* Брахалка — так у Менску здаўна называюць бульварчык насупраць цяперашняга Генэральнага Камісарыяту. (Заўв. аўтара.)
У водгуку на «Хроніку беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984)» Міколы Панькова 1 пісалася: «На жаль, «Хроніка…» не дае дастаткова поўнай інфармацыі пра падзеі асабістага, прыватнага жыцьця беларусаў у акрэсьлены пэрыяд: як і дзе здабывалі яны свой хлеб надзённы? Ці былі здаровыя або на што хварэлі? З кім браліся шлюбам? Ці захоўваюць дзеці і ўнукі духоўную і матэрыяльную спадчыну сваіх беларускіх продкаў?» 2.
Сапраўды, у кнізе, што зьмяшчала больш за 1 500 імёнаў і падрабязны вопіс-пералік падзеяў за саракагадовы адрэзак часу, не было месца побытаваму, паўсядзённаму жыцьцю. Ня шмат яму адводзілася месца ў такім клясычным дасьледаваньні жыцьця дыяспары, як «Беларусы ў ЗША» Вітаўта Кіпеля3. У роўнавялікай працы — кнізе Натальлі Гардзіенкі «Беларусы ў Аўстраліі» 4, што выйшла на адзінаццаць гадоў пазьней, побыту ўвагі адведзена непараўнальна болей — за кошт запісаных і апрацаваных аўтаркаю ўспамінаў.
Аднак цалкам карціна ўсё адно не вымалёўваецца. Але ці можа паўстаць такое дасьледаваньне, якое ахапіла б усё жыцьцё дыяспары: грамадзкае, палітычнае, культурнае, прыватнае — усе ейныя аспэкты? І каб падобная праца была зробленая — дзе для яе, пры пераважнай адсутнасьці архіваў і адыходзе сьведкаў, шукаць фактычны матэрыял?
Адказ — у газэце, адной з трох — разам з царквою й грамадзкімі арганізацыямі — галоўных інстытуцыяў любой эміграцыі. Як тут не згадаць славутага й слушнага: «Газэта — гэта ня толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але й калектыўны арганізатар» 5. Яна брала на сябе ролю сацыяльнага інстытуту, які яднаў эміграцыю; газэта яднала ізаляваную (ці самаізаляваную) беларускую эміграцыю й краіны расьсялень ня. І рэч нават ня ў тым, што большасьць уцекачоў зь Беларусі напачатку недастаткова валодалі замежнымі мовамі, каб даць сабе рады з чужымі газэтамі; яны патрабавалі «свайго», беларускага пагляду на падзеі ў Беларусі і ў сьвеце, які б браў за зыходны пункт адліку самую Беларусь.
Менавіта газэта, і толькі газэта, здольная — у параўнаньні з такімі формамі крыніцаў, як успаміны, ліставаньне, пратаколы паседжаньняў, справаздачы (усе яны зьяўляюцца сьведчаньнем дзеі/думкі аднаго-двух ці строга абмежаванага пэўнымі часовымі абставінамі кола чалавек, тады як газэта ёсьць люстэркам усяго канкрэтнага грамадзтва), — даць параўнальна цэласнае ўяўленьне пра паўсядзённае жыцьцё эміграцыі. Паўсядзённае ня тое, што адбываецца з дня ў дзень — штодзёншчына (ангельскае everyday life, нямецкае Alltagsgeschichte): адметнасьці працы, абсталяваньне дому, вопратка, харчаваньне. Побытавасьць/будзённасьць як катэгорыя тут абазначае асабіста-гра мадзкае быцьцё, зьмест паводзінаў як асобнага чалавека, гэтак і акрэсьленага грамадзтва, агульны кампанэнт усіх формаў дзейнасьці: мары, спадзяваньні на будучыню, нязгоды й супрацоўніцтва, успаміны, жаданьні, абавязкі, сымпатыі.
Газэта ў падобных дасьледаваньнях гэтых катэгорыяў выступае адначасна і як аб'ект, і як сродак.
Сама газэта, ейная рэдакцыя, супрацоўнікі, аўтары ды іхныя тэксты зьяўляюцца цікавым матэрыялам для мікрагісторыі, якая «на падставе шматлікіх і разнастайных кантэкстаў пастулюе, што кожны гістарычны актор бярэ ўдзел наўпрост ці апасродкавана ў працэсах розных маштабаў і розных узроўняў, ад самага лякальнага да самага глябальнага, упісваючыся ў іхныя кантэксты. Тут няма разрыву паміж лякальнай і глябальнай гісторыяй і тым больш іхнага супрацьстаўленьня адна адной. Зварот да вопыту індывідуўму, групы, тэрыторыі якраз дазваляе ўхапіць канкрэтны воблік глябальнай гісторыі. Канкрэтны й спэцыфічны, бо вобраз сацыяльнай рэальнасьці, выяўленай мікрагістарычным падыходам, гэта ня ёсьць зьменшаная або частковая ці абрэзаная вэрсія таго, што дае макрагістарычны падыход; гэта ёсьць іншы вобраз» 6. Зразумела, штодзённасьць, побытавасьць — усяго толькі адзін зь вялікай колькасьці магчымых паглядаў на грамадзтва, толькі адзін ягоны аспэкт, і гэты вобраз — адзін са шматлікіх ня роўных вобразу грамадзтва цалкам, як ня роўна дасьледаваньне штодзённасьці, пераважна апісальнае, дасьледаваньню аналітычнаму. Тым ня менш вывучэньне любога гістарычнага фэномэну наўрад ці можа быць плённае без вывучэньня паўсядзённага жыцьця, што знайшло адбітак, у нашым выпадку, на старонках газэты і ў жыцьці самой газэты.
Газэта — «друкаванае пэрыядычнае выданьне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў палітычным, эканамічным і духоўным жыцьці грамадзтва; адзін з асноўных сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца апэратыўнасьцю, фарматам, пэрыядычнасьцю. Зьмяшчае афіцыйныя й палітычныя дакумэнты, карэспандэнцыю й камэнтары, хранікальныя паведамленьні, мастацкія творы»7. У прыведзенай фармулёўцы прапушчаны вельмі істотны дэфініцыйны складнік: газэта — выданьне, даступнае кожнаму. Прычым даступнае ня толькі зь фінансавага гледзішча — як пакупнікам, чытачам, але — даступнае як суаўтарам. Гэта слушна, прынамсі, на Захадзе — дзе бадай любы чытач пры ахвоце мог надрукаваць у пэрыядычным друку свой уласны артыкул ці ліст8. Збольшага тое тлумачылася ня нейкай асаблівай дэмакратычнасьцю друку дыяспары — дэмакратыч насьць, як і адсутнасьць цэнзуры эміграцыйнае прэсы, ёсьць мітам, які вымагае асобнае гутаркі, — а жаданьнем ня страціць канкрэтнага чытача, што рэпрэзэнтаваў пэўную фінансавую дапамогу. Зрэшты, праблемы з наяўнасьцю аўтараў і матэрыялаў былі не апошнім чыньнікам дастаткова шырокага й вольнага ўдзелу беларуса-эмігранта ў фармаваньні зьместу газэтных нумароў.
Пэрыядычны друк ва ўмовах эміграцыі ці не ад пачатку адыгрываў ролю большую, як у мэтраполіі. Гэта выяўлялася ва ўвазе грамады да свайго друку і ў колькасьці саміх пэрыёдыкаў. Акрамя таго — і на гэта трэба адмыслова зьвярнуць увагу асобна— эміграцыйны беларускі друк, друк у месцах, што геаграфічна ляжалі па-за межамі Беларусі, вызнаваўся агульнабела рускім. Гэтак, у ковенскім беларускамоўным выданьні «Часопісь» у 1920 г. пісалася:
Беларускія друкі да рэвалюцыі 1905 г. ня мелі магчымасьці выходзіць свабодна. Нягледзячы на гэта, яшчэ выходзілі нелегальна «Гутарка» 9 й «Мужыцкая Праўда», друкаваныя лацінкай. У 1897 г. у Менску быў заложаны «Гоман» (лацінкай) 10, а ў 1903 г. у Слуцку — гражданкай друкаваная «Свабода» 11, таксама часопісь нелегальная.
З 1905 г., зь якога часу стала вальней нацыянальнасьцям былой Росеі12, беларускае друкаванае слова пачало пашырацца. Блізка ўсякі год адчыняліся новыя і новыя пэрыядычныя выданьні. З 1864 г. да 1920 г. былі заложаны: у Вільні — 13, у Менску — 18, у Петраградзе — 8, у Маскве — 1, у Слуцку — 3, у Кіеве — 3, у Адэсе — 1, у Горадні — 6, у Коўні — 1, у Бэрліне— 1, у Капэнгагене — 1 і ў Рызе — 1. Сярод гэтых пэрыядычных выданьняў тры былі дзеля вайсковых, гэта: у 1917 г. «Беларуская Рада» і «Беларуская Рада XII арміі» (на беларускай і расейскай мовах) і ў 1919 г. «Варта Бацькаўшчыны» ў Літоўскай Чыннай Арміі.
Да 1917 году цэнтрамі беларускіх пэрыядычных выданьняў былі Вільня—Петраград—Менск; у 1918 г. беларускія часопісі зьявіліся нават у Адэсе і ў Кіеве, а ў 1919 г., у яком беларуская справа, у часе, калі блізка ўся Бацькаўшчына была акупавана чужынцамі, прытулілася спачатку ў Горадні, а таксама ў Коўні, то і цэнтрамі часова зрабіліся гэтыя месцы13.
У зьвязку з замежнай працай беларусаў, у Бэрліне ў 1919 г. былі заложаны на нямецкай мове бюлетэні «Weissruthenisches Presseburo» ў 1920 г. і ў Капэнгагене на дацкай мове такое ж выданьне 14.
Усяго за разглядаемы пэрыяд выйшла 68 пэрыядычных выданьняў, зь іх лацінкай — 15, гражданкай — 37, на расейскай мове — 11 (зь іх часьць мяшана: на беларускай мове літаратур ны аддзел і на расейскай — палітычны), на нямецкай — 2, на францускай — 1, на дацкай — 1 і на жыдоўскай — 1.
З 1864 да 1905 г. выйшла ўсяго чатыры пэрыядычныя выданьні 15, а ўсе рэштыя — з 1906 да 1920 г.16.
Згодна з выданьнем «Руская замежная кніга», на 1924 г. за мяжою выдавалася сем беларускіх пэрыёдыкаў 17. На жаль, лічба там пададзена без геаграфіі друкаў18.
Палічаныя, але не пералічаныя выданьні сталі папярэдні камі выданьняў эміграцыі пазьнейшага часу — газэтаў «Бацькаўшчына» і «Беларус», галоўных герояў гэтае кнігі. Папярэднікамі па замежнасьці , але не па нацыянальнай сутнасьці друкаў. «Нацыянальны тон» задавалі «Наша Доля» (Вільня, 1906), «Наша Ніва» (Вільня, 1916—1918), «Homan» (Вільня), «Вольная Беларусь» (Менск, 1917—1918).
Разам з тым, былі ў эміграцыйных газэтаў і іншыя папярэднікі — у часе Другой Сусьветнай вайны. Так, у 1943—1944гг. беларускамоўных пэрыёдыкаў было 26—27 назоваў19 : рост пэрыядычных выданьняў заўжды павялічваецца пры ўздыме нацыянальнага адраджэньня нацыі. Цікава параўнаць гэтыя лічбы з дадзенымі 1927 г., калі ў Беларусі выходзіла дваццаць газэтаў, зь іх у беларускай мове толькі дзесяць20 .
Найбліжэйшым папярэднікам газэтаў з тых выданьняў трэба лічыць бэрлінскую «Раніцу». Газэта была заснавана пры канцы 1939 г. як выданьне для ваеннапалонных беларусаў «дзякуючы ініцыятыве Фабіяна Акінчыца 21 і Анатоля Шкуткі. Акінчыц і стаў першым яе рэдактарам. Пазьней рэдактарамі былі Вітаўт Тумаш, Мікола Шкялёнак, Станіслаў Грынкевіч (малодшы), Станіслаў Станкевіч… На пачатку 1943 г. наклад газэты сягаў 12 тыс. асобнікаў. Першая-другая старонкі адводзіліся пад справаздачы з франтоў і афіцыйную нямецкую хроніку, безь якой нельга было абысьціся, і наяўнасьць якой была абавязковай умовай функцыяваньня любой прэсы падчас акупацыі. Аднак вялікае значэньне маюць рубрыкі, прысьвечаныя гісторыі Беларусі, грамадзка-культурным падзеям на радзіме і эміграцыі, а таксама ўспаміны. Вялікую ўвагу газэта аддавала літаратурна му працэсу» 22.
Гісторыя пэрыядычнага друку гэтага трэцяга (1941—1944) этапу нацыянальнага адраджэньня (пасьля 1861—1917, 1918—1929), у пэўнай ступені тэндэнцыйна, напісаная 23. Усё ж варта зьвярнуць увагу на два дакумэнты, што дэманструюць працу беларускага актыву па стварэньні менавіта нацыянальнай прэсы ды, наколькі тое было магчыма ва ўмовах акупацыі, разьмежаваньні зь нямецкаю прапагандаю. Акрамя таго, дакумэнты ўводзяць у гэтую кнігу постаць, безь якой гісторыя газэтаў на эміграцыі была б зусім інакшаю.
14 верасьня 1944 г. у Бэрліне адбывалася паседжаньне прэзыдыюму Беларускай Цэнтральнай Рады, на якім прысутнічалі прэзыдэнт Радаслаў Астроўскі, першы віцэ-прэзыдэнт Мікола Шкялёнак, радныя: палкоўнік Канстанцін Езавітаў, Сымон Кандыбовіч, Аўген Калубовіч, палкоўнік Франц Кушаль і Павал Сьвірыд. Трэцім пытаньнем на парадку дня, пасьля пытаньняў аплаты афіцэраў, што не працуюць у БЦР, а таксама абмеркаваньня Статуту й Праграмы Саюзу Вызваленьня Беларусі, было пытаньне прэсавых справаў. На паседжаньне быў запрошаны Станіслаў Станкевіч 24, нованазначаны (3 верасьня) рэдактар «Раніцы» (да яго на гэтай пасадзе быў Станіслаў Грынкевіч) і ўскосна «Беларускага Работніка», паколькі газэты рабіліся адною рэдакцыяй.
Запрошаны на паседжаньне рэдактар доктар Ст. Станкевіч асьведчыў, што нямецкія ўлады праводзяць цяпер празь беларускую прэсу й беларускае прадстаўніцтва ў Нямеччыне вярбоўку моладзі, у тым ліку й беларускай , у фармацыі СС для процілятунскай падрыхтоўкі. Усё гэта робіцца без паразуменьня з БЦР.
Непарадкі ў рэдакцыі, дапушчаныя папярэднім кіраўніцт вам рэдакцыі, паволі ліквідуюцца. Гэтыя непарадкі прычынілі ся да зьмяншэньня колькасьці падпісчыкаў, бо ня ўсім тым асобам, якія прысылалі падпіску (што немагчыма часта спраўдзіць), газэта высылалася. Другой прычынаю зьмяншэньня колькасьці падпісчыкаў зьяўляецца тое, што ў выніку ваенных падзеяў адпалі ўсходнія абшары. Колькасьць падпісчыкаў зьменшылася напалову. У выніку стараньняў новага кіраўніцтва рэдакцыі колькасьць падпісчыкаў «Раніцы» зноў павялічылася да 10 000. «Беларускі Работнік» мае 4 000 падпісчыкаў. Малая колькасьць падпісчыкаў «Беларускага Работніка» тлумачыцца тым, што рэдакцыя пазбаўлена магчымасьці распаўсюджваньня гэтае газэты, якая знаходзіцца поўнасьцю ў руках арганізацыі «Фрэмдэншпрахдынст», дзе сядзяць расейцы, якія перашкаджаюць распаўсюджваньню беларускае прэсы.
Пастанавілі: зрабіць захады аб тым, каб у арганізацыі «Фрэмдэншпрахдынст» быў беларускі прадстаўнік. Зьмясьціць у расейскай і ўкраінскай прэсе абвесткі аб падпісцы на беларускія газэты25.
Праз тыдзень, 21 верасьня, адбылося наступнае паседжань не, на якім прысутнічалі Р. Астроўскі, М. Шкялёнак, Ю. Сабалеўскі, А. Калубовіч, П. Сьвірыд. Пытаньне аб прэсавых справах гэтым разам стаяла першым, перад пытаньнямі разьмяшчэньня канцылярыі й працаўнікоў БЦР, зваротам Беларускай Самапомачы, абсады штату ў БЦР ды іншага.
Запрошаны на паседжаньне на разгляд першага пункту парадку дня доктар Станіслаў Станкевіч паінфармаваў, што ў гутарцы зь ім кіраўнік прэсавага аддзелу Міністэрства ўсходу Дрэшэр асьведчыў яму, што газэты «Раніца» й «Беларускі Работнік» становяцца ворганамі БЦР. Трэба абгаварыць, якое становішча зойме БЦР, і наступна перагаварыць з Дрэшэрам.
Віцэ-прэзыдэнт Сабалеўскі : Трэба затрымацца над тым, ці варта наагул даваць сваю фірму, калі мы ня будзем мець уплыву на зьмест газэты. Дрэнна стаіць справа з распаўсюджваньнем газэтаў, якія часта ў лягеры не даходзяць.
Віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак : Трэба адмовіцца ад тога, каб «Раніца» і «Беларускі Работнік» афіцыйна лічыліся ворганамі БЦР, бо там часта зьмяшчаецца ўрадавы матэрыял, які не заўсёды пагаджаецца з думкаю БЦР. «Раніца» фактычна й цяпер зьяўляецца ворганам Рады, толькі ўсё зьмяшчае ў загалоўку свае фірмы.
Прэзыдэнт Астроўскі : Ня трэба баяцца таго, каб «Раніца» афіцыйна лічылася ворганам БЦР, калі ў ёй будзе вытрымана лінія БЦР і ня будзе матэрыялу, супярэчнага з імкненьнямі БЦР. «Беларускі Работнік» павінен стацца ворганам Саюзу Вызваленьня Беларусі, бо БЦР ня мае наагул доступу да остарбайтэ раў, для якіх «Беларускі Работнік» прызначаны.
Др. Станкевіч: Існуе праект, паводле якога для кожнай нацыянальнасьці будзе застаўлена толькі адна газэта.
Віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак : Дзеля таго, што ў газэтах зьмяшчаецца ўрадавы матэрыял, на зьмест якіх Рада ня можа мець уплыву, а якія не заўсёды адпавядаюць думцы Рады, трэба адмовіцца станоўка ад таго, каб у газэтах было зазначана, што яны зьяўляюцца ворганамі БЦР.
Прэзыдэнт Астроўскі : Рада ўсё ж такі можа мець уплыў на зьмест газэты. Урадавыя матэрыялы можна зьмяшчаць з зазначэньнем, што яны паходзяць з урадавых жаралоў, або як матэрыялы надасланыя.
Радны Сьвірыд: Нямецкія ўлады не дапусьцяць зьмяшчэнь ня падобных напісаў адносна ўрадавых матэрыялаў.
Радны Калубовіч : Ад «Беларускага Работніка» трэба адмовіцца, матывуючы тым, што няма патрэбы ў 2-х ворганах для БЦР, на «Раніцу» трэба згадзіцца, бо ўсё ж такі хоць часткова мы будзем мець магчымасьць уплываць на зьмест газэты, нават адносна ўрадавых матэрыялаў. Трэба толькі загадзя зрабіць засьцярогі, каб такія артыкулы не надсылаліся без папярэдняга паразуменьня з намі.
Пастанавілі : Даручыць віцэ-прэзыдэнту Шкялёнку, раднаму Калубовічу й рэдактару др. С. Станкевічу абгаварыць з кіраўніком аддзелу прэсы пры Міністэрстве ўсходу справу пераходу беларускіх газэтаў пад кіраўніцтва БЦР.
Пасьля дакладу др. Станкевіча пастанавілі:
1. Рэдактар др. Станкевіч у прэсавых справах павінен паразумецца як з прадстаўнікамі БЦР — віцэ-прэзыдэнтам Шкялёнкам і кіраўніком аддзелу прэсы прапаганды й культуры БЦР— Калубовічам.
2. Памясьціць рэдакцыю «Раніцы» ў памешканьні БЦР.
3. Выaсыгнаваць 500 рэйхсмарак дапамогі для «Беларуска га Работніка» з мэтаю павелічэньня газэты на дадатковыя дзьве старoнкі.26
1 Панькоў, Мікола. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). Менск: Бібліятэка часопіса «Беларускі гістарычны агляд», 2001.— 332 с.
2 Наша Свабода. 7 сьнежня 2001.
3 Кіпель, Вітаўт. Беларусы ў ЗША. Менск, 1993. — 348 с.
4 Гардзіенка, Натальля. Беларусы ў Аўстраліі. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 468 с.
5 Ленин, Н. [Владимир]. Что делать: наболевшие вопросы нашего движения. Stuttgart: Verlag von J.H.W. Dietz, 1902. С. 126.
6 Pевель, Ж. Микроисторический анализ и конструирование социального // Oдиссей. Человек в истории. Москва, 1996. С. 117—118.
7 Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах. T. 4. Мінск, 1997. С. 431.
8 Адмысловая рубрыка «Лісты ў рэдакцыю» была абавязковая й натуральная.
9 Маюцца на ўвазе агітацыйна-публіцыстычныя творы XIX ст. («Гутарка старога дзеда», «Гутарка двух суседаў», «Гутарка Данілы са Сьцяпанам»), якія праз сваю ананімнасьць нельга назваць пэрыядычным выданьнем. — Рэд.
10 У Санкт-Пецярбургу ў 1884 г. на расейскай мове выйшлі два нумары нелегальнага часопіса «Гомон» — органу беларускай фракцыі партыі «Народная воля». У 1916—1918 гг. у Вільні выдавалася лацінкай і кірыліцай газэта «Гоман» («Homan»). — Рэд.
11 Адзіны нумар газэты «Свабода» быў выдадзены на Каляды 1902г. у фальварку Лябёдка (сёньня — Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.), што належаў сям'і Іваноўскіх. — Рэд.
12 24 лістапада 1905 г. цар Мікалай ІІ падпісаў указ, у якім здымаліся ранейшыя абмежаваньні на выкарыстаньне мясцовых моваў у дзевяці заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі: Віленскай, Ковенскай; Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай; Валынскай, Кіеўскай і Падольскай.
13 У часопісе «Rусская книга» Н. Беражанскі (Pыга), смуткуючы зь няўдачаў расейскага друку ў Летуве, пісаў: «пашанцавала ў Летуве выданьням беларускім, магчыма, праз тое, што ў 1919—1920 гг. беларускі ўрад «фэдэрыраваўся» зь літоўскім. Гэтак, у Коўне выходзіў ілюстраваны штомесячнік «Часопісь», у Вільні — «Беларускае Жыцьцё», «Думка» й «Крыніца». У Гародні выходзілі «Бацькаўшчына» й «Родны край». (У Маскве таксама ў 1919 г. выходзіў камуністычны штомесячнік «Чырвоны Шлях» і ў Петраградзе — камуністычная «Дзяньніца». Было зарганізавана беларусамі ў Коўне кнігавыдавецтва. — Л. Ю.: Pусская книга: Ежемесячный критико-библиографический журнал. Берлин, 1921. № 3. С. 27.
14 В. Кіпель і З. Кіпель (Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе. New York, 2004. С. 114) падаюць выданьне як: Informationashefte Weissruthenisches Presseburo (Рыга—Капэнгагэн—Бэрлін), 1921.
15 На беларускай мове ў азначаны пэрыяд (1864—1905) выйшла толькі адна газэта — «Свабода». «Мужыцкая праўда» выдавалася ў 1862—1863 гг., «гутаркі» не былі пэрыёдыкамі, «Homan» выдаваўся нашмат пазьней. — Рэд.
16 Белы К. Беларускія часопісі за час з 1864 да 1920 г. // Часопісь. Коўна, 1920. № 2 (6). С. 10.
17 Pусская зарубежная книга. Ч. 1. Библіографическіе обзоры. Труды Комитета русской книги. Вып. I. Прага: изданіе Комитета русской книгі и изд-ва Пламя, 1924. С. 137.
18 Поўны сьпіс беларускіх пэрыядычных выданьняў на Захадзе гл.: Belarusian Publishing In The West: A Bibliography. Periodicals / Compiled by Vitaut Kipel and Zora Kipel. New York: Ross Publishing Inc., 2003. — 150 p.
19 Жумарь, Сергей. Oккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Oтчественной войны. Минск, 1996. С. 11.
20 Лыч, Леанід; Навіцкі, Уладзімір. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 215.
21 Юры Туронак ставіць пад сумнеў сувязь Ф. Акінчыца з газэтаю: Туронак, Юры. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал-са цыялістаў // Беларускі гістарычны агляд. Т. 10. Сш. 1—2 (18—19). 2003. С. 147—148.
22 Гардзіенка, Алег. Бэрлін як асяродак беларускага жыцьця першай паловы 40-х гг. XX ст. // Запісы БІНІМ. № 26. Нью-Ёрк—Менск, 2003. С. 90—97. Пра «Раніцу» гл. таксама: Баршчэўскі, Аляксандар. Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Варшава, 2004. — 256 с.
23 Жумарь, Сергей. Oккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Oтчественной войны. Минск, 1996.— 283 с.
24 Станіслаў Станкевіч (23.02.1907, в. Арляняты, Ашмянскі пав., цяпер Смаргонскі р-н Гарадзенскай вобл. — 06.11.1980, Нью-Ёрк). Грамадзка-культурны дзеяч, літаратуразнаўца, доктар філялёгіі (1936). Падчас нямецкай акупацыі — бурмістар Барысава, намесьнік прэзыдэнта БЦР на Баранавіцкую акругу. Дэлегат Другога Ўсебеларускага Кангрэсу. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Ад 1947 г. — радны БНР. Займаўся грамадзка-культурнай дзейнасьцю, працаваў няштатным карэспандэнтам на радыё «Свабода». Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (1946). Аўтар дасьледаваньняў «Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х» (1967), «Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад дня нараджэньня» (1982). Гл. таксама: Луцкевіч, Лявон; Войцік, Галіна. Станіслаў Станкевіч. Вільня, 2001. — 17с.; Запрудзкі, Сяргей. Станіслаў Станкевіч як літаратурны крытык // Запісы БІНІМ. № 29. Нью-Ёрк—Менск, 2005. С. 133—152.
25 Архіў БЦР (Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі (ЗША). Тэчка № 49—50.
26 Архіў БЦР. Тэчка № 51—52.
20 Бацькаўшчына. № 1. 31 кастрычніка 1947.
21 Янка Макарэвіч (26.07.1909, Берасьцейшчына — 18.10.1995, Сыднэй, Аўстралія). З 1949 жыў у Аўстраліі, адзін з ідэолягаў «незалежнікаў» — трэцяга, не БЦРаўскага і не БНРаўскага шляху. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларуска-Аўстралійскага Незалежнага Аб'яднаньня ў Новай Паўднёвай Валіі. Паэт, друкаваўся на старонках часопіса «Баявая Ўскалось».
22 Бацькаўшчына. № 3. 27 лістапада 1947.
23 Уладзімер Цьвірка (сапр. Вадзім Сурко, 02.01.1928, в. Беражное, сёньня Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл. — 15.03.1992). Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Баранавіцкай прагімназіі. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі, у паваеннай Нямеччыне браў удзел у скаўцкім руху, скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу (1947). У складзе «Дванаццаткі» выехаў у Вялікабрытанію, дзе працаваў на вугальных шахтах. У 1954 г. скончыў факультэт сацыяльных навук Лювэнскага ўнівэрсытэту. З 1954 — на радыё «Вызваленьне» ў Мюнхэне, у 1956—1968 гг. — галоўны рэдактар беларускай сэкцыі. У сярэдзіне 1980-х захварэў на рак горла. Пахаваны на мюнхэнскіх могілках Вэстфрайдгоф.
24 Бацькаўшчына. № 1 (4). 25 студзеня 1948.