Жыццёвыя сцежкі

Швед Віктар


Аўтабіяграфія

Маё паяўленне ў вясковай хаце 23 сакавіка 1925 года чакаў не ласкавы лёс. Белы свет я ўбачыў не адразу, пасля нараджэння, а толькі чатырохгадовым хлапчуком. Вочы мае ў маленстве заатакавала грозная трахома, і я пастаянна прабываў у цемры нізкай дзедавай хаты з шчыльна завешанымі дзяружкамі акенцамі. Аж дзіўна, што захаваў я яшчэ зрок пасля такой працяглай і знішчальнай хваробы. Ад чатырох год, праўду кажучы, і пачынаецца маё дзяцінства.

Убачаны ўпершыню свет здаўся мне проста дзівосным, казачным. Другі чароўны свет сустрэў я ў малюнках школьных падручнікаў маёй сястры. Так хацеласа перанесціся ў гэты свет, пабываць у вялікім горадзе, сярод высокіх дамоў. Мой бацька жартаваў. „Гэта усё магчыма, трэба толькі добра нагрэць ногі і дакрануцца імі да малюнка”.

Мы з суседавым сынам грэлі над плітою босыя ногі і не толькі дакраналіся. а ставілі ногі на малюнку, аднак прывабны малюнкавы свет заўсёды аставаўся для нас недаступным.

Дома ў нас былі пераважна кніжкі на рускай мове, таму раней пазнў я гражданку, чымсьці латынскі алфавіт. Асабліва любіў я ўлазіць на гару суседавай хаты, дзе ляжалі зваленыя ў кучу кніжкі з царскай прыхадской школы. Капаючыся ў гэтых кніжках, я ўжо патрапіў адрозніць свецкія ад рэлігійных. Першай кніжкай, якую я выпрасіў у суседавага сына, былі байкі Крылова. Так ад малюнкаў я перабраўся ў чароўны свет паэзіі. Пасучы з сябрамі кароў, я рыфмаваў мясцовым гайнаўскім дыялектам сатырычныя вясёлыя куплеты, прысвечаныя хлопцам, якіх не надта любіў. За гэтыя куплеты я часта здорава абрываў. Сябры смяяліся і баранілі мяне перад атакамі „пакрыўджаных”.

Першы верш на польскай мове пад загалоўкам „Канікулы”, які я напісаў у дванаццацігадовым узросце, асмеліўся паказаць настаўніцы польскай мовы са школы ў Орлі, куды я хадзіў адмерваючы штодзённа па пяць кіламетраў. Настаўніца прачытаўшы верш, сказала: „Прызнайся, браце, адкуль ты гэта перапісаў”? У маіх вачах закруціліся слёзы. Пазней аднак настаўніца, пазнаёміўшыся з маімі новымі вершамі, пераканалася, што гэта самастойныя пачынанні, і заахвочвала да далейшай працы. Пісаць вершы па-беларуску пачаў я ў арлянскай дзесяцігодцы. У 1940 годзе мяне накіравалі са сшыткам вершаў, у якіх усхваляў народную ўладу, на раённы конкурс дзіцячай творчасці, што адбываўся ў Бельску. Журы зацікавілася маімі вершамі і затрымала іх, каб бліжэй з імі пазнаёміцца. Неўзабаве пачалася вайна і вершы да мяне не вярнуліся. Асабліва іх не шкадую, былі ж гэта першя дзіцячыя спробы, не маючыя большай вартасьці. У час гітлераўскай акупацыі пераліваў я на паперу свой боль, выкліканы прымусовым вывазам ў Германію маіх аднавяскоўцаў, а таксама масавымі расстрэламі фашыстамі нявінных людзей у Белавежы.

Надыходзіць доўгачаканае вызваленне. Выжываюся ў насценгазетах беларускіх сярэдніх школ у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім. Выезд у Варшаву ў 1946 годзе, вучоба ў Акадэміі палітычных навук, а потым у Варшаўскім універсітэце і адначасова заробак на хлеб, - усё гэта на цэлых дзесяць год спыніла маю лізтаратурную працу. І толькі вялікая радасць з выпадку стварэння беларускай арганізацыі і яе друкаванага органа не ўтрымала мяне ад далейшых спроб вершаскладання. „Я беларус” – мой першы друкаваны ў „Ніве” верш. За ім паявіліся наступныя. Ці ўсё, напісанае мною, мае нейкую вартасць – ацэняць чытачы і літаратурныя крытыкі. Хачу толькі сказаць адно: не магу не пісаць. Ад гэтай працяглай „хваробы”, якая мяне поўнасцю апанавала, сапраўды цяжка вылечыцца.