэтныя спраты, цаны ім няма. Свайму вернаму прыяцелю Гізуйчмуту я падарыў дванаццаць рэйхсталераў; а ён мне параіў схаваць багацце дзе-небудзь далей альбо чакаць бяды на галаву, бо афіцэры косяцца, калі ў простага жаўнера заводзіцца лішні грош. Бачыў ён таксама, як за грошы адзін жаўнер забіваў потайкам другога; а да гэтага часу я мог лёгка хаваць у таямніцы ўсё, што ўдавалася нахапаць і назбіраць са здабычы, бо кожны ж думаў, што я зноў усё распусціў на барахло, каня і зброю, а цяпер не мог нікому засляпіць вочы і пераканаць, што грошай не засталося, бо кожны лічыў знойдзены скарб большым, чым ён быў насамрэч, і ў дадатак я ўжо менш раскідаўся грашыма, чым раней. І яму, Гізуйчмуту, даводзілася чуць, якія показкі хадзілі сярод драгунаў; на маім месцы ён махнуў бы рукою на вайну, хай ідзе як ідзе, а сам пасяліўся б, дзе больш бяспечна, чым аддаўся б волі Божай. На яго думку, не варта далей спакушаць Фартуну, досыць здабыў я сабе і гонару і славы і ўсялякага дабра і так спасобіўся ва ўсіх сваіх дзеях, як гэта ўдавалася наўрад ці аднаму з тысячы. Я адказаў: “Паслухай, браце! Не магу ж я вось так проста адмовіцца стаць фэндрыкам?” – “Во, во, -- сказаў Гізуйчмут, -- каб я прапаў, каб я так жыў, калі ты атрымаеш той прапар; іншыя, хто, як і ты, цягнецца да яго, сто разоў падставяць табе нагу, калі ўбачаць, што прапар вызваліўся і ты маеш шанцы яго атрымаць. Не вучы мяне лавіць плотак – мой бацька еў карася! Павер, браце, мне! Хто-хто, а я пабачыў, што і як на вайне, ведаю больш за цябе! Ці ж ты не бачыш, як сёй-той фельдфебель галавой, розумам ссівеў каля сваёй алебарды, хоць у паходах і вызначыўся перад іншымі; альбо ж ты думаеш, ім няма на што спадзявацца? Да таго ж яны і права маюць на падвышку, ты і сам гэта прызнаеш”. Я мусіў змоўчаць, бо Гізуйчмут ад усяго чыста нямецкага сэрца сказаў мне шчырую праўду, ні ў чым не пакрывіўшы душою; я сціснуў зубы, бо яно такі так – занадта ўжо думаў пра сябе немаведама як высока.

Усё ж я даў увагі ягоным словам, а таксама парадзе майго Юпітара і пераканаўся, што ням а ў мяне ніводнага сярдэчнага сябра, які паспеў бы мне на выручку ў бядзе, а калі мяне заб’юць, дык каб тайна ці адкрыта адпомсціў за маю смерць. Гэтак сама я мог лёгка ўзяць у разлік усе акалічнасці, якія б яны ні былі; аднак ні маё славалюбства, ні прагнасць да грошай і яшчэ больш за тое надзея ўзвысіцца не дазвалялі мне паквітацца з вайною і здабыць сабе спакой; але я ўмацаваўся ў ранейшым намеры, і, як што тады якраз далася нагода пабываць у Кёльне (бо я быў назначаны з сотняй драгунаў канваяваць туды купцоў з таварам з Мюнстэра), спакаваў усе свае скарбы, узяў іх з сабою і аддаў на захаванне тамтэйшаму самаму багатаму купцу, які выдаў мне распіску. Там было чыстага нечаканенага срэбра на семдзесят чатыры маркі, ды ў асобным запячатаным куфэрку пярсцёнкі і каштоўнасці, усяго з усім золатам і камянямі восем з палавінаю фунтаў вагі, разам з васьмюстамі дзевяноста трыма старадаўнімі залатнікамі, з якіх кожны важыў столькі, колькі паўтара залатых гульдэнаў. Майго Юпітара я таксама ўзяў з сабою, бо ён вельмі хацеў і прасіўся і ў Кёльне ў яго былі сваякі. Перад імі ён усяляк нахвальваў дабрадзействы, якія я рабіў яму, і схіліў іх прыняць мяне з вялікай пашанай. Але мне ён не пераставаў даводзіць, што трэба было лепей скарыстацца грашмі і набыць сабе сяброў, ад якіх было б больш карысці, чым ад золата.

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Сімпліцы ў палоне; на судзе афіцэраў высока трымае гонар жаўнера

Едучы назад, я разважыў, што мне рабіць у будучым, каб усе мне бажаволілі добрай ласкай; бо Гізуйчмут запусціў-такі мне ў вуха неспакойную блыху, запэўніўшы, быццам кожны зайздросціць мне, што, зрэшты насамрэч так і было. Згадаў я таксама, што неяк параіла мне славутая вароджка ў Зёсце, і гэта дадало яшчэ большай згрызоты сэрцу. І вось такімі развагамі навастрыў я свой розум і зазначыў сабе, што і праўда, чалавек, які жыве без турботаў, амаль падобны на жывёлу. Я раздумваў і прыдумваў, хто, як і за што мог бы мне адсукаць свечку, прыкідваў, як да каго мне падсябрыцца, каб зноў увайсці ў шчыр і ласку і колькі ж бо дзіву даваўся з некаторых, якія асыпалі мяне пахваламі, ніякай любові, аднак, у сэрцы не маючы. Таму я пастанавіў сабе таксама прыкінуцца і гаварыць кожнаму, што яму падабаецца найбольш, запісаць у почат святых кожнага, хай нават сэрца да яго не ляжацьме; а самае галоўнае, зразуметае, дык гэта, што якраз менавіта маё гардунства наклікала на мяне гайню ворагаў. А таму самае патрэбнае цяпер – зноў пасядзець ціхенька, не выстаўляцца, не загаляцца, больш блытацца з простымі жаўнерамі, трымаць у руках капялюш перад вышэйшымі і крыху збавіць лішняй празмернасці ў строях, пакуль не змяню сваёй пасады. У купца ў Кёльне я ўзяў сто талераў, якія павінен буду вярнуць яму з наварам, калі ён мне зноў аддавацьме мае скарбы; палавіну гэтых грошай я мерыўся раздаць канвою, бо нарэшце расшалопаў, што скнарствам сяброў не прыдбаеш. Менавіта так я рашыў перамяніць сваё жыццё і пакласці гэтаму пачатак ужо ў дарозе. Але я рашыў наладзіць папойку без гаспадара, і ўсе мае планы паляцелі дагары нагамі. Бо калі мы ехалі горнай дарогай, нас высачылі ў самым зручным для гэтага месцы восемдзесят мушкецёраў і пяцьдзесят райтараў якраз тады, калі я з групай усяго ў пяць чалавек разам з капралам быў пасланы наперад рэкагнасыраваць дарогу. Калі мы параўняліся з засадай, непрыяцель затоіўся і прапусціў нас наперад, каб нападам на нас не ўспалошыць канвою да таго часу, пакуль самі не нападуць на яго; а паслалі за намі карнэта з шасцю райтарамі, якія не выпускалі нас з вачэй, пакуль астатнія не напалі на канвой, а мы павярнулі назад, каб паказаць і сваю адвагу. Тут яны і кінуліся на нас і закрычалі, ці не хочам мы да іх на пастой і лежу? Што да мяне, дык я ездзіў добра, конь у мяне быў спраўны, але я не хацеў паказваць пятаў, а скакаў па невялікай лагчынцы, прыглядваючыся, ці нельга і тут заслужыцца на гонар.Тым часам я адразу па залпе спетрыў, які там усчаўся кавардак, а таму рашыў усё-такі ўцякаць, але карнэт усё разлічыў наперад і адразу заступіў мне дарогу; калі ж я хацеў прабіцца, ён, прыняўшы мяне за афіцэра, зноў запрасіў на пастой. Я падумаў: “Жыццё ўсё-такі лепшае за няпэўную рызыку” – і спытаў, ці хоча ён узяць мяне на пастой, як сумленны жаўнер. Той адказаў: “Ну, вядома, па справядлівасці!” І вось, спрэзэнтаваў я яму маю шпагу і здаўся ў палон. Ён адразу спытаўся, хто я такі, бо прыняў мяне за радавітасць, а значыцца, за афіцэра. А калі я яму адказаў, што мяне празвалі Лавайчыкам з Зёста, ён сказаў: “Дык табе пашанцавала, што папаўся нам не тыдні чатыры таму назад: тады я не мог бы даць табе кватэры, бо цябе ўсе лічылі ведзьмаром, які знюхаўся з лядашчым!”

Гэты карнэт быў храбры малады кавалер і старэйшы за мяне не больш чым гады на два. Ён не дужа каб узрадаваўся, што яму выпаў гонар паланіць славутага Лавайчыка, а таму сумленна стрымаў сваё слова, як галандзец, у якіх было правіла не лазіць у пояс палонным гішпанцам і нічога ў іх не браць; і ён быў настолькі ветлівы, што ні разу не зрабіў мне візітацыі, а я быў дужа далікатны і сам дастаў грошы з сумкі і прапанаваў яму дзялёжку; яшчэ ціха сказаў карнэту, хай пастараецца, каб яму дасталіся мой конь, сядло і збруя, бо ў сядле ён знойдзе яшчэ трыццаць дукатаў, а конь у мяне і без таго такі, што лепшага наўрад ці дастанеш. І карнэт аж так прыкіпеў да мяне, быццам я яму быў родны брат; ён адразу перасеў на майго каня, а мне дазволіў ехаць на сваім. А наш канвой страціў не больш шасці чалавек забітымі, ды трыццацёх было ўзятых у палон, але ў іх не хапіла рызыкі на спробу адбіць здабычу ў чыстым полі, што яны маглі лёгка зрабіць, бо ўсе былі на конях.

Калі падзялілі здабычу і палонных, шведы і гесэнцы таго ж вечара разышліся ў розныя бакі, бо яны былі з розных гарнізонаў. Мяне, капрала і яшчэ трох драгунаў атрымаў карнэт, бо сам узяў нас у палон; пасля гэтага адправіў у крэпасць, якая была непадалёк, мілі за дзве ад нашага гарнізона. І як што я раней у тых мясцінах шмат пагарэзаваў, дык імя маё было там добра вядомае, і мяне больш баяліся, чым любілі. Калі мы ўбачылі горад, карнэт паслаў наперад райтара далажыць каменданту, як прайшла аперацыя і хто ўзяты ў палон; гэта нарабіла ў горадзе такога гвалту, што і не раскажаш, бо кожнае хацела зірнуць на егера Лавайчыка, штуканта, які вычвараў няма ладу якія дзівосы. Усе гаварылі пра мяне той тое, той другое, і было так, нібыта ў горад меўся завітаць нейкі вялікі патэнтат.

Нас, палонных, адразу прывялі да каменданта, які вельмі здзівіўся з маёй маладосці. Ён спытаўся ў мяне, ці не служыў я калі ў шведаў і адкуль я родам. А калі я сказаў яму праўду, ён пацікавіўся, ці не з’ахвочуся я зноў перайсці на іхні бок. Я адказаў, што мне ўсё адно, але як што я чыніў прысягу аўгусцейшаму імператару Рымскай імперыі, дык мяркую, трэба яе трымацца. Пасля ён загадаў адвесці нас да паўнамоцніка, дазволіўшы, аднак, карнэту зладзіць на ягоны кошт нам увечары гасціну, бо раней я такім самым чынам трактаваў сваіх палонных, сярод якіх быў і ягоны брат. А калі звечарэла, розныя афіцэры, як высакародныя кавалеры, так і жаўнеры Фартуны, сышліся ўсе сполам у карнэта, які загадаў паклікаць мяне і капрала; і мушу прызнацца, папраўдзе, яны частавалі мяне з найвялікшай пачцівасцю. Я так весяліўся, быццам нічога не страціў, і вёў такую шчырую і сяброўскую гутарку, як калі б быў сярод найлепшых прыяцеляў, а не ў палоне ў ворага; пры гэтым стараўся быць дастаткова сціплым, наколькі гэта ўдавалася, бо лёгка мог уявіць сабе, што каменданту перакажуць пра мае паводзіны, што яно так і было, як пазней я даведаўся.

На другі дзень усе мы, палонныя, па адным сталі перад палкавым суддзёю, які дапытаў нас кожнага. Капрал быў першы, я другі. Ледзь толькі ўвайшоў я ў залу, як ён пачаў падзіўляцца з маёй маладосці і сказаў дакорліва: “Дзіця маё! Чым табе ўвярэдзіліся шведы, што ты пачаў з імі ваяваць?” Гэта мяне вельмі ўтклівіла, асабліва калі я і сярод іх згледзеў маладых жаўнерыкаў, як і я сам, а таму я адказаў: “Шведскія ваяры адабралі ў мяне гліняныя бондачкі, такія, ведаеце, пулькі, а мне хацелася забраць іх назад”. І калі я яму такім чынам адплаціў, многім афіцэрам, якія сядзелі побач, зрабілася сорамна, і адзін з іх загаварыў на лаціне, што трэба гаварыць са мною пра сур’ёзныя справы, ён шмат чаго чуў і перад імі не “дзіця маё”. Тут я змеціў, што суддзю завуць Эўсэбіус, бо так называў яго памянёны афіцэр. Тады суддзя спытаўся ў мяне пра імя, і калі я назваўся, ён сказаў: “Ніводнага чорта ў пекле не завуць Сімпліцысімус!” На гэта я адказаў: “Вельмі верагодна, што ў пекле нікога не завуць і Эўсэбіусам!” Такім чынам і гэтым разам я адпёк яму кухана, як нашаму палкавому пісару Кірыяку, што, аднак, не ўсмакавала афіцэрам, бо яны сказалі, каб наша памятала, што я ў палоне і прыведзены да іх не кепікі строіць. Але гэты напамінак не ўвёў мяне ў чырвань і не прымусіў перапрашацца, а падсцёбнуў сказаць у адказ, што калі яны лічаць мяне палонным жаўнерам, а не дзіцём, якога трэба, у цымбалы яму ўкінуўшы, адпусціць дахаты, дык мог бы і я спадзявацца, што яны не будуць разводзіць смешачкі, быццам з немаўлятка якога; бо як у мяне пыталіся, так я і адказваў, аднак жа спадзяюся, што мне за гэта не будзе адкроена горкая луста. Пасля яны пыталіся, адкуль я родам, пра паходжанне і род, асабліва, ці не служыў я раней на баку шведаў, item, якія абставіны ў Зёсце, ці вялікі там гарнізон і пра ўсякае такое іншае. Я адказваў ім на ўсё хутка, коратка і ясна, а пра Зёст і яго гарнізон роўна столькі, каб за гэта не несці адказнасці, аднак палічыў за лепшае перамоўчаць, што быў блазнам, бо гэтага я саромеўся.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Сімпліцыю ў шведаў вольная воля, стачыць яму ягоная доля

Тым часам у Зёсце даведаліся, як усё абышлося з канвоем і што мяне разам з капралам і іншымі захапілі ў палон, а таксама, куды нас завялі; таму на другі ж дзень з’явіўся барабаншчык на выручкі; з ім адпусцілі капрала і трох іншых, а таксама перададзена была і наступная цыдула, якую камендант паслаў прачытаць і мне:

“Monsieur, etc. Праз барабаншчыка, які вяртаецца, уручаны быў мне гэты Вашэці ліст, у адказ на які з атрыманнем выкупу адпраўляю пры гэтым да Вашэці капрала разам з трыма астатнімі палоннымі; а што да Сімпліцыуса, егера, дык ён, як служылы раней на нашым баку, не можа быць выпушчаныю Аднак, калі ва ўсім астатнім, што не тычыцца маёй службовасці, магу Вашэць у нечым задаволіць, дык Ваша заўсёды знойдзе ўва мне руплівага слугу, якім будучы застаюся

Вашэці гатовы да паслужэнства

Н. дэ С. А.”.

Гэтая эпістала не спадабалася мне, але я падзякаваў і за тое, што мне яе паказалі. Я хацеў пагутарыць з камендантам, але мне сказалі, што ён сам прышле па мяне, як толькі выправіць барабаншчыка, што будзе заўтра раніцай, а датуль трэба патрываць.

Калі ж прайшоў вызначаны час, камендант прыслаў па мяне, што здарылася ўжо аполудні. Тут мне ўпершыню выпаў гонар сядзець з ім за сталом. Пакуль елі, ён ласкава гутарыў са мною пад віно, ні словам, аднак, не акінуўшыся, што ён думае са мною зрабіць, а мне таксама не да гонару было загаворваць пра гэта першаму. Калі мы паабедалі і я добра-такі захмялеў, ён сказаў: “Дарагі Лавайчык, з майго пісьма табе вядома, пад якім прэтэкстам я затрымаў цябе; па праўдзе сказаўшы, няма ў тым нічога супрацьпраўнага альбо неадпаведнага рэзону ваеннаму, бо ты сам прызнаўся і мне, і палкавому суддзі, што раней служыў на нашым баку пры галоўнай арміі, таму табе трэба адважыцца перайсці на службу пад маю каманду; а з часам, калі ты будзеш паводзіцца добра, я паспрыяю твайму павышэнню ў чыне, пра што ў імператарскім войску ты і марыць не мог бы. У іншым выпадку не наракай, калі я зноў пашлю цябе да таго самага падпалкоўніка, у якога цябе паланілі драгуны”. Я адказаў: “Высокашаноўны пане палкоўнік (бо на той час яшчэ не было звычаю жаўнераў Фартуны называюць “Ваша Міласць”, хай яны нават хадзілі ў палкоўніках), я спадзяюся, што паколькі я ніколі не прысягаў ні шведскай кароне, ні яе саюзнікам, ні тым больш памянёнаму падпалкоўніку, а быў толькі памагатым у конюха, дык я не забавязаны ўступаць у шведскую службу і парушаць прысягу, якую я даў імператару Свяшчэннай імперыі; таму пакорліва прашу высокашаноўнага пана палкоўніка добрае волі вызваліць мяне ад такога навербавання”. – “Што? – сказаў палкоўнік. – Значыцца, вы гардзіце шведскай службай? Вам варта ведаць, што вы ў мяне ў палоне і, перш чым я пушчу вас у Зёст служыць непрыяцелю, я хутчэй учыню над вамі новы суд альбо згнаю ў турме; вось пра што вам трэба найперш памазгаваць”. Я хоць і спалохаўся гэтых слоў, аднак і не падумаў пра капітуляцыю, а адказаў: “Хай аслоніць мяне Бог ад такое гарды, як і ад парушэння прысягі. Што да астатняга, дык застаюся пры найпадданейшым спадзяванні, што пан палкоўнік, вядомы сваёй пачцівасцю, учыніць са мною, як з жаўнерам”. – “Так, так, -- сказаў ён, -- я выдатна ведаю, што трэба рабіць з вамі, бо намераны правесці працэдуру з усёй строгасцю, але лепей будзе, калі вы добра падумаеце, каб у мяне не было прычыны рабіць інакш”. Пасля гэтага мяне зноў завялі ў каземат.

Кожны лёгка здагадаецца, што тае ночы я не спаў, перабіраючы ўсялякія думкі. Раніцай зайшлі да мяне некалькі афіцэраў разам з карнэтам, які паланіў мяне, пад тым блізірам, каб забавіць час, а насамрэч, каб паведаміць мне, што палкоўнік нібыта намерыўся ўчыніць нада мною суд, як над ведзьмаром, калі я не перамяню свайго намеру; яны, такім чынам, хацелі запалохаць мяне і разведаць, што тут за мною крыецца. Але як што я натхняўся сваім чыстым сумленнем, дык прыняў усё спакойна і быў маўклівы, толькі сказаўшы, што ўся каверза, бадай, у тым, што палкоўніку не хочацца, каб я вярнуўся ў Зёст, бо ён думае, што калі я вызвалюся, дык не захачу развітацца з тым месцам, дзе хачу атрымаць павышэнне і дзе ў мяне засталіся яшчэ два добрыя кані і шмат дарагіх рэчаў. На другі дзень камендант зноў паклікаў мяне да сябе і сурова спытаўся, якое рашэнне я прыняў. А я адказаў: “Вось, пане палкоўнік, маё рашэнне: лепей прыняць смерць, чым парушыць прысягу! Калі ж мой высокашаноўны пан спадар палкоўнік упадабае сабе літасціва вызваліць мяне ад прысягі і не будзе змушаць мяне паступіць у мілітарную службу, дык я гатовы сэрцам, чынам і гонарам запаручыцца пану палкоўніку, што шэсць месяцаў не вазьму і не падыму зброі супроць шведаў і гесэнцаў”. Словы гэтыя спадабаліся палкоўніку, ён адразу падаў мне руку, адразу дараваў мне адпаведны за мяне выкуп, а таксама загадаў сакратару скласці рэверс in duplo, які мы абодва і падпісалі, дзе ён абяцаў мне абарону, дах і поўную свабоду, пакуль я буду ў гэтай крэпасці. А я, са свайго боку, абавязаўся, згодна з памянёнымі двума пунктамі, трымацца нашай кандыцыі і, пакуль буду ў гэтай крэпасці, не ўчыняць ніякай шкоды і пахібнасці, а рачыць іхняй карысці і памыснасці, а любую шкоду па магчымасці загадзя ўхіляць, а таксама калі крэпасць будзе заатакавана, дык спрычыніцца да яе абароны.

Пасля ён зноў пакінуў мяне паабедаць і рабіў мне такі гонар, пра які ў імперцаў я і марыць не мог. Такім чынам ён спакваля настолькі прыхіліў мяне да сябе, што я не захацеў вяртацца ў Зёст, няма што ён ужо і адпускаў і нават хацеў вызваліць ад дадзенага яму абяцання. Вось гэта якраз і азначала нанесці непрыяцелю пахібнасць без пралівання крыві, бо з таго часу зёстаўскія віжы і выведнікі ўжо не мелі ніякае вартасці, таму што мяне сярод іх не было, пра што трэба сказаць, хай сабе і не на агуду ім і не на пахвалу сабе.

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

Сімпліцы рашыў, што сам сабе пан, сюд-туд пакрунуўся – цесны каптан

Калі ўжо нештачкі павінна быць, дык хоць ты сам не будзь, а будзе. Я ўжо думаў, што з самой Фартунай пашлюбіўся альбо, прынамсі, настолькі спрыяцеліўся, што нават самыя непрыемныя прыгоды паслужацца мне на выгоду, калі за сталом у каменданта даведаўся, што мой канюшнік явіўся па мяне з Зёста з двума выдатнымі коньмі. Але не ведаў я таго (а пазней пераканаўся), што пераменлівае шчасце падобнае на сірэнаў, якія найбольшае ліха рыхтуюць таму, да каго яны з найбольшай панаднасцю горнуцца, і з гэтай прычыны яго найвышэй узносяць, каб потым з большай вышыні скінуць.

Гэты конюх (якога я незадоўга перад тым узяў у палон у шведаў) быў вельмі мне адданы, бо я зрабіў яму шмат добрага, а таму штодня сядлаў абодвух маіх коней і выязджаў з Зёста далёка наперад насустрач барабаншчыку, які быў пасланы выручаць нас, каб не давялося мне вяртацца пасля доўгай дарогі аднаму, а то яшчэ, крый божа, голаму альбо ў лахманах (бо ён думаў, што мяне начыста абабралі). І вось сустрэў ён барабаншчыка і адпушчаных палоненых і ўжо дастаў быў маю вопратку і абуцце, калі ўбачыў, што мяне няма, і даведаўся, што я пакінуты непрыяцелем, каб пачаць у яго службу, дык прышпорыў каня і сказаў: “Бывай, барабаншчык, і ты, капрал, дзе мой гаспадар, там і я!” Вось так ён пакінуў іх і перамахнуў да мяне якраз у той час, калі камендант абяцаў мне свабоду і рабіў мне вялікую учту, знайшоў маім коням пастойны двор, пакуль я не падбяру сабе жытла на свой густ, і, як вялікае шчасце, пахвальваў вернасць майго слугі; яшчэ і здзіўляўся, што я, просты драгун, ды яшчэ такі малады, здолеў завесці сабе такіх прыгожых і выдатных коней, ды яшчэ так іх азбруіць; а калі я развітаўся з ім і выправіўся да таго пастойнага двара, дык ужо так нахвальваў аднаго каня, што я адразу скеміў, куды ён гне – ён ахвотна купіў бы яго ў мяне. Але як што ён з ветлівасці не прапанаваў мне нэгоцыі, я сказаў, што калі б я мог спадзявацца на высокі гонар дагадзіць яму канём, дык конь яму да паслуг. Але камендант наадрэз адмовіўся больш таму, што я быў пад чаркай, і ён не хацеў, каб пайшлі пагалоскі, быццам ён абласуціў лёстачкамі п’янага, які бразнуў языком, што лёгка расстанецца з высакародным канём, пра што, працверазеўшы, можа, з горкім жалем пашкадуе.

Тае ночы я доўга разважаў, як мне лепей зладзіць сваё жыццё; і я рашыў адбыць шэсць месяцаў там, дзе і быў, і значыцца, спакойна пранудзіць тут цэлую зіму, якая ўжо агрызалася, на што ў мяне хапіла б грошай, бо я яшчэ не чапаў свайго скарбу ў Кёльне. “За гэты час ты і сам адужэеш і набярэш дасканалай моцы, так што потым уздольнішся з большаю славай выправіцца ў паход з імперскім войскам”.

Раніцай я анатаміраваў сваё сядло, якое было нашпігавана куды лепей за тое, якое атрымаў карнэт; потым загадаў прывесці майго лепшага каня да камендантавай гасподы і сказаў: “Я рашыў тыя шэсць месяцаў, калі я не павінен браць удзелу ў вайне, правесці тут, пад абаронай пана палкоўніка, дык жа коні мае пратопчуцца без карысці, і будзе вельмі шкада, калі яны застояцца, а таму ці не будзе заўгодна дазволіць паставіць гэтага салдацкага шустрыка ў стайню да сваіх, пана-палкоўнікавых, коней і прыняць яго ад мяне як знак удзячнасці за выказаную мне міласць”.

Палкоўнік падзякаваў мне з усёй пачцівасцю, з усёй куртуазнасцю і, каб падкрэсліць сваё адмысловае ўпадабанне, таго ж самага дня паслаў мне паполудні з гофмайстрам укормленага жывога бычка, дзве тлустыя свінні, барылу віна, чатыры барылы піва, дванаццаць падводаў дроў, наказаўшы ўсё гэта даставіць да майго новага дома, якія я наняў на паўгода, і перадаць мне, што як толькі ён даведаўся, нібыта я намерыўся агаспадарыцца і на першым часе можа стацца якаясь няхватка ў правізіі, дык ён пасылае на ўлазіны глыток віна і скравачак мяса ды паленца-другое ў агмень, дадаўшы, што калі ён можа мне ў чым-колечы ўспадобіцца, дык рады будзе паслужыцца. А я падзякаваў яму так пачціва, як толькі мог, падарыў гофмайстру два дукаты і папрасіў яго як мага лепш даручыцца мною перад сваім гаспадаром.

Калі я ўбачыў, што сваёй шчодрасцю здабыў такі высокі гонар у палкоўніка, я рашыў набыць павагу і добрую славу і ў простых жаўнераў, каб не мелі мяне за пустога лежня і гультая, а таму пры гаспадары клікнуў свайго конюха і сказаў яму: “Дарагі Ніклас, ты паказаў мне такую вернасць, якое ніводзін камандзір не можа чакаць ад слугі; дык вось цяпер, калі я і сам не ведаю, як аддзячыць табе, бо не стаю ні ў кога ў паслушэнстве і, значыцца, не бяру ўдзелу ў вайне і пазбаўлены здабычы, каб з яе заплаціць табе, як яно след рабіць, а найболей з тае прычыны, што намысліў жыць ціха і рахмана і рашыў больш не трымаць конюха, дык даю табе замест пэнсіі другога каня разам з сядлом, збруяй і пістоляй; прашу цябе задаволіцца гэтым і пашукаць сабе іншага пана. А калі ў будучым змагу табе ў чым-колечы паспрыяць, дык ты можаш у любы час да мяне звярнуцца”.

Мой добры Ніклас – у слёзы і кажа: “Ах, пане мой, пане, за тую чвэрць года я не заслужыў столькі; пакіньце лепей гэтага каня ў сябе, ды і мяне разам з ім, калі вам гэта заўгодзіцца; я з большай ахвотай лепш пагаладаю ў вас, чым жыцьму ў дагодзе ў іншага пана, калі толькі буду ведаць, што змагу добра паслугаваць вам”. – “Не! – усклікнуў я. – Не магу я трымаць слугу, калі сам не магу жыць панам; пашукай сабе месца больш выгоднае, бо я не хачу, каб ты таварышаваў маім нягодам”. А ён цалаваў мне рукі і ад слёз амаль гаварыць не мог і нізавошта не хацеў прыняць каня, а даказваў, што будзе лепей, калі я прадам яго за срэбра і срэбра пушчу на пракорм. Нарэшце мне ўдалося ўгаварыць яго прыняць усё, пасля таго, як я паабяцаў узяць яго зноў на службу, калі ён мне спатрэбіцца. Гэтае развітанне так разжаліла гаспадара дома, што ў вачах у яго стаялі слёзы, і як мой конюх раструбіў усім жаўнерам пра мой учынак, так і гаспадар гаварыў пра мяне з вялікай пахвалою і ставіў мяне сярод мяшчан за вялікае дзіва. А камендант лічыў мяне сумленцам, чыё слова мацней за любы замок, бо я не толькі цвёрда трымаўся прысягі, дадзенай імператару, але і нашай угоды, якую я з ім падпісаў, так што нават аддаў свайму вернаму слузе цудоўнага каня і збрую. І вось я пачаў служыць самому сабе, як той жабрак, які ні пад чыёй камандай не ходзіць. Так і цячэ ўсё ў гэтым зменлівым свеце, дзе адны павінны прымаць прысягу, калі ідуць у мілітарную службу, -- а я мусіў даць слова, калі яе пакінуў.

РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ

Сімпліцы плануе свой лёс і ў варожкі даведваецца сяго-таго трошкі

Думаю, няма на свеце чалавека без бзікаў у галаве, усе ж мы, зрэшты, на адзін капыл, і я па адной сваёй грушы бачу, калі паспяваюць у другіх. “Эй, кулдыш, -- могуць мне сказаць, -- калі ўжо ты дурнем удаўся, дык ці не думаеш, што і ўсе такія?” Не, я так не кажу, гэта былі б пустыя словы. Я толькі лічу, што адзін дурань лепш прыкідваецца, другі горш. А таму нельга кожнага мець за дурня, хай нават ён выдумляе чорт ведае што, бо маладыя мы, зрэшты, усе адным швом шытыя; але хто свае дурноты выстаўляе, той і дурань, бо іншыя альбо іх зусім не хаваюць, альбо зашываюць у рубчык, паказваючы толькі драбіначку. А некаторыя іх зусім заціскаюць у сабе, тыя – як сапраўдныя вантробай азызелыя насупы, а вось тыя, што, бывае, зрэдчасу дазваляюць сваім дурыкам толькі трошкі высоўваць вушкі і перавесці дух, каб не задыхнуліся, вось іх якраз я лічу самымі кемнымі людзьмі. Я свайго дурніка залішне выставіў, таму адчуў вольнасць, ды яшчэ з грашыма, бо прыняў сабе на службу хлопца, адзеў-апрануў яго як шляхетнага пахолка, у барвы самых блазнотных колераў, менавіта: фіялетавы і жоўты, якою павінна была быць мая ліўрэя, бо мне так падабалася; хлопец мусіў мяне чакаць, як калі б я быў важны барон, не тое што як незадоўга перад тым драгун, а яшчэ за паўгода вашывы смаркач на канюшні.

Гэта было першае маё глупства ў гэтым горадзе, і хоць было яно немалое, ніхто яго не заўважыў і яшчэ менш за тое зганіў. Але што гэта дае? Свет настолькі напханы дурнотай, што ўжо ніхто яе не заўважае, не высмейвае і не здзіўляецца з яе, бо звыкся. Так і я ўзбіўся на славу як разумны і спраўны жаўнер, а не як дурань, які яшчэ штонікі на шлеечках носіць. Я хутка ўмовіўся з гаспадаром, што буду ў яго сталавацца загалам са слугою і сплачуся за гэта, саступіўшы ў цане ўсё мяса і дровы, якімі ўшанаваў мяне камендант за каня, а што да напояў, дык ключ да іх трымаў мой хлопец, бо я ахвотна прыпойваў сваіх візытантаў, а я не быў ні бюргер, ні жаўнер і не мог вадзіць кампанію на роўных правах з усімі, таму і вадзіўся як з тымі, так і з другімі, і, бадай, кожны дзень здабываў сабе прыяцеляў, якія не пакідалі мяне без пачастунку. Гараджане дапамаглі мне пазнаёміцца з тамтэйшым арганістам, бо я вельмі любіў музыку і (можна сказаць, без пахвальбы) меў выдатны спеўны голас, якому не даваў зняхаіцца. Арганіст навучыў мяне, як трэба складаць музыку, item, як брынчаць на інструменце, а таксама на арфе; а як што я і без таго быў здольнік на лютні, дык завёў сабе сваю і амаль кожнага дня з ёю бавіўся. А калі мяне знудзіць музыцыраваць, дык, бывала, паклічу таго ж самага кушнера, які яшчэ ў Раі вучыў мяне ўпраўляцца з любой зброяй; з ім я старанна практыкаваўся, каб дасягнуць яшчэ большай дасканаласці. Я таксама ўпрасіў каменданта, каб адзін яго кананір, які разбіраўся ў артылерыйскім мастацтве, а нават і ў парахавой справе, навучыў мяне за адпаведную плату. Ва ўсім астатнім я жыў сціпла і загуменна, так што ўсіх дзіва брала, калі бачылі мяне за кнігамі, як студэнта, хоць я і прывык да разбою і пралівання крыві.

Мой гаспадар быў у каменданта замест ганчака і разам з гэтым мой вартавы, бо я прыкмеціў, што ўсе мае дзеянні і ўчынкі таму вядомыя. Праўда, я не магу за гэта мець сэрца на палкоўніка, бо, будзь я на ягоным месцы, рабіў бы тое самае. Аднак я здолеў спрытна абярнуць усё сабе на карысць, бо ні разу не спамянуў пра вайсковую службу і, калі пра яе заводзілі гаворку, я трымаўся так, быццам ніколі і не быў жаўнерам, а жыву тут толькі дзеля штодзённых практыковак, за якія ўзяўся. Я, праўда, хацеў, каб абумоўленыя шэсць месяцаў прабеглі хутчэй, але ніхто не мог зразумець, каму я потым буду служыцть. Кожнага разу, як я прыходзіў на камплімент да каменданта, той запрашаў мяне да стала; тут часам заходзіла гутарка, каб выведаць мае намеры, настроі і намыслы; але я за кожным разам адказваў асцярожна, і нельга было даведацца, якіх жа думак я трымаюся, так што ўсе ягоныя забегі былі марныя. Аднаго разу ён сказаў мне: “Ну, як яно ў цябе, Лавайчык? Усё яшчэ не надумаў перайсці да шведаў? У мяне якраз учора памёр фэндрык”. Я адказваў: “Высокашаноўны пане палкоўнік: ці добра, калі баба адразу па смерці мужа ідзе да вянца? Дык навошта мне і рупіцца ў шведы, чаму ж бы і мне не патрываць з паўгода?” Так я ўнікаў цвёрдага адказу і чым далей, тым большую дагоду меў у палкоўніка, ён нават дазваляў мне хадзіць усюды як у самой крэпасці, так і за яе сценамі; пад канец я нават мог паляваць на зайцоў, рабчыкаў і іншых птушак, чаго ён не дазваляў нават сваім жаўнерам. Рыбачыў я і ў Ліпе, ды так удала, аж можна было падумаць, быццам я чарую ў вадзе тых ракаў і рыбу. На такія выпадкі я заказаў сабе таннае егерскае адзенне, у якім бадзяўся начамі (а я ведаў усе дарогі і сцежкі) у наваколлі Зёста, дзе адкопваў схаваныя то тут, то там скарбы ды пераносіў іх у крэпасць і рабіў выгляд, быццам рашыў назаўсёды застацца ў шведаў.

Тою ж самай дарогай прыйшла да мяне варожка з Зёста, вешчка, і сказала: “Глядзі, сыне, ці ж бо я табе раней не казала прыхаваць свае скарбы далей ад Зёста? Магу сказаць пэўна, табе моцна пашыхавала, што ты ў палоне; бо калі б ты вярнуўся, цябе прышылі б на паляванні малойцы, якія пакляліся забіць цябе за тое, што пэўныя дзяўчаты ўпадабалі цябе, а не іх”. Я адказаў: “Як можна мяне раўнаваць, калі я ў дзяўчатах не разбіраюся?” – “Як зарупіць, дык мусіш, -- сказала яна, -- калі ты не выкінеш з галавы сваіх цяперашніх думак, дык жанчыны папруць цябе з глумам і сорамам, куды вецер вее. Ты заўсёды падымаў мяне на смех, калі я табе што-колечы прадказвала; ці паверыш, калі я і зараз табе сёе-тое скажу? Хіба там, дзе ты цяпер, не знайшлося людзей больш да цябе прыхільных, чым у Зёсце? Магу пабажыцца, што ты ім вельмі спадабаўся і гэтая іхняя любоў абернецца табе на шкоду, як не будзеш абачлівы”. Я сказаў, што калі ёй так многа вядома, як яна нагаворвае, дык няхай скажа мне, што сталася з маімі бацькамі, ці сустрэну я іх калі-небудзь зноў, ды скажа не з цьмянымі напусткамі, а зразумелай нямецкай мовай. На гэта мая мілая вешчка сказала, што мне трэба распытацца пра бацькоў, калі я выпадкова сустрэнуся са сваім настаўнікам, як будзе весці на вяровачцы маю малочную сястру, і весела зарагатала, дадаўшы, што яна па добрай волі адкрыла мне больш, чым тым, якія ў яе гэтага вельмі прасілі. Пра будучае я ў яе мала даведаюся; але напаследак яна ўсё-такі хоча мне сказаць, што калі я зычу сабе дабра, дзе мне трэба быць шчодрым на подмазку і замест баб прыляпіцца да зброі. “Ах ты, малатарня, -- сказаў я, -- я ж толькі тое і раблю!” Яна хуценька сышла, бо я пачаў з яе смяяцца, асабліва як перад тым даў ёй некалькі талераў, бо не любіў насіць пры сабе срэбра. У мяне тады склалася немалая сума, ды яшчэ шмат дарагіх пярсцёнкаў і ўсякіх каштоўнасцяў; бо як толькі здаралася мне ад жаўнераў альбо ў раз’ездах даведацца, што дзесьці завяліся каштоўныя камяні, я адразу набываў іх, часта за палавіну цаны, якое яны каштавалі. І яны ўвесь час пануквалі мяне вярнуць іх людзям; мне трэба іх выпусціць на волю, калі я хачу карыстацца пашанай. Я ахвотна з гэтым згадзіўся, бо набраў немалое пыхі, задаваўся сваім багаццем і не баючыся паказваў яго гаспадару, які потым усюды панарасказваў усяго куды больш, чым было напраўду. А людзі здзіўляліся, дзе я ўсяго дастаў, бо ўжо разнеслася чутка, што я пакінуў знойдзены мною скарб у Кёльне, бо карнэт, які ўзяў мяне ў палон, прачытаў распіску кёльнскага купца.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Сімпліцы-дударык на лютні іграе, вабіць паненак, лагодай скарае

Мой намер дасканала вывучыць за шэсць месяцаў артылерыю і фехтаванне быў пахвальны, і я разумеў гэта. Але яго было недастаткова, каб уберагчы мяне ад гультайства, якое ёсць маці многіх ліхотаў, -- не было нікога, хто асяцярог бы мяне. Што праўда, гультай ляжыць, а яго доля бяжыць, дык і я крукам вісеў і над кнігамі, з якіх навучыўся многага добрага; аднак, трапляліся ў рукі і такія, якія былі мне патрэбныя, як сабаку трава. Незраўнаная “Аркадыя”, з якой я хацеў навучыцца красамоўства, была тая першая, якая звяла мяне ад праўдзівых гісторый да любоўных і ад сапраўдных прыгодаў да гераічных паэм. Такога кшталту кнігі я здабываў, дзе толькі мог, і калі ўжо дападаў, дык праседжваў хоць дзень і ноч, а прачытваў да канца. Яны навучылі замест рыторыкі лавіць птушак завабным клеем. Аднак гэты грэх тою парою ў мяне яшчэ не развіўся так моцна і палка, каб можна было назваць яго следам за Сэнэкам боскімі шаламі альбо, як гэта апісана Томасам Томэі ў “Садку свету” (“Idea del giardino del mondo”), надакучлівай хваробай; бо, куды толькі ні вабіла мяне каханне, там я лёгка атрымліваў усё, чаго дамагаўся, таму зусім не было аніякай прычыны наракаць на лёс, як гэта рабілі іншыя бабскія лагоднікі і птушкаловы, перапоўненыя ўсялякімі фантастычнымі знібамі і крозамі, турботамі, пахацінствамі, тайнымі згрызотамі і любоўнымі ўпадамі, гневам, рэўнасцю, прагай помсты, шаленствам, слязьмі, пагроозамі, грубасцю і да пагібелі падобнымі глупствамі, і якія ад нецярплівасці зычылі сабе смерці. У мяне завяліся грошы, і я не даваў ім залежвацца, а звыш таго я меў прыемны голас і практыкаваўся на розных інструментах, а не захапляўся танцамі, якія ніколі не былі ў мяне ў пашане, бо не мог у іх выстрэнчвацца і ножкай выдыгаць, ды, зрэшты, і лічыў іх пустым глупствам, а сваю статную пазітуру я мог паказаць, калі з памянёным кушнерам практыкаваўся ў фехтаванні. Звыш таго ў мяне было прыгожае, як тады казалі, -- выабражэнне, твар, гладкі і далікатны. То б та я прывучыў сябе да мяккай, ласкавай манеры, і жанчыны, хоць я і не прападаў па іх, самі гарнуліся да мяне, як Аўрора да Кліта, Цэфрала да Цітона, Венера да Анхіза, Атыда і Адона, Цэрэра да Глаўка, Уліса, як цнатлівая Дыяна да Эндыміёна, і нават больш, чым я таго хацеў.

А тут якраз і Мартынаў дзень падаспеў, калі ў нас, немцаў, пачынаюцца вялікія ешчы і святыя запоі, і зацягваецца гэта часта аж да запустоў, калі ўжо што з носа капе, тое немец і ўхапе. І вось многія афіцэры і гараджане пачалі запрашаць мяне ў госці на мартынавага гуся. І тады, часта здаралася, пры такіх абставінах заводзіліся знаёмствы з кабетамі. Мая песня і гудзьба прымушалі не адну ласкава вадзіць вачамі і прыглядацца да мяне, а тады я пераходзіў да песенек любоўных, якія сам і варганіў здомыслу, -- тут пачыналіся такія мілыя зіркі і спаківанні, што дайце рады – тая-іншая прыгажуня аж дурэла і міжволі ставіла мяне на высокі голд. А каб не запазычыцца і не залічыцца ў жмінды, я таксама ўшыкаваў дзве гасціны: адну афіцэрству, другую знакамітым жанчынам, і на кожнай з іх забяспечыў сабе ўпадабанасць і ў тых, і ў другіх і займеў доступ да іх, бо ўсіх гасцінна і раскошна патрактаваў. Усё гэта я ўчыніў дзеля мілых паненак, і хоць то ў той, то ў другой я і не знаходзіў, чаго шукаў, бо былі сярод іх і такія, якія ці то ўжо запусціліся, ці то і праўда ўмелі сябе ў нечапанасці трымаць, адно ж абыходзіўся з усімі так, каб тыя, якія дарылі мяне большай ласкай, не падупалі благому падазрэнню, як гэта і належыцца сумленным паненкам, і каб усе думалі, што я вяду з імі толькі свецкія дыскурсы. Я ўгаворваў кожную з іх паасобку, каб яна іншых пустымі лічыла, а сябе маёй адзінай аблюбеніцай.

У мяне было іх шэсць сінагорліц, якія кахалі мяне, а я іх узаемна, але ніводная не завалодала маім сэрцам або мной самім; у адной мне падабаліся яе чорныя вочы, у другой залацістыя валасы, у трэцяй мілая манера, у астатніх што-небудзь яшчэ, чаго не было ў другіх. Калі ж я, апрача гэтых шасці, наведваў яшчэ і іншых, дык было гэта альбо з памянёнай прычыны, альбо таму, што мне гэта было нова, а і без таго я не прапускаў нікога і нікім не пагарджаў, нават не збіраючыся ў тым месцы затрымлівацца доўга. У слугі майго, добрага такі лабідуды, было шмат клопату ў свахрайстве і каб цягаць туды-сюды любоўныя цыдулкі, і ён умеў не распускаць язык, на вочы не бразгаць і трымаць ціха і свята ўвесь мой распусны гешэфт, дык усё было шыта-крыта – цуцык здох, таму ён меў фавор у патаскушак, што, вядома ж, каштавала і мне немалых грошай, бо такім чынам я транжырыў сваёй рэпутацыяй і мог заўсёды сказаць: “Што пад барабаны ўхапіў, тое ў дуду і ўтрубіў!”. І ўсё гэта я трымаў у такой тайнасці, што ніхто не мог паказаць на мяне пальцам, хіба што адзін святар, у якога я ўжо не браў для чытання залішне разумных духоўных кніг.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Сімпліцы прыяцеліцца без разбору, ды чуе ўжо першыя словы дакору

Калі пераметчыца-доля хоча кагосьці пакінуць, дык спачатку падымае вышэй за неба, і мілажальны Гасподзь кожнага асцерагае ад упадку. Так яно сталася і ў мяне, -- каму здалося, а на мне збылося, найшло атлуменне, і не паслухаўся я асцярогі. Я так уверыўся, што запанеласць мая тадыташняя стаіць на такім цвёрдым грунце, што ніякая нягода яго не падважыць, бо ўсе ж, асабліва сам камендант, былі ў шчырым заахвоцці да мяне. Прыхільнасць у тых, хто быў у яго ў ласцы, я здабываў усялякімі ўзычкамі іхняму гонару; слуг ягоных браў на свой бок шчодрымі дарункамі; а з тымі, хто быў вышэйшы за мяне, брудэршафціў і кругластоліў, даваў заруку на вечнае пасяброўства, а простыя жаўнеры і мяшчане дабраволілі мне, бо з кожным я ўмеў гаварыць па-сяброўску. “Ах, які мілы чалавек, -- казалі яны часта, гэты Лавайчык; і з малым на дварэ паталкуе, і старога ўважыць, і душы не дастане, і мёрзлай сучцы ўцісне!” А злаўлю, бывала, зайца ці рабчыка, пасылаю на кухню тым, чыю дружбу хацеў зыскаць, а напрасіўшыся на госці, прыносіў гасцінца і добры глык віна, якое на тым часе каштавала вой-вой, адным словам, усё як бы яно і сполам, а бальшыня выдаткаў клалася на мае плечы. І калі на такім патрактунку я заводзіў з кім-небудзь гаворку, дык вёў толькі пра тое, што таму было любасна слухаць, умеў кожнага падахвоціць, а сябе прапусціць, а ўжо ж сам такую пакору ўдаваў, як бы ніколі з сябе фігуранта не строіў і ніякай гардзелі не знаў, хоць і добра ведаў, што на вайне гэта – не асуда. І што ўсім гэтым я здабыў сабе агульнаўсіхнае ўпадабаннеі ўсе ставілі мяне няма ладу як высока, я і падумаць не мог, што Фартуна і ёсць якраз тая, што хвастом матая, і што можа наехаць якоесь няшчасце, тым болей што торба мая не змалела.

Я часта наведваў аднаго старога святара, які жыў у тым горадзе і даваў мне кнігі са сваёй бібліятэкі, а калі я вяртаў іх яму, ён дыспутаваў са мною пра многія рэчы; і мы так добра спрыяцеліліся, што, можна сказаць, як не палюбілі адзін аднаго. І вось калі ўжо прайшоў і Мартын са сваім гусем і супам з каўбасою, калі мінуліся і Каляды, паднёс я яму на Новы год бутэльку страсбургскай гарэлкі, якую ён са смакам пасмоктваў з цукровінкамі, як гэта заведзена ў Вестфаліі, і вось, явіўшыся да святара, я застаў яго якраз за чытаннем майго “Ёзафа”, перададзенага яму маім гаспадаром без майго ведаму. Я белы зрабіўся ад адной подумкі, што аж такі вучоны тэлялёг атрымаў у рукі мой твор, асабліва таму, што, як лічыцца, найлепш можна спазнаць чалавека па ягоным почырку; ён запрасіў мяне падсесці і дужа пахвальна адгукнуўся пра маю інвенцыю, але ж і закінуў, што я так падрабязна апісваю любоўныя галузаванні Зэліхі, жонкі Патыфара. “Ад поўніцы сэрца вусны шавеляцца, -- сказаў ён далей, -- калі б малады паніч сам не ведаў, што робіцца на душы ў падбіклінка, ці ж бы ён мог апісаць і даць нам на вочы любоўныя жарсці гэтай кабеты”. Я адказаў, што ўсё напісанае прыдумана не мною самім, а ад доўгай прануды ўзята з іншых кніг, з якіх я і склаў такія экстракты, каб папрактыкавацца ў пісьме. “Так, так, -- сказаў ён, -- ахвотна веру (scil.*), але хай ён будзе пэўны, што я пра яго ведаю больш, чым ён сабе думае!” Пачуўшы гэтыя словы, я спалохаўся і падумаў: “Ужо ці не святы Вэльтэн** убіў табе гэта ў мазгі?”, а ён, заўважыўшы, што я перамяніўся ў твары, сказаў: “Паніч малады і свежы, ён прыгожы і без клопату, ён жыве сабе ў смак і, як я чуў, у не абы-якой распанеласці, а таму прашу і асцерагаю імем Навышняга падумаць, на якую ўразу ён даўся, і калі яму балазе ягонае шчасце і вечнае выратаванне, дык хай асцеражэцца небяспечнага змусніка ў асобе кудлатага шустрыка. Праўда, паніч можа сабе й падумаць: “А якую прычыну, а які жаль на мяне ён мае, гэты поп-дабрахот, а не перапусціць ён мне, што я раблю і чытаю (а я якраз падумаў: “Так, ты ў самы акурат!”), і як ён можа мне нешта навешваць?”, дык у гэтым рацыя будзе, але ж я ўсё-такі душарадца! І магу запэўніць пана-паніча і майго дабрачынцу, што мне, з хрысціянскай любові і мілажальнасці, гэтак сама дарагая яго часовая добрапамыснасць, як калі б ён даводзіўся мне родным сынам. Заўсёды шкада, і вы не можаце даць адказу Айцу нябеснаму, Айцу ў вечнасці, навошта здарэмнілі і змарнавалі свой талент, які ён дараваў вам, і ўшкодзіў высакародны ingenium***, які я разгледзеў у гэтым творы. І забегі мае нямарныя, і парада мая неадкладная і па-бацькоўску неадпрэчная: прыляпіся маладосцю сваёй і маетнасцю сваёю да навукі, каб рана ці позна, а паслужыліся яны Госпаду Богу, людзям і табе самому, адступіся ад вайны, да якое, давялося мне чуць, набыў ты вялікую прыахвотку, адцурайся яе, пакуль не дастаў выспятка ад Фартуны, пакуль не збылася на табе прымаўка: “Змоладу ў ружжы, у старасці ў нужы!” Я слухаў гэтую сентэнцыю з вялікім нясцерпам, бо не прывык, каб мне ў вочы паролі, аднак павёўся зусім не так, як было на сэрцы, каб не страціць сваёй славы пачцівага кавалера, за якога мяне ўсе мелі; таму падзякаваў яму за шчырасць і абяцаўся падумаць пра ўсё, што ён мне нараіў, а сам сабе падумаў, як залатароў чаляднік: а не пацалаваў бы ты мне сам ведаеш куды – я і без тваёй абедні ведаю, што мне есці, і без лаціны пражыву, а ты ад шчырага сэрца з’еж таго з перцам; бо я на той час быў узнесены так высока, што гуляй душа – пекла няма! І зусім не збіраўся няволіць таго любоўнага кудлатага шустрыка. Бо яно інакш і не бывае з такімі асцярогамі, калі маладосць адвыкае ад цугляў і астрогаў строгае цноты і страмотыч ляціць насустрач сваёй пагібелі.

* (мы ўжо ведаем – лац.).

** Чорт (камбінацыя з Воланд і св. Валянцін).

*** Дараванне, талент (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

Сімпліцы святару забівае бАкі, а сам тым часам смяецца ў кулАкі

Я яшчэ не зусім захлынуўся ў пачуццёвай псоце і не настолькі падупаў у розуме, каб не старацца захаваць дружбу з кожным, пакуль меў бавіцца ў памянёнай крэпасці – прынамсі, перачасаваць да вясны. І гэтак сама добра разумеў, у якое хляпала ўмызгаецца той, хто накліча на сябе няласку духавенства, якое ў кожнага народа, якое б веры ён ні быў, мае вялікі крэдыт; таму я адразу натапырыў вушы і на другі ж дзень па свежым следзе пайшоў да памянёнага святара і самымі вучонымі словамі набрахаў яму цэлую торбу рознай сэрцаўедлівай мілаты, як бы з намерам хадзіць па ягоных душарадных сцежках, і, як заключыў сабе з яго выгляду, ён шчыра ўзрадаваўся. “Так, -- сказаў я, -- дагэтуль, і ў Зёсце таксама, мне якраз бракавала такога анёльскага дарадцы, якога я сустрэў цяпер у асобе вясокашаноўнай вялебнасці пана спадара святара. Як толькі адыдзе зіма альбо надвор’е паспрыяе, меруся я ад’ехаць”, -- і прасіў бы яго дзеля далейшага поспеху ўзычыць мне добрай парадай, -- у якую выправіцца акадэмію. Ён адказаў, што да яго самога, дык ён вучыўся ў Лейдэне, а мне раіць Жэневу, бо ў мяне верхненямецкая вымаўка. “Езус-Мар’я! – адказаў я. – Ды Жэнева далей ад маёй радзімы, чым Лейдэн”. – “Што я чую? – усклікнуў ён з вялікім подзівам. – Я чую папіста! О Божа, як мяне ашукалі!” – “Як гэта, як гэта, пане святару, -- сказаў я, -- няўжо я таму ўжо папіст, што не хачу ехаць у Жэневу?” – “О не, -- сказаў ён, -- я па тым пазнаю, што ты заклінаў імем Марыі”. Я сказаў: “Дык што ж, хрысціяніну нельга называць імя маці нашага Збаўцы?” – “Чаму не? Можна, -- адказаў ён, -- але ж я не ўмольваю цябе і прашу, як толькі магу, перад абліччам Навышняга сказаць усю шчырую праўду, -- якое ты веры трымаешся. Я вельмі сумняваюся, што ты заляцаеш святое Дабравесце, хоць я цябе і бачу кожнае нядзелі ў маёй царкве, але мінулага свята Народзінаў Хрыстовых ты не падыходзіў да прастола Гасподняга ні ў нас, ні ў лютэранаў”. Я адказаў: “Пане святару, хай вядома вам будзе, што я хрысціянін, а каб не быў, дык не слухаў бы так часта казані і не хадзіў бы на набажэнства; у астатнім я прызнаю, што я ні Пятроў, ні Паўлаў, а веру прасцей, згодна з дванаццаццю канонамі саборнай хрысціянскай веры, і не хачу забавязваць сябе ніводным асобным толкам, пакуль тыя альбо другія разумнымі аргументамі не пераканаюць мяне, што толькі яны адны вызнаюць правільную, праўдзівую і душазбаўную рэлігію”. –“Вось цяпер, сказаў ён, -- якраз я і бачу, што ў цябе храбрае жаўнерскае сэрца, каб рызыкаваць сваім жыццём, бо ты асмельваешся жыць без рэлігіі і набажэнства, спадзеючыся на старога імператара, занядбаўшы сваю вечнашчаснасць. Божа мой! Як можа прахлы чалавек, якога чакае альбо пракляцце, альбо вечнае шчасце, жыць у такой гардзелі? Няўжо пан узгадаваны ў Ханаў і нідзе не атрымаў хрысціянскага настаўлення? Скажы мне, чаму ты не пайшоў следам за сваімі бацькамі ў чыстай хрысціянскай веры? Альбо чаму не схіліўся да той ці іншай рэлігіі, асновы якое з усёй відавочнасцю грунтуюцца на пачатках прыроды і Святога Пісання, так што ні папіст, ні лютэранін за цэлую вечнасць не змогуць яе пахіснуць?” Я адказаў: “Пане святару! Тое самае абвяшчаюць і ўсе іншыя пра сваю рэлігію; каму ж я павінен верыць? Альбо ж пан лічыць, што гэта нейкія цапстрыкі, калі я давяраю сваё вечнае шчасце адной канфэсіі, якая няславіць і бэсціць абедзве другія і накідае ім ілжэвучэнне? Няхай ён зірне, але толькі маімі бесстароннімі вачыма, што выдаюць у свет у публічным друкаванні Конрад Фэтэр і Ёган Наз супроць Лютэра і, гэтак сама – Лютэр і ягоныя прыснікі супроць папы, асабліва, што піша Шпангенбэрг супроць Францыска, якога некалькі сотняў гадоў шанавалі як святога і дабрамыснага мужа. Чый жа бок я павінен вылучыць і прыняць, калі кожны бэсціць другога, ды так зацята, што не пакідае за ім ні шчэнту добрага? Альбо ж пан святар мяркуе, што я раблю блага, адклаўшы свой клопат пра гэта на потым, калі ўбяруся ў дасканалы розум і здолею адрозніць чорнае ад белага? Ці ж павінен мне хто-небудзь раіць хлюпнуцца туды, як муха ў гарачы кулеш? Э, не! Спадзяюся, калі я з істасцю, дык не будзе пан святар з хітрасцю і не нараіць мне гэтага. Трэба прызнаць, што адна рэлігія правільная, а дзве іншыя фальшывыя; але ці павінен я без сталага роздуму прызнаць адну з іх правільнай, я ж такім чынам магу няправільную веру атрымаць замест істай, пра што буду потым журбе аддавацца ў да- і ў пазажывоцці. Ды я хутчэй застануся на ростані, чым ступлю на направільную сцежку; да таго ж ёсць яшчэ шмат цэркваў у адной толькі Еўропе: армянская, копцкая, грэчаская, грузінская і іншыя падобныя, і Бог ведае, да якой менавіта я схіляюся, але я яшчэ змушуся з маімі аднаверцамі дыспутаваць з усімі астатнімі. А калі толькі пан святар захоча зрабіцца маім Ананіем, дык я з вялікай удзячнасцю яму паследую і прыму рэлігію, якую ён сам вызнае”.

На гэта ён сказаў: “Пан моцна памыляецца і вельмі наблізіўся да сваёй душэўнай загібелі; але я спадзяюся на Госпада, што ён прасветліць вас сваім святлом і выцягне з багны; дзеля гэтага я маю намер сцвердзіць перад вамі наша веравызнанне, якое пакоіцца на Святым Пісанні, так што брама пекла не адолее яго”. Я сказаў, што гэта адпавядала б майму запаветнаму жаданню, а сам сабе падумаў: “Калі б ты больш не пароў мне вочы маімі блядзюжкамі, я прыняў бы і тваю рэлігію”.

Таму чытач можа зрабіць выснову, які бязбожны я быў тады, якім благім хлопчыкам, бо задаў добраму святару шмат пустога клопату адно дзеля таго, каб ён не заважаў мне ў маім распусным жыцці; а я ж яшчэ і думаў: “Пакуль ты ўвінешся са сваімі довадамі, я ўжо буду ў вірах на юрах!”

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Сімпліцы ў акно да паненкі вужам, выходзіць адтуль пашлюбленым мужам

Насупраць маёй кватэры жыў адстаўны падпалкоўнік; у яго была на дзіва прыгожая дачка, якая трымалася вельмі шляхетна. Я ахвотна завёў бы з ёю знаёмства, нягледзячы на тое, што спачатку яна не дужа мне глянулася, каб вось так згопалу я мог пакахаць яе адну і пабрацца з ёю навечна; аднак я часта нізаўся ў яе пад вокнамі і кідаў на яе поўныя кахання позіркі; але яна была пад такой надзейнай аховай, што мне, як ні карцела, ні разу не ўдалося загаварыць з ёю. Не мог жа я, зрэшты, без ніякага сораму ўваліцца ў дом, бо не быў знаёмы з яе бацькамі, а гэта месца для хлопца такога нізкага паходжання, як я, здавалася аж занадта высокім. Хутчэй за ўсё я мог бы неяк уклініцца на ўваходзе ці выхадзе з царквы; тут ужо я так спрытна падбіраў нагоду, што часам мог наблізіцца да яе, каб яна пачула мае пяшчотныя ўздыхі, на што я быў вялікі майстар, хоць і йшлі яны ад нячыстага сэрца. Яна прымала ўсё так холадна, што я мусіў быў падумаць, быццам яе зусім нялёгка ўвесці ў змусту, як, скажам, дочак подлапародных мяшчан; і калі я думаў, як цяжка яна мне дастанецца, дык гэта ўводзіла мае пахаценні ў яшчэ большы верад.

Зорка, якая ўпершыню прывяла мяне да яе, была такая самая, як і тая, якую ў першую пару года насілі ўсе шкаляры ў гонар таго незабыўнага дня, калі тры вешчуны, ідучы за такою самаю, прыйшлі ў Віфляем; спачатку я палічыў гэта спрыяльнай азнакай, бо яна свяцілася ў пакоях памянёнай паненкі, калі яе бацька паслаў па мяне. “Monsieur, -- сказаў ён мне, -- нейтралітэт, якога вы трымаецеся, стаўся прычынаю таго, што я запрасіў вас да сябе, бо я збіраюся ўладзіць тут адну справу паміж тымі і другімі, дзеля чаго патрэбен бесстаронні сведка”. Я падумаў, што ён намышляе нешта няма ладу якое важнае, бо на стале былі пісьмовы прыбор і папера, таму я з самай паслужлівай гатоўнасцю прапанаваў сябе на любы пачэсны інтэрас, дадаўшы пры гэтым адмысловы камплімент, што, бачыце, я мецьму сабе за высокі гонар і шчасце салужыць яму службу. Аднак гэта было ўсяго толькі, як яно было ў звычаях у многіх мясцінах, уладкаванне “каралеўства”, бо якраз надыходзіў Дзень Трох Каралёў, прычым мне трэба было сачыць за парадкам і раздаваць паводле жэрабя пасады без увагі на тое, што каму выпадзе. Да справы гэтай быў таксама прыстаўлены камендантаў сакратар; памянёны падпалкоўнік загадаў даставіць віна і цукерак, бо ён быў не абы-які выпівоха, ды і час ужо быў павячэрні. Сакратар пісаў жэрабкі, я выклікаў імёны, паненка, якая пусціла карані ў маё сэрца, цягнула цыдулкі, а бацькі глядзелі на ўсё гэта; мне няма ахвоты падрабязна апісваць, як яно ўсё пайшло, але я ўсё-такі пазнаёміўся з ёю тады. Яна паскардзілася на доўгія зімовыя ночы і намякнула, што я, каб скараціць іх, мог бы часам заскочыць на цяпельца, бо без таго ў яе не дужа, каб шмат было занятку. А гэта акурат тое, чаго я даўно хацеў.

З таго самага вечара, хоць я зусім мала ведаў гэтую паненку, я зноў пачаў угоньвацца з паклееным дубчыкам за птушкаю і балансаваць на канаце, -- а хай і сама паненка, і яе бацькі падумаюць, што я ўзяў на прынаду, хоць на сур’ёзе не рабіў і палавіны таго, што рабіў, а забягаўся толькі пра тое, каб згуляць вяселейка, застаючыся ў нежанацці. Пад ноч, выбіраючыся да яе, я заўсёды намашчваўся, бы тая ведзьма, а ўдзень корпаўся ў любоўных кніжках, выдалікачваючыся ў пяшчотных пісьмах да сваёй каханай, як калі б жыў за сто міль ад яе і не бачыўся з ёю некалькі гадоў. Нарэшце я стаў трымацца ў іх проста, бо бацькі яе не вельмі заміналі мне ў залётах, а яшчэ і ўпрошвалі навучыць іх донечку іграць на лютні. Тут ужо я атрымаў свабодны доступ у яе пакоі як удзень, так і вечарамі, так што перакроіў на новы лад свае старыя рыфмоўкі:

Толькі я і кажаны
Палюбілі змрок начны, –

Склаў песеньку, у якой славіў сваё шчасце, якое падарыла мне не толькі некалькі прыемных вечароў, але і радасныя дні, калі я пры каханай магу наталіць свае вочы і даць асалодку сэрцу. Наадварот, у той самай песні я бедаваў па сваёй долі, якая напаўняе гаркотай мае ночы і не дазваляе праводзіць іх, як дні, у любоўных бавах! І хоць гэта была пэўная вольнасць, я ўсё ж напяваў сваёй мілай песеньку, пяшчотна ўздыхаў і пацвельваў мелодыяй, і лютня мне вельмі спасаблялася, я не адступаўся і ўпрошваў паненку, каб і яна паспрыяла мне праводзіць ночы гэтак сама шчасліва, як і дні. Аднак атрымаў даволі цвёрды адпор, бо яна была дужа вострая на розум і ўмела ветліва запыніць усе хітрыкі, на якія я ішоў таксама з вялікай пачцівасцю. Я рашыў на будучае мець гэта на ўвазе, каб не ляпнуць чаго пра вяселле, а як што пра гэта гаворка ўжо заводзілася, дык я ўсе свае словы паставіў на двухсэнсавы завод. Гэта неўзабаве змеціла замужняя сястра маёй паненкі і пачала ўсяляк заважаць мне і маёй мілай, каб так часта не заставаліся сам-насам, як бывала, бо яна добра бачыла, што яе сястра пакахала мяне ўсім сэрцам і што такая любошча рана ці позна слязьмі апалошча.

Няма патрэбы падрабязна апісваць усе дурасці маёй фацэціі, бо такімі апісаннямі поўныя ўсе любоўныя кніжкі. Будзе з мяне, калі ласкавы чытач мой уведае, што спачатку я дасягнуў таго, што цмокнуў маю цацачку, а потым адважыўся і на розныя іншыя прыбабунькі; гэты жаданы працяг маёй гульні я аздабляў рознымі прыемнымі падбадзёркамі, пакуль мая любасная не ўпусціла мяне ўначы да сябе, дзе я ладненька ўмасціўся ў яе пасцельцы, быццам вечна ў ёй быў. І як што кожны ведае, што і як бывае пры такіх прыгодах, дык чытач можа падумаць, быццам я ўчыніў якую-небудзь непатрэбшчыну. Ды не ж, усё было якраз патрэбнае! Я хоць і добра ведаў, па што прыйшоў, бо мне было не ў навіну такім чынам скрашваць жаночыя нуды, а і ведаў, што і дзе трэба шукаць. Але тут усё было напуста, усе мае любоўныя падахвоткі на глум пайшлі, усе мае абяцанкі былі прынятыя за пустыя цацанкі. Я сустрэў такі супор, якога аніяк не мог спадзявацца, бо ўсе яе думкі былі скіраваныя толькі на захаванне дзявоцкага гонару і на сумленны шлюб, і, хоць я самымі страшнымі клятвамі прысягаўся ёй ажаніцца, яна не захацела дапусціць мяне да сябе раней шлюбу; аднак жа дазволіла паляжаць каля яе ў ложку, дзе я, зусім змучаны такою дакукаю, пад канец – вось бачыце: дабрэла, дабрэла дый палепшала – ціхамірна заснуў. Але мяне чакала вельмі непрыемная пабудка, бо а чацвёртай раніцы каля ложка ўжо стаяў падпалкоўнік з пістоляй у адной руцэ і свечнікам у другой. “Краат! – загарлаў ён свайму слузе, які таксама стаяў побач з голай шабляй. – Хутчэй, краат, кліч сюды папа!” І ад гэтага крыку я прачнуўся і адразу скеміў, у якой я пахібе. “Вой бяда! – падумаў я. – Табе прыйдзецца паспавядацца, перш чым ён цябе прыкончыць!” У мяне паплылі жоўтыя і зялёныя плямы перад вачыма, і я не ведаў, ці мне іх расплюшчваць шырэй, ці заплюшчыць зусім. “Ах, ты, басярно!Ах ты, пахлебнік ліхі! – сказаў ён мне. – І я застаю цябе, калі ты бэсціш мой дом?! І хто мне слова закіне, калі я скручу вязы табе і гэтай вось проблядзі, якая скурвілася з табою? Ах ты, гіцаль паганы, дарваўся да сукі, дапаў да сцягна! Трымайце мяне, а то я вырву яму сэрца з грудзей, пасяку на дробныя кавалкі і сабакам выкіну!” Ён скрыгатаў зубамі і закочваў вочы, як звер кручаны. Я не ведаў, што тут утачыць, каб выдрапацца з бяды, а мая суложніца, якую ён таксама крыў удоўж і ўпоперак, уся перавялася, румзаючы і хлюпаючы. Нарэшце, калі мне крыху адлегла і я памкнуўся нешта зварызгаць пра нашую нявіннасць, ён загадаў мне заткнуць гарлапашыну і не хацеў слухаць ні слова; і я мусіў маўчаць і слухаць яго аднаго, бо яго зноў прарвала – а каб яму зарвала! – што ён, бачыце, ва ўсім мне даверыўся, а я замест каб, усе святыні патаптаў, усё сплюгавіў, як ніхто на свеце. А тут надбегла і ягоная жонка і сваім цягам завялася, ды так, што каб ёй заняло, лепей ляжаў бы я ў крапіве, чым пад яе языком; і я думаю, вантробы ад’ела б, каб краат не прывёў святара.

Пакуль той не прыйшоў, я некалькі разоў памыкаўся падвесціся, але падпалкоўнік – ані прыступу, з грознай мінай прымушаў мяне заставацца ў ложку, і мне давялося спазнаць, як яно бывае, калі хлопца кураж пакідае, калі заспелі на гарачым, і што на сэрцы ў збродніка, калі яго схопяць у чужым доме, мала што ён яшчэ нічога і не ўкраў. І я ўспомніў той мілы час, калі мне сустрэўся такі самы падпалкоўнік з двума краатамі і як я іх трох турнуў к чартаматары, а цяпер вось ляжаў, як валух пакладаны, і не хапала мне адвагі і рызыкі завярнуць языком, не тое каб кулакамі. “Скіньце толькі вокам, святы войча! – сказаў ён. – Разлегліся! Як вам падабаецца такі спектакль, на які я змушаны запрасіць вас у сведкі маёй ганьбы!” І ледзь толькі вымавіў гэтыя словы, як зноў пачаў бушаваць і свет дагары нагамі класці, я толькі і чуў, як скручваюць вязы і рукі ў крыві мыюць. У яго з пашчы біў шум, як у япрука пад швайкай, аж здавалася, быццам яму мазгі завярнула, аж кожнае хвіліны я чакаў: “Вось цяпер ён і ўсмаліць табе кулю ў мазгаўню!” А святар усімі праўдамі і няпраўдамі ўмаўляў і лагодзіў яго, што не, не здарылася нічога такога да смерці непапраўнага, каб усё жыццё каяцца, ну, пабавіліся дзеткі, ну і перасталі… “Што ж? – сказаў ён. – Хай даверыцца пан падпалкоўнік свайму светламу розуму і згадае прымаўку: што б ні сталася, абы каб на радасць бралася. Гэтая цудоўная пара, роўную якой наўрад ці знойдзеш другую ў цэлай краіне, ну, не датрывала, але ж не першая і не апошняя падупала неадольнай сіле кахання, памылка, якую яны абое зрабілі, а гэта толькі памылка і нішто іншае, можа быць імі самымі лёгка выпраўлена. Праўда, я не лічу пахвальным ладзіць вяселле такім чынам, аднак юная пара не заслужыла сваім учынкам ні шыбеніцы, ні калесавання, і пан падпалкоўнік не павінен праз гэта чакаць сабе нейкага паганьбення і няславы, калі зроблены ўчынак, пра які яшчэ ніхто не ведае, ён захавае ў тайнасці, даруе і дасць згоду спалучыць дзетак шлюбам, замацаваўшы яго звычайным парадкам у храме Божым”. – “Што? – залямантаваў той. – Дык я павінен яшчэ замест заслужанай кары выстрэнчваць вясельныя банкеты і мець сабе гэта за гонар? Ды я да яснага дня загадаю звязаць іх і ўтапіць у Ліпе! Вы павінны вось тут, адразу, увязаць іх шлюбам, дзеля таго я і пасылаў па вас, альбо паперадушваю іх у гэтым вось ложку!”

Я падумаў: “Ну што тут зробіш! Вось што такое – птушачка еж, альбо саменькая ў кулеш! І, зрэшты, яна такая дзяўчына, што табе няма чаго саромецца, а калі ты азірнешся на свой род, сам убачыш, што наўрад ці ты варты сесці там, дзе яна ставіць свае пантофлікі”. І ўсё ж я бажыўся і даводзіў, як мог і чым мог, што мы не ўчынілі нічога непатрэбнага. Але мне адказалі, каб наша памаўчала і не вякала, каб не ўзападозрылі нас у чым-небудзь благім, а такімі байкамі мы нікому нічога не дакажам. Пасля гэтага, седзячы ў ложку, мы спалучыліся шлюбам, якога нам даў памянёны святар, і як толькі тое сталася, мусілі ўстаць і пакінуць дом. У дзвярах падпалкоўнік абвясціў мне і дачцэ, каб мы векі вечныя на вочы не лезлі яму і не назаляліся. А я, ужо як след ачуняўшы, ужо як чалавек жанаты, навесіўшы на сябе шаблю, адказаў яму як бы жартам: “Ай, не ўцямлю я нештачкі, пане тэсцю, з якое такое рахубы нарабілі вы такога тарараму. Калі іншыя маладыя капуліруюць шлюб, дык бліжэйшыя родзічы ўрачыста вядуць іх у спальню на чыстыя посцілкі і карункі; а ваша заходзіцца, як, не раўнуючы, малое, і не толькі зганяе мяне з ложка, а яшчэ і ножкаю тупае ды з дому вытурвае ўпрочкі і, замест каб узычыць мне ў сужэнстве памыснае долі, не хоча ашчаслівіць мяне радасцю сузіраць пантэсцеву мызу і яму верна служыць. Сапраўды, калі гэтакі звычай увойдзе ў моду, дык на такіх вяселлях не наскачацца плойма сяброў”.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

Сімпліцы кліча гасцей на вяселле, багата частуе і мякка сцел

Людзі ў маім доме ўсе вельмі здзівіліся, калі я прывёў гэтую дзеўку дахаты, а яшчэ больш, калі ўбачылі, як яна спакойна пайшла са мною спаць. І хоць штука, якую са мною сыгралі, напоўніла маю галаву ўсякімі бзікамі, але ж не такі я быў дурны, каб выстаўляць на паглум сваю маладую. Праўда, каханая была ў маіх руках, але тысячы розных думак абчапілі галаву – як мне ўсё гэта абставіць, куды павярнуць? То падумаю: “усё правільна і слушна, так табе і трэба”, то перадумаю, што гэта ж мне ўчынена найбольшая ў свеце канфузія, якую нельга вось так проста ўзяць ды перапусціць, не адсукаўшы свечкі. Але калі я думаў, што гэтую свечку трэба ўставіць у цымбалы цяпер ужо роднаму цесцю, а гэта значыцца, і маёй беспахібніцы і нявіннай горлінцы, усе мае ліхія намыслы ішлі на распыл. І забрала мяне такая чмута, што пастанавіў я сабе замкнуцца ў хаце і не назаляцца вачам людскім, а каб не чуць і не бачыць; але тады ж і адумаўся, што гэта якраз і была б найбольшая мая сарамата. Нарэшце цвёрда рашыў, што там ні будзе, а зноў дастануся ў дружбу майму цесцю, а ва ўсім астатнім буду строіць перад усімі блізір, што не, нічога благога ў мяне не скруцілася, што, наадварот – пафартуніла, буду як след рыхтаваць вяселле. Я сказаў сабе: “Паколькі ўсё склалася і дало такі дзіўны пачатак, дык і канец ты павінен зладзіць адпаведны. Калі людзі ўнюхаюць, што табе прыкра з такога пабрання, якім цябе акруцілі супроць волі тваёй, як нейкую бедную заморку з багатым старым бздуном, смеху будзе, смеху!”

З такімі думкамі ўстаў я з цёмнага рана, хоць яно яшчэ хацелася пакволіцца ў ложку. Найперш я паслаў па свайго швагра, жончынай сястры мужа, коратка патлумачыў яму, у якім мы цяпер сваяцтве, і папрасіў яго прыслаць сваю мілую, каб пасобіла паўпраўляцца на кухні, каб было што гасцям на стол выставіць, а сам ён ці не мецьме ласкі ўгаварыць цесця і цешчу, а я тым часам пайду склікаць гасцей, якія ўжо канчаткова ўсталююць мір і злагаду паміж імі і мною. Ён з поўнай ахвотай згадзіўся ўсё гэта паправіць, а я пайшоў да каменданта. Яму я ўсё выставіў у пацешным і забаўным святле, якая мною і маім цесцем заведзена новая мода гуляць вяселлі такім парадкам, дзе ўсё ідзе так увішна, што за адну гадзіну спраўляюццца змовіны, поезд у храм Божы і само шлюбаванне; але як што мой цесць ужмоціўся на ранішнюю зацірку маладым, дык я намерыўся замест яе патрактаваць усіх добрых людзей вечаровай вантрабянкай, якую вось і прашу пакорліва зрабіць мне ласку ўпачцівіць. Камендант ледзь бакі не парваў ад смеху з такога вясёлага дакладу; і убачыўшы, што кацялок у яго варыць нармальна, я крыху шырэй рассунуў заслону таямніцы і даўся ў перапросіны, што гэта ўсё ад майго неразумства, бо некаторыя маладыя чатыры тыдні да і чатыры пасля вяселля бываюць не ў поўнай памяці, але калі шчыра, дык у іншых маладых ёсць чатыры тыдні часу, калі яны могуць выпусціць вонкі ўсю сваю дурноту і такім чынам крыху прыхаваць нястачу добрага цяму, мне, непаваратню, на якога ўсё сватанне звалілася нянаджана і нечакана, давядзецца яшчэ шмат усякай дурноты нагвэздаць, каб ужо потым жыць узорна і разумна ў богаспадобным сужэнстве. Тады ён спытаўся, як у мяне са шлюбным кантрактам і колькі мне цесць адваліў на вяселле, бо ў старога скнары няпуста ў засеках, вой няпуста. Я адказаў, што ўся наша шлюбная кандыцыя складаецца з аднаго пункта, згодна з якім я і ягоная дачка нават духам сваім не павінны набрыдацца яму векі вечныя; але як што ні натарыуса, ні сведак пры гэтым не было, дык я спадзяюся, што, можа, ён адпусціцца і забярэ гэты дагавор назад, асабліва калі ўзяць пад увагу, што ўсе шлюбы ладзяцца дзеля пашырэння дружбы і згоды, а то атрымалася б, што ён аддаў сваю дачку, як той Піфагор, у што я ніколі не паверу, бо, шчыра кажучы, я нічым яго не дацяў.

Такімі і падобнымі штукамі і анекдотамі, да якіх вось такіх у мяне ў гэтых мясцінах не прывыклі, я дамогся, што камендант паабяцаўся прыйсці да мяне на вантрабянку разам з маім цесцем, якога ён абяцаўся ўламаць. Ён адразу паслаў бочку дарагога віна і на кухню цэлага аленя; а я загадаў усё так угатаваць, закусі рознай настроіць, нібыта меўся частаваць князёў, графаў і іншых знакамітых персаналіяў, склікаў ладную кампанію, якая не толькі ў свой дух наелася, не толькі няблага павесялілася, але і, што найперш, памірыла маёх цесцяў са мною і маёй жонкай, і ўжо ж яны назычылі нам столькі ўсякага дабра, што не ў параўнанне з праклёнамі мінулае ночы; а па ўсім горадзе пусцілі пагалоску, што наша капуляцыя ўчынена на нейкі загранічны лад, каб гэта, значыцца, ухіліць ад нас псоту, наведзеную ліхімі людзьмі. А мне гэтае скараспелае вяселле пайшло толькі на выгоду; бо калі б мы пабраліся пад запаведзь з катэдры, дык жа, напэўна, паназбягалася б розных патаскух, і не перамаўчалі б, прычыніліся б да якое паляндры ці сутаргі, уварвалі б кавалак здароўя, панападтыкалі б розных набрэхаў; бо сярод маладых мяшчаначак было ў мяне з паўтузіна такіх, што ведалі мяне і зверху і спадыспаду і ўжо падкладаліся, а тут, бачыце, селі ў лужыну.

На раніцу ўжо мой цесць трактаваў вясельную гасціну, але, папраўдзе, не так багата, як я, бо жмінда быў – не еж, калі завідна; там ужо са мною зайшлася гаворка, што ды як, чым займуся, якое і як павяду дабро. Тут я ўпершыню зразумеў, што страціў сваю дабраславёную свабоду і мушу буду жыць моўкам і падуладна. Я выказаў паслушэнства і як разумны кавалер зажадаў спачатку выслухаць рады майго любаснага цесця і паследаваць ягонаму сказу, і гэты адказ мой вельмі ўхваліў камендант і сказаў: “як што ён яшчэ малады і зялёны жаўнер, дык было б немалой дурасцю, калі б пры цяперашніх абставінах ён узяўся за іншае рамяство, акрамя мілітарнай службы; куды зручней паставіць свайго каня ў чужую стайню, чым у сваёй карміць чужога. Што да мяне, дык я ўручу яму прапар, калі ён таго захоча”. Мой цесць і я падзякавалі каменданту, і я ўжо не адмаўляўся наадрэз, як раней, а паказаў яму распіску кёльнскага купца, які ўзяў на захаванне мой скарб. “Вось што, -- сказаў я, -- трэба яго забраць, перш чым я паступлю на шведскую службу, бо як толькі даведаюцца, што я перайшоў да праціўніка, дык у Кёльне мне адразу скруцяць вялікую хвігу і прыўлашчаць мае грошы, якія так проста на дарозе не падбярэш”. Яны абодва са мною згадзіліся, і мы ўтрох умовіліся і рашылі, што бліжэйшымі днямі я выпраўлюся ў Кёльн, забяру там сваё багацце, а потым вярнуся ў крэпасць і атрымаю прапар; быў назначаны і дзень, калі майму цесцю будзе перададзена пад каманду рота разам з пасадаю падпалкоўніка ў палку ў нашага каменданта; а як што граф фон Гёц быў тым часам з вялікім імперскім войскам у Вестфаліі і разсмясціў сваю кватэру ў Дортмундзе, дык камендант лічыў, што навесну пачнецца аблога, і таму стараўся сабраць сабе надзейных жаўнераў, хоць яго клопат быў марны, бо памянёны граф фон Гёц (а Ёган дэ Вэрд быў разбіты ў Брысгаў) вымушаны быў тае ж вясны пакінуць Вестфалію і на Верхнім Рэйне каля Брайзаха зноў трывожыць князя Веймарскага.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ

Сімпліцы прыходзіць у горад па грошы, і зноў-такі выйшла – ён дурань харошы

Рознае яно і складваецца па-рознаму; да аднаго няшчасце коціцца спакваля і памаленьку, а на другога валіцца адразу, як з гары; маё ж пачалося соладка і прыемна, я нават не падумаў пра няшчасце, лічыў нават найвялікшым шчасцем.

Ледзь прайшоў тыдзень у сужэнстве з маёй мілай жонкай, як я апрануўся ва ўсё егерскае, узваліў на плячо мушкет, развітаўся з ёю і яе сябрамі, каб ісці па тое, што я пакінуў на захаванне ў Кёльне. Я шчасліва дабраўся туды, бо ўжо абышоў свет з прасветам, ведаў усе дарогі і абмінаў небяспекі, мне нават не сустрэўся ніводзін жывы чалавек, пакуль я не выйшаў да шлагбаўма каля Дзюца, што па гэты бок Рэйна насупраць Кёльна, які па той бок ракі. Тут я ўбачыў многа людзей, асабліва прыкмеціў аднаго селяніна, які нагадаў мне сваім выглядам майго татуся ў Шпэсэрце, а ягоны сынок таго самага Сімпліцы. Гэты хлопчык якраз пасвіў свінні, калі я праходзіў міма, свінні пачулі мяне і зарохкалі, а хлопчык давай іх лаяць, што каб на іх гром і град, што каб іх павыпрапасціла і каб сам чорт пасобіў. Гэта пачула служанка і накінулася на мальца, каб перастаў, а то скажа бацьку. Хлопчык ёй на тое, што хай пацалуе яму ў сраку (s.v.), бо ён, бачыце, учора мёд еў, і хай запросіць на пачастунак сваю матухну. Селянін, які таксама пачуў свайго хлопца, выбег з хаты з дубцом і заягліў: “А каб жа цябе ліхая гадзіна спадабіла, etc., шмуйла дурное, мурзатае, як ты ўжо мне душу ад’ела, пажджы, зара ўкіну, каб ты на сцены кідалася” – і, схапіўшы яго за каршэнь, высвістаў дубцом, як мядзведзя на вяроўцы, прыгаворваючы за кожным разам: “Ах ты, гультаёвіны кавалак, я табе пакажу, як лаяцца, чорт цябе задзяры, я табе пакажу тваёй матары, куды цалаваць, я табе пакажу, як матухну частаваць!”

Гэтая прачуханка мне адразу нагадала мяне самога і майго татуся, і ўсё-такі я не быў настолькі сумленны і пабожны, каб падзякаваць Богу за тое, што ён вырваў мяне з цемры і невуцтва (ignoranz!) і прывёў да лепшай навукі і ведаў, чаго ж тады маё шчасце, якое ён пасылаў мне штодня, не павінна было быць і далей са мною?

Калі я прыйшоў у Кёльн, завярнуў спярша да свайго Юпітара, які якраз быў здаровы і ў розуме. Калі ж я прызнаўся яму, чаго я сюды прыехаў, ён адразу сказаў, што гэта будзе ўмалот з пустое саломы, бо той купец, якому я даверыў сваё дабро, збанкрутаваў і даў цекача; праўда, усе мае рэчы апламбаваны магістратам пад сыгнетку, самога яго загадана запыніць назад, але бяжы дагані яго, так што сумніўна, каб ён вярнуўся, бо ўсё лепшае, што можна было прыхапіць, ён прыхапіў, а пакуль там тое ваша правасуддзе-агуддзе, шмат вады ў Рэйне сплыве.

Кожны можа здагадацца, як усцешыла мяне гэтая навіна. Я лаяўся, як балагол на козлах, але калі гэта каму памагала? Рэчаў жа сваіх я не атрымаў, і не было аніякай надзеі зыскаць іх назад. Да таго ж я ўзяў на дарогу ўсяго талераў з дзесяць, разгуляйся цяпер на іх. Ды і небяспечна было доўга заставацца, -- бо трэба было трымаць на воку, каб мяне не дасачылі, бо я ж такі прыстаў да варожага гарнізона, і я не толькі страціў бы ўсю сваю маёмасць але яшчэ і ўбарохтаўся б у большую плягу. Вяртацца ж напаражняку, кінуўшы на волю майно, і без толку сноўдацца туды-сюды таксама не выпадала – адна смехата. Нарэшце я рашыў застацца ў Кёльне, пакуль не разбяруць справу, і паведаміць маёй каханай прычыну затрымкі. Пасля гэтага я пайшоў да пракуратара, які быў натарыусам, расказаў яму пра сваю бяду і папрасіў памагчы мне радай і клопатам, паабяцаўшы яму ў разе хуткага завяршэння звыш пакладзенай таксы яшчэ і добрага навару падарункам. А як што ён спадзяваўся няблага з мяне пацягнуць, дык прыняў мяне ласкава, а таксама дамовіўся, што я буду мець у яго стол. На другі ж дзень ён выправіўся да тых самых асобаў, якім было даручана разабрацца з банкруцтвам, уручыў ім завераную копію купцовай распіскі і паказаў арыгінал, на што мы атрымалі адказ, што нам трэба счакаць да канчатковага разбору справы, бо рэчы, пералічаныя ў распісцы, не ўсе аказаліся.

Так, я зноў падрыхтаваўся да доўгай “пачакайкі”, бо то ж табе не “зараз”, -- а тым часам агледжуся, што і як тут робіцца ў вялікім горадзе. Мой гаспадар і сталадаўца, як вы ўжо ведаеце, быў натарыус і пракуратар і, акрамя таго, трымаў з паўтузіна пастойнікаў і восем коней на саломе, якіх звычайна здаваў заезным, прытым меў двух слуг, немца і італьянца, якіх пасылаў з падводай альбо пеша на ўсе бакі, куды спатрэбіцца, за паштароў, а коні былі заўсёды напагатове, так што гэтым трайным альбо альбо ж і чацвярным промыслам зарабляў зусім нават няблага і не толькі на хлеб, але і да хлеба, бо і несумненна меў ладны барыш; а як што на тым часе ў горад не пускалі жыдоў, дык і завады ніякай не было ягоным гешэфтам.

Незабаўным часам, які я прабыў у яго, я многага навучыўся, асабліва ж разбірацца ў хваробах, што ёсць вялікая навука, як на доктара медыцыны, бо нездарма ж кажуць: пазнай хваробу – напалавіну вылечыў. Прычынай таго, што я спасціг гэтую навуку, быў мой гаспадар, бо, пачаўшы з ягонай пярсоны, я прыглядваўся і да іншых, да іхняй камплекцыі. Тут я і ўведаў, што многія смяротна хворыя, а ходзяць, нічога не ведаючы, і нават іншымі людзьмі і ў дактароў лічацца здаровымі. Я ўжо ведаў людзей, якія хварэлі на злосць, і калі гэтая хвароба падпірала, ім, як чарцям, крывіла твары, яны рыкалі, як ільвы, драпаліся, як каты, ламалі ўсё, як мядзведзі, кусаліся, як сабакі, а яшчэ каб паказаць, што яны круцейшыя за кручаных сабак, шпурлялі на падлогу што пад руку лезла, як усё роўна дурныя. Кажуць, што гэтая хвароба ад вантробы, а я так думаю, што яна ўзнікае, калі дурня пыха забірае; таму калі пачуеш, як бушуе раззлаваны, асабліва за якую-небудзь дробязь, дык можаш смела лічыць, што ён больш гардзей, чым разумны. Ад гэтай хваробы безліч ўсялякіх няшчасцяў як у таго, хто ў нядугу запаў, так і ў другіх; у хворага пад канец паляруш, паляндра, падагра і заўчасная смерць, калі толькі не вечная пагібель! І гэтых хворых, хоць яны хворыя вельмі небяспечна, па праве нельга назваць пацыентамі, бо ім якраз найбольш і не стае patientia*. Бачыў я і заражаных зайздрай, пра якую кажуць, што яна грызе сваё ж сэрца, таму зайздроснікі заўсёды бледныя і тужлівыя. Гэтую хваробу я лічу самай небяспечнай, бо яна запачаткавалася ад самога д’ябла, хоць і ўзнікае з чыстай радасці, якая адольвае таго, хто ёю далягае; а калі каму-колечы ўдаецца грунтоўна ацаліць каго-небудзь ад яе, той амаль мае права хваліцца, што вярнуў загіблага ў хрысціянскую веру, бо гэтая хвароба наведвае сапрраўднага хрысціяніна, якому і тут след прыкрыцца і маркоціцца толькі за грэх і загану. Запальчывасць да гульні я таксама лічу за хваробу не толькі таму, што ўжо ў назве сваёй нясе запаленне, а таму, што тыя, каго яна агалчае, сквапныя да гульні, як азвярэлыя. Гэтая хвароба бярэ свой пачатак ад гультайства, а не ад срэбралюбства, як думаюць некаторыя, а калі ты адбярэш пераборлівасць, прывярэдзь і гультайства, дык хвароба мінецца сама сабою. Я лічу, што патуранне чэраву і п’янству – таксама самасобская хвароба, якая бярэцца ад дурной завядзёнкі, а не ад раскошы. Беднасць, праўда, у гэтым выпадку – спрыяльніца і прыяцелька лекаў, але зусім аздаравіць ад гэтай немачы не можа, бо ж бачыў я і жабракоў-ненаядаў і багатых скнараў, якія томяцца ад нянаедзі. Гэтая хвароба на сваім жа карку носіць і лякарства ад самой сябе, якое называецца нястачаю, калі не ў маёмасці, дык у астатнім цялесным здароўі, ажно ж пад канец пацыенты самі сабою папраўляюцца, як мухі, калі, альбо знэндзіўшыся, альбо знямогшы, ужо сілы не маюць аб’ядацца. Пыхлівасць я лічу адмысловай фантазіяй, якая пупышкуецца ў невуцтве; бо калі хто спазнае самога сябе і ведае, з чаго ён узяўся і куды адыдзе, дык і няма чаго рабіцца яму такім напышаным дурнем. Калі я бачу паву альбо індыка, які распусціў хвост ды яшчэ і кулдыча, дык мяне бяруць жывыя смехі, што гэтыя неразумныя стварэнні так умела смяюцца з бедных людзей, якія думаюць пра сябе: што-та я! а што-та за штука я! а што-та за адзін такі! Я не мог знайсці ніякіх панацэяў ад гэтай нядугі, бо тых, каго ўжо яна прыбрала, нельга лечыць нічым, як толькі выпісаўшы ім упакоранасць, як гэта і іншым дурням лічыць. Думаю, што і смех – таксама нездароўе, бо ад яго памёр Філемон, ды і Дэмакрыт упадаў ім да самага скону. Таксама ж да сёння яшчэ кажуць нашыя жанчыны, што – вой-вой-вой памру ад смеху! Кажуць, быццам ён нараджаецца ў вантробе, але каб жа ж тае толькі праўды – я хутчэй паверу, што тксама ад немалое дурноты, бо нездарма ж смех без прычыны – знак дурачыны. Няма сэнсу і няварта клопату назначаць лекі ад гэтай хваробы, бо яна ж не толькі вясёлая хворасць, а ў многіх праходзіць нават раней, чым яна яму абрыдне. Не менш таго змеціў я, што і дацеклівасць, цікаўнасць – хвароба, ледзь не прыродная ў жанчын; хай сабе яна здаецца нікчэмнай, аднак жа, руку на сэрца – вельмі небяспечная, бо мы ж яшчэ дагэтуль адкупаем цікаўнасць нашай самай першай маці.

Пра ўсе іншыя: гультайства, помслівасць, рэўнасць, самавольства і іншыя падобныя немачы і пахібы я гэтым разам перамоўчу, а вярнуся лепей да свайго гаспадара, які, зрэшты, і даў мне зачэпку пакалупацца ў мазгах над усімі гэтымі грахамі. А ўжо ж ён быў скнара і жмінда, што хай Бог крые.

* Цярплівасць (лац.).

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ

Сімпліцы ў Кёльне на рынку матаецца і прамышляе на рынку зайца

Гэты, як я вышэй далажыў, з усяго сашкрабаў грошы; ён ніколі табе не сядзе з пастойнікамі за стол выпіць і закусіць, не запросіць і за свой стол; ён мог бы і сам на тры полкі есці і чэлядзь карміць, калі б стары жмінда ўсё тое, што яму клалі пастойнікі, зводзіў на ежу, дык жа не – крукам вісеў над кожнай манетай, калі там тое яму есці! Ён выкормліваў нас па-швабску і што меў – у торбу, у торбу. Спачатку я сталаваўся не разам з усімі пастойнікамі, а з ягонымі дзецьмі і чэляддзю, бо мне не ставала грошай; там падавалі ўсё такое поснае, што маёй юкле, прывыклай да кормнай вестфальшчыны, усё гэта было дзівам дзіўным; нам не даставалася на стол ані скравачка добрага мяса, а ўсё некая ворвань, якую тыдзень таму назад не дамусолілі студэнты, ды яшчэ такое шэрае ад заляжаласці, быццам яго еў сам прабацька Мафусаіл. Апрача таго пані гаспадарова, якая мусіла сама ўпраўляцца на кухні, бо з ашчаднасці нікога ў кухаркі не згаджалі, гатавала такі чорны кулеш і да чорта пераперчвала – каб лепш смакавала! Тут ужо ўсе костачкі так абгрызалі, што з іх можна было выточваць фігуркі для варцабаў, але і іх не выкідалі, а складвалі ў кошык, і калі набіралася даволі, гаспадар сек іх дробна-дробненька і вытопліваў тлушч, каб апошняя кропля не прапала, і ўжо казаць не буду, ці клалі потым гэты тлушч у крупнік, а ці шмаравалі ім чаравікі. У посныя дні, якіх было большасць і ўсе яны вытрымліваліся посна, бо ў гэтым гаспадар быў пунктуальны, мы ласаваліся смярдзючымі ржавымі следзямі, салонымі ляшчамі, пратухлай траскою і ўсякай іншай прагорклінай і пратхлёвінай, бо ён купляў усё самае таннае і дзеля гэтага не ленаваўся цягацца на рынак асабіста, дзе забіраў усё, што рыбакі адкладалі выкінуць. Хлеб у нас быў чорны і чэрствы, пілі рэдзенькае пракіслае піва, ад якога мне ў чэраве рэзала, хоць гаспадар бажыўся, што гэта самае лепшае сакавіцкае піва. А яшчэ я даведаўся ад нямецкага фурмана, што летам кормяць яшчэ горш, бо тады хлеб працвілы, мяса чарвівае, а самы лепшы наедак аполудні – некалькі рэдзек, а на вячэру жменька салаты. Я спытаўся, дзеля якое ж халеры ён тырчыць у гэтага скнары. Ён не давяре нават жонцы і дзецям спускацца ў склеп, бо і сабе не дазваляе выпіць кроплю віна, адням словам – гэта такі праглы і сквапны да грошай воўк, што другога такога пашукай. Тое, што я пабачыў, гэта цапстрыкі; калі абжывуся, дык зразумею, што ён не пасаромеецца за аднаго тлустага мнішка* садраць скуру з асла. Аднаго разу ён прынёс шэсць фунтаў каўдуна і валовых кішок, замкнуў у склепе, але на вялікае шчасце дзятве акенца было не зачыненае, дык дзеці прывязалі на доўгі кій відэлец, усё па кавалачку і павыцягвалі ды паўсырое спехам-смехам і ўпаролі, зваліўшы потым усё на ката. Але жмотнік наш, які гарох лічыў паштучна, не паверыў-такі, нарабіў гвалту на цэлы дом, злавіў ката, паважыў яго і пераканаўся, што з усёй скурай і поўсцю курнявачка тая пацягнула менш, чым з’едзеныя тэльбухі. Ён не толькі не пасаромеўся такога пустога жарту, але яшчэ і хваліўся сваім спрытным розумам, што так усё прыдумаў. Як што ён рабіў усё гэта, нават у сабакі вачэй не пазычаючы, дык я не захацеў далей дзяліць трапезу з ягонымі дамачадцамі, а намерыўся сесці за студэнцкі стол, колькі б тое ні каштавала, аднак мала сабе на тым спагнаў, бо ўсе наедкі, якія там падавалі, былі напалавіну сырыя, з чаго нашаму гаспадару была выгода ўдубальт: па-першае, ашчада на дровах і па-другое, што мы не маглі стравіць многа такое ежы. Звыш таго, здаецца, ён лічыў кожны кавалак у горле і чухаў патыліцу, калі мы ўсё-такі наядаліся. Віно ў іх было разведзенае і не такога гатунку, каб спрыяць страваванню; сыр, які ставілі пад канец кожнай трапезы, звычайна быў як камень, галандскае масла такое перасоленае, што тоўста не намажаш, не тое каб кавалкам, а садавіну падавалі і выносілі да таго часу, пакуль яна ў гніль не ішла, што ўжо і свінням не выкінеш; а калі хто слова закіне супраць, дык гаспадар усчынаў свару з жонкай, каб мы чулі, які ён справядлівы, які ён за нас руплівы, а ўпотай казаў ёй, каб рабіла, як рабіла. Зрэшты, у доме было чыста і прыбрана, бо ён не любіў, каб пад нагамі што валаклося, ні саломінкі, ні паперкі, ні яшчэ чаго, што можна было б кінуць у агонь, усё вызбірваў сам альбо выносіў на кухню, кажучы: “Кропелька да кропелькі – ручаёк упоперкі”, бо думаў: “І ад шарсцінак бярэцца агонь”. Попел ён выграбаў з большым клопатам, чым каторы шафран, бо ўмудраўся яго прадаваць. Аднойчы прынёс яму нейкі кліент зайца, якога ён падвесіў у склепе, што я заўважыў і падумаў: “ну, вось, цяпер пакаштуем дзічыны”; аднак немец-фурман сказаў, што дарма я губы раскапыльваю, -- гаспадар паставіў у кантракце, што не абавязаны частаваць нас далікатэсамі; мне толькі трэба паполудні пайсці на рынак ды паглядзець, ці не прадае ён там таго зайца. Тады я адрэзаў у зайца кавалачак вуха, і калі мы сядзелі і палуднавалі, а нашага гаспадара з намі не было, я расказаў, што ён збіраецца прадаць зайца, а я намысліў правесці старога жмінду, і калі хто хоча са мной пайсці, дык, проша пана, не толькі пацеха будзе, а яшчэ й скаштуем зайчыны. Усе ахвотна згадзіліся, бо хацелі ўрэзаць якую-небудзь штуку, за якую ён не мог бы прыцягнуць да адказу. І вось паполудні выправіліся мы ў тое месца, дзе, як падказаў мне наш фурман, звычайна станавіўся наш гаспадар, калі хацеў што прадаць, і назіраў, колькі ўтаргуе прадавец, каб не прапусціць ніводнага тлустага мнішка. Мы ўбачылі яго ў кампаніі шанаваных людзей, з якімі ён вёў дыскурс. Я падгаварыў аднаго маладзёна, і ён падышоў да прадаўца і сказаў: “Зямляча! А заяц гэты мой, і я забіраю яго з поўным правам, як украдзенае ў мяне дабро; сёння ўначы яго ўкралі ў мяне праз акно, і калі ты не аддасі мне зайца па добрай волі, я на тваю рызыку вазьму судоўца і пайду з табою, куды скажаш”. Гандляр адказаў, што ён ахвотна пабачыць, што з гэтага выйдзе, вунь там стаіць высокашляхетны пан, які даручыў яму прадаць зайца, якога ён, напэўна-такі, нідзе не краў. Як толькі гэтыя двое завяліся, вакол іх сабраўся гамуз раззяваў, і наш скнара адразу гэта змеціў і даведаўся, з якога боку загарэлася, а таму падміргнуў прадаўцу, каб той адступіўся ад зайца, бо вельмі засаромеўся і не хацеў, каб пайшлі пагудкі, што ён прадае зайчыну, калі ў яго столькі пастойнікаў, да таго ж не ведаў, дзе ўзяў зайца той кліент, які яму яго прынёс. А маладзён, якога я падбухторыў, пачціва паказаў натоўпу кавалачак заечага вуха і прыставіў да адрэзанага месца, дзіва што ўсе прызналі яго рацыю і прысудзілі зайца яму. Тым часам падышоў я з кампаніяй, быццам мы апынуліся тут не сумысля, і пачаў таргавацца з маладзёнам, які завалодаў зайцам, і калі мы з ім пагадзіліся, уручыў пакупку нашаму гаспадару з просьбаю ўзяць яе і згатаваць нам на стол, а маладзёну, якому я даручыў гэты справунак, даў замест платы за зайца грошай на два куфлі піва. Вось так наш прагны скнара супроць сваёй волі мусіўся пачаставаць нас зайчынай і нават не пікнуў, з чаго мы добра пасмяяліся; і калі б я прабыў у ягоным доме даўжэй, учыніў бы там шмат вясёлых штук.

* Дробная манета, роўная васьмі гелерам (ням. народн.).