Каханы горад

Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы


Яно - Частка другая

Як жыцьцё сурова ні было ў плыўнасьці спадзяваньняў, намаганьняў і плюскату рэдкіх здарэньняў-падзеяў, яно заўсёды аддзеліцца ад мінулага. Адно ў днёх не адлучваецца ад людзей, а прывучваецца да іх пайма як мушанае і як, можа, неабходнае ў выпадках скрухі духовай і звычайнай прыродна-непадступ най забясьпекі — гэта сьмерць. Але вежа сьмерці вельмі высачэзная і вельмі летуціва размаляваная ўсярэднімі пляцамі й садамі раю, што неадкладна зачэпліваеш патаень, калі толькі адважысься расказаць і пераканаць пра яе, як пра нагоду прыемнага спатканьня, як аб клічы: «Уваходзь, перад табой расчыненыя дзьверы!..»

Дык як ты ні жагацеў журбой жыцьця і як ты ні галасіў на гонях волі за дзьвярыма раю-сьмерці, усёдна ў людзей пакідаецца два праз два далягляды ўяўленьня аб адліку і прыліку жыцьця: ганьба таму, хто прыносіць сьмерць, і тут жа гэтаму напярэмкі — на трупах мы чытаем нашу перамогу…

Смутна існаваньне, цяжка і пакутна, але за закрутам вуліцы ці завулку, ці ў вогкім падвале, ці ў сухой ацяплёнай і прыбранай гасподзе (хай усяк уражваюць перашкоды) пачуеце супроцьнае іхнаму прызвычаю. Стуль кажуць: «У жыцьці ёсьцека паручэньні. Яны заводзяцца недалёка ад прадушынаў абыдзеннасьці, дзе заўжды: шуканьні, гнеўнасьць, незадавольнасьць». І яно, бадай, сымбалічна прагульвае сярод людзей. Таму і Алена, чульлівая ў шумятні навальнасьці, магла прадзейкваць сваю непаседлівасьць; мог і палкоўнік Сконтаўт; мог прадыхваць прывучанае Цярэмам і Адамчык; і праклінаць ды зьдзіўляцца ўсялячыне маладзенькая Ганя. Мабыць, практыкаваць пахісты жыцьця здольны кожны й кожная. Але па-свойму і ў сваіх магчымасьцях. Аднолькі перамога цішыні застою і цярпеньня — геній, для іх быў неабходны, а можа — і не? Ды хоць бы й ня геній, а прадслоўны нецярпун, які ўмеў клікаць, крыху паказваць, крыху журбіць і радавацца, крыху жадаць ненаводленасьці да пануючага, і тады, можа, Алена, Цярэм, Сконтаўт і Адамчык не завалокваліся ўласнымі звычаямі… А чым жа благія іхныя звычаі?

Цярэм вось, прыкладам, зрабіўся вельмі асаблівым за апошнія месяцы, калі зьвярнуўся дадому Міхась. Ён беспрамежна пачаў закончвацца ў сваёй прыкладнасьці мінулай і яшчэ небывалай. Аднак тое небывалае мела азначаны ім час. Нешта, як зразумелы час у рэчы, якая сумесна з існаваньнем і днямі й начамі можа пракончыць нас і можа на некалькі ўтораў апынуць у шчасьці і ў сутнасьці справядлівасьці. Бо ж яна ёсьць усялякая: і каштоўная, і карнатая, і войстрая ў звычайным загрубелым кавалку, але яна — усяднолькавы спод вечных мэтаў— гэтыя нашыя векавістыя першуны клічу да чагосьці небывалага!

А што трэба Цярэму? Ён жа стары, не падлетак, каб ад яго патрабаваць чагосьці ненадзвычайнага да папярэдняга. Ды і тое папярэдняе — ня новае! Старое ў папярэднім з новым старым. І не зусім праўда. Новае зьяўляецца з ходаньня чалавека за чалавечнае, але ніколі няма новага ў тым, што зьбіралася й тварыла ходаньне за існаваньне. О, гэтае існаваньне! Самае гідкое ў сьвеце, падараванае намі самім сабе!

Цярэм — прапускальны дзядуля. Ён без прыпыткі натрапіў на неадпаведнае ягонаму нораву. Чаго Міхась гэтак зацятліва цікавіцца музыканткай? Ён жа жанаты. І навошта яна махлюе перад ахвярадаўцамі сваю сьлепавокасьць у той час, калі яна не сьляпая. А пасьля выманлівага іграньня на вуліцы прыходзіць да Міхасёвага габінэту, адвязвае чорную павязку з вачэй — і Бог ведае як празорвае імі Цярэмавага сына. Мабыць, яна праношаная дзяўчына, хоць і маладая. Ах ты, пракудніца! Брала ад Цярэма ўбожыну, падтрымоўвалася ягонымі спачуваньнямі, і цяперака — на: яна заляцаецца да жанатага чалавека, у якога дзесьці жонка й сын ёсьць. І Міхась таксама нешта прымёрз на тым, што здарылася падтаптаць і пераліць праз краі ягонага жыцьця. Чаму ён ухіляецца гутарак пра жонку й сына? Што за адмернасьць у чалавека?

І Цярэм самааглядна распачаў дзейнічаць. Не забываўся паляваць дзічыну й разносіць яе мянчанам, і не забыўся папільнаваць за Міхасём. Без сумніву, гадаванец займаўся чымсьці нядобрым. Марудзіць нечага. Скраяк прыношваньня апекі над ім неабходны зноў.

Цярэм аднае суботы падвартаваў за сьляпой. Яму здалося, што ён не прарухнуўся на ейнай мэце і на сваёй асабістай дадумцы.

Сьляпая, калі ўвайшоў Цярэм да габінэту, сядзела прысваена на канапе без навязак на вачох. Яна штосьці гутарыла зь Міхасём, і нават зь вясёлым настроем.

«Праселіна няшкодная», — праімгнула ў дзеда.

Яна ж устала, прывіталася зь ім, як у сваім доме, прапанава ла яму сесьці, сама ж асталася стаяць.

Сяньня Цярэм ёй нічога ня даў. Бо за што? Як карміць ды падтрымоўваць непрытульніцу, злую жанчыну?

— А нічога — сядайце, мне толькі праслачка прыткнуцца,— невыдайна, уветліва загаманіў Цярэм. — Як жа вы здаровыя… бяз мамы сумна? — І, бадай, наўпрасткі, праснавата, разгладзіў шы трыкутнікам пальцаў абвадрэлыя знадворку вусы, дадаў:— Дахаты зьбіраесься, Міхась?

— Але. Пара ўжо.

Мажліва, тым днём зьявіўшаяся ў Цярэма прыталіна несамавітасьці прапала б пад нявыхаднасьцяй абставіны, але ён убачыў віялянчэль. Добрыя шалькі да ўзважаньня!

«Я даведаюся ўсё ад цябе… порхаўка ты дажджавая!» — прасьцерлася ў ягоных думках мяжа непазьбежнасьці.

— Зьбіраецеся? Я паднясу ваша скрыпішча…

Наадварот, ён бы працьверазеў, калі б сказаў: «Тваё дупло з восамі!»

Пакуль «сьляпая» навязвала навязкі на вочы, а Міхась прыбіраў лекарскія прылады й лекі, Цярэм, быццам неспакмечва ючы, што яны не прырыхтаваныя выходзіць, выйшаў першым зь віялянчэляй.

— Вы ідзяцё? — спытаўся ён хітра, не азіраючыся з паўпрычыненых дзьвярэй, і кінуў іх незачыненымі.

На вуліцы ён не чакаў сьляпую і Міхася. Адразу завярнуўся за вугол будынку і іншай вуліцай, другімі прасьцінкамі, пасігаў дахаты зь віялянчэляй. Яму прывабна ўяўляліся свае бацькоўскія ўражаньні: ён зробіць усё ў адзін раз.

«Прытаньваць мае некалішнія турботы аб табе я не дазволю. Ты ж мой сын і ты мусіш слухаць мяне», — вось што было правадольна шаноўна й абцяжарана ў Цярэмавым сэрцы.

— Я прачакаўся цябе… Слухай, Міхась, ты валаводзісься зь ёй, але мяне, старога, не адпраўляй насіць ейныя літаўры, — спаткаў гэтакім Цярэм Міхася, як толькі той вярнуўся дахаты. ІМіхась паверыў старэчай прастадушнасьці — у прамоўку не ўступаў. Але спытаўся:

— Навошта браліся несьці? Яна й сама магла несьці.

Цярэм адразу пакрыўдзіўся на Міхася. Папусьціцца нельга.

— Я прызвычаіўся адносіцца да нешчасьлівых з усёй спагадай…

— А я, прыбраўшы лекарскія прылады, памог бы ёй, — адказаў Міхась.

Цярэм ня слухаў яго. Старанна наліваў страву ў міскі.

— Можа прыбяліць поліўку?

Міхась зірнуў на віялянчэль у кутку.

— Яна хвалявалася за вас — дзе вы дзеліся, меркавала.

Цярэм, той самы — маўклівы, паставіў на стол страву. Ён зусім не ўважаў на прылуку спагады ад сьляпой. Зачаў:

— Ня вельмі цешуся ейнай уветлівасьцю… і спагады ад кагосьці да мяне, напэўна, добра ведаеш, не паважаю. Яна ўжо завельмі прыкараскалася да нас!

— А чаму не? Яна таленавітая. Засталася адна, смуціцца па мацеры. Усё-ткі як падумаеш — трагедыя сям'і.

— …думаць ня трэба: трагедыя й будзе трагедыя, а ня шчасьцем. А я кажу, што яна ўжо зашчыльна прыкарэла да нас… Атабе ці ёсьць вартым прыкачвацца да яе за тое толькі, што асталася адна й сумуе, сумуе… Я ня веру тваёй ахвоце спагадваць ёй.

— Вы запруга закручваеце, родны! Ня будзем пра прыкладнае — давай лепш пад'ямо.

Цярэм не прывучыўся да гэткага адказу, але вычакальна прыладзіўся на наступнае, большае. На старасьць год прыходзіцца прыдбаваць з сваіх мазгоў новую прокмець часінаў і прымаглёваць яе апраўдальнай агляднасьцяй перакананьня.

— У цябе ж жонка ёсьць — здаецца, пісаў у лістох, у цябе сын ёсьць — пісаў таксама? Пра іх ты ані слова ні сяньня, ні ўчора. Нават на пошукі не заявіў праз установу, куды ходзіш і дзе працуеш… Прыкладзіны абходзіш, а ня «прыкладнае», як ты казаў.

— А вы мяне, родны, і не прыпяклі гэтым!

— Міхась, ад цябе слухаць гэ-э-такае?..

— Вы заўсёды любіце прыпнуць мяне!.. Паслухайце яшчэ раз: я жаніўся сьперша, а потым разьвёўся — другое!

Цярэм яскрыста паглядзеў на Міхася.

— Зь дзецюка ў кавалеры перакуліўся — не спадзяваўся!

— А чаму ня гэтак? — без прыпынку на спасьцярогу далейшае гутаркі адказаў Міхась.

Нічога не пакінулася Цярэму. Цэлы вечар ён маўчаў і рана пайшоў спаць. Ягоная пашана да выхаванца крыху зрухнулася. «Вот жа прыпеўкі ў маёй хаце!» — зьдзекліва цікавала яго, пакуль заснуў на цёплай ляжанцы. За вокнамі прымоўна, наскокна на шыбіны дзьмухала завіруха. Прыпадкам ад яе павеі падзіньквала Мурзава навязь-ланцуг.

— А ў нас цёпла, — загаманіў Міхась…

Цярэм ня чуў, ён спаў моцным сном.

Гаротны Цярэм. Ведае лажыцца спаць на цёплай ляжанцы, а досьвіткам абуджвацца ды ісьці аглядаць настаўленыя пасткі на дзічыну: заносіць мяса дзічыны ўбогім людзям; думаць пра будучыню дарагога Міхася; скародзіць разважаньнямі агульны час, што даўно ажыўся ў сьвядомасьці; і, нарэшце, аддацца прыгнетнаму адчуваньню старога чалавека, у якім уявілася яму, што не знайшоў выйсьця да нечага небывалага. Ад учарайшага вечара прыйшлося думаць аб дзьвюх падзеях: пра Міхася і пра патрэбу працягваць сваю помач бедным людзям. Але ад важлівай Цярэмавай пярэчнасьці й жаданьняў ці магло што-небудзь залежаць? Ды нічога! Яму так сказаў Міхась на наступны дзень, як толькі абое, незаўважліва, злагодзілі мінулую непрыемнасьць. А потым, ці ж надта цікава гутарыць ды разьбірацца аб пасьледку Міхасёвага разводу? Міхась жа не бядуе пра гэта, значыць, і Цярэм — не!

Папраўдзе, Цярэм той раніцай крыху апынуўся ў цяжкаватым выйсьці. Завіруха не сьціхала, яна перашкаджала схадзіць у лес да пастак, таму сьціхавата, словам за словам яго прынуквала мацаць і махляваць сваю прысутнасьць каля Міхася. Цярэм, каб ведаў, што Міхась зусім не турбуецца пра сваю сям'ю, ён бы не пачынаў гутарку пра гэта… Але здарылася іншае, быццам зь юнацкай пахопнасьці, напаткалася ніякаватасьць. І ў тым выпадку, хоць Цярэм прызвычаены да ганарыстасьці і моцнасьці ў асабістых дзеях, прапаў не надзвычайна — падмяліў сябе, — і на чым? Зьвязаўся зь сьляпой і зь ейнай віялянчэляй. Як паглядзіць на музычнае «снадзіва», абапёртае ў кутку, ажно сорам бярэ. Цярпі маркотнае адчуваньне ў старой, высьпеленай душы!..

…І нарэшце пакінуў сарамаціць сябе, зьвярнуўся да Міхася:

— Заўтра пойдзеш на працу, і калі, мо' ранавата, убачыш яе, скажы: ідзі да нас і забяры сваю выману.

Міхась сядзеў каля каптурка й падкідваў смалякі ў вагонь. За ноч хата выветрылася, ён грэўся каля яго.

— Добра, але каб ведаў, што ейная рэч тутака, яй Богу, паклікаў бы яе да нас, хай бы крыху, пакуль маразы, пажыла з намі. Праўда, родны, ці не?

— Маладыя не ад сьцюжы дрыжаць! — незадаволена адказаў Цярэм, яшчэ складней моршчучы маршчукі на ілбе, гэтыя безбалесныя раны старасьці… Ах, Цярэм! Не ўсялякую шчылінку з прасьветамі зь ягонай душы можна абабіць чымсьці даведзеным ці неадведаным перад гэтым. Ня дзіва, што ў Менску нічога не адбылося і не перайменавалася ад ягоных масоляньняў людзей пасечанымі кусочкамі дзічыны. Аднолькі ён не маскаваўся — ён пачынаўся ў Боскім шуме бору, дзе паміж дрэвамі прасьвечваюцца дзюрачкі паднябёсаў, дзе прастор не рассоўваецца, не звальваецца разам з нашай сьмерцяй, а застаецца прыгодным падарункам усялякай жыцьцёвай вартасьці.

Міхась разумеў Цярэмаву старасьць, аднак Цярэмавай заўвагай цьвяліўся.

— Ну, няхай маладыя дрыжаць не ад сьцюжы, а ад чаго-небудзь іншага… але ж мы, як людзі, што жывем у большай меры лепшага жыцьця, мусім памагчы блізкаму, ці не?

— Кінь, Міхась, пытаньне: ці не! — дзед Цярэм аджыў. Як змаўчаць? Тым болей, калі адышла ніякаватасьць зрэдку працэджваць словы. Цяперака ён жадае пагутарыць, наказаць усялячыны перад тым, як пайсьці ў царкву, хоць завіруха на знадворку не сьціхае. Міхась таксама не сьцярпеў, устаў, адышоўся ад каптурка.

— Ці не!.. Ня вельмі асьмейвай маё пытаньне… Вы ж прызвычаілі мяне аддаць апошняе няшчаснаму, ці наш сабака Мурза?

— Піхцер ты, Міхась!

— О не-е! Ня ўсё напханае вамі трымаецца ўва мне. Піхцер сплецены рэдка.

— А што зь яго высыпалася?

— Даруй мне — шмат вашай паражнечы!

— А ўсё-ткі якой?

Упарты дзед Цярэм. Ён ажно маладзеў падчас гэтакіх гутарак.

— Я сказаў надысь лекару Міхасю: што я, стары, мушу рабіць у маёй магчымасьці, а ты, малады, ня мусіш блукацца ў нітох сучаснасьці як папала. Памятаеш, я сказаў: калі тваю веру зьнішчаюць не тваёй праватой справядлівасьці й учынкамі, а галоднай сьмерцяй, высылкай і расстрэламі, дык тады адкажы тым самым. Падбай і ты знайсьці гэтакі спосаб, даўгі й, можа, собска-дасьмяротны…

— Пайшоў, мой родны, паехаў! Надумаўся за тыдзень — адчыняецца рай у грэшным! Я размаўляў пра няшчасьце са сьляпой, пра яе становішча, а не пра веру… А потым гэтыя словы належаць таму забітаму лётчыку, а ня вам, вы толькі пашыраеце іх.

— Міхась, я кажу пра веру нашай дасяжлівасьці ў цяпершчыне, — не ўступаў Цярэм. Ён дастаткова рухлівы і вынаходлі вы ў разважаньнях, і настрой адказваць суравей Міхасю гаспадарна захопліваў яго.

— Яна, сьляпая, здаровая, як калодка, чаму ёй убожыць за кавалкам хлеба, за капейкай, а не ісьці з сваімі талентамі прыгнечваць зло на ейнай зямлі? Скажы, чаму ня гэтак?

— Сьмешны ты, родны! Вельмі сьмешны! Сяньня ты асаблівы, хаўтурны перад тым мінулым… Што яна, дзяўчына, можа зрабіць супраць немцаў? Яна пра гэтакія рэчы і ня гутарыць, яна найбольш расказвае пра выдатлівыя выхапы жыцьця кампазытараў, музыкантаў: яна можа абараняць толькі музыку, яна летуціць граць добрыя творы — вось што яна ёсьць.

— Ня вельмі шкада, што я не вучыўся музычыць… Ды я, Міхась, ня супраць цябе й сябе. Я наўмерваўся сказаць пра бядноту, бо бяднота, быццам нешта самае багатае ў сьвеце. Людзая бяднота — вялізная зыркасьць небывалага. Часам яна прыходзіць да нас празь мільёны ахвяраў, але потым застаецца ўсім чысталюбасьцяй і цудам… і зноў канчаецца новай бяднотай духу ды волі, або нават самым мізэрным — турботай, каб хоць лішнюю скарынку хлеба мець. Бяднота — раскладаньне чагосьці й нечага жыцьцёвага; злучэньне чымсьці й нечым вольным. О, як ты прыгожа, таемная жыцьцёвая лябараторыя!.. Кропелька вады для смаглых вуснаў — жыцьцё! І не праклённа бяднота за адсутнасьць скарынкі хлеба!

— …але ж жахліва, жахліва, калі ведаеш, што яно толькі ў цябе, а не ў тваіх суседзяў!.. Дарэмна, родны, молісься — не пераканаеш, не запамятаю твае філязофіі. Журбна ад яе, ды ўсё,— няўцешна дадаў Міхась.

Але Цярэм не сьціхаў. Ён працягваў дачытваць вусную заўважнасьць: падзіраць і голасна абвешчваць адчутае ў собскай душы шчырасьцяй жыцьця. Ах, Цярэм! Ад праклёну да спагады, ад спагады да патрабаваньняў! Аб'яўляецца ён! Каму?

— … хочацца, Міхась, глядзець на галечу і бядноту!

— … і есьці хлеб самому, — зьдзекаваўся ўветліва Міхась.— Ды яшчэ мягануць добры кукіш таму, хто будзе прасіць у цябе на адзін-адзінны кусень.

— О, не! Як на помнікі старасьветнасьці глядзець на гэта, і разумець, і адчуваць іх гэткімі, але не тварыць і ісьці за тым аджылым. Міхась, бяднота — маладзенства! Яна можа нараджаць усё добрае й небывалае; у ёй — гімн духу, пяшчота шчасьця…

— …і тая самая бяднота, — прычасьліваў Міхась да Цярэмавага казаньня.

— Ня сьмейся! Яшчэ не зыстараўся — дацяміш!.. Векавістая ў цела ісьці — бяднота!

— Значыць, бяднота — правадыр усяго і зьнечага?

— Але! — прысудна пацвярдзіў Цярэм.

— Хай па-вашаму будзе. Але герой? Героі клічуць нас да чагосьці жыцьцёвага й даводзяць яго да канца, а бяднота толькі ўмоўнасьць, часовасьць — і не герой!

— Міхась, ты скікаеш, як калека! І «даводзяць яго да канца»— кажаш?.. Але раз пра герояў, дык давай пра іх. Я ж адразу жадаю пераканаць цябе вось гэткай думкай: невядома, хто герой сярод геройскіх сьмерцяў…

— Ну, напэўна ж, не бяднота, а чалавек, чалавек-герой.

— Ня вельмі безь яе героі слынуць.

Цярэм не паважаў слова «герой». Па-ягонаму, кожны будзе героем, хто імкнецца да большага, чымсьці пануе ў сучаснасьці. Наагул, тым раньнем Міхась і Цярэм шмат пра што гутарылі і нават зь некаторай зьменнасьцяй да пагоджаньня паміж сабой. Яны па-свойску разважалі пра тое, як незалежнасьць краіны ахавана плоймай усялячыны: што ўсялякія хартыі-абяцанкі нацыям напісаны дзеля таго, каб ахаваць сваю ўладнасьць і панаваньне; што пра іх, хартыі, размаўляюць адно тады, калі яны гэтак неабходны, і ўспамінаюць як «дзівосны» мінулы момант, калі яны непатрэбныя й шкодныя, вельмі шкодныя таму, хто іх напісаў.

Цярэм аж крыкануў прароцтвам: па яго вяшчунстве, пасьля вайны зь немцамі будуць гаварыць больш пра гэтыя хартыі, але нізавошта пра сапраўдную свабоду нацыяў.

— Яны крышанком возьмуць адзін ад другога здабыткі панаваньня і патурбуюцца пераканаць сьвет, нас, вахлакоў, у сваіх «сьвятых» справядлівасьцях.

Так, дзед Цярэм знаходзіўся бліжэй да былога й будучага, чымсьці Міхась. Таму Цярэму варочацца ў нябыт, пад крыж сьмерці — пад знак перагароджанага шляху жыцьця, без памінкаў не жадалася. І ў той выключнасьці ён пакідаўся бездапаможным. Быццам ён не заслугоўваў свайго раю. Аднак ягоны рай, мабыць, быў толькі ў ягоным жыцьці, стуль аб ім ён здабываў шмат вестак.

Напасьледак бяседнікі сьціхлі — напэўна, утаміліся няжурбным для іх гуканьнем. Магчыма, яны б журбілі далей, пакуль зажадалі есьці, але якраз у малачавым подзьмуху завірухі на знадворку, як мэталічныя зярняты, задзінькала Мурзава навязь. Сабака выскачыў з будкі, загаўкаў. Праз напалову залепленыя сьнегам шыбы Міхась і Цярэм убачылі Ганю, якая, бадай, мясіла сумёты сьнегу ў прасьцінку да іхнай сялібы. Затуліўшы аблічча каўняром паліто, што неадпускна прытрымоўвала рукой, яна другой трымалася за стрымно сядла. Побач зь ёй, верхам на кані, ехаў палкоўнік Сконтаўт.

— Што за крыжак? — насьмешліва спытаўся Міхась, хоць яны абое пазналі свайго знаёмага палкоўніка.

— Зараз даведаемся… — і Цярэм апрануў кажух, выйшаў на спатканьне.

Падарожныя ў хату не завіталі — спаткаўшы на дварэ Цярэма, даведаліся, ці дома Міхась, папрасілі празь яго, каб ён наведаў хворую Алену.

— Зайдзеце ў хату, — прапанаваў Цярэм. Але палкоўнік яшчэ чалавек у мінулай дзівасіле — не пажадаў адведаць утулу прысядлівай і адзінотнай хаты сярод паляны, з быццам вечным сьнегам. Што значыць людзі не вайсковыя! Які-небудзь вайсковец адразу б пазнаў уніформу ваякі высокага ачалу (нават бы і зношаную, без адзнакаў стану) і сказаў бы дзеяздольна: «Ёсьць, пане палкоўніку! Лекар Адамчык зьявіцца да Алены ў вашай гасподзе!»

І разьвіталіся.

У тым самым становішчы быў палкоўнік Сконтаўт, як і перад ім Цярэм, але Цярэм, нейкі засмолены дзягцяр і падатлівы на паслуху, не рабіў тое самае, як робіць палкоўнік для Алены. Ды і гэта не такое ўжо ліха! У палкоўніка часіна шляхотнай манеры адышла, часіна, у якой некалі знаходзілася толькі рослань дзірвану абыходжаньня, не падсечаная ў самае адчувальнае — у корань большага, чымсьці шляхотнасьць: у чэснасьць сэрца, у адносіну захаваньня для іншых. Аднолькі яно зьявілася да яго, уцэліла ў самое вочка, у самую кропку!

«Алюся, я кахаю цябе… Падзялі ўрочнае! Буду сабакам, навязаным каля цябе!» — вось куды папала.

І ён робіць, дзейнічае. Аднак усё — мроя. Нават ягонае варушэньне — мроя. А маладая Алена паводзіцца як чалавек з памерлай жарсьцяй, мабыць, кліча яго ня быць тым, чым была калісьці сама. Ды палкоўнік аб тым мінулым нічога ня ведае. Ён наадварот: «Дакуль будзе стрымнасьць?» — пытаўся ў глухамані сваёй душы і пераконваўся: «Ашчаднасьць у яе ёсьць, але дзеля каго, каму і навошта?»

Гэтыя думкі зноў вярнуліся да Сконтаўта. Ён чакаў адказу на ягоны ліст і адказу ад Алены не атрымаў. Таму ўсьціхамі рыўся ў Аленінай моўкнасьці — пачаў уторна раздумоўвацца над будучай магчымасьцяй ейнай збліжнасьці зь ім. Сваю ж барздлівую намогу абараніць валаданьне дворам асуджваў непамерна сурова. «Я дурань!.. Ах жа, натварыў! Дай Бог, каб яно ня ўспомнілася ёй… А можа, яна і не знайшла тую крапаніну? Прынамсі, каб знайшла, дык ужо б ня выцерпела — напэўна б сваячасна друзганула сваркай?» Усё як Алена размаўляе зь ім.

І палкоўнік асьцярожна, самапарадна, нешта наводле зачапіць прыгожую незнаёмку, спрабаваў дбайнай улагодай увайсьці да Аленінай паддатнасьці.

— Алюся, усё, што жадаеце, зраблю для вас!.. Мо' прынесьці ў бутэлечцы гарачай вады пад пяткі — дык я зараз?

І яна, Алена, нават улагодзілася — не здумляла сваёй жываеднасьцяй таго, што знаходзілася ўпобач яе, хворай, у ласцы і турбоце. Але ці магла існаваць на сьвеце жыватворнасьць міласьці, пачутае ад сэрца? Яна можа схіліць адну часіну прысутнасьці дабра для кагосьці. Але што потым? Яна любіць уторнасьць, інакш забудзецца, назаўсёды забудзецца пра ўсё добрае ёй.

— Алюся, я адважваюся сказаць табе: кінь задыхвацца захапленьнем спагады кожнаму няшчаснаму ў жыцьці…

Алена згодліва, зусім не жагнутая, як раней, расьцьвельнась цяй ад неспадобнага да ейных меркаваньняў, папрасіла палкоўніка:

— Зьезьдзі на ўскраек лесу і папрасі доктара наведаць мяне. Сяньня нядзеля, ён дома, напэўна.

— Добра, Алюся, добра, любая! Якая ты — няшчасная!.. Яз Ганяй да доктара… Забадзяліся мы, Алюся… Ха-ха-ха — я ўжо навучыўся гутарыць як ты!

— Я ж казала, навучысься.

Палкоўнік парупіўся пакінуць Аленіну спальню — яго палохала наўдка прызвычаю: пяшчотная гамонка Алены вельмі часта заменьвалася гэткай незабаронай суворых словаў, ад якіх золатам ня збавісься і ракой не адгародзісься, — казаў ён потым Гані. Зь ёй ён таксама не пакідаў сувязяў. Агадваў на ўсялякі выпадак не адпасьці забрасьнелай пладзінёй! Вось жа ж людзі, набрылі адзін другога! Яны ўсе ўтраіх накінуліся на сваю асабістую сутнасьць на зямлі і намагаліся кожны па-свойму выкарыстаць яе. Яны закідваліся лаянкамі і ўступкамі; шкодзілій шкадавалі адзін аднаго, але ўсе ўтраіх не зьбіраліся абвісаць над жыцьцём абы-чым і бязь нечага. Яны не загублівалі патрэбнасьць запоўніць дваравую абыдзеннасьць чымсьці надзвычайным. Нельга ж пырхкаць зжаўцелым крысом армяка і падкасваць вопратку над тым, што і так ужо аголена да вызыўлівасьці — яны пачыналі спэкуляваць з дапамогай Ахрэма на менскіх кірмашах цялячым мясам. А палкоўнік раніцой блізу праз кожныя два тыдні паведамляў Гані — вось жа не шчасьлівіцца:

— Зноў пярэстая нарадзілася. Але нічога, на гадоўлю пакінем…

— А колькі аднолькавых маем? — пыталася Ганя.

— Чатыры. Пачакаем, шэсьць кароў яшчэ не ацялілася… Такую футру вышыем табе, што ажно Алена зьдзівіцца… усябрую — абяцаю!

Завіруха не сьціхала. Абвеяны сьнегам, неўзабаве прыйшоў Адамчык наведаць хворую Алену. За кароткі час знаходжаньня ў двары Алена паклапацілася абсталяваць ядальню, залю і кожнаму спальню. Ахрэм навыменьваў на мяса і хлеб дываноў, кілімаў, фіранак, крэслаў і сталоў. Яна ж сама наскуплявала шмат кніжак. За імі яна праводзіла ледзь ня цэлыя содні. Воку госьця кідалася ў гасподах завіхлявасьць дбайнай гаспадыні. Алена, мабыць, не жадала думаць, каб нехта, пабыўшы там, борзда забываўся пра ўтульнасьць ейнай сялібы. Яна траціла каштоўныя грошы — кавалкі мяса — без ашчады і жалю, але з спакметлівасьцяй: каб не даведалася нямецкае кіраўніцтва. Акалі й небясьпека — дык яна ж немка, неяк зь бяды выйдзе! Алене ня здраджвала сучаснасьць! У вялікай справядлівасьці яна магла абвясьціць усячутна: «Сучаснасьць мая — мае летуценьні, дзеяньні якіх зрабіліся адчувальнымі й назірнымі!» Аднак, што яны нежывыя, яна нізавошта ня скажа…

Адамчыка да Алены павяла Ганя. Ахрэму таксама жадалася выканаць гэткае паручэньне, але яму чамусьці не даручылі яго.

— Гэта я паклікала вас, доктар.

— Дзякую!

— Ганя, пакінь нас, пакуль доктар агледзіць мяне.

— Алюся, я й не зьбіраюся заставацца…

— Ах, тады прабач, сястра! — неяк апанавана адказала Алена, а калі Ганя зачыніла дзьверы спальні, зьвярнулася да Адамчыка: — Я, доктар, гэтак зьбервянела ў сваёй адпачывальні, што, шануючы згоду прыйсьці да мяне ў завіруху, мушу прасіць вашага выбачэньня… і дзякаваць вам.

— Нічога — з прыемнасьцяй!

— …вы ахвотлівы, доктар — і я нездарма запрасіла вас да сябе. Я ўпершыню ў Менску ўбачыла вас і пазнала. Але вось тутака я жыву блізу паўгода, а запрасіць не адважвалася. І нарэшце, хварэючы, надумалася: давай і запрашу… Добра, доктар, ці не?

Алена паправіла шаўковую накідку на каленях.

— …у мяне хвароба толькі назваслоўя. Я ня хворая. Калісьці спалохалася падчас забойства Зорыча, але яно прайшло само… Прызнацца вам, доктар, я прыкідвалася хворай… Неяк у жыцьці ўсё нажованае, дык я думаю: давай і я пажую каго-небудзь, мо' які наедак камусьці прынясу…

— …і найчасьцей ад гэтага нічога: найперш сябе пажуеце,— пажартаваў Адамчык.

— Вы, доктар, нават стрыманыя і асьцярожныя. — А тады з хлусьлівым усьмехам: — Мо' ў звычаі велікадушша спыталіся?

Алена жадала сказаць Адамчыку пра ейную нагоду махляваньня хворасьці перад палкоўнікам і Ганяй, каб часткова адпачыць ад усяго мінулага і каб перачытаць некаторыя кніжкі, сярод якіх яна гэтак заблыталася, што зрабілася тысячай рэвізіяў і рахубаў прохані жыцьця; і тысячнай, насьцярожлівай асокай за дасьледаваным і здабытым у яе гадох. І, бадай, яна пераканалася: сьвет увесь, і безь яе ўзбудрожанай, — прыгожы і недакорлівы! Яна быццам зьбіралася быць наддаткам у ім. Усё-ткі трэба ж было адчуваць сябе нечым, ну хоць бы кантрастам ад усяго таго, якое плача, сьмяецца, кахае, дамагаецца, ці не? Ды што ад гэтага ў яе сучаснасьці? Сучаснасьць усяго толькі безнадмера. Сучаснасьць — нічога! Звычайная турбота пра сваю абыдзённасьць; яна — кароткая, як «дабрыдзень», яна ж і нараджальніца мінулага й будучага, якім не пажывеш.

— А-а было! — скажуць калісьці. — Бярэце прыклад з таго, ці не бярэце! — дададуць некаторыя. Сучаснасьць — нічога, а нічога заўсёды і ніколі! Нічога — няспынная, даўгая часіна, як сьмерць!..

Алена ўсьміхнулася — яна навочна захоўвалася перад ім.

— Дазвольце: я ўспомню ўсё, усё зь бессумніўнай прычынай… Пачынаць ці канчаць, доктар?

І бліжэй падсунулася да Адамчыка, які ўсё стаяў каля ложку, і ў той момант, калі яна папрасіла прабачэньня за няветлівасьць і прапанавала яму ўзяць крэсла, памеркаваў: «Чым гэта скончыцца?»

— Усё ў наглядак папяю табе, і трэба заняць тое адным словам: шчасьліва кончылася.

Адамчык ціскануў плячыма, шчыра пахінуў галаву ў прыпаміне.

У Алены ажно асалода на твары.

— Не прыкідвайцеся наіўнымі — вы ж доктар, а не Алена…

Апошнімі гадамі ў яе зьявілася нешта падобнае да важнічаньня — ці ад сьвядомасьці прызначэньня здабытага самой, ці ад здарэньня — зьмены жыцьця: з кухаркі ў варшаўскай немкі да ўласьніцы двору або ад прастаты характару. А наагул, яна ведала асабістую торную мяжу і ўзьмежкі.

— Ня памятаеце? Шкада. Упершыню я спаткала вас за месяц перад савецка-нямецкай вайной, таму і сказала пра тое: шчасьліва кончылася… Я тады ня вельмі даўна яшчэ перайшла савецкую мяжу, каб даведацца пра мацер майго палкоўніка, а пагранічнікі натрапілі на мой сьлед — што рабіць? На неба ня ўзьлезеш. Чую: гудзе машына на шашы. Давай папрашуся, і якраз вы разабраліся: узялі мяне і падвезьлі. А гэтым самым памаглі ўцячы ад пагранічнай старожы вашай цяперашняй знаёмай Алене…

— …за колькі тыдняў перад вайной я быў пакліканы да службы ў вайсковы шпіталь на мяжы зь Нямеччынай, але пра спатканьне з вамі ня памятаю, — апавядаў незьбянтэжана Міхась— у сэрцы жыла вясёласьць.

— Доктар, не зусім праўда! Я ляпей дзьмухну з наступнага боку: а хто прыяжджаў да мяне на хутар і прывозіў бялізну мыць (хоць табе мылі яе ў шпіталі) і ўсё казаў: можа, павозімся ў аўтамашыне? А мне дзе там да язды, калі ў кішані тымчасовы пашпарт на імя старой мацеры палкоўніка. Вось жа неразумная была. Як успомню: на выпадак кантролю адразу б заарыштавалі. У пашпарце восемдзесят гадоў жанчыне, а тут вам дзяўчына дзяўчынай, як струк зялёны. І агледзелася на ўсё толькі тады, калі па ўсім паграніччы кароў пасьвілі, і надыйшло: гуляй, хто куды! І я ж, безумоўна, да свайго палкоўніка пайшла, пабегла ажно… Ну, цяперака памятаеце?

Адамчык, хоць і весяліўся ў душы ад гэтакай нетаемнай размовы, адхінуў крысо пінжака, пасьцебраў пальцамі па каленях, адказаў:

— Але, памятаю.

— Вы пра гэта й не забыліся, доктар. Яно яшчэ зелень зеленяй, як завязь, мой дарагі знаёмы!

Адамчык ціха засьмяяўся. Без аднаго мітухня позірку глядзеў на яе. У ім Алена заўважыла выяўленую цярплівасьць найбольш слухаць, але не ахопліваньне здарэньня кону жыцьця ў прокмеці таго зьяўленьня. Але ня час, каб моўкнуць. Спыталася:

— А чаму вы не пачалі гутарку падчас спатканьня ў сьвятыні, калі разам азіралі забітага лётчыка?

— Ня ведаю, чаму. Мо' вы скажаце? Я толькі магу сказаць: азіраў вас як нешта старасьветнае…

— Ах, вось як раздзогваеце сваё! Дык што пры гэткай нагодзе сказаць мне? О не, я скажу: вельмі добра, што вы не прызналіся да мяне… вельмі добра!..

— Магчыма.

— І вы не лянуецеся адказаць: магчыма?.. А хто казаў: не палохайся, вазьмі ў тэй старой пашпарт і паедзем гуляць. На маю адказнасьць усё будзе — даводзіў мне?

— Але, было гэтак, я не адмаўляю. Парахуйце маю небясьпеку ў той час…

— Нарэшце вы разгутарыліся… О, мой незабыты, у тым жа і справа: разрахоўка, а не парахуйце!.. Абяцалі перавесьці празь мяжу? Абяцалі. Дамагаліся свайго? Дамагаліся — і яшчэ як! Каб не палкоўнікава нябожчыца, якраз мо' неспадзеўна прывезла б вам сына ці дачку, вам — вашу. Праўда ці не? Праўда, доктар! Вялікая праўда, як неба!.. Зашасьціліся адзін у аднаго пад носам і ня ведаем, хто госьць і хто ў госьця госьцем ёсьць!.. Вы нават, доктар, павучыліся на маёй цяперашняй лекцыі сказаць мне, справядлівей прывучыць мяне слухаць: «Я пакуль што не па вашай дарозе вандрую». А вы ўсё-ткі на маёй дарозе. Дарогі не абмінаюць рэк!

— А я ня веру вам…

— …паношаную вопратку не пазнаюць новай!

— Не — дазвольце сказаць: што я ня веру ў міт сына ці дачкі. І потым вы казалі: згубілі пашпарт, а не перайшлі мяжу, бо каліб я ведаў пра вашу замежнасьць, я адцураўся вас той жа часінай і можа нават арыштаваў бы вас…

— Будзьма цішэй гутарыць, — папярэдзіла Алена. — Міхась, доктар, о, бачыш, якая я: ужо даведалася пра ваша сапраўднае імя! Не лічы мяне размоўцай хлусьні. Мы некалісьці там хлусілі абое для сваёй карысьці, а цяперака навошта? Навошта яно?

Алена ўстала з пасьцелі. Заўсёдным прызвычаем адкінула назад валасы. Падышла да дзьвярэй — папрабавала, ці шчыльна зачыненыя, вярнулася зноў да Адамчыка. Стала перад ім.

— Глядзі — пазнавай! Гэта — я!

Ён маўчаў, але ўжо справіўся зьдзівіцца зь яе: як яна зьмянілася ў стане, у абліччы. Яна была празьмерна абдараваная жаночай прыгажосьцяй і кволасьцю ейнага хараства.

— Валей пра іншае скажу. Вы, доктар — разьнік! — не адыходзячыся перад ім, зьвярнулася не надзвычайна Алена. — Не, Міхась, даруйце! Я ня буду даводзіць, што вы — разьнік… Так і трэба мне. Я палохалася распачынаць кончанае, але ня здолела.

Алена села на скраёк пасьцелі. Яна не турбавалася пра ветлівасьць. Навошта яна? Яна толькі б крыўдзіла яго і яе.

— Што ж вы змоўклі? Вас клічуць Аленай, здаецца?

— …і Алюсяй таксама — ад палкоўніка слухаю! Міхась, я незамужняя, я запісалася зь ім, каб атрымаць гэты двор, што калісьці належаў ягонай мацеры. Але пра гэта потым…

Яна дрыготнай рукой узялася за плячо Адамчыка, ледзь-ледзь нахілілася.

— Хоць вы і пакрыўдзілі мяне, я кахаю вас… цябе, Міхась. Там, у Заходняй Беларусі, я пакахала цябе. І цяперака, — Алена нахінулася бліжэй да твару Міхася, — я напагатове прасіць цябе гэтага каханьня. Буду гэтак прасіць, як у мяне просіць яго палкоўнік… Буду, Міхась!

Пошчакна пашкуматала ягоную шчаку.

— Міхась, за вамі слова.

— …ты як і тады — чароўная, але ж палкоўнік?

Алена ашчапіла Міхася… На калідоры грукнулі дзьверы — нехта пайшоў на знадворак. Алена трымала Міхася ў пацалунках. Яна свавольна цалавала яго і торыла сказ:

— Я тваёй была і буду, Міхась!

Для Міхася ўсёнае асталося звычайнасьцяй. Тое, што надышло — адбываецца, нязбыўнае — прыходзіць, яго прыводзіць былое.

— Нічога празьмернага, — цьвердзілася яму, супраціўна Аленінаму: «Я тваёй была і буду».

Прычаснасьць да мінулага не адклікалася ў Міхасёвым сэрцы. Ды што ў ім? Уважлівасьць маладога чалавека, што абышлася і пакінулася з добрым успамінам аб днёх прыемнасьці. Няўжо ж будзе яна каму-небудзь аб тым апавядаць? А калі нават гэтак? Дык небясьпекі ўсёдна ніякай. «Яна закахалася ў мяне мо' балазе сьвядомасьці да майго становішча ў грамадзе. Шчасьлівая сялянка!» Вось як атрымоўвалася ў Міхасёвых меркавань нях пра Алену. І яно, як не было разважанае, натхнёна ўпрыгожвала ягоны намер. Намер жаніцца зь віялянчалісткай. Ён уяўляў а ні ледзь зацягнутым у інтарэсы ўскрэплай дзяўчыны-Алены, якая вельмі жадае ўляпіцца ў сустань адукаваных людзей. І цяперака яно не прысутнічала ў яе дабаўкай нязьдзейсь ненай цікавасьці, а патрэбай зусім сапраўднай адпаведнасьці— яна ж валадарка двору!.. Гэтак разважалася Міхасю, можа, дзеля таго каб конча пераканаць сябе ў каханьні да музыканткі. Ён даведваўся асабістую справядлівасьць.

Але тым зімовым завірушным днём ён не апынуўся ў цяжкім бязвыхадзе, ён, бадай, як паміж сьценаў пячоры прайшоўся, бы пажартаваў із сваёй незакамянеласьці — усё лёгка даецца й давалася нядаўна.

Апаўдні завіруха яшчэ болей разьятрана й валацужліва ірвалася подзьмухам. Бор недалёка ад вёскі шумеў і трашчэў. Вецер дзьмуў якраз ад баравога боку, таму здавалася, гэтая чорная, махліва-гнуткая скруха дрэваў натугвалася адной моцай парыву кінуць сваё месца і ахутаць сабой увесь прасьцяг зямлі. Раскудлачаныя, але суцэльныя плоймай імкнуліся хмары. Міхась, перамагаючы подзьмухі завірухі з калючым сьцёбаньнем сьнежных скалак, ішоў з маёнтку да сяла па адзіных сьлядах, ужо шмат дзе загладжаных завірухай. Пад дахамі хатаў гудзела. За невялікім заваротам вуліцы ў захіне дзьвюх хатаў Міхась спаткаў палкоўніка. Ён з уцягнутай галавой у каўнер польскага шыняля ў летняй шапцы, нахлабучанай аж за вушы, патупваў там — грэўся.

— Доктар, — клікнуў ён. — На колькі словаў, будзьце ласкавыя!

Міхасёвы думкі пра Алену прапалі.

Як засьцюжанае дзіцянё, палкоўнік прыкорчваўся ў цеплыні сутульваньня. Каранатае пачуцьцё без развагі казала яму дрыжэць яшчэ больш, бо ў гэтым хваляваньні, здавалася, апушчаецца да чагосьці вольнага, прыемнага і, можа, лёгкага.

— Доктар…

Ён, бадай, уцягнуў Міхася ў захінак паміж дзьвюх хатаў.

— Доктар, я не сьцярпеў, калі ўбачыў, як яна цалуе вас… Яна будзе заўсёды гэткай. Калісьці, спаткаўшы мяне ў ліху вайны, турбавалася пра мяне… ды ейныя турботы застануцца турботамі. Яна паважае людзей гасьцямі быць, а не-е… Даруйце, доктар, вы, можа, не разумееце мяне. Я хоць палкоўнік, але ўжо адвык стрымана ды адпаведна гутарыць. Я, мабыць, ад яе навучыўся… Доктар, прабачце за некультурнасьць: падгледзеў праз шчылінку ў дзьвярох, як яна цалавала вас… і не сьцярпеў, пайшоў спаткаць вас і папярэдзіць: Алена — руіна. Яна запісалася із мной, а сужэнкай маёй не жадае быць… Доктар, я ведаю, дзеля чаго яна паклікала вас: яна зьбіраецца адвесьці майго белага каня на мяса для мянчанаў. Я згадзіўся — няхай… Доктар, вазьмеце пяць нямецкіх марак для Самапомачы, гэта ж не рублі, а грошы сапраўдныя, нямецкія грошы, вазьмеце.

— Дзякую, але даруйце: я не падбірайла!

— Не адмаўляйце — вазьмеце! Дапамажэце мне. Я ведаю, што пасьля гэтага каня яна надумае адвесьці і другога, яна такая жанчына: паахвяруе, пацалуе, а адышоўшыся — плюнуць можа… Яна прыладжваецца да вас, каб вы апаведалі пра яе, каб вы стаўлялі ейныя дзеяньні ў прыклад. А яна ж, па-мойму, убачыўшы кропліну дажджу на вашых вейках, расплачацца, абдыме вас, пашкадуе, а ў прасонках не ўздыхне нават… Ах, яна-а!

— Я баржджу дадому — сьцюдзёна.

— Доктар, вазьмеце пяць марак. Як што зноў, дык скажэце Ахрэмчыку: двор Сконтаўта ўжо ахвяраваў грошы для Самапомачы, а ад жонкі наступным разам няхай. Скажэце гэтак — не адмоўце… Якая яна дзівацкая жанчына, працягваў палкоўнік, але Міхась падаў яму руку на разьвітаньне і тым змусіў спыніць гутарку.

— Бывайце, доктар… А як сабака — не ашалеў яшчэ?

— Не, пане палкоўніку, — усьміхнуўшыся, адказаў Міхась.

Палкоўнік расьцьвелена, джыгаючы нагамі ў каленях, шчыльней уцягнуўшы шыю ў каўнер шыняля, глядзеў усьлед Міхасю. Ён шмат што не забыўся выказаць з сваёй гаротнасьці, але шмат яе пакідалася зь ім.

Палкоўнік вярнуўся дадому і спаткаў Алену з Ганяй у сваім габінэце. Цяперака там усё было па-іншаму: падвялічана выглядам упрыгожы. Не супраціўляліся вытыркнутыя спругі з старой канапы, а атоньвалі мяккія аксаміты з маладым адсьветам каляровасьці на іх. Успаміны аб колішнім павуціньні на сьценах зьмянілі ў бронзавых рамах тры краявіды мастака Цьвіркі. Усё ў старым будынку Алена папраўляла старанна. Ёй ніхто ня мог перашкаджаць у тым звычайным заслоне жыцьця, дзе затульваліся ўмовы ейнай нечапанай мроі пра ўсё і нічога. Глумленьне якой-небудзь прокмеці жыцьця ёсьць навета захаваньня будучага шчасьця, або наадварот — велізарнае адгадваньне несумніўнасьці ў сумніву!

— Ах, як зноў бязьвінна й шчасьліва!

У ёй глыбей аседжваўся вобраз цікаванай цярплівасьці: пасьпешнасьць сустрэцца зь Міхасём…

У габінэце Алена мела крыху сумную й ненадзвычайную гутарку для Гані. Ганя найперша нават не паверыла ёй, бо меркавала паступовае ўваходжаньне Алены ў апавядальнасьць, падрыхтаванасьць да вядомага зьдзеку над ёй і палкоўнікам. Яна слухала ўважліва. Штосьці дарагое належала ёй у вясёлым настроі сястры.

— Не! Не, Алюся! Не паверу! — з уражлівасьцяй ускрыкнула Ганя. — Ты нарошні, сястра, растраўляеш мяне! Ты жадаеш нешта вызначыць мне!..

— Дзе і што? — жартаўліва спыталася Алена.

— Тут у двары! — быццам напагатаваная да плачу, адказала Ганя.

— Я не хачу цябе крыўдзіць. Я ад свайго шчасьця кажу табе ўсё мне вядомае. Ты ж мне сястра, сястра родная і дарагая даражоная…

Алена, па-дзіцячаму лёгкая, вельмі вольная і кволая ў сэрцы, дурона падбегла да Гані, якая сядзела ў крэсьле каля вакна, пяшчотліва абняла яе. Прылучвалася ўсё тое, што адбылося і ўспомнілася каля паўгадзіны даўчасу зь Міхасём. Яно зноў адчувалася ў Алене сапраўднасьцяй, а ня мроенай спакусай. Яна прысела на калені каля Гані, як каля дачкі, і захоплена ў непрамільгнулай сьціхасьці загаманіла:

— Даўней, калі былі малыя, за вячэрай хваліліся маме і тату пра ўсё натворанае за дзень. Мама спадцішна ўсьміхаецца ад нашых размоў, а тата ківае галавой, утаропліваецца незадаволеным ды кажа: «Ну, ну, сакатухі, пільнуйцеся — некалі хлапцы дадуць лазы, ой дадуць, сьцеражэцеся!» Мама абдыме нас, пацалуе: «Мае вы пліскі непаседлівыя», — скажа, таксама ўсьміхаючыся… Але навошта гэта ўспамінаць? — неяк зналуску заканчвае Алена і ўскоквае з падлогі, абівае без патрэбы сукенку на каленях і па-людзку, дазволена, паблісквае прыліплымі да веек сьлёзамі.

— Што ў чалавечым сэрцы ня ўтопліваецца? — поўнасьцю ня выкарыстана, дадае яна, бадай, для сябе, бадай, дзеля Гані.

Алена спыніла ахову таемнасьці Ганінага жыцьця. Яна прызналася ёй, што была ўзятая Аленіным бацькам зь дзіцячага прытулку ў Вільні, што яе бацькі былі вайсковыя лекары й памерлі дзесьці ад тыфу; што ёй, Гані, праз тры тыдні не сямнаццаты пойдзе год, а васямнаццаць будзе; што дзень нарадзін у Аленінай сям'і для Гані лічыўся ад дня, калі яе прывезьлі ў сям'ю зь Вільні — ёй было тады два гады.

— У нас дачка падрослай нарадзілася, — калісьці люба жартаваў, здаецца, бы ўчора, Аленін бацька. Ад гэтае радасьці, закатаванаму польскімі жандарамі, дасталося толькі глядзець з таго сьвету на адсьвет свайго роду…

Якраз і палкоўнік увайшоў у габінэт.

— А я шукаю яе… Алюся, ледзь не праз год пакінула свой пакой! Вітаю цябе!.. Што сказаў доктар? Ты выглядаеш здаровай… Ганя, падтрымай мяне — безь якога-небудзь недахопу,— выказаўся палкоўнік.

— А дзе ж ты быў? — спытала Алена.

— Я ж, ведаеш, чалавек вайсковы — непаседа: пад завірухай пахадзіў, — запэўніў палкоўнік.

— Барыс…

— Нешта зноў прыходзіцца чуць маё імя, — вясёла заскочыў ён у Аленіну гутарку.

— Добра, палкоўнічак, тады я вярнуся да майго прызвычае нага, — папярэдзіла яна. — Пакуль ты прыйшоў сюды, я крыху, а можа, зусім да апошняга скрайку абвясьціла Гані некаторую тайніцу.

Палкоўнік не меркаваў пра Аленіну непрайменнасьць паказаць у самай засуканай волі поўную ягоную будучыню — месца пад дахам двору.

— Толькі не перашкаджай мне гутарыць, і ты хутчэй пачуеш маю згоду даць табе дарогу ў вячніну, у сваю радзімую, карысную ў цяпершчыне…

— …нешта ня цемлю, да чаго ты вернеш, — собілася палкоўніку насьцярожнасьць.

— Дык тады без уступаў, бо да вечару ня скончу…

— Праўда, Алюся, праўда! — з ашчаднай усьмешкай падтрымаў палкоўнік і паглядзеў на Ганю, паглядзела на яе і Алена.

— Не сумуй, Ганя. Яно балесна, але, бадай, не дармо!..

Я, палкоўнічак, пра твой ліст да мяне, памятаеш? Я таго часу, калі падкінуў яго, прачытала ўважліва…

— Кінь, Алюся — я забыўся пра тое. Навошта вярэдзіць спакой сэрцаў і ціхамірнасьць у хаце?.. Паглядзі, як дзьме на дварэ.

— Палкоўнічак, я жадаю пахваліць цябе: і нямудрае будзе мудрым, калі яно сказана сваёй мовай, надумана сваім розумам… Валадарнічай над сваім! Але ўсё-ткі дазваляй мне браць маленькую жменю дабра з твайго маёнтку. Гэта ў вадмежку — адказ на твой ліст, і наступнае, для абаіх: калі толькі Ганя кахае цябе, дык можа кахаць і жаніцца з табой. Праз год я дамагуся ў нямецкім судзе разводу — па-пісанаму закону пасудзімся. Мадзець у непаладзе больш ня будзем. Варухнемся, сябры, так ці не?

— Вось дык казка, Алюся!

— Палкоўнічак, я не кахала й ня думала кахаць вас!

— Алюся, апамятайся! Навошта ізноў пачынаеш?

Алена засьмяялася.

— Алюся, я ад каханьня да цябе напісаў той ліст. Бяздумны— я! Даруй мне!

Палкоўнік уторна зірнуў на Ганю. Яна, па-ранейшаму ўзірлівая і ахопленая ўсім, што колькі часінаў да гэтага і дабаўленага кадзе пачула, пабялелая, уразьліва плюшчыла павекі.

— Ганя, сястра мая родная і даражоная, кахаеш — кахай! Але асьцерагайся аднаго: сьціхне вайна, апынесься сярод людзей, убачыш каханьня іншых — апамятаесься. Захочацца і табе іхнага каханьня, ды позна будзе. Позна, позна! Да сьмерці можаш застацца нашчай ад гэтага неадведанага…

Аленіны словы нарэшце даткнулі Ганю. Яна, уцьвеленая, шпарка ўстала з крэсла.

— Чым нашчая?

— Каханьнем! Будзеш у колькіх кроках ад яго і ня будзеш магчы прылучыць да сябе яго. Будзеш варочацца, займацца занятым!

— Сорам, сястра!..

— Ну і словы! Што з табой, Алюся? Ды ліха нам: мудрасьць адна й тая кажны дзень… і ты, Ганя, не спрачайся, ты ж ніколі не супярэчыла сястры. Няхай яна дакарае. Слухай, — умяшаўся палкоўнік паважна і настойліва.

Алена зноў засьмяялася.

— З чаго, сястра, сьмяесься? Дзеля чаго насьмехі? — спыталася Ганя і, ураўнаважаная ў цярплівасьці, крутанулася да палкоўніка.

— Барыс, я кахаю цябе!

Яна прыпала да палкоўніка ў шчырым пацалунку.

У той дзень у яе знайшлася на душы нашчэпка. Нашчэпка незалежная і неадхільная: вырашаць пра сябе самой.

Алене не засталося чаго рабіць там, у габінэце, яна мусіла прынукна паказаць сваю задаволенасьць усё тым самым усьмехам і, са сьцісьненымі на вачох сьлязінамі, пайсьці адтуль.

Калі б не было завірухі з пранізьлівай сьцюжай і зь сьляпістым, калючым сьнегам, Цярэм ня вытрымаў бы адзіноцтва ў хаце (Міхась яшчэ не вярнуўся з наведаньня Сконтавых), самавітая наруга настрою выгнала б яго да бору. Там ён выздараўліваў, аджываў вялікай похацяй жыцьця, завалодваў зіхрынёй сілы розуму — прызначнасьцяй, што зьяўляюцца ня што іншае, як азначаная мяжа да зьдзяйсьненьня чаго-небудзь у няскончаных днёх. О, Цярэм! Стары задзірлівы дзед! Цярэм моцны й здаровы, але з колькасьцяй перажытых год, пачынаў неспакметную хаду ў нябыт! Час здабываў яго, і каб пакінуць хоць ледзь памяць, перабіраў, абнімаў яго думкамі разважлівай асуднасьці ўсяго натваронага ў жыцьці. Таму Цярэма крыўдзіла Міхасёва неспадоба ягоных меркаваньняў. Ад чаго ў тым выпадку гублялася воля самапэўнасьці да наступнага разьвітку дзеяў, пакуль яшчэ магчымых. Але ж Цярэм не бянтэжыўся! Удушу прынікала сьвядомасьць глухамані іншых людзей, ад якой заўсёды або часам можна знайсьці чалавека, роўнага сабе. Чалавек — чалавеку!

Што жадаў Цярэм? Няўжо ён зьбіраўся пакінуць малітву свайму народу? І якую? Гісторыя — Рым, Бабілён і вёрсты іншых земляў! А тут, дзе ён жыве, бы гляк парожні, напоўнены іхнымі астанкамі!.. Невядомы Цярэм! Ён ведаў свой Менск і Нямігу нявысахлую! Ён, стомлены бяскроўным змаганьнем, сьціплым казытаньнем душаў іншых, зьбіраецца сканаць у сьвятыні роднае волі. Нейкая па крыві водгуль давала яму даведнасьць пра свой Айчынны Бабілён і Рым. Калісьці даўно-даўно ягоныя папярэднікі крывічы, люцічы абараняліся ад захопнікаў, а ён, Цярэм, цяперака намагаецца здабыць здабытае — як гэта?.. Цякла ў ім адонлівая і бясконцая рака развагі, ад якой ён ня меў часу памерці. Цярэм уяўляў.

— Нас прышчэпліваюць, — казаў Цярэм Міхасю. — Перад намі пад носам круцяць і сьцелюць ідэямі або заклікамі рэлігіі. Круці ідэямі штучна, па-мастацку. Квялі імі чужыя падбітыя пачуцьці, каб зрабіць чалавека ахвотай пакоры, пашаны і згубай ахвотнасьці абараняцца, каб складаўся звычайным мэханізмам вытворнасьці багацьця, бяз позірку на свае сілы творнасьці дзеля не-сябе. Звычай да гэтае творнасьці яны нават патурбуюцца яшчэ глыбей укараніць, прыпомніць…

Міхась не згаджаецца. Перарывае.

— Справядлівасьць у захопнікаў да пакораных ці ў жыцьці незалежных дзяржаваў ёсьцека адпаведная зьява сьвядомасьці захаваньня клікі, людзей да людзей у пэрыядах ейнай няўхільнасьці, валей іхнай патрэбы.

— Люгашка скокае абы-куды, бо ня бачыць з-за травы, што наўперадзе!.. Умеркавальнасьцяй пырхкаеш? Ды я не пра справядлівасьць размаўляю. Навошта мне нейчая справядлівасьць, калі справядлівасьць ляжыць і млее паміж нашымі людзьмі, паміж тэй ці іншай нацыяй. Бо кожны, хто будзе расьці і жыць у сваім собскім саюзе, у брацтве, той будзе адчуваць трагедыяй усе ўскрыкі нядолі чалавека ад свайго народу ці іншага.

— Вы, родны, у прапаведнікі ўбіраецеся.

— А сьціхні, Міхась, ты прасьцень неміласэрны — больш нічога…

Цярэм, уступіўшы ў гутарку, паважаў свае тлумачэньні выказваць бяз зробленых перад гэтым прадмоў, але не ўхіляўся заклічных цікавасьцяй уступаў-зачэпаў. І сваю развагу ён будаваў на пераскоках красамоўнасьці разнаякасна, прастуючы да аднае мэты. Цярэм яшчэ вятлей уяўляў.

— Я прапаведнік? — перапытаўся зацятліва. — Я? О не!.. Нахлебнік эпохаў ты! Бадай паэта надворны — ты! Чаму ж не аплачаш іх тысячамі сьлёзаў.

Міхась усьміхаецца ад Цярэмавай запальнасьці, але не адказвае на пытаньне.

— Сьмяесься, доктар — сьмейся. Але я пэўны, калі б ты быў і ў сапраўднасьці паэта, дык напісаў бы пра той вадаплаў, пра нас, што гінулі там: «Навошта плачуць вочы, калі пра ваш плач нельга сказаць у словах!» — вось як махануў бы па нашых вушах.

— Дарэмнае яно! — нарэшце адклікнуўся Міхась.

— Мы — дарэмныя? Бо змушаны глядзець, як нашыя калені ад укленчаньняў пакасавелі.

— А хто ж казаў: адкажы тым, чым прынукваюць і б'юць?— спытаўся ўразьліва, без насьмеху Міхась.

— Я. Ну дык што?

— А нічога. Голас з-за вакна, а не з сваёй хаты…

— Якраз з маёй хаты, з майго сэрца… Я памятаю ўсё, што кажу, — зусім асечана, але прысвоена паправіў Цярэм і бадай без захопнасьці кончыў, даказаў надуманае: — Я, Міхась, жадаў адгаварыць цябе ад спробы ісьці за імкненьнем дзяржаўных злучэньняў. Ты ж усё-ткі абмяркуй гэнае тыцканьне. Бо ўжо даўно вядома, што ні адзін у злучэньні ці ў саюзе ня жыў добра. Заўсёды знойдзецца каста вялікіх, якім насьледуй і слухайся.

— Выдумляеце — не маё! Я належу сам свайму, нашаму! — сьцьвердзіў Міхась.

Цярэм не задаволіўся гэтакім зваротам гутаркі. Гэтулькі часу надармо ён абсягаў размах думак, і не апошніх, і ня першых мо'. Ён імі, бы сякерай, высекваў латок для сваёй набожнасьці. Ён, стары, захліпаны чалавек, чакаў убачыць непагожае цяперашняму скачваньню. Жадаў стаяць каля манумэнта собскіх дзяржаўных пераменаў — вось які Цярэм! — што кратаўся і кратаецца далей у хаце пад самым лесам. Колькі раз ён уваскрасаў падобнымі летуценьнямі! Бы сонца па адным скрайку неба праходзіць адвечны паўкруг — і нізавошта на поўнач. Так і ён.

— Я хачу сказаць: навошта залызгвацца жыцьцём у засьценях жыцьця іншых?..

— Бясконцыя пытаньні. Бы сваяка напаткаў: зачэпіш, радасны гэнаму спатканьню, і агледзісься: дзе табе — чужы.

— …але сьлепісься ад гэтай памылкі: прыемна нават з чужым, блізу падобным да роднага, пагутарыць пра сваё дарагое, бо яно твая ўцеха і перакананьне, якое няўхільна пяройдзе ў веру. Яно ня будзе тады гаворкай і казачнасьцяй мроі ў справядлівасьць, а сьвядомасьцяй тваёй сапраўднай надыходы зьявіцца перад злом моцным, каб сабраць раскіданае гняздо Айчыны…

…Апошнімі гадамі Цярэму спадабалася захопнасьць восеньскімі днямі. У асобнасьці тымі днямі, калі восень губляецца ў першых зімовых сьняжынках. Калі без адзінай зялёнай хвалі пялёсткаў збаравелыя долы, бы мякка прылегшыя, расьсьцілаюцца навакол. Закалелыя ўспырскі зямлі — узгоркі чарнеюцца лямцам узаранае глебы. Цярэм спыняўся на ўскрайку бору, крыху наводдалі ўшчалопку ніваў з жытнёвай руняй, і аддаваўся хараству прыроды. Размашліва і глуха шумяць хвоі ў бары, на небе каля самага сонца, якое, бы дзесьці далёка падвешаны ліхтар, пралётваюць расплястаныя хмаркі. Іхны лёт хуткі і спакметны. Штораз іх больш і больш. Праз шчылінкі-прась веты наўпрасткі паміж хвоямі кавалак небасхілу, скуль яны выляталі, пакрываўся суцэльнай чарнатой хмараў. Далёкі хвост бору чапляўся за іхную дымістую бахраму. Лунка вогкага паветра абвейвала налётам холаду, а зь ім, быццам жывыя істоты, пачыналі мітусіцца сьняжынкі.

Сьнег ідзе й ідзе. Зямля пухнее, пакрываецца сьнежным намістам. Быццам рэштка, на ашчаду, сьняжынкі ліпяць шчыльней на галіны дрэў. Галіны, яшчэ мокрыя ад дажджоў, ня стрымліваюць іх, стрэсваюць на праталіны каля камлёў… У думках Цярэмавых сялілася сьвежасьць, у дыханьні здаровая прахалода. У маладзенстве ён гэтак ня думаў, але цяперака, на старасьці, лятункі магчымыя знайшлі ў ім прыпынак. Яму жадалася перад сьмерцяй убачыць свае летуценьні жывым назірным вобразам дзеі.

* * *

Нарэшце з дакторскага наведваньня вярнуўся Міхась. Цярэм найперш даведаўся, што здарылася ў маёнтку, а тады зноў пачаў сваё.

— Даруй старому! Я, ведаеш, пакуль ты адсутнічаў у хаце, раздумоўваў пра тваю службу ў Самапомачы…

— Ну і што надумаўся — нічога?

— А вось якраз дацеміў. Найлепш кінь працу там. Я вельмі страшна надумаўся. Палохаюся, каб ты не зрабіўся рэнэгатам для свайго народу…

— Ах ты, мой дарагі лотра! Ты лепш, каб ня мучыць мяне прыпушчэньнямі, запісвай іх у сшытак і давай потым перачытаць мне, — добра? — крыху жартаўліва павучыў Міхась.

— Сын, не лапачы крыламі ў клетцы! Ня льгай мяне! Залыгаеш, дык мае рукі й ногі будуць думаць, казаць. Я хачу думаць, бо я не забыўся на сваіх прашчураў, я ж меў іх да мяне.

— Не забыўся і я пра іх.

— Дык тады паслухай мяне. Немцы абмануць вас, бо ж самая найлепшая хітрасьць, каб абясшкодзіць ворага, значыць, нас, падтрымаць нашы намаганьні, а тады, калі пачнем зьдзяйсьняць іх у сапраўднасьць, яны, як ужо рабілі іншыя, праз рэнэгатаў патурбуюцца выклікаць няўпэўненасьць у нашу моц...

— Яй Богу, я захварэю! Захварэ-э-ю! Ласкочаш усё пра адно. Новая ляшчотка вы! — па-мяшчанску ўцятліва ўмяшаўся Міхась і недалікатна дзёўбнуўся ў Цярэмава мяккае скрыплівае крэсла.

— Дурань! — адгрызнуўся злосна Цярэм.

Тым днём ён ня ўсё сказаў доктару Міхасю. Ён быў змушаны пратраціць зь ім гутарку пра дзяржаву. Ён вось як казаў бы Міхасю:

— Дзяржава, — разважаў бы Цярэм, — ня толькі панаваньне пасланцаў ад бальшыні народу над меншынёй, а розьніца разьмежнасьці сацыяльнага ўстрою. Яна, дзяржава, у сваю радоўку, значыла б: вартасьць колькасных якасьцяў нацыяналь нае духовасьці й маралі; зьменнасьці праўнаахоўнай хвалістасьці над адзінкамі, над грамадой у іх арганізацыях і над сувязямі народу з тымі, што выбраны кіраваць ім. Дзяржава — залежнасьць аднаго ад другога, дзяржава — самастойная гісторыя ўсялякіх вякоў, змаганьне мудрасьці і адначасна імкненьне прадстаўнікоў гэтае мудрасьці ахаваць свае асабістыя ўзвышнасьці й маёмасьць; сродак забясьпечваньня пашаны, займае першую ролю ў іхным розуме; другое — хлусьлівая ўдзячнасьць людзям за давер ці павагу; і трэцяе — намаганьні даведацца на справе пра свае наўмеры і перакананьні — наагул пахваліцца.

Калі б ён сказаў усёнае Міхасю, той, напэўна, заўважыў бы яму:

— Чаго ты, родны, віхаесься на вядомай дарозе? Дзеля якой карысьці віскаць пра ўжо здранцьвелае, вядомае? А зграбаць гэтыя абвешчаныя перакананьні таксама няма патрэбы.

Але Цярэм не пакінуў бы занядбанымі Міхасёвы словы. Ён чамусьці падакляраваў сабе змагацца зь ягонымі супярэчкамі. Цярэм адказаў бы яму таксама:

— Не падабаецца? Ня ўрымсьцілі табе? Дык некалісьці замалюю іх новымі і нячутымі.

Ах, Цярэм! Якая дзіўная ў яго намога знайсьці на дзяржаўных копішчах нечапаныя месцы. Сучасная дзяржава з дыктатарамі і з партыйнымі хаўрусамі й з адной партыяй — застаецца іх уласнасьцяй. Сучасная дзяржава — мытар бязбожны і багаверны: я не крану цябе, пакуль не паведамлёна табе аб падатку; сучасная дзяржава зусім аддзялілася ад народу-грамады: паасобку жывуць, у недаверы ціскаюцца… Дзяржава зашмат адабрала ў людзей іхных звычаёвых правоў. Я ня супраць дзяржавы. Я жадаў, каб нашая дзяржава зрабілася зборнікам людзкіх імкненьняў да Дабра і Справядлівасьці. Вось тады мы й ня будзем жыць у сацыяльнай дыхавіцы…

…Тым днём Цярэм не напаткаў нагоды выказацца свайму Міхасю пра дзяржаву, павучыць, як круціць дылам на сьвеце-млыне. Уявіў, калі б Міхась слухаў ягоныя развагі, дык, напэўна, перарваў гутарку адным замахам:

— Не падоўжыш, родны. Зарана нарадзіўся!

Распрануўся і палез на сваю заўсёдна цёплую ляжанку спаць. Пакуль засынаў, у павалоцы мрояў туманілася адно незабытае, каторае ня друзьлела скрухай і ня друзьлела, як ён, а вечна аджывала, а гэта было яно — жыцьцё.

Цярэм разумеў, пакуль чалавек не асунецца ў магілу, можа асаджаваць старасьцяй нездабытае ў маладосьці. Але якое і чым? Шкадаваць няшчасных і памагаць ім? Аднак гэта Цярэм, бадай, адхіліў, а рашуча наважаў трымацца асноўнасьці пазнаваць чалавека. Якому калі трэба дапамога — дай, зрабі, а ня трэба — вылай і прагані бяз жаласьці. Без прымусу — чалавек гультай!

Пра будучыя неабходнасьці памогі Цярэм разьмеркаваў адносна: мужчына, што паважае шкадаваць кожнага, — вельмі недарэчны, бо ён у той нагодзе робіцца няўпэўнены, а яму трэба быць пэўным ды ўвераным. Ён пачынае спрачацца ўсялякімі довадамі аб несправядлівым, і няверанаму зусім ня верыць, хоць і ёсьць у тым праўда...

Сьмешны Цярэм! Кожны дзень не наводле папярэдняга. Іяшчэ ў дадатак намагаецца падагнаць Міхася прыстасавацца да ягоных аскомінаў-развагаў. О не! Мабыць, у сваім апушчэнстве да поду жыцьця Цярэм сам нямотна адчувае аджываньне. Ён жадае тысячным наступнікам-людзям давесьці сваю недарэмшчыну на сьвеце. Ён думаў пра гэта не тады, калі клаўся спаць, або разбуджаўся й ляжаў ураньні на цёплай ляжанцы, ён думаў пра гэта, бадай, кожную часіну...

У панядзелак, яшчэ перад усходам сонца, калі Міхась мусіць рана ўставаць і ісьці ў Менск да працы, Цярэм усё-ткі асвойваўся зь ім нанова. І то якім шляхам. У Цярэма больш не знаходзіліся іншыя выйсьці-шляхі.

— Я дык ня ведаю, Міхась, як трымаць цябе. Хоць пакапаўшыся ў галаве, я здолею знайсьці што-небудзь супрацьстрым нае твайму крывацёку...

— Няўжо, родны, у вас няма іншае гутаркі? І якую волю жадаеце накласьці на мяне? — спытаўся без прыемнасьці Міхась.

— Ты ж ня ведаеш, пра што я буду гаманіць.

— Напэўна ж не анэкдоты ці навіны.

— А можа і навіны, скуль ведаеш?

Цярэм скрадліва прысеў у сваё мяккае, рыплівае крэсла дый пачаў:

— Добра, Міхась, вось ты разьвёўся з жонкай і, мабыць, зноў шукаеш тых самых грахоў. Але я, як чалавек стары, параджу табе: круціся найбольш каля гэтай памешчыцы... Я мушу толькі сяньня сказаць табе адну тайніцу: некалькі дзён даўчасу, калі ты быў на працы, яна наведала мяне. Прызналася, хто яна і дзе спаткала цябе...

Цярэм не дакончыў. Цішыня зімовага раньня ў ягонай хаце зашамацела хуткай хадой Міхася ад стала да кутка, дзе вісела вопратка. Міхась не даеў сьнеданьня, апрануўся й пайшоў да працы.

Цярэм сустрэўся з Аленай невыпадкова, і невыпадкова ён думаў паведаміць Міхасю пра тое, што было гутарана зь ёй, але Цярэм зьбіраўся атрымаць больш часу. Алена спадабалася яму сваімі жаданьнямі, што ні ледзь ня розьніліся ад ягоных. Агэта: памагаць бедным... Хто мог быць рухмяным на гэтай пахрышчанай дарозе? Безумоўна, Міхась і яна, Алена. А ён сам пакіне іржавець паляўнічыя пасткі і возьмецца пісаць «Лісты з дарогі на той сьвет».

— У мяне няма нічога падараваць у спадак Міхасю апрача перажытога, надуманага і назіранага... А можа, і перачытае мае лісты і будзе тады чалавекам непашкоджаным сярод полымя жыцьця.

Вось якія жаданьні спаткалі састарэлага, на некалькі дзён ці год пакінутага жыць Цярэма! І на Міхасёва абурэньне падчас сьнеданьня не зьвярнуў увагі: пойдзеш да Алены, нідзе ня дзенесься! Жаночая прытула маладых вабіць, — хмыліўся ў гутарнасьці дзед і пераконваўся.

А ўвечары як заўсёды вярнуўся Міхась з працы, але не адзін, а зь дзяўчынай. Няшчасны Цярэм! Няшчасны як ніколі! Міхась прывёў дадому музыкантку. Ён зноў не паслухаў Цярэма.

«Які ён непашанны чалавек!» — падумалася Цярэму. Аднак не вахнуўся: ветліва запрапанаваў ёй сесьці і прабачыць, што змушаны на хвіліну паклікаць Міхася, каб штосьці памагчы зрабіць у трысьцені.

У трысьцені Цярэм, нат добра не зачыніўшы дзьверы хаты, спытаўся ў Міхася:

— Нарэшце ажно зь ёй да мяне! У госьці прывёў?

Гэта быў першы пачатак самай несхаванай нядружнасьці да Міхася.

— Няхай бы прыйшла перад палуднем да нас і забрала сваю леру, або сам аднёс.

— Даруй, родны, непрыемна стаяць тутака і гутарыць. Некалькімі словамі ня вытлумачымся...

— Я ня слухаю цябе! Я хачу ўтлумачыць табе, што я не займаюся штучнымі практыкаваньнямі над тваімі захаваньнямі, але папярэдзіць: навошта ты водзісься зь ёй? Навошта прывёў яе да нас? Цяперака вайна — нечыстота людзкой душы й сумленнасьці і нечыстота цела. Яна ж, напэўна, з плоймай вошаў ходзіць. Аты яшчэ нанач прывёў. Дзе ж паложым спаць яе, адкажы?

— Ня крыўдзі мяне й яе... Яна мая будачая сужэнка...

— Жэнісься! — усхвалявана вымавіў Цярэм. — Вашалоўка праклённая — прэч зь ёй!

Міхась узяўся за клямку, каб ісьці ўсярэдзіну хаты.

— Добра — я зараз скажу: забірай віялянчэль і ідзі туды, скуль прывёў, добра? — Не... не! Чакай, Міхась, — сорам рабіць гэтак: няхай начуе ў нас...

Цярэм не зьмяніўся ў спатканай драбніцы дня, але ад неспадзеўнага непярэчаньня Міхася схапіўся за хітрасьць, ён сьцярог больш важлівае, чымсьці музыкантка будзе спаць у ягонай хаце.

— Як гнаць чалавека насупраць начы. Шукаць ліха не памагай...

Міхась, каб канчальна ўлагодзіцца Цярэму, сказаў:

— Маразы цяпер. Падумай, як магчымець жыць у неацепленым, разбураным падвале. Аж дрыготкі бяруць, калі ўявіш спаць там.

І Цярэм ва ўсёй асабістай здольнасьці характару ўмець ахаваць няўлету настрою сэрца пераступіў зноў, за Міхасём, парог хаты. Ягоныя вочы спаткаліся з позіркам віялянчалісткі. Ёй адчувалася ніякавата сярод знаёмых двух мужчынаў.

— Вось і вы, — магла сказаць яна да іх, у іхняй хаце.

— Уцешна, што наведалі нас, — пахваліў Цярэм. Узяў крэсла і паставіў яго блізка каля яе. Сеў.

— Зіма сёлетняя выпетрыць усіх, — працягваў гутар Цярэм.

— Другі месяц без адлігі, — падтрымаў яго Міхась. Што ж, ён мусіў неяк прыляпіцца да Цярэмавага суладу! Жадалася собскай хлуснасьці, каб адчуць і прыняць задавольную будучыню ў згоднасьці й падтрымцы.

— Вы гаманеце сабе, а я тым часам падрыхтую вячэру, — перамяніў гутарку Міхась прапановай.

— Не інакш як гэтак, — падтрымаў Цярэм.

На дварэ віскаў Мурза, і Міхась для яго першага панёс есьці. А тады, калі ён выйшаў, Цярэм нахіліўся наўсупрацькі музыканткі, загаварыў паўшапотна.

— Я ганаруся, што вы зьбіраецеся жаніцца з маім сынам, але найлепш вы крыху пачакайце з гэтым: не цяперашнім сьветам каб вяселіць — вайна, любая... Ня гневайцеся на мяне — я не адганяю вас. Шкада, Міхась вяртаецца, а так бы вы згадзіліся з маімі словамі...

Аднак, калі вярнуўся Міхась у хату, бадай вінавата, Цярэм паправіўся зусім іншым.

— ...а павячэраўшы, калі ласка, да палкоўніка Сконтаўта ў госьці. Сяньня прадпалуднем завітала сама Сконтаўціха і запрасіла да іх.

Міхась паківаў галавой — адмаўляўся.

Кароткая, але дастаткова зразумелая перад гэтым Цярэмава гутарка, а тады прапанова пайсьці ў госьці, спыніла музыкантку перад ім і Міхасём не ў ніякаватасьці, у апыненьні, калі нават і не хвалюючыся, ня можаш даведацца адчуваньнем: ці гэта напаткалася прыемнасьць, ці гэта прокмець сну, якая не абы-што прарочыць.

— Навошта нам ісьці да іх? — усё-ткі ўсьмешліва і поўнасьцю сьвядома спытаўся Міхась.

— А раз просяць, чаму не пайсьці і пабыць даўгі вечар сярод знаёмых. Што будзем рабіць дома?

Міхась скрытна паглядзеў у Цярэмавы вочы.

— Тады хоць сам, але я пайду, — крыху ганарліва, з гэткім самым позіркам, як у Міхася, аглядзеў яго Цярэм. — Не жадаеце — ня трэба, сядаем есьці. Калі ласка, прашу да стала, — запрасіў Цярэм музыкантку. — Прабачце, а як жа клікаць вас?

— Насьцяй.

— Прыгожае імя, — не адчэпліваўся Цярэм.

Стары Цярэм! Стары, як уежджаны брук. Насьця аднак вычувала ягоную нейкую няроўнасьць і яшчэ больш саромелася гэтых двух мужчынаў. І каб ня раньняя зімовая ноч, яна б жадала пайсьці адтуль да свайго сьцюдзёнага падвалу ў Менску.

Як Цярэм ні ўпрошваў Міхася пайсьці ў госьці да Сконтаўтаў, ён усё-ткі не згадзіўся...

Маладая і прыгожая Алена спадабалася Цярэму. Пасьля першага знаёмства і досыць даўгаватай гутаркі застаўся ў вялікай захопнасьці ёй. Паколькі Міхась «разжаніўся» з сваёй «выкрутасткай на абцасах», дык цяпер ёсьць другая нагода ажаніць яго — ажаніць з Аленай. Яна ж дзесьці каля нямецка-савецкай мяжы спакушвала яго, спакушаў яе і ён. Яна абы-так не магла прыйсьці і апавядаць пра сваю мінулую спокмець жыцьця! ІЦярэм, стары Цярэм, наважыўся сесьці там, дзе прыйшлося напаткаць месца.

Ах, Цярэм! Каб не прыйшла Насьця-музыкантка, ён перад тым, як сказаць ведамку пра запросіны Сконтавай, ахрысьціў бы Міхася новым пацалункам ягонай хатняй філязофіі. Ён так і ўяўляў, як будзе захоўвацца падчас гутаркі зь Міхасём і як будуць разьмеркаваны ўсе незнаёмыя дагэтуль думкі і дакоры. Іня здарылася, што наўмервалася. Неспадзявана ціхая, з пастаяннай усьмешкай, калі слухала Міхася або Цярэма, завітала да іхнай хаты Насьця. Усё гэта ахоплівалася ў зразумелую тайніцу адной ёй і іх абоіх. Але як ні было цяжка ад ліха вайны, ад няшчасьця зь ейнай мацерай, яна падрыхтавалася спаткаць іншыя надары жыцьця. Сваю будучыню і Міхасёва прызнаньне ў каханьні да яе, а потым прапанова быць ягонай жонкай, рассуджвала самай надзвычайнай зьявай у гадох. Для яе яно, што надышло, чулася такім зьяўна-прыродным, што нат не пакідалася мізэрнага зачэпу разважаць над ім дастаткова празорліва. Яна, смутлівая па памерлай мацеры, ад Міхасёвай прапановы аджыла, завіхрылася вясёласьцяй, якую зьдзейсьніш толькі тады, калі атрымаеш наводле таго, як адведаў ейную апрычонасьць у сваім сэрцы. Яна інстынктыўна адбывала павіннасьць жыцьця. Пра пырскі жыцьця, куды яны спадуць, ці думаць? Гэташняя просьбна-супакойная чароўнасьць зь цяжкімі веткамі тайніцаў забірае нашы дапушчэньні. Нешта наводле мальбы пустара яно — усё!

— Бо мы людзі на зямлі, быццам пад дахам неба... І дзіва! Сапраўднае дзіва: крапнутая дажджына на павуціньне не здаецца павуку спажывай!

Вось гэтак на той дзень зьбіраўся Цярэм усчоліць духам Міхася. А кончыць незадавольным вывадам і выглядам упорлівага каяньня Боскага і паганскага заклінаньня:

— Мне жадалася, каб не адна мая рука вітала Цябе тут на зямлі.

І даткнуць, хіба чорнымі словамі:

— Хрыстос, няўжо ты думаеш, мы кіненае тут джала?

О, Цярэм! І ён ня выказаным, адным-адзіным, накіраваўся да двору Сконтавых. Усё-ткі яму адчувалася б гаротна, калі б прапусьціў, пратэрмініў выпадак дасяжнасьці для гадаванца. Добрае ўмеркаванае месца — Алена!

Як ніколі Цярэм зрабіўся не адносным да сваіх меркавань няў і надумак. У першую зіму другой сусьветнай вайны, калі за грукатам вайсковых машынаў і гарматаў не зьвінела слова хоць бы якой большай праўды, заместа бясконцых апавяшчаньняў праз газэты і радыё тайніц нялюдзкасьці праціўнікаў, ён, Цярэм, абагрэты ляжанкай, атулены дахам хаты, зажадаў убачыць сябе, старога, выпетралага, як рачная пяшчаная ўзлонь, сьвятым. Небывалым сьвятым! І яно, уладная прыгожасьць мрояў, расквечвалася ў ім, нібы спакойная процьвень хрысьціянства, нібы прыманлівы грэх разрухі. Ён адчуваў сваю будучыню болесьцяй роднага цела. Вясёліўся да стомнасьці ў сваім думаньні аб усім і апыноўваўся, як кепскі артыст тэатру, перад... Перад кім жа? Вядома, перад Міхасём.

Цярэм належаў сьвету сваёй Айчыны. Ён ведаў, што яна ёсьць, але яна гульлівая — вось што! Кожны хадзіў па яе прасьцягох з напеўнымі песенькамі перамогі і кожны губляў іх — засыпаны пяском тых прасьцягоў. Здрадная жонка — яна! Але Міхась, аднойчы ўцьвелены ягонымі «дадзеньнямі», сказаў яму хвастліва і ўвабразна: «Ты ўжо, родная сябрыня, мабыць, не ўпершыню абсьвістваеш нялюбыя напевы здарэньняў на сваёй Радзіме і, мабыць, да самае сьмерці будзеш гэткім сьвістуном!..»

І Цярэм, незразумелы, прагнаны духова Міхасём, без супярэчак, а часам і зь імі, ішоў да лесу аглядаць пасткі паляўнічыя, або спаць на ляжанцы. Міхась усё больш пераконна, бязь зьмены адносіў Цярэма да пакорніка дакучлівых гамонак. Але здаралася, калі неспадзеўна ахінаў абы-які смутак, тады Міхась, хоць па-ранейшаму ўпорасты, апушчаны дзед у зямную кашулю, пачынаў тую ж самую Цярэмаву гутарку — знаходзілася радасьць пагутарыць пра хіжацтва паміж людзьмі, пра іхнае хісткое шчасьце. Аднак шчасьце людзкое ў Цярэмавых меркаваньнях не было штосьці блудлівае, а жыцьцё, абнятае дасьмяротным спакоем безьліхалецьця.

Цярэм гэтак зьмяшаўся зь зямнымі недарэчлівасьцямі, што на свеце знаходзіў іх больш, чымсьці дабра і справядлівасьці. Яны цьвялілі Цярэмаву душу сваім незнарокам. Сабраныя толькі звычайнай прыроднай памяцяй, яны жылі ў ім не прыкладні камі прывідаў, а перамаўляліся ўсялякімі словамі ў дрымаце чалавека, які не жадае паміраць у жыцьці.

Цярэм і тады, калі ішоў да Сконтаўтаў, думаў пра свае насуды Міхасю. Моцны мароз, ціхі прастор засьнежаных ніваў пад недалёкім чарнаватым замётам бору цешылі спадзяваньнем улагоды Міхася з Аленай.

— Прастай! Прастай — якраз на час! — у прысадзе да дваровай сялібы Цярэм пачуў голас Ахрэма. Той здалёку, будучы каля стадолы, пазнаў яго.

Цярэм пасігаў на сустрэчу з Ахрэмам. Яны былі даўно-даўно знаёмыя. Прывіталіся.

— Захлёбваюцца, братка, — паведаміў Ахрэм няўцемную навіну.

— Хто? Мо' што здарылася? — спытаўся ўважліва Цярэм.

— Навошта пытацца здарылася — ты ж ведаеш, чаго ідзеш сюды, ці не?.. Ды нарэшце ажаніліся. Цяпер, братка, я разьбяруся, хто палкоўнікава жонка... А па-мойму, — і Ахрэм пашкуматаў Цярэма за рукаў, — ён дармо ганяўся за гэтай дзяўчарухай, што на цябе падобная: усё вечна з благім спрачаецца... Асказаць па шчырасьці: Алена — дзяжа бязь цеста! Палкоўнік разумна зрабіў, што жэніцца зь меншай.

Ахрэм прыплюшчыў вока пад зашарашэлай бровай, хлопнуў па-свойску Цярэма, пасігаў побач яго да памяшканьня. Стуль з-за ваканіцаў прарэзвалася сьвятло, яно было ва ўсіх пакоях. Густы дым, зьмешаны з пахам сьвежа-наваранай вячэры, расьсьцілаўся па двары і каля голых ліпаў. Наводдалі жыльля ў кароўніку рыкалі каровы й цяляты. У гэтай наўзбочнай сялібе панавала валода жыцьця нават і ў прыходзе ночы.

— Ат і бачыш, — загаманіў уторна Ахрэм, — мне старому вазі іх...

Цярэм заўважыў:

— Чую носам сваім — ты ўжо пачаставаны...

— А па-твойму, як?.. Пастаім — справісься туды... Ажаніліся — і вазіць іх, ня выпіўшы гарэлкі? Ім што, маладзёнам: прыціснуліся адзін да другога — цёпла, а мне аднаму ў перадку мерзьні, плюшчы павекі, каб камяк з-пад капытоў ня тахнуў па воку... Ах-ха-ха! Што размаўляць з табой — размазваць сьнег па лёдзе!.. Калі хочаш, найперш да мяне зайдзі — пачастую. Ятут таксама гаспадар: усе гандлі праз мае рукі ходзяць... Ты ж паглядзі, нават спэцыяльную шапку сшылі. Усе ведаюць, хто я, і чуесься незьбянтэжаны — усё-ткі аніформа, як жыць безь яе? Каб больш аніформаў апраналі — пашаны на сьвеце было б ня ў меру. І ты, Цярэмка, тады, напэўна, ня рэзаў свой стары язык нейкімі рагімозьнімі... А як памру, я пра іншае кажу, — уздыхнуў Ахрэм, — дык ня ведаю, каму грошы запаветаць. Кажны дзень скубану лішні грош.

— Для мяне пакінь — памятаць буду, пакуль сам не скалею,— папрасіў ненасьмешліва Цярэм.

— Ідзі да пакояў — грэйся... Я гэтак пачаў гутарыць, бо наглядзеўся на іх, закаханых, маладых, што ажно самому хочацца зноў быць маладым... Вязу сабе па серанку, па расчышчана му гасьцініцу, думаю пра пакойніцу мацер палкоўнікаву, а яны пагамоняць, пагамоняць, засьмяюцца і плёх да пацалунку. Тады ажно горш старому. Неяк ад іхнага сам ня сам робісься — па каню сьцёбую, хоць і няма патрэбы падганяць яго...

— Далібог, Ахрэмка, не пабяжы босым па сьнезе!

— Цярэм, ня дзьміся навучоным — усёдна ў валёнках залапленых ходзіш, а я, ненавучоны, а хаджу, глядзі: у петравых нават!.. Але спрачацца з табой ня буду.

— Я ж і не спрачаюся.

— Сьціхні, Цярэм, я ведаю твае кепікі: так і цэліш грызануць за сядалаўку. А я ведаю адно: праз год, празь месяц ніхто не памяне Цярэма... Валей скажы: хочаш пачаставацца, дык калі ласка да майго катуха!

— Дзякую!

— Ідзі, ідзі расьпярэзвайся перад ёй, бо ж палкоўнік з Ганяй кадзе вярнуўся з пагулянкі, спаць пойдзе... — жанатым карціць.

— Няпраўда — яны баляваць будуць... Дабранач, Ахрэм!

— Добрай ці благой ночы мне ня помач, — з пагардай расстаўся Ахрэм на калідоры зь Цярэмам.

— А дзе ж твая гаспадыня месьціцца? — спытаўся похапна Цярэм.

— Наўпроцькі стаіш... Ідзі, ідзі... ракам упаўзі — паважней будзе, — цяперака зусім пакрыўджана й нясьціпла выказаўся Ахрэм. — Хвілязоп, а я маўляў сабака, дык і ня ведаю, што называюся сабакам! — з гэтым нараканьнем ён дайшоў да свайго пакою. І адразу не пайшоў усярэдзіну, а цыркнуў лёгка сьліну на сьцяну, узяўся за ручку дзьвярэй, чакаў, пакуль Цярэм увайшоў у Аленіну гасподу.

...Ейны пакой быў клапатліва абсталяваны. Ад уваходных дзьвярэй да пісьмоўца і туалетнага століка слалася квяціста-поўная сьцежка пэрсыдзкага ходніка. Ад яго да занавесу, які захінаў ад назіру Аленіну пасьцелю, расьсьцілаўся накрывам ашхабадзкі кілім. Два вялікія вакны ўзорыліся абвісяй празорыстай пеляны вэляну. Побач з туалетным столікам і люстэркам у аправе магілёўскіх разьбяроў стаяла зеленаватая канапа пад колер сьцен і занавесу каля ложку. Калі ўвайшоў Цярэм да пакою, Алена сядзела на канапе. Яна вельмі любіла праводзіць вячорны час у спальні-пакоі. Таму і паклапацілася прыбраць усё там у кволую ўтульнасьць, каб з прыемнасьцяй класьціся спаць там і, устаўшы, сесьці на канапу і, бадай, ясьніста ацяжарвацца развальнасьцяй старасьветнай памешчыцы.

— О, як добра, што вы найперш да мяне! Сядайце.

З уражаньнем на абліччы борзда ўстала Алена з канапы і прапанавала Цярэму крэсла. З гасьціннай рупнасьцяй падтрымала Цярэма за руку, калі ён садзіўся.

— Як ня радавацца — нарэшце вы наведалі мяне, — з шчасьлівым усьмехам, бадай, у самае Цярэмава вуха гаманіла Алена. Аднак Цярэм апрача прывітаньня: «Добры вечар, спадарыня!»— нічога не адказваў на ейныя ўважнасьці. Ён таксама, не з малой прыемнасьцяй, усьміхнуўся, але зь неадступным хваляваньнем, якое найбольш зіхрылася на ягоным ваччу і выяўлялася ў намозе рук абаперціся на бакавыя пярэчыны крэсла. Скрытна зірнуў на Алену.

— Дзіця маё, — пачаў Цярэм, — а як інакш? Я адразу да вас, каб крыху пагутарыць...

— Хіба ж толькі?.. А што, Міхася ня будзе? — спыталася з пэўнай насьцярожнасьцяй Алена.

— Ён дома застаўся.

— Ах, як шкада! Я пайду сама і прывяду яго сюды. Няхай пабачыць, як буду жаніць палкоўнічка з Ганяй...

— Гэта з Сконтаўтам?

— Але, з Сконтаўтам — няхай будуць разам... Ах жа Міхась! Тут ягоны Арэмчык ёсьць... А ўсё-ткі я прывяду Міхася!

— Ён ня прыйдзе... мы ўдваіх аб чым-небудзь дамовімся.

— Вы нешта благое прынесьлі мне. Не трымайце — кажэце!

Алена не адыходзіла ад Цярэма. Ён узяў яе за руку і сам, чалавек нецярплівы, сказаў заўсёдным прызвычаем — безадхільнай прасьціннасьцяй:

— Ён думае жаніцца.

Алена вярнулася да канапы, села зь неадступным пазіраньнем на Цярэма.

— Жэніцца?.. А ведаеце, Цярэм, каб вы маладым былі, дык напэўна б ажаніліся з мной, праўда ці не?

Нясьмешная ўсьмешка кранула Аленіна аблічча.

— Ну скажэце — прашу!

Цярэм ледзь-ледзь прысядліва зварухнуўся ў крэсьле і пачаў гутарку пра намер, што жадаў паведаміць ёй.

— ...валей дамовімся, якім прыманам адвярнуць Міхася ад жанімства з тэй паганкай, накш яе й не назаву.

Прынікнуты завіхнасьцяй запэўніваць ды пераконваць, Цярэм узьняўся з крэсла.

— ...з музыканткай вашывай надумаўся — доктар называецца.

— Навошта, мой старэнькі жаніх? Навошта сьцюдзяніць тое, што належыць ім?

— Спадарыня, я паважна хачу гутарыць пра гэта!..

— ...дзякую! Даруйце за недалікатнасьць!

— Я не сярдуюся за вашыя прокмеці. Я прапаную, як зрабіць немагчымае сваім. Аднюсенька ўважліва паслухайце мяне.

— Дзякую! Прашу! Я люблю прасіць...

Алена падбегла да Цярэма, абняла за шыю. Узбудрожана прыціснулася да ягонай шчакі. З душэўнай выразнасьцяй патрэбы агледзела аброслага барадой Цярэма. У яе знайшлося адразу зьдзіўленьне ад навіны, і больш яно не адрозьнівала якіх-небудзь іншых уражаньняў ці думак.

— Жэніцца? Няхай!.. Навошта парады мне вашыя?.. Але вам скажу: вы насапраўды мой сужэнец, што парупіўся састарэцца, — прашаптала яна, бадай, у зьдзеку зь Цярэма, бадай, у хвараблівым дрывеньні. Ёй не жадалася адыходзіцца ад сябе самой — завяліка была спрагнасьць да таго, што жадала.

— Не хвалюйцеся, — паспрабаваў упрошваць Цярэм, і ў гэты час пастукалі ў дзьверы пакою.

— Ах, Ганя, калі ласка!

— Алюся, у сталовай усё падрыхтавана. Пакінула дзьвюх жанок падносіць і прыбіраць. Ужо каля паўгадзіны да пачатку.

— Дзякую, Ганя!.. А жанкі тыя могуць дадому ісьці, бязь іх абыдземся...

— А-а, добры вечар вам! — нарэшце прывіталася Ганя зь Цярэмам, а тады, абыякавая пачуць Цярэмаў адказ, як птушка перад узьлётам — лапкай па крыле, шарахнула даланёй па сукенцы, пацікавілася ў Алены: — А як падабаецца мая сукенка? Барыс падараваў.

— Мая сястрыца, а я й не заўважыла!

Крыху адышлася ў сьцень сьвятла лямпы, каб аглядзець Ганю зводдальку.

— Вельмі прыгожая! Вельмі, сястрыца!..

Памалу вярнулася да яе, і яны пацалаваліся. Ганя зараз жа накіравалася да выхаду. Зачыняючы дзьверы, яна кароткім супакоем, недадумна: чаму ён тут, зірнула на Цярэма.

— Мы й безь Міхася абыдземся. Хутка з вамі шусьнём за стол, і ўся наша нярадасьць у келіху ўтопіцца! — як толькі выйшла сястра, зьвярнулася Алена да Цярэма. — Мо' як-небудзь там падробімся пад вясёласьць палкоўнікаву і сям'і Арэмчыка— ён ізь сям'ёй у нас — забылася сказаць вам... Але Міхасю перадайце ад мяне: няхай сірот ня плодзіць...

— Якіх сірот? — схамянуўся Цярэм.

— Тых, пра якіх вы, мой згодны спагаднік, казалі...

— Даражоная, Міхасёвы непаладкі жыцьця я не хвалю, — заўважаў спакойна Цярэм, мабыць, абы адказаць бяседніцы на дапеклівы ўцем.

— Не крыўдуйце на гадунца свайго...

— Хай, па-вашаму, гадунец, але ён мой сын, з маіх рук пайшоў у людзі, і між людзьмі ня рак ашпараны, а тое-сёе значыць ім ды мне.

Цяпер ужо зусім авалодна адказаў Цярэм Алене, а тое, што зьбіраўся ўмовіцца зь ёй, прыпынілася. Ён затурбаваўся іншым. Заясьнілася небясьпека будучага знаходжаньня Міхася перад вачыма грамадзтва. Трэба пераканаць Алену аб ейнай несправядлівай узвазе Міхасёвай параднасьці.

— Мой сын — чалавек добры. Малады яшчэ, а маладыя, вы ўсе, наўднім днём не жывяцё...

— А я не ганьбую яго. Адно сказала: сірот няхай ня плодзіць!— сумна-шапотна ўторыла Алена ранейшыя словы, і Цярэму яны не спадабаліся непадзельна ды аканчальна.

— Я зразумеў вас, каб усё, што знаходзіцца каля вас, мусіла задавальняць вас? А вось спрыт спраставаў не туды, куды думалася: сірата зьявілася. І пра тую сірату вы ні адным гукам спагады, нат праз зубы, не спрабавалі выціснуць, а пакуль сірата дзесьці ў памяці існавала, каханьне да майго сына апынулася спадкам дзеля вас, хоць яно й ня ёсьць гэтак. Вы ўспомнілі сірот тады, калі зразумелі, што нейкую быццам волю мой сын адабраў у вашэці. Крыўда на яго бясчасная, яна — як жменя солі ў вочы...

— Мой шанованы, лепш скажэце: як палец у калясо! — перашкодзіла Алена Цярэму, быццам зьбянтэжана, быццам з ахвотай гутарна пагуляць або пазьдзекавацца зь яго, гэтак як рабіла з палкоўнікам. І Цярэм не прапусьціў міма. Яно запэўніла яго, што Алена насапраўды жадае знайсьці выказы, якія б абразілі яго й Міхася.

— Я прыйшоў з добрым намерам да вас, а вы-ы...

У дзьверы пастукалі. Цярэм заняўся з сваёй вушлатай шапкай — пакручаваў яе ў руках з захаваньнем маладога, сурова выхаванага хлапца, бо... Усё-ткі трэба ўхіліцца разрыву з Аленай. Настрой жанчыны, якая спадзявалася дакончыць недакончанае шчасьце — быць каханай Міхасём, даўцяўся ім. А таму аставалася: як найбаржджэй пайсьці ад яе.

Алена адчыніла дзьверы. Ахрэм клікаў займаць месца разам з гасьцямі.

— Добра — я зараз.

З паўадчыненых дзьвярэй на калідоры пачулася некалькі ўрачыстых пахлопаў Аленінай далоні па шчацэ Ахрэмавай і вясёлы гутар Арэмчыка. З Арэмчыкавых вуснаў голасна пачулася:

— Нерухомасьці цяперака, пане палкоўніку, манастыр Боскі.

Размова і сьмех заглухлі — Алена зачыніла дзьверы. Ахрэм ад задавольнасьці адрывіста кашлянуў усьлед.

— Ну нічога — забудземся на ўсё... Час павяселіць! Адвясёлімся на іх вясельлі, а на маіх хаўтурах! — сказала яна зналусна-моцным голасам.

Цярэм адмовіўся.

— Нізашто. Я не патрэбен тут.

І Алена ня ўпрошвала яго астацца на гасьцяваньню. На ягонае пажаданьне — Дабры Божа! — яна не магла адказаць. Як толькі ён выйшаў з пакою, ізь сьцісьненых вуснаў разьбегліся галіністыя, кароткія складачкі па абліччы. Гэтая непраменная маланка душы судрыгнула ейны стан, пакутна прытуліла далоні да вочаў, і ўся прыгожа складзеная постаць абнялася хвалістымі зборачкамі сукенкі. Яна плакала.

Доўга балявалі Сконтаўты зь сям'ёй Арэмчыкаў. Адбывалася й зьдзяйсьнялася Аленіна навага, што абвесьцілася ў неспадзеўных абставінах для самой сябе: зноў спаткацца зь Міхасём. Яна прынесла яе ў сваю незалежнасьць асудку здары: дамаглася бачыць пакліканыя схопы рассудкаў і наветаў самымі аб'явістымі існасьцямі магчымасьці. Яна захапілася гэтым. Паклапацілася прынесьці палову ўжо зьдзейсьненага свайму імкненьню: настоіла, каб палкоўнік жаніўся з Ганяй. Разьлік быў зусім звычайны, але з двух разнайменьнікаў намеру. Тое, што палкоўнік тайна жыве з Ганяй, як з жонкай, пра гэта будзе ведаць толькі Міхась; і другое, больш канчальнае: яна зьвяртаецца да акупацыйнага нямецкага суду аб разводзе з палкоўнікам, пасьля чаго той можа абвясьціць шлюб з Ганяй.

І надуманае зрабілася сапраўднасьцяй.

Пра гэта Арэмчыкі ня ведалі, яны былі запрошаныя пагасьцяваць і крыху адпачыць уводдалі зруйнаваных камяніц сталіцы. Ды Арэмчык якраз ня той чалавек, каб гасьцяваць, растрачваць часіны жыцьця дарэмна. Ён шукаў у палкоўніка сяброўства вельмі добрага й адданага. Таму ён шчыра й няшчыра хваліў гасьціннасьць гаспадароў, захапляўся стравамі, распускаўся даўгімі размовамі пра сваю парадачнасьць і дбайнасьць, аб досягах у працы па ахове мянчанаў ад ліхалецьця вайны; тлумачыў вартасьць золата і самацветаў на пясьцях ягонай дачкі й дамаведкі; і, нахіліўшыся да Алены, з самапрыемнай усьмешкай даводзіў ёй:

— Я не мікроб, як вы сказалі, я — малекула матэрыі нашай эпохі.

Алена, не разлучаная аніледзь зь Цярэмавай навіной, з чаканьнем прыпыну ў Арэмчыкавай гутарцы, непрысутная ў сваёй задавольнасьці жанчына, адказвала Арэмчыку з выглядам мужчыны, які напатканага бяседніка ўжо даўно пагарджае дый ненавідзіць: «Па-мойму, тую матэрыю вы не мацуеце і ня творыце, а разьядаеце. Мікробік-малекула вы!»

Арэмчык сьмяяўся. Па прызвычаі гэтак захоўвацца да жанчын, вольна і ўласна, правёў рукой па Аленіным усьплеччы. Яны былі роўныя ў гутарцы.

— Жартуеце зь мяне бяз жалю… Даруйце, я крыху пазьней дакажу вашу памылку… Пане Сконтаўце, што вы прыліплі да маіх дзяўчат? — зьвярнуўся ён, вясёлы й не зьбянтэжаны Аленінай кпінай, спакметнай, як злая хвароба.

Палкоўнік у ціхаміры варшаўскай ветлівасьці — экстаз забыўлівасьці сябе, папрасіў прабачэньня ў Арэмчыкавых жанчын і Гані, пайшоў ад іх. Яны, пакуль Арэмчык гутарыў з Аленай, слухалі ігру Арэмчыкавай дачкі на піяніна. У дачкі адрасьлі вельмі каляныя пальцы для авалоданьня адзыўнасьцяй клявішаў піяніна, але бацька патрабаваў умець, і яна скаралася цярпеньню знаходзіцца кожны дзень, надвячоркам, музычыць. Дамаведка ж Арэмчыка нават паспрабавала выпеяць нейкую для яе ўразьлівую песьню і адмовілася, бо ня ведала зь яе ўсіх словаў. Гэта быў да сьмерці баравы шум шчасьця! Шчасьця, якое можна бачыць і выяўляцца ў ім.

Але бывалі дні, калі яна прынуквалася ў самай горшай натузе выканаць Арэмчыкавы даручэньні. Займацца адшуканьнем абшліфаваных і апрацаваных скарбаў зь зямлі — золата або дыямэнтаў. А таму яе можна было напаткаць на рынках паміж затулаў руінаў, у захонах брудных наўгародаў. Яна поўнасьцю зрабілася спрытлівай, находлівай куркай. У непадазро най здольнасьці выграблявала на ўсялякай дрывотні-шуметнітку зярняткі зіхатлівага мэталу і цьвярдыя крупіны самакаляроў. Азнайшоўшы, усё астатняе тады дакончваў сам Арэмчык. УАрэмчыка дзеля перамены на неспарахнелую спажыву-каш тоўнасьці было дастаткова харчаваньня — аўсянага хлеба, паахвяраванага для мянчанаў. Ды зачастую ён спалучаў «калекцыянэрскія» выхадкі з больш наяўнымі фінансавымі рухлівась цямі, ад якіх нават мусіў цьвяліцца й асьцерагацца — гэта называлася ім грашыма-чыстагонам. Бадай, геамэтрычнай укладнасьцяй чагосьці.

А тады, калі падышоў да яго палкоўнік, спытаўся:

— Ну што, пане палкоўніку, нагутарыліся, — і як быццам ня госьць, а гаспадар узяў за далонь палкоўніка дый падвёў бліжэй да сябе. Ціхім галаском ажно ўторны раз даведаўся пра здароўе, пра самаадчуваньне ў «далечыні ад натоўпу», падзячыў за добрыя настойкі й нарэшце прапанаваў паслухаць некаторыя вельмі важлівыя неабходнасьці.

Скупчаным абліччам з выразьлівай уяўнасьцяй жаночай асьцярожн асьці на ім азірнуўся на Алену.

— Пане палкоўніку, мне так жадалася завітаць да вас… Мне ўдалося, мо' сказаць здарылася, здабыць з разбураных аптэкаў і фармацэўтнага заводу шмат мэдыцынскіх лекаў. Перахоўваць іх у Менску не выпадае: вайна круціцца як чорт — могуць самалёты наляцець і збамбіць, могуць здарыцца і іншыя няшчасьці сярод галечы ды руінаў…

— О, гэта так! — раўнадушна пацьвердзіў палкоўнік недакончаную гутарку. І з падлоб'я глянуў на Алену. Іхныя позіркі сустрэліся. Яна таксама далучылася да жанок, якія моцна сьмяяліся ад анэкдота, апаведанага Арэмчыкавай дамаведкай.

Палкоўнікава ўстаўка задавольна падзейнічала на Арэмчыка.

— Прыемна чуць, што вы разумееце мяне, бо на мне спачывае цяжкі абавязак часу. Але трэба думаць і пра сябе, бо ж ня можа быць чалавек аднаго прычыну — трэ ўсебаковасьць. Акалі яе няма — захлынаесься, увалісься, як казулька ў яму, і будзеш поўзаць там і ня ведаць, што ўваліўся туды.

Арэмчык папрасіў палкоўніка сесьці на канапе.

— Я веру, што ўмоўлюся з вамі, пане Сконтаўце… — і, быццам павучок на аддзельнай павуціне, павіснуў водзіркна на жанках. Ён чагосьці асьцерагаўся. За ім утаропіўся і палкоўнік, але позірк таго, у адмену Арэмчыкавай асьцярожлівасьці, быў зьдзіўлены: Алена найпершая перарывала агульную гасьціннасьць — жадала жанкам добрай ночы. І Арэмчык, калі пачуў, што яна адыходзіць, блізу ўскочыў. Не чакаючы Аленінай ласкі разьвітаньня, пакрочыў да яе, каб пажадаць добрай ночы ды з паважнасьцяй сказаць свой заўсёдны, аблякаваны камплімэнцік:

— У сьне мы абсыхаем! Дабранач, спадарыня! Мне было прыемна з вамі!

Дамаведка і дачка ад гэтых словаў прарэзваліся застыглай усьмешкай, прырыхтаванай трымацца хоць бы да самай сьмерці. Арэмчык за іхную ўветлівасьць абавязкова паварочваўся да іх і дараваў ім моўкны, ухмылісты позірк, значыць, ён кончыў.

— Прыгожую жонку напаткаў… вельмі прыгожую, — пахваліў Арэмчык Алену, як толькі яна выйшла зь ядальні. А тады чутней вярнуўся да ранейшай гутаркі.

— Я, пане палкоўніку, жадаю прасіць у вас месца ў склепе…

— Навошта ж гэта? — спытаўся палкоўнік, неахвотны працягваць гутарку. Ён губляўся ў іншай волі неспакойных думак. Пачынала акоймаваць яго Аленіна ўзьдзея, што кадзе прывяла да жаніўства з Ганяй, і адначасна зьяўлялася нараклівая шчыміна асуджэньня асабістага захаваньня на будучае, ужо не з Аленай, а з Ганяй — з сапраўднай жонкай.

— …мэдыкамэнты перахоўваць буду. І, думаю, за ўсё будзе добры зыск, а на вашу долю рэнтныя пападуцца ня ў крыўду, а даходам. Згодны ўпусьціць?

— А чаму не — калі ласка… склеп пустуе.

Арэмчык удзячліва працягнуў руку палкоўніку.

— Паверце, пане палкоўніку, ад першае часіны знаёмства там, у Менску, я зразумеў вас сябрам і чалавекам каштоўнай якасьці… таму дзякую й цешуся вашай ахвярнасьцяй. Вы ж нямецкага паходжаньня.

— Ах, нічога! Чаму не адмілаваць на патрэбу?

— Даруйце, што падчас гасьцяваньня я парупіўся гаварыць пра мае клопаты. Мы людзі і ў нас кароткі час для жыцьця і для ўсяго.

Яны абое замоўклі, бо Арэмчык ад неспадзеўнай дамовы, бы калека ад багатай убожыны, разьлічана заглузьдзеў — уветліва глянуў на палкоўніка, на Ганю і на сваіх жанок, пачаў занята пашукваць у кішанях, прамаўляючы:

— Дзе ж гэта я паклаў?

Але ў сапраўднасьці ён нічога не шукаў у іх — ён проста хацеў задаўніць палкоўнікаву згоду. Як выпусьціць каштоўнасьць парожніх скляпеньняў пад маёнткам? Яны апынуцца ў надзейных руках, яны пад сталёвымі замкамі будуць паступова ўціскваць пладзіню Арэмчыкавага дабрадзейства. А што там гэткага? Звычайныя валяр'янкі ды бэлядонны! Навошта, каб яны перашкаджалі сталіцы і так ужо скамянёнай і ўсім засмуроджанай. Невялікія шкляначкі і ўсялякія парашкі зусім безынтарэсна падбяруцца, паставяцца ў скляпеньні, а потым перашлюцца, ды хоць бы ў Прагу, у Бярэсьце, там яны будуць карыснасьць. Часам мізэрная гарашыніна, а накорміць! Паглядзець: шкляначка! Зьбіраеш гэткія нікчэмнасьці выключна для асабістай прыемнасьці, а прыгледзісься — заўважыш: яны і ў багароднасьць цябе ўнураць, — пацярпі толькі. Шкляначка не парожняя! Шкляначкі з мэдыцынай! Арэмчык будзе ратаваць імі людзей у ліхалецьці вайны ды адначасна клапаціцца пра сваё жыцьцё на будучае. Мусіць жа кожны пра сябе падумаць і вырашыць, да чаго ісьці, да чаго прыперціся, дзе схіліцца, а перад чым устаяць і вытрываць! Ах, Бог, якіх пераменаў, заклікаў, адмоваў і захадаў ні напаткаеш у жыцьці!

— Але… але, — адклікнуўся палкоўнік, быццам здаўмелы моўкнасьцяй. Яго зусім агарнула ні то блуджэньне ў смутку, ні то дзівосныя ўрочыны пешчаў ад законнай, хоць і затаенай для сьвету, жонкі — ад Гані. Якая без хваляваньняў, шчасьлівая і вясёлая, закаханая і супакоеная ў ім, усё слухала Арэмчыкаву дамаведку: сьмяялася ад сьмешнага і падказвала ёй з прычаснасьцяй самастойнай, узапраўджанай жанчыны. Крытыкавала і захаплялася вечна-ўрачыстай зіхатлівасьцяй самакаляроў у залатых і плятынавых жуковінах на пальцах, на шыях гасьцей, але калі тыя спыталіся ў яе: навошта носіць шлюбны пярсьцень, схлусіла гасьцям:

— А нічога — дзеля любасьці нашу…

— Ах, вось як! — кратанулі цікаўна вусьніны Арэмчыкавы жанкі. Ім было дастаткова адказу — яна з адзіным, бедная перад іхнымі.

— Можа і нам падсесьці? — нарэшце, але па-ранейшаму зь містэрыяй абмацваньня кішанёў, прапанаваў Арэмчык. Палкоўнік згадзіўся і адначасна зацікавіў іншай прапановай:

— Ганя, госьці адпачыць жадаюць, не загамоньвай іх — стаміліся аднак.

Ганя схамянулася.

— А дзе ж Ахрэм?.. Хаця што я кажу? Сама завяду вас да гасподаў. Там ужо парыхтавана і ацеплена. У нас ня ў вас: спакой ды міласьць.

Яна абабіла лёгкім абтрэсам рукі прыседжаную сукенку. Усьміхнулася да палкоўніка. Яна кеміла сваю і ягоную парыўнасьць. Цяпер ён належыць ёй. Адмовіўся і перамог каханьне да Алены, а яна, Ганя, назвала гэта сваім шчасьцем, прылукай дзён, жыць ахвотай прыгоднасьці аднаго дзеля другога.

Ганя — маладая жанчына, але яна зажадала кволіць сябе ў прадчаснасьці каханьня да палкоўніка. І гэта была таксама спакусная спадоба ўмацавацца, пакуль будзеш жыць тут, на зямлі. Яна спаткала ўлагоду сваёй сапраўднасьці.

Палкоўнік забыўся на мінулыя супрацівы сваёй душы Аленінаму сумленьню. Часам сумленьне — непатрэбная рэч, якую не шкада выкінуць на знадворак.

— …і вось мы з табой, — прагаманіла Ганя, быццам было яшчэ патрэбным расьцерушыць стары сумлеў. Яна стаяла недалёка ад уваходу ў палкоўнікаў пакой — азірала. А ён вінавата, нават зь нейкай саромнінкай падлётка, глядзеў на яе:

— Мне здаецца, у цябе няўтульна, вельмі няўтульна, — жартаўліва, ківаючы галавой, з шчасьлівым усьмехам па ўсім абліччы, падбегла на цыпачках да палкоўніка. Яны абняліся даўгім пацалункам. А тады неадлучна блізенька, каля самага вуха, Ганя нешта шэптам спыталася ў палкоўніка, ад чаго зь ягоных грудзей вельмі незалежна, маўляў, яно існавала ў ім аддзельна ад усяго цела, адклікнулася жарсьлівае слова:

— Любая!..

І яно было аднолькавай моцнасьці з Ганіным шэптам. Мілы неспакой агарнуў палкоўніка. Як сялянскі хлапчук-ягня, ён падняў Ганю на ўлоньне — панёс да ложка.

Ганя дамаглася таго, чаго жадала, да чаго імкнулася. Адразу, бязь нейкай аглядлівай маруды, пацягнулася да свайго прызначэньня ў жыцьці і апынулася ў ім прынятай. Назіраньні за дзіваватым захаваньнем Алены да палкоўніка паступова прывучалі яе да існасьці своеўласнай сувязі зь іхнымі абставінамі. Донь блізу кажнадзённых пафасных, нейкіх неспакойных спрэчак паміж імі адстойвалі ў ейным розуме і сэрцы пасяродную ўмову асяганьня сьвядомасьці цьвяльлівай станьвы. Найперша сьціпла, а зь цягам часу сласнотна, падыходзіла да яе часіна, бы спагада палкоўніку, што потым сквапліва ператварылася ў сяброўскую прыгляднасьць да яго, і жарсьць адчуць гэтага дарослага чалавека ў юнацкім пачуцьці, не памарудзіла зьявіцца самым сапраўдным неспакоем: ня ўтраціць яго.

Раўнавага, парушаная Аленай, нарэшце падаравалася Гані. Алена зрабілася рахманай... аднак зразумелай аднастайнасьцяй: яна ня вельмі пэўна спадзявалася на Міхася, таму шмат думала пра гэта і не жадала, каб нехта перашкаджаў ёй кволіць мройны супакой каханьня. Гэта была вялікая квола няскрытнасьці сябе перад сабой. І ў тым Алена знаходзіла прыкметы няўпэўнасьці мінулага каханца і собскую не адоленую кайнасьць: яна ўсё-ткі намагалася пераканаць сябе ў неразумнасьці ўчынку перад Міхасём — пасьля смутнага, ізь зьвярынай незнаёмась цяй сустрэчы ў сьвятыні каля забітага лётчыка ня трэ было клікаць яго на спатканьне ў маёнтку. І прадчуваньні Алены ня схлусілі ёй. Міхась не вярнуўся да яе. Ужо ў часе спатканьня, калі была хворай, ясьніста ўбачыла ягонае захаваньне. Ён тады знаёмы, некалісьці аблашчаны ў ейнай людзкай, інтымнай пяшчоце, нарэшце сказаў ёй: «Я ня памятаю вас!»

Яна мусіла ўкорліва, бяз кропелькі пагарды, прыпамінаць яму ўсё былое, зусім нядаўняе, у чалавечым адчуваньні і часе, які нават ня справіўся адысьціся прывідам успаміну.

Алена не забывалася на тыя дні. Яны прынукалі яе ўзьнікнуць разважлівасьцяй над сваім жыцьцём, патрабавалі асьцярожных крокаў да мінулых захопнасьцяў. І кадзе, калі ў доме ўсе спалі пасьля гасьцяваньня, яна нераспранутая прылегла на пасьцель, каб зганьбіць сябе, асудзіць ды прыклясьці. Была магчымасьць сумленьня, якое не вярталася да яе, а яшчэ болей разбуджвалася ў сьвядомасьці асабістай журботнай волі да чагосьці імкнуцца. Цяперака сучасныя для яе імкненьні некалісьці таксама хісталіся ў задуменьні смутным і палахным уяўленьнем: бо яе найбольш палохала здара быць прыгнанай з Ганяй да кагорты людзей, што пры ўсёй здольнасьці працавіта га і дбайнага працаўніка мусілі апыноўвацца на іншым шляху шуканьня штодзённага спажытку для існаваньня. І яно спаткала яе. Піхнула адчыніцца сьвету праз грэх з палкоўнікам у полымях Варшавы... і ня здарылася. А барацьба клічу да грэху дзеля кавалка хлеба і вечна разбуджаная памяць аб дрэнным жыцьці ў маленстве напоўнілі сэрца Аленіна спрагай любасьці будучае маці сям'і. Ёй жадалася сваіх родных дзяцей ня гэтакімі, як яна была сама, а мерай іхных нетурботных спадзяваньняў шчасьця й радасьці. Але адначасна ў ёй расла асалода грамадзкасьці, якую намагалася задаволіць у клопатах памогі людзям.

Алена мацней і мацней завязвалася ва ўспаміны. Незаплюснутымі вачыма глядзела ў цемень столі, быццам там перад імі пралётвалі чародкі аджытога й адчутага. Яна ўспамінала Міхася ў той дзень, калі ён узяў яе да аўтамашыны, і яна на яго пытаньне: «А дзе ж вы жывяце?» — адказала яму: «На хутары Лясанцы». Спахвацілася, бо ў сапраўднасьці ня ведала, дзе той хутар, дзе да яго дарога. Але Міхась якраз ведаў і з ахвотай падвёз яе туды. Як яна палохалася выявіцца на выпадак зьдзіўленьня маці палкоўнікавай. Аднак Міхась падараваў ёй пушачку цукерак і на ўзгорку, недалёка ад хутару, прапанаваў пайсьці самой да дому. Яна ўзрадавалася гэтаму. Адчыніла хутка дзьверцы з аўтамашыны. «Ах жа спрытныя вы!» — усклікнуў расьсьмяяна Міхась. Алена спынілася паўзбоч ва ўдзячнасьці, а ён жартаўлівай вольнасьцяй паманіў яе пальцам.

— Прыеду заўтра да вас — павозімся. Добра?

— О, калі ласка! Толькі вечарам, бо працы шмат, — хлусьліва адказала Алена. Ён зноў засьмяяўся быццам даўно знаёмы.

— Я закахаўся ў вас, — не з прыкіднасьцяй сказаў ён ды старгануў тамавікі, шпарка пагнаў аўтамашыну з пагорку. Алена памахала рукой. А празь некалькі часінаў яна спаткалася з маці палкоўнікавай.

Сярод ніў, зарослых дзікай мядзянкай, побач з густымі кустамі лазы і ялінцу, стаяла хата замшэлая, як вялізны камень-валун. Маці абыякава, вузенькімі вачыма, падсьлепавата азірнула Алену і папярэдзіла:

— Паненачка, цяпер на працу не наймаю.

— ...а я ад сына да вас.

— Ад майго Барыса? — пабуджаным голасам спыталася яна і не давераная, што пачула, угледзелася на Алену.

— Але, — запэўніла Алена. І тады сумніў маці прапаў у сьвятыннай прыгнёці радасьці. Ейны позірк вочаў зарасіўся сьлязінамі. Зіхрыста-н аплыўныя, з старых пабялелых павекаў, стрымнулі па абліччы, віхліста пацяклі па ўрэзістых маршчынах.

— Ахрэм! — быццам каля яе не знаходзілася Алена, клікнула яна ў бок старых з высахлымі вершалінамі грушаў, па камлёх якіх віліся сьцяністыя навіткі хмелю. Стуль моўкна, няборздымі крокамі, з ахапкам сухога хварасьціньня выйшаў таксама стары сябёр сялібы Ахрэм.

— Што? — зусім не зварачаючы ўвагі на Алену, паважліва спытаўся ён і замоўк мэханічнай мерай заводу чаканьня на тое, што яму скажуць наступнае.

— Барысок, мой даражоны сыночак знайшоўся, — усхліпна паведаміла маці, і тады Ахрэм неазначальным позіркам глянуў на госьцю. Адвёў рукой, быццам гэтая навіна прыносіла яму вельмі благі спадзеў у будучыні, сказаў: — Ну што ж, ня жарт яно! Сын!

— Любанькая, хадзем у хату... — папрасіла маці Алену. — Ахрэм, запрашвай! — Ахрэм рыньва кінуў хварасьцё, дзе стаяў, падышоў да сваёй аслабелай гаспадыні і памог ёй ісьці. Алена таксама пабарзьдзіла памагчы. Маці даверна, асвойтана ўсьміхнулася і нэрвова-ўдзячная, пацешаная, пагладзіла касьцялявай далоняй Аленіну руку. Пад ахонам бясхмарнага неба, прыроднай утулы зарослай і закіненай сялібы здавалася, адна маладая, а двое старых з аднолькавай магчымасьцяй зачараваліся астанкамі сваёй свабоды.

...Алена з усёй блізарукасьцяй успаміну ўглядалася ў собскія расказы зь мінулага, балюча адчуваныя ў тайніцы сэрца, а якія калісьці былі велікомай карцівасьцяй для Міхася. «О, доктар — разьнік ты!» — яшчэ не расходаваная, ад гэтага шапотнага ўсклічу, яна ўстала з пасьцелі, запаліла начную сьвечку на падстаўцы каля ложку і распранула сукенку. З жаночай сумніўнасьцяй сваёй прыгажосьці, аглядзела сябе ў люстэрку. «Дзеўка», — палкоўнік назваў мяне, і яно праўда, шчырая праўда, — падумала яна і пагасіла сьвечку. Села на канапу. «Не! Ня будзе!» — нясьцерпліва цягнуліся будрожныя думкі. «Ня будзе, доктар!.. Я, каб ён быў тут, сказала б яму: глядзі, я нават не хвалююся!..»

Сьціснула даланямі твар. «Ах, якая благасьць! Блазень — я! Да чаго я дайшла? Узвышалася... бадай зьдзекавалася з палкоўніка... спрабавала забрызгавацца навучэньнямі існасьцяў жаночых ідэйкаў... забывалася на іх... скручвалася і не скруцілася бярэсьцінай — жонкай зажадала быць... і я ж была».

Не адпускаючы даланей ад твару, з плачам павалілася на расьцяж канапы. Яна не магла забыцца жаданьняў кахаць Міхася. Калісьці яно, ня выраслае адразу, потым укарэнілася ў сэрца спрагай: захапіць гэтую цудоўнасьць і адчуць усёй чароўнасьцяй пачуцьця дазвольнай кволы і пяшчоты, бы злучыць усё прыгожае на зямлі, хоць яно й ня ёсьць падобнае да чалавека, і якое мо' адно толькі мімаходна дапоўніла б тое, што ня здолела выявіцца ў нястомнай божасьці закаханых. Алена ад жыцьцёвай някайнасьці пакутавала. Увесь сьвет, яе жыцьцё, яна сьцісквала ў напеўнасьць уласнага каханьня. Спрабавала ўсьвядоміцца ім. Пераконвалася, што Міхась можа адумацца, а дзеля гэтага як найхутчэй трэба пагутарыць зь Цярэмам, каб адгаманіў яго ад жаніўства з музыканткай; а з другога позірку, аднак, яе наўмер прастаў у пусьціню рэха: «Каханьне мінула мяне...»

Адзінокія, у цемнаце пакою, усхліпвалі нікім ня чутыя Аленіны ўсхліпы. Яна не магла супакоіцца. У зусім іншым вобразе прападала ейная будзённасьць — гардлівая і гострая, спадзеўная і чароўная — не ад палкоўніка; настойлівая і ўзьдзейная на яго й на Ганю — цяпер існавала празорасьцяй бясьпечнасьці для іх... безудзельнасьцяй новых «споведзяў» Аленінага неўгамонлівага сэрца.

Яе неадхлынна наведвалі ўспаміны, ад якіх яшчэ гарэй плакала. Яна наіўна не магла дараваць сваю чалавечую блудзівасьць зь Міхасём каля вазёрца недалёка ад хутара палкоўнікавае маці. А яно здарылася якраз у першую нядзелю спатканьня. Міхась, як пчаліна каля краскі, неадлётна круціўся каля Алены, пакуль яна прылашчалася, пагадзілася расьцьвісьці ва ўсёй пыхаце перад ім. Гэта былі вечары адчуваньня ейнай маладосьці.

Аднойчы, купаючыся ў супакойнай гладзіні вазёрца, як адшліфаваная глыба граніту, спыталася, злавіўшы Міхася за руку: «Няўжо толькі гэтага і хацелася вам?»

І адказ было ня трэба спаганяць. «Не!» — адказаў Міхась. Атады падхапіў яе ў вадзе на ўлоньне, цалуючы, панёс да ўзьбярэжжа. Яны абое насьпелі самую любую асалоднасьць. Пад цёпласьцяй летніх ночаў, — Бог ведае, ці кахаў мяне, — яны апыноўваліся ва ўсе шчырасьці жыцьця.

Часта ў духаце жарсьці накрываліся мяккімі коўдрамі й падоўгу маўчалі ў прыемнай зморы, або цешыліся цалункамі й нагатой свайго цела. З вазёрца цягнула лагодная начная вогкасьць; узьбярэжны лазьняк, перамяшаны з алешынамі і бярозай, тварыў цемнату, якая йшчэ больш кідала ў стань адчуваньня жарсьці.

— Не! Яно — справядлівае! — праз плач абвясьціла Алена асуджэньне свайму ўчынку. — Жыцьцё й шчасьце яно... песьня, у якой самі сабе пяялі, — сьцьвердзіла яна. І зноў нэрвова, да болесьці, так што ў іхным прыціску асушыліся сьлёзы, сьціснула даланямі твар...

Устала і, не запальваючы сьвятло, апранулася ў зімовую вопратку. Ціханька паўадчыніла дзьверы сваёй гасподы і паглядзела ў густую цемрадзь калідору. У двары ўсе спалі. На цыпачках накіравалася да сталовай і кухні. Там зь вялікай асьцярожнась цяй не шумець нешта пашукала ў цемнаце каля печы і ў кутку пад сходнікамі на столь. З рэчамі, што знайшла, яна прыслушліва, хутка палезла па сходках на столь. Адтуль вярнулася таксама з асьцярожнасьцяй. Вышмыгнула праз кухонныя дзьверы на знадворак. Зімовае неба пярэсьцілася зорамі. Шчыпястая абвалока марозу даткліва шугала й водгульна патрэсквала ў ночным супакоі.

— Божа, даруй мне! — безь мізэрнага шапотку прыгамані ла Аленіна душа. Зноў асьцерагліва ўвайшла да кухні, адтуль з тым самым баржджэньнем, на цыпачках, да сваёй спальні. Чакала...

Цярпець і працаваць для таго, каб кахаць і быць каханай доктарам Міхасём Адамчыкам, болей няма патрэбы. Працаваць жа для ворага Айчыны, немца, каб потым па налогавых паведамленьнях, бадай што, усё аддаць для іх, таксама злачынна!

— «Дзеўка Арлеанская», — як казаў палкоўнічак, зьдзекаваліся зь яе словы Сконтаўта, аднак бязь нейкай датклівасьці, бо яна найбольш хвалявалася пра вынік сваёй дзеі, чымсьці адзерванелымі, абкрышанымі словамі. Што яны могуць зрабіць? Перашкодзяць? Аніледзь! Словы — вецер!

Цярэму не дакучала штодзённае дзёрганьне сябе жыцьцёвымі ўражаньнямі. Ён быў энэргічны ад іх. Але пры ўсёй шчырасьці ён не прынукваў кагосьці быць пакорнікам безасудным і нязьменным перад імі. Яны былі патрэбныя яму, каб жорсткасьцю, дзярмадайствам намераў знаходзіцца некаторым собсьнікам жыцьцёвага часу. Мо' тады досьведы, аскепкі ўсялякіх бытаваньняў падмацуюць перакананьні, што былі зь ім ад самага пачатку сьвядомасьці жыцьця.

Але вось каля яго знайшліся дзьве іншыя самалюбасьці, без сумніву ў права волі настрою і бачнасьці ягоных вынікаў не цеплынёй мрояў, а сутнасьцяй існаваньня ў гадох. Што ён прагне ад іх? Ён і сам ня мог добра вытлумачыць. Усё зблытвалася ў рашучасьці зь нерашучасьцяй, знаходзілася і гублялася, пераконвалася і адмаўлялася, і пакуль што яно не супакойвалася ў рэчаіснасьці раўнавагі духовай: звычайнага ўздыму ды заняпаду. Штодня зьяўляліся ўсялякія разнаякасьці, за якімі, не выпадкам, цяжка ўгнацца. А яны і ён не маглі азначыць прасьцяг для шматнасьці мэтаў ды намогаў або асяліць, хоць бы ў адным квадраціку душы, задавольнасьць, называную і адчуваную.

Цярэмаў разгон вялікі! Ах, стары Цярэм! Яшчэ не скананы і быццам на сьвеце адзін жыве, а каля яго Міхась і палкоўнік з Аленай. Ён зборнік і заданьнік усялякіх адменнасьцяў чалавека на ўсьцяжы ад свае хаткі каля бору аж да зарослых стаўкоў каля сяла. Аднак у Цярэма нешта было і празьмернае — ён працягваў рукі, запушчаў увагі ды парады туды, куды ня трэба. Ды што ж рабіць, калі ён не жадаў «стаяць, як дрэва на сваіх карэньнях, бо дрэва мае адну-адзіную страву, а чалавек спажывае ўсё, што створана Мной пад небам».

...А тады Цярэм пагладзіў ката, што любіў сядзець каля яго, прысунуў скрайней лямпку на стале, дастаў сшытак, што хаваўся за абразом сьвятой Афрасіньні Полацкае, прырыхтаваў ся пісаць. У сшытку ён ужо даўно напісаў загаловак «Лісты з дарогі на той сьвет», аднак за тым невялікім слоўным замураваньнем пакуль што нічога не было напісана.

Нарэшце Цярэм надумаўся зьдзейсьніць наўмеранае. А гэта паказацца, выставіцца перад Міхасём з усім, што перажыў і нават пакінуць колькі запаветаў.

Адно зь Міхасёвых захаваньняў Цярэма цьвяліла. Чаму ён ідзе ў жыцьцё так, як яно вядзе яго? Чаму ён не аддзельвае струмень жыцьцёвага самацёку ад пасаднай цэласьці мэты? Быць не самаваладарнай прызначнасьцяй бытаваньня, бы тое, як лажыцца спаць, а раніцай уставаць і глядзець на неба. Але і ў такім вывадзе Цярэм бянтэжыўся — няпэўніўся ў Міхасёвай цікаўнасьці перачытаць ягоныя зацемкі.

— Беспрыйменна скажа: аскемяціна роднага... і не палянуецца пасьля сьмерці маёй выкінуць іх або нярушна паложыць тлець на паліцы.

Пры ўяўленьні Міхасёвай непашаноты да важнасьці ягоных добрых намераў, выказаных на паперы, Цярэма ажно злавала.

Мінула шмат моўкнасьці, пакуль Цярэм пачаў пісаць. Ён, нават не крыху, а даволі падходна пашкадаваў пра сваю няветлівасьць зь вясковым настаўнікам, зь якім бы мог парадзіцца, як цікавей напісаць запаветныя лісты. А тут, на ліха ўжо, нат колькі год яны знаходзяцца паміж сабой бы ў спрэчцы, бы не ў далюбі. Цярэму аднойчы пры гутарцы з ім не спадабалася настаўніцкая пэўнасьць, гардлівая і насьмехлівая.

— Кіньце, — сказаў ён Цярэму, — разглядаць жыцьцё ў клетках, у пратаплазмах — ня трэба! Жыцьцё пыхціць вецьцямі кону— кон над усім!

Ды яшчэ асаблівасьць: настаўнік вельмі паважаў Гамэра, а нікога іншага. І ў цеплыні сваёй любасьці да яго сюдзіў перакананьне: «Чытайце, дзеду, Гамэра — вось і ўсё!.. Мне, каб дасталося ачаліць міністэрства асьветы, я ў школе навёў іншыя спалады: пачыналі б вучыцца з Гамэра і канчалі б ім. Вы зразумейце: Гамэр — скарб чалавека, якога нестае ўва ўсіх эпохах»,— сьцьвердзіў ён Цярэму.

— А нашы казкі? А нашага Скарыну ня памятаць, па-вашаму?

— Дзеду, гэта нічога, што існавала!

— Шкада, настаўнік, што жывяцё тут, а там, у глебе, вас нестае! — адказаў яму Цярэм. Але настаўнік, выкрай інтэлігентнасьці на сяле, сьмяяўся зь Цярэмавых дапікаў і маўчаў ад жаданьня баржджэй расстацца з аброслым, з пахам магілкі дзедам. Ды і Цярэм ня вельмі рады быў аставацца зь ім у гутарцы. Ад чаго настаўнік не выцерпліваў. Яму ня ўдалася гожасьць зьдзекнага пасьміхаваньня, таму спраўляўся прамовіць усьлед Цярэму:

— У імя Гамэра: не дыміцеся, калі вас не падпальваюць!

А Цярэм:

— А вы й не адкашляліся: ахраку з ахракамі жыць!

Настаўнік расставіў правіцу, бы рагаўні ракавыя, цьвяліста выцадзіў праз зубы:

— Дурань стары!

І яны з таго часу, хоць гэта было калісьці, не вітаюцца й не спрабуюць палагодзіцца. Настаўнік ужо сам пачынаў абрастаць, старэць і вобразна гарбець. Сківіцы выцягнуліся наўперад, галава загастрылася ад вялікай лысіны з абвіслымі касмацінамі валасоў навакол. І Цярэм для собскае задаволы, сам сабе, прыклікаў настаўніка: Узгорак З Размытым Верхам.

...Але рашучасьць намеру падказала Цярэму, як пачаць пісаць «Лісты з дарогі на той сьвет» і як унадзіць Міхасёву цікавасьць да таго, што напіша. Першую балонку ў сшытку са сказам: «Міхась, ты ня цягнеш жыцьцё, а яно цягне цябе», — Цярэм выдраў з агулу сшытку і, вывеўшы ўсё-ткі той самы найменьнік для сваіх зацемак, пачаў пісаць, зрэдку ўяўна паглядаючы на Міхася.

«Ліст першы.

Прыгожая вачыма, з валасамі, што спадалі на плечы, ішла жанчына. На позірк можна было азначыць: ёй ня трыццаць яшчэ. Яна ішла босая і ўвесь час сьцераглася ісьці па роснай сьцежцы. У поступу адчувалася няпэўнасьць і насьцярожнасьць. Але, мабыць, яе не палохала адзіноцтва між гушчароў, і ёй не хлусіла дарога, па ёй не заблукаеш... Дарогі! Як прыгожы ў нас дарогі ўлетку!.. Яны першыя і прымаюць сьлязіну няшчаснага ў жыцьці, яны ж першыя, і толькі яны, ведаюць наўмер таго, хто крочыць па іхнай жарстве і калюжынах!

Прыгожая станам, прыгожая абліччам, з такімі ўзірнымі вачыма, з валасамі, што зрыньвалі на плечы, што абвешчвалі: яны па-жаночаму прыгожа складзеныя — ішла жанчына па лясной дарозе. Было вельмі рана, і лес дыхаў ранішняй вогкасьцю, і птушкі сьпеўна пераклікаліся...

Зара ўзьвівае неба. Узыходзіць сонца. Першыя промні заблукаліся паміж дрэвамі, на расістых ігліцах запалымнелі ўсялякімі калярамі... Яна, чароўная, шорахам сваіх крокаў вітала навакольнае і можа не аддавалася ў думках хараству зямному. Зямное — быццам парог! Кожны жадае пераступіць яго, каб хоць на часіну забыцца на ўсё абыдзённае!

Пачулася візганьне драўляных восяў цялегі. Званістае, шуглівае рэха іхнае лунала ў вогкасьці лесу. Нехта таксама кудысьці сьпяшаўся. І прыгожая станам, прыгожая абліччам жанчына пакрочыла хутчэй. Ёй не жадалася з кім-небудзь сустракацца.

Чароўная! Якая ты чароўная! Хто ты, прыгожая на зямлі нашай? Куды ідзеш чароўная?..»

— Чароўная, — шапнуў Цярэм і задумлена, непрыемна скрывіў вусны. Ягоная творчасьць паімкнула лягчэй і прасьцей.

— Да чаго я, убожнік, зьехаў? — «З глузду зьбіўся», — скажа абавязкова ён, як толькі прачытае гэта... Чалавек можа сам сябе выхаваць. Ці можна цягнуць, заміловаць вырасламу мужчыну, ходаньне за жыцьцё карысьцяй і выгодай? — спытаўся асуджальна Цярэм.

Першая асалода натхненьня пісаць лісты для Міхася мінула, але яна ўсё-ткі пакінула той заўсёды прызвычаены вывад собскай крыўды. Цярэм ня ведаў недахопу ва ўсім! І быццам стомлены чыноўнік або дэпутат парлямэнту чытаньнем дакучлівай просьбы ці наказу, аднак з вытлумачальнай паставай, што ён цікавіўся допісам на ягонае імя, вывеў зь дзіцячай свавольнасьцяй пад сваім творам:

«Той чалавекам ёсьцека, хто не разумее, што ён добрае творыць, але разумее зло і ўмее ведаць яго. Гэтакі чалавек аўтамат дабра ёсьць! Можа, мой Міхась ёсьцека гэткім, і будзе да скону... І нарэшце Цярэмкава аскоміна: бывай! Што і пацьвярджае ён сам: Цярэм з-пад Менску».

І зноў, уторна, не зрабілася магчымае, зноў прапала Цярэмава перакананьне, што ўвесь час зьяўлялася не інакш як зь ягонае сховіны адчуваньняў. Ночная ціхінь хаты, чутна і адрывіста, роўна парушаная Міхасёвым дыханьнем, нябачнай сымэтрычнасьцяй разьдзялілася ад шораху выдранага ліста з сшытку. Цярэм скомкаў яго і шпурнуў пад прыпечак. Гэта быў канец першага тварэнца зь «Лістоў».

На знадворку перарыўна гаўкаў і завываў Мурза. Цярэм падышоў да вакна і блізу тэй вокмецяй узіраньня ў цемянь знадвор'я пачаў пахукваць на незамерзлы шматок на шыбіне.

— Пажар у сяле! Уставай! — зьвярнуўся ён да Міхася, і Міхась ад галоснасьці разбудзіўся адразу.

Неўзабаве, узяўшы вядро і рыдлёўку, яны пабарзьдзілі да сяла. Полымя, нібы пялёстак палістай фарбы, уздымалася ў цемяні зімовага неба.

Па дарозе да месца пажару Цярэм не сьцярпеў, спытаўся ў Міхася:

— А дзе ж сваю красуху дзяваў?

— Да знаёмых у сяле завёў спаць — ты ж ейных вошаў палохаўся.

Цярэм змаўчаў. Яму было дастаткова. Навошта піхацца далей, калі і так адным словам даведы, маўляў собскімі рукамі, на аблаве, злавіў самога сябе!

«Я справядліва зрабіў, што перастаў пісаць «Лісты». Бо жыцьцё такое ненасытнае абставінамі, што іх ня справісься высьпельваць у рознасьці да аднаго смаку», — дадумаўся невясёла Цярэм пра ўсё змацнелае ў сумнівах неадведанага і ў цяпершчыне і ў будучым.

Міхась ішоў наўперадзе, Цярэм за ім. Сьцені хат выторкваліся з асьвятленьня пажарам.

— Мабыць, на ўскрайку гарыць? — спытаўся адзадзя задыхліва Цярэм.

— Здаецца, двор гарыць, — адказаў Міхась.

Цярэму памеркавалася: Міхась труніць над ім.

— А чаму не — двор можа гарэць таксама.

З стрэчнае сялібы, таксама абудзіўшыся, выбеглі сын з бацькам, стукаюць бляшанымі вёдрамі аб шулы варотаў, пытаюцца:

— Хто гарыць?

Яны прылучыліся да Міхася, паўбегам папрасталі да сьвітанку няшчасьця. Цярэм стары, хоць хадкі, астаўся далёка за імі.

Бляскатам медзі раскідваўся каля засьнежанай зямлі палымень пажару, асьветліваў будоўлі сяла, голыя віліны галінаў паўзвулічных дрэваў. Чыстай водгуляй разносіліся ў адным зборы з пошугам полымя гоман і ўскрыкі людзей.

Яшчэ перад некалькімі апошнімі хатамі ад ускрайку сяла Цярэм упэўніўся, што гарыць двор.

— Трасца табе! — няведамка дзеля чаго зласьліва адклікнуўся ён.

Гарэў Цярэмаў падмурак! Колькі цярплівасьці ён пасяліў за нядоўгі час знаёмства з Аленай, каб толькі небывала і ярчыста аббожыць свае жаданьні: каля яе ягоны Міхась, а ейны настатак — двор, зрабіць сваёй часьцінай апорышча, бы трэцяй рукой. З спрытам двух астатніх пясьцяў, але якія ня мелі шмат што ўзяць, гэта ж трэцяя пясьць была б ня мроя, а працоўня, напоўненая сыравінай да прадуктаваньня. Так жыцьцяліўся Цярэм! І, мабыць, таму яго старога, зусім увабражанага адыходам з Боскага сьвету, не забірала сьмерць. Ды як? Пасьля звароту Міхася дадому ён як ніколі рупіцца адабраць ад людзкога ўзьлеганьня на жыцьцё ўсё патрэбнае дзеля галаты гэтага жыцьця. Цярэма не разбураў канец. Наадварот, ён змагаўся зь ім. Зказачнай існасьцяй, але безуважна, пэўніўся аб моцнай доні споду: ён ходзіць па зьверхні з лужынамі, з калюгамі з брудзінёй — аднак правалебнасьць: ён жадае дагнаць не беспасрэд насьць існаваньня, а ўмернасьць жыцьця, якое (няхай, падлікам, і ня ўмоўным успамінам гісторыі) супакоілася на ўсялякіх пераменах мільёнамі лепшых ажыцьцяўленьняў...

Будоўля двору зь некалькімі лукатамі сьценаў, стадола з жывёлай і побач яе сьвіран ужо былі напалову згарэлыя, калі засьпеў туды Цярэм. Сяльчане кідалі рыдлёўкамі сьнег на полымя, намагаліся выгнаць кароў з стадолы. Там была блізка студня — шточасіны паскрыпваў асьвер. Жанкі і мужчыны ў радоўку, падганяючы адзін другога, хутка налівалі вёдры вадой, беглі лінуць мізэрную кроплю валогі на незатух распалены агонь. Сілком выцягненыя каровы дзіка рыкалі і беглі ў поле. Алена заклапочана папярэджвала людзей асьцярогай:

— Уважайце!.. Асьцярожна будзьце — усёдна нічога не патушым!..

Бы маразяная сухамень, агонь сушыў дыханьне і шчыміў аблічча. Цярэм спыніўся на сярэдзіне двору, паглядзеў на ганак, дзе ён нядаўна, увечары, ступаў, а цяпер над ім высіўся сьціж полымя. Падступіцца, нават кінуць рыдлёўку сьнегу ўжо стала немагчымым. Ад стадолы пачалі адыходзіцца людзі. Яна, устропе напоўненая сенам, і паўзбоч, у праціўках, напластава ная саломай, гарэла хутчэй. Стуль час ад часу чуліся выбухі бэбухаў нявыгнанай жывёлы.

Сяльчане найбольш гурміліся каля адхоннай сьцяны дому, каля самых таполяў, што дзялілі сялібу з разгонам ніў. Яны, не ўважаючы на гарачыню, упорыста, адварачваючы абліччы ад полымя, падбягалі і лілі на вялікае вакно ваду і кідалі пухкія скупіны сьнегу.

Цярэм позіркам пашукаў Міхася і, ня ўбачыўшы яго, накіраваўся таксама туды. Спаткаўся з Аленай. Яна, бы зь цікавасьцяй, бы нічога ня здарылася, падышла памалу да яго.

— ...вы таксама?

— А як жа! — адказаў Цярэм.

— Я ўмею канчаць! — збляднелая раптоўна, але не без нагоды прапусьціць такую часіну, сказала яна негамонка. Што ж, ад няшчасьця можна сказаць усялячыну!

— Вады! Вады сюды! — закрычэў настойліва недалёкі ад вакна сяльчанін, закашляўся, але ад полымя не адступіў: захінуў аблічча крысом армяка, зналусна сагнуўся, згроб жменю растаенай зямлі, кінуў на агонь. Толькі два вядры вады паднясьлі ў час.

— Яшчэ жывы! — моцна, з чалавечым сполахам і зразумелым для ўсіх нехта крыкнуў з гурмы.

Алена пабегла да вакна.

— Уцякайце!.. Валяцца кро-о-квы! — закрычэлі зноў з гурмы.

Ясьва іскраў палілася ўвысь. Сьвятлей зашугала полымя, перамешанае з трэскатам крокваў і столі. Тое вакно, на якім спынілася ўся ўвага гасельшчыкаў, выткнулася з агністай сьцяны палымністым пошугам. Галавешкі пакаціліся аж пад ногі Алены, на адважлівага сяльчаніна. Алена не пабегла стуль у ратунку. Адвярнулася плячыма да гарачыні і атуліла даланямі аблічча — ейны звычай падчас праклёну — яго ведалі палкоўнік і Ганя. Цярэм, уцеміўшы, што яна перад процьмай небясьпекі, з старэчай барзьдзьлівасьцяй, разам зь іншымі, падбег да яе.

— ...мой дарагі Ахрэм — гэткую сьмерць напаткаць! — прагаманіла яна і грэбліва вызвалілася ад падпахаў ратаўнікоў. Цьвяльліва зьвярнулася да ўсіх: — Адыдзецеся, людзі добрыя,— не жартуйце жыцьцём!.. Годзе яго аднаго!.. Адыдзецеся, мае добрыя, — усёдна згарэла!..

— Там у полымі Ахрэм застаўся? — узрушліва спытаўся Цярэм і, не чакаючы ад каго-небудзь адказу, зразумелы няшчасьцем старога знаёмага, блізу сябра, пасігаў прэч ад Алены.

Пад паветкай, што знаходзілася шмат далей ад пажару, Цярэм напаткаў Міхася. Міхась ужо справіўся зьбегаць да бліжэйшай сялібы і папрасіць вопратку, каб апрануць Арэмчыка, бо ён у перапалоху выбег з-пад затулы дваравых сьценаў у бялізьне, босы, улез у вазок зь сенам (некалькі гадзінаў назад напоўнены мурагом старэнным Ахрэмам). А кадзе Ахрэма ня стала. Своечасна непабуджаны, ён намагаўся вырвацца з хопінаў полымя, але зьнік у ім назаўсёды, быццам нарошні, быццам віноўны ў спразе іншых да ахвоты бачыць і адчуваць сваё ня толькі жаданым, а неабходным... Арэмчык апрануўся ў армяк, застаўся ў вазку. Глядзеў панура на пажар.

Арэмчык, апранаючыся, унадліва крычэў на наймітку:

— Павешу! Павешу бязь літасьці! Собскай рукой павешу!.. Як рабіць гэтак!? Як? Дома ці што?.. Ды мне й непатрэбна твая гутарка — не расчыняй сваю мызу!.. Утаплю, дзе люгашка ніколі не завядзецца! Праклённая — ты!..

— Затое ты водзісься там! — наўмець, без асьцярогі для прыгоды іхных адносінаў, але гэтак, каб ён ахамянуўся, адказала наймітка. Каб Міхась не стрымаў яго, Арэмчык пачаў бы біць яе.

— Адыдзіся з воч!.. Прыб'ю! — яшчэ зласьней адклікнуўся Арэмчык. Размашыста стукнуў кулаком па грудзях. Цягліцы на шыі выцягнуліся кароткімі кнуцікамі цела.

— Рэдніца — ты! Я мог за яго купіць цэлую Прагу тваю!.. Прыдушы яе, доктар, прыдушы, паважаны! — зьвярнуўся нарэшце Арэмчык і да Міхася. — Учора купіў пярсьцёнак зь велікаватым дыямэнтам, а сяньня глядзі: забылася там — у агні загартоўваецца... паганскага бога цешыць... рэдніца ты бяззайчынная!

Апрануты ў армяк Арэмчык аставаўся стаяць на вазку. Быццам перад гэтым не сварыўся з найміткай. Глядзеў панура і злосна на пажар. Цярэм зь цікавасьцяй хлапчуковай азіраў чалавека, пра якога шмат чуў з газэтаў і ад людзей. Усё, што гнусіла яго і прынуквала да якога-небудзь клопату, разыходзілася ў ім няспыннай дзівасілай ажыцьцяўленьня.

Цярэм азірнуў Арэмчыка і адышоўся ад яго. Падумаў ісьці да сваёй хаты, бо што рабіць тут, дзе траціна двору згарэла, а рэшта дагарвала? Хутка пошуг прападзе ў бясьсьледзьдзі неба, зачарнее галавешкамі пагар, а на ім падмурак з вышынёй, з шырынёй, з умоўным часам, што дзеліць ночы і дні.

Ад месца, дзе зьнік Ахрэм у агні, сяльчане не адыходзіліся. Да іх далучыўся і палкоўнік з Ганяй. Усе глядзелі туды, дзе гарэў нябачна Ахрэм. Некаторыя нават пераконвалі, што ён мо' каля вакна паваліўся дзеля таго, каб узламаць падлогу і апынуцца ў скляпеньні пад сялібай; другія ж з усёй упорыстасьцяй адмаўлялі недарэчлівыя дадумы.

— Не варажыце, людзі добрыя, — Ахрэм згарэў, і грэх за яго на двух ляжа!.. Гэта яны падпалілі, яны няўдзячныя і ў дадатак забойцы!..

Сяльчане прыслухаліся, памалу абступілі Алену. Нават Цярэм, адыходзячы да хаты, заўважыў цесную гурму, падышоў туды. Цярэм любіў паслухаць іншых, не прапусьціць іхную надзённасьць. У ім знаходзілася велізарная дароднасьць чалавека: належаць усяму людзкому. Таксама прызвычай. Мабыць! Але ж і ў Арэмчыка, і ў Алены, і ў палкоўніка з Ганяй таксама ёсьцька прызвычаі, жаданьні ды імкненьні, як зь імі? Яны належаць самім сабе і іншым мо'? Не! Яшчэ ня час, — і яны ў здольнасьці справіцца быць усялякімі! Аднак Алена за іх усіх наймацнейшая воляй.

Хто, прынамсі, апрача як не Алена пераканаў сяльчанаў і мясцовыя ўлады і Цярэма бессумніўнай існасьцяй праўды? Толькі яна. Яна расказала адну вялікую сапраўднасьць. За два дні перад пажарам зь ейнага двору ўцяклі два немясцовыя працаўнікі. Вось яны, не напэўна, а гэткімі былі, людзі зусім асобных прызначэньняў. Гэта тыя, якія падчас працы на ніве каля бору спаткалі лётчыка, што ўцёк з палону, забілі яго, а потым пад пагрозай сьмерці змусілі Аленінага заўсёднага працаўніка, што жыў у маленькай хатцы на ўскрайку двара, за таполямі, з васьмі дзецьмі, зрабіць паховіны лётчыка, як ім зажадалася.

— Вы ж, людзі добрыя, не забыліся пра лётчыка, што знайшлі мінулай восеняй каля царквы? — спыталася яна. — Не забыліся?..

— ...а як жа забыцца! — адказаў за ўсіх Цярэм. І на яго глянулі астатнія. Ах, гэты дакучлівы дзед — усюды торкаецца ён!

— Але... але... — торуць наапошак іншыя з гурмы.

— Дык вось яны і падпалілі двор... Ганьба ім! Праклён галаварэзам!

І Алене ўсюды паверылі.

...А палкоўніку наадварот, той прыпамінак пра лётчыка, пра царкву, асеўся балючым успамінам. Ах, гэтая царква! Ён жа некалісьці каля яе, у той дзень смутнага набажэнства, хадзіў зьдзейсьніць Аленіныя пракуды: «Дапамагай бедным!». Але дзіравую, зношаную кашулю і шапку аніхто не папрасіў у яго. Таму ён нездарма нахіліўся да Гані і, бы з такім самавітым спадзевам чагосьці пэўнага ў будучыні, прагаманіў:

— Ганя, а я зрабіў добра, што не прынёс футру ад краўца — табе будзе што апрануць... Не сумуй — неяк уладзімся...

Ейны твар, асьветлены дагаркамі сялібы, не зварухнуўся ўражаньнем ад нашэпту. Палкоўнік клапатліва-пяшчотна, ледзь-ледзь кранаючы, сабраў з Ганінай вопраткі нацярухі папялінкаў пажару.

* * *

Той самай ночай Цярэм, па звароце да свае хаты, усё-ткі не сьцярпеў перад спакусай уражаньня: дастаў з-за абраза сшытак з ахрышчаным назовам «Лісты з дарогі на той сьвет» і запісаў:

«Колькі ўтораў я пытаўся ў самога сябе, у свайго добра знаёмага: што гэтакае чалавек?

І вось адно кагадзе я пашкадаваў сябе і свайго знаёмага. Ятурбаваў яго недарэчлівасьцяй і змушваў асабіста сябе доўга калець ды надзець на адным месцы думкі.

Няхай бы ты, мой знаёмы, адказаў мне гэтак:

— Калі б ты ведаў, чаму ты — чалавек, дык ты тады ведаў: чаму гэтакі, чаму захоўваесься ўсяляк, чаму творыш некарыснае. Тады ад гэтага веданьня ты б, напэўна, асяліўся на зямлі толькі кракадзілам, толькі ім, або больш іншым — гідрай вадзяной!

— Жыцьцё — тайніца! — «Старая гісторыя і мудрота», — скажа зноў Міхась на гэта. І няхай! Я ж не зьбіраюся торыць тваю «гісторыю» і «мудроту» ды прыпамінаць яе іншым. Я жадаю ўдзельнічаць у направе! А каго і што ведаю!.. Я думаю над адным: як можна прывучыць людзей да інстынкту добрасумленнасьці. І я, мой любы Міхась, пагражаю табе: дадумаюся.— «О, гэтыя інстынкты зьвяроў, пра якія ты мне часта апавядаў!»— ляпей не ўспамінай мне».