І
Калі б гістарычныя падзеі разгортваліся ў іншым кірунку, Злучаныя Штаты сёньня маглі б быць каляніяльнаю часткаю Гішпаніі ці Францыі, а насельніцтва — спрэс размаўляць па-гішпанску альбо гутарыць па-француску, як у франкафонным Кўэбэку. Гэтая акалічнасьць стварае пэўныя праблемы з тэрміналёгіяй. Што залічваць да «этнічнай прэсы» ў Амэрыцы? Бібліёграф, паходжаньнем украінец, Любамір Вынэр даводзіў, што тэрмін «эміграцыйная прэса» дэзарыентацыйны й няслушны. Эміграцыйная прэса служыць патрэбам пакаленьня эмігрантаў, у той час як этнічная прэса мае даўжэйшае жыцьцё — дзякуючы тым, хто, стаўшы грамадзянінам новае краіны, захаваў у сабе цікавасьць да бацькоўскае спадчыны, лічыць сябе яе нашчадкам. Таму, на думку Вынэра, тэрмін «этнічная прэса» больш дакладны за «эміграцыйную» 2.
Эмігранты, якія пачалі прыяжджаць з Эўропы пасьля 1680г., былі людзьмі пісьменнымі, поўнымі энэргіі і вычувалі патрэбу друкаванага слова. У Пэнсыльваніі пасялілася некалькі тысячаў уцекачоў зь Нямеччыны, немалая частка якіх належала да рэлігійных сэктаў, гнаных у Эўропе. Прысутнасьць у Вольным Сьвеце дала ім магчымасьць наладзіць вытворчасьць рэлігійнай нямецкамоўнай літаратуры, якую ўжо ад 1730-х гг. з ЗША дасылалі ў Эўропу. Другою ўплывоваю групаю сталіся францускія пратэстанты, якія пакінулі Францыю ў 1685 г.3.
Газэта Бэнжамэна Франкліна Philadelphische Zeitung, якая пабачыла сьвет у 1732 г., прызначалася новапасяленцам Пэнсыльваніі, але выдавалася вельмі кароткі час. Яе замяніла заснаваная ў 1739 г. у Германтаўне (штат Пэнсыльванія) газэта Крыстафэра Соўэра (Christopher Sower) Zeitung. З часам, як нямецкія пасяленцы знаходзілі прытулак далей на Захад — у Цынцынаці (Агаё), Сэнт-Луіс (Місуры), Мілуокі (Вісконсін), іхны друк ішоў за імі. У Сэнт-Луісе ў выданьні Westliche Post Карла Шурца (Carl Schurz) і Эміля Прэторыюса (Emil Preetorius) у 1868г. атрымаў першую газэтную працу Джозэф Пулітцэр (Joseph Pulitzer).
Напрыканцы першага дзесяцігодзьдзя ХІХ ст. італьянскія, польскія, гішпанскія газэты пачалі зьяўляцца ў вялікіх гарадох, дзе эмігранты розных нацыянальнасьцяў праз свае выданьні намагаліся трымацца сваіх традыцыяў і адзін аднаго.
Плюралізм амэрыканскага грамадзтва, узмоцнены хваляй новых эмігрантаў зь Нямеччыны (1830-я) і з Ірляндыі (1840-я), адбіваўся ў прадукаваньні новых газэтаў. У 1834 г. была заснаваная нью-ёрская Staats-Zeitung, што дажыла да ХХI ст. Другой найбольш уплывовай газэтаю была філадэльфійская Alte und Neue Welt, таксама заснаваная ў 1834 г. Гэта быў сапраўдны ўздым нямецкамоўнага друку. На 1860 г. каля 1,3 млн. уцекачоў зь Нямеччыны складалі больш як чвэрць ад усіх астатніх эмігрантаў. Газэтаў на нямецкай мове было пад 30 тыс., а Staats-Zeitung пры канцы ХІХ ст. мела чвэрць мільёна падпісчыкаў.
У 1828 г. Cherokee Phoenix стала першым выданьнем індзейцаў, надрукаваным адначасна па-ангельску й на мове племені чэрокі. Афрыкана-амэрыканская пэрыёдыка пачалася з Freedom's Journal, друкаванай Джонам Браўнам Русвурмам (John Brown Russwurm) і Сэм'юэлам Э. Корнішам (Samuel E. Cornish) у Нью-Ёрку з 1827 да 1829 гг., і больш позьняй Colored American (1837—1841). Легендарны змагар за вызваленьне ад рабства Фрэдэрык Даглас (Frederick Douglass) заснаваў у 1847 г. у Рочэстэры North Star. З 1850 г. выдавалася як Frederick Douglass' Paper.
Актывізаваліся і іншыя нацыянальныя групы. Франкамоў ныя канадыйцы выпусьцілі сваю першую газэту ў Вэрмонце ў 1838 г. У Каліфорніі гішпанскія друкі былі заснаваныя ў 1833г., у Нью-Мэксыка — у 1835 г. У Нью-Ёрку ў 1849 г. нарадзіліся першыя італьянская й мадзярская газэты.
XIX ст. зьмяніла статус эміграцыйных газэтаў і стаўленьне да іх амэрыканцаў. Выгнанцы з Эўропы, што пачалі прыбываць у Амэрыку ў гэты час, несьлі з сабою рэвалюцыйны настрой пакінутых бацькаўшчынаў і радыкальныя ідэі дзяржаўных рэформаў.
Першае месца тут трымала габрэйская Voice, заснаваная ўНью-Ёрку ў 1872 г., не нашмат адставала ад яе The Jewish Daily Forward (1897). Гэтыя выданьні былі прасякнутыя ідэямі сацыялізму. Падобная сытуацыя склалася зь нямецкамоўным друкам, што атрымаў новых чытачоў пасьля паразы рэвалюцыі 1848г.: зьяўляліся новыя газэты — радыкальныя, нацыяналі стычныя й камуністычныя. Усё гэта адмоўна ўплывала на рэпутацыю этнічнай прэсы ў краіне, эмігрантаў і іхных паглядаў і нават паспрыяла ўтварэньню антыэміграцыйнага руху Know-Nothing.
Пры канцы 1850-х была заснаваная Рэспубліканская партыя, і гэты факт адыграў агромністую ролю для разьвіцьця друку. Насьледуючы прыклад Пэнсыльваніі, іншыя штаты распачалі друк афіцыйных дакумэнтаў, законаў у многіх замежных мовах. Прыкладна ў гэты ж час у штатах Місуры й Вісконсін былі выдрукаваныя першыя чэскія гаэты, а ў Нью-Ёрку — польская (1863 г.). Франкамоўная прэса распаўсюдзілася на Чыкага, Нью-Ёрк, Сан-Францыска. Былі заўважаны й пуэртарыканцы: іхная газэта El Postillon, забароненая на радзіме, пераехала ў Нью-Ёрк. Кітайскі друк быў запачаткаваны ў Каліфорніі ў 1854 г., японскі — газэта Hochi — зьявіўся на Гаваях (1868) і ў ЗША (1888). Першая фінская газэта была выдрукаваная толькі ў 1876г., але за кароткі прамежак часу налічвалася каля 350 тытулаў фінскае прэсы, пераважна рэлігійнага характару. У 1880г. была заснаваная й дацкая прэса. Італьянскія газэты на той час друкаваліся ва ўсіх больш-менш буйных гарадох. У Нью-Ёрку друкавалася найбольш уплывовая зь іх — Il Progresso.
Напрыканцы стагодзьдзя этнічная прэса складала каля 10% ад усёй амэрыканскай газэтнай вытворчасьці, а ў 1900 г. 46% насельніцтва ЗША былі амэрыканцы першага ці другога пакаленьня. Пачынаючы з 1896 г. эмігранты з Паўднёвай Эўропы колькасна пераважылі ўцекачоў з Паўночнай Эўропы, прынёсшы ў Амэрыку разнастайнасьць невядомых раней культураў і нечуваных моваў. Значная частка новых амэрыканцаў ня ўмелі чытаць наагул, большасьць ня ведалі ангельскай мовы, але праглі навучаньня.
Ужо ў пачатку ХХ ст. у ЗША выходзіла больш як тысяча газэтаў у замежных мовах (1 300 у 1914 г.), зь іх 140 — штодзённа. 40 % складалі нямецкамоўныя друкі. Нямецкія, польскія й габрэйскія газэты мелі па мільёну чытачоў; італьянскія — 700 тысячаў, швэдзкія — 500 тысячаў.
Газэты друкавалі весткі з мэтраполіі й навіны дыяспары, давалі парады да адаптаваньня ў амэрыканскую культуру; яны дапамагалі знайсьці працу і ўтрымацца на ёй; яны прапаганда валі захаваньне нацыянальнай сьведамасьці адначасна з пасьпяховым асвойваньнем амэрыканскага жыцьця.
Але ўнушальны лік этнічнага друку пачатку стагодзьдзя, разам з тым, не адлюстроўвае сапраўднага стану рэчаў у гэтай галіне. З кожнай сотні новаўтвораных пэрыёдыкаў 93 неўзабаве спынялі сваё існаваньне. Як чарговая хваля эміграцыі ўлівалася ў амэрыканскае жыцьцё, патрэба ў эміграцыйнай прэсе зьнікала. На 1960 г. колькасьць такіх выданьняў была ўдвая меншая, як у 1914 г. ІІ
Гісторыя беларускага пэрыядычнага друку ў Амэрыцы пачынаецца зь «Белорусской Трибуны» 4, рэдактарам якой быў Язэп Варонка, але сапраўднае разьвіцьцё яе сталася набыткам паваеннае эміграцыі. Адзін па адным выходзілі «Беларус у Амэрыцы» 5, «Беларускае Слова ў Амэрыцы» 6, «Беларуская Трыбуна» 7, толькі жыцьцё гэтых выданьняў было непрацяглае 8. Газэтаю беларускіх эмігрантаў зь Беларусі й беларускіх амэрыканцаў, а пазьней і беларусаў ва ўсім сьвеце наканавана было стацца іншаму выданьню.
Так, францускі гісторык П'eр Нара, ідэоляг і галоўны рэдактар шматтамовай калектыўнай працы Les lieux de memoire9, прапанаваў тэрмін — lieux de memoire, месцы памяці. Гэта ня месцы ў геаграфічным сэнсе слова; яны акрэсьліваюцца як своесаблівыя пункты перасячэньня, на якіх фармуецца ды канцэнтруецца памяць грамадзтва. Іхная асноўная функцыя — захаваньне калектыўнай памяці10. Такімі месцамі памяці могуць быць людзі, падзеі, выданьні, будынкі, рэчы, паданьні, традыцыі, агорнутыя сымбалічным арэолам: Францішак Скарына, 8 верасьня 1514 г., «Наша Ніва», Крыж Эўфрасіньні, ВКЛ, Вільня. Іхная роля з часам мяняецца, з пачатковай, натуральнай — на сымбалічную, як згадка пра мінулае, што дадае сэнс сёньняшняму. Значэньні тае ролі — адрозныя, яны могуць мяняцца зь цягам часу нават на супрацьлеглыя. І няма сумневу, што «Беларус» на мапе дыяспары — адно з цэнтральных lieux de memoire.
Першы нумар газэты пабачыў сьвет 20 верасьня 1950 г. (рэдактар — Леанід Галяк)11. Нумар выйшаў на чатырох бачынах вялікага фармату — такім выдавалася ў тыя часы «Бацькаўш чына». Асобнік каштаваў 10 цэнтаў, падпіска на год — два даляры. Цэнтральнымі матэрыяламі нумару былі прамова прэзыдэнта БНР М. Абрамчыка на банкеце ў Чыкага «Беларускі вызвольны рух — зьява прыродная — Боскіх законаў», а таксама паведамленьне пра ягоную англамоўную брашуру «Абвінавач ваю Крэмль у забойстве майго народу», дзе на падставе сакрэтных дакумэнтаў НКВД расказвалася пра забойства 13 325 беларусаў. Сярод іншых матэрыялаў — паведамленьне пра акцыю ААН у Карэі, а таксама — на падставе матэрыялаў нямецкай газэты Neues Tagesblatt — пра чатырохгадзінны бой у Вільні «паміж аддзеламі беларускіх партызанаў «Чорнага Ката» з бальшавіцкай паліцыяй», артыкулы «Аб беларускіх вайсковых фармацыях» Вайскоўца (Ф. Кушаля), «Камунізм і расейцы».
Цэлую старонку займала інфармацыя «Беларусы ў сьвеце». Тут расказвалася пра зьезд беларускіх студэнтаў і выпускнікоў школаў у «Беларускай Хатцы» ў Брукліне дзеля заснаваньня арганізацыі (50 асобаў) і пра сход навукоўцаў, пісьменьнікаў, мастакоў (20 чалавек), на якім было пастаноўлена зарганіза ваць Беларускую Вольную Акадэмію Навук і Мастацтваў.
Пра дзейнасьць эміграцыі ў розных кутках ЗША паведамлялі «Весткі». Так, Беларуска-Амэрыканскае Згуртаваньне ў першым нумары «Беларуса» паведамляла, што за «апошнія тры месяцы стараньнямі арганізацыі» зь Нямеччыны прыехала каля 200 сем'яў. Прыехалі такія дзеячы, як А. Каханоўскі, Ф. Кушаль, Н. Арсеньнева, А. Адамовіч, П. Мірановіч, М. Куліковіч, А.Каптуровіч. Паведамлялася, што, калі ў Кліўлэндзе год назад жыў адзін Міхась Белямук, цяпер у аддзеле БАЗА налічваецца больш за 50 асобаў, чакаецца яшчэ 100. Была зацемка з Брукліна, што з ініцыятывы Задзіночаньня Беларускіх Жанчын зарганізавана «Беларуская Хатка», «якая цяпер стала месцам сходак і забаваў ня толькі для бруклінскага аддзелу, але й суседніх аддзелаў, як Маспэт, Мангатэн». Разбудоўвалася й царкоўнае жыцьцё, газэта паведамляла, што 26 жніўня быў выбраны Беларускі Царкоўны Камітэт12 і прыехалі два сьвятары БАПЦ13. Надавалася таксама ўвага культурнаму жыцьцю эміграцыі, адукацыі. Гэтак паведамлялася, што Міхась Рагуля прачытаў рэфэрат, прысьвечаны 32-м угодкам абвешчаньня БНР, украінец М. Кэкало выступіў з рэфэратам «Салавецкія канцэнтрацыйныя лягеры й беларускія спэцперасяленцы ў Паўночным Краі». Выступаў Янка Станкевіч з дакладамі «Паходжаньне й нормы гаспадарствавае мовы Вялікага Княства Літоўскага», «Беларускія плямёны і іхныя гаспадарствы» ды іншымі. Адбыліся літаратурныя вечары з удзелам Янкі Юхнаўца, Уладзімера Клішэвіча, Натальлі Арсеньневай, Янкі Шакуна, канцэрты Міколы Куліковіча. Друкаваліся й «весткі з замежжа»: прыезд у Аўстралію ўладыкі Сяргея, высьвячэньне ў Ангельшчыне ўладыкам Васілём сьвятара Аляксандра Крыта, аднаўленьне «Беларускіх Навінаў» 14 у Парыжы, беларуска-ўкраінскі канцэрт у лягеры ДП у Нямеччыне, кароткая інфармацыя з Аргентыны й Бэльгіі.
Натуральна, першы нумар выданьня ня мог абысьціся без рэдакцыйнага звароту да чытачоў. У прыватнасьці, там гаварылася наступнае:
Пачынаючы выдаваньне часапіса «Беларус», рэдакцыя хоча выказаць паважнаму чытачу тыя прычыны, што спанукнулі нас да гэтага: што сабою прадстаўляюць ініцыятары выдаваньня і якія яны сабе стаўляюць заданьні. (…) Беларуская старая эміграцыя атрымала цяпер у васобе гэтае новае эміграцыі вялікую сабе падмогу. Каб выйсьці цяпер у шырокі сьвет, каб стаць у вадзін шэраг зь іншымі ў ЗГА, засталося адно: моцна, па-брацку ўзяцца за рукі старой і новай эміграцыі ды ісьці тым сьвятым беларускім шляхам, прызначаным нам Богам, на які стаў ужо ўвесь Беларускі народ у краі — шляхам да Вольнай і Незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рукою гэтай, якую працягвае новая беларуская эміграцыя да старой, і ёсьць наш часапіс — «Беларус».
Найважнейшая, аднак, прычына, што панукнула нас да выдаваньня газэты, — гэта неабходнасьць інфармаваць увесь цывілізаваны сьвет аб падзеях у Беларусі, выясьняючы праўду аб імкненьнях і ідэалах Беларускага Народу ў ягоным змаганьні з акупантам, ды змагацца з усёй той маною, хвальшам і баламуцтвам нашых ворагаў, якія яны сеюць праз сваю прэсу сярод нашых людзей у Амэрыцы.
У параўнаньні з газэтаю «Бацькаўшчына» матэрыялу да гісторыі «Беларуса» й аднаўленьня рэдакцыйнага жыцьця захавалася крыху болей: пратаколы першых рэдакцыйных сходаў, напісаныя рукою Натальлі Арсеньневай 15, частка рэдакцыйна га ліставаньня, захаваная ў архіве Янкі Запрудніка 16, а таксама ўспаміны Натальлі Арсеньневай ды Леаніда Галяка.
Згадвае Натальля Арсеньнева, рэдактар газэты ў 1952—1954гг.17:
У 1950—1951 гг. газэту «Беларус» выдаваў сп. Галяк. Яна выходзіла нерэгулярна, бо вылучна выдавалася на грамадзкія грошы. Прыкладам, № 2, датаваны 21 красавіка 1951 г., № 3 — 20 верасьня 1951 г., а № 4 — 25 сьнежня гэтага ж году. №№ 1 і 2 за 1952 г. выдаваў др. Тумаш18, які згадзіўся напачатку 1952 г. на просьбу прэзыдэнта Абрамчыка быць рэдактарам.
Якраз пад вясну сп. Прэзыдэнту ўдалося атрымаць на выданьне газэты данацыю ад Амэрыканскага Камітэту «Свабода» (тады яшчэ «Вызваленьне») 19. Гэткія ж данацыі, але ў шырэйшых памерах і раней за нас атрымалі ад Амэрыканскага Камітэту іншыя нацыянальнасьці (найбольш скарысталі ўкраінцы).
Частка нашага грамадзтва ў гэтым часе ставілася да Амэрыканскага Камітэту вельмі варожа, лічачы яго русафільскім, таму атрымоўваньне якое-колечы грашовае дапамогі ад яго лічыла ледзь ня здрадаю беларускае справы20. Маючы гэта на ўвазе, сп. Прэзыдэнт Абрамчык прасіў як найменш аб гэтай данацыі на газэту гаварыць. Але гэткая ягоная палітыка сябе не апраўдала, а мела вынікам сваркі й непаразуменьні сярод нашага грамадзтва ды цяжкасьці з выдаваньнем газэты. Гутаркі бо й абвінавачваньні ўсё адно шырыліся.
Выдаўшы два нумары «Беларуса», сакавіковы й Велікодны, др. Тумаш ад рэдагаваньня адмовіўся. Афіцыйна газэта была ўвесь час выдавецтвам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночань ня ў ЗША, і Задзіночаньню якраз давялося шукаць новага рэдактара.
Старшынём БАЗА ў пачатку 1952 г. быў выбраны сп. Ф. Кушаль. Яго сп. Прэзыдэнт і папрасіў пераняць усю справу, сфармаваць новую рэдакцыйную калегію й знайсьці рэдактара. Гэта й было зроблена. Пры канцы красавіка 1952 году сп. Кушаль склікаў арганізацыйны сход (іх было некалькі), на які запрасіў: сп. А. Махноўскага 21 ад Рады БНР, Уладыку Васіля, сп. М.Гарошку 22, др. Тумаша як папярэдняга рэдактара, спн. Арсеньневу, якую сп. Прэзыдэнт прапанаваў перад сваім чародным ад'ездам з ЗША, калі б гэта было магчыма, на новага рэдактара «Беларуса», сп. М. Тулейку, які кальпартаваў газэту працягам мінулых год, сп. Я. Ніхаёнка, які яму ў гэтым дапамагаў, сп.П.Манькоўскага, які быў тады, здаецца, сакратаром БАЗА, ды сп. Б.Данілюка. Ведама, быў прысутны й старшыня БАЗА сп. Ф. Кушаль.
Усе запрошаныя, апрача др. Тумаша, занятага тады працаю, на сход прыбылі і, пасьля дакладнага абмеркаваньня справы, спн. Арсеньнева была зацьверджаная рэдактарам газэты, Уладыка Васіль — заступнікам, сп. Манькоўскі — сакратаром, сп.Гарошка — скарбнікам, сп. Тулейка й надалей экспэдыта рам ды, побач із спсп. Данілюком і Ніхаёнкам, — сябрам рэдакцыйнае калегіі23 .
Аднак адразу ж на першым паседжаньні ўзьніклі непаразуменьні. Сп. Махноўскі выступіў з вострым пратэстам супраць таго, што выдаваць газэту мае, як і дагэтуль, БАЗА, а не БНР. Ён уважаў таксама, што рэдактарам павінен быць ён сам. Дарма прысутныя тлумачылі яму, што сп. Прэзыдэнт Абрамчык адмыслова падаў якраз БАЗА, а не БНР, беларускую грамадзкую, з амэрыканскім чартэрам, а не палітычную арганізацыю дзеля атрымоўваньня данацыі Амэрыканскага Камітэту на выдаваньне газэты. Сп. Махноўскі стаяў на сваім і, ледзь нарада скончылася, пакінуў яе вельмі незадаволены, а на наступнае, скліканае неўзабаве, паседжаньне ўжо не прыйшоў наагул, паставіўшыся варожа і супраць Амэрыканскага Камітэту, і супраць старшыні БАЗА, і супраць рэдакцыйнае калегіі «Беларуса». Трэба тутака зазначыць, што пратаколы згаданых вышэй арганізацыйных паседжаньняў газэты, зьвязаныя зь ягоным выдаваньнем, Прэзыдэнт Абрамчык працягам году перахоўваў у сваіх асабістых архівах, а тады перадаў на тымчасовае перахаваньне спн. Арсеньневай, тагачаснага рэдактара, якая, пакідаючы Нью-Ёрк у 1967 г., згодна з жаданьнем сп. Прэзыдэнта, перадала іх сп.Я.Запрудніку.
Першы нумар «Беларуса», выдадзены новай рэдкалегіяй, №3 паводле новае нумарацыі, пачатае ў 1952 г. (а 9-ты ад заснаваньня «Беларуса» наагул), выйшаў 30-га траўня 1952 г., № 4 (10) — 14 чэрвеня, і адгэтуль выходзіў пад рэдакцыяй спн. Арсеньневай і новае рэдакцыйнае калегіі акуратна двойчы на месяц. Усяго імі былі выданыя 38 нумароў, пасьля чаго, у выніку канца другое кадэнцыі старшынства БАЗА сп. Кушаля й выбараў новым старшынём БАЗА сп. Тулейкі, справа выданьня «Беларуса» перайшла ў ягонае веданьне.
Тымчасам Амэрыканскі Камітэт «Вызваленьне» быў рэарганізаваны ў Камітэт Радыё «Свабоды», і ўсе данацыі на выдавецтвы паасобных нацыянальнасьцяў былі спыненыя. Была спыненая й данацыя (у верасьні 1953 г.) на «Беларуса». Аднак «Беларус» выходзіў пад старой рэдакцыяй яшчэ да вясны 1954г. Адно што пачынаючы ад лістапада 1953 г. «Беларус» пачаў выходзіць раз у месяц. Пасьля ж красавіка 1954 г. рэдагаваньне «Беларуса» было перададзенае сп. Тулейку, новаму старшыню БАЗА, разам із заашчаджанымі папярэдняй рэдкалегіяй грашыма, за якія сп. Тулейка выдаваў «Беларуса» яшчэ да восені 1954г. (разам яшчэ 6 ці 8 нумароў). Сталася ж гэта магчымым таму, што прадбачачы спыненьне некалі Амэрыканскім Камітэтам данацыі на «Беларуса», рэдакцыя ад самых першых дзён выдаваньня газэты пачала строга ашчаджаць 24. Выглядала справа так:
У палове кажнага месяца трэба было прадстаўляць Амэрыканскаму Камітэту каштарыс выдаткаў за 2 нумары газэты, якія й аплачваліся згодна з далучанымі да яго рахункамі й квіткамі 25. Так што грошы даваліся фактычна не наперад, а ўзад. За атрыманую суму (якая не магла перавышаць 1 000 даляраў) выдаваліся наступныя два нумары й гэтак далей. Газэта друкавалася ў друкарні сп. Крупкі на 2-й Авэню ў Мангатэне. Цана друку за нумар вагалася паміж 175—180 далярамі, часам болей, залежна ад колькасьці клішаў. Камітэт жа прызначыў на друкаваньне нумару 250 даляраў (500 на месяц). Розьніца была ашчаднасьцяй. На аплату рэдактара Камітэт прызначыў 250 даляраў на месяц, рэдактар жа браў толькі 150 даляраў, хоць расьпісваўся за 250. Розьніца — 100 даляраў — была ашчаднасьцяй. Таксама й за гэтак званую ломку газэты ў друкарні й карэкту прызначалася Камітэтам 100 даляраў. Плацілася ж 60 даляраў. 40 даляраў былі ашчаднасьцяй. Амэрыканскі Камітэт прадугледжваў у каштарысе выдаваньня газэты й ганарары супрацоўнікам 26. На іх рэдакцыя ашчаджала таксама, бо плаціла (а плаціць нешта мусіла, бо гэта было ў каштарысах Камітэту) вельмі малыя, хутчэй сымбалічныя, чымся рэальныя сумы. Гэтак, за перадавіцу плацілася пераважна 10 даляраў, за артыкул— 10—20 даляраў, за карэспандэнцыю — 5 даляраў і гэтак далей. Расьпісваліся ж некаторыя аўтары сьведама за большыя сумы. І гэта таксама было ці малой для нашае рэдакцыі ашчаднасьцяй. Фінансавымі справамі «Беларуса», аплатай друкарні ды інш. рахункаў ведаў скарбнік рэдакцыі сп. Гарошка. Уладыка Васіль рабіў карэкту й ломку газэты ў друкарні. Ён жа складаў для кожнага нумару агляд палітычных падзеяў за мінулыя два тыдні. Супрацоўнікаў у «Беларусе» было шмат, часам больш як трэба. Рэдка хто адмаўляў рэдактару ў ягонай просьбе напісаць перадавіцу ці адмысловы артыкул, і гэткая шчырая й ахвочая падтрымка вельмі палягчала працу рэдактара, які мусіў і сам кінуць заробкавую працу й лічыцца зь вялікай расьцярушанасьцяй нашага грамадзтва па краінах сьвету, цяжкімі ўмовамі жыцьця ды матэрыяльнымі нястачамі першых год жыцьця нашае эміграцыі ў гэтак званым Вольным Сьвеце. І бясспрэчна, усім, хто гуртаваўся вакол «Беларуса», належыцца самае вялікае прызнаньне й падзяка27 . ІІІ
Мэмуары, якімі ёсьць тэкст Натальлі Арсеньневай, — вельмі важная крыніца для рэканструяваньня праўдзівай карціны літаратурнага побыту. Да вывучэньня гэтага жанру можа быць некалькі падыходаў: гістарычны, літаратуразнаўчы, культураля гічны. Тут цікавіць перш за ўсё гістарычны, крыніцазнаўчы аспэкт, калі адным з найгалоўнейшых фактараў ёсьць існапраўд насьць мэмуараў, што ў сваю чаргу залежыць ад рэтраспэктыў насьці й суб'ектыўнасьці.
Крыніца інфармацыі для мэмуараў — памяць; паміж апісанымі падзеямі й напісаньнем мэмуараў заўсёды ляжыць пэўны прамежак часу: меншы (дзёньнік, ліставаньне, зацемкі) або большы (аўтабіяграфіі, успаміны). Таму рэтраспэктыўнасьць — неад'емная частка й рыса мэмуараў, і пры іхным аналізе заўсёды трэба ўлічваць велічыню рэтраспэктыўнасьці. Чым яна большая, тым большы сумніў у праўдзівым адлюстраваньні падзеяў.
Але існапраўднасьць залежыць ня толькі aд спэцыфікі памяці, але і ад умоваў працы над мэмуарамі, і ад ступені асабістай зацікаўленасьці аўтара, ягоных палітычных паглядаў, заанганжаванасьці ў падзеях. Чым большая аўтарская суб'ектыўнасьць, тым выразьней апісваюцца падзеі з пункту гледжаньня суполкі людзей, чые пагляды ён выказвае.
Беручы існапраўднасьць за галоўны крытэр, усе мэмуары можна падзяліць на тры катэгорыі: 1. Мэмуары-летапісы, створаныя сьледам за падзеяй (дзёньнікавы запіс, зацемка ў нататніку, ліст). 2. Мэмуары-ўспаміны, напісаныя па нейкім часе, з памяці (аўтабіяграфіі, успаміны, споведзі, нэкралёгі). 3. Мастацкія мэмуары, дзе матэрыялам для напісаньня сталася ня толькі ўласная памяць аўтара і ўласныя запісы, але і ўспаміны іншых людзей, публікацыі немэмуарнага кшталту; такія ўспаміны маюць таксама зусім адрознае рэдагаваньне й літаратурна апрацаваныя (успаміны Язэпа Гэрмановіча, Францішка Аляхновіча, Уладзімера Дудзіцкага, Барыса Рагулі).
Мэмуары таксама могуць быць замоўленыя ці прынагодныя (успаміны з нагоды юбілею або нэкралёгі), калі аўтары ў палоне зададзенасьці (фактам замаўленьня або нагоды), што непазьбежна ўплывае на асьвятленьне падзеяў і характараў.
Успаміны Н. Арсеньневай па сваім характары бясспрэчна замоўленыя (магчыма, В. Тумашам), што яскрава выяўляецца пры супастаўленьні зь іншымі ўспамінамі паэткі28.
Але і ўспаміны Леаніда Галяка29 суб'ектыўныя, хоць і належаць да мэмуараў-успамінаў, напісаных на падставе дзёньнікаў. Яны былі выдрукаваныя па сьмерці аўтара; рыхтаваў тэкст да выданьня Мікола Панькоў, таксама чалавек з апазыцыі да тагачаснай рэдакцыйнай калегіі «Беларуса». Ня выключана, што ён уносіў зьмены ў аўтарскі варыянт, узмацняючы асобныя характарыстыкі й дадаючы сваё. Месца знаходжаньня арыгіналу тым часам невядомае.
Юрыст Леанід Галяк быў запрошаны да рэдагаваньня новаўтворанай газэты разам зь Міхасём Рагулем30 і Пётрам Манькоўскім. «Беларус» напачатку друкаваўся Кастусём Акулам, але супрацоўніцтва было нэрвовым, таму Галяк перадаў друк газэты свайму даўняму знаёмцу Сяргею Хмару. Першы сур'ёзны канфлікт адбыўся 8 красавіка 1951 г. на паседжаньні сэктару Рады БНР. Прэм'ер-міністар Рады БНР Аўген Каханоўскі паведаміў пра заключаную М. Абрамчыкам дамову зь літоўскім урадам на выгнаньні аб узаемным вызнаньні. Пры заключэньні дагавору літоўскі бок паставіў умоваю, што пры вызваленьні Летувы й Беларусі Вільня й Віленскі край адыходзяць пад іхную юрысдыкцыю, прынамсі да канчатковага вырашэньня справы.
Пазыцыю прэзыдэнта Рады БНР падтрымалі А. Каханоўскі, А. Адамовіч, Я. Станкевіч, М. Гарошка, В. Тумаш i П. Манькоўскі. Супраць галасавалі М. Рагуля, Б. Данілюк, Я. Юхнавец, Л. Савёнак і Л. Галяк. Такім чынам, прапанова Абрамчыка была большасьцю галасоў прынятая. У знак пратэсту супраць «аддачы часткі тэрыторыі Беларусі пад чужую акупацыю» Леанід Галяк і Міхась Рагуля выйшлі з рэдакцыйнай калегіі.
Пра пастанову сэктару Леанід Галяк паведаміў сябрам Рады БНР, якія не прысутнічалі на сходзе. Супраць пастановы лістоўна выказаліся Эдвард Будзька, Вацлаў Пануцэвіч, Янка Чарапук-Змагар, Янка Ліманоўскі, Аляксандар Стагановіч, Мікола Кунцэвіч, Мікола Панькоў, Станіслаў Станкевіч. Вінцэнт Жук-Грышкевіч вагаўся. Кастусь Акула пастанову падтрымаў. Колькасьць пратэстаў была настолькі значная, што 22 красавіка старшыня сэктару Рады Аляксандар Орса склікаў новае паседжань не й прапанаваў дамову не падпісваць, а пастанову ад 8 красавіка скасаваць.
Л. Галяк вярнуўся да рэдагаваньня газэты, але ненадоўга. Усваіх успамінах ён па-іншаму згадвае сытуацыю, апісаную Н. Арсеньневай.
23 лютага М. Рагуля, Л. Савёнак і я правялі рэвізію кніговасьці БАЗА, а 1 сакавіка адбыўся агульны сход БАЗА, і старшынёю БАЗА быў выбраны Ф. Кушаль, які больш-менш з гэтага часу пачаў тытулавацца генэралам.
16 сакавіка 1952 г. адбылося паседжаньне Рады БНР. Між іншымі пунктамі была справа прыняцьця ў сябры Рады Васіля Русака, які незадоўга перад гэтым ажаніўся з дачкою Філярэта Родзькі — Галінай і браў шлюб у расейскай царкве ў Саўт-Рывэры. Я выступіў супраць прыманьня яго ў сябры Рады БНР, як асобу, якая яшчэ не стаіць на адпаведнай вышыні нацыяналь най сьведамасьці. Васіль Русак быў прыняты аднагалосна супраць майго аднаго голасу, бо роўня іншых сяброў Рады была такая самая.
На гэтым жа паседжаньні да мяне падышоў Ф. Кушаль і сказаў больш-менш наступнае: «Мы стварылі рэдакцыйную калегію газэты «Беларус». Рэдактарам будзе В. Тумаш, вы, калі хочаце, дык можаце таксама да яе належаць».
На наступны дзень, 17 сакавіка 1952 г., я выслаў усе матэрыялы газэты, якія ў мяне знаходзіліся, В. Тумашу (паводле асьвечаньня Кушаля, новага рэдактара) і лістоўна паведаміў яго, што разважыўшы ўсе акалічнасьці справы, я пастанавіў да рэдакцыйнай калегіі не належаць. Прычынай гэтага ёсьць тое, што арганізатары новай рэдакцыйнай калегіі не ўважалі патрэбным своечасова паведаміць мяне, як рэдактара, аб праектаваных зьменах, а толькі постфактум мяне аб гэтым паведамілі. З ласкава мне запрапанаванага становішча фігуранта ня маю намеру скарыстаць.
Як вельмі хутка аказалася, В. Тумаш быў ужыты ў гэтай справе як дымавая заслона, бо ў запраўднасьці платным рэдактарам Ф. Кушаль зрабіў сваю жонку Натальлю Арсеньневу-Ку шаль, платным карэктарам свайго сына Ўладзімера Кушаля.
Такое раптоўнае зацікаўленьне Ф. Кушаля газэтаю было вынікам таго, што М. Абрамчыку ўдалося дастаць на газэту каля 20 000 даляраў, і Кушаль, абсадзіўшы газэту сваёй сям'ёй, стараўся як найбольш выцягнуць грошай. Усе, хто круціўся пры газэце (грашох), трымаўся таго ж погляду, як Кушаль: плацілі за напісаньне артыкула, асобна за рассылку газэты, асобна за выпісаньне чэка на грошы (М. Гарошка). Нягледзячы на платных працаўнікоў, роўня газэты не павысілася, але апусьцілася, а нацыянальна зусім зьехала, бо штораз часьцей пачалі ў газэце зьяўляцца ўласаўскія ноткі. Аднойчы будучы з М. Паньковым у В. Тумаша я выказаўся, што Кушаль на мяне робіць уражаньне сабакі, які схапіў недзе косьць і цяпер забраўся пад ложак і стуль бурчыць на ўсіх. З уласьцівым Тумашу імкненьнем да дакладнасьці, В. Тумаш дадаў, што больш таго, той сабака ня толькі бурчыць на сваіх, але адначасна стараецца палізаць руку таго, хто даў костку. Хутка аднак В. Тумаш пагляды зьмяніў, пачаў гаварыць, што газэта паправілася й наагул усё ў парадку. Хутка пасьля гэтага пачаў прыгатаўляць да друку выдавецтва Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Ці зьмена паглядаў Тумаша на газэту была зьвязана з выдавецтвам Інстытуту, ня ведаю, але гэта вельмі праўдападобна. (…)
Прыйшоў 1953 год.
28 лютага 1953 г. адбыўся гадавы агульны зьезд БАЗА, называны Кангрэсам, бо апрача мясцовых прыехалі яшчэ дзьве асобы з Кліўлэнду й прывезьлі з сабою мех галасоў. Рэвізійная камісія пад старшынствам Дарашэвіча прачытала сваю справаздачу, што ў скарбніка У. Русака каса ў поўным парадку, — усё належна ўнесена ў кнігу, і на руках у скарбніка сальдо, здаецца, 100 даляраў. На маё пытаньне, ці было рэвізаванае кнігаводзтва воргану БАЗА — газэты «Беларус», рэвізійная камісія адказала, што ўспомненае кнігаводзтва не было рэвізаванае, бо не было рэвізійнай камісіі прадстаўленае. Скарбнік У. Русак асьветчыў, што яму не давалі ніякай інфармацыі аб прыходах і расходах газэты, i таму ў ягоным кнігаводзтве нічога аб гэтым няма.
Ф. Кушаль паведаміў, што грошы на выдавецтва газэты «Беларус» паходзяць з пазабеларускіх крыніцаў, і дзеля гэтага ён ніякіх справаздачаў з гэтых грошай Кангрэсу даваць ня будзе, тыя ж грошы, што былі плачаныя Беларусамі, былі апублікава ныя ў газэце, і дзеля гэтага ізь іх ніякай справаздачы даваць ня будзе. Адбылася невялікая дыскусія, як памятаю, выступаў А.Адамовіч, які вельмі пачуцьцёва зьвярнуўся да Ф. Кушаля, гаворачы, што той, відаць, не ўсьведамляе сабе, як ён выглядае ў сьвятле гэтай адмовы даць справаздачу, паколькі нават не відаць, каб ён адчуваў нейкі сорам. Ф. Кушаль, аднак, выказаў жаўнерскую адвагу й цьвёрдасьць пераконаньняў і справаздачу з тых тысячаў катэгарычна яшчэ раз даць адмовіўся.
Рэвізійная камісія запрапанавала на падставе рэвізаванай кніговасьці ўступаючаму ўраду абсалюторыюм. У адказ на гэта я выступіў з другой прапановай наступнага зьместу:
«Прымаючы пад увагу, што калі б тыя дэлегаты, якія лічаць дзейнасьць уступаючага старшыні БАЗА Ф. Кушаля не заслугоўваючай на абсалюторыюм, галасавалі б супраць прапановы рэвізійнай камісіі, дык гэтым маглі б быць пакрыўджаныя тыя сябры ўступаючага ўраду БАЗА, якія працавалі паводле сваіх магчымасьцяў і не прымалі ўдзелу ў фінансавых апэрацыях Ф.Кушаля, прапаную ў справе абсалюторыюм другую рэзалюцыю наступнага зьместу:
«Кангрэс БАЗА 28 лютага 1953 г. дае абсалюторыюм усяму ўступаючаму ўраду, за выняткам старшыні БАЗА Ф. Кушаля, які карыстаўся зь нейкіх, бліжэй не азначаных, фондаў звонку арганізацыі й расходаваньне гэтых фондаў не было прадметам кантролю рэвізійнай камісіі БАЗА, таксама, як не былі наагул скантраляваныя фінансавыя апэрацыі газэты «Беларус», выдаванай Ф. Кушалем пад фірмаю БАЗА, дзеля таго што Кушаль адмовіўся прадставіць фінансавыя апэрацыі газэты пад разгляд рэвізійнай камісіі БАЗА».
Адбылася дыскусія, дзе асабліва горача выступаў у абароне Кушаля платны супрацоўнік газэты «Беларус» П. Манькоўскі.
Адбылося галасаваньне, перад якім з паўгадзіны тлумачылі прадстаўніком Кліўлэнду, што наагул значыць абсалюторыюм. У галасаваньні за маю прапанову быў адзін голас — мой, супраць галасаваў прадстаўнік Кліўлэнду са сваімі 20 галасамі і асобы, якія прымалі ўдзел у фінансавых апэрацыях Ф. Кушаля або зь іх карысталі. Большасьць прысутных устрымалася ад галасаваньня, згуляла ў «тутэйшых», прыватна гаворачы, што калі ня даць Кушалю абсалюторыюм, дык трэба тады паведамляць паліцыю. Сярод тых, хто паўстрымаўся, быў і А. Адамовіч.
Пасьля галасаваньня я пакінуў зьезд і 1 сакавіка 1953 г. выступіў з БАЗА.
На другі дзень Кангрэсу разнахаблены Кушаль у маёй адсутнасьці сказаў, што ад яго вымагалі справаздачы з расходава ных грошай савецкія агенты, і пры нагодзе абазваў М. Панькова й Л. Савёнка правакатарамі.
На наступны дзень атрымаў ліст ад А. Адамовіча, у якім ён выказаў свой жаль, што не захаваўся так, як захавацца мусіў, і што яму дзеля гэтага прыкра, як ніколі ў жыцьці. Ліст быў напісаны шчыра й зрабіў на мяне добрае ўражаньне і адначасова зьдзіўленьне, што Адамовіч на такі ліст здабыўся. Пры наступным спатканьні А. Адамовіч запытаў мяне, ці я ліст атрымаў… я сьцьвердзіў, і больш гутарак на гэтую тэму не было. (…)
Нягледзячы, аднак, на тое, што я ад працы ў рэдакцыйнай калегіі «Беларуса» адмовіўся, у чэрвені месяцы 1954 г. мяне паведамілі, што я выбраны ў рэд. калегію «Беларуса». Папярэднюю рэдактарку Ўправа БАЗА даволі груба адсунула ад рэдактарства. Была гэтай рэдактаркай Натальля Арсеньнева-Кушаль.
У новую рэдакцыйную калегію ўвайшлі: рэдактар Л. Савёнак, сябры — япіскап Васіль, А. Адамовіч, М. Міцкевіч, М.Панькоў і я. Рэдакцыйная калегія ў гэтым складзе выдала толькі адзін нумар «Беларуса» — № 49. Нумар гэты выклікаў вялікія нападкі з боку абрамчыкаўскіх артадоксаў, бо рабіў спробу аб'ектыўнага падыходу да праблемаў.
Падчас прыгатаўленьня 50-га нумару ў рэдакцыйнай калегіі паўстаў канфлікт пры абгаварваньні аднаго майго артыкула, у якім была крытычная ацэнка становішча «Бацькаўшчыны», газэты, выдаванай у Нямеччыне пад рэдактарствам др. Станіслава Станкевіча. У сваім артыкуле я навязваў да падзеяў у Антыбальшавіцкім Блёку Народаў, падзеяў, якім «Бацькаўшчына» прысьвяціла ўвагу ў нумарох 186, 189, 199 (глядзі артыкул, падпісаны Г. Л.), абураючыся на тое, што Накашыдзэ асьветчыў, што АБН змагаецца ня толькі з расейскім бальшавізмам, але й з расейцамі як такімі.
Япіскап Васіль вельмі востра выступіў супраць усялякіх нападкаў на расейцаў, гаворачы, што поўнае супрацоўніцтва з расейцамі ёсьць палітыкай Рады БНР з Абрамчыкам на чале і што мой артыкул ні ў якім выпадку не пабачыць сьвету. На падмацаваньне свайго становішча япіскап Васіль прачытаў ліст да яго ад др. Станіслава Станкевіча, у якім Станкевіч яшчэ выразьней спрэцызаваў становішча БНР, а іменна: з расейцамі, толькі з расейцамі, і ніякіх антырасейскіх выказваньняў ня можа быць.
У адказ на дыктатарскія замашкі япіскапа Васіля й ня могучы з такім становішчам пагадзіцца, усе іншыя сябры калегіі: Л.Савёнак, А. Адамовіч, М. Панькоў і я — асьветчылі, што пры такім нелічэньні з боку яп. Васіля з воляй большасьці рэд. калегіі яны зь ім супрацоўнічаць ня могуць. Рэдакцыя № 49 газэты «Беларус» аказалася несугучная зь непрадрашэнствам і хацела ня толькі аб гэтым маўчаць, але й гаварыць і пісаць. Такім чынам у «Беларусе» застаўся толькі адзін непрадрашэнец — япіскап Васіль, і «Беларус» пакаціўся па праторанай Абрамчыкам дарожцы». IV
Тут трэба падрабязьней спыніцца на зьяве непрадрашэнства , закранутай ва ўспамінах Натальлі Арсеньневай і Леаніда Галяка, менш вядомай за супрацьстаяньне крывічоў і зарубежнікаў , але ня менш значнай — і ня толькі для рэдакцыі газэты, але для ўсёй Рады БНР і беларускае эміграцыі наагул.
З пачаткам халоднае вайны ў Вашынгтоне сфармаваліся дзьве канцэпцыі разьвіцьця палітычных стасункаў з СССР. Пэнтагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчваньне ўзбраеньня. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што антысавецкая прапаганда разам з вывучэньнем СССР мае вырашальнае значэньне 31. Афіцыйная палітыка ўраду ЗША фармулявалася наступным чынам: урад змагаецца з савецкім камунізмам і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы — беларусаў, украінцаў, літоўцаў, але ён не бярэ на сябе вырашэньне лёсу земляў, што знаходзяцца пад маскоўскай акупацыяй, асабліва ў дачыненьні да статусу дзяржаўнасьці.
Вось гэтая палітычная лінія і атрымала назоў непрадрашэн ства; яе падтрымоўвала частка сяброў Рады БНР разам зь Міколам Абрамчыкам. На іхную думку, момант неабходна напоўніцу скарыстаць і атрымаць максымальную дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а пытаньне пра незалежнасьць Беларусі ўздымаць пазьней, калі да таго дойдзе справа.
Значная частка сяброў Рады не пагадзілася з падобным падыходам і сфармавала сваю фракцыю — «Асьцярожнага супрацоўніцтва з Амэрыканскім Камітэтам». Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасьць Беларусі была абвешчаная яшчэ ў 1918г., і на пазыцыях непрадрашэнства яны супрацоўнічаць з Камітэтам ня будуць; Камітэт мусіць прызнаць абвешчаную Актам 25 Сакавіка дзяржаўнасьць Беларусі.
Л. Галяк меў рацыю, што рэдакцыя была на баку М. Абрамчыка; нават болей — яна хацела забыцца на свайго першага рэдактара: у артыкулах з нагоды 100-га32 й 250-га33 нумароў газэты або на трыццатыя ўгодкі «Беларуса» 34 згадваліся імёны былых рэдактарў М. Рагулі, Н. Арсеньневай, М. Міцкевіча 35, але не ягонае36.
У чым памыляецца Галяк, дык гэта калі кажа пра адсутнасьць рэвізіі фонду «Беларуса». Чарговую праверку (папярэдняя адбылася 15 верасьня 1952 г.37) дзейнасьці выдавецкага фонду газэты (за пэрыяд з 15 жніўня 1952 г. па 18 красавіка 1953 г.) правялі ў красавіку 1953 г. камісіяй у складзе В. Русака, М. Дарашэвіча, П. Манькоўскага. Рэвізія засьведчыла, што «на 15.08.1952 сальда па касавай кнізе складала $ 1 541,64; прыбыткі за арганізацыйны пэрыяд — $ 8 204,07; папраўка памылкі ў разьліку па дакумэнце № 18 — $ 1,16. Усяго прыбыткаў — $9 746,87. Рэдакцыйныя выдаткі складалі на дзень рэвізіі $8383,26. Выведзенае рэвізіяй сальда складала $ 1 363,61, паводле касавай кніжкі — $ 1 362,45»38. Пра атрыманыя Кушалем грошы згадкі ў разьдзеле прыбыткаў няма. Зрэшты ня выключана, што сама рэвізія была праведзеная адно як адказ на закіды Л. Галяка, ведамыя на той час ужо ўсёй эміграцыі.
А сталася гэта так. Янка Станкевіч, сабраўшы матэрыялы скандалу Галяк—Кушаль, выдрукаваў іх толькі для сяброў Рады БНР. Але нейкім незразумелым чынам публікатка разышлася даволі шырака і ў 1956 г. была выдадзеная ў Лёндане пад назовам «На крывіцкім панадворку» за аўтарствам нейкага Аркадзя Прадухі (цалкам дапушчальна, што за гэтым імем хаваўся Віктар Астроўскі — сын прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўска га)39. Задума Я. Станкевіча дорага яму каштавала: «за раскрыцьцё сакрэтаў Рады БНР» на адмысловым паседжаньні Прэзыдыюму, нягледзячы на ўсе свае памкненьні вытлумачыцца, ён быў часова пазбаўлены сяброўства ў Радзе.
Брашуру складаюць некалькі дакумэнтаў: «Заява Леаніда Галяка ў спэцыяльную сьледчую камісію Рады БНР, пакліканую на паседжаньні пленуму Рады 7.11.1953», адказ Ф. Кушаля, яшчэ адна заява Галяка й заява Я. Станкевіча, у якіх яны працягваюць свае абвінавачваньні групе, складзенай з Ф. Кушаля, Н. Арсеньневай-Кушаліхі, В. Тумаша, П. Манькоўскага й М. Гарошкі, а таксама «паслоўе».
Першая заява Галяка ў асноўным паўтарае цытаваныя вышэй успаміны, якія розьняцца спакайнейшым тонам і адсутнась цю асобных эпізодаў. Напрыклад, такога: «У часе дыскусіі над гэтай справай заступнік прэзыдэнта Рады БНР А. Махноўскі на запытаньне нейкага сябры Рады адказаў, што ён, Махноўскі, прабаваў гэтую справу падпарадкаваць воргану Рады БНР, але тайная калегія гэтую прапанову, праз свайго прадстаўніка Ф.Кушаля, адкінула. Пачуўшы вышэйсказанае, сябра Рады БНР Ф.Кушаль падбег да ўрадаючага заступніка Прэзыдэнта А. Махноўскага і, выгукваючы розную расейскую лаянку, як «мерзавец», «мошенник», замахнуўся рукою з намерам ударыць А.Махноўскага, але намеру свайго ня выканаў, бо быў сілаю ўтрыманы» 40.
Агулам абвінавачваньні Л. Галяка й Я. Станкевіча зводзіліся да наступнага: бескантрольнасьць фінансаў газэты, недэмакратычнасьць паводзінаў на пасадзе старшыні БАЗА («у тэрарызаваньні іншых у вабароне свайго ўзурпацыйнага становішча» 41), а таксама да таго, што «Беларус» стаўся органам аднае групы, а не агульнабеларускім часапісам.
Для вырашэньня канфлікту была паклікана камісія ў складзе А. Стагановіча, М. Гарошкі, А. Адамовіча, якая праверыла рахункавыя кнігі, выявіла нястачу й свае заключэньні падала ў Прэзыдыюм Рады. У паслоўі Я. Станкевіч пісаў, што на пленуме «надта крытыкавана была плата ганарару аўтарам, аплата экспэдыцыі й касіра. Сябры Рады (за выняткам тых, што належалі да судчаснае 42 групы або былі яе прыхільнікамі) даводзілі, што пісаньне да «Беларуса» і экспэдыцыя яго павінны былі адбывацца грамадзкім парадкам, г. зн. дарма, бо й шмат большая работа робіцца дарма, і што плачаваньне, ды даволі высокае, уплывала дэмаралізуюча на грамадзкасьць. (…) Гэныя пастановы, як і ўсе акты, Камісія перадала старшыні Рады БНР М.Абрамчыку, каторы прапанаваў іх спаліць, але супроць гэтага быў Пленум Рады. Што зь імі сталася, няма ведама, але цяпер немагчыма было іх дастаць» 43.
У 1954 г. са зьменаю на пасадзе старшыні БАЗА зьмяніўся й рэдактар газэты. Ім быў абраны Міхась Міцкевіч. Газэта ўступала ў новую стадыю свайго разьвіцьця, і з гэтае прычыны нумар зьмяшчаў ажно тры паведамленьні, што тычыліся новай рэдакцыйнай палітыкі й пэўнай непераемнасьці з папярэдняй рэдакцыяй:
Камунікат Галоўнай Управы БАЗА ў справе выдаваньня газэты «Беларус». Беручы на ўвагу абставіны, пры якіх далейшае выдаваньне органу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў Амэрыцы — газэты «Беларус» узалежнена ад падтрыманьня беларускага грамадзтва, Галоўная Ўправа БАЗА правяла апошнім часам наступныя мерапрыемствы з мэтаю стварэньня абставінаў для далейшага выдаваньня газэты: 1) 23 траўня сёлета адбыўся ў Нью-Ёрку сход працаўнікоў беларускае прэсы, на якім было дакладна абмеркаванае палажэньне газэты, спосабы далейшага выдаваньня яе, а таксама пастаноўлена стварыць рэдакцыйную калегію газэты ды ўзнавіць дзейнасьць Беларускага Выдавецкага Фонду, які б парупіўся пра матэрыяль ныя сродкі для газэты. 2) 6 чэрвеня быў праведзены Сход Беларускага Выдавецкага Фонду із працаўнікамі беларускае прэсы, на якім выбраныя былі новы Ўрад Б.В.Ф., а таксама рэдакцыйная калегія газэты «Беларус». Урад Беларускага Выдавецкага Фонду й новая рэдкалегія пастанавілі энэргічна ўзяцца за дзеяньне, каб выдаваць газэту ня менш, як раз на месяц, каб згуртаваць вакол яе большую колькасьць супрацоўнікаў ды надалей забясьпечваць беларускае грамадзтва ў ЗША родным словам44.
На наступнай старонцы газэты быў зьмешчаны Зварот Беларускага Выдавецкага Фонду, а яшчэ праз адну — «Ад Рэдакцыйнай калегіі»:
Ад гэтага нумару газэта «Беларус» выходзіць пры новым складзе рэдакцыйнай калегіі. Новая рэдкалегія ставіць сабе за мэту адлюстроўваньне думак і паглядаў як найшырэйшых колаў беларускае антыбальшавіцкае эміграцыі, кіруючыся прынцыпамі поўнае свабоды й незалежнасьці дэмакратычнае прэсы. Калегія мусіць зазначыць, што былая рэдакцыя газэты «Беларус» не перадала ёй, апрача часткі нявыдрукаваных матэрыялаў, аніякіх рэдакцыйных справаў, ані архіву. А таму натуральна, што новая калегія ня можа прымаць ніякіх магчымых прэтэнзіяў з боку зацікаўленых асобаў, а таксама ня можа адказваць і за тыя канфлікты, што маглі паўставаць паміж былым кіраўніцтвам газэты й некаторымі беларускімі арганізацыямі 45.
Намаганьні новай рэдакцыі давалі слабы плён. Тагачасны старшыня БАЗА Міхась Тулейка ў аглядным артыкуле «З жыцьця й дзейнасьці БАЗА», наракаючы, што далёка ня ў кожнай сям'і ў хаце бывае беларуская кніга ці газэта, піша пра маласуцяшальныя вынікі дзейнасьці Беларускага Выдавецкага Фонду, пра пасіўнасьць аўтараў і карэспандэнтаў, разам з тым закідае адсутнасьць ініцыятывы й з боку самой рэдакцыі, асабліва што да пошуку аўтараў і шырэйшага кола чытачоў46 . Нягледзячы на даволі працяглы час рэдактарства М. Міцкевіча (1954—1962), (а таксама В. Тумаша, які рэдагаваў газэту пасьля яго), было выдадзена толькі 40 нумароў «Беларуса» — з № 39 да №7947.
Наступны, № 80, выйшаў ажно ў лістападзе 1963 г. Але для гэтага ў ЗША мусіў прыехаць Стась Станкевіч. Ён далучыўся да сям'і ў 1962 г. Улетку 1963 г. быў абраны старшынём БАЗА, а напрыканцы таго ж году пераняў рэдактарства газэты. V
У першым адноўленым нумары ў «Гутарцы із старшынём Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня» на пытаньне адносна крокаў дзеля аднаўленьня газэты Станкевіч адказваў: «Бяз сталага прэсавага воргану мы ня можам быць паўнацэннымі ані ў нашым нутраным жыцьці, ані ў галіне грамадзка-нацыя нальнае рэпрэзэнтацыі навонкі. Вось дзеля гэтага рэгулярнае выдаваньне «Беларуса» — гэта справа нашага нацыянальнага гонару і абавязку. У дасягненьні гэтага мы можам і павінны разьлічваць толькі на свае собскія сілы. Вось таму Галоўная Ўправа й зьвярнулася цераз свае аддзелы із заклікам да ўсіх Беларусаў, каб задэкляравалі сталыя месячныя складкі на Прэсавы Фонд БАЗА. (…)
Гістарычны сэнс існаваньня беларускае палітычнае эміграцыі й галоўнае ейнае заданьне — гэта пашырэньне ў Вольным Сьвеце веды й праўды аб Беларусі й беларускім народзе ды кансэквэнтная дапамога справе явонага нацыянальнага звальнень ня. Вось гэтым заданьням, як і разьвіцьцю беларускага жыцьця ў Амэрыцы, і будзе служыць «Беларус» 48.
Пад гутаркаю са Станкевічам друкаваўся рэдакцыйны зварот: «Беларус» ня будзе газэтай вузка групавой, але агульна беларускай. Ён будзе асьвятляць жыцьцё й дзейнасьць ня толькі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ды зьвязаных зь ім арганізацыяў, але таксама й беларускіх арганізацыяў, якія ані ідэалягічна, ані арганізацыйна не зьвязаныя з БАЗА. (…) У меру наплыву адпаведных матэрыялаў у «Беларусе» будзе заведзены адмысловы аддзел — Вольная Трыбуна Чытача. У ёй могуць друкавацца і артыкулы, якія не абавязкова павінны выражаць думкі й пагляды Рэдакцыі. Але ў такіх выпадках Рэдакцыя ня можа браць на сябе адказнасьці за гэткія артыкулы, а таму яны павінны быць падпісаныя поўнымі імёнамі й прозьвішчамі іхных аўтараў, а не ініцыяламі й псэўданімамі» 49.
Акрамя таго, былі разасланыя Звароты Галоўнай Управы БАЗА з просьбаю фінансава забясьпечыць сталы выхад газэты: Нью-Ёрк — на 70 адрэсаў, Кліўлэнд — 40, Дэтройт — 15, Нью-Брансўік — 50, Лос-Анджэлес — 50, Стэмфард — 8, Спрынгфілд — 5, Бікон — 5, Джэрзі-Сіці — 5, Чыкага — 50. Але, як пісаў С. Станкевіч у сьнежні 1963 г., «пакуль што газэту «Беларус» утрымлівае ўсяго толькі 14 асобаў, якія задэкляра валі месячныя складкі, пачынаючы ад месяца кастрычніка, найменш па 5 даляраў у месяц, а найбольш па 300 даляраў у год (аднаразова)» 50.
Была падпісаная дамова з друкарняю на выданьне раз на месяц газэты на шасьці бачынах фармату 21x14 цаляў у 5-ці шпальтах па 14 мс лінатыпным шрыфтам 9x10 на паперы Mashine Cortet накладам 1 000 асобнікаў за 280 даляраў.
І ў гутарцы са Станкевічам, і ў рэдакцыйным звароце (Рэдакцыйная Калегія складалася зь Вітаўта Тумаша, які меўся быць рэдактарам, але неўзабаве адмовіўся з-за хваробы жонкі, Вітаўта Кіпеля, Натальлі Арсеньневай, Янкі Запрудніка і Антона Шукелойця) падкрэсьлівалася, што газэта надалей будзе выдавацца сумесна зь беларусамі Канады.
Напачатку 1960-х у Канадзе склалася прыкрая сытуацыя зь беларускаю прэсаю: выданьне «Беларускага Эмігранта» 51 было спыненае (як тады казалі, у сувязі з набыцьцём будынку), «Бацькаўшчына» пачала выходзіць значна радзей, а хмараўскі «Беларускі Голас»52 ня мог прэтэндаваць на агульнаграмадзкае кансалідацыйнае выданьне.
У зьвязку з гэтым старшыня Галоўнай Управы БАЗА С. Станкевіч даслаў Галоўнай Управе Згуртаваньня Беларусаў Канады (ЗБК) ліст (20 чэрвеня 1963 г.), дзе, у прыватнасьці, пісаў наступнае: «Новая Галоўная Ўправа БАЗА, выбраная на Х Кангрэсе БАЗА 1—2 чэрвеня сёлета, аднэй з галоўных сваіх мэтаў пастанавіла зрабіць усе магчымыя натугі, каб выдаваць сталы друкаваны прэсавы ворган Беларусаў у Амэрыцы» 53. Сябрам ЗБК было прапанавана далучыцца да гэтай акцыі з тым, каб «Беларус» выходзіў або двойчы на месяц, або ў павялічаным памеры ды быў бы агульным органам на ўсю Паўночную Амэрыку.
Згода была атрыманая, паразуменьне дасягнутае, рэдактарамі канадыйскай старонкі былі прызначаныя Кастусь Акула з Антонам Маркевічам 54, сфармаваная новая рэдакцыйная калегія ў Нью-Ёрку. Назоў газэты пакідаўся той самы, а для канадыйскай бачыны прыдумалі загаловак «Весткі з Канады», які намаляваў Мечыслаў Рачыцкі. Былі праблемы з пошукамі друкарні: толькі дзьве з усіх маглі браць на машыну адразу чатыры бачыны кірылічнага тэксту — расейская «Новое Русское Слово» ды ўкраінская «Свобода». Але свае газэты ў іх друкаваліся штодзённа, і таму замоваў збоку ня бралі. Нарэшце знайшлі яшчэ адну ўкраінскую друкарню, Э. Сарахмана «East Side Press», на 1-й Авэню ў Нью-Ёрку, якая згадзілася друкаваць газэту павялічаным фарматам (шэсьць бачынаў) накладам 1 000 асобнікаў за 280 даляраў. 250 асобнікаў прызначаліся для рассылкі ў Канаду, рэшта — у Амэрыку, Аўстралію, Эўропу, СССР. Згодна дамоўленасьці з друкарняй, палова рукапісаў мусіла быць дасланая за 14 дзён перад выхадам нумару, чацьвёртая частка — за 8 дзён, апошняя частка — за 4 дні перад выхадам нумару.
Трэба сказаць, што праблемы з канадыйскаю рэдакцыяй пачаліся бадай зь першых выпускаў: спрацавалі й асабістыя амбіцыі, і неаднолькавы ўзровень падрыхтаванасьці да рэдакцыйнай працы. Закіды К. Акулы ў лістох да С. Станкевіча выказваліся розныя: «Цяпер жа я расчараваны. Перш мае быць, як пішаце, гутарка з дырэктарам «Бэлэр-Менску», пасьля зь нейкім кубінскім рэвалюцыянэрам. Выходзячы з вышэйсказанага, «Гутарку зь пісьменьнікам К. Акулам» прашу не зьмяшчаць у «Беларусе» наагул. Будзьце ласкавы адаслаць мне яе назад, а фатаграфію, як не жадаеце трымаць, то таксама адашліце. У кожным выпадку забараняю яе зьмяшчаць у прэсе. Што да мовы, то буду трымацца такой мовы, якой карыстаўся раней» (24.12.1963)55.
Газэта жыла нялёгкім жыцьцём. Грошай на выданьне не ставала: спадзяваньне на дапамогу канадыйскіх падпісчыкаў не апраўдалася. Управа БАЗА мусіла выдаць адмысловы зварот: «Вельмі паважаны Спадар/Спадарыня! Нам цяжка паверыць, што Вы ня хочаце атрымліваць адзінай беларускай газэты ў Амэрыцы «Беларуса», якая стала інфармуе Вас аб беларускім жыцьці ў Вольным Сьвеце і ў паняволенай Бацькаўшчыне, а таксама насьвятляе палітычнае палажэньне ў цэлым сьвеце. Нам таксама ня верыцца, што Вы шкадуеце сумы 4 даляраў у год на падпіску за газэту тады, калі невялікая група ахвярных суродзічаў сваімі месячнымі ды адмысловымі складкамі фінансава ўтрымліваюць «Беларуса» 56.
Адбыліся зьмены ў канадыйскай рэдакцыі: да К. Акулы з А.Маркевічам дадаўся Барыс Рагуля, які ўзначаліў рэдкалегію. Праўда, на гэта Акула зазначыў Станкевічу ў лісьце: «Прашу ў усіх справах, зьвязаных зь «Весткамі», кантактавацца са мной. Калі будзеце пісаць да Рагулі ці навет да Маркевіча, дык гэта адно страта часу. (…) Хачу Вас папрасіць, каб перасталі цэнзураваць мой матэрыял» (4.06.1964)57.
Трэба адцеміць, што няпросты, ваяўнічы характар Кастуся Акулы напоўніцу выяўляўся ня толькі ў прыватным ліставаньні. Пісьменьнік лічыў, што беларускай літаратуры моцна не стае жанру фэльетона, таму ўласным «Запіскам Яўхіма Крайняга» 58, напісаным у традыцыях А. Мрыя ды Л. Крывічаніна, надаваў асаблівую ўвагу. Яго надта абыходзіла цэнзура, асабліва калі рабілася тое не ў мастацкіх мэтах. У сваіх фэльетонах Акула апісваў жыцьцё й характары беларускай грамады ў Канадзе, не шкадуючы «тараканаў у саладусе», «кірпачоў», крытыкуючы бязьдзейснасьць, «нацыянальнае мяшчанства», робячы характары ня проста сьмешнымі — пазнавальнымі. Толькі рабіў пісьменьнік гэта даволі груба, падмяняючы часам вобразы абразамі.
Зразумела, багата каму ў Таронта тое не спадабалася 59. Пасьля неаднаразовых, але безвыніковых спробаў націснуць на аўтара ды на рэдактара, 27 чэрвеня 1965 г. Галоўная Ўправа ЗБК за подпісам старшыні ЗБК А. Грыцука й сакратара Р. Жук-Грышкевіч вынесла наступную пастанову: «Дзеля таго, што Галоўная Ўправа ЗБК лічыць газэту «Весткі з Канады», а часткова й газэту «Беларус» у іх зьмесьце дэструкцыйнымі, і дзеля таго, што рэдкалегія «Вестак з Канады» ігнаруе пастановы Галоўнай Управы ЗБК і паступае самавольна — Галоўная Ўправа пастанавіла: з днём 27 чэрвеня завесіць выдаваньне «Вестак з Канады»; завесіць рэдкалегію «Вестак з Канады» ў яе чыннасьцях; зьняць з ЗБК усякую адказнасьць — маральную й матэрыяль ную за газэту «Беларус» 60.
Нягледзячы на пастанову, бачынка з навінамі з Канады ў газэце працягвала існаваць, толькі Кастусь Акула пісаў у «Беларус» ужо не як «адміністрацыйная адзінка», а як незалежны пісьменьнік і сваёй пазыцыі не мяняў… Падобная сытуацыя, напэўна, дратавала Ўправу ЗБК, што вылілася ў востры ліст А.Грыцука:
Вельмі паважаны сп. Акула. Дзякую Вам за ліст і інфармацыю. Наагул у нашай рэдакцыі завяліся вялікія непаладкі. Ня ведаю, ці ўдасца ўтрымаць канадыйскае выданьне «Беларуса». Калі хтось сядзіць у балоце, то ён часта ня бачыць, што робіцца кругом. Таксама й з Вамі й С. Станкевічам. Больш паўгоду таму я пісаў С. Станкевічу, што пры гэткай пастаноўцы рэдакцыйнай справы газэта «Беларус» праваліцца. Безумоўна, ён нашмат разумнейшы й навет на гэта нічога не сказаў і не зрэагаваў. (…) Я Вам таксама мінут 15 даказваў аднойчы, што такім рэдагаваньнем канадыйскае старонкі Вы заваліце газэту. Вы стаіце на памылковых ідэалягічных асновах. Гэта мала толькі быць «незалежнікам». Да гэтага трэба мець ідэалягічныя правідловыя асновы будучай Беларусі. У Вас паняцьце вольнай Беларусі вельмі й вельмі розьніцца ад іншых, а ўжо стратэгія вызваленчай барацьбы фатальная. Напрыклад, выкінуўшы 5—10 сказаў або адпаведна зьмяніўшы іх, «Гараватку» можна сьмела пасылаць да друку ў Менск. (…) Калі Вам залежыць на канадыйскую старонку «Беларуса», то пастарайцеся спаткацца са мною ў нядзелю. Каб ратаваць нешта, я буду патрабаваць ад Вас і С.Станкевіча мець кантролю ўсяго матэрыялу пра канадыйскія справы на канадыйскай бачыне й не на канадыйскай 61.
Натуральна, ані Акула, ані Станкевіч на тое не пайшлі. Замест афіцыйных «Вестак з Канады» як органа ЗБК пачалі выдавацца прыватна ў «Беларусе» «Канадыйскія Навіны».
Для самога Акулы час быў цяжкі, пісалася няпроста, жылося складана:
У мінулую нядзелю ў мяне здарыўся нешчасьлівы выпадак. Я быў страшна перамучаны, бо ў пятніцу й сыботу аб'езьдзілі з калядаваньнем Садбэры й Ашаву. Рана ў нядзелю ехаў у царкву зь сям'ёй. Мая жонка суцэльна й бесьперапынна нэрвуе. За 15 гадоў пасьпела мне ўмовіць, што я дурань, нічога ня варты, цяперака ж у яе няма гаворкі, як на тэму «мяне думкі забіваюць, начамі ня сплю» й падобнае. Баюся роту адчыніць і да таго дажыўся, што дрыжу, калі дзьверы ў сваю хату адчыняю. Значыцца, у нядзелю раніцы вёз сваю сям'ю аўтам у царкву. Ганулька (ёй 7 гадоў), вельмі нэрвовая, падскаквала ў аўце й крычала немым голасам. Завёз у царкву, тамака пачала аб падлогу кідацца й біцца. Мусіў забраць жонку і яе ды завезьці дахаты. Сам вярнуўся. Пайшоў у хор сьпяваць ды ня мог. Выйшаў на залю, дык мой малы сынок (якраз там ладзілі ёлку) як прычапіўся да мяне, прыліп, дык ані на крок не адойдзецца. Мяне так скалатнула гэта ўсё, што я больш як на гадзіну атрымаў, як Вам сказаць, зацямненьне мазгоў, зусім страціў кантролю над сабой. Ня ведаў, што рабіў. І гэта на вачох усіх62.
У кастрычніку 1966 г. на Станкевічаву прапанову падрыхтаваць матэрыял пра Епархіяльны Сабор і хіратанізацыю а. Міхаіла (Мацукевіча) Акула адказвае адмоваю:
Ужо два тыдні жонка мая знаходзіцца ў шпіталі. Яна выйшла адтуль у маі сёлета. Нейкі час трымалася, а пасьля ізноў кульнула ўніз. Гэтым разам дастала рэлігійнага «бзіку». Дарэчы, гадоў пяць яна езьдзіла па розных — як я іх называю — балбатунах-аздаравіцелях. Цяперака ж зьмяніла тэму. Гэтым разам ня больш і ня менш як сам Хрыстос загадаў ёй сем тыдняў пасьціць. Паверыце, ці ня больш сарака дзён галадала. Астаўся адзін шкілет. Гэта галадоўка й бесьперапынныя малітвы цюкнулі ёй розныя дурніцы на розум. Хрыстос гэны няўмольны, паводле яе, не пераставаў вымагаць, каб яшчэ маліла й пасьціла. Аднаго вечара ўцякла з хаты ў парк, і позна вечарам прывёў яе назад паліцыянт. Назаўтра ў аскорце паліцыі адвёз яе ў шпіталь.
Цяпер працую за двух. Маё нэрвовае напружаньне дайшло да такое ступені, што баюся, каб не дастаць атакі сэрца. Спаць не магу. Як доўга вытрымаю, ня ведаю. Гэта агонія, а не жыцьцё. Становішча ўскладняецца тым, што працую на зьмены, баюся самых хлапцоў у хаце пакідаць уночы. Коратка гаворачы, мае намаганьні ідуць на тое, каб неяк перажыць гэтае ліха. Вось для прыкладу Вам: цяперака якраз жонка звоніць дамоў, і мой малодшы сын гаворыць зь ёй. Яна расказвае яму, што Хрыстос ёй сёньня сказаў, што «яны замардавалі Ганульку (дачушку нашу), замардавалі Любу (сястру ейную) дый бацькоў за адным махам. Навет у шпіталі седзячы, не дае нам спакою63.
Няпроста складвалася супрацоўніцтва зь «Беларусам» і ў Антона Маркевіча:
Я заўсёды быў блізкі з газэтамі. Яшчэ як жыў у Мюнхэне (1946—1955), то калі-некалі заходзіў у рэдакцыю набыць асобнік, але ўдзелу у выданьні не прымаў. Я сябраваў зь Ніканорам Ляўковічам, братам жонкі М. Абрамчыка, А. Вярбіцкім, быў знаёмы з М. Тулейкам, Б. Данілюком, але ў грамадзкай працы ня ўдзельнічаў, пакуль не апынуўся ў Таронта ў 1955 г. Тут нікога зь беларусаў ня ведаў, прыехаў на адрас блізкага знаёмага ўкраінца Міхала, які й запрасіў мяне ў Канаду. Праўда, перад гэтым мне трапіла ў рукі газэта «Беларускі Голас» С. Хмары, і я меўся зьвярнуцца да яго, але па прыезьдзе прыпадкова натрапіў на адрас 1 000 Dundas St. W., дзе, згодна шыльдзе, знаходзілася Згуртаваньне Беларусаў Канады і парафія сьв. Кірылы Тураўскага. Вось туды я з радасьцю і ўваліўся! Праз кароткі час я ўжо быў абраны сакратаром ЗБК, а ў 1958 г. стаўся старшынём Галоўнай Управы. І праца буяла!
А тут Трэцяя сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі, дый у Нью-Ёрку. А я ж без грамадзянства, а трэба віза, трэба грошы, каб туды дабрацца. У апошні момант справа пазытыўна вырашылася дзякуючы супрацоўнікам кансуляту, якіх я моцна прасіў і пераконваў у важнасьці маёй прысутнасьці на велікаколькаснай сустрэчы. Было крыху й шчасьця.
Па прыбыцьці ў Канаду я ўвязаўся ў супрацу з «Бацькаўш чынаю», а пасьля й «Беларусам» і з гэтага часу зрабіўся прадстаўніком газэты на Канаду, пісаў рэфэраты, нэкралёгі, падаваў абвесткі, падпісваўся Хв. Пр., Хвядос Прылепскі, А.-віч. У пазьнейшы час рабіў дадатак «Весткі з Канады», за які я меў упаўнаважанасьць і стараўся, як толькі мог, яго падтрымоўваць і распаўсюджваць ня толькі сярод беларусаў, але й сярод этнічных асяродкаў і канадыйскіх установаў. Дзякуючы гэтаму дадатку я змог стацца сябрам Канадыйскага Этнічнага Прэсавага й Радыёклюбу, які меў вялікі ўплыў на палітыку фэдэральнае й правінцыйных урадаў Канады ў шматлікіх галінах і меў фінансавую падтрымку за распаўсюджваньне інфармацыі. Там якраз і Хмара арудаваў, але мая прысутнасьць ягоную дзейнасьць троху прыспакойвала.
Аднаго дня звоніць мне ў Таронта С. Станкевіч і кажа, што ёсьць багата лішніх нумароў «Беларуса» і неяк іх трэба «расьпіхаць» у Канадзе сярод беларусаў і небеларусаў. Добрая ідэя! Я з ахвотаю і прыемнасьцю адобрыў прапанову і ўзяўся за яе. Адрасоў меў сотні й сотні й пачаў «бамбіць» штомесяц усіх і ўся. Былі посьпехі, але не заўсёды — праз падзел беларусаў: БНРаўцы, БЦРаўцы, хмараўцы, акулаўцы, аўтакефалеўцы, усяленцы, заходнікі-падпалячнікі, усходнікі, перастрэлкі паміж «Беларускім Голасам» і «Беларускім Эмігрантам».
Я рабіў сваё, рассылаў з просьбаю падпіскі і ахвяраваньня. Біў у сэрцы беларускія, як заклікаў Максім Багдановіч, але народ часам дзіўны…
Як сябра Галоўнай Управы, я меў функцыю сакратара вонкавых сувязяў і заўсёды рэпрэзэнтаваў ЗБК сярод этнічных груповак, урадавых установаў Канады. То дасылаў ім і «Беларуса», атрымоўваючы ў абмен ня грошы, а іхныя выданьні: «Новый Шлях», «Гомін Украіны», «Вільнэ Слова». Меў таксама ад чэхаў, славакаў, сэрбаў, харватаў, славенцаў, літоўцаў, палякаў, румынаў, казакаў. Пасылаў газэту ва ўнівэрсытэцкія бібліятэкі, большыя публічныя. Пасылаў таксама канадыйскім славістам, дзе таксама быў сябрам. Мяне вельмі цешыла, што я мог праводзіць немалую беларускую працу і рабіць прапаганду ўсюды, дзе толькі мог і як мог.
І тут раптам званок. С. Станкевіч: «Маркевіч? Дзе грошы?» Пытаю, якія грошы, тлумачу, што ўсё сабранае, да апошняга цэнту, адсылаў, але Станкевіч вельмі злосьціўся, абазваў мяне «гаўнюком» і кінуў слухаўку. Я быў зь ім у вельмі добрых адносінах, заўсёды забіраў з аэрадрому, даваў начлег, то быў моцна зьдзіўлены, чаму ўсё так сталася. А потым рэпартаж у «Беларусе» аб грэшніку Маркевічу, разгляд нейкага даносу на мяне на паседжаньні БАЗА, асуджэньне, ганьба. Я й да сёньня ня ведаю, якія знайшліся падставы.
Праўда, пазьней сп. Запруднік прапанаваў вярнуцца, калі б я жадаў. Але я меў такі шок за несправядлівасьць, ды яшчэ ў «Беларусе»! Я сам дзіўлюся, як я мог перажыць такое64.
16 сьнежня 1968 г. рэдкалегія газэты атрымала пастанову Галоўнай Управы Згуртаваньня Беларусаў Канады, дзе паведамлялася, што на паседжаньні Ўправы ЗБК было вырашана ад студзеня 1969 г. «перастаць быць супольнікам і спаўвыдаў цом газэты «Беларус». З падвойнага, ліпеньска-жнівеньскага нумару газэта пачала выходзіць з новым падзагалоўкам: «газэта беларусаў у Вольным Сьвеце»65 .
Адбываліся ў працы газэты і іншыя зьмены. На ХІІ Кангрэсе БАЗА 28 траўня 1967 г. у Нью-Брансўіку быў абсалютнай бальшынёю галасоў прыняты «Нутраны Рэгулямін Рэдакцыйнай Калегіі газэты «Беларус» 66, які ў пытаньнях газэты й да сёньня зьяўляецца законам і для БАЗА, і для Рэдакцыйнай Калегіі газэты «Беларус». Паводле яго, газэта зьяўляецца аўтаномнаю адзінкаю ў сыстэме БАЗА й падпарадкаваная беспасярэд не Кангрэсу БАЗА, які вызначае (выбірае) ейнага галоўнага рэдактара й старшыню рэдакцыйнае калегіі ў адной асобе і ўсіх іншых сяброў Рэдакцыйнае Калегіі.
Нутраны Рэгулямін Рэдакцыйнай Калегіі Газэты «Беларус»
1. Газэта «Беларус» рэдагуецца і адмініструецца Рэдакцыйнай Калегіяй, на чале якой стаіць галоўны рэдактар як ейны старшыня.
2. Кангрэс БАЗА вызначае асобна галоўнага рэдактара і асобна ўсіх іншых сяброў Рэдакцыйнае Калегіі, якая разьмяркоўвае між сабою рэдакцыйныя функцыі і, у выпадку патрэбы, можа дакааптоўваць новых сяброў Калегіі. Старшыня Галоўнай Управы БАЗА ўваходзіць у склад Рэдакцыйнай Калегіі аўтаматычна ў моц сваіх службовых функцыяў.
3. Рэдакцыйная Калегія запрашае іншых сяброў БАЗА дзеля выконваньня адміністрацыйных і тэхнічных функцыяў, а некаторыя з гэтых функцыяў можа дзяліць між сваймі сябрамі.
4. Кажны чародны й мінулы нумар газэты павінен абмяркоўвацца на паседжаньні Рэдакцыйнай Калегіі.
5. У выпадку ўзьнікненьня супярэчнасьцяў між Радай Дырэктараў і Галоўнай Управай БАЗА, з аднаго боку, і Рэдакцыйнай Калегіяй — з другога, што да насьвятленьня ў газэце прынцыповых ідэалягічных, арганізацыйных і тактычных пытаньняў, справа канчаткова разьвязваецца на супольным паседжаньні Рады Дырэктараў, Галоўнай Управы БАЗА й Рэдакцыйнай Калегіі.
6. Даходы газэты «Беларус» складаюцца з падпіскі, прадажы газэты, ахвяраў грамадзтва й датацый беларускіх арганізацыяў, а таксама з аплаты абвестак і пэрсанальных матэрыялаў, друкаваных у газэце.
7. Газэта «Беларус» мае сваю асобную касу, якая вядзецца незалежна ад касы Галоўнай Управы БАЗА.
8. Грошы газэты «Беларус» могуць выдаткавацца вылучна на патрэбы выдаваньня газэты й ейнага пашырэньня.
9. Звычайнымі бягучымі выдаткамі газэты «Беларус» распараджаецца галоўны рэдактар цераз скарбніка Рэдакцыі, а на выдаткі надзвычайныя (аплата далейшых паездак, павелічэнь не лістажу або тыражу газэты) патрэбная згода Рэдакцыйнай Калегіі.
10. Кантроль фінансаў газэты «Беларус» праводзіцца Рэвізійнай Камісіяй Галоўнай Управы БАЗА67.
Падобная незалежнасьць газэты ад БАЗА шмат каму не падабалася. У першай палове 1970-х дачыненьні паміж «Беларусам» і БАЗА трымаліся досыць напружанымі, што было выклікана доўгагадовымі разыходжаньнямі паміж М. Гарошкам (старшынём БАЗА ад 1971 г.) і С. Станкевічам. Асабліва вострым ды грамадзка агучаным стаўся канфлікт, распачаты 4 жніўня 1974 г. наступным лістом:
Доктару Станіславу Станкевічу, рэдактару газэты «Беларус».
Вельмі паважаны спадар др. Станкевіч!
Пытаньні беларускай прэсы ды ейная роля ў жыцьці беларускай эміграцыі ўключаны да агульнай тэмы 11-й Сустрэчы— 25-годняга юбілею Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня й Згуртаваньня Беларусаў Канады. Усё, што тычыцца 11-й сустрэчы ў Кліўлэндзе (Агаё), было абгаворана на мінулым Кангрэсе БАЗА, на паседжаньнях Галоўнае Ўправы, на паседжаньні Аддзелу БАЗА ў Кліўлэндзе ды із старшынём ЗБК, таму ўключэньне прапанаванай Вамі тэмы ёсьць справай сёньня немагчымай, тым больш, што друк ёсьць толькі адной з функцыяў дзейнасьці Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Аднак жа, у сувязі са зьменай ідэалягічнага кірунку газэты «Беларус», які зусім не адказвае патрэбам Беларуска-Амэры канскага Задзіночаньня, на другі дзень Сустрэчы было б вельмі пажадана прадыскутаваць справу далейшай Вашай працы як рэдактара «Беларуса».
З пашанай, др. Р. Гарошка, старшыня Галоўнай Управы БАЗА.
Замест кулюарных абмеркаваньняў 19 жніўня 1974 г. С. Станкевіч апэляваў да грамадзкасьці:
Сябрам Рэдакцыйнай Калегіі газэты «Беларус», сябрам БАЗА.
27 ліпеня сёлета я зьвярнуўся да старшыні Галоўнай Управы БАЗА др. Р. Гарошкі, старшыні Галоўнай Управы ЗБК К.Акулы й старшыні Кліўлэндзкага Аддзелу БАЗА Я. Раковіча як арганізатараў і гаспадароў XI Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі зь лістом наступнага зьместу:
«У часе Акадэміі на Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі сёлета ў Кліўлэндзе ветліва прашу даць мне слова на вельмі важную, актуальную й зьвязаную з 25-мі Ўгодкамі БАЗА й ЗБК тэму: «Роля беларускага друку ў жыцьці й дзейнасьці беларускае эміграцыі». Гэтая мая прамова заняла б часу ня больш як 15 мінут або й менш».
У вадказ на гэта я атрымаў афіцыйны ліст пакуль што толькі ад старшыні Галоўнай Управы БАЗА, копія якога пры гэтым залучаецца. Як відаць з гэтага ліста, др. Гарошка адказаў на маю просьбу адмоўна сам адзін, не чакаючы на думку двух астатніх арганізатараў і гаспадароў Сустрэчы, якім пераслаў адно да ведама копіі свайго адмоўнага ліста да мяне. Таму ўважаю справу гэтую яшчэ не разьвязанаю, бо яшчэ маюць у ёй голас сп. К. Акулы й сп. Я. Раковіча.
Апрача сваёй адмовы даць мне слова на Акадэміі (Банкеце) Сустрэчы, др. Р. Гарошка як старшыня Галоўнай Управы БАЗА ў згаданым да мяне лісьце афіцыйна заявіў: «Аднак жа, у сувязі са зьменай ідэалягічнага кірунку газэты «Беларус», які зусім не адказвае патрэбам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, на другі дзень Сустрэчы было б вельмі пажадана прадыскутаваць справу далейшай Вашай працы як рэдактара «Беларуса».
Уважаю, што др. Р. Гарошка, хоць і старшыня Галоўнай Управы БАЗА, ня мог гэтак далёка ўзурпаваць свае правы й сам адзін афіцыйна ад імя БАЗА сьцьвярджаць, што газэта «Беларус» зьмяніла свой ідэалягічны кірунак, які «зусім не адказвае патрэбам БАЗА». У гэткай важнай і прынцыповай справе маглі б выдаць сваю апінію Галоўная Ўправа БАЗА, а не адзін ейны старшыня, і Ўправы Аддзелаў БАЗА, ня кажучы ўжо пра звычайных сяброў БАЗА.
У сувязі з гэтым я й зьвяртаюся да Сяброў Галоўнай Управы БАЗА й да Ўправаў Аддзелаў БАЗА зь ветлівай просьбаю абмеркаваць гэтае пытаньне на сваіх паседжаньнях, а яшчэ лепш на шырэйшых сходах сяброў Аддзелаў БАЗА й сьцьвердзіць, ці ідэалягічны кірунак газэты «Беларус» узапраўды «зусім не адпавядае патрэбам БАЗА». Паколькі старшыня Галоўнай Управы БАЗА др. Р. Гарошка пытаньне гэтае вырашыў сам адзін за ўсіх, а ягоны бацька інж. М. Гарошка самым апошнім часам інтэнсіўна ўзмоцніў у гэткім жа духу ведзеную ім і раней кампанію супраць газэты «Беларус», апінія Галоўнай Управы БАЗА й Аддзелаў БАЗА ў гэтай справе вельмі патрэбная як для БАЗА, гэтак і для Рэдакцыйнае Калегіі газэты «Беларус».
Асабліва несамавітая прапанова старшыні Галоўнай Управы БАЗА др. Р. Гарошкі, каб на другі дзень Сустрэчы прадыскутаваць справу далейшай маёй працы як Рэдактара «Беларуса». Таму хачу прыпомніць, што на XII Кангрэсе БАЗА 28 траўня 1967 г. у Нью-Брансўіку быў велізарнаю бальшынёю галасоў прыняты «Нутраны Рэгулямін Рэдакцыйнай Калегіі газэты «Беларус», які ў пытаньнях газэты й да сяньня зьяўляецца законам і для БАЗА, і для Рэдакцыйнай Калегіі газэты «Беларус». Паводле гэтага рэгуляміну, газэта «Беларус» зьяўляецца аўтаномнаю адзінкаю ў сыстэме БАЗА й падпарадкаваная беспасярэдне Кангрэсу БАЗА, які вызначае (выбірае) ейнага галоўнага рэдактара й старшыню Рэдакцыйнае Калегіі ў ваднэй асобе і ўсіх іншых сяброў Рэдакцыйнае Калегіі.
З глыбокаю пашанаю др. Станіслаў Станкевіч .
У выніку ў др. Р. Гарошкі ня толькі не атрымалася зьмяніць кірунак газэты, падмяць яе пад сябе, але й захаваць пасаду старшыні БАЗА. Ён сышоў, саступіўшы месца А. Шукелойцю, ды абмежаваў сваю дзейнасьць царквою сьв. Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне, дзе й заснаваў уласнае выданьне — «The Byelorussian Times. Дзьвюхмоўны беларускі часапіс у ЗША», першы нумар якога выйшаў у кастрычніку 1975 г. Газэта выдавалася спачатку толькі квартальна, потым зусім нерэгулярна й нарэшце спыніла існаваньне ў лістападзе 1987 г.68, пакінуўшы па сабе, падобна канадыйскаму выданьню С. Хмары «Беларускі Голас», малапрыемны прысмак у грамадзтве. VI
«Беларус» разгортваў сваю дзейнасьць надалей:
Справаздача Рэдакцыйнае Калегіі «Беларус» за час ад 1 чэрвеня 1967 г. да 30 траўня 1969 г.
На працягу двух мінулых год Рэдакцыйная Калегія «Беларус» працавала паводля Рэгуляміну, прынятага на XII Кангрэсе БАЗА. Згодна з гэтым Рэгулямінам, Рэдакцыйная Калегія зьяўляецца аўтаномнай адзінкай у сыстэме БАЗА, падпарадкаванай беспасярэдне Кангрэсу БАЗА, а з Галоўнай Управай БАЗА мае адно арганізацыйную лучнасьць. На моцы гэтага ўсякія рэдакцыйныя пытаньні газэты разьвязваліся адно тымі, што для газэты сыстэматычна працуюць — Рэдакцыйнай Калегіяй, якая дзякуючы гэтаму мела магчымасьць больш спраўнае й мэтазгоднае дзейнасьці. Вылучнае падпарадкаваньне фінансаў газэты Рэдакцыйнай Калегіі і ейная адказнасьць за іх далі Рэдакцыйнай Калегіі больш пасьпяхова арганізаваць здабываньне ад грамадзтва грошай на газэту. Вынік быў той, што за два мінулыя гады не было выпадку, каб, аплаціўшы дадзены бягучы нумар газэты, у касе Рэдакцыі не заставалася грошай што найменш на два наступныя нумары газэты.
Асабліва здаровай зьявай сталася тое, што Рэдакцыйная Калегія была ня толькі кіраўнічым, але й працоўным органам газэты. Сярод ейных сяброў не было літаральна нікога, хто не выконваў бы нейкай сыстэматычнай рэдактарскай, пісарскай, арганізацыйнай або тэхнічнай функцыі. Гэты прынцып выдатна падняў маральную й грамадзкую атмасфэру ў дзейнасьці Рэдакцыйнай Калегіі.
На ХІІ Кангрэсе БАЗА быў выбраны наступны склад Калегіі: старшыня і ён жа галоўны рэдактар — др. Станіслаў Станкевіч, сябры Калегіі — Пётра Манькоўскі, Барыс Данілюк, Антон Шукелойць, др. Уладзімер Бакуновіч, Васіль Стома й мгр. Васіль Пляскач. У склад Калегіі ўваходзіў Уладзімер Курыла аўтаматычна ў моц свайго становішча старшыні Галоўнай Управы БАЗА. На першым сваім паседжаньні 25 чэрвеня 1967 г. Рэдакцыйная Калегія папоўніла свой склад шляхам кааптацыі наступных сяброў: Міхась Тулейка, Пранціш Бартуль, Аляксандар Міцкевіч, Мікалай Абрамчык, а пасьля пераезду доктара Ўл. Бакуновіча ў Дэтройт на ягонае месца быў даакаптаваны Васіль Русак, а ад Кліўлэнду — Уладзімер Дунец.
За справаздаўчы пэрыяд Калегія мела 10 паседжаньняў, у тым ліку адно пашыранае 1 верасьня ў Дэтройце ў часе 8-е Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі.
Уважаю сваім абавязкам на гэтым месцы выказаць шчырую падзяку ўсім чыста сябрам Рэдакцыйнае Калегіі за іхную безынтарасоўную дзейнасьць і шчырую руплівасьць дзеля разьвіцьця газэты, а аднаму ейнаму сябру — Аляксандру Міцкевічу, што ўзваліў быў на сябе ўзаўпраўды вялікую ношу, будучы скарбнікам газэты, займаючыся рассыланьнем груповых экзэмпляраў, дзякую асабліва.
За справаздачны пэрыяд выйшла 24 нумары газэты, два зь іх за ліпень—жнівень 1967 і 1968 гг. як падвойныя па 8 бачынаў, ды чатыры зь іх адзіночныя нумары былі павялічаныя да 8 бачынаў кажны. Ад нумару за ліпень—жнівень 1967 г. падвойныя й некаторыя павялічаныя нумары былі скарыстаныя пад адмысловыя літаратурныя дадаткі «Далягляды», якіх было ўжо чатыры і ў якіх зьмяшчаліся выбраныя творы найвыдатнейшых маладых паэтаў і пісьменьнікаў БССР.
Пасьля таго, калі спыніла свой выхад «Бацькаўшчына», нашая газэта пачала практычна поўнасьцяй абслугоўваць ня толькі Беларусаў ЗША й Канады, але таксама й беларускія асяродкі ў іншых частках Вольнага Сьвету, галоўна ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі. У сувязі з гэтым на пашыраным паседжаньні Рэдакцыйнай Калегіі ў Дэтройце 1 верасьня 1968 г. было пастаноўлена заміж дагэтуляшняга падзагалоўку «Газэта Беларусаў Паўночнай Амэрыкі» ў далейшым даваць падзагаловак «Газэта Беларусаў у Вольным Сьвеце». Гэта дало тую практычную карысьць, што нашыя арганізацыі ў Ангельшчыне і Аўстраліі, уважаючы «Беларус» за свой орган, пачалі больш спрычыняц ца да павелічэньня выдавецкага фонду газэты.
На згаданым пашыраным паседжаньні Рэдакцыйнай Калегіі ў Дэтройце быў пададзены і адобраны праект, каб з пачаткам 1969 г. выдаваць «Беларуса» на 4-х бачынах, але два разы на месяц. Пасьля гэтага быў апрацаваны й праект бюджэту збольшанага выдаваньня газэты, які, заміж $ 5 440 у год пры выдаваньні раз на месяц на 6-х бачынах мусіў бы выносіць $ 7 200 на год. Ужо вялася перапіска зь іншымі нашымі асяродкамі ў справе збольшаньня імі дапамогі ў выпадку рэалізацыі гэтага праекту. Былі паважныя дадзеныя дзеля таго, што праект быў бы зрэалізаваны. Але ў лістападзе 1968 г. Галоўная Ўправа Згуртаваньня Беларусаў Канады й Рэдакцыйная Калегія «Вестак з Канады» пастанавілі ад пачатку 1969 г. адмовіцца ад сувыданьня «Беларуса» й спыніць месячную яму даплату ў суме 100 даляраў, якія яны давалі сыстэматычна ад 1963 г. У сувязі з гэтым ужо не магло быць навет і мовы пра часьцейшае выдаваньне «Беларуса», прынамся ў бліжэйшым часе.
Супрацоўнікі-аўтары «Беларуса» дзеляцца на дзьве групы: 1. Аўтары творчых газэтных артыкулаў. 2. Аўтары справазда чаў і хранікарскіх зацемак. У складзе самой Рэдакцыйнай Калегіі да першае групы належалі: др. Ст. Станкевіч, Б. Данілюк69 , П. Манькоўскі, а вонках Калегіі наступныя асобы: др. Янка Запруднік, Юрка Віцьбіч, др. Вінцук Жук-Грышкевіч, др. Раіса Жук-Грышкевіч, Кастусь Акула, др. Вітаўт Тумаш, Міхась Міцкевіч, др. Янка Станкевіч, Зінаіда Станкевіч, Вацлаў Пануцэвіч, др.Вітаўт Рамук, др. Вітаўт Кіпель. Усім ім на гэтым месцы шчыра дзякую за супрацоўніцтва, а Янку Запрудніку, які й колькасна, і якасна даваў для газэты найбольш, дзякую асабліва. Гэткім парадкам, газэта «Беларус» патрапіла згуртаваць вакол сябе бадай што ўсе нашыя журналістычныя сілы.
Да другой групы аўтараў-супрацоўнікаў або карэспандэн таў належалі: Міхась Тулейка, Уладзімер Дунец, Юрка Станкевіч, Сяргей Карніловіч, Янка Чарнэцкі, Юзя Найдзюк, інж.Янка Бруцкі, Васіль Русак, Васіль Стома, др. Віктар Васілеўскі, др. Уладзімер Бакуновіч, Валя Пашкевіч, Васіль Пляскач, Янка Калбаса, Мікола Нікан, Марыян Каранеўскі, др. Язэп Малецкі, Уладзімер Шыманец ды іншыя. Усім ім на гэтым месцы шчыра дзякую. Дзякую таксама ўсім нашым кальпартэрам у розных беларускіх асяродках, безь якіх нашая газэта не магла б патрапіць да сваіх чытачоў. Спасярод іх асаблівая належыцца падзяка за вельмі стараннае выконваньне ўзятых на сябе абавязкаў Андрэю Стрэчаню, Міколу Жызьнеўскаму, інж. Янку Бруцкаму, Янку Азарку, Швэду й Браніславу Даніловічу, Міколу Прускаму, Янку Калбасу, а. Янку Абабурку, Аляксандру Лашуку, Уладзімеру Шыманцу, Аляксандру Маляўку, Мікалаю Нікану, Марыяну Каранеўскаму, а асабліва Антону Маркевічу, які пасьля адмовы ЗБК ад ранейшага супрацоўніцтва з намі ахвотна пераняў на сябе кальпартаваньне газэты на ўсю Канаду. Дзякую таксама Міхасю Міцкевічу й Валянтыну Міцкевічу за іхную выдатную дапамогу пры высыланьні пачкаў з газэтаю.
У мэтах лучнасьці Рэдакцыі з нашымі асяродкамі ў ЗША, а таксама ў мэтах папулярызацыі газэты й прыдбаньня матэрыяльнае дапамогі мною як старшынём Рэдакцыйнае Калегіі былі зробленыя наступныя падарожжы й публічныя выступленьні: у лістападзе 1967 г. у Кліўлэнд, Чыкага й Нью-Брансўік ды выступленьне ў Нью-Ёрку, дзе, апрача зарганізаваных гутарак у справе газэты, былі прачытаныя мною даклады на 85-я ўгодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У лютым сёлета я зрабіў гэткія ж выезды ў Кліўлэнд, Чыкага й Нью-Брансўік, дзе, апрача нарадаў у справе газэты, я прачытаў даклады з нагоды 50-х угодкаў абвешчаньня БССР. Апрача таго, будучы праездам у Чыкага й Кліўлэндзе ў пачатку траўня сёлета, я выкарыстаў гэтую нагоду дзеля шырэйшых гутарак у справе газэты.
Як ведама, «Беларус» выдаецца вылучна за грошы, прыдбаныя з нармальнае падпіскі, большых і меншых ахвяраў грамадзтва й датацыяў нашых арганізацыяў. Няма проста тэхнічнае змогі, каб усім нашым ахвярадаўцам падзякаваць тут асабіста, а затым усім ім агульны шчыры дзякуй. Аднак усё ж нельга не назваць пары чалавек, якія ўвесь час асабліва выдатна памагаюць газэце большымі сумамі. Гэта наш паважаны доктар Уладзімер Набагез і сужэнства Ванда й Міхась Махначы ў Чыкага. Вялікі, вялікі ім дзякуй! (…)
Роля «Беларуса», сёньня адзінай нашай газэты ў Вольным Сьвеце, і ў нашым нутраным жыцьці, і ў нашай рэпрэзэнтацыі навонкі, і ў змаганьні з бальшавізмам гэткая вялікая, што мусім натужыць усе сілы, каб ня толькі ўтрымаць яе, але й каб яшчэ пашырыць і павялічыць 70.
Адзіная — у вызначэньні Станіслава Станкевіча — газэта, зразумела, не магла адпавядаць уяўленьню кожнага падпісчыка, якою мае быць эміграцыйная газэта, а гэта адразу ж адбівалася на фінансах: «Апошні нумар «Беларуса» даволі анэмічны. Трэба высьцерагацца далейшай «анэміі». Асабліва слабы Ваш артыкул перадавы «У падарунку на юбілей — русіфікацыя» 71. Далей, замнога месца займае «крык» аб успамаганьні на газэту. Выглядае, быццам нас ніхто не падтрымлівае. Бальшавікі ўвесь час думаюць, што Амэрыка нас успамагае, а тут мізэрны крык пад адрысам эмігрантаў-беларусаў. Вы як палітык павінны быць асьцярожны, каб не даваць ворагам (бальшавікам) аргуманту супраць нашых нацыянальных інтарэсаў. Трэба знайсьці новыя спосабы, каб узьдзейнічаць на суродзічаў без даваньня аргумантаў бальшавікам» 72.
Ці быў вось такі ліст зь Лёндану:
Нельга ад англійскіх беларусаў, якія падтрымоўваюць газэту, вымагаць больш, як гэта ёсьць магчымым ад 35—40 асоб, разумеючых патрэбу нацыянальнае прэсы на эміграцыі. Таму варта часьцей упамінацца ў газэце аб патрэбе дапамогі грамадзянства на прэсу, бо шматлікія ўважаюць па старой звычцы за часоў розных акупацый нашага народу праз чужынцаў, што прэса павінна быць дармовая, бо так часамі робіць акупант для затуманьваньня беларусаў. Як часта здараецца, што прэсу абануюць людзі малапісьменныя, але сьведамыя патрэбы яе падтрыманьня, а тымчасам розныя «старшыні» арганізацыяў не абануюць прэсы, хоць маюць «унівэрсытэцкую» асьвету, маюць дыплёмы «дактаратаў», чым публічна выказваюцца. Рэшта беларусаў — гэта «астроўшчыкі», якія не жадаюць мець «крывіцкай» прэсы: лепш прап'юць грошы, але на газэту не дадуць. Тымчасам у ЗША прабывае некалькі тысяч беларусаў, якія маюць шмат лепшыя ўмовы для заработкаў, як нашыя людзі ў Англіі, аб чым Вам могуць выясьніць прыбыўшыя із Англіі ў ЗША суродзічы. Ад адзінай грамадзкай арганізацыі — г. зн. ЗБВБ73 — нельга штосьці спадзявацца на падтрымку газэты, бо мае свае выдаткі, як выдаваньне часапісу ў ангельскай мове, рамонты дамоў, бо старыя былі купленыя, да таго змушаныя купіць лепшы дом у Брадфордзе, паколькі быўшы дом падлягае разбурэньню з увагі на перабудову гораду.
Пры тым ёсьць дамаганьні, каб у газэце былі парушаныя праблемы нашых суадносін да суседніх народаў, асабліва ў адносінах да палякаў, якія надалей прэтэндуюць да «крэсаў всходніх», паклікаючыся на Рыскі трактат. Трэба даць ім выясьненьні, якую моц мае гэты трактат. Ня лепш прадстаўляец ца справа ізь літвінамі, латышамі, а ня лепш із украінцамі 74.
Паказальны ў гэтым пляне артыкул Раісы Жук-Грышкевіч, які адлюстроўвае ня толькі характар спрэчак вакол зьместу «Беларуса», але ў пэўнай ступені акрэсьлівае эміграцыйную ідэалёгію прэсы й літаратуры:
Бываючы на розных сходах і сходках, слухаючы прыватных размоваў і рэплік, чалавек ня можа не разважаць, якой павінна быць нашая газэта, што ў ёй мусіць быць, чаго ня можа быць, на што ў ёй ёсьць, а на што няма месца. Якой яна павінна быць, каб магчы выконваць сваё заданьне — служыць вызвольнай беларускай справе.
Вызвольны рух — гэта змаганьне. Газэта ёсьць яго аружжам. Такую ж ролю адыгрывае й мастацкая літаратура, калі яна служыць гэтай жа ідэі. Газэта-прэса змагаецца з ворагам не зялезам i агнём, а словамі і ідэямі, не фізычна, а маральна. Каб быць добрым аружжам, прэса мусіць быць:
1) Узгадаваўчай — узмацняць нашую маральную сілу, узмацняць нашую сілу адпору, аб якой гаварыў галоўны дакладчык на 8-й Сустрэчы БПА, супраць напіраючай сілы ворага.
2) Яна мусіць вырабляць добрую апінію аб нас у чужых і ворагаў. Прымусіць іншых «у пашане мець сябе» (нас).
3) Яна мусіць дакумэнтаваць высілкі, намаганьні, дасягненьні й няўдачы нашага пакаленьня, каб гэтым тварыць ступеньку, па якой нашчадкі змогуць падымацца да дасягненьня мэтаў цэлых пакаленьняў.
4) Яна мусіць, безумоўна, падаваць праўдзівыя, як мага аб'екыўныя, факты і інфармацыі. (…)
Некаторыя гавораць, што ў газэце зашмат літаратуры і аб літаратуры. Адныя хацелі б чытаць аб вайсковасьці, другія — аб тэхніцы, трэція — аб нечым вясёлым і сьмешным. З голасам чытача-спажыўца лічыцца трэба. Толькі, калі ласка, да мастацкай літаратуры — з пашанай! Што варты народ безь літаратуры?! Суседзі пазнаюць і расцэньваюць нас паводле нашае літаратуры. Адраджэньне нашага народу адбывалася поруч і дзякуючы адраджэньню нашай літаратуры. Літаратура корміць і гадуе народ. І «пакуль паэты будуць пець, ня быць краіне безыменнай, зямлі бацькоў не анямець». Дык зусім слушна «Беларус» прысьвячае належнае месца роднай літаратуры. (…)
Іншыя гавораць: мяне найбольш цікавяць весткі, што дзеецца ў розных беларускіх асяродках. Гэта, бадай, усіх нас цікавіць. А калі так, дык варта зьвярнуць увагу, як іх падаваць, каб яны былі найболей карыснымі. (…) Чытала ў газэце, што Яго Эксцэленцыя Біскуп Чэслаў Сіповіч наведаў Аўстралію. Былі прыняцьці… цікава, што гаварыў Яго Эксцэленцыя, што гаварылі людзі? Яны так далёка ад нас, чым яны там цяпер жывуць? Даведалася, што ў лёнданскім беларускім музэі перахоўваецца грудка беларускай зямлі й што гэтая вестка выклікала авацыі ў прысутных. Гэта ўжо шмат гаворыць 75.
Насамрэч у газэце прысутнічала нямала літаратурнага матэрыялу, але ён адыгрываў найперш прапагандысцка-выхаваў чаю ролю, незалежна ад таго, быў ён прысьвечаны гісторыі літаратуры ці сучаснаму літпрацэсу. Аб гэтым гавораць самі назовы артыкулаў С. Станкевіча: «У вабароне свабоды творчасьці» 76, «Упраганьне пісьменьнікаў на службу паліцыі» 77, «Васіль Быкаў ізноў пад абстрэлам» 78, «Заміж паэты — загаварыў робат»79, «Зьдзек зь беларускіх пісьменьнікаў» 80, «Наступ супраць літаратуры» 81, «Не рэгабілітацыі, а асуджэньні» 82, «Ні ўгодкаў Купалы, ні сьвята паэзіі»83 ды іншыя.
Асноўны масіў з ідэалягічных , палітычных тэкстаў быў характэрны для любога нацыянальнага выданьня: пытаньні нацыянальнай сьведамасьці, патрэба трыманьня сваіх каранёў, былы веліч гісторыі, змаганьне з акупантамі й выкрываньне бальшавіцкай палітыкі насьвятліліся ў самых розных жанрах, ад праграмных рэдакцыйных артыкулаў да мэмуараў, эсэ ці гістарычных партрэтаў або такіх адмысловых, як «Амэрыка й беларусы. Думкі па часе»84 і «Шляхі разьняволеньня» 85 П. Манькоўскага.
Верагодна, найбольшая колькасьць артыкулаў была прысьвечаная пытаньням мовы: захаваньне ейнай чысьціні ва ўмовах эміграцыі ды гаротны стан і русіфікацыя ў БССР86.
Што адрозьнівала артыкулы ці прамовы (пазьней выдрукаваныя ў газэце) галоўнага рэдактара, дык гэта панарамнае бачаньне і ўменьне вылучыць асноўныя моманты, бачыць нацыянальны працэс у ягоным разьвіцьці.
Доктар Станіслаў Станкевіч даў глыбокае палітычнае асэнсаваньне нашае нацыянальнае дзейнасьці на эміграцыі. На ягоную думку, існуюць чатыры галоўныя фактары або сілы, што рухаюць усю нашую нацыянальную дзейнасьць у Вольным Сьвеце наперад. Першым гэткім фактарам, — казаў ён, — нашыя агульнаграмадзкія арганізацыі, гэткія, як Беларуска-Амэ рыканскае Задзіночаньне й Згуртаваньне Беларусаў Канады, што сяньня сьвяткуюць свой 25-гадовы юбілей, як Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі, што ўжо адзначыла й свой 30-гадовы юбілей, як Згуртаваньне Беларусаў у штаце Іліной, як Беларускі Хаўрус у Францыі, Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі (Аўстралія), Беларускае Задзіночаньне ў Новай Паўдзённай Валіі (Аўстралія) ды Арганізацыя Беларуска-Амэры канскай Моладзі, што ў наступным годзе адзначыць і свой 25-гадовы юбілей. У той час, калі шмат якія адмысловыя арганізацыі зусім памерлі або існуюць адно на паперы, агульнаграма дзкія нашыя арганізацыі выказваюць усьцяж сваю жывучасьць і пэрспэктыўнасьць.
Наступным важным фактарам — царква. Прамоўца асьветчыў, што хоць ён належыць да веравызнаньня рыма-каталіцка га, што ў беларускім народзе ў мяншыні, але перакананы, што адным з найвялікшых, калі не найвялікшым наагул дасягнень нем на эміграцыі было аднаўленьне Беларускай Аўтакефаль най Праваслаўнай Царквы і ейная далейшая разбудова.
Трэцім асабліва важным фактарам — роднае друкаванае слова й перш-наперш пэрыядычны друк. Прамоўца пералічыў галоўныя беларускія пэрыядычныя выданьні на чужыне, падчыркнуўшы вялікае значэньне маладзёжнага часапісу «Беларуская Моладзь», а пра газэту «Беларус» сказаў літаральна: «Я сабе не магу ўявіць, наколькі мы былі б у нашай нацыянальнай дзейнасьці бяднейшымі, калі б не было «Беларуса» або калі б ён быў ня гэткім, якім ён ёсьць сяньня і якім быць павінен».
І наапошку фактар чацьвёрты, безь якога ня можа функцыянаваць ніводзін з фактараў папярэдніх, гэта — ахвярнасьць. Ахвярнасьць і працай, матэрыяльна бескарысьлівай і самаадданай, і ахвярнасьць грашыма87 .
Калі з палітыкаю газэты ў справах, датычных Беларусі, усё было зразумела (нацыянальная, незалежніцкая, дзяржаўніцкая), дык пытаньне палітыкі дыяспары навонкі, ейны ўдзел у амэрыканскім жыцьці заслугоўвае больш пільнай увагі і асэнсавань ня. Здаецца, ніколі ніводная беларуская арганізацыя ці пэрыядычнае выданьне на выгнаньні не прымалі афіцыйных пастановаў адносна ўдзелу ў амэрыканскай унутранай палітыцы. Выява прыхільнасьці да тае ці іншае палітычнае плыні — рэспубліканцаў або дэмакратаў — адбывалася ў пэўнай ступені стыхійна, калі арганізацыю ўзначальваў беларус з пэўнай пазыцыяй. Адчувала падобныя зьмены й газэта «Беларус». Прыкладам, за рэдактарам Міхасём Міцкевічам яна была «дэмакратычнаю». Рэдактары Янка Запруднік і Зора Кіпель імкнуліся захоўваць парытэт. Стась Станкевіч і Вітаўт Кіпель рэдагавалі газэту з пазыцыяў рэспубліканцаў 88.
Як пачыналіся дачыненьні газэты з Рэспубліканскаю партыяй, распавядаў С. Станкевіч у лісьце да Р. Жук-Грышкевіч ад 4 лістапада 1969 г.
Вельмі паважаная й дарагая спадарыня!
Некалькі словаў пра маю паездку ў Вашынгтон. Гэта была скліканая Галоўнай Кватэраю Рэспубліканскае Партыі першая канфэрэнцыя нацыянальных рэспубліканскіх лідэраў. Усіх запрошаных удзельнікаў было каля 80 чалавек, якія рэпрэзэнта валі аж 29 нацыянальных групаў. Ад Беларусаў паводля прынцыпу «на бязрыб'е й рак рыба» за такога «лідэра» вызнаны амэрыканскімі й партыйнымі ўрадавымі коламі я («ня ўмею ні пісаць, ні чытаць, а на караля выбіраюць»). Аказваецца, канфэрэнцыя гэтая адбылася, як кажацца ў дыпляматычнай мове, «на найвышэйшым узроўні». У чацьвер 30 кастрычніка рана нас завезьлі ў Белы Дом, напаілі прэзыдэнцкай кавай, і там нас прыняў Прэзыдэнт Ніксан ды Віцэ-Прэзыдэнт Агню, сказаўшы да нас прыязную й вымоўную з палітычнага гледзішча прамову. Тады кажны з нас асабіста, і я, бедны, у тым ліку, былі па чарзе прадстаўленыя Прэзыдэнту й Віцэ-Прэзыдэнту, якія трэсьлі нам рукі й казалі па некалькі цёплых словаў, а мы адказвалі тым самым. Гэтага ж дня па абедзе Цэнтральны Камітэт Рэспубліканскай Партыі наладзіў нам пышны банкет, а ягоны старшыня (а не «сакратар», як у бальшавікоў) Р. Мортан сказаў нам даўжэзную прамову, пасьля чаго ўручыў кожнаму, у тым ліку й мне, беднаму, ганаровую грамату Рэспубліканскай Партыі ў знак прызнаньня й удзячнасьці за супрацоўніцтва. Пазаўтра, у пятніцу, 31 кастрычніка, цэлага першага паўдня былі ў Дзяржаўным Дэпартамэнце (Міністэрстве замежных справаў), дзе з прамовай быў выступіў сам Secretary of State (міністар на людзкай мове) ды адказаў на зададзеныя яму пытаньні ў высокай палітычнай матэрыі. Пасьля гэтага на абед былі мы запрошаныя ў Department of Transportation, дзе Джон Волпі сказаў нам асабліва цёплую прамову й шмат камплімэнтаў. Наапошку адведалі Department of Housing and Urban Development, дзе сакратар гэтага дэпартмэнту, былы губэрнатар штату Мічыган Ромні прымаў нас. Дык, як бачыце, канфэрэнцыя ўзаўпраўды была на найвышэйшым партыйным і дзяржаўным узроўні. Мне асабіста яна дала шмат: удалося навязаць шмат новых кантактаў ды замацаваць старыя, а таксама шмат зрабіць для папулярызацыі нашае справы. Лішні раз пераканаўся, што гэтак лёгка часамі адчыняюцца перада мною дзьверы высокіх установаў і людзей, ня дзякуючы якімсьці маім заслугам, якіх, фактычна, для Рэспубліканскай Партыі няма, а дзякуючы гэтай сьціплай, куртатай і ўсяго адзін раз у месяц выдаванай газэтцы «Беларус». Страціць гэткую газэту будзе абазначаць страціць ня толькі ганараваньне мяне як ейнага рэдактара і як Беларуса, але й страціць шмат што іншае ў розных галінах нашага нацыянальнага жыцьця. Аказваецца, што Амэрыканцы ў сто разоў лепш разумеюць значаньне й дацэньваюць наяўнасьць хоць і нейкай прэсы, чымся бадай што ўсе нашыя89. VII
Грамадзкую газэту не маглі не закрануць праблемы, што грамадзтва хвалявалі ды разьядноўвалі. Тут хочацца зьвярнуць увагу на факт канфэсійнай талеранцыі на старонках «Беларуса», калі, незалежна ад веравызнаньня й паглядаў галоўнага рэдактара, друкаваліся матэрыялы праваслаўнай царквы, каталіцкай, грэка-каталіцкай, зьмяшчалі свае словы пратэстанты, прадстаўнікі іншых цэркваў. Ідэю, якою кіравалася й па-сёньня кіруецца рэдакцыйная калегія газэты, выклаў 15 красавіка 1972г. тагачасны рэдактар «Беларуса» С. Станкевіч у лісьце да ўладыкі Мікалая:
Яго Высокапраасьвяшчэнству Япіскапу БАПЦарквы Ўладыку Мікалаю ў Таронта, Канада.
Высокадастойны Ўладыка.
У гэтым лісьце хацелася б шырэй выясьніць асноўныя прынцыпы, якімі кіруецца газэта «Беларус», а таксама беспасярэд нія прычыны, дзеля якіх ня можа быць надрукаваны ў ёй прысланы нам артыкул Грыбка90 «Ізноў ілжуць». Гэтыя прычыны наступныя.
Першае. Артыкул на вылучна царкоўную тэму, канкрэтна ён палемізуе й зьняпраўджвае яўную хлусьню, зьмешчаную ў царкоўным часапісе а. М. Лапіцкага «Царкоўны Сьветач», а таму найбольш адпаведнае яму месца ў царкоўным часапісе БАПЦ «Голас Царквы». Даволі дзіўна: рэдактар «Голасу Царквы» сп.М. Міцкевіч усьцяж жаліцца, што ня мае даволі матэрыялаў для друкаваньня, а тымчасам матэрыялы, цалкам адпаведныя для «Голасу Царквы», прысылаюцца ў сьвецкую газэту «Беларус». Мы ахвотна друкуем у «Беларусе» матэрыялы, навет і абшырныя, зь бягучага беларускага царкоўнага жыцьця, як, прыкладам, справаздачу з наведваньня Архіяпіскапам Андрэем Ангельшчыны, тады гэткую ж справаздачу з наведваньня Япіскапам Мікалаем Аўстраліі й падобнае. Затое матэрыялы царкоўна-гістарычныя, дагматычнага характару, асабліва ж палемічнага характару, якім ёсьць артыкул Грыбка «Ізноў ілжуць», для «Беларуса», як органа сьвецкага, зусім не падыходзяць. Не апошняе важнасьці й чыста практычныя меркаваньні: у «Беларусе» заўсёды вельмі цесна з друкаванаю плошчаю, каб зьмяшчаць у ім матэрыялы, хоць і важныя ў вагульным сэнсе, але несугучныя профілю нашае газэты, затое ў «Голасе Царквы», профіль якога не супярэчыць артыкулу «Ізноў ілжуць», друкаванай плошчы, як нам ведама, даволі.
Другое. Ад колькіх год газэта «Беларус», ідучы напярэймы грамадзкай апініі, пастанавіла не ўваходзіць у палеміку зь людзьмі й прэсавымі органамі, што сьвядома кіруюцца ілжой, паклёпніцтвам, інсынуацыямі й дэмагогіяй у змаганьні за свае групавыя ды асабістыя, нярэдка інсьпіраваныя яўна варожымі нам сіламі, інтарэсы й мэты. У прынцыпе, мы не адмаўляемся ад аб'ектыўнае палемікі, але зь людзьмі, што, паводля нашага перакананьня, мыляюцца, не разумеюць некаторых справаў або хвальшыва паінфармаваныя, але якім нельга закінуць злой волі й сьведамага намеру шкоджаньня нашай нацыянальнай справе. А таму, што «Царкоўны Сьветач» у сваёй ілжы й паклёпніцтве супраць БАПЦ кіруецца якраз злой воляй і сьведамым шкоджаньнем, ён проста недастойны нашае ўвагі. З гэтае прычыны мы спынілі ўсякую палеміку з хмараўскім «Беларускім Голасам», навет не ўважаем за патрэбнае бараніць саміх сябе перад ягонымі паклёпамі, бо хлусьня хмараўскіх пашквіляў нагэтулькі відавочная, што не дастойная якой-небудзь увагі.
Праўда, той-сёй можа сказаць, што хмараўскай хлусьні, а таксама й падобнай да яе хлусьні а. Лапіцкага ды а. Каўша некаторыя могуць паверыць, калі гэтая хлусьня ня будзе публічна зьняпраўджаная. На нашую думку, разумны й сумленны чалавек гэнай хлусьні не паверыць, а могуць паверыць адно людзі або бязьмежна дурныя й недаразьвітыя, або тыя, што маральна ды ідэйна самі стаяць ані не вышэй за аўтараў гэнае хлусьні. А вучыць дурных або пераўзгадоўваць людзей амаральных — лішняя трата дарагога часу, якога й так не стае для справаў куды важнейшых.
У свой час мы зьмясьцілі ў «Беларусе» колькі палемічных артыкулаў Грыбка супраць а. Лапіцкага, як «Куды вядзеш?», «Данос» і інш. Як пазьней пераканаліся, сярод паважных нашых людзей артыкулы гэныя мелі рэзананс не зусім карысны для нашае газэты.
Тарнаваная газэтай «Беларус» тактыка апраўдала сябе поўнасьцяй. Пра гэта найлепш сьведчыць той факт, што ад часу спыняньня ўсякае палемікі з тымі, якія недастойныя, каб зь імі палемізаваць, хто заміж фактаў і аргумэнтаў сьвядома паслугоўваецца ілжой і правакацыяй, хто пры ўсім гэтым кіруецца злой воляй і жаданьнем шкоджаньня нацыянальнай справе, — павага і аўтарытэт «Беларуса» сярод грамадзтва падняліся вельмі высока. Адпаведна з гэтым павялічылася грашовая дапамога для газэты. А гэта для нас таксама аргумэнт не апошняй вартасьці, бо газэта выдаецца вылучна за грамадзкія ахвяры. У другой палавіне сакавіка сёлета па лініі газэты я наведаў беларускія асяродкі ў Кліўлэндзе, Чыкага й Дэтройце. І ўсюды нашыя прыхільнікі, чытачы і ўспамагальнікі із задавальненьнем апрабавалі цяперашнюю тактыку газэты. Гэтая тактыка заўсёды апрабоўвалася й рэкамэндавалася й на Кангрэсах БАЗА, і на розных грамадзкіх зборках ды нарадах, і ў шматлікіх лістох у рэдакцыю. Гэткая вось грамадзкая рэакцыя і ацэна нашае дзейнасьці ўскладае на нас абавязак цьвёрда трымацца ўзятай апошнімі гадамі газэтай «Беларус» лініі.
Др. Ст. Станкевіч, старшыня рэдакцыйнае калегіі газэты «Беларус» і галоўны рэдактар 91.
«Беларус» больш за якое іншае выданьне, у тым ліку й адмысловыя царкоўныя, насьвятляў на сваіх бачынах рэлігійнае жыцьцё эмігрантаў. Ён быў па-сапраўднаму экумэнічным выданьнем, друкуючы ў сваіх нумарох і велікоднае архіпастырс кае пасланьне мітрапаліта Мікалая, і велікоднае архіпастырс кае пасланьне апостальскага візытатара для беларусаў-каталі коў уладыкі Часлава Сіповіча, зьмяшчаючы інфармацыю пра дзейнасьць як праваслаўных вернікаў, гэтак і эвангелістаў, каталікоў, вуніятаў.
З зразумелых прычынаў, большасьць матэрыялаў — з жыцьця Беларускай Аўтакефальнай Царквы: высьвячэньне новых сьвятароў і адыход старых, заснаваньне новых парафіяў і парафіяльныя сьвяты, збор грошай на цэрквы — спачатку ў ЗША, потым — на Беласточчыне, а пазьней, у перабудовачныя гады,— і ў Беларусі; паведамленьні з Сабораў БАПЦ, артыкулы пра няпростую гісторыю Царквы92.
У дачыненьні да адлюстраваньня штодзённага жыцьця беларускага замежжа на бачынах газэты рэдакцыйную палітыку С. Станкевіча складана назваць пасьлядоўнаю. Вось Кастусь Акула піша яму: «Бачу, ізноў маеце прэтэнзіі, што пішам аб навасельлях ці аб ахвярах на помач некаму. Нам не зразумела, чаму гэта мае абніжаць вартасьць газэты. Маса людзей нашых цікавіцца гэткімі новасьцямі ня менш, чым выстаўкамі аб Скарыну» (9.12.1963)93.
На гэта Станіслаў Станкевіч адказвае ў лісьце да Аляксандра Стагановіча: «Цяпер што да Вашых дакораў пад адрысам «Беларуса», што трэба звузіць у ім усё іншае, а засяродзіцца на асабліва балючых для нас зьявах нацыянальнага генацыду ў БССР. Правільна! Але зразумейце і іншае. Чытачы газэты навет з катэгорыі «беларускіх дзеячаў» і так вечна абураюцца, што «Беларус» зашмат дае ўвагі савецкім пытаньням. Яны аргумэнтуюць, што ім і так добра ведама, што ў БССР кепска, а што канкрэтна кепска, чаму кепска, як гэтаму кепскаму супрацьдзеіць, як супраць яго змагаюцца нашыя патрыёты ў БССР, гэта, маўляў, іх мала цікавіць. Давай ім пабольш і пашырэй хронікі з нашага эміграцыйнага жыцьця. А каб здабыць дадзеныя для гэтай хронікі, дык даводзіцца па колькі разоў і ў кажным паасобным выпадку званіць і ў Чыкага, і ў Кліўлэнд, і ў Канаду, і навет у Нью-Брансўік, каб гэтыя матэрыялы дастаць. У сувязі з усім гэтым, што і мая сытуацыя гэткая, што часамі проста хочацца ўсё кінуць, бо цяжка вытрымаць гэткую абыякавасьць і ляноту людзей, здавалася б, наагул сьвядомых справы і навет ідэйных» 94.
Не адмаўляўся Станкевіч ад сваіх паглядаў часоў рэдагавань ня «Раніцы» й «Бацькаўшчыны», заклікаючы да шырэйшага ўдзелу чытачоў: «Дзеля большага ажыўленьня нашай газэты й больш беспасярэдніх дачыненьняў з чытачамі, рэдакцыя «Беларуса» плянуе завесьці на сваіх балёнах адмысловую сямейную й прыватную хроніку. У ёй зьмяшчаліся б прысланыя ў газэту зацікаўленымі асобамі зацемкі з такіх падзеяў сямейнага, як вясельлі, хрэсьбіны, імяніны і іншыя сямейныя ўрачыстасьці. Далей маглі б быць зацемкі аб такіх выпадках, як сканчэньне сярэдняй, вышэйшай ці спэцыяльнай школы сынам або дачкой у бацькоў. Дасягненьні і ўдачы ў навуковай, артыстычнай, камэрцыйнай або якой-небудзь іншай дзейнасьці маглі б таксама быць добрымі тэмамі такой хронікі» 95.
У выніку побытавасьці захавалася няшмат, але для асобных назіраньняў што да жыцьця дыяспары ўсё ж дастаткова. Гэтак, бібліяграфія артыкулаў у газэтах «Бацькаўшчына» і «Беларус» дазваляе зрабіць выснову, што найбольш папулярным хобі сярод беларусаў была філятэлія — магчыма, не ў апошнюю чаргу дзякуючы сваёй рэпрэзэнтацыйнай ролі96.
Аналізуючы паведамленьні аб імпрэзах (не агульнабела рускіх сьвятах, як, прыкладам, 25 Сакавіка, a лякальных), можна заўважыць, што Нью-Ёрк быў месцам правядзеньня Беларускіх Народных Фэстываляў ды Фэстываляў Славянскае Спадчыны, Саўт-Рывэр — мастацкіх выставаў, Чыкага — калядных фэстываляў i міжнародных выставаў, Сыднэй — купальскіх баляў, Таронта — караванаў, у Атаве ладзілі Дажынкі Мастацтва.
На старонках газэты часьцей за ўсё віншавалі (па зыходзячай) зь вясельлем («Беларускае вясельле», «Гучнае вясельле», «Амэрыканска-беларускае вясельле», «Беларуска-ўкраінскае вясельле», «Беларускі шлюб», «Весела й гучна адгулялі вясельле», «Вітаем маладажонаў», «Вясельле ў беларускай калёніі», «Вясна злучыла шчасьлівыя пары», «Два вясельлі дачок беларускаў», «Маладое пакаленьне», «Наважэнцы», «Вітаем»), срэбраным юбілеем, угодкамі (юбілеем), хрэсьбінамі («Ахрысьцілі новую беларуску»), народзінамі («Павялічылася беларуская сям'я»), залатым юбілеем, навасельлем. Адзінкавыя выпадкі — «Адышоў на пэнсію», «Адправа ў войска».
Сямейная хроніка ў газэце — гэта й сьведчаньне пасьпяховага ўваходу паваеннай эміграцыі і іхных дзяцей у заходняе прафэсійнае й навуковае жыцьцё: «Беларускі лекар-навуковец», «Незвычайная апэрацыя», «Беларус Прэзыдэнтам Мэдычнай Акадэміі» (Барыс Рагуля), «Аляксандар Лазанаў скончыў Лювэнскі ўнівэрсытэт з дыплёмам інжынэра капальняў», «Адзначэньне беларускае дасьледніцы» (Зора Кіпель), «Беларуская навука багацее» (В. Жук-Грышкевіч абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Лірыка Янкі Купалы»), «Спадар Антон Адамовіч абраны правадзейным сябрам Украінскае Вольнае Акадэміі Навукаў», «Др. Аўген Вярбіцкі абраны сябрам Нью-Ёркаўскай Акадэміі Навукаў», «Др. Аўген Вярбіцкі, адзін з аўтарытэтных экспэртаў у галіне мясное прамысловасьці ЗША,— удзельнік 20-га Эўрапейскага Кангрэсу спэцыялістых харчовае прамысловасьці ў Дубліне», «Др. Валянтын Гарошка атрымаў дзьве навуковыя ступені з галіны адвакацкага права», «Др. Янка Запруднік — прафэсар-асыстэнт Кўінзаўскага Каледжу», «Дубяга Сьцяпан — архітэктар», «Даклад інж. Я. Жыткі на канфэрэнцыі Амэрыканскага Хімічнага Таварыства», «Мгр. Васіль Мельяновіч, выкладчык Гэтансўільскага Каледжу, абраны старшынём Усходнеэўрапейскай Акадэмічнай Асацыяцыі Мэрылэнду», «Прафэсійныя дасягненьні доктара Аляксандра Янушкоўскага», Віншаваньне Марыі Паўліны Сурвіллы-Вахман з нагоды абароны дысэртацыі Music and Identity Byelorussians Making Music in North America на ступень магістра Мічыганскага Ўнівэрсытэту», «Карнэля Найдзюк закончыла сярэднюю школу», «Скончыла гай-скул з ганаровым адзначэньнем», «Здабылі вышэйшую асьвету: Жорж (Юрчык) Андрусышын, Вера Запруднік, Алеся Кіпель, Дэлайла Міцкевіч, Андрэй-Антон Рагуля, Натальля Русак, Язэп-Сымон Сажыч»; «Ігар Муха, сын Івана й Клаўдыі Мухаў, скончыў Гарадзкі ўнівэрсытэт у Нью-Ёрку», «Cum laude Princeton» (Алеся Кіпель).
Паказальна, што падобная інфармацыя — пра навуковыя ці прафэсійныя дасягненьні — адсутнічае ў пераважнай большасьці некралёгаў, якія акцэнтуюць ідэалягічныя, нацыяналь ныя аспэкты жыцьцёвага шляху: «заслужаны доўгагадовы грамадзкі дзеяч», «сябра ўправы», «актыўны прыхаджанін», «шчыры й шчодры патрыёт», «браў актыўны ўдзел у беларускім культурным жыцьці», «адышла ў лепшы сьвет яшчэ адная беларуска, якая шкадавала і перажывала за свой пакутны Беларускі Народ», «жыцьцё чалавека вымяраецца працавітасьцю й адданасьцю высакароднай справе», «ведамы сваёй дабрачыннась цю ў грамадзкім, рэлігійным і культурным полі беларускага эміграцыйнага жыцьця». Фактычна, нэкралёгі ня менш за праграмныя газэтныя артыкулы фармавалі ў чытачоў уяўленьне, якім мае быць, як жыць і за што змагацца homo albaruthenicus.
Напачатку кнігі адзначалася роля «Лістоў у рэдакцыю», што друкаваліся і ў «Бацькаўшчыне», і ў «Беларусе». Сёньня той матэрыял ёсьць найкаштоўнейшай крыніцай інфармацыі пра самыя розныя аспэкты жыцьця эміграцыі — жыцьця жывога, са сваймі канфліктамі, супярэчнасьцямі, крыўдамі. Гэтыя лісты— ключы для разуменьня гісторыі дыяспары, вялікай («змагацца за свой край, за супакой, за радасьць» 97) і малой, штодзённай.
Тэматыка лістоў надзвычай разнастайная: эміграцыя беларусаў у Аўстралію 98, пытаньні правапісу 99, беларусы-эмігран ты («пяцідзясятнікі») у Ангельшчыне 100, палітычна-музычны фальклёр савецкай пары101. Зьяўленьне значнай колькасьці лістоў было выклікана станам царкоўных справаў: рэдка — пазытывам, збольшага яны былі прысьвечаныя закалоту 102.
Асабліва пільнай увагі патрабуюць лісты, што «карэктуюць» выдрукаваныя ўспаміны або артыкулы на гістарычныя тэмы. Для прыкладу, у гэтай катэгорыі можна назваць адказ В. Кіпеля І. Касяку, аўтару кнігі «З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу»103 , адмежаваньне В. Тумаша ад публікацыяў І. Касяка104 і кніжкі пра Беларусь, выдадзенай у Нью-Хэйвэне ў 1955 г.105, папраўка Ф. Кушаля да артыкула «Да 36-х Угодкаў Слуцкага паўстаньня» 106, удакладненьне Я. Станкевічам вывадаў у артыкуле Л. Галяка («Беларуская Думка», № 7)107 і папраўка да артыкула-ўспаміну «Рыцар Пагоні» Юльяны Вітан-Дубейкаўскай 108, выпраўленьне М. Швэдзюком памылкі ў артыкуле В. Пануцэвіча «З гісторыі Вышэйшых школаў у Беларусі» 109, камэнтар а. Аляксандра Надсана да «Англійскага дзёньніка» Адама Мальдзіса 110.
Ну, і зразумела, што «Лісты ў рэдакцыю» ёсьць сапраўдным скарбам для дасьледаваньня літаратурнага побыту! Тут і ліст Кастуся Кіслага адносна сфальшаванай публікацыі, падпісанай ягоным прозьвішчам («Барацьба», № 1 (52), 1964)111, і ліст Пётры Сыча супраць лаянкі й грубасьці ў публікацыях Кастуся Акулы112, і адказ Акулы113, і лісты Гіпаліта Паланевіча супраць асабістых выпадаў у друку114 і супраць ужываньня ягонага імя П. Маркоўскім у часапісе «Веча»115, і сьведчаньне В. Тумаша, што апавяданьне «Ў Сьвяты Калядны Вечар» напісаў ён, а не Х. Ільляшэвіч («Беларускае Слова», № 2, 1 студзеня 1949; «Шляхам Жыцьця», № 12, 25 сьнежня 1946)116, і ўдакладненьне А.Каханоўскім псэўданімаў (А. Верасень і В. Верасень) і аўтарства артыкулаў у «Бацькаўшчыне» і пэрыёдыку «Новое Русское Слово»117, і адказ К. Акулы на рэцэнзію С. Станкевіча («Беларус», № 204, красавік 1974) на кнігу «Закрываўленае сонца»118.
Акрамя ўсяго, «Лісты ў рэдакцыю» выразна сьведчаць, што газэты чыталіся, абмяркоўваліся, выклікалі ланцуговую рэакцыю. Як прыклады, дастаткова тут назваць адказ М. Белемуку на ягоныя закіды «Бацькаўшчыне» (№ 26 (561), 2 ліпеня 1961)119, лісты М. Сяднёва і Я. Чарнэцкага ў падтрымку газэты «Бацькаўшчына» 120, водгукі Ю. Арцюха на артыкул С. Станкевіча «На мяжы абодвух гадоў» («Беларус», № 248, сьнежань 1977) пра дасягненьні беларускай эміграцыі 121, С. Полацкага на публікацыю ўспамінаў Я. Кіпеля122, спраставаньне артыкула «Людзі вялікае штодзённае справы» ў юбілейным нумары «Бацькаўш чыны»123 ды іншыя.
Наяўнасьць такой геаграфічна шырокай і актыўнай чытацкай аўдыторыі мела важнае значэньне й для выкананьня задачы газэты, сфармуляванай яшчэ ў першым нумары: «Інфармаваць увесь цывілізаваны сьвет аб падзеях у Беларусі, выясьняючы праўду аб імкненьнях і ідэалах Беларускага Народу ў ягоным змаганьні з акупантам, ды змагацца з усёй той маною, хвальшам і баламуцтвам нашых ворагаў, якія яны сеюць праз сваю прэсу сярод нашых людзей у Амэрыцы». Ня трэба забывацца, што да таго часу, як паваенная хваля эмігрантаў пачала расьсяляцца ў краінах Захаду, сьвет надта мала ведаў пра Беларусь. Цяпер жа, сьведамыя сваёй нацыянальнасьці, адукаваныя ў сваёй гісторыі, валодаючы замежнымі мовамі, беларусы маглі і выпраўляць памылкі ў іншамоўных публікацыях што да сваёй краіны, і самі браць удзел у пашырэньні інфармацыі: спачатку празь пісаньне ў газэты, часапісы, а пазьней — у навуковыя і энцыкляпэдычныя выданьні 124. VIII
Напачатку 1970-х газэту рабіла Рэдакцыйная калегія ў такім складзе: Станіслаў Станкевіч — старшыня калегіі й галоўны рэдактар; Янка Запруднік — заступнік галоўнага рэдактара; Алесь Міцкевіч — скарбнік і групавая рассылка; Мікалай Абрамчык — індывідуальная рассылка; Барыс Данілюк — падрыхтоўка адрасоў; Васіль Русак — хроніка беларускага жыцьця ў Нью-Джэрзі; Вячка Станкевіч — старшыня Галоўнай Управы БАЗА; Франціш Бартуль — прывозка газэты з друкарні. Пётра Манькоўскі ад супрацоўніцтва з газэтаю адмовіўся.
Замест літаратурнага дадатку «Далягляды» зьявіліся рубрыкі «Зь беларускага савецкага друку» й «Што чуваць».
Рэдактарская дзейнасьць патрабавала ад Станіслава Станкевіча актыўнага ўдзелу ў грамадзкім беларускім і амэрыканскім жыцьці, быць сярод людзей, нагадваць пра «Беларуса»: штогадовыя вандроўкі ў Кліўлэнд і Чыкага (ён заўсёды багата вандраваў у рэдакцыйных справах і імкнуўся друкаваць своесаблі выя справаздачы на старонках сваіх газэтаў125 ), наведваньне канфэрэнцыяў Дзярждэпартамэнту ў Вашынгтоне, прэсавых канфэрэнцыяў Габрэйска-Амэрыканскага Камітэту ў справе Сярэдняга Ўсходу, Кангрэсу Кітайскай Культуры, ІІІ Сусьветнага Кангрэсу Славакаў, нарады па падрыхтоўцы сьвяткавань ня 15-х угодкаў Вугорскага Паўстаньня. Станкевіч уваходзіў у склад Камітэту Амэрыканскіх Грамадзянаў.
5 красавіка 1970 г. С. Станкевіч быў узнагароджаны Камітэтам Паняволеных Народаў у Чыкага срэбраным і бронзавым мэдалямі Прэзыдэнта Айзэнгаўэра за дзейнасьць на карысьць вызваленьня Паняволеных Народаў у галіне прэсы. Газэта «Беларус» увайшла ў лік газэтаў, якія стала выпісваў Белы Дом; яго індэксаваў такі салідны каталёг, як Ulrich126.
С. Станкевіч выдатна разумеў, чым была «Бацькаўшчына», чым стаўся «Беларус», і не хаваў таго:
Леташні год поўнасьцяй пацьвердзіў і канчаткова замацаваў ролю газэты «Беларус» як прэсавага органу ня толькі Беларусаў Паўночнае Амэрыкі, але Беларусаў у цэлым Вольным Сьвеце. Калі ў лістападзе 1963 г. газэта «Беларус», пасьля даўжэйшых перапынкаў у ейным выдаваньні, была адноўленая як сыстэматычнае рэгулярнае выданьне, была яна фактычна й фармальна органам Беларусаў Паўночнай Амэрыкі — Задзіноча ных Штатаў і Канады, хоць і старалася абслугоўваць нашых суродзічаў у Эўропе і Аўстраліі. Удзел апошніх у супрацоўніц тве зь «Беларусам» пашырыўся й паглыбіўся асабліва пасьля таго, як у 1964 г. спыніла свой выхад выдаваная ў Мюнхэне газэта «Бацькаўшчына», і «Беларус» застаўся адзінай беларускай нацыянальнай газэтай у Вольным Сьвеце. Каб заманіфэс таваць гэта і афіцыйна, Рэдакцыйная Калегія «Беларуса» на сваім пашыраным паседжаньні 31 жніўня 1968 г. у Дэтройце, у часе 8-е Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, пастанавіла заміж падзагалоўку «Газэта Беларусаў Паўночнае Амэрыкі», ужыванага дагэтуль, ужываць падзагаловак «Газэта Беларусаў у Вольным Сьвеце». (…)
Апрача адлюстроўваньня на сваіх бачынах жыцьця й нацыянальнае дзейнасьці Беларусаў ува ўсіх краінах Вольнага Сьвету, «Беларус» выконвае сяньня ролю сталага нацыянальнага лучніка паміж суродзічамі гэтых краёў. Больш таго! У сувязі з тым, што ў нас пакуль што няма сусьветнае беларускае нацыянальнае арганізацыі, ролю гэтае арганізацыі ў некаторай ступені сяньня выконвае газэта «Беларус». У гэтым асабліва важнае ейнае нацыянальнае значаньне.
На гэтым заданьне нашае газэты не канчаецца. Стаўшыся газэтай Беларусаў у цэлым Вольным Сьвеце, «Беларус» наважана імкнецца й стацца газэтай усіх127 Беларусаў у Вольным Сьвеце, усіх тых, што стаяць на ідэйных пазыцыях Вольнай і Незалежнай Беларусі, вызначаных гістарычным Актам 25 Сакавіка.
«Беларус» стараецца ісьці ў нагу з часам і жыцьцём. Беларускае жыцьцё апошняга часу прадыктавала няўхільную патрэбу шукаць і знаходзіць супольную мову паміж калісьці пасваранымі й падзеленымі Беларусамі. Шчырае жаданьне знайсьці гэтую супольную мову выяўляецца ў роўнай меры па абодвух бакох колішніх барыкадаў ува ўсіх беларускіх асяродках і паасобных людзей у цэлым Вольным Сьвеце. Імкненьне гэтае ўжо нагэтулькі насьпела, што яно становіцца справай арганічнай нашага нацыянальнага працэсу.
Гэта, аднак, не абазначае, што мы павінны імкнуцца да поўнай палітычнай і арганізацыйнай уніфікацыі ўсяго нашага нацыянальнага жыцьця на эміграцыі. Падобная ўніфікацыя была б супярэчнай дэмакратычным прынцыпам. Людзі могуць мець розныя пагляды на палітычныя пытаньні, належаць да розных грамадзкіх арганізацыяў і палітычных кірункаў. Але гэтыя і ім падобныя натуральныя розьніцы не павінны атручваць грамадзкае атмасфэры й выклікаць узаемнага недаверу, сварак і варожасьці ды стаяць на перашкодзе ўзаемнаму супрацоўніцтву для аднае-адзінае найвышэйшае ідэі — Вольнай і Незалежнай Беларусі 128.
Падчас сьвяткаваньня з нагоды выхаду 200-га нумару 2 лютага 1974 г. у Фундацыі імя П. Крэчэўскага прамоўцы адзначалі, што «Беларус» — «гэта перш-наперш ідэйны рупар беларускае дзяржаўніцка- незалежніцкае думкі, бескампрамісны й пасьлядоўны выкрывальнік палітыкі русіфікацыі й каляніяль нага стану на бацькаўшчыне, далей — гэта летапіс грамадзкае, палітычнае й культурнае дзейнасьці беларускае эміграцыі. (…) «Беларус» — гэта люстра ўсяго беларускага жыцьця й выказьнік беларускіх паглядаў на ўсё»129.
Падобныя думкі выказваліся й з нагоды 30-годзьдзя газэты; паведамлялася таксама, што калі ў 1963 г. кошт друку газэты на 6 бачынаў складаў $ 280, сёньня — $ 630 (на 8 бачынаў — $840), дык з 1981 г. кошты будуць павялічвацца 130. Гэта быў нумар за жнівень—верасень 1980 г., а ўжо нумар за лістапад—сьнежань выйшаў з нэкралёгам Стася Станкевіча. Шокавы стан ад нечаканай сьмерці галоўнага рэдактара адлюстроўвала паведамлень не пра паседжаньне рэдакцыйнае калегіі газэты, на якім стаяла адно пытаньне: будучыня газэты «Беларус» пасьля Станкевіча 131.
Рэдактарства пераняў Янка Запруднік. Ён далучыўся да працы ў газэце яшчэ за часам М. Міцкевіча, а ў апошнія гады выконваў абавязкі намесьніка галоўнага рэдактара.
Для газэтаў у ЗША канец 1970-x — пачатак 1980-х быў няпростым часам выпрабаваньняў; у змаганьні з тэлебачаньнем яны прайгравалі. У 1981 г. зачынілася знакамітая Washington Star, годам пазьней — Philadelphia Bulletin. Адначасна дзевяць газэтаў зь дзевяці штатаў злучылі свае ранішнія й вечаровыя выпускі ў адзінае выданьне, згубіўшы на гэтым прынамсі палову як матэрыялу, гэтак і накладу. У 1985 г. газэта St. Louis Globe-Democrat, што выдавалася ад 1854 г., спыніла сваё існаваньне пасьля таго, як новы ўладальнік ня здолеў захаваць яе ад банкруцтва. Напрыканцы «Запруднікавага» дзесяцігодзьдзя (ён узначальваў газэту да канца 1995 г.) спынілі сваё існаваньне знакавыя для амэрыканцаў Los Angeles Herald і Raleigh Times (Паўночная Караліна), зусім не пустыя гукі для амэрыканцаў, а вечаровы Kansas City Star быў паглынуты ранішнім Kansas City Times.
Магчыма, найвялікшыя зьмены ў газэтным бізнэсе адбыліся ў 1982 г., калі Gannet Company заснавала шырака ведамую сёньня USA Today. Гэтая газэта кінула пальчатку тэлебачаньню як галоўнай крыніцы інфармацыі: тытульная старонка газэты ў празрыстых скрынях на кожным рагу вуліцаў выглядала як маленькі тэлевізар. Навіны й рэпартажы былі напісаныя сьціслаю, але жывою моваю, малюнкі — каляровыя і ў значна большай колькасьці, як у іншых газэтах. Крытыкі параўноўвалі газэту з McDonalds — клікалі яе McNews.
Насьледуючы USA Today, і іншыя газэты пачалі друкаваць больш каляровых здымкаў і скарачаць рэпартажы. Mo гэта й дазволіла ім пакінуць сабе месца ў жыцьці дзьвюх трэціх амэрыканцаў, хто яшчэ адшкадоўваў 30 хвілінаў штодзённага жыцьця на чытво газэтаў.
«Беларус» жыў іншымі законамі, але зьмены не маглі не закрануць і яго, асабліва калі галоўным рэдактарам стаўся прафэсійны радыёжурналіст — супрацоўнік «Свабоды». Матэрыялы адразу сталіся карацейшыя, аддавалася перавага інфармацыі, зьменшылася колькасьць «літаратурных» артыкулаў, затое пабольшала матэрыялу на гістарычныя тэмы, часьцей пачаў зьяўляцца жанр гутаркі. Калі ж друкаваліся вялікія матэрыялы, гэта былі пераважна «працы з працягам», як артыкул Антона Адамовіча пра Івана Луцкевіча 132 ці дасьледаваньне пра беларускую мову ў цэрквах Беласточчыны 133. Наагул, заўважны рост артыкулаў, прысьвечаных царкоўным праблемам, асабліва на Беласточчыне.
Янка Запруднік увёў англамоўныя старонкі, на якіх ён сам, ягоная дачка Вера, Зора й Вітаўт Кіпелі ды некаторыя іншыя збольшага рэагавалі на датычныя Беларусі англамоўныя публікацыі 134. Старонкі гэтыя рабіліся з разьлікам на маладога чытача — дзяцей паваеннае хвалі.
Новы рэдактар аднавіў дзейнасьць выдавецтва «Беларуса». Калі за С. Станкевічам быў выдрукаваны фактычна толькі том твораў Максіма Гарэцкага 135, дык пры спрыяньні Я. Запрудніка выйшла паўтузіна публікатак 136.
Пра свае шматгадовыя дачыненьні з «Бацькаўшчынаю» й «Беларусам» згадвае Янка Запруднік.
Роднае слова для эмігранта, асабліва эмігранта палітычна га, патрэбнае як сьвежае паветра. Слова гэтае тым больш важкое й лячэбнае, калі яно зыходзіць з балёнак аўтарытэтнае публікацыі. Праз пасярэдніцтва гэтага слова закінуты ў чужую стыхію выгнанец далучаецца да вялікае грамады раскіданых па сьвеце суродзічаў, знаходзіць сярод іх аднадумцаў, уключаецца ў Змаганьне за волю Бацькаўшчыны. І гэтае далучэньне да паходу на Ворага дае адзінотнаму чалавеку адчуваньне нацыяналь нае паўнавартаснасьці, робіць яго годным сынам ці дачкой паняволенай Радзімы. Газэты «Бацькаўшчына» й «Беларус», якім суджана было стацца найбольш доўгатрывалымі, выконвалі — а «Беларус» далей выконвае — ролю носьбітаў Беларускае нацыянальна-вызвольнае Ідэі.
Выдаваць газэту на грамадзкіх пачатках — справа вельмі нялёгкая, яна вымагае ад выдаўцоў ня толькі палітычнай пісьменнасьці й журналістычнага ўменьня, але й самаахвярнае шэрае працы ды бясконцае цярплівасьці зь людзьмі, ад якіх поўнасьцяй залежыць лёс газэты і зь якімі трэба вельмі ўмела абыходзіцца. Ганарараў жа нікому ня плаціцца, усё базуецца на добрай волі.
Др. Станіслаў Станкевіч быў магутным рухавіком абедзьвюх гэтых газэтаў на працягу больш як трыццаці гадоў. Усе гэтыя гады мне давялося быць ягоным блізкім супрацоўнікам, а пасьля ягонае сьмерці ў 1980 г. — пятнаццаць гадоў працягваць ягоную справу ў ролі рэдактара «Беларуса». Маё знаёмства з др. Станкевічам пачалося ў 1946 г. у гімназіі імя Янкі Купалы ў ДПіўскім лягеры ў Міхэльсдорфе. Я — вучань, ён — настаўнік, выкладчык беларускай літаратуры. Супрацоўніцтва з «Бацькаўшчынай» настала пазьней, недзе на пачатку 1950-х гадоў, калі пасьля двух гадоў працы ў ангельскіх шахтах нам, хлопцам з Дванаццаткі 137, пашэнціла апынуцца ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі. Жыўшы разам у адным доме, студэнты бралі актыўны ўдзел у грамадзка-арганізацыйным жыцьці, у тым ліку ў пашыраньні газэты «Бацькаўшчына» сярод суродзічаў, некалькі соцень якіх тады працавала ў Бэльгіі. Іх мы імкнуліся далучыць да беларускага друкаванага слова. Вельмі актыўна гэтай справай займаліся Вітаўт Кіпель, Міхась Вострыкаў, Зора Савёнак ды іншыя. Зразумела, мы хацелі ня толькі атрымоўваць газэту рэгулярна, але й бачыць яе ў як мага лепшай форме, зь цікавым зьместам. Некаторымі думкамі на гэтую тэму я надумаўся падзяліцца з рэдактарам «Бацькаўшчыны» ў сакавіку 1952 году. Ліст пачынаўся так:
«Дарагі Спадар Станкевіч!
Насьпех стараюся пераказаць Вам колькі думак з прапановай адносна «Бацькаўшчыны». У першую чаргу, Вы не ўяўляеце сабе, як прыемна нам, «правінцыялам», атрымоўваць штотыдня сваю газэту! Тым больш, газэту із здаровым нутром і сьвежымі актуальнымі думкамі. І вось якраз сьведамасьць, што мы, будучыя людзі пяра ці ўжо людзі пяра, вельмі ў малой меры прыкладаемся да супрацоўніцтва з Вамі, пачынае нас мучыць і трывожыць. Трывожыць гэта асабліва тады, калі чалавек прабуе поўнасьцяй здаць сабе справу з тых цяжкасьцяў, у якіх Вам, ледзь не самому, прыходзіцца працаваць».
Я прапанаваў увесьці ў газэце разьдзел, у якім чытачу даваліся б кароткія весткі з гісторыі й эканомікі Беларусі, «для абароны свайго нацыянальнага прэстыжу ў вельмі частых дыскусіях на гэтыя тэмы». Забавязаньняў, праўда, я на сябе ніякіх ня браў з прычыны экзамэнаў, але паабяцаў: «зраблю ўсё магчымае, каб даць што-небудзь у кажны нумар». Гэта было даволі сьмелае абяцаньне для студэнта, які апрача слуханьня курсаў павінен быў яшчэ апанаваць і новую для яго францускую мову. Тым ня менш, заява на супрацоўніцтва была зробленая. Каб не выглядаць галаслоўным, я паслаў у газэту крыху сваіх вершаў і, здаецца, некалькі карэспандэнцыяў.
Цясьнейшае супрацоўніцта настала пару гадоў пазьней, увосень 1954 году. Скончыўшы чатырохгадовы гістарычны факультэт, я перабраўся на працу ў Мюнхэн у радыё «Вызваленьне» (будучая «Свабода»). Наступныя два з палавінаю гады давялося жыць у рэдактара «Бацькаўшчыны» пад рукой. Апрача допісаў у газээту, трэба было займацца й адміністрацыйнымі справамі выдавецтва (фінансы, дачыненьні з друкарняй, часамі вёрстка газэты). Супрацоўнікамі выданьня былі таксама жонка рэдактара Зінаіда Станкевіч, працаўнікі Інстытуту Вывучэньня СССР, нядаўныя лювэнцы Алесь Марговіч і Павал Урбан, а таксама лювэнец Уладзімер Цьвірка ды Пётра Сыч, якія працавалі ў радыё «Вызваленьне».
Літаратуравед Станіслаў Станкевіч спалучаў у сваёй асобе рэдактара й ідэоляга. Прафэсійным журналістам ён ня быў, так як не былі прафэсійнымі журналістамі ягоныя супрацоўнікі, а таксама папярэднікі й наступнікі ў ролі рэдактараў. Газэта для ўсіх іх павінна была быць носьбітам і пашыральнікам беларусаведнай інфармацыі ды адначасна асэнсоўваць ідэалягічна беларускую мінуўшчыну й сучаснасьць. На галоўны орган друку, якім была «Бацькаўшчына», ускладалася роля інфарматара, асьветніка, абаронцы нацыянальных інтарэсаў, вызвольнага рыцара.
Лік супрацоўнікаў газэты ніколі ня быў сталым. Хто надумаўся, той і прысылаў: хроніку, артыкул, ліст у рэдакцыю, сваю згоду або нязгоду з апублікаваным раней матэрыялам. Ніякага рэдакцыйнага памешканьня ў газэты не было. Усё рабілася або на месцы працы ў Інстытуце ці радыё, або ў прыватнай кватэры. І ў нас выклікала аднойчы ўсьмешку просьба аднаго новапрыбылага супрацоўніка радыё «Вызваленьне» памагчы яму «наведаць рэдакцыю «Бацькаўшчыны». Калі яму, некалі наведніку газэтнай рэдакцыі ў Менску, было сказана, што рэдакцыя знаходзіцца на кватэры ў Станкевіча, ён зьдзіўлена разьвёў рукі: «А я думаў, што гэта асобнае памешканьне — пакоі, машыністкі…» Праўда, у «Бацькаўшчыне» працавала машыністка, але ёю была жонка рэдактара — Зінаіда Станкевіч. А найбольшымі машыністкамі былі сам рэдактар ды ягоныя найбліжэйшыя супрацоўнікі, кожны ў сваёй кватэры або, цішком, на месцы працы.
У канцы сакавіка 1957 г. я выехаў зь Мюнхэну ў заакіянскі Нью-Ёрк, але ад «Бацькаўшчыны» далёка не ад'ехаўся. Ужо ў красавіку атрымаў ад напорыстага рэдактара лістоўны напамін: «Чакаем на выконваньне ўзятага на сябе забавязаньня што да «Бацькаўшчыны», да чаго Вы яшчэ не прыступілі». «Прыступаць», аднак, было складана, прыбыўшы на новае месца жыхарства зь цяжарнай жонкай, малым дзіцём і без багажу. Але, безумоўна, забавязваньне было дадзенае, і трэба было яго выконваць. Супрацоўніцтва праз акіян аказалася няпростым. Прабыўшы на новым месцы няпоўныя два месяцы, я жаліўся ў лісьце да рэдактара: «Між іншага, «Бацькаўшчына» ўвесь час дабіваецца ад сваіх дапісчыкаў вестак зь беларускага жыцьця. За час, калі я прыехаў сюды, я выслаў гэткіх зацемак некалькі: пра месячную зборку па лініі культурнага рэфэрату БАЗА, пра даклад др. Орсы ў БСТА (Беларускім Студэнцкім Таварыстве Амэрыкі), пра агульны сход сяброў акругі БАЗА, пра падзеі ў Кліўлэндзе, пра першую беларускую імшу а. Чарняўскага ў Нью-Ёрку, пра водгук на «Вядомосьці Цодзеннэ» аб 25 Сакавіка. Ніводная зь іх не была зьмешчаная. (…) Для мяне гэта ня справа амбіцыі, а перш за ўсё справа абароны «Бацькаўшчыны» перад цэлым шэрагам дурных закідаў і прэтэнзіяў. Аб усім, што адбываецца тут, мяне просяць пісаць у «Бацькаўшчыну». Калі пасьля пытаюцца, чаму дапіскі ня зьмешчаныя, я ня ведаю, што адказваць. А з гэтым трацяць вартасьць і мае ранейшыя аргумэнты ці апраўданьне розных адміністрацыйных няспраўнась цяў, якія заўсёды ў нас былі».
Ліставаньне са Станкевічам, даволі інтэнсіўнае наступнымі трыма гадамі, датычыла галоўна далейшага супрацоўніцтва з газэтай і зь «Беларускім Зборнікам» Інстытуту Вывучэньня ССР, у якім рэдактар «Бацькаўшчыны» быў адным зь вядучых дзеячаў. Я ўзяўся даваць у «Беларускі Зборнік» агляды часапіса «Камуніст Беларусі», а затым — пісаць артыкул «Да 40-годзьдзя Кампартыі Беларусі».
На восень 1957 г. прыпадалі 10-я ўгодкі «Бацькаўшчыны». Напярэдадні юбілею (20.09.57) Ст. Станкевіч пісаў мне ў Нью-Ёрк: «Мы плянуем выпусьціць чыслом 31 кастрычніка сёлета павялічаны нумар. Гэтую дату хацелася б, для агульнае карысьці й прапаганды навонкі, належна адзначыць. Згрубшага плян гэтага нумару мы ўжо апрацавалі, і ў сувязі з гэтым на Вашую долю выпаў праграмны ідэалягічны артыкул, які б пайшоў на першую бачыну. У гэтым артыкуле, паводля нашых меркаваньняў, мусілі б быць заакцэнтаваныя тры зьвязаныя з сабой праблемы: 1) роля й значэньне беларускага друку ў нашым адраджэньні й нацыянальна-вызвольным змаганьні; 2) роля й значэньне беларускага друку на эміграцыі як для нутранага жыцьця эміграцыі, гэтак і перад Вольным Сьветам; 3) роля, якую згуляла ў гэтым сэнсе «Бацькаўшчына», і якія заданьні мусіць яна перад сабою паставіць на будучыню. Ведаю, што Вы перагружаны працаю, але ад гэтага артыкулу не адмаўляйцеся, бо, апрача Вас, ніхто за яго ўзяцца ня зможа, а ён нагвалт патрэбны. Я асабіста буду заняты радам іншых артыкулаў». Даручэньне я выканаў. Перачытаўшы нядаўна гэты артыкул, я падумаў, што мог бы падпісацца пад ім і цяпер.
На новым месцы жыхарства ў Нью-Ёрку даводзілася быць ня толькі карэспандэнтам «Бацькаўшчыны», але й свайго роду пасярэднікам паміж чытачамі й патэнцыяльнымі супрацоўні камі газэты ды заакіянскай рэдакцыяй. У сваіх частых лістох рэдактар бамбіў напамінамі пра супрацоўніцтва ды наракаў на нястачу матэрыялаў і на абыякавасьць у дачыненьні да газэты некаторых мюнхэнскіх працаўнікоў Беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленьне». Яму хацелася, зразумела, выдаваць тыднёвік пэрыядычна й як мага багацейшы зьместам. І гэта ён лічыў магчымым зрабіць пры тагачаснай наяўнасьці людзей пяра ў Мюнхэне. Там тады налічвалася зь дзясятак асобаў, якія маглі б даваць матэрыял у газэту. На жаль, працавітасьці, як у самога рэдактара, у іх не было. І гэта выклікала ў Станкевіча вострае асуджэньне іх, якое аднойчы знайшло сваё адлюстраваньне ў лісьце-жальбе да Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Рэдактар «Бацькаўшчыны» заклѕкаў яго «навесьці дысцыпліну». Увесну 1958 г. Станкевіч прапанаваў нават перафармаваць рэдкалегію з тым, каб частка яе знаходзілася ў Нью-Ёрку, папоўненая новымі супрацоўнікамі. Мне ён даў даручэньне знайсьці гэткіх. У тым жа годзе ён пачаў рабіць стараньні эміграваць у ЗША. У міжчасе ў яго прыбыло абавязкаў. У ліпені Ст. Станкевіча абралі за старшыню Навуковае Рады Інстытуту Вывучэньня СССР. Але пэрспэктыва заставацца настала ў Нямеччыне яго ня вабіла. У лістападзе 1958 г. ён зь сям'ёй прыехаў у Нью-Ёрк, пакінуў у Нью-Ёрку сям'ю (жонку й дачку), а сам у сьнежні вярнуўся яшчэ ў Мюнхэн. Газэту выдаваць стала яшчэ цяжэй, бо спн. Зінаіда Станкевіч была вялікай падмогай у Мюнхэне сваім тэхнічным і журналістычным удзелам у выхадзе газэты. У часе Станкевічавага побыту ў ЗША абавязкі рэдактара «Бацькаўшчыны» выконваў Алесь Марговіч. Вярнуўшыся ў Мюнхэн, Станкевіч пісаў мне (24.12.58) пра сваю новую ролю ў рэдкалегіі газэты: «я ж толькі звычайны супрацавень». Пры гэтым зазначыў: «Я асабіста чуюся маральна ніякавата. Розныя акалічнасьці цягнуць назад у Амэрыку, а таму думаю на даўжэйшы час зь Мюнхэнам ня зьвязвацца». «Звычайным супрацаўнём» у рэдкалегіі «Бацькаўш чыны» ён пабыў нядоўга. Стаяць збоку было не ў ягонай натуры. Неўзабаве ён пісаў мне: «Ад нумару за 1 лютага (1959 г.) я ўзноў узлажыў на сябе адказнасьць за газэту».
Моцна заняты на становішчы старшыні Навуковае Рады Інстытуту Вывучэньня СССР ды адначасна рэдактара беларускіх выданьняў таго ж інстытуту , ён алярмаваў у ліпені 1959 г., што «газэта пачала ўжо прыкульгіваць, а хутка, магчыма, і добра закульгае. А таму трэба было б, каб нам трохі эфэктыўней памагалі зь Нью-Ёрку, адкуль апошнімі месяцамі, апрача спозьненых хронікарскіх зацемак, бадай нічога не атрымліваем. Падштурхніце там трохі нашых пісакаў, а ў першую чаргу самога сябе».
«Штурханьне», аднак, давалася цяжка, бо на месцы з кожнага боку былі нейкія патрэбы або жаданьні — асабістыя, сямейныя й грамадзкія, у тым ліку праблема з выдаваньнем газэты «Беларус», зь якою адразу ж давялося сутыкнуцца. У сьнежні 1958 г. я пісаў Ст. Станкевічу ў Мюнхэн: «Справа выданьня газэты «Беларус» ставілася на парадак дня на нядаўным кангрэсе БАЗА. (…) Мярляк (старшыня галоўнае ўправы БАЗА) прапанаваў мне ўзяцца за выдаваньне яе, але я адмовіўся. Галоўная цяжкасьць з выданьнем газэты — гэта двойчы матэрыяль ная, пры чым з матэрыяламі ў газэту, бадай, цяжэй, чымся з грашыма». Ратаваць «Беларуса» тады прабаваў сваймі намаганьнямі, у тым ліку й грашовымі ахвяраваньнямі, сп. Міхась Міцкевіч. Ён прыяжджаў да мяне на кватэру па абяцаны матэрыял у газэту і на адыходзе, узяўшыся за клямку дзьвярэй, доўга прастойваў яшчэ, абмяркоўваючы бягучыя балячкі выдаваньня «Беларуса». Я моцна спачуваў яму ў ягонай бядзе й рабіў што было ў маіх сілах, але ж і «Бацькаўшчына» вымагала ўвагі, тым больш, што абяцаў жа супрацоўнічаць, ад'яжджаючы зь Мюнхэну.
Тым часам міжнародная атмасфэра паступова мянялася. Халодная вайна пакрысе «цяплела», набліжалася фаза «мірнага суіснаваньня» паміж Захадам і Ўсходам. Пад канец 1960 г. (18.12) Станіслаў Станкевіч паведамляў у лісьце зь Мюнхэну, які быў цэнтрам ідэалягічнай перастрэлкі з бальшавіцкай Масквой: «У нашым Інстытуце настрой «ліквідацыйны», які не абмінуў і мяне. Пасьля Новага году буду ўжо замаўляць білеты на параплаў у Амэрыку дзесьці на палавіну лета. Іншага, больш прызваітага выхаду ня бачу». Пішучы гэта, Станкевіч думаў, што рабіць з «Бацькаўшчынай»? Далейшы выхад газэты ён зьвязваў са сваёй асобай, бо бачыў з практыкі, што безь яго яна праіснуе нядоўга. У студзені 1962 г., рыхтуючыся да ад'езду ў ЗША, ён пісаў мне пра плян ратаваньня газэты: выдаваць два разы ў месяц, але рэдагаваць, у асноўным, у Амэрыцы.
Ягоны пераезд настала ў Нью-Ёрк адбыўся ў чэрвені 1962 году. Але намер рэдагаваць «Бацькаўшчыну» на новым месцы непрадбачана пакрыжаваўся. Апынуўшыся ў Нью-Ёрку, дынамічны Станіслаў Станкевіч узначаліў неўзабаве галоўную ўправу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, выдаўца кульгавай тады газэты «Беларус». Перамагла ў яго ляяльнасьць да ўзначаленае ім арганізацыі ды ейнага органу друку. «Бацькаўшчына» засталася на адказнасьці мюнхэнцаў, якім хапіла яшчэ на чатыры гады выдавецкага імпэту, што паступова заміраў. Станіслаў Станкевіч з усёй энэргіяй узяўся за выдаваньне «Беларуса». У жніўні 1963 г. галоўная ўправа БАЗА зацьвердзіла склад рэдкалегіі, у якую ўвайшлі В. Тумаш, Н. Арсеньнева, В. Кіпель, Я.Запруднік і А. Шукелойць, ды папрасіла др. Тумаша, тагачаснага рэдактара газэты, «узяць на сябе ініцыятыву склікаць першае паседжаньне калегіі дзеля сплянаваньня ёю працы». Захады скончыліся тым, што рэдактарства «Беларуса» пераняў Станіслаў Станкевіч.
Выдаваць і рэдагаваць газэту яму дапамагаў факт ягонага вольнага супрацоўніцтва зь Беларускай сэкцыяй радыё «Свабода». Я быў тады ўжо ў штаце сэкцыі, а ён працаваў так званымі фрылянсэрам: даваў па два радыёскрыпты ў тыдзень, начытваючы іх сваім голасам, за што яму й плацілася. Кантакт у мяне зь ім быў самы цесны як па лініі радыё, гэтак і па газэтна-выда вецкай справе. Гэта значна дапамагала выхаду «Беларуса». Станкевічавы радыёскрыпты, якія ён пісаў на тэмы беларускай літаратуры й культуры, часта безь вялікіх зьменаў пасылаліся ў тыпаграфію для газэты. Калі ў які-небудзь нумар не ставала матэрыялу, ён званіў мне на працу й прасіў завезьці ў друкарню адпаведную колькасьць радкоў тэксту. Знайсьці такі матэрыял не было вялікай цяжкасьці. Калі рэдактар хварэў — што зь ім здаралася час ад часу — дык пісаў або званіў, даючы даручэньні, падганяючы, каб нумар газэты выйшаў на час. Ягоныя тэлефонныя званкі да мяне на працу заўсёды пачыналіся пытаньнем: «Што чуваць?» Аднойчы я запрапанаваў яму запачаткаваць у газэце разьдзел пад гэткім загалоўкам. Рэдактар згадзіўся. Разьдзел гэты я й папаўняў рознымі кароткімі весткамі.
Працоўная этыка й дысцыпліна ў Станіслава Станкевіча былі глыбака характэрнай рысай ягонага характару. Хвароба ніколі не спрычыняла спазьненьня матэрыялу ці то ў радыёпраграму, ці то ў газэту. Вялікім плюсам у выдавецтве «Беларуса» была Станкевічава гаспадарлівасьць. Ад самага пачатку выхаду газэты пад ягоным рэдактарствам ён намагаўся папаўнаць касу выдавецтва. Не адбывалася ніводнага сакавіковага сьвяткаваньня, каб у часе акадэміі не раскладаліся на сталох канвэрцікі з заклікам скласьці грашовае ахвяраваньне на выданьне «Беларуса». Шмат дапамагалі ў зборы сродкаў таксама руплівыя кальпартэры «Беларуса», сярод якіх на першым месцы заўсёды быў Браніслаў Даніловіч.
Пасьля сьмерці Станіслава Станкевіча ў лістападзе 1980 г. і аж да кастрычніка 1995 г. рэдагаваць газэту давялося мне. Касу выдавецтва нябожчык пакінуў у добрым стане. Банкаўскае конта газэты даглядала ягоная дачка сп-чна Раіса Станкевіч. Карэспандэнцыю з паштовае скрынкі часта прывозіў сп. Антон Шукелойць, блізкі сябра сям'і Станкевічаў.
Рэдагаваньне «Беларуса» ў мяне ішло паралельна з працай у Беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», дзе я прабыў да верасьня 1991 году. Па выхадзе на пэнсію яшчэ трымаў на сабе гэты абавязак да кастрычніка 1995 г.
З матэрыяламі ў газэту вялікіх праблемаў не было. Да верасьня 1991 г. пры патрэбе газэта папаўнялася рыдыёскрып тамі, якія рыхтавалі для беларускай праграмы штатныя працаўнікі, у тым ліку Адам Акуліч (у «Беларусе» — Алесь Васілеўскі), ды вольныя супрацоўнікі др. Вітаўт Кіпель, Аркадзь Рутман і Андрэй Клёнаў. Шмат дапамагаў штатны працаўнік таго ж радыё Антон Адамовіч, рэдактар расейскіх і беларускіх скрыптаў. Актыўна далей супрацоўнічала з газэтай спн. Зінаіда Станкевіч, якая вяла «Жаноцкую старонку». Я пісаў часам непадпісваныя перадавіцы.
У абавязкі рэдактара ўваходзіла: адрэдагаваць і перадрука ваць на машынцы прысланыя допісы, падабраць іншы матэрыял, каб хапіла на нумар, завезьці машынапіс у тыпаграфію (спачатку ўкраінская друкарня на Першай авэню, а пасьля Any Phototype), паехаць туды забраць набор, зрабіць карэкту, змакетаваць нумар, завезьці назад у тыпаграфію ды зрабіць так званую рэвізію набраных старонак. Гэтае апошняе заданьне мы часта выконвалі супольна са сп. Антонам Шукелойцем, або др.Вітаўтам Кіпелем, або ўсе ўтрох. Сп. Шукелойць часта завозіў матэрыял у друкарню, таксама найчасьцей кантактаваў з Раісай Станкевіч, якая брала пошту з паштовай скрынкі і аплачвала належнасьць тыпаграфіі.
Другая палавіна 80-х і першая палавіна 90-х гадоў былі пэрыядам бурлівых падзеяў у Беларусі, парой нацыянальнага ўздыму. Рухнула «турма народаў», адчыніліся межы краіны да кантактаў зь людзьмі на Бацькаўшчыне. Зьявіліся новыя супрацоўнікі газэты, новыя тэмы для абмяркоўваньня, пачалі прыходзіць у рэдакцыю лісты зь Беларусі, допісы. У меру таго, як мяняўся пасьля сьмерці Станіслава Станкевіч міжнародны клімат, мяняўся паступова й характар «Беларуса»: на першае месца выйшлі нацыянальна-палітычныя праблемы (хоць яны ніколі не зыходзілі з балёнак газэты), зьмяніўся з часам фармат і вонкавы выгляд выданьня, стала больш паведамленьняў зь міжнароднага друку пра Беларусь і жыцьцё на Бацькаўшчыне, вырас лік дапішчыкаў, павялічылася колькасьць ілюстрацыяў. З асаблівай увагаю я ставіўся да прысыланых у «Беларус» нэкралёгаў, уважаючы газэту за свайго роду грамадзкае месца ўшанаваньня і ўвекавечаньня памяці суродзічаў — чытачоў, супрацоўнікаў і ахвярадаўцаў «Беларуса», шчырых патрыётаў Бацькаўшчыны 138.
Адметнасьці газэты за час свайго рэдагаваньня Янка Запруднік адзначыў у гутарцы з Л. Пранчаком:
— Цікава, на якія сродкі выдаецца Ваша газэта?
— На гэтае пытаньне «Беларус» адказвае ў кожным сваім нумары. На восьмай старонцы мы друкуем справаздачы «На выдавецкі фонд «Беларуса». Там мы дакумэнтуем кожны цэнт і падаём, хто колькі прыслаў. Сюды ўваходзіць кошт падпіскі і ахвяры. «Беларус» фінансуецца чытачамі, падпісчыкамі, ахвярадаўцамі, прыхільнікамі беларускага слова, беларускай нацыянальнай ідэі.
— Калі параўноўваць «Беларус» сёньняшні зь яго аналягам даперабудовачным, то, на маю думку, ён стаў больш цікавым, а яго пазыцыя больш актыўнай.
— Можна так сказаць. Больш актыўная пазыцыя — гэта функцыя тае пабольшанае свабоды, што зьявілася ў Беларусі, і тлумачыцца тым, што ў апошні час пашырыліся кантакты з Бацькаўшчынай.
— Доктар Запруднік, асноўнае прызначэньне «Беларуса» — пісаць летапіс беларускае эміграцыі.
— Так, ты правільна зазначыў. Але ня толькі. Шмат месца мы адводзім падзеям на Бацькаўшчыне. Напрыклад, друкуем амаль усе матэрыялы БНФ. Год выданьня «Беларуса» — 42-гі. Калі пераглядаеш гадавікі, выдадзеныя за гэты час, то разумееш, што гэта летапіс. Тое, што калісьці было журналістычным матэрыялам, сёньня набывае вартасьць дакумэнтаў. (…)
— Колькі слоў аб тым, як робіцца газэта «Беларус», хто працуе ў рэдакцыі?
— Слова рэдакцыя ў мяне асацыюецца зь нейкім памяшканьнем. У нас яго няма. Рэдакцыя цяпер у мяне на стале. Дапісчыкі ў нас па ўсім сьвеце: і ў Парыжы, і ў Мэльбурне… Адусюль прыходзіць карэспандэнцыя. Усё гэта трэба адрэдагаваць, зрабіць макет, прачытаць карэкту, аддрукаваць. Усю гэтую работу раблю я тым часам. Дапамагаюць мне тым часам Антон Шукелойць, Вітаўт і Зора Кіпелі, Адам Акуліч, які працуе ў Беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Вялікую працу па рассылцы выконваюць Браніслаў Даніловіч і Аляксандар Міцкевіч. Вось так робіцца газэта «Беларус» 139.
У пачатку 1990-х газэта выходзіла накладам 1300 асобнікаў. У лістападзе 1995 г. Янка Запруднік даслаў Антону Шукелойцю, старшыні БАЗА, ліст наступнага зьместу: «Вельмі паважаны сп. Шукелойць, у сувязі з тым, што я мушу сьпешна дапісваць беларускі пераклад свае кнігі пра гісторыю Беларусі для менскага выданьня (мой тэрмін здачы рукапісу мінуў у ліпені сёлета) і такжа сьпешна мушу дапрацоўваць англамоўны «Гістарычны слоўнік Беларусі» (тэрмін здачы машынапісу ўжо раз адкладзены з канца сёлетняга году да ліпеня 1996 г.), я змушаны адмовіцца ад далейшага рэдагаваньня газэты «Беларус», якое я пераняў пятнаццаць гадоў таму пасьля сьмерці сьв. пам. Станіслава Станкевіча. Я раблю цяпер лістападаўскі нумар газэты й зраблю яшчэ свой апошні сьнежаньскі. Прашу назначыць дату пашыранага паседжаньня Галоўнае Ўправы БАЗА, каб супольна з рэдкалегіяй «Беларуса» абмеркаваць справу далейшага рэдагаваньня газэты»140 .
На паседжаньні, якое адбылося ў студзені 1996 г., чародным рэдактарам газэты была абраная Зора Кіпель. На той час яна працавала ў Нью-Ёрскай Публічнай Бібліятэцы кансультантам, апісвала й каталягізавала выключна старадрукі, а таму была троху вальнейшая ў сваім графіку й магла больш увагі аддаваць газэце. Рэдакцыя разьмясьцілася ў друкарні на 22-й вуліцы Вэст, недалёка ад будынку Галоўнага Паштампту. Гаспадары друкарні Any Phototype вельмі прыхільна паставіліся да газэты й рэдакцыйнай калегіі, вылучылі асобны пакойчык са сталом і крэсламі.
Істотных зьменаў газэта ня зьведала — выданьне новаму рэдактару было не чужое (Зора Кіпель выконвала абавязкі рэдактара ў 1992 г., калі Я. Запруднік працаваў над англамоўнаю кнігаю141), — але і яна прыўнесла сваё. Найперш імкнулася прыцягнуць у газэту як мага болей эмігрантаў новага пакаленьня ці стыпэндыя таў (Алеся Сёмуха, Юрка Васілеўскі, Лявон Юрэвіч, Зьміцер Саўка), якія ў сваю чаргу засноўвалі новыя рубрыкі, знаходзілі новыя тэмы ці па-іншаму пісалі на старыя. З. Кіпель часта паўтарала: «Бярыце газэту, пераймайце яе. Некалі мы ўзялі яе ад старэйшых, а цяпер мы старэем, час за вамі»142.
Улетку 1996 г. Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык атрымалі палітычны прытулак, і рэдакцыйны пакой «Беларуса» на працяглы час стаўся іхным штабам (а да выдаткаў газэты дадаліся аплаты за міжнародныя званкі й факсы); выданьне ж займела новых пладавітых аўтараў.
Як рэдактар З. Кіпель аддавала перавагу публікацыям невялікага памеру; выключэньні рабіліся хіба для аглядных артыкулаў, якія яна вельмі любіла, — напрыклад, пра Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі. У сваіх дзёньніках Зора Кіпель зазначала: «Вельмі хацелася б друкаваць свае травэлёгі, але нельга— мушу даваць месца іншаму матэрыялу. І тым ня менш сэрыю «Ў пошуках эмігранцкае літаратуры» выдрукую» 143.
Матэрыял, якому галоўны рэдактар мусіў даваць зялёнае сьвятло, датычыўся падзеяў у Беларусі, дзе да ўлады прыйшоў А. Лукашэнка. Багата з надрукаванага ў «Беларусе» будзе перакладацца ў ангельскую мову для мэмарандумаў, прызначаных Вашынгтону.
Кнігадрук пры выдавецтве газэты «Беларус» прыпыніўся: 144 Зора й Вітаўт Кіпелі скіравалі ўсе рэсурсы на падрыхтоўку друкаў у БІНІМе.
Відавочна, філязофію й ідэалёгію газэты неабходна вывучаць на зьмесьце самой газэты, аднак штодзёншчына, праца над кожным нумарам там не занатоўваецца. Зора Кіпель жа вяла дзёньнік, у якім дзе-нідзе гэтае нутраное працоўнае жыцьцё фіксавалася:
24 траўня 1990 г. У абедзенны перапынак працавала для сябе— удакладняла адну публікацыю аб Трышчане. Званіў Запруднік і сказаў, каб артыкул «Рымскія сустрэчы» быў бы гатовы на гадзіну 5-ю. Прыйшоў сп. Шукелойць, забраў артыкул і пайшоў у друкарню. Яны са сп. Запруднікам пачынаюць «ломку».
31 траўня 1990 г. Вітаўт у Нью-Ёрку. Быў у Радыё145 і паехаў выкончваць газэту. Сп. Запруднік званіў, што не хапае «малога» матэрыялу.
28 ліпеня 1990 г. Пасьля работы зайшла ў друкарню. Там былі сп. Шукелойць і сп. Запруднік. Матэрыялу на гэты нумар хапіла, але я пакінула ўсё, што прынесла. Трэба будзе ўпарадкаваць падпісныя лісты. У канцы жніўня сп. Запруднік склікае паседжаньне рэдкалегіі — упарадкаваць падпіску й фінансы146 .
21 красавіка 1991 г. Уся энэргія ідзе на падрыхтоўку паездкі ў Менск, але будучая сустрэча зь Менскам ачэрніваецца, бо трэба будзе ехаць праз Маскву. Буду дэтальна натаваць, больш запісваць свае пачуцьці для «Беларуса». Але aдно пэўна — ехаць праз Маскву ня хочацца!
13 студзеня 1992 г. Вітаўт з Запруднікам зайшлі ў бібліятэку, каб забраць матэрыял. Сп. Запруднік сказаў, што газэту трэба закончыць на гэтым тыдні. На жаль, я яму сказала, што на гэтым тыдні з газэтай нічога не змагу дапамагчы. У бібліятэцы цяпер знаходзіцца Пазьдзеева, дасьледніца з Масквы, і мы зь ёй будзем шмат працаваць над старадрукамі, якія знаходзяцца ў нашай бібліятэцы 147.
15 студзеня 1992 г. Надзя148 прыслала ў газэту матэрыял пра Галіну Кучура. Я выканчу й занясу ў друкарню. Узгодніла зь Янкам іншы матэрыял, бо мела крыху вольнага часу, бo не працавалі кампутары. На наступным тыдні прыйдзецца працаваць два дні.
16 студзеня 1992 г. Схадзіла ў друкарню. Забрала ўвесь набраны матэрыял. На двары страшэнны холад. Пазваніла Янку, што матэрыялу на нумар хопіць. «Ламаць» буду дома.
20 студзеня 1992 г. Званіў Расьціслаў Завістовіч. Назначаны новы амбасадар у Менск. Запруднік хутка патрабуе больш матэрыялу. Званіла ў Airline, каб напісаць нешта пра Belarus Aeraflot. Газэту зрабіла — матэрыялу хапіла. У міжчасе памыла аж 4 машыны бялізны! Матэрыял, які застаўся, пойдзе ў наступны выпуск.
25 чэрвеня 1992 г. Вітаўт завёз увесь матэрыял у друкарню. Янка выдатна падкінуў «дробязі». Сп. Шукелойць ужо быў у друкарні. Сп. Запруднік затрымаўся на працы, але ён пазваніў у друкарню, каб матэрыялы набралі. Пасьля працы пайшла і я ў друкарню. О, шчасьце!!! Увесь матэрыял быў набраны. Я была вельмі й вельмі радая, бо гэта азначала, што за weekend газэта будзе зламаная. Нават калі прыедзе Алеся149, я буду мець цэлую пятніцу для працы.
9 ліпеня 1992 г. Атрымалі ліст ад Тамары150 аб выставе дзіцячых малюнкаў — матэрыял для газэты. Янка Запруднік даў вельмі шмат матэрыялу таксама. Ён, відаць, закончыў сваю кніжку й вяртаецца зноў у газэту. Выдатна. Зрабіла адбітак артыкула зь ЛіМу аб Равенскім, перашлю Жучку151. Аб Равенскім думаем увесь час і прывядзём у парадак.
24 студзеня 1993 г. Званіў сп. Шукелойць. Матэрыял набраны. Сёньня ў друкарні зьбіраемся ўсе — Янка, Вітаўт, сп. Шукелойць і я. Газэта скончаная. Першым з друкарні паехаў Янка, было каля 8:30 (яму надалей), потым мы зь Вітаўтам, а сп.Шукелойць яшчэ застаўся «кінуць вокам». Часта апошні агляд бывае важным! Колькі разоў здаралася!
28 ліпеня 1996 г. Вітаўт, разам зь Зянонам Пазьняком, Сяргеем Навумчыкам, у Вашынгтоне. Вітаўт уважае, што і З. Пазьняк, і С. Навумчык палітычны азыль атрымаюць — трэба вычакаць. Ёсьць шмат хронікі, а вось перадавіцу мы разам зь Янкам урэзалі.
10 жніўня 1996 г. Сп. Запруднік настойвае і я падтрымлі ваю, што неабходна склікаць паседжаньне рэдкалегіі. Трэба дамагчыся ад Раі152, каб кошты газэты аплачваліся як мага хутчэй, пагатоў у касе грошы ёсьць. Апошнім часам колькасьць падпісчыкаў і ахвяравальнікаў павышаецца.
10 студзеня 1997 г. Артыкулы З. Пазьняка — даўгія. Для газэты іх трэба скарачаць, што мы і робім. Узрастае карэспандэн цыя зь Беларусі.
25 жніўня 1998 г. Апошнім часам у газэту прыходзіць шмат нэкралёгаў. Нічога ня зробіш. «Нашая хваля» эмігрантаў адыходзіць. Але! Тым ня менш я гляджу бадзёра. Прыходзяць новыя, маладыя. Прыкладам, Лявон Ю. — ён дае шмат новага матэрыялу, хоць і дае «перагляд мінулага». Праўда, «Лявонаў» няшмат — але «лямка» будзе цягнуцца 153.
Напрыканцы 1998 г. Зора Кіпель вырашыла вярнуцца да дасьледаваньня беларускай старажытнай літаратуры, і газэту ад таго часу рэдагавалі Вітаўт Кіпель і Лявон Юрэвіч, а «ломку» — больш-менш той самы тэхнічны працэс, што й за С. Станкевічам, — рабіў Марат Клакоцкі.
Фінансавы стан газэты быў не найлепшы: ахвяраваньняў прыходзіла ўсё меней, а кошты друку газэты павялічваліся. Не ставала й матэрыялу; нярэдка рэдактар мусіў пісаць два-тры-пяць артыкулаў і падпісвацца псэўданімамі або пакідаць іх безыменнымі. Усё часьцей выходзілі падвоеныя нумары, зьменшылася й колькасьць старонак.
Відавочна, што трэба было цалкам мяняць тэхналёгію друку, пачаць рабіць газэту на кампутары, зьмяніць сыстэму падпіскі, але тут спрацаваў «чалавечы» фактар: хвароба Зоры Кіпель, што адцягнула ад газэты ўвагу й В. Кіпеля, пачатак навучаньня ў бібліятэчнай школе паралельна зь некалькімі важнымі кніжнымі праектамі ў Л. Юрэвіча. Падхапіць рэдакцыйную працу на той час не было каму, і 469 нумар «Беларуса» за 2000 г. стаўся апошнім.
1 Газэта некалькі разоў мяняла падзагалоўкі. Напачатку выдавалася як часопіс Беларусаў у З.Г.А. (Byelorussian newspaper in the USA), выдавец Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне. Ад 24 студзеня 1953г. мела падзагаловак па-ангельску: Whiteruthenian (Byelorussian) newspaper in the USA. Ад лістапада 1961 г. — Bielarus. Byelarussian Newspaper. Ад лістапада 1963 г. — часапіс беларусаў Паўночнае Амэрыкі са старонкай «Весткі з Канады». Ад ліпеня 1968 — газэта беларусаў у Вольным Сьвеце. З сакавіка 1993 г. газэта распаўсюджваецца таксама і ў Беларусі. З 20 верасьня 1958 г. па лістапад 1961 г., з сакавіка 2000 г. па сакавік 2002 г. газэта не выходзіла .
3 У 1685 г. у Францыі быў адменены знакаміты Нанцкі эдыкт аб верацярпімасьці, і гугеноты зноў падпалі пад ганеньні. — Рэд.
4 «Белорусская Трибуна» . Выдавалася ў Чыкага з 1926 па 1932 гг.
5 «Беларус у Амэрыцы» . Выдаваўся ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, 1948—1949). Рэдактары — Янка Ніхаёнак, Барыс Кіт.
6 «Беларускае Слова ў Амэрыцы» . Выйшла толькі два нумары ў студзені—лютым 1950 г., Нью-Брансўік (Нью-Джэрзі). Рэдактар— Сьвятаслаў Коўш.
7 «Беларуская Трыбуна» . Выдавалася са жніўня 1950 па лістапад 1953 гг. спачатку Злучаным Беларуска-Амэрыканскім Дапамаговым Камітэтам, потым — Беларускім Выдавецкім Фондам у ЗША. Рэдактары — Мікола Шчорс, Язэп Ляшчынскі (Міхась Кавыль). Выйшла 17 нумароў.
8 Падрабязьней пра беларускі друк у ЗША: Kipel, Vitaut. Belarusans in the United States. University Press of America, 1999. P. 407—415.
9 Nora, Pierre. Les Lieux de Memoire. 7 vol. Paris, 1984—1992.
10 Nora, Pierre. Between Memory and History: Les Lieux de Memoire. // Representations. Berkeley (California): University of Calif. Press. № 26, Spring 1989. P. 7.
11 Леанід Галяк (31.10.1910, Вільня — 03.04.1980, Стамфард, Канэктыкут). Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Падчас нямецкай акупацыі працаваў юрыстам у Менску. Зь лета 1944г.— на эміграцыі. Пражываў у ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны, быў адным з заснавальнікаў Саюзу Беларускіх Журналістаў, часапісу «Летапіс жыцьця беларускай эміграцыі». У 1949 г. пераехаў у ЗША. Аўтар успамінаў.
12 Напэўна, маецца на ўвазе парафіяльны камітэт пры царкве сьв.Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, які ўзначалілі Мікола Дарашэвіч (старшыня) і Аляксандар Орса (скарбнік). — Рэд.
13 Напэўна, ідзецца пра а. Хведара Данілюка і а. Васіля (Тамашчыка).
14 «Беларускія Навіны» спынілі выхад у 1947 г. і больш не аднаўляліся. — Рэд.
15 Архіў БІНІМу.
16 Найбольш важная крыніца — асабісты архіў Станіслава Станкевіча — недасягальная, прынамсі, на час напісаньня гэтае кнігі. Рэч у тым, што на пачатку 1990-х для напісаньня працы пра жыцьцё й дзейнасьць С. Станкевіча ў Нью-Ёрк быў запрошаны на стыпэндыю бела-
стоцкі журналіст Мікола Ваўранюк. Папрацаваўшы ў Амэрыцы, ён вярнуўся ў Беласток разам з архівам, давераным яму дачкою Раісаю Станкевіч. М. Ваўранюк кнігі не напісаў, але галоўнае — усе намаганьні вярнуць архіў С. Станкевіча нічога не далі. На жаль, цяжкая хвароба P. Станкевіч не дазваляе вырашыць справу вяртаньня архіву й грошай юрыдычным шляхам.
17 Натальля Арсеньнева (у замустве Кушаль; 20.09.1903, Баку (Азэрбайджан) — 25.07.1997, Нью-Ёрк). Грамадзкая дзяячка, паэтка. Скончыла Віленскую Беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім унівэрсытэце. Падчас нямецкай акупацыі працавала ў «Беларускай Газэце», перакладала творы для беларускага тэатру, займалася рэлігійнымі перакладамі. Аўтарка рэлігійнага гімну «Магутны Божа» (1943). Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. З канца 1940-х — у ЗША, займалася грамадзка-культурнай дзейнасьцю.
18 Вітаўт Тумаш (20.12.1910, в. Сьцягліца, цяпер Вялейскі р-н Менскай вобл. — 23.04.1998, Нью-Ёрк). Грамадзкі дзеяч, гісторык, скарыназнаўца. Скончыў мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэ ту (1937). У 1940—1941 гг. — старшыня філіі Беларускага Камітэту Самапомачы ў Ліцманштаце (Лодзі), зь ліпеня 1941 г. да другой паловы лістапада 1941 г. — бурмістар Менску. Напрыканцы 1941 г. выехаў у Нямеччыну, дзе займаўся лекарскай практыкай. Нейкі час рэдагаваў беларускую газэту «Раніца», што выпускалася ў Бэрліне, працаваў у бэрлінскім аддзеле Самапомачы. З 1948 г. жыў у ЗША, займаўся навуковай працаю, адзін з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, ягоны старшыня (1955—1982).
19 Пачатковы назоў The American Committee for the Liberation of the People of Russia, пазьней зьменены на The American Committee for the Liberation from Bolshevizm.
20 Падобная сытуацыя склалася й вакол «Бацькаўшчыны». Кастусь Мярляк, наракаючы на недрукаваньне газэтаю сваіх артыкулаў, пісаў: «Ня трэба дадумоўвацца, што гэтыя матэрыялы не былі надрукаваныя з тае прычыны, што ў іх пасрэдна або беспасрэдна зьвярталася ўвага на прарасейскую палітыку Амэрыканскага Камітэту або дзейнасьць некаторых асобаў, зьвязаных інтарэсамі асабістага характару. Адкіданьне матэрыялаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня й праводжаная рэдакцыяй «Бацькаўшчыны» цэнзура зьяўляюцца не дэмакратыч ным актам, але перадусім актам, шкодным беларускаму вызвольнаму руху» (Мерляк, Канстанцін. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Нью Ёрк, 1992. С. 199).
21 Аляксандар Махноўскі (24.09.1902, Дзьвінск, сёньня Даўгаўпілс, Латвія — 19.10.1967). Нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. У часе Першай Сусьветнай вайны сям'я была эвакуяваная ў Курск (Расея). Скончыў настаўніцкія курсы з атэстатам першага выпуску Дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі (1923). Настаўнічаў у Латгаліі. У 1942—1944 гг. — інспэктар беларускіх школаў у Дзьвінскім, Люцынскім, Ілукштанскім паветах. З восені 1944 г. — на эміграцыі. З 1949 г. жыў у ЗША. У апошнія гады жыцьця ўдзелу ў грамадзкіх справах ня браў. Пахаваны ў Іст-Брансўіку.
22 Мікола Гарошка (04.05.1902, Наваградчына — 11.02.1979) — інжынэр, старшыня Фундацыі імя П. Крэчэўскага.
23 «Пратакол першага арганізацыйнага паседжаньня выдавецтва «Беларус» 24 травеня 1952 г. Прысутныя: прэм'ер Ураду БНР сп. Махноўскі, спонсар БАЗА сп. інж. Гарошка, старшыня БАЗА генэрал Ф.Кушаль, Уладыка Васіль, сп. М. Тулейка, сп. Ніхаёнак, сп. Манькоўскі й спн. Н. Арсеньнева.
Пастаноўлена лічыць вышэй пералічаных асобаў сябрамі выдавецтва газэты «Беларус». Выбраны прэзыдыюм Выдавецтва ў асобах спсп.Махноўскага, Кушаля і Ўладыкі Васіля.
Пасьля гэтага была выбраная рэдакцыйная калегія газэты «Беларус» у складзе спн. Н. Арсеньневай, сп. др. Тумаша (завочна, бо ён ня мог быць на паседжаньні) і Ўладыкі Васіля.
Пастаноўленае неадкладна пачаць ізноў выдаваць газэту «Беларус», якая не выходзіла ад 13 красавіка з прычыны адмовы папярэдняга рэдактара — др. Тумаша. На рэдактара газэты запрошаная спадарыня Н.Арсеньнева.
Уладыка Васіль запрошаны дзеля дапамогі рэдактару ў друкарні (карэкта, ломка). Вядзеньне касы й бухгальтэрыя даручаныя сп. Гарошку.
Дзеля далейшага дакладнейшага абмеркаваньня справы пастаноўлена сабрацца яшчэ раз у хуткім часе.
За сакратара Н. Кушаль».
Архіў БІНІМу.
24 «Пратакол 2-га арганізацыйнага паседжаньня выдавецтва «Беларус» 7-га чэрвеня 1952 году.
Прысутныя: сп. Гарошка, сп. Кушаль, сп. Тулейка, сп. Ніхаёнак, сп. Манькоўскі, Уладыка Васіль, спн. Арсеньнева.
Парадак дня:
1. Арганізацыя Выдавецтва.
2. Бюджэт.
3. Разгляд дасюлешніх выдаткаў.
4. Рознае.
Да пункту першага — арганізацыі выдавецтва: пасьля падрабязна га абмеркаваньня справы было ўзгоднена, што фінансаваньне выдавецтва будзе весьціся ад імя БАЗА, як гэта быў пачаў сп. Прэзыдэнт, пры ўзгадненьні гэтае справы із прэм'ерам і прэзыдыюмам Ураду БНР.
Спсп. Гарошка й Манькоўскі вызначаюцца дзеля канчальнага абмеркаваньня гэтае справы із сп. Махноўскім. Дзеля гэтага яны маюць паехаць да сп. Махноўскага ў найбліжэйшыя дні.
Каб мець магчымасьць раіцца ў спрэчных пытаньнях, на месца рэдакцыйнай калегіі, выбранай на папярэднім паседжаньні і якая не ажыцьцявілася з прычыны адмовы др. Тумаша, выбраная новая рэдакцыйная калегія ў складзе спн. Арсеньневай, Уладыкі Васіля й сп. Манькоўскага.
Адміністратарам, скарбнікам і бухгальтарам у аднэй aсобе астаецца выбраны на папярэднім паседжаньні сп. Гарошка. Таксама й кальпартаж маюць пакуль што рабіць і надалей спсп. Тулейка і Ніхаёнак.
Да пункту 2 — бюджэт — укладзены правізарычны каштарыс у рамках 1 000 дал. датацыі:
1. Аплата Галоўнага рэдактара — 160 дал. у месяц.
2. Друк двух нумароў газэты ў месяц — 345 дал. у месяц.
3. Аплата за ломку газэты Ўл. Васілю — 60 дал. у месяц.
4. Дапамога «Беларускаму Эмігранту» — 40 дал. у месяц.
5. Сп. Прэзыдэнту на палітычную працу БНР — 50 дал. у месяц.
6. Дапамога Ўладыку Сергію — 25 дал. у месяц.
7. Кальпатраж — 50 дал. у месяц.
8. Паштовыя выдаткі — 20 дал. у месяц.
9. Ганарары аўтарам — 100 дал. у месяц (за два нумары).
Пастаноўлена таксама заашчадзіць кажны месяц 100 даляраў на запасовы фонд. У сувязі з тым, што на прапанову Ўл. Васіля прысутныя на паседжаньні згадзіліся адлічваць 15 дал. ад сумы, прызначанай на ганарары, і высылаць іх айцу Крыту ў Ангельшчыну, на ганарары засталося 85 дал. у месяц (на два нумары).
Да пункту 3 — разгляд дасюлешніх выдаткаў — пастаноўлена паклікаць рэвізійную камісію, якая мае пераглядаць што нейкі час рахункі й кнігі, а таксама вырашаць аб правільнасьці тых ці іншых выдаткаў, калі б гэта было патрэбнае. У склад рэвізійнае камісіі намечаныя спсп. Дарaшэвіч, Б. Данілюк, П. Манькоўскі.
Пункт 4 — Рознае — не парушаўся дзеля позьняе гадзіны.
На гэтым паседжаньне было скончанае.
За сакратара Н. Кушаль».
Архіў БІНІМу.
25 Statement. This is to state the $ 1 000 donation (month August) from the American Committee for the Liberation from Bolshevizm, given the Byelorussian-American Ass'n, Inc. has been distributed in the following way: Printing of the issues 15 (39) & 16 (40) of the Journal — $ 492; Editor's wages — $ 250; Technical worker's wages — $ 60; Telephone — $9,14; Honorarium for the authors — $ 98; Sending out (expedition) — $94. Total— $ 1 003, 14».
26 Напрыклад, Вітаўт Тумаш за перадавіцу ў № 17 (23) атрымаў $10; Натальля Арсеньнева за артыкул «Камуністычная партыя — зброя маскоўскага імпэрыялізму» ў № 18 (24) — $ 5. За артыкулы ў № 15 (21) і 16 (22) атрымалі: Мікола Куліковіч («Беларусь — дзяржава вольная», «Хада», «Гераічны эпас беларускага народу») — $ 16; уладыка Васіль («Pасклад камунізму», «Мэта апраўдвае ўсё») — $ 10; Франц Кушаль («Сьвет шануе дужых», «Пацяшальная праява», «Ад Менску да Лодзі»)— $ 25; Мікола Сільвановіч («Да 35 угодкаў Беларускае Вайсковае Pады») — $ 8; Юрка Віцьбіч («Дзе мой Паўлюк») — $ 5.
27 Юрэвіч, Лявон. Гісторыя газэты «Беларус» // Беларус. № 485. Чэрвень 2003.
28 Юрэвіч, Лявон. Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. New York, 1999. С. 205—260. Гэта ўспаміны, ініцыяваныя Вітаўтам Тумашам.
29 Галяк, Леанід. Успаміны. У 2-х кнігах. Кн. 1. ЗША: Летапіс, 1982.— 248 с.; Кн. 2. ЗША: Летапіс, 1983. — 166 с.
30 Міхась Рагуля (06.08.1914 — 06.07.2002). Сын пасла польскага сойму Васіля Рагулі, стрыечны брат Барыса Pагулі. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у Вільні і Львове. Падчас нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам Аддзелу культуры ў Віцебску, займаўся пытаньнямі выдавецтва, школьніцтва, тэатру. Рэдагаваў бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Вучыўся ў Марбургу, Мюнхэне, атрымаў дыплём інжынэра. У 1950 г. пераехаў у ЗША, зрабіў кар'еру ў сфэры будаўніцтва фабрычных печаў. Першымі гадамі жыцьця ў Нью-Ёрку браў актыўны ўдзел у беларускай грамадзка -культурнай працы, уваходзіў у склад рэдкалегіі газэты «Беларус».
31 У выніку дзейнасьці апошніх, у Мюнхэне паўсталі Інстытут Вывучэньня СССР, радыё «Вызваленьне».
32 Беларус. № 100. Ліпень 1965.
33 Беларус. № 250. Люты 1980.
34 Беларус. № 280—281. Жнівень—верасень 1980.
35 Міхась Міцкевіч (псэўд. Антон Галіна; 13.07.1897, в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкі пав., сёньня Стаўпецкі р-н Менскай вобл. — 25.10.1991, Нью-Ёрк). Грамадзка-культурны дзеяч. Малодшы брат Якуба Коласа. Удзельнік Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. У 1919—1920 гг. выкладаў беларускую мову ў Менскай беларускай гімназіі. У 1920-х — 1930-х настаўнічаў. Падчас нямецкай акупацыі працаваў інспэктарам беларускіх школаў на Стаўпецкі раён. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Падчас знаходжаньня ў лягерах для перамешчаных асобаў падрыхтаваў чатыры чытанкі для дзяцей. З 1950 г. — у ЗША, актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, уваходзіў у склад рэдакцыі «Беларуса», займаўся перакладам літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову.
36 Гэта выправіў Міхась Pагуля ў зацемцы «Да юбілейнага нумару «Беларуса», дзе назваў сапраўднага першага рэдактара газэты (Беларус. № 251. Сакавік 1978).
37 Архіў БІНІМу.
38 Тамсама.
39 Прадуха, Аркадзь. На крывіцкім панадворку. Лёндан, 1956. — 15с.
40 Прадуха, Аркадзь. На крывіцкім панадворку... С. 3.
41 Тамсама. С. 9.
42 Тут: Кушалевае.
43 Прадуха, Аркадзь. На крывіцкім панадворку... С. 15.
44 Беларус. № 3 (49). 1 жніўня 1954.
45 Тамсама.
46 Беларус. № 58. 30 сьнежня 1956.
47 Згадвае Вітаўт Кіпель (архіў Л. Юрэвіча): «У 1958 г. выданьне газэты пачало кульгаць. Сп. М. Міцкевіч пачаў «стамляцца» ад несупрацоўніцтва актыву, маладзейшых кадраў не прыбывала, а калі й прыбывалі, дык на першых парах уладжвалі сваё жыцьцё ў ЗША, што было ня так і лёгка. Тым часам болька, што газэта «хварэе», не пакідала даваць сябе чуць шмат каму ў грамадзтве. Найбольш, бадай, думалі аб стане газэты, аб непрывабным палажэньні адзінага воргану ў ЗША др. Тумаш і Натальля Арсеньнева. Часта на зборках БІНІМу гаварылася аб неабходнасьці ўзнаўленьня газэты. Тумаша клапаціла таксама думка, што нейкі іншы асяродак можа пераняць ініцыятыву выданьня газэты, што было б непрыемна. Пару разоў Тумаш паказваў мне лісты, што газэту «ўстрашае» аднавіць В. Пануцэвіч. Гэткі сцэнар не падабаўся шмат каму ў Нью-Ёрку. Разважыўшы, В. Тумаш вырашыў газэту аднавіць, прыцягнуўшы да супрацоўніцтва перш-наперш супрацоўні каў БІНІМу: Я. Запрудніка, Н. Арсеньневу, В. Кіпеля, А. Шукелойця».
48 Беларус. № 80. Лістапад 1963.
49 Тамсама.
50 Зь ліста да Аўгена Вярбіцкага ад 29 сьнежня 1963. Архіў БІНІМу.
51 «Беларускі Эмігрант» выдаваўся з 1948 па 1954 гг. Выйшла 54 нумары. Рэдактар — Кастусь Акула.
52 «Беларускі Голас» выдаваўся з 1952 па 1992 г. Выйшла 370 нумароў.
53 Архіў БІНІМу.
54 Антон Маркевіч (1925, Горадня). Шматгадовы актывіст, старшыня ЗБК і царкоўнай рады парафіі царквы сьв. Кірылы Тураўскага.
55 Архіў БІНІМу.
56 Архіў БІНІМу.
57 Архіў БІНІМу.
58 Козыр, Міхась. Запіскі Яўхіма Крайняга // Беларус. № 81. Сьнежань 1963; № 82. Студзень 1964; № 83. Люты 1964; № 84. Сакавік 1964; № 87. Чэрвень 1964; № 88. Ліпень 1964; Козыр, Міхась. Асьветчаньне. Да публікацыі разьдзелу трэцяга «Запісак Яўхіма Крайняга» // Беларус. № 85—86. Травень 1964.
59 Рагуля, Барыс. Ліст у Рэдакцыю // Беларус. № 92—93. Лістапад—сьнежань 1964.
60 Архіў БІНІМу.
61 Архіў БІНІМу.
62 Ліст С. Станкевічу ад 15 студзеня 1966 г. Архіў БІНІМу.
63 Ліст С. Станкевічу ад 8 кастрычніка 1966 г. Архіў БІНІМу.
64 Успаміны напісаныя адмыслова для гэтае кнігі. Захоўваюцца ў прыватным архіве Л. Юрэвіча.
65 Пытаньне рэарганізацыі газэты «Беларус» // Беларус. № 137. Верасень 1968.
66 Беларус. № 122. Чэрвень 1967.
67 На XVI Кангрэсе БАЗА (24.05.1975) «Рэгулямін» у працэсе змаганьня рэдакцыйнай калегіі за незалежнасьць ад БАЗА быў зьменены ў асобных пунктах (Беларус. № 218. Чэрвень 1975): «Газэта «Беларус» ёсьць аўтаномнаю адзінкай у сыстэме БАЗА й падпарадкаваная арганізацыйна беспасярэдне Кангрэсу БАЗА. (…) 3. Газэта «Беларус» рэдагуецца і адмініструецца Рэдакцыйнай Калегіяй, на чале якой стаіць галоўны рэдактар як ейны старшыня. 4. Кангрэс БАЗА вызначае асобна галоўнага рэдактара і асобна сяброў Рэдакцыйнай Калегіі на неазначаны час аж да эвэнтуальнага адкліканьня Кангрэсам БАЗА. Рэдакцыйная Калегія разьмяркоўвае між сваімі сябрамі рэдакцыйныя, адміністрацыйныя й тэхнічныя функцыі, а ў выпадку патрэбы можа дакааптаваць новых сяброў Калегіі. Старшыня Галоўнай Управы БАЗА ўваходзіць у склад Рэдакцыйнай Калегіі ў моц сваіх службовых функцыяў і карыстаецца, нараўні зь іншымі сябрамі Калегіі, правам аднаго пастанаўляючага голасу. 5. Рэдакцыйная Калегія ёсьць працоўнай групай і кажны ейны сябра, за выняткам старшыні Галоўнай Управы БАЗА, павінен выконваць сыстэматычна нейкую рэдакцыйную, адміністра цыйную ці тэхнічную функцыю. Усе сябры Калегіі, улучна з галоўным рэдактарам, працуюць ганарова й за сваю працу не атрымліваюць ніякае зарплаты. (…) 8. Прыбыткі газэты «Беларус» складаюцца з: падпіскі, прадажы газэты, ахвяраў грамадзтва й датацый беларускіх арганізацыяў, а таксама з аплаты за абвесткі й пэрсанальныя матэрыялы, друкаваныя ў газэце. 9. Рэдакцыя газэты «Беларус» мае сваю асобную касу, незалежную ад касы Галоўнае Ўправы БАЗА. (…) 13. Кантроль фінансаў газэты «Беларус» праводзіцца рэвізійнай Камісіяй Галоўнай Управы БАЗА. 14. У выпадку ліквідацыі газэты «Беларус» ейная маёмасьць разьмяркоўваецца Рэдакцыйнай Калегіяй у паразумленьні з ахвярадаўцамі на газэту на карысьць агульнабеларускіх пэрыядычных або кніжных выданьняў».
68 Аднавіла выданьне ў 2002 г., а ўвосень 2005 г. раскалолася на дзьве газэты: «Беларускі час» і «Час». — Рэд.
69 «Ня памятаю, у якім годзе, на кангрэсе БАЗА ў Гайлэнд-Парку я быў выбраны на скарбніка ў ачоленай Станіславам Станкевічам рэдакцыйнай калегіі. Адразу ж пасьля абыйма скарбніцкіх абавязкаў выясьнілася, што мая праца зводзілася да складаньня ў абгортку месячных сьпісаў прыбыткаў і выдаткаў, атрыманых і зробленых рэдактарам, у якога быў ключ ад паштовае скрынкі й банкавая ці чэкавая кніжка. Ня маючы чаго рабіць на маім становішчы, я пачаў выпраўдаць грамадзкі давер да мяне пісаньнем, як мне здавалася, матэрыялаў, што маглі б ажывіць акадэмічна-літаратурны ўхіл газэты.
Наколькі памятаю, рэдактар быў ласкаў надрукаваць мае вершаваныя пераказы псальмаў 43-га і 136-га ды раз ці двойчы жартаўлівыя вершаваныя прывітаньні чытачам з Калядамі ці Вялікаднем, што пачыналася так: «З Калядою, Грамадзяне, й з Новым Годам прывітаньне шле рэдактар вам галоўны і рэдакцыі склад поўны».
Сьмешна ўспомніць, што за пераклад 136-га псальму др. Янка Станкевіч сьпярша віншаваў першага, здаецца, тады палітычнага эмігранта зь Беларусі — паэта Цярэшку, а пасьля ўжо мяне.
Ужо мо з паўстагодзьдзя мне не падабаецца абдурваньне нашых дзяцей у Калядны час расейскім «Дзедам Марозам» — што супольна-
га ў халоднага й нават сьмяротнага мароза з Калядным сямейным цяплом і дзіцячай вераю ўва ўзнагароды за добрыя паводзіны?! Таму я падумаў перайменаваць яго ў Дзеда Каляду, што, як пазьней даведаўся, ужо зрабілі жамойды. Але ці трэба гэтага баяцца? Гэтую думку я ў той час і выказаў у зьмешчаным у «Беларусе» артыкуле, што называўся «Перадсьвятнія (ці перадкаляднія?) думкі». Разам з гэтым я запрапанаваў зьмяніць і сьвятнія прывітаньні ў канцы году з чужынскіх калькаў на свойскае «Радай Каляды й Шчадра налета». Да гэтага дадаў яшчэ вершык «Дзядуля Каляда». Але вынік майго стараньня, як ведама, нуль, як і спадзеву, што нашая сьведамая публіка ня будзе на застольлях раўсьці «Многія лета» ці «Сто год», а засьпявае «Дай, Божа, шмат год!», як гэта робіцца ў Брукліне.
Апрача маіх вершаплётных твораў я напісаў пару артыкулаў пра прыродныя багацьці Беларусі, зьмяшчаючы якія, рэдактар парабіў неспадобныя мне моўныя зьмены, напрыклад, слова «плыткі» на «мелкі».
Калі я з гэтае прычыны запратэставаў, рэдактар адказаў мне востра, і ў нас узьнікла спрэчка, у якой я пачуў, што мае вершаплётныя опусы ня вартыя нічога. Сёньня мяне гэта ня дужа б абышло, але тады яшчэ моцна закранула, і на гэтым нашае супрацоўніцтва скончылася».
Успаміны Барыса Данілюка. Захоўваюцца ў архіве Л. Юрэвіча.
70 Справаздача С. Станкевіча. Архіў БІНІМу.
71 Станкевіч, Ст. У падарку на юбілей БССР: русыфікацыя // Беларус. № 142. Люты 1969.
72 Ліст Вацлава Пануцэвіча да Станіслава Станкевіча [б. д.]. Архіў БІНІМу.
73 Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі.
74 Ліст Аляксандра Лашука да С. Станкевіча ад 23 лютага 1969. Архіў БІНІМу.
75 Жук-Грышкевіч, Pаіса. Хай будуць душы ўсякі // Беларус. № 139. Лістапад 1968. Гэты артыкул варта чытаць разам зь лістом Р. Жук-Грышкевіч да С. Станкевіча ад 26 траўня 1970 (архіў БІНІМу): «Я нашымі лякальнымі справамі Вас не турбавала б, але я хачу сказаць, што скрозь і з усім у грамадзкім жыцьці, дзе ходзіць пра фінансаваньне нечага патрэбнага й карыснага, паўтараецца тая самая гісторыя, аб якой Вы пішаце ў апошнім лісьце ў адносінах да «Беларуса». Так яно ёсьць, ды годзе. Але неяк цярпім. Вы самыя мне гаварылі, што нашую эміграцыю чакае такі ж лёс, як і кажную іншую. Толькі нашую, як слабейшую, спаткае сумны лёс значна прысьпешаным тэмпам. Гэта рэальнасьць, якой трэба глядзець проста ў вочы. Гэта ня значыць, што складаю аружжа. Гэта значыць, што калі паводле прагнозы век нашае эміграцыі ёсьць кароткі, дык яго трэба болей інтэнсіўна жыць. «Беларус» дзеля фінансавае прычыны прапасьць не павінен. Калі, аднак, ён дзеля гэтае прычыны прапаў, дык нам, як палітычнай беларускай эміграцыі, такая й цана! Я думаю, што нашая палітычная эміграцыя здае сабе з гэтага справаздачу; калі ж не, дык няма куды ісьці. Тады мы ўжо ляжым.
«Беларус», на маю думку, хутчэй мог бы прапасьці зь іншае прычыны, а менавіта (тут я выключаю Вас і Вам роўных) таму, што «мы бедныя словам і мутныя розумам і ня маем Боскага агню для складаньня словаў карысных для душы», кажучы словамі Кірылы Тураўскага. Ваш ліст зрабіў вельмі прыгнятаючае ўражаньне на мяне. Шмат перадумала. Была нават напісала, але тое, што напісала, не перадало таго, што думала, дык болей і ня пробую перадаваць. Адно толькі хачу закрануць. Разумею й цаню Вашую дэдыкацыю (выскачыла беларускае слова. Адданасьць?) для «Беларуса» й дацэньваю веліч яго значэньня для нас. Але ў мяне атрымалася такое ўражаньне, быццам бы іншыя аспэкты грамадзкага жыцьця для Вас або не існавалі, або ня мелі ніякага значэньня. А ўсё ж «Беларус» ёсьць ня толькі рухавіком гэтага жыцьця, але й люстрам ці клішай, у якім ці на якой адбіваецца гэтае ж грамадзкае жыцьцё. З аднаго боку, не было б грамадзкага жыцьця, не было б чаму ў люстры ці на клішы адбівацца. З другога боку, як ужо сказала, адным з заданьняў «Беларуса» і ёсьць быць рухавіком гэтага жыцьця. Інакш кажучы, нават з пункту гледжаньня «Беларуса» нельга даць памерці ўсім іншым аспэктам беларускага жыцьця на эміграцыі. А каб ня даць яму памерці, патрэбныя таксама, як і для ўтрыманьня «Беларуса», высілкі духовыя, фізычныя, і патрэбны фінансы. І гэтае жыцьцё, якое б ні было — сільнае ці слабое, асабліва калі слабое, — ставіць усьцяж адны за другімі вымаганьні. І гэтыя вымаганьні дзеля жыцьця трэба заспакайваць. А так як нас ёсьць мала, заспакайваньне вымаганьняў жыцьця даецца толькі зь вялікімі высілкамі».
76 Крушыніч, Ст. У вабароне свабоды творчасьці // Беларус. № 123—124. Ліпень—жнівень 1977.
77 Крушыніч, Ст. Упраганьне пісьменьнікаў на службу паліцыі // Беларус. № 150. Кастрычнік 1969.
78 Станкевіч, Ст. Васіль Быкаў ізноў пад абстрэлам // Беларус. №138. Кастрычнік 1968.
79 Станкевіч, Ст. Заміж паэты — загаварыў робат [Ніл Гілевіч] // Беларус. № 150. Кастрычнік 1969.
80 Станкевіч, Ст. Зьдзек зь беларускіх пісьменьнікаў // Беларус. №118. Люты 1967.
81 Станкевіч, Ст. Наступ супраць беларускай літаратуры // Беларус. № 140. Сьнежань 1968.
82 Станкевіч, Ст. Не рэгабілітацыі, а асуджэньні // Беларус. № 274. Люты 1980.
83 Станкевіч, Ст. Ні ўгодкаў Купалы, ні сьвята паэзіі // Беларус. №208. Жнівень 1974.
84 Вішнеўскі, П. Амэрыка й беларусы. Думкі па часе // Беларус. № 9 (15). 23 жніўня 1952; № 10 (16). 6 верасьня 1952; Вішнеўскі, П. Амэрыка й беларусы. ІІІ // Беларус. № 11 (17). 20 верасьня 1952; № 12 (18). 4 кастрычніка 1952.
85 Вішнеўскі, П. Шляхі разьняволеньня. I—IV // Беларус. № 137. Верасень 1968; № 140. Сьнежань 1968; № 143. Сакавік 1969; № 151. Лістапад 1969.
86 Баршчэўская, Ніна. Беларуская мова — абаронца роднае мовы. Варшава, 2004. — 368 с.
87 Зубкоўскі, Вітаўт. Дваццаць пяць гадоў працы // Беларус. № 210. Кастрычнік 1974.
88 Вітаўт Кіпель згадвае (архіў Л. Юрэвіча): «Ясная справа, што сп. Станіслаў Станкевіч разумеў, што газэта ня можа адлюстроўваць ці ўхваляць толькі рэспубліканскія праграмы, хоць, бясспрэчна, нам гэ-
тыя праграмы былі больш прымальнымі дзеля свае антыкамуністыч насьці. «Беларус» — газэта грамадзкая, мусіла адлюстроўваць і праграмы дэмакратычнае партыі, пагатоў што сярод беларускага грамадзтва былі «моцныя» дэмакраты, асабліва лібэральных паглядаў, і ня мала! У частых дыскусіях са мною С. Станкевіч згаджаўся, што праз наш удзел у рэспубліканскім руху ЗША мы больш дасягаем у папулярыза цыі дзяржаўнасьці Беларусі, а максымум для Беларусі — мусіць быць асноваю нашай дзейнасьці. Тым ня менш Станкевіч імкнуўся рэспубліканцаў стрымліваць. Памятаю такі выпадак. На адным з прыняцьцяў у Вашынгтоне ў 1974 г. была абгавораная прапанаваная намі паездка прэзыдэнта Ніксана ў Менск. Я бачыў, што ўсё «на мазі», што бліжэйшыя да Ніксана палітычныя колы згадзіліся з мэтазгоднасьцю паездкі. Мы дамовіліся, што пра гэта будзе артыкул у «Беларусе». Але ў апошнюю хвіліну Станкевіч звоніць мне і кажа, што ня будзе друкаваць абвесткі, бо, маўляў, выглядае на самахвальства. Ладна мне ўзяло часу, спрэчак зь ім у друкарні, але паведамленьне, хоць і зьмененае, у газэту пайшло».
89 Архіў БІНІМу.
90 Паводле адных зьвестак, псэўданім мітрапаліта Андрэя (Крыта), паводле другіх — мітрапаліта Мікалая (Мацукевіча) . Гл.: Грыбок. Архіяпіскап Васіль // Беларус. № 164. Сьнежань 1970; Грыбок. Вялікі падарак для царквы. [Садбуры, Канада] // Беларус. № 221. Верасень 1975; Грыбок. Данос! // Беларус. № 179. Травень 1971; Грыбок М. Канстантынопальскі Патрыярхат і саветы // Беларус. № 113. Верасень 1966; Грыбок. На трэція ўгодкі сьмерці ўладыкі Васіля // Беларус. № 194. Чэрвень 1973; Грыбок, М. Патрыярх Атэнагор І і Папа Павел VI // Беларус. № 128. Сьнежань 1977.
91 Архіў БІНІМу.
92 Войтэнка, В. Канстанцыя. На ўгодкі аднаўленьня Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы // Беларус. № 122. Чэрвень 1967; Васілеўскі, В. В. Дваццаць гадоў БАПЦ. 1948—1968 // Беларус. № 134. Чэрвень 1968; Канстантын, а. БПЦ: прызнаньне гістарычных фактаў // Беларус. № 369. Красавік 1990; Калбаса, Янка. Легалізацыя БАПЦ у Вялікабрытаніі // Беларус. № 225. Студзень 1976; Я. З. Ідэя аўтаноміі Праваслаўнай Царквы на Беларусі // Беларус. № 283—284. Лістапад—сьнежань 1980.
93 Архіў БІНІМу.
94 Ліст ад 24 верасьня 1973. Архіў БІНІМу.
95 Прапануем сямейную й прыватную хроніку // Беларус. № 94. Студзень 1965.
96 Сільвановіч, М. Зьбірайма й мы! // Бацькаўшчына. № 4 (7). 15 лютага 1948; Маркі БНР // Бацькаўшчына. № 1 (61). 1 студзеня 1950; Запруднік, Я. Маркі да 40-годзьдзя Слуцкага Паўстаньня (Зь беларускага жыцьця) // Бацькаўшчына. № 15 (499). 10 красавіка 1960; Беларускія маркі // Бацькаўшчына. № 34 (518). 4 верасьня 1960; Б. С. Паштовыя маркі БНР. Сэрыя 1918 году // Беларус. № 98. Травень 1965; Сянькевіч, В. Беларуская нацыянальная тэматыка на паштовых марках // Беларус. № 174. Кастрычнік 1971. № 175. Лістапад 1971; Я. З. Маркі БНР у афіцыйным ужытку ў Ангельшчыне // Беларус. № 172. Жнівень 1971; Угодкі друку адзначаныя маркай // Беларус. № 189. Студзень 1973; Пра беларускія маркі ў «Новым Рускім Слове» // Беларус. № 191. Сакавік 1973; Пра паштовыя маркі БНР // Беларус. № 253. Травень 1978; На зьезьдзе ўкраінскіх філятэлістаў у Глэн-Спэй у штаце Нью-Ёрк // Беларус. № 312. Жнівень—верасень 1983; Сэрыя марак ААН са сьцягамі дзяржаваў, сяброў ААН // Беларус. № 312. Жнівень—верасень 1983; Зубкоўскі, В. Беларуская марка ААН // Беларус. № 315. Студзень 1984; [Паўк, Багдан] Ікона на паштовай марцы // Беларус. № 315. Студзень 1984; На філятэлістычнай выстаўцы (Чыкага) // Беларус. № 329. Красавік—жнівень 1986; Рамук, Вітаўт. З жыцьця ў Чыкага. Беларускі філятэлістычны стэнд // Беларус. № 364. Лістапад 1989; Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь // Беларус. № 390. Травень 1992; Пытаньне паштовых марак Булак-Булаховіча // Беларус. № 401. Травень 1993.
97 Арсеньнева, Н. Такі наш Кон // Арсеньнева Н. Між берагамі. New York—Toronto, 1979. С. 235.
98 Лінкевіч, В. Просім выясьненьня. (Ліст у рэдакцыю) // Бацькаўшчына. № 8 (52). 25 сакавіка 1949.
99 Рэдакцыя беларускіх выданьняў Інстытуту Вывучэньня СССР. У абарону праўды. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 3 (389). 19 студзеня 1958 [Палеміка зь Янам Станкевічам]; Станкевіч, Янка. Ліст у Рэдакцыю // Беларус. № 95. Люты 1965.
100 Грыгальчык, Пятро, Тамара Баяроўская, Давыд Баяроўскі. Беларусь ёсьць каму бараніць!.. Ліст у Рэдакцыю // Беларус. № 339. Верасень 1987.
101 Зубкоўскі, Вітаўт. Слова ў песьні. Ліст у рэдакцыю // Беларус. №320. Чэрвень 1984.
102 Швэдзюк, Мікола. Пра япіскапа Мацьвея і айца Ўсевалада. Ліст у Рэдакцыю // Беларус. № 373. Верасень 1990; Шуст, Мікола, госьць 7-й Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі. Хто яго запрашаў? Ліст у Рэдакцыю // Беларус. № 334. Красавік 1987. [Ліст супраць а. Янкі Бруцкага]; Яноўскі, Аляксандар, а. Ліст у Рэдакцыю // Беларус. № 310. Сакавік—травень 1983.
103 Кіпель, Вітаўт. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 21 (303). 20 травеня 1956.
104 Тумаш, Вітаўт. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 27 (309). 1 ліпеня 1956.
105 Тумаш, Вітаўт. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 60. 30 чэрвеня 1957.
106 Кушаль, Франц. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 58. 30 сьнежня 1956.
107 Станкевіч, Янка. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 103. Кастрычнік 1965.
108 Станкевіч, Янка. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 28—29 (310—311). 15 ліпеня 1956.
109 Швэдзюк, Мікола. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 37 (423). 28 верасьня 1958.
110 Надсон, Аляксандар, а. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 317. Сакавік 1984.
111 Кіслы, Кастусь. Гэта я паклікаю на суд грамадзкасьці. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 88. Ліпень 1964.
112 пс. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 27 (562). 9 ліпеня 1961.
113 Козыр, Міхась. [Бацькаўшчына. № 27 (562)] Сёе-тое // Бацькаўшчына. № 31 (566). 30 ліпеня 1961.
114 Сьвіслацкі, Андрэй. Пісьмо ў рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 46 (228). 12 сьнежня 1954.
115 Сьвіслацкі, Андрэй. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 168. Красавік 1971.
116 Брага, Сымон. Ліст у Рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 3 (47). 23 студзеня 1949.
117 Каханоўскі, Аўген. (А. Верасень). Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 2 (52). 30 чэрвеня 1955.
118 Акула, Кастусь. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 205. Травень 1974.
119 П. У. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 28 (563). 16 ліпеня 1961.
120 Бацькаўшчына. № 5 (632). Жнівень—верасень 1965.
121 Ю. Ар-х. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 250. Люты 1978.
122 Полацкі, С. Ліст у рэдакцыю // Беларус. № 249. Студзень 1978.
123 Васіленя, А. Ліст у рэдакцыю // Бацькаўшчына. № 49 (383). 8 сьнежня 1957.
124 Аб Беларусі ў канадыйскім часапісе // Беларус. № 81. Сьнежань 1963; Амэрыканцы аб беларусах // Беларус. № 57. 15 кастрычніка 1956; Запруднік, Янка. Беларусь у амэрыканскім падручніку // Бацькаўшчы на. № 22 (408). 8 чэрвеня 1958; Мадрыдзкая прэса аб Беларусі. (На шляхох эміграцыі) // Беларус. № 2 (8). 13—20 красавіка 1952; А-віч. «Энцыкляпэдыя Канадыяна» пра Беларусь // Бацькаўшчына. № 38—39 (573—574). 24 верасьня 1961; Сянкевіч, В. Гішпанская энцыкляпэ дыя пра Беларусь // Бацькаўшчына. № 1—2 (615—616). Студзень—люты 1964; Дубовік, Ю. «Малая Славянская Біяграфія». (У нямецкай мове) // Бацькаўшчына. № 6 (442). 8 лютага 1959.
125 Станкевіч, Ст. Зацемкі з падарожжа. [Беларускія асяродкі ў ЗША] // Беларус. № 180. Красавік 1972; Станкевіч, Ст. Сярод суродзічаў у Амэрыцы // Бацькаўшчына. № 5 (441). 1 лютага 1959; № 6 (442). 8 лютага 1959; № 7—8 (443—444). 22 лютага 1959; № 9 (445). 1 сакавіка
1959; Станкевіч, Ст. Сярод суродзічаў у Эўропе // Беларус. № 199. Лістапад 1973; № 200. Сьнежань 1973; Станкевіч, Ст. У вечным горадзе Рыме // Бацькаўшчына. № 5—6 (136—137). 8 лютага 1953.
126 Ulrich's periodicals directory: A classified quide to a selected list of current periodicals, foreign and domestic. New York, R. R. Bowker.
127 Тут і далей вылучэньні рэдакцыі газэты.
128 Беларус. № 201. Студзень 1974.
129 Беларус. № 202. Люты 1974.
130 Беларус. № 280—281. Жнівень—верасень 1980.
131 Паседжаньне рэдкалегіі «Беларуса» // Беларус. № 283—284. Лістапад—сьнежань 1980.
132 Адамовіч, Ант. Як дух змаганьня Беларусі. Да 100-х угодкаў нараджэньня Івана Луцкевіча // Беларус. № 294—295. Лістапад—сьне жань 1981; № 296. Студзень 1982; № 297. Люты 1982; № 298. Сакавік 1982; № 299. Красавік 1982; № 300. Травень 1982; № 301—302. Чэрвень—ліпень 1982; № 303—304. Жнівень—верасень 1982.
133 Праваслаўная царква ў Беластоцкім краі й беларуская мова ў ёй // Беларус. № 314. Лістапад—сьнежань 1983; № 315. Студзень 1984; № 316. Люты 1984; № 317. Сакавік 1984; № 318. Красавік 1984.
134 Да нашых старэйшых чытачоў. Подпіс: Рэдакцыя // Беларус. №297. Люты 1982.
135 Гарэцкі, Максім. Выбраныя творы. Т. 3: Апавяданьні і аповесьць «Дзьве душы». Нью Ёрк, 1975. — 160 с. Два папярэднія тамы: Гарэцкі, Максім. Выбраныя творы. У 2-х тамах. Мінск, 1973.
136 Станкевіч, Станіслаў. Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэньня. Нью Ёрк, 1982. — 145 с.; Запруднік, Янка. Спадчына баць-
коў: «агледзіны»: Да 100-годзьдзя нараджэньня Янкі Купалы і Якуба Коласа. Нью Ёрк, 1982. — 31 с.; Адамовіч, Ант. «Як дух змаганьня Беларусі»: Да 100-х угодкаў нараджэньня Iвана Луцкевіча. Нью Ёрк, 1983.— 28 с.; «Сказ пра Лысую Гару»; «Роздум ля параднай Брамы»: aнанімныя самавыдавецкія паэмы. З анатацыямі Ант. Адамовіча. Нью Ёрк, 1985.— 27 с.; Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Нью Ёрк, 1988. — 8 с. Да гэтага трэба дадаць календары палітычна-культурных угодкаў на 1983, 1984 і 1985 гг.
137 Пра Дванаццатку гл.: Запруднік, Янка. Дванаццатка. Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі (1945—1954 гг.). Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002 .
138 Успаміны напісаныя адмыслова для гэтага дасьледаваньня. Захоўваюцца ў архіве Л. Юрэвіча.
139 Пранчак, Леанід. Беларуская Амэрыка. Мінск, 1994. С. 56—57.
140 Архіў БІНІМу.
141 Zaprudnik, Jan. Belarus: at a crossroads in history. Boulder: Westview Press, 1993. — 278 p.
142 Згадвае Вітаўт Кіпель (архіў Л. Юрэвіча): «У працы з газэтаю заўсёды была самая пякучая-вялікая праблема— маладзейшыя, новыя кадры. Было зусім ясна: каб захаваць беларускую форму «Беларуса», г. зн. мову, патрэбныя будуць новыя беларускамоўныя працаўнікі. Знайсьці гэткіх сярод беларусаў-амэрыканцаў будзе цяжка. Беларусы, народжаныя ў ЗША, ведалі дастаткова мову, каб чытаць газэту, асабліва хроніку, ідэалягічныя артыкулы, але вось каб пісаць па-беларуску, тым болей працаваць з газэтаю, рэдагаваць яе, веданьня мовы не ставала. З доўгае практыкі з амэрыканскай моладзьдзю я спасьцярог, што на іх трэба «націскаць», прыпамінаць, каб яны напісалі нешта хранікёрскае па-беларуску. Было ім значна лягчэй пісаць па-ангельску, што й рабілася на англамоўных бачынах. Дарэчы, некаторыя зь іх былі і ёсьць добрымі журналістамі англамоўнага друку. Вось таму мы ўсе: і Стась Станкевіч, і Янка Запруднік, і Зора Кіпель— думалі, адкуль прыйдзе новае беларускамоўнае пакаленьне журналістаў, працаўнікоў газэты. Спадзяваліся, што часапіс «Беларуская Моладзь» будзе нібы пробным палігонам для маладых. Але, на шчасьце, сусьветныя падзеі пайшлі гэтак, што маладыя кадры пачалі прыяжджаць зь Беларусі. Газэта пераходзіла да маладых. На мой погляд, атрымоўваецца нядрэнная камбінацыя: новыя маладыя кадры зь Беларусі ствараюць газэту, а амэрыканскія беларусы газэту ўтрымоўваюць».
143 Архіў Вітаўта Кіпеля.
144 Фактычна, выйшла толькі адна кніга ўспамінаў: Кіпель Яўхім. Эпізоды. Нью Ёрк: Выдавецтва газэты «Беларус», 1998. — 305 с.
145 Радыё «Свабода».
146 «Пратакол паседжаньня рэдкалегіі «Беларус» і галоўнае ўправы БАЗА 12 верасьня 1993 г. у Нью-Брансўіку. Прысутныя: А. Шукелойць, В. Русак, В. Кіпель, З. Кіпель, Я. Азарка, Р. Станкевіч, Ю. Азарка, Б.Даніловіч, А. Міцкевіч, Я. Запруднік, А. Субота.
Абмяркоўвалі пытаньні:
1. Склад рэдкалегіі «Беларуса».
2. Зьмест наступнага нумару «Беларуса».
3. Рассылка «Беларуса».
4. Фонд «Беларуса».
Да п. 1. Запруднік запрапанаваў, каб рэдкалегія газэты складалася зь сяброў галоўнае ўправы БАЗА і добраахвотнікаў, якія бяруць на сябе тыя ці іншыя абавязкі ў працы рэдкалегіі і адміністрацыі «Беларуса». Пярэчаньняў не было.
Пастанавілі таксама, што кожнае першае нядзелі месяца ў Гайлэнд-Парку пасьля багаслужбы будзе адбывацца паседжаньне рэдкалегіі «Беларуса».
Да п. 2. Запруднік азнаёміў з матэрыяламі ў наступны нумар газэты, зазначыўшы, што трэба абавязкова выказацца ў газэце за беларускую лацінку ў пашпартах РБ, якія пачнуць выдавацца з наступнага году.
Зора Кіпель падкрэсьліла важнасьць хронікі беларускага жыцьцья ў газэце.
Да п. 3. Зрабілі агляд асобаў і ўстановаў, якім высылаецца газэта. А. Міцкевіч высылае 530 экз. (у пачках у беларускія асяродкі, у тым ліку 275 экз. Рассылае індывідуальна), Юля Андрусышына — 250 экз., Запруднік — 50 экз., 30 экз. даецца Адаму Акулічу ў радыё «Свабода», дзе газэта пашыраецца сярод наведнікаў.
Сп. Даніловіч рассылае ўсіх 266 экз: 38 экз. у Канаду, 67 — у ЗША па-за Нью-Джэрзі, 97 — у Нью-Джэрзі, 14 — за межы ЗША.
Пастанавілі зьменшыць тыраж газэты з 1 300 да 1 000 экзэмпляраў.
У сувязі з тым, што дасюль у выдавецтве няма агульнае кальпартажнае картатэкі, што не вядзецца сыстэматычнага кантролю аплачваньня газэты падпісчыкамі, што няведама, ці на некаторыя адрасы варта працягваць пасылаць газэту, пастанавілі скласьці агульны сьпіс адрасоў, куды газэта высылаецца. Зора Кіпель згадзілася заправіць адрасную картатэку ў кампутар і зрабіць адбіткі.
Пастанавілі папрасіць скарбніка выдавецтва Раісу Станкевіч падрыхтаваць да наступнага паседжаньня інфармацыю пра стан фінансаў «Беларуса».
Сп. Даніловіч паказаў фармуляр напаміну, які ён сыстэматычна высылае тым, хто задоўжыўся за газэту. Пастанавілі гэткія напаміны пасылаць усім, каму газэта высылаецца не задарма, а таксама завесьці фінансавую картатэку выдавецтва.
Да п. 4. Разгледзілі пытаньне грошай на выданьне «Беларуса». Пастанавілі зьвярнуцца пісьмова з заклікам да індывідуальных чытачоў, а таксама грамадзкіх і царкоўных арганізацыяў з просьбай аб грашовай дапамозе. Кошт выдаваньня «Беларуса» павялічыўся на $ 200 на месяц у сувязі з тым, што на выданьне нумару ў Менску (999 экз.) выдаткоўваецца штомесяц 200 даляраў.
Каб папоўніць касу выдавецтва, пастанавілі зьмяшчаць у газэце платныя абвесткі».
Архіў БІНІМу.
147 Church Slavonic, glagolitic, and petrine civil script printed books in the New York Public Library: a preliminary catalog / Described by Irina V.Pozdeeva; Сataloged by Zora Z. Kipel. Marina del Rey, Calif.: Charles Schlacks, 1996. — 142 p.
148 Надзея Кудасава.
149 Алеся Кіпель.
150 Тамара Стагановіч-Кольба.
151 Янка Жучка.
152 Раіса Станкевіч.
153 Архіў Вітаўта Кіпеля.
154 Марат Клакоцкі (11.07.1963, в. Драгічаны, Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.). Скончыў Ізабелінскую сярэднюю школу (1980), Ліепайскае мараходнае вучылішча ў Латвіі (1983). З 1983 па 1993 гг. жыў у Рызе. У студзені 1993 г. пераехаў у ЗША, дзе далучыўся да беларускага грамадзкага жыцьця. У 1997—1998 гг. абіраўся старшынём Нью-Ёрскага Аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Ад 1997 да 2002 гг. быў рэдактарам бюлетэню «Весткі й Паведамленьні Нью Ёрскага аддзелу БАЗА». З сакавіка 2002 г. стаў рэдактарам газэты «Беларус».
155 «Рэдакцыйная перадавіца першага нумару газэты «Беларус» за 20 верасьня 1950 г. акрэсьліла заданьні беларускае палітычнае эміграцыі гэтак: дакумэнтаваць і аналізаваць прычыны эміграцыі зь Беларусі, выкрываць камуністычную палітыку Крамля ў Беларусі, як і ўсіх акупантаў краіны, спрыяць кансалідацыі беларускае эміграцыі ды адлюстроўваць усе аспэкты ейнае дзейнасьці й жыцьця як у Злучаных Штатах, гэтак і ў заходнім сьвеце.
Палітычнае крэда газэты «Беларус», БАЗА ды шырокага нацыянальнага грамадзтва, якія запачаткавалі газэту, было: аднаўленьне вольнае незалежнае дэмакратычнае беларускае дзяржавы ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гэткае праграмы й гэткіх прынцыпаў «Беларус» прытрымліваўся дзесяцігодзьдзямі. Паўстагодзьдзя — даўгое жыцьцё й для газэты, і для чалавека. Мяняліся пакаленьні рэдактараў: Лявон Галяк, Лявон
Савёнак, Натальля Арсеньнева, Міхась Міцкевіч, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Зора Кіпель, Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель — мяняўся склад рэдкалегіяў, адміністрацыйны пэрсанал, дзясяткі дапісчыкаў, а газэта жыла. Праўда, былі ў нас і перапынкі. Як было сказана ў заяве ў апошнім нумары «Вестак і Паведамленьняў» Нью-Ёрскага Аддзелу БАЗА: «У 50-ці гадовым стажы «Беларуса» быў гэта ня першы вымушаны перапынак. Гэтым разам застой-перапынак быў выкліканы прычынай фінансавай насамперш — трэба было расплаціцца з запазычанасьцяй, дапасавацца да новае тэхнічна-адміністрацыйнае рэальнасьці ды ашацаваць нашую пісацка-пісьменьніцкую базу. Не забывайма, што ні заснавальнікаў газэты, ні шматлікіх іх наступнікаў ужо няма, газэта блізіцца да 500 нумару, ды жыцьцё беларускае крочыць наперад.
Дык вось! З задавальненьнем паведамляем, што пэрыяд затрымкі газэты перажыты. Аднаўляецца выданьне «Беларуса» з памаладзеў шай рэдакцыяй, у адноўленым стане, з улучаным у газэту бюлетэнем «Весткі й Паведамленьні».
Праўда, мусім адразу выказаць папярэджаньне — калі мы ў Нью-Ёрку памаладзілі рэдакцыю, знайшліся маладыя супрацоўнікі, якія ўзялі на сябе адказнасьць вядзеньня адзінага воргану-люстра беларускае дзейнасьці ў дыяспары — фінансавая адказнасьць за выданьне газэты ляжыць на Беларускай грамадзкасьці. Выдаўцы й супрацоўнікі чакаюць ад Вас — грамады — фінансавага высілку, каб сфармаваць Фонд «Беларуса» ды забясьпечыць газэце жывучасьць. Падтрымкі гэтае ад грамадзтва мы чакаем неадкладна.
Плянуем выдаваць газэту месячна, як і раней, па мажлівасьці на 8-мі бачынах, і дзеля гэтага заклікаем асяродкі й прыватных сяброў дасылаць нам хроніку, агляды беларускае дзейнасьці й артыкулы».
Беларус. № 470. Сакавік 2002.