Беларускае студэнцтва на чужыне

Рагуля Барыс


Марбург

Хіба варта пачаць ад Скарыны, які здабыў асьвету на Чужыне ды вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб ёй служыць набытымі ведамі? Ці ад беларускіх студэнтаў ў Празе, што здабывалі там асьвету, каб далей служыць свайму народу? Сярод іх былі і такія волаты, як Аляксандар Орса ды яго жонка Натальля, якія далі нам, малодшаму пакаленьню, ня толькі асьвету, але і любоў да свайго, беларускага, адданасьць свайму народу ды, што найважнейшае, -- гонар звацца Беларусам. Наш у бальшыні сялянскі народ ведаў значэньне навукі ды аддаваў апошняе, каб сын ці дачка маглі здабыць асьвету.

У Заходняй Беларусі польскі акупацыйны ўрад ня быў зацікаўлены, каб беларусы вучыліся, а ва Ўсходняй Беларусі, пад савецкай акупацыяй, пасьля кароткай адлігі наступіў пэрыяд жорсткай русыфікацыі... Праўда, да навукі быў доступ, але адначасна калечылі беларускую душу. Напрыклад, у чыста беларускім Наваградку, дзе мы амаль ня чулі расейскае мовы, сёньня пануе выключна расейскае слова...

Пасьляваенны лёс беларускай моладзі быў вельмі цяжкі, але цяга да навукі не аслабла.

Я ад дзіцяці лятуціў быць лекарам. Ня ведаю, чаму. Ці таму, што мой бацька быў лекарам? Я яго ня помню: ён памёр падчас эпідэміі тыфусу, калі мне было толькі два гады. Ці таму, што мама працавала сястрой у шпіталі, і я, там жывучы, надыхаўся шпітальнай атмасфэрай? Ці нешта іншае, для мяне незразумелае? Але мяне ніколі не пакідала думка быць лекарам.

Я паступіў на мэдычны факультэт у Вільні ў 1938 годзе, і паводле тагачаснага права меў вызваленьне ад вайсковай службы аж да заканчэньня студыяў. Палякі-ж забралі мяне ў армію перад наступам немцаў пад пагрозай вайсковага суда.

Не пакінуў я думкі стаць лекарам, і калі быў у нямецкім палоне і калі даведаўся, што Заходняя Беларусь далучана да БССР. Мы атрымалі зьвесткі, што пасля так званага „вызваленьня” Заходняй Беларусі адкрыўся доступ да навукі і шмат моладзі пайшло ва ўнівэрсытэты. У гэтым часе прыехалі да нас у лягер беларусы з бэрлінскага камітэту. Гэта былі беларускія патрыёты, якія хацелі паінфармаваць нас аб сапраўдным становішчы на Беларусі. Мы, аднак, не паверылі. Яны заахвочвалі нас застацца ў Нямеччыне на працы не ваеннапалоннымі, а вольнымі людзьмі. Калі я запытаў, ці будзе магчымасьць вучыцца, я не атрымаў станоўчага адказу. Мы палічылі іх калябарантамі, што пазьней аказалася несправядлівым асудам. Яны гаварылі праўду аб становішчы на Беларусі, але гэта гучала так нерэальна, што мы ім не паверылі.

Я вырашыў уцячы з палону, каб пачаць вучыцца. Першы раз ўцёк зь лягеру Шталяг 1-а недалёка ад Кёнігсбэргу зімой 1940 году пры саракаградусным марозе. На пяты дзень злавілі. Вывезьлі на захад -- у Бохольт, Шталяг 7-а. Там спробы ўцячы ў Галяндыю не ўдаліся, бо немцы 10 травеня акупавалі яе. Перавезьлі ў лягер Гэрман фон Зальца каля Торуня і адтуль мне нарэшце ўдалося ўцячы.

Дзесь на пачатку жнівеня я ды яшчэ пяць беларусаў высьлізнулі зь лягеру. Гэтым разам у цывільнай адзежы. Уцякаць у цывільнай адзежы было небясьпечна, бо, калі зловяць, расстрэльваюць як шпіёнаў. Немцы ў той час прытрымліваліся Жэнеўскай канвэнцыі і, калі лавілі ў вайсковай форме, каралі даволі лёгка -- 2 дні безь яды ды прымусовыя заняткі некалькі гадзінаў на дзень.

Гэтым разам туга па доме перамагла пагрозу сьмерці. У цывільнай адзежы нам даволі лёгка было перайсьці Польшчу й дабрацца да савецкай граніцы. Тут палякі нас папярэдзілі, што граніца закрытая, перабежчыкаў ловяць і кудысьці высылаюць. Не хацелася верыць, але ўсё-ж мы прынялі меры перасьцярогі ды па ўсіх вайсковых правілах перайшлі граніцу.

На сьвітаньні зайшлі на першы хутар. Спалоханы гаспадар запытаў, хто мы. Калі я сказаў, што мы ўцяклі зь нямецкага палону, дык ён кінуў: „Дурні... Вяртайцеся назад ды прыйдзіце зь немцамі нас вызваліць”. Гэта ашаламіла мяне. Я прыпомніў, што тое самае гаварыў мне Чэслаў Ханяўка, калі ўгаворваў застацца ў Нямеччыне. Але ўжо позна. Павароту няма.

Спробы паступіць ва ўнівэрсытэт у Львове, дзе ўжо вучыліся Янка Гутар і Язэп Сажыч, не ўдаліся, бо было запозна. Я зрабіў памылку, вярнуўшыся дахаты ў Любчу, дзе атрымаў працу выкладчыка нямецкай мовы ды гімнастыкі. У школе вучылі выключна на расейскай мове, і калі я запытаў дырэктара, чаму гэта так -- тут-жа ніхто не гаворыць па-расейску за выняткам праваслаўнага сьвятара, былога царскага афіцэра, ён абурыўся:

-- Вы что -- националист?

-- Так, -- адказаў я, -- за палякамі мы змагаліся, каб мець свае школы, ды вось пасьля вызваленьня зноў чужыя.

Гутарка на гэтым скончылася, а празь месяц мяне арыштавалі. „Амэрыканка”, сьледства, абвінавачваньні, прысуд „тройкі” НКВД на сьмерць з правам прасіць у Сталіна ласкі замяніць сьмяротны вырак на 25 гадоў турмы й канцлягеру...

Потым шлях у калёне зьняволеных на Чэрвень... Нямецкі наступ... Свабода... Зварот дадому... Тубэркулёз... Тры гады акупацыі...

І ўвесь гэты час імкненьне да навукі мяне не пакідала. Грамадская, палітычная ды вайсковая дзейнасьць ня зьменшылі маёй цягі да ведаў, не адбілі жаданьня асягнуць мэту -- быць лекарам.

Пасьля капітуляцыі Нямеччыны вялікая колькасьць беларускай моладзі зь сярэдняй асьветай апынулася на абшарах заходняй Нямеччыны. Маленькая група наваградчан асела ў Заалфельд, Цюрынгія. Як успамінае Зоя Смаршчок-Жалязоўская, першымі трапілі туды Галіна Цішэўская з Наваградка, мая аднаклясьніца па гімназіі, і Лёня (прозьвішча забылася). Галя дапамагла ўладкавацца там таксама Зіне Зайко зь Менску, якая хавалася перад прымусовым вывазам у Савецкі Саюз, паколькі была савецкай грамадзянкай. Пазьней туды прыехала Зоя Жалязоўская. Галіна Цішэўская была вельмі здольная і энэргічная дзяўчына. Дзякуючы яе кантактам зь немкай, якая працавала на біржы працы, яна дапамагла ўсім беларусам. Усьлед прыехала сям’я Мазураў -- Вара, Таня і Юрка -- і Запольскія. Галіна ўсіх уладкавала на працу. Сюды-ж трапіла і Людміла Рагуля.

Мы зь Язэпам Сажычам пасьля капітуляцыі Германіі апынуліся ў паўночна-ўсходняй Нямеччыне. Мы ведалі, дзе шукаць нашую радню, і нягледзячы на небясьпекі ды цяжкасьці, дайшлі да Заалфэльд, дзе я нарэшце знайшоў сваю жонку Людмілу, а ён -- сваю нарачоную Вару Мазуру.

Праз кароткі час, аднак, мы даведаліся, што Цюрынгія будзе аддадзена пад савецкую акупацыйную зону. Незадоўга перад нашым прыходам у Заалфэльд савецкія агэнты спрабавалі заахвоціць людзей перайсьці пад іхнюю апеку ў савецкі лягер. Але гэта ім не ўдалося, і мы цэлай групай скрытна пакінулі Заалфэльд і пераехалі ў Гюнфэльд, які апынуўся каля дзесяці кілямэтраў на захад ад дэмаркацыйнай лініі.

1945 год, хутка пасьля капітуляцыі Нямеччыны, аказаўся трагічным годам для ўцекачоў з былога Савецкага Саюзу. На канфэрэнцыі ў Ялце саюзьнікі паабяцалі Сталіну адаслаць назад у Савецкі Саюз усіх савецкіх падданых, якія апынуліся на тэрыторыі, акупаванай Злучанымі Штатамі, Англіяй і Францыяй. Толькі шмат пазьней выявілася ўся крымінальнасьць гэтага дагавору. Бэртрам Д. Волф у сваім уступе да кнігі Julius'a Epseina „Operation Keelhaul. The Story of forsed repatriation” піша: „Я спаткаў аўтара ў 40-х гадох, калі ён дасьледваў злачынствы ўраду Савецкага Саюзу ў дачыненьні да польскіх палонных афіцэраў. Сяньня ўжо ведама, што Гарбачоў прызнаў урад Савецкага Саюзу адказным за гэты крымінальны акт. А ў той час афіцыйныя ўлады саюзьнікаў намагаліся перашкодзіць расьсьледваньню апэрацыі „Keelhaul”. Аўтар кнігі знайшоў усе патрэбныя дакумэнты”.

Жаданьне саюзьнікаў задавольніць Сталіна было настолькі моцнае, што яны адступіліся ад самых асноўных гуманітарных прынцыпаў, гвалтам змушаючы людзей вяртацца назад у краіну, дзе парушаліся ўсе правы чалавека. Слова „Keelhaul” узята са старога карнага кодэксу марскога флоту, у прыватнасьці піратаў, дзе каралі матросаў, прывязваючы гужы да абедзьвух рук і цягаючы пакаранага па-за караблём з аднаго боку на другі. У бальшыні выпадкаў матрос паміраў задоўга да канца прызначанага часу пакараньня. Амэрыканскія ды брытанскія жаўнеры і афіцэры плакалі, бачачы, як тысячы людзей рэзалі сабе вены, кідаліся пад цягнік, каб толькі пазьбегнуць рэпатрыяцыі.

Такое злачынства было зроблена не фашыстамі ці бальшавікамі, а заходнімі дэмакрацыямі, якія змагаліся супраць гітлераўскай агрэсыі ў імя абароны правоў чалавека. Гэтых правоў яны пазбавілі былых грамадзянаў Савецкага Саюзу. Калі амэрыканскія палонныя вярталіся дамоў як героі, дык савецкія -- чынілі самагубства, каб не вяртацца дамоў. Гэтая крывавая пляма застанецца на сумленьні заходніх дэмакратыяў хіба назаўсёды.

Правіла абавязковай рэпатрыяцыі было перагледжана толькі прэзыдэнтам Труманам, а пазьней, на пачатку карэйскай вайны, адменена прэзыдэнтам Эйзэнхаўэрам.

Асаблівая небясьпека пагражала былым грамадзянам Савецкага Саюзу. Калі хто мог, падрабляў паперы, што ён -- польскі падданы, і гэта часта ратавала ад рэпатрыяцыі. Вось і нашая група была ў вялікай небясьпецы. Мы дапамагалі савецкім падданым вырабляць польскія дакумэнты. Адным зь іх быў ведамы маскоўскі спартсмэн Каламацкі, якога мы прыкрывалі аж да часу ягонага выезду ў Злучаныя Штаты Амэрыкі.

Саветы занялі Цюрынгію праз два дні пасьля таго, як мы яе пакінулі. У Гюнфэльдзе нас прынялі вельмі ветліва. Нам далі двухпавярховы дом як часовае памяшканьне для перасяленцаў, жанчыны атрымалі працу пры амэрыканскім войску, і такім чынам праблема выжываньня была вырашаная.

Хто-ж там апынуўся? Язэп Сажыч і Вара, зь якой ён ажаніўся яшчэ ў Заалфэльдзе, Таня і Юрка Мазуры, Зоя Жалязоўская, Оля (прозьвішча забыўся), Галя Цішэўская, Зіна Зайко, Каламацкі, былы футбаліст з маскоўскага „Дынама”, яго жонка Людміла й сын Жэня. Больш нікога не магу прыпомніць.

Там мы нажылі аўтаманіль і думалі заняцца гандлем (спэкуляцыяй), але ні я, ні хто з нас ня выказаў ніякіх здольнасьцей да спэкуляцыі, і гэтае прадпрыемства амаль не закончылася трагэдыяй. Аднаго дня амэрыканец папрасіў мяне завезьці яго на пагранічны амэрыканскі пункт. Ён запрапанаваў мне 10 пачак „Камэлю”. На чорным рынку гэтыя цыгарэты мелі вялікую цану. Пэўне-ж, я згадзіўся, ня ведаючы добра, дзе гэты пункт знаходзіцца. Вязу яго ды бачу савецкіх пагранічнікаў. На маё пытаньне, дзе той амэрыканскі пост знаходзіцца, ён мне адказвае, што зараз-жа за савецкім, і ён гарантуе маю бясьпеку. Я паехаў. Савецкі пагранічнік махнуў рукой, і мы рушылі далей. Амэрыканец даў мне цыгарэты і прапанаваў вяртацца назад, бо ён павінен застацца на пасту. Я спрабаваў яму растлумачыць, што савецкія пагранічнікі могуць мяне затрымаць. „Ня бойся, скажы, што ты мяне перавёз”. Павярнуўся ды пайшоў.

Вяртаюся назад. Кашуля прыліпля да цела не таму, што было горача, а ад страху -- як я міну савецкі пост. Пад’язджаю бліжэй і бачу: там стаіць амэрыканскі грузавік, а савецкі пагранічнік пераглядае нейкія паперы... Направа савецкая будка, налева вузкая дарожка. Мамэнт роздуму, я націснуў на пэдаль, крутануў налева і нейкім цудам праехаў. Грымнулі два стрэлы. Ня чуў, як крычалі „стой!”. Амаль бяз памяці даехаў да нашага лягеру і на гэтым закончыў гандлярскую кар’еру.

У Гюнфэльдзе мы завязалі досыць добрыя адносіны з амэрыканскай камэндатурай. Аднаго дня камэндант заклікаў мяне на гутарку. Пасьля пытаньня, ці задаволены мы побытам у лягеры ДП, ён перайшоў на палітычныя тэмы.

-- Чаму вы не вяртаецеся дамоў? -- запытаў ён мяне.

-- Капітан, ці ведаеце вы аб сытуацыі ў Савецкім Саюзе?

-- Так, я ведаю. Цяпер там пры ўладзе камуністычная партыя, але хутка наступяць выбары. Вы не задаволены цяперашнім станам рэчаў. Можаце спадзявацца, што пры выбарах народ выкажа сваю волю і Сталіна заменіць нехта іншы або іншая партыя пяройме ўладу.

Я ня знаў, што адказаць на гэта. Ён так блага ведаў сапраўдную сытуацыю, што ніякія мае аргумэнты не маглі яго пераканаць. Ён глядзеў на Савецкі Саюз праз амэрыканскія акуляры. Тады я і не падазраваў, што гэта быў пачатак перадачы нас у рукі Саветаў.

У Гюнфэльдзе-ж мы мелі добрага прыяцеля амэрыканца Маршала, па паходжаньні беларускага гэбрая, які закахаўся ў Галю Цішэўскую й пад сакрэтам папярэдзіў нас, што амэрыканцы зьбіраюцца перадаць нас савецкім уладам. За суткі мы сабраліся і, нікому нічога не гаворачы, пакінулі Гюнфэльд і пераехалі ў Марбург.

Марбург -- цудоўны старажытны горад. На гары замчышча з адзінаццатага стагодзьдзя. Вузкія ды крутыя вуліцы. Горад расьцягнуўся над рэчкай Лягн. Марбург славіцца сваім Філіпс Унівэрсытэтам, закладзеным у 1527 годзе. Ён вядомы выбітнымі навукоўцамі сусьветнай славы. Між імі шэсьць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Тут у ХVІІІ вучыўся ведамы расейскі вучоны Ламаносаў. У 1912 годзе тут студыяваў выдатны расейскі пісьменьнік Барыс Пастарнак. Між славутымі нямецкімі вучонымі былі Эміль фон Берынг, Карл Браўн, Отто Ганн, Робэрт Бунсэм і браты Грымм. У гэтым горадзе пахаваны маршал фон Гіндэнбург, астанкі якога перавезьлі з Усходняй Прусыі ў Марбург у 1944 годзе й пахавалі ў касьцёле сьв. Елізаветы. Гэты прыгожы гатыцкага стылю храм, высьвечаны ў 1283 годзе, застаўся бязь ніякіх зьменаў ад таго часу. Марбург мала пацярпеў ад сусьветнай вайны.

Здавалася, што ўвесь горад прасякнуты ўнівэрсытэцкім духам. Ён напамінаў Вільню, горад, дзе першы раз я пачынаў вучыцца на доктара. У Марбургу я даведаўся, што акадэмічны год пачынаецца 15-га верасьня. Здавалася, што лёс закінуў мяне сюды, каб споўніць мае мары.

Хутка ўладкаваліся на прыватных кватэрах, і я адразу пайшоў ва ўнівэрсытэт да дэкана мэдычнага факультэту прафэсара Бэннінггофа, аўтара вядомай працы па функцыянальнай анатоміі. Яго вельмі добра зналі ня толькі ў акадэмічных колах Нямеччыны, але таксама ў Францыі і Англіі. Ягоны кабінет разьмяшчаўся ў анатамічным інстытуце. Я зайшоў у будынак ды пачуў пах фармаліну. Сэрца пачало біцца хутчэй. Я -- у мэдычнай школе! Здавалася, што мае лятуценьні быць лекарам ўжо так блізка да рэальнасьці... Нібы праз сон, чую, як нехта мяне пытае:

-- Што вы тут робіце? Вучэбны год яшчэ не пачаўся.

-- Я, я я... шукаю... Дзе тут кабінет дэкана мэдычнага факультэту?

-- А вось тут, -- адказвае мне, магчыма, стораж або нейкі іншы работнік. -- Вунь там ягоная сакратарка, яна вас накіруе да прафэсара. Ён вельмі добры чалавек.

Заходжу ў невялічкі пакой. За сталом сядзіць жанчына. Відаць, ёй ужо за 50. Сьветлыя валасы зьвязаныя проста ў пучок. Шэрыя вочы здаліся вельмі халоднымі.

-- Ці вы замовілі на сёньня спатканьне з дэканам? Ён вельмі заняты чалавек.

-- Не, -- вінавата адказаў я, -- але мне вельмі важна пабачыць яго. Разумееце, я -- уцякач зь Беларусі. Нікога тут ня ведаю. Вельмі хачу вучыцца і буду вельмі ўдзячны, калі вы мне паможаце пабачыць прафэсара.

Я заўважыў, што пагляд жанчыны памякчэў, калі яна пачула, адкуль я.

-- Мой сын быў на ўсходнім фронце і яшчэ не вярнуўся.

Настала хвіліна маўчаньня. Я доўга ня мог нічога сказаць ды нарэшце заўважыў:

-- Можа, у палоне? Можа, яшчэ вернецца...

Яна падняла на мяне вочы, у іх былі сьлёзы.

-- Яму толькі 18 гадоў. Забралі ў армію ў апошнія месяцы, і ніякай весткі ад яго.

Я адчуў, што яна памякчэла ды ўжо прыемным голасам зьвярнулася да мяне:

-- Сядайце. Я зараз запытаю, ці зможа прафэсар вас сёньня прыняць.

Я сеў, але мне здавалася, што пада мною вострыя цьвікі. Я ўстаў ды пачаў нэрвова хадзіць. Думалася, што яна ніколі ня вернецца.

Раптам адчыняюцца дзьверы, і бачу -- выходзіць за сакратаркай мужчына сталага веку, гадоў 55-60. Хуткім, энэргічным крокам падышоў да мяне, працягнуў руку ды вельмі ветліва павітаўся. Ягоныя карыя вочы акінулі мяне паглядам, і мне здалося, што ён хоча мяне ацаніць, пакуль я скажу сам нешта пра сябе.

-- Калі ласка, заходзьце, -- ветліва паказаў мне рукою напрамак ягонага кабінету.

Ён меў на сабе белы халат і, як мне падалося, таксама пахнуў фармалінам. Прафэсар паказаў мне на крэсла, а сам сеў за дубовым сталом. За ім па сьценцы -- паліцы з кніжкамі, на стале мікраскоп, шмат нейкіх папераў.

На мамэнт я разгубіўся і даволі нязграбна ўсаджваўся ў крэсьле. Мяне апанаваў ня страх перад прафэсарам, а страх перад няведамым вынікам гэтага спатканьня.

-- Якая мэта вашае візыты?

-- Хачу вучыцца. Хачу паступіць на мэдычны факультэт. Хачу быць лекарам...

-- Хто вы? Адкуль? Раскажыце пра сябе, -- лагодна і зацікаўлена зьвярнуўся да мяне прафэсар.

Тут я ўжо схамянуўся.

-- Я беларус. Уцякач ад бальшавікоў. Зь першых дзён акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі мы віталі нямецкую армію як вызвольнікаў ад камунізму. Нашыя палітыкі ведалі немцаў у Польшчы. Між іншым, я з Заходняй Беларусі, якая была пад польскай акупацыяй.

-- Вы кажаце: акупацыяй? -- перапыніў ён мяне.

-- Так, пад акупацыяй польскай тады, калі Ўсходняя Беларусь была пад акупацыяй савецкай. Ніводная з гэтых акупацыяў ня была нам прыязнай. І вось, калі, згодна дагавору нямецкага ўраду з савецкім, Чырвоная армія заняла Заходнюю Беларусь і мой край апынуўся пад бязьлітасным сучасным Чынгіс-Ханам, нашыя палітыкі, а між імі і мой дзядзька -- беларускі сэнатар у польскім сойме, глядзелі на Нямеччыну, як прадстаўніцу заходняй культуры, і чакалі ратунку ад яе.

Я адчуў, што прафэсар зацікавіўся маім расказам. Гэта дадало мне адвагі гаварыць больш свабодна. Я стараўся ацаніць яго як чалавека. Хто ён? Нямецкі патрыёт? Нацыст? Не выглядаў на нацыста.

-- Калі ласка, прадаўжайце, -- папрасіў ён мяне. -- Мы пачалі супрацоўнічаць зь немцамі, верачы, што яны дадуць нам пэўную форму дзяржаўнай незалежнасьці, каб больш эфэктыўна змагацца з камунізмам.

-- Вашыя спадзяваньні не апраўдаліся, -- перапыніў ён мяне, -- і таму мы прайгралі вайну.

-- Так,-- адказаў я, -- і мы апынуліся між молатам і кавадлам. Спачатку нямецкая армія была даволі прыязная, але, калі кіраваць пачалі партыйныя органы, сытуацыя пагоршылася, але нам выхаду ня было, і таму мы сёньня тут.

Я адчуваў, што закрануў нейкую чулую струнку ў ягонай душы. Ягоныя вочы больш прыязна глядзелі на мяне. Паўзу, якая мне здалася векам, перарваў прафэсар ці то пытаньнем, ці проста сьцьверджаньнем:

-- Дык вы пакінулі ўсё...

-- Так, спадар прафэсар, усё: родны край, сем’і, увесь набытак -- з надзеяй, што некалі вернемся на сваю Бацькаўшчыну, вольную ад камуністычнай агрэсыі. Мы апынуліся тут з надзеяй здабыць асьвету, каб больш эфэктыўна змагацца з ворагам ня толькі нашым, але і ўсёй людскасьці.

Я глядзеў яму ў вочы і, здаецца, бачыў спрыяльны адказ.

-- Я вас прымаю на факультэт мэдыцыны. Можаце зараз ісьці да рэгістратара й запісацца на першы курс студыяў.

Я ня помню сваёй рэакцыі. Мой першы імпульс быў абняць яго, як бацьку. Я думаю, што ён адчуў гэта, бо на яго твары засьвяцілася сапраўды бацькоўская ўсьмешка.

-- Ну што-ж, жадаю вам посьпехаў і, хто ведае, можа, павароту на бацькаўшчыну...

-- Так, прафэсар. Я Вам шчыра дзякую, але я тут не адзін. Нас тут больш ёсьць зь сярэдняй адукацыяй, і мы ўсе хацелі-б вучыцца.

-- Усе на мэдыцыну? Колькі-ж вас тут усіх?

-- Блізу 15, але ня ўсе мяркуюць паступіць на мэдыцыну, магчыма, толькі 7 або 8, а рэшта -- на іншыя факультэты.

-- Добра, дайце мне сьпіс кандыдатаў перад канцом верасьня, і я зраблю ўсё магчымае, каб вам дапамагчы.

Я ня памятаю, ці разьвітаўся з прафэсарам. Я бег дахаты, да маёй Людмілкі з радаснай весткай. -- Я прыняты на мэдыцыну, -- закрычаў я такім голасам, што гаспадыня выйшла запытацца, ці ня здарылася чаго.

-- Нічога ня здарылася, -- адказаў я. -- Мяне прынялі на мэдыцыну.

Прыпомніўся мне той мамэнт, калі я вярнуўся зь Вільні і з такой-жа радасьцю паведаміў сваёй Маме, што прыняты на мэдычны факультэт.

Я схапіў Люду ў абдымкі ды танцаваў амаль бяз памяці...

Пасьля пайшоў да Язэпа Сажыча з добрай весткай. Зараз-жа пачалі плянаваць, як знайсьці кандыдатаў. У першую чаргу, Язэп выбраўся на поўнач шукаць нашага старога сябра Валодзю Набагеза. Недзе знайшлі Толіка Бразоўскага, Міхася Жыліка, Міхася Сокала. Паведамілі лягеры ў Міхэльсдорфе і Остэргафэне. Адтуль прыехалі Арэшка й Жытко. У Марбургу далучыўся да нас Лызлаў, які быў вельмі адзінокі, ён страціў нагу ў часе вайны. Гэта быў вельмі інтэлігентны сын расейскага эмігранта ў Парыжы. Ён хутка ўключыўся ў нашую групу ды пазьней шмат нам дапамог пры арганізацыі хору. Ён быў вельмі добры піяніст і акампанаваў нашаму хору на піяніне. Далучыліся да нас Зоя Жалязоўская ды яшчэ адна дзяўчына, якая лічыла сябе беларускай. Юрка Мазура, яго сястра Таня ды Вара, Язэпава жонка, дапоўнілі нашую групу. Пазьней таксама на мэдыцыну прыехаў Гайдзель. З лягеру Ватэнштэт -- Раіса Жукоўская. У сваім лісьце пра вучобу і жыцьцё ў Марбургу яна расказвае:

„У лягер Ватэнштэт (ангельская зона), у нашую зь сястрой Валяй кватэру, прыйшоў малады чалавек, колішні афіцэр беларускай арміі -- Барыс Рагуля. Ён расказаў, што на ўнівэрсытэце ў Марбургу, горадзе амэрыканскае зоны, на наступны сэмэстар ёсьць 30 мейсцаў для беларускіх студэнтаў. Намаўляў нас ехаць і паступаць на студыі. Без намоваў мяне аж разносіць. Яшчэ пакуль трапіла я ў беларускі лягер, езьдзіла ў Гамбург і Гетынген, старалася дастацца на ўнівэрсытэт, каб прадаўжаць раней распачатыя студыі дантыстыкі. Усюды прымалі мяне ветліва і ўсюды ветліва мне адказвалі, што няма мейсца. З вайны вяртаюцца, казалі мне, маладыя людзі, якіх у першую чаргу трэба прыняць на факультэт дантыстыкі. Я ўжо была і страціла надзею на працяг студыяў. І тут мне кажуць, што на Філіпс Унівэрсытэце ў Марбургу ёсьць магчымасьць вучыцца! Я гатова ехаць хоць сёньня!

Без адвалокі, як і трэба было, я напісала заяву і атрымала паведамленьне, што прынятая на факультэт дантыстыкі Марбургскага Ўнівэрсытэту. Толькі ехаць! Але й тут ня так проста. Гэта-ж іншая зона. Трэба мець адпаведныя дакумэнты, якіх я ня маю і якія чамусьці ня так лёгка атрымаць. Ды ахвота горш няволі. А маладым -- мора па калені, акіяны -- па косткі. Еду ў Марбург -- амэрыканскую зону -- і са страхам Божым і чужым дакумэнтам пераходжу граніцу.

У Марбургу я і яшчэ дзьве сяброўкі прыйшлі на кватэру маладога жанімства Барыса й Людкі Рагуляў. Барыс як Барыс, а Людка -- як салавейка, пяе такім прыгожым голасам і з такім пачуцьцём! Ад Барыса, ведаем, залежыць шмат у чым наш лёс у Марбургу. Пераначавалі мы ў Рагуляў, але-ж дзесьці трэба жыць... У паваеннай разьбітай, разбомбленай Нямеччыне знайсьці ня толькі памяшканьне, але й пакойчык -- немагчыма. І зноў трэба Барысу нас ратаваць.

Ужо няма ў жывых ані малодшых, ані старэйшых спадарстваў Каптуровічаў, што жылі ў марбургскім бараку. Старэйшыя Каптуровічы займалі адзін пакой, а малодшыя -- другі. У бараку была яшчэ маленькая кухня і прахадны пакой, зь якога ішлося або на кухню, або на двор. Вось-жа гэты прахадны пакой Барысу трэба было атрымаць, каб пасяліць у ім тры новапрыбылыя ў Марбург студэнткі. Барыс для нас заняўся шантажом. Малодшы Каптуровіч хацеў паступіць на ўнівэрсытэт і студыяваць музыку. Барыс яму кажа: „Уладкую цябе на ўнівэрсытэт, калі ўступіш прахадны пакой для студэнтак”. -- „Колькі студэнтак?” --”Пабачым, адна ці дзьве...”. Нажаль, забылася імя спадара Каптуровіча. Ён запісаўся на ўнівэрсытэт, а мы -- Оля Пазьняк (цяпер Сяднёва), Шура Брылеўская, празь некаторы час Нюра і я -- сталі жыць у прахадным пакоі, былі задаволеныя і шчасьлівыя.

На сьвеце бывае так, што адна асоба робіць шмат дабра для другіх, а тыя другія ў суматосе жыцьця, у кніжках, лябараторыях і экзаменах ды розных сваіх іншых бесперапынных клопатах і турботах неяк забываюць, перастаюць заўважаць, усьведамляць зробленае ім кімсьці дабро. Проста не даацэньваюць, быццам-бы гэта ім належылася, каб нехта ім памагаў. Гэткія няўвагі ў нас часта бываюць у адносінах да нашых дабрачынцаў і перадусім у адносінах да нашага Творцы, які пасылае нам, як сваіх пасланцоў, дабрачынцаў. Верце гэтаму або й ня верце, а даўгое жыцьцё мяне ў гэтым пераканала.

Думаючы пра гэта незадоўга да канца студыяў, села й напісала Барысу Рагулю ў Лювэн ліст прызнаньня і ўдзячнасьці (тады ўжо Барыс Рагуля і многія нашы сябры вучыліся ў Бэльгіі), бо-ж сапраўды, дзякуючы яму, у 1946 годзе я была прынята на Філіпс Унівэрсытэт у Марбургу. Гэта дало мне магчымасьць закончыць факультэт дантыстыкі. Я шчыра ўдзячная доктару Барысу Рагулю й па-сёнья.

У Марбургу была студэнцкая арганізацыя, старшыня -- той-жа Барыс Рагуля. На сяброўскай інаўгурацыйнай бяседзе сабралася за сталамі, застаўленымі сьціплымі, прыгатаванымі сяброўкамі, прысмакамі, мусіць, трыццаць асобаў. Трыццаць беларусаў удалося Барысу Рагулю ўладкаваць на той сэмэстр ва ўнівэрсытэт. Шмат сябровак і сяброў былі мне незнаёмыя. Большасьць прыехала зь Мюнхэну. Мне, сьціплай і нясьмелай, давялося сказаць некалькі слоў, выразіць задавальненьне й падзяку тым, хто паспрыяў, каб апынулася я на гэтай бяседзе як студэнтка Марбургскага Ўнівэрсытэту. Пасьля сяброўкі мне казалі, што я зашмат гаварыла.

З дапамогай сяброў я прыпісалася ў беларускі лягер ДП, што каля Марбургу, і даставала там прадукты на пражыцьцё. Кукурузнай манкай, зь якой варылі кашку, мы пераважна й жывіліся. Атрымала я і ўнівэрсытэцкую легітымацыю -- дакумэнт, зь якім магла пераязджаць граніцу ў ангельскую зону.

У Марбургу пачалася навука, шмат трэба было вучыцца і ўпяршыню прымаць пацыэнтаў, лячыць зубы. Усё гэта было ані проста, ані лёгка. Але пасьля заняткаў бегла адвесьці душу праз усю цэнтральную вуліцу, па якой хадзіў трамвай, на другі яе канец да Рагуляў або трошачку далей да Зойкі Жалязоўскае (з Зояй я найбольш сябравала). Дружыла я таксама з Вандай Чарнэцкай (цяпер Махнач), якая студыявала мэдыцыну. Калісь Ванда была сяброўкай Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні і дружыла з маёй сястрой Валяй. Часта мы хадзілі разам зь ёю на выклады паталёгіі, а пасьля здавалі экзамены.

Ці на той самай вуліцы, ці на іншай жылі Юзік і Вара Сажычы, Валодзя Набагез. Валодзя студыяваў, як і Барыс Рагуля ды Юзік Сажыч, мэдыцыну, быў прыстойным хлапцом і падабаўся дзяўчатам, але пра гэта лепш гаварыць ня будзем. Былі Таня і Юрка Мазуры, Лёня Вініцкі, Аляксей Арэшка, Язэп Арцюх і многа іншых...” (З успамінаў Раісы Жук-Грышкевіч)

Уладзімер Набагез прыслаў сьпіс тых, хто паступіў на мэдычны факультэт:

А. Бразоўскі, У. Набагез, М. Сокал, Ю. Лызлаў, П. Гайдзель з жонкаю Ірэнай Л. Стагановіч, В. Чарнэцкая, А. Арэхва, Б. Рагуля, У. Рабцэвіч, Я. Сажыч, Л. Вініцкі, М. Жылік

на дантыстыку: У. Красоўскі, Л. Трусэвіч, Р. Жукоўская

на фармацыю: Л. Рагуля, З. Жалязоўская, Н. Юрэвіч, О. Пазьняк, О. Левановіч, Ш. Брылеўская.

Пачаўся наш першы акадэмічны год. Нельга тут апісаць майго энтузіязму да навукі. Аглядаючыся на пражытыя гады, усё больш пераконваюся, што я заўсёды быў апантаны мэдыцынай ды навукай наагул. Я лічыў: каб змагацца з бальшавізмам, нам перш за ўсё патрэбныя кадры ў розных галінах навукі.

Пад канец верасьня 1945 году заехаў у Марбург па дарозе зь беларускага лягеру ў Ватэнштэце спадар Стась Станкевіч. Ён спыніўся ў мяне. Пасьля кароткага прывітаньня раптоўна заявіў:

-- Барыс, ты мусіш кідаць навуку ды пераехаць у лягер Остэргафэн, каб заняцца арганізацыяй беларускіх лягераў.

Я на мамэнт анямеў.

-- Кідаць навуку ды ехаць у лягер? Я, мусіць, дрэнна чую цябе, Стась. Ці ты ўяўляеш, што гаворыш? Навука -- гэта аснова нашага нацыянальнага адраджэньня. У нас хопіць людзей на арганізацыйную работу, але ў нас не хапае кандыдатаў на ўнівэрсытэт. Я сем гадоў чакаў на такую нагоду. Думка пра вучобу ніколі мяне не пакідала нават у найгоршых абставінах майго жыцьця, а цяпер ты мне кажаш яе адкінуць?

-- Гэта ня толькі мая ідэя, -- адказаў ён. -- Гэта пастанова нашага нацыянальнага актыву, і ад іхняга імя я загадваю табе неадкладна пераязджаць у лягер.

Наступіла прыкрае маўчаньне. Людміла спалоханымі вачыма глядзела на мяне, чакаючы майго адказу.

-- Не, Стась! Станоўча -- не! Я застаюся ў Марбургу, каб прадоўжыць сваю адукацыю і дапамагчы маім маладым землякам здабываць асьвету.

-- Дык ты ігнаруеш загад?

-- Так, ігнарую, бо лічу гэты загад неразумным і нясвоечасовым. Перадай гэтаму актыву, што дурных загадаў я ня выконваю і на гэтую тэму больш не хачу дыскутаваць.

На гэтым нашая гутарка закончылася. Стась панура сядзеў і доўга маўчаў. Гэтае маўчаньне перарвалася, калі Люда запрасіла нас на пачастунак. У нас было дзьве бульбіны ды крыху маргарыны.

-- Гэта ўсё, што вы маеце?

-- Не, мы яшчэ маем эрзац-каву, -- заявіла Людміла.

Стась моўчкі пачаў калупацца ў сваім клумку.

-- Я тут маю сёе-тое зь лягеру, -- і дастаў кілбасу ды бутэльку самагонкі.

Пасьля першай чаркі атмасфэра крыху праясьнілася, а пасьля другой мы пачуліся зноў сябрамі. Пасля трэцяй Стась пагадзіўся, што навука важнейшая за лягеры, ды абяцаў растлумачыць сытуацыю нашаму актыву.

Побыт у Марбургу быў даволі цяжкі. Амэрыканскія акупацыйныя ўлады не давалі дапамогі тым, хто ня жыў у лягеры. UNRRA таксама адмовілася дапамагаць тым, хто жыў па-за лягерам. Усе нашыя захады перад UNRRA ня мелі ніякіх пазытыўных вынікаў. Такім чынам, студэнты, як і рэшта мясцовага насельніцтва, мусілі задаволіцца скупымі нямецкімі харчовымі карткамі. У хуткім часе нашым дзяўчатам пашчасьціла атрымаць працу пры амэрыканскай кухні за ежу, бязь ніякай аплаты, і тайком яны маглі вынесьці яду, каб падкарміць нас, мужчын. Цяжка яны працавалі, але я ніколі не пачуў нараканьня ад Людмілы. Яна шкадавала толькі аднаго, што не магла вучыцца.

Дзесьці ў канцы кастрычніка пачалі мы думаць, каб стварыць студэнцкую арганізацыю. І гэтая думка хутка была рэалізаваная. 4 лістапада 1945 году на кватэры Валодзі Набагеза мы заклалі Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Марбургу. Пачалі шукаць аднадумцаў у іншых асяродках. Адзін з такіх асяродкаў быў у Мюнхэне, дзе аказаўся і Міхась Рагуля, які закончыў там інжынэрны факультэт. Недалёка ад Марбургу разьмяшчаўся вялікі лягер ДП Аллендорф, дзе знайшлася даволі вялікая група беларусаў. Там я пазнаёміўся зь сем’ямі Кажураў і Дубягаў. Нас спаткалі, як сваіх родных, і часта падкормлівалі маладых студэнтаў.

Беларускія студэнцкія арганізацыі ў другой палове 40-х гадоў у Заходняй Нямеччыне паўставалі амаль спантанічна: усюды, дзе апынуліся нашыя студэнты, засноўваліся гурткі-арганізацыі. Гэтак пры Рэгенсбургскім Унівэрсытэце Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне паўстала ў верасьні 1947 году. У верасьні таго-ж 1947 году было заснаванае Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў горадзе Карлсруэ. Восеньню 1947 году паўстала таксама Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне пры ўнівэрсытэце Фрайбургу[1] .

У 1948 годзе было заснаванае Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне пры ўнівэрсытэце ў горадзе Цюбінгене. У лісьце да мяне Вітаўт Кіпель падае гэткую інфармацыю пра беларускіх студэнтаў на Цюбінгенскім Унівэрсытэце.

„У красавіку 1948 году, праз пару дзён па выпускным вечары 3-яе матуры Беларускае Гімназіі імя Янкі Купалы ў Баварыі, дырэктар гімназіі доктар Орса паклікаў мяне ў настаўніцкую ды сказаў, што ёсьць магчымасьць паступіць на Цюбінгенскі Ўнівэрсытэт, хоць для дырэктара і ня было ясным, як і хто гэта аформіць. Мяне дырэктар проста спытаў:

-- Ну, а ты паедзеш?

-- Ясна, што паеду, -- адказаў я.

Тады ён сказаў, што пагутарыць і зь іншымі выпускнікамі. Пасьля доўгіх перамоваў згадзіліся ехаць у Цюбінген чатыры абітурыенты: Вітаўт Кіпель, Зора Савёнак, Оля Харытончык і Галіна Ганчарэнка.

Але ня ўсё ішло так гладка! Горад Цюбінген знаходзіўся ў французскай акупацыйнай зоне, а мы жылі ў зоне амэрыканскай. Дазволу на пераезд у іншую зону акупацыйныя ўлады не давалі, а вызначаныя межы ахоўваліся як нямецкімі, так і саюзьніцкімі вартавымі. Таму мяжу трэба было пераходзіць нелягальна. Гэтак мы, даехаўшы да апошняе чыгуначнае станцыі на амэрыканскім баку (здаецца, гарадок Гэрэнбэрг), зьлезьлі зь цягніка і вечарком пешкі пайшлі празь мяжу ў французскую зону.

Ісьці трэба было кілямэтраў 8-10 да першае станцыі ў зоне французскай. Ісьці было нявыгодна: мы мелі ладне рэчаў, ішлі напрасткі празь лясочкі й кустарнічкі, а ў гэты час -- месяц красавік -- зямля ў той мясцовасьці мокрая й чарнюшчая. Мы здорава ўпэцкаліся, было цяжкавата, асабліва цягнуць рэчы, бо адна з нашых сябровак мела не пляцак, а вялізарную валізку! Але з прыгодамі -- той-сёй паваліўся, добра, што мінулі пагранічнікаў, -- прыйшлі мы ў французскую зону ды вырашылі пехатой дабірацца да Цюбінгену (яшчэ кілямэтраў 6-8), бо баяліся, што можа быць праверка ў цягніку.

Праз гадзінаў 12-15 пасьля таго, як мы вылезлі зь цягніка ў амэрыканскай зоне, дабраліся да Цюбінгену. Прыйшлі на кватэру спадарства Гэльвігаў, адрас якіх атрымалі ад доктара Орсы. Хутка на той-жа кватэры мы сустрэліся і з прадстаўнікамі арганізацыі, якая мелася ўладкаваць нас на ўнівэрсытэт. Выявілася, што гэтая арганізацыя -- польская, але ўся квота не запоўнена палякамі, дык кіраўнікі згаджаюцца дапусьціць праз сваю арганізацыю на ўнівэрсытэт і нас, як былых грамадзянаў Польшчы. Ведама, што ў той час афіцыйна мы ўсе былі запісаныя як польскія грамадзяне, каб пазьбегнуць выдачы ў Савецкі Саюз. Адразу-ж зь мейсца я й мае сяброўкі заявілі, што раз гэтая арганізацыя польская, мы ў яе ўступаць ня будзем -- мы не палякі. Гэткая нашая заява выклікала буру гневу -- пасыпаліся эпітэты „савецяжы”, „кацапы”, „пятая калёна”..., папрокі, што мы не паважаем аказанага нам даверу. Не прамінулі сказаць, што, калі мы ня ўступім у гэтую арганізацыю, не атрымаем і паёк ад Палёніі, а паколькі мы з амэрыканскай зоны -- нелягальныя, дык нас могуць і арыштаваць. Але мы ні на якія пагрозы не зьвярнулі ўвагі, выйшлі з хаты ды пайшлі на вакзал, які ад гэтага часу стаўся нашым домам (хоць трэба было добра лавіраваць, каб не пападацца на вочы паліцыі). Вырашылі, што раз мы ў Цюбінгене, дык паспрабуем неяк уладкоўвацца самі.

Праз дзень-другі пайшлі ў рэгістрацыйны адзьдзел унівэрсытэту, дзе нам сказалі, што нямецкая адміністрацыя нічога ня можа вырашыць адносна студэнтаў-чужынцаў, а з гэтай справай трэба зьвяртацца ў ваенную адміністрацыю. Сустрэўшыся зь некаторымі мясцовымі беларусамі, мы выказалі свой намер пайсьці да французскіх ваенных уладаў і паспрабаваць атрымаць дазвол на запіс ва ўнівэрсытэт. Землякі палічылі нас за вар’ятаў: „Калі вы пойдзеце да французаў, вас усіх адразу арыштуюць і вывезуць у савецкую зону”, -- так нас застрашылі нашыя суродзічы. Ясна, што сытуацыя была няцікавая: мы ня мелі ні памяшканьня, ні харчоў, ні адпаведных дакумэнтаў. І тым ня менш, мы зь дзяўчатамі вырашылі паспрабаваць шчасьця.

Ведаючы, куды зьвяртацца, мы паказвалі вартавым пры будынку ваеннай адміністрацыі скаўцкія легітымацыі, якія выдаваліся Інтэрнацыянальным Скаўцкім Бюро для ўсяе Заходняе Нямеччыны. Пайшлі мы, Вітаўт Кіпель і Галіна Ганчарэнка, да палкоўніка Дзю Банэ (а можа, Дзю Манэ) і выказалі нашую справу. Той выслухаў нас спакойна, сказаў, што справа няпростая, мы для яго -- нелягальныя чужынцы і павінны быць адразу выдаленыя з французскай зоны, але, паколькі мы хочам вучыцца ва ўнівэрсытэце, ён нам дазволіць сустрэцца з вышэйшым начальствам.

Празь дзень, гэтым разам ужо я сам адзін (дзяўчаты вырашылі, што ім будзе лягчэй нешта рабіць, калі-б мяне затрымалі!) пайшоў да француза-палкоўніка, які наглядаў за сыстэмай вышэйшае адукацыі ў французскай зоне (нажаль, забыў ягонае прозьвішча). Палкоўнік сустрэў мяне ветліва, адразу спытаў, на якой мове будзем гаварыць (у маім моўным багажы ў той час была толькі адна нямецкая мова з заходніх моваў), і я пачаў сваё апавяданьне. Я расказаў яму пра Беларусь, паказаў кнігу Энгельгарда (гэтую кнігу я гадоў пяць вазіў у сваім плецаку), вытлумачыў, чаму мы не вяртаемся на бацькаўшчыну (адно зь першых ягоных пытаньняў да мяне было -- ці ўсё-ж я ня думаю вярнуцца ў Савецкі Саюз?), ды асабліва падкрэсьліў, што нам важна здабыць асьвету на Захадзе і служыць Беларусі.

Гэтаксама, вёў я, нам, беларусам, патрэбныя свае арганізацыі, а таму, у выпадку нашае рэгістрацыі на ўнівэрсытэце, мы хацелі-б мець беларускую студэнцкую арганізацыю. Гэтыя мае словы як-бы ўзарвалі палкоўніка. Ён рэзка павярнуўся, ускінуўся ды разьюшана выпаліў: „Што гэта вы сабе думаеце! Нелягальныя грамадзяне ў французскай зоне просяць зарэгістравацца на ўнівэрсытэт ды яшчэ -- проста нахабства -- хочуць стварыць новую арганізацыю. Гэта нячувана!” -- крычаў палкоўнік. Я-ж спакойна яму паясьніў, што ня лічу нахабствам, калі нечага прашу. „Вы мне проста можаце адмовіць, аднак я яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што раблю гэта з нацыянальнага абавязку, а не для задавальненьня асабістых патрэбаў”. Пачуўшы мой спакойны тон, палкоўнік, здалося мне, неяк суцішыўся. У маёй-жа галаве думкі скакалі, як у калейдаскопе: „Што рабіць, калі ён зараз пакліча варту й мяне арыштуюць?! Уцякаць няма куды, я -- у памяшканьні ваеннай адміністрацыі”. Асабліва я напужаўся, калі палкоўнік, ня кажучы мне ні слова, зьняў тэлефонную трубку, глянуў на мяне ды пачаў набіраць нейкі нумар. „Ну, думаю, хана...”. Відаць, мой твар выказваў вялізарнае занепакаеньне, бо палкоўнік зрабіў нейкі адчэпна-заспакаяльны жэст -- маўляў, ладна, сядзі...

І тое, што ён пачаў гаварыць у тэлефон, ашаламіла мяне. Я не хацеў верыць сваім вушам. Палкоўнік некаму сказаў, каб мяне прынялі і выканалі маю просьбу. Дарэчы, гутарка палкоўніка зь некім адбывалася таксама па-нямецку. Я быў на дзясятым небе. Хацелася сардэчна паціснуць гэтаму французу руку, але я сядзеў, не адважваючыся нічога сказаць. Павесіўшы трубку, палкоўнік растлумачыў мне, што ён гаварыў з канцылярыяй віцэ-рэктара, сказаў, каб я туды адразу ішоў -- нашая просьба будзе задаволеная. Ён нават не дазволіў мне выказаць словы ўдзячнасьці, перабіў мяне і заўважыў, што ён адступіў ад правіла, бо яму здалося, што я гаварыў шчыра. Ён, сапраўды, мог у гэтым не сумнявацца. І мая гутарка, і паводзіны ўсіх нас -- Галіны, Зоры, Олі -- кіраваліся толькі адным -- быць карыснымі беларускай справе. І ўсё, што мы рабілі, было шчырае.

Далейшы ход падзеяў быў просты (праўда, я на хвілінку завагаўся: ці знайсьці на станцыі дзяўчат і сказаць ім навіну, ці ісьці адразу ў канцылярыю віцэ-рэктара?). Вырашыў, што скажу пазьней, залагодзіўшы ўсе справы. Я прыйшоў да віцэ-рэктара, запісаў нашыя прозьвішчы, запоўніў патрэбныя анкеты і падаўся на вакзал шукаць дзяўчат. Празь некалькі дзён на галоўнай адміністрацыйнай дошцы зьявілася паведамленьне, што пры ўнівэрсытэце зарэгістраваная новая арганізацыя -- Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне. Былі таксама аформленыя нашыя ўнівэрсытэцкія дакумэнты, і для нашага найбольшага задаваленьня (да нейкай ступені зьдзіўленьня) у нашых „аўсвайсах” (мы іх і цяпер захоўваем) нават нашая дзяржаўная прыналежнасьць была запісаная як „вайсрутэнішэ” -- беларуская! Гэтак мы пачалі студэнцкае жыцьцё.

Мы бралі ўдзел у колькіх міжнародных студэнцкіх імпрэзах-вечарох, я ад нашае групы быў на зьезьдзе ў Марбургу (канец травеня 1948 году), а пазьней, восеньню 1948 году, паколькі мы дзейнічалі як самастойная арганізацыя, дамагліся ад унівэрсытэту памяшканьня для служэньня беларускіх праваслаўных службаў айцом Сьцяпанам Войтанкам. К таму часу разам з намі ўжо былі Валодзя Жыромскі, Янка (Яніна) Калюцік і іншыя студэнты. У канцылярыі мне сказалі, што ёсьць яшчэ адна студэнтка-беларуска -- Надзя Юрэвіч.

Навука ў Цюбінгене стаяла вельмі высака: мы наведвалі лекцыі фізыкі ў прафэсара Косэля, аднаго з бацькоў актэтнай тэорыі структуры ядра, хімію выкладаў прафэсар Віціг, выдатны нямецкі хімік, слухалі іншых, ня менш знакамітых навукоўцаў.

Нашую дзейнасьць спараліжавала грашовая рэформа, хоць я і прабыў на ўнівэрсытэце да красавіка 1949 году, а дзяўчаты павыязджалі раней. Наступным нашым студэнцкім этапам -- на даўжэйшыя гады -- стаўся ўнівэрсытэт у Лювэне”.(З успамінаў Вітаўта Кіпеля)

Вернемся зноў у Марбург. Жыцьцё нашае пачало наладжвацца. Студэнты грызьлі навуку: засвойвалі тэорыю, набывалі практычныя веды. „Хачу ўспомніць, -- расказвае Ўладзімер Набагез, -- наш пабыт у Трайзе, дзе мы стажыраваліся ў шпіталі для мэнтальна хворых як санітары. Гэтага вымагала мэдычная школа перад допускам на клінічныя сэмэстры. Шмат хто выракся мэдыцыны пасьля шасьцітыднёвай практыкі. Там, у шпіталі, быў доктар Малецкі, вялікі беларускі патрыёта, які дапамог нам уладкавацца на працу і апякаў нас. Нам вельмі імпанавала, калі пацыэнты зьвярталіся да нас Черр Доктор”.(З успамінаў Уладзімера Набагеза)

„Прыпамінаецца Вялікдзень, -- піша Раіса Жук-Грышкевіч. -- Мы, дзяўчаты ад Каптуровічаў, далучыліся да іншых, каб ад самае раніцы да вечара хадзіць валачобнікамі ў адведзіны да нашых сяброў. Вельмі прыемныя былі адведзіны ў Сажычаў. Вара -- добрая гаспадыня і напякла на сьвята ўсякіх пірагоў, бабак, мяса -- усё як трэба на Вялікдзень. І ейны вялікодны стол, накрыты белым абрусам, застаўлены смачнай ежай, выглядаў прыгожа і як-бы запрашаў студэнтаў частавацца. Але доўга гасьцяваць у аднэй хаце нельга, бо трэба-ж і іншых адведаць. І абавязкова зь пяяньнем валачобных песень. Хай-бы Валодзя Набагез сьпісаў словы ўсіх валачобных песень, якія памятае, бо тады ён найбольш іх ведаў і сьпяваў, а за ім ужо й мы падцягвалі”. (З успамінаў Раісы Жук-Грышкевіч)

З часам узьнікла неабходнасьць вырашыць і рэлігійныя справы. Асабіста я гэтым мала цікавіўся. Мая сувязь з царквой перарвалася даволі рана, на адзінаццатым годзе жыцьця. Я быў царкоўным прыслужнікам, і мая бабуля бачыла ў гэтым нейкую божую ласку ды ўяўляла ўнука сьвятаром. На Вялікдзень людзі давалі сьвятару што каму Бог пашле, ды аказалася, што аднаго разу ўсе прынесьлі толькі яйкі. Калі сьвятар убачыў, што, акрамя яечак, амаль нічога ня было, вельмі ўзлаваўся:

-- Што-ж, гэтыя хамы не маглі шынкі ці кілбасы прынесьці! -- закрычаў ён, зразумела, па-расейску, бо „хамскай мовай” ён не гаварыў.

Нешта, як нажом, укалола мяне ў грудзі. Мае-ж бабка і дзед таксама давалі на царкву. Дык і яны хамы, і я хам... Многа трэба было часу, каб пра гэта забыцца, але забыцца я ня мог. Аднаго дня, калі я падаваў сьвятару кадзіла, ён мне зрабіў нейкую заўвагу, а я паспрабаваў апраўдацца. У адказ пачуў:

-- Перестань говорить со мною хамским языком да смотри, как лучше выполнять свои обязанности!

Тут ужо ён мяне дапёк. Праз два тыдні меўся быць фэст у Любчанскай царкве на сьвятога Ільлю. Чакалі япіскапа і шмат сьвятароў. Пры такіх нагодах службы заўсёды былі вельмі ўрачыстыя. Вось для мяне здарыўся ўдалы выпадак адыграцца на маім сьвятяры. Я сабраў усіх прыслужнікаў, а нас там было чатырох, ды расказаў ім аб маім інцыдэньце са сьвятаром.

-- Ці „хамы” могуць служыць пры такіх урачыстасьцях, -- запытаў я іх. -- Мы для нашага сьвятара -- беларускія хамы. Помніце, каб ніхто з вас не зьявіўся ў царкву на службу. Няхай бяз „хамаў” абыходзяцца.

Двое хлапцоў пагадзіліся адразу, адзін маўчаў, а чацьвёрты кажа, што гэта, можа, будзе грэх. Я стараўся пераканаць, што тут нічога грэшнага няма й мы ня можам дазволіць, каб нас абражалі. Калі-ж мой сябра паспрабаваў упірацца, дык я проста прыгразіў, што паб’ю яго, калі ён зьявіцца ў царкву.

Вось і першы страйк. Ніводзін з прыслужнікаў не зьявіўся ў царкву. Я пайшоў туды, каб паглядзець, што там адбываецца.

-- Где эти хамы? -- нэрваваўся сьвятар.

Хамы ня прыйшлі. Плян удаўся. Цяжка апісаць маю радасьць... На другі дзень сьвятар прыйшоў да нас у хату. Я папярэдне расказаў Маме пра ўсё, як было. Калі сьвятар разгневаным голасам, трасучы пальцам перад маміным тварам, дамагаўся майго пакараньня, мая Мама спакойна адказала:

-- Я думаю, што Богу, мабыць, ня зусім даспадобы, каб хамы Яму прыслужвалі. Караць я сына ня буду, гэта ягоная справа, ці ён надалей захоча вам прыслужваць.

На гэтым закончылася гутарка і адначасова мая сувязь з царквой. Мне шкада было толькі маёй бабкі. Яна крыжам ляжала ў царкве, просячы Бога дараваць мой грэх. Відаць, мой Бог паслухаў ейных малітваў ды меў мяне ў сваёй апецы.

Мусіць, ад таго часу для мяне мой Бог ня месьціцца ні ў якім храме. Мой Бог жыве над Нёманам, у Налібоцкай пушчы, на лугох ды сярод зорак. Так яно ўжо і асталося аж да пахілых гадоў майго жыцьця.

Выпадкова я сустрэў прафэсара, які выкладаў тэалёгію. Калі ён даведаўся, што ў Марбургу ёсьць праваслаўныя студэнты, ён запрапанаваў адпраўляць для іх праваслаўныя службы. Унівэрсытэт адпусціў нам адну залю, і мы хадзілі амаль кожную нядзелю на царкоўныя службы. Аднак праваслаўны сьвятар у Аллендорфе даведаўся аб гэтым і заявіў, што гэта грэх, што лютэранскі сьвятар ня мае права служыць праваслаўных службаў і што ён сам арганізуе праваслаўныя службы ў Марбургу. Гэтым я ўжо не займаўся. Арганізаваўся прыход. Каптуровіч, якога мы спаткалі тут, з маленькай групы студэнтаў зрабіў царкоўны хор і стаўся ягоным дырыжорам. А Юрка Мазура, таленавіты музыкант і нават кампазытар, зрабіў яшчэ сьвецкі хор, дадаў танцавальную групу ды ўславіў свой каляктыў частымі выездамі ў лягеры ДП, дзе паднімаў нацыянальны беларускі дух. Марбургскія студэнты пачалі выязджаць на гастролі ў розныя лягеры з канцэртамі народнай музыкі й танцаў. Гэта мела вялізарны ўплыў на беларускіх эмігрантаў, якія віталі нашых студэнтаў з адкрытымі сэрцамі ды часта ўзнагароджвалі іх дадатковым правіянтам. Сухары, маргарын, а часам папяросы дапамагалі студэнтам у цяжкой матэрыяльнай сытуацыі.

Набліжаліся Каляды. Але на пусты жывот і Каляды -- малая пацеха. Валодзя Набагез прыпомніў, як мы паехалі на поўнач купіць селядцоў. Якая-ж куцьця безь селядцоў? Вось тут Валодзевы ўспаміны з нашага падарожжа.

„Сьнежань 1945. Перш падаліся ў Гамбург -- меліся заехаць у Ротэнбург забраць пішучую машынку з маёй старой кватэры, а тады праз Брэмэн падацца ў Брэмэнгафэн, дзе селядцы прадаваліся даволі танна. Нам трэба было сысьці ў Ротэнбургу, але цягнік быў хуткі і там не затрымліваўся. Далі адзін пачак цыгарэтаў машыністу, і ён дастаткова звольніў ход, каб мы маглі выскачыць у Ротэнбургу. Спыніліся ў нашых землякоў -- Алеся Салаўя, Барыса Рамановіча, Андрэя Шацукевіча. Назаўтра, забраўшы мой пляцак зь пішучай машынкай, пайшлі на станцыю ды, набыўшы білеты, паехалі ў Брэмэнгафэн.

У Брэмэне перасадка. Мелі гадзіну часу ды вырашылі паглядзець горад. Нас тут-жа затрымала нямецкая паліцыя як спэкулянтаў і хацела канфіскаваць машынку. Мы пратэставалі й дамагліся, каб нас завезьлі ў амэрыканскую вайсковую паліцыю. Там начальнікам быў маёр Мураўскі, польскага паходжаньня, які трохі кумекаў па-польску. Сымпатычны дзядзька, ён перагледзеў нашыя студэнцкія пасьведчаньні ды, сказаўшы некалькі слоў па-польску, адпусьціў нас і загадаў нямецкай паліцыі больш нас не чапаць. Мы ўсё-ж не пакінулі плянаў купіць селядцоў. Якая-ж будзе куцьця безь селядцоў? Далейшае падарожжа прайшло спакойна. У Брэмэнгафэне купілі так жаданых прысмакаў ды вярнуліся ў Марбург.

Шумна сьвяткавалі куцьцю на маёй кватэры зь селядцамі ды алендорфскай самагонкай. Весела расказвалі аб нашых прыгодах, крыху прыўкрасіўшы для большай цікавасьці, але факт ёсьць фактам, што „шнэльцуг” затрымаўся ў чыстым полі, каб мы маглі зь яго зьлезьці.

А што да пішучай машынкі, дык яна верна служыла нашым студэнтам у Марбургу, а пасьля, зь пераробленым шрыфтам, -- у Лювэне. Яна й цяпер у мяне, чакае на дастойнае мейсца ў музэі, як доказ, што на ёй пісалі гісторыю беларускага студэнцтва на Чужыне”. (З успамінаў Уладзімера Набагеза)

Людміла хацела таксама пайсьці вучыцца, але ў міжчасе зацяжарыла, і навука часова адышла на другі плян. Я зноў паспрабаваў заняцца спэкуляцыяй, каб трохі паправіць наш побыт, але ў мяне нічога ня выходзіла. Мая спэкуляцыя заканчвалася, у лепшым выпадку, здабыткам торбы яблыкаў ці бульбы. На пачатку сьнежаня 1945 году я выбраўся яшчэ раз паспрабаваць шчасьця ў гандлі, але справа закончылася аўтамабільнай аварыяй, і я вярнуўся да мае Людмілкі пакалечаны ды абвязаны бінтамі. Гэты выпадак вельмі цяжка падзейнічаў на яе і, магчыма, быў прычынай бяды. Перад самым Новым Годам, 31 сьнежаня, у Людмілы пачаліся болі, і а першай гадзіне ночы мы страцілі нашага сына, які нарадзіўся на шостым месяцы цяжарнасьці. Доўга мы не маглі зьмірыцца са стратаю.

Неўзабаве пасьля гэтага даведаліся, што Люда можа паступіць на першы год фармацэўтычнага адзьдзяленьня. Сэмэстар пачынаўся ў канцы студзеня, і яна аддалася поўнасьцю навуцы. Гэта ў пэўнай ступені дапамагло ёй перанесьці страту. Людміла аказалася вельмі руплівай студэнткай, асабліва пасьпяхова ў яе ішла аналітычная хімія.

У 1946 годзе UNRRA зьмяніла сваю палітыку да студэнтаў і набыла студэнцкі дом, а таксама раз на тыдзень выдавала прадукты, па якія трэба было езьдзіць за 100 кілямэтраў. Гэта, аднак, значна палепшыла нашае матэрыяльнае становішча. Нашая група не перайшла жыць у студэнцкі дом, і мы засталіся на прыватных кватэрах.

З часам арганізавалі адзьдзел беларускіх ветэранаў і ўключыліся ў грамадскае жыцьцё беларускай эміграцыі. „У верасьні 1945 году спадар Радаслаў Астроўскі, прэзыдэнт Рады БЦР, склікаў сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў на паседжаньне Рады ў Бад Кіссінген (Баварыя). Рагулю і мне было даручана прывезьці прэзыдэнта Радаслава Астроўскага, які ў той час жыў недалёка ад нас у ангельскай акупацыйнай ў лягеры Гэкстэр. Мне добра засталося ў памяці ўсяночнае паседжаньне ў замку Бад Кіссінген, дзе сп. Астроўскі заявіў: „Наша песьня сьпетая”. Ён прапанаваў распусьціць Раду БЦР і працаваць пад шыльдаю БНР. Астроўскі тлумачыў гэта тым, што хаця БЦР і ейныя прыхільнікі былі і застаюцца беларускімі патрыётамі, адданымі ідэі незалежнасьці, аднак палітычная сытуацыя даволі нязручная, каб прадаўжаць палітычную дзейнасьць пад сьцягам БЦР. Ня было шмат дыскусыяў, амаль усе пагадзіліся з такой прапановай.

Тут я першы раз пазнаёміўся з ідэяй БНР, а потым даведаўся, што ў беларускіх лягерах зноў аднавілася ідэя БЦР і пачалася барацьба паміж так званымі Крывічамі й Зарубежнікамі на палітычнай і царкоўнай ніве. Я застаюся прыхільнікам БНР па палітычнай лінііі і прыхільнікам БАПЦ па царкоўнай лініі”. (З успамінаў Язэпа Сажыча)

Якраз тады прыехаў з Парыжу Мікола Абрамчык. Ён атрымаў ад Васіля Захаркі тэстамэнт, у якім Васіль Захарка перадаў яму паўнамоцтвы прэзыдэнта Рады БНР як спадкаемцы і прадаўжальніка ідэяў Першага Усебеларускага Кангрэсу 1918 году. Другі Усебеларускі Кангрэс, які адбыўся 27 і 28 ліпеня 1944 году ў Менску пад гукі артылерыйскай кананады наступу савецкай арміі, не аб’явіў незалежнасьці, але пацьвердзіў пастановы Першага Кангрэсу, што было раўназначна, або, прынамсі, амаль раўназначна, абвяшчэньню незалежнасьці. Прызначэньне Абрамчыка прэзыдэнтам Рады БНР, якая была надзеленая паўнамоцтвамі абодвух Усебеларускіх Кангрэсаў, і роспуск БЦР былі даволі прыхільна сустрэты эміграцыяй. Хутка, аднак, спадар Астроўскі аб’явіў, што ён і надалей лічыць БЦР адзіным правамоцным нацыянальным прадстаўніцтвам. Многія з нас не маглі зразумець такога крутога павароту спадара Астроўскага. Ён ніколі так і ня змог растлумачыць сэнс такога палітычнага манэўру. Я адмовіўся ад супрацоўніцтва зь ім. Тады зяць Радаслава Астроўскага паклікаў мяне да сябе, пачаставаў добрай вячэрай ды пасьля чаркі зьвярнуўся да мяне:

-- Барыс, дай слова, што захаваеш у сакрэце тое, што я табе зараз скажу.

-- Абяцаю, -- адказаў я.

-- Пэўныя ангельскія колы зацікаўлены ў захаваньні БЦР як палітычнага прадстаўніцтва. Яны былі ў кантакце з Астроўскім. Я ня ведаю дэталяў, але, магчыма, аліянты (Allied Forcs -- заходнія саюзьнікі) маюць намер супрацьстаяць савецкай экспансіі, і нам трэба быць гатовымі да такога павароту падзей.

-- Я ня веру, што аліянты могуць так хутка зьмяніць свае пазыцыі, і больш таго -- сумняваюся, што нехта мог гэта сур’ёзна запрапанаваць.

Сёньня я парушыў сваё слова, але ня думаю, што пасьля паўсотні гадоў могуць яшчэ быць нейкія таямніцы. Аднак рэтраспэктыўна я схільны паверыць, што нешта падобнае магло здарыцца.

Вось так і пачаўся палітычны падзел нашай эміграцыі. Бэцээраўцы і бэнээраўцы, а пазьней крывічы і зарубежнікі ды шмат іншых мянушак...

Адкуль пайшла назва „зарубежнікі”? Варта паясьніць. У 1945 ці на пачатку 1946 году япіскапы Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы вырашылі далучыцца да расейскай зарубежнай царквы. Было, здаецца, пяць япіскапаў, але толькі двое -- Апанас ды Філафей -- лічылі сябе беларусамі й гаварылі па-беларуску. І мне здавалася, што ў іхняй душы захавалася любоў да беларускага народу. Радаслаў Астроўскі, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, аднойчы сказаў мне:

-- Ведаеш, Барыс, мне здаецца, што з нашых пяцёх япіскапаў адзін Апанас сапраўдны вернік ды, магчыма, захаваў беларускую душу.

Зь япіскапам Апанасам мне прыйшлося пазнаёміцца бліжэй, паколькі ён быў прызначаны ў Наваградак. Я зь ім часта сустракаўся, і ў мяне склалася ўражаньне пра яго, як чалавека аскэтычнага, адданага царкве і Богу. Усё-ж казаньні і ён гаварыў па-расейску. Відаць, усе царкоўнікі былі ўзгадаваныя ва ўпэўненасьці, што Бог разумее выключна расейскую мову. Зьвяртацца да Яго па-беларуску, „простай мовай”, быццам-бы няпрыстойна. Стараславянская мова ў царкве была лацінай для маёй бабкі дый для мяне. Я ўпяршыню зразумеў праваслаўную службу, калі пачуў яе на французскай мове ў Бэльгіі. Пэўне-ж, ані я, ані беларуская моладзь, якая ў той час ужо ганарылася імем беларуса, не гарнуліся да чужой нам царквы.

Недзе на пачатку 1942 году япіскап Апанас запрасіў мяне да сябе. Адносіны між намі былі, сказаў-бы я, сяброўскія. Ён не чакаў ад мяне, каб я цалаваў яму руку ды прасіў благаславенства. Я адчуваў, што ён мяне паважае ды, магчыма, і любіць. Пасьля кароткай гутаркі ды шклянкі гарбаты ён запытаў:

-- Барыс, скажы мне шчыра, чаму я ня бачу цябе ў царкве? Чаму нашыя студэнты сэмінарыі ня горнуцца да сваёй роднай царквы?

Я доўга маўчаў, гледзячы проста яму ў вочы. Перакананы, што ён знайшоў адказ яшчэ да маіх слоў -- у маім паглядзе.

-- Уладыка, -- сказаў я, -- царква ня родная -- царква расейская, а гэтая моладзь гарыць беларускім духам і хоча бачыць царкву, якая задавольніць іхнія духовыя патрэбы. Вы-ж, Уладыка, беларус. Са мною гаворыце па-беларуску, але, як толькі адзенеце рызы, аўтаматычна пераходзіце на расейскую мову. Расейская царква, у маім паняцьці, ніколі ня была незалежнай ад Расейскай імпэрыі. Царква спрыяла русыфікацыі, царква дапамагала трымаць народ у цемнаце і перакананьні, што толькі праз расейскую царкву ды на расейскай мове можна наблізіцца да Бога.

Тут я расказаў япіскапу Апанасу пра мае дачыненьні з царквой у маладыя гады, што пакінулі незацёрты сьлед у маёй душы.

Ён доўга маўчаў. Відаць, я яго зачапіў.

-- Барыс, я вас разумею. Але-ж вы Бога не адкідаеце?

-- Уладыка, -- адказаў я,-- Бог ня мае нічога супольнага з царквой. У Яго не адна расейская царква. У Яго шмат цэркваў, дзе людзі хваляць Яго на розных мовах ды рознымі спосабамі. Калі-ж гаварыць аб хрысьціянскіх цэрквах, дык, Уладыка, мне здаецца, Вы забыліся Хрыстовы словы, зьвернутыя да апосталаў...

-- Я ведаю, -- перабіў мяне Уладыка. -- Я ведаю, што вы хочаце сказаць. Інакш кажучы, вы думаеце, што моладзь будзе больш прыхільная да царквы, калі я перайду на беларускую мову?

-- Я ня толькі думаю, Уладыка, але я перакананы, што ня толькі мне будзе прыемна пачуць вашае казаньне на роднай мове і што гэта прыцягне больш моладзі да царквы.

Я ня памятаю дэталяў далейшай гутаркі, але мы разьвіталіся, як сябры. У наступную нядзелю казаньне было па-беларуску, я сам пайшоў у царкву ды заахвоціў некалькіх студэнтаў пайсьці са мною. Праз пару месяцаў студэнты калёнамі ішлі ў царкву, апранутыя ў нацыянальнае беларускае адзеньне. Я пераканаўся, што нашае спатканьне дало добрыя вынікі.

Апошні раз я бачыўся зь япіскапам Апанасам у 1957 годзе ў Лёндане (Канада). Ён мяне наведаў, хацеў неяк апраўдаць свой адыход ад беларускай царквы. Мы рассталіся прыяцелямі, але я не адчуваў таго цяпла, як некалі ў Наваградку.

Япіскап Філафей жыў у Франкфурце, недалёка ад Марбургу. Нам, студэнтам, было балюча за адыход япіскапаў ад нашай царквы. Нягледзячы на тое, што зноў аднавілі аўтакефалію пасьля высьвячэньня інжынэра Тамашчыка на япіскапа Беларускай Аўтакефальнай Царквы, мы лічылі, што япіскапы Апанас і Філафей асабліва ўзмацнілі-б нашую царкву.

Мы склікалі сход студэнтаў, каб абгаварыць гэтую справу. Былі розныя меркаваньні. Адны вельмі востра рэагавалі на здраду япіскапаў, другія паставіліся абыякава. Бальшыня выказала думку, што не пашкодзіць пагаварыць зь япіскапамі, хоць надзеі амаль ніякай няма. Нам было ведама, што Расейская Зарубежная Царква даволі стабільная матэрыяльна і ў стане забясьпечыць патрэбы япіскапаў, тады як нашая эміграцыя слабая матэрыяльна і ня можа параўнацца з расейскай дыяспарай.

Сход прыняў рашэньне паслаць дэлегацыю на спатканьне зь япіскапам Філафеем. Гэты абавязак выпаў нам зь Міхасём Жылікам. Мы выслалі ліст з просьбай аўдыенцыі і хутка атрымалі адказ. На вызначаны дзень мы прыехалі ў Франкфурт. Зайшлі ў будынак кансысторыі, дзе нам паказалі кабінет япіскапа Філафея. У прыёмнай нас зь ветлівай усьмешкай спаткала, відаць, ягоная сакратарка, жанчына сярэдняга веку. Чорныя валасы з раньняй сівізнай, цёмныя вочы, высокія бровы, далікатна падмалёваныя вусны. Абціслы свэтар ня мог схаваць высокія грудзі\ тонкі, стройны стан і доўгія, прыгожыя ногі дапаўнялі вобраз. „Добры мае густ наш япіскап”, -- міжволі саграшыў я. Бачу, мой калега рааспусьціў губы ды слова ня можа сказаць.

-- Калі ласка, сядайце, япіскап зараз вас прыме, -- сказала яна на чыстай, прыгожай расейскай мове. Мы селі, разглядаючыся навокал, каб не паказаць нашага лішняга зацікаўленьня сакратаркай. Празь некалькі хвілінаў нас прыняў япіскап Філафей. Ён быў сярэдняга росту, з чорнай барадой ды густымі, добра дагледжанымі валасамі.

-- Сядайце, калі ласка,-- ветліва зьвярнуўся ён да нас. -- Вы, напэўна, беларускія студэнты з Марбургу. Маеце ахвоту на каву?

Тут ён паклікаў сакратарку, і яна хутка прынесла пачастунак, між іншым, не „эрзац”, а сапраўдную каву. Пасьля кароткай павярхоўнай гутаркі япіскап запытаў, зь якой справай мы завіталі.

-- Уладыка,-- пачаў я, -- адыход нашых япіскапаў ад Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы вельмі балюча адбіўся на нас, прадстаўнікох беларускай інтэлігенцыі. Але і шырэйшае грамадства таксама ня можа зразумець такога трагічнага кроку з боку нашых сьвятароў. Калі ў 1942 годзе была адноўленая Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква, вы ўсе ўключыліся ў яе і стараліся па меры сваіх магчымасьцей служыць нашаму народу. Чаму-ж цяпер, калі мы апынуліся у вольным сьвеце, Вы нас пакінулі?!

Ён не глядзеў мне ў вочы. Маўчаньне здалося занадта доўгім. Нарэшце ён адказаў:

-- На Беларусі была іншая справа. Там былі масы, для якіх мы гатовы былі служыць. Да таго-ж, аўтакефалія была адноўленая ў часы нямецкай акупацыі, у ненармальных абставінах... На чужыне-ж апынулася толькі маленькая частка народу. Тут трэба аб’яднацца ўсім праваслаўным, каб супрацьстаяць камуністычнаму наступу на рэлігію, і ў гэтым выпадку драбленьне сілаў непажаданае. Зноў-такі, беларуская эміграцыя ня мае магчымасьцяў утрымліваць япіскапат.

Ён замаўчаў на хвіліну, і я змог заўважыць:

-- Уладыка, будзьма шчырымі, гэты апошні фактар, здаецца мне, -- асноўная прычына Вашага далучэньня да расейскай царквы.

-- Не! -- востра зарэагаваў ён і пасьля кароткага маўчаньня дадаў: -- Гэта таксама трэба браць пад увагу ў эміграцыйных умовах. Ды зрэшты -- факт дакананы, і мы вярнуцца ня можам.

Пасьля такіх слоў для мяне стала ясна: нашая візыта была дарэмная. Япіскап яшчэ шмат гаварыў пра каноны, пра ўсяленства царквы -- рэчы для мяне мала зразумелыя. Бачачы, што сытуацыя становіцца лішне напружанай, пачалі разьвітвацца. Хацелася сказаць: „Уладыка, даражэнькі, усё гэта -- рыторыка, а ў сапраўднасьці па хлеб вы пайшлі, а не за Богам. І калі вы далучаліся да Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы на Беларусі, дык таксама пайшлі па хлеб”...

-- Шчыра дзякую за візыту, Уладыка, -- ветліва сказаў я, устаючы з крэсла. -- Я перадам студэнтам нашую гутарку. Мне вельмі сумна. Я ўспамінаю мае добрыя адносіны зь япіскапам Апанасам у Наваградку, і мне асабліва цяжка прыняць, што і ён -- Брутус -- далучыўся да перабежчыкаў. Я веру, аднак, што гэты цяжкі ўдар Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная Царква перажыве, і мы зможам забыцца аб вашым праступку.

Ніякія аргумэнты і не маглі зьмяніць рашэньне япіскапаў: усё зводзілася да таго, што беларусы ня могуць забясьпечыць іх матэрыяльна. І яны канчаткова пакінулі нас.

Я паінфармаваў сяброў аб гутарцы з япіскапам Філафеем. Гэта не аслабіла, а, наадварот, узмацніла нашае жаданьне дапамагчы беларускай царкве стаць на ногі і служыць верна свайму народу. Частка беларускай эміграцыі і надалей падтрымлівала гэтых япіскапаў, таму да яе і прыліпла мянушка зарубежнікаў.

Студэнты Марбургу ня прытрымліваліся выразна акрэсьленай палітычнай лініі, але больш хіліліся да бэнээраўцаў. „Аднак мы, -- удакладняе Язэп Сажыч, -- у гэтай крытычнай для беларускага адзінства сытуацыі намагаліся заняць нэйтральную пазыцыю, лічачы, што палітычны раскол ня меў сур’ёзных падстаў і толькі спрыяў воляй-няволяй нашым ворагам -- камуністам, якія імкнуліся падарваць і зьнішчыць наш нацыянальна-вызваленчы рух”. У 1947 мы вырашылі паспрабаваць аб’яднаць дзьве палітычныя групы і склікалі зьезд актыву абедзьвюх палітычных груповак у Марбургу. Унівэрсытэт адвёў прыгожую залю, і думалася, што ўжо адно гэта дапаможа ахаладзіць гарачыя галовы і дайсьці да нейкай згоды ці кампрамісу. Два дні дыскутавалі, здавалася, былі блізкія да паяднаньня, але на гэтым толькі і засталося. Разьехаліся дый надалей абкідалі адны адных балотам. Шкада, бо й там і тут былі шчырыя патрыёты, але ня мелі дасьведчаньня ў прынцыпах дэмакратыі, ня ўмелі шанаваць думкі апанентаў і падпарадкавацца выбранай бальшынёй управе аж да наступных выбараў. А ў нас было так: мяне ня выбралі старшынёй -- я выходжу з арганізацыі і засноўваю новую партыю ці арганізацыю. Гэтае зьявішча было і ёсьць характэрнае дла ўсіх эміграцыяў, ня толькі беларускай.

Згуртаваньне Беларускіх Студэнтаў у Марбургу ня было адзінай студэнцкай арганізацыяй. У Баварыі, менавіта ў Мюнхэне ды Цюбінгене, таксама арганізаваліся беларускія студэнцкія асяродкі. Паўстала ідэя залажыць цэнтральную арганізацыю для каардынаваньня высілкаў у напрамку павялічэньня колькасьці беларускіх студэнтаў. Гэтая ідэя сталася надзённай, і ўжо 16 кастрычніка 1946 году быў скліканы зьезд беларускіх студэнцкіх арганізацыяў з мэтай стварэньня адзінага студэнцкага цэнтру. Так узьнікла Цэнтраля Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў на Чужыне (ЦБСА). Мэта арганізацыі -- абарона правоў беларускіх студэнтаў, фінансавая дапамога пры паступленьні ва ўнівэрсытэты, наагул каардынацыя студэнцкага руху. Хутка наладзілі кантакты са студэнтамі ў Мюнхэне, Парыжы і Мадрыдзе. Мне выпаў гонар быць першым старшынёй ЦБСА.

Другі Кангрэс Цэнтралі Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў на Чужыне адбыўся ў Марбургу 2 лістапада 1947 году. Ён заснаваў Фонд дапамогі беларускім студэнтам, старшынёй яго быў выбраны Ўладзімер Набагез. Удзельнікі Кангрэсу зьвярнуліся да студэнтаў Злучаных Штатаў Амэрыкі з просьбай аб дапамозе, бо ў Нямеччыне падрыхтоўвалася грашовая рэформа, якая магла паставіць нас у вельмі цяжкое фінансавае становішча. Да гэтай пары, прадаўшы пачак амэрыканскіх цыгарэтаў, можна было аплаціць унівэрсытэт, а за другі -- кватэру.

Чарговы Кангрэс Цэнтралі Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў на Чужыне адбыўся ўжо ў Лювэне 23 кастрычніка 1949 году. Мяне зноў перавыбралі старшынёй.

Карціну жыцьця студэнтаў у Марбургу дапаўняюць і пашыраюць лісты-ўспаміны маіх сяброў.

„Цяжка прыпомніць усё цікавае ды важнае, што адбылося ў Марбургу паміж 1946 і 1950 гадамі, -- піша Лявон Трусэвіч. -- Я прыехаў у Марбург у верасьні 1946 году пасьля заканчэньня Беларускай Гімназіі ў Міхэльсдорфе (Нямеччына, Баварыя). Па дарозе ў Марбург са мною здарылася вельмі няпрыемная рэч. У Франкфурце мяне арыштавала амэрыканская ваенная разьведка як савецкага шпіёна. Знайшлі пры мне два вялікія пачкі адбітай на рататары адозвы да беларусаў у лягерах, каб яны арганізоўвалі беларускія адзьдзелы і далучаліся да Беларускай Нацыянальнай Рады. Гэтую адозву напісалі Мікола Абрамчык і Стась Станкевіч і прасілі мяне перавезьці яе ў Марбург, каб адтуль рассылаць у розныя лягеры. У Франкфурце мяне зьнялі зь цягніка, скавалі ды пасадзілі ў турму. Там я праседзеў, скаваны, у адзіночцы, тры дні. Пасьля допытаў мяне вызвалілі, але адозвы затрымалі.

У Марбургу мяне спаткаў на станцыі Янка Жытко ды пасяліў у доме для ДП студэнтаў, якіх утрымоўвала UNRRA. Я жыў там, пакуль у 1947 годзе яго не закрылі. Пасьля перабраўся да нямецкай сям’і, дзе прабыў аж да канца маіх студыяў. Пачаў вывучаць хімію, а пазьней перайшоў на дантыстыку, якую закончыў у 1950 годзе. На дантыстыцы разам са мною студыявалі Раіса Жукоўская (цяпер Жук-Грышкевіч), Пётра Маркоўскі і Валодзя Красоўскі. У 1948 годзе прыехаў вывучаць мэдыцыну Лёва Стагановіч, якога я знаў яшчэ з Наваградка.

Нашае студэнцкае згуртаваньне ў Марбургу было вельмі актыўнае. Мы ўсе жылі дружна і памагалі адзін аднаму, нягледзячы на тое, што студэнцкі побыт быў вельмі цяжкі, асабліва пасьля грашовай рэформы 1948 году. Закончыўшы студыі, мы ўсе пераехалі ў іншыя краіны. Найбольш з нас апынулася ў ЗША.

На маю думку, жыцьцё ў Марбургу, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, малыя веды нямецкай мовы і складаныя матэрыяльныя абставіны, было самым вясёлым і карысным часам у нашым маладым веку”. (З успамінаў Лявона Трусэвіча)

„Жыць у Нямеччыне без аніякай матэрыяльнай падтрымкі было даволі цяжка. Нарэшце ў 1946 годзе, хоць і зь вялікімі складанасьцямі, пачала паступаць дапамога ад UNRRA. Мяне і Барыса Рагулю, як былых афіцэраў Беларускага войска, гэтай дапамогі пазбавілі. Польскія камбатанты, даведаўшыся, што мы былі таксама і польскімі афіцэрамі, пачалі прысылаць нам прадукты. Па прапанове Рагулі мы дзяліліся імі з усімі нашымі студэнтамі. Калі-ж нам настойліва пачалі прапаноўваць уступіць у арганізацыю польскіх студэнтаў, мы адмовіліся і ад польскай дапамогі.

Беларускія студэнты ў Марбургу былі вельмі актыўныя ня толькі ў навуцы, але таксама ў грамадскім, палітычным і рэлігійным жыцьці беларускай дыяспары. Я асабіста найбольш цікавіўся вайсковымі справамі ды заснаваў адзьдзел беларускіх вэтэранаў у Марбургу.

Хачу падкрэсьліць, што марбургскі пэрыяд ад 1945 да 1950 году быў хіба адным з найлепшых эпізодаў у маім жыцьці. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасьці, жылі мы ўсе вельмі дружна ды весела, праводзілі частыя вечарынкі, танцы, хоць і на галодны жывот, -- упрыгожвалі сваё жыцьцё. Сярод нас былі нават фанатычныя аматары брыджу (Бразоўскі, Сокал), гулялі да сьвітаньня і, не прыкархнуўшы да падушкі, ішлі на заняткі. Маладосьць дапамагала змагацца зь цяжкасьцямі жыцьця”. (З успамінаў Язэпа Сажыча)

„Я з групаю студэнтаў Унівэрсытэту UNRRA ў Мюнхэне прыехаў у 1947 годзе ў Марбург на Філіпс Унівэрсытэт ажно на веснавы сэмэстар, гэта значыць, ужо на гатовае мейсца, -- прыгадвае ў сваім лісьце Аляксей Арэшка. -- Помню, у гэтай групе (зь Мюнхэну), акрамя мяне, былі Галіна Родзька, Оля Воўк-Левановіч, Надзя Юрэвіч. Не прыпамінаю, ці быў з намі Лявон Стагановіч.

Сьпярша ня мелі дзе жыць. І тады Оля, Надзя і я перакідваліся ў пустых, вялізарных і надта халодных кашарах Бісмарк Казэрнэ. Пасьля я неяк прымасьціўся ў кватэры Аркадзя Арэхвы, там, прынамсі, было цяплей. З харчаваньнем таксама было цяжка. Кожны дзень хадзіў у студэнцкую сталоўку на „залцкартофэль” ці інакш прыгатаваную бульбу. Да грашовай рэформы гэта было даступна. З курэньнем (я тады курыў, як турак) давалі сабе неяк рады, зьбіраючы па вуліцах бычкі.

Апрача студыяў, мы сьпявалі ў царкоўным і сьвецкім хоры. Кожную нядзелю хадзілі ў праваслаўную царкву, дзе сьвятар ў пропаведзях расказваў нам (пэўне-ж, па-расейску), як Бог стварыў неба й зямлю, а пасьля -- Адама і Еву. Відаць, гэта было ўсё, што ён ведаў з рэлігіі. Каб утрымаць кантакт з нашымі землякамі ды каб прыдбаць крыху матэрыяльных сродкаў на пражыцьцё, хор выязджаў сяды-тады ў беларускія асяродкі, раскіданыя па амэрыканскай зоне. Сабраныя падчас „турнэ” маркі ды папяросы былі вялікаю падмогаю групе. Нашыя людзі ня скупіліся, каб падтрымаць сваіх студэнтаў. Ахвяраваныя грошы ды выменяныя цыгарэты ішлі ў Беларускі стыпэндыяльны фонд, які іх разьмяркоўваў па патрэбе. Умоваю для атрыманьня дапамогі была здача экзаменаў. Матэрыяльная падтрымка патрабавалася ўсім, за выключэньнем тых нямногіх, што мелі бацькоў.

Вось, Барыс, што я прыпамінаю з тых ужо так далёкіх, але прыемных маладых гадоў. Цяжка нам жылося, часта надакучаў голад. Помніш, як Янка Жытко варыў тую самую костку па некалькі разоў, а калі дзяўчаты запрашалі яго паабедаць, дык ён два разы адмовіўся (беларуская сьціпласьць!), а на трэці й не запрасілі?..

Аднак было нам весела. Не пакідалі нас энтузіязм, прага да жыцьця, жаданьне выбіцца -- не патануць у шэрасьці дзён выгнаньніка. Ніколі ня зьнікала з твару ўсьмешка (хіба што толькі перад прафэсарам на экзаменах!).

Хоць кепска было з грашыма, аднак зрэдзь часу мелі недалёкія вандроўкі або большыя экскурсіі -- нават у Баварскія Альпы. Як у той яшчэ віленскай студэнцкай песьні:

Як часамі сам адзін вечарамі мрою,
За ўспамінам мкне ўспамін ніткай залатою,
Ўспамінаю шчасьця дні на жыцьця прадвесьні,
І, здаецца, чую звон дарагое песьні:

Gaudeamus igitur,
Juvenes dum sumus!
Post jucundam juventutem,
Post molestam senectutem
Nos habebit humus...”.
(З успамінаў Аляксея Арэшкі)

1948 год выдаўся вельмі цяжкі для нас. Грашовая рэформа была ўведзена, і мы апынуліся перад дылемай: шукаць спонсара або пакідаць вучыцца. Я зьвярнуўся да тагачаснага прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка з просьбай дапамагчы. Спаткаліся мы ў Парыжы. Мікола Абрамчык расказаў: калі ён быў у Бэльгіі, то даведаўся, што пры Каталіцкім Унівэрсытэце вучыцца міжнародная група студэнтаў 45 розных нацыянальнасьцей і што яны атрымліваюць дапамогу ад унівэрсытэту. Займаецца імі нейкі айцец Жардэн. Разабрацца ў сытуацыі лепш, зразумела, на мейсцы, а для гэтага трэба нелягальна перайсьці ў Бэльгію.

Я вярнуўся ў Марбург, сабраў усіх студэнтаў і пераказаў нашую размову са спадаром Абрамчыкам. Доўгае маўчаньне... Хто пойдзе? Амаль усе павярнуліся ў мой бок. „Я-ж маю жонку! Ня хочацца мне яе пакідаць”. Людміла спалоханымі вачыма глянула на мяне. Я ведаў, што яна думала: „Ты-ж абяцаў ніколі больш мяне не пакідаць”. Я гэта добра памятаў, але што рабіць? Я маю вайсковы вопыт і нелягальна пераходзіў такія граніцы, дзе мог заплаціць жыцьцём. Тут-жа, калі зловяць, дык толькі тры месяцы турмы, і гэта ня будзе лічыцца крымінальным учынкам і не перашкодзіць вучыцца далей.

-- Людміла, -- перарваў я цяжкое маўчаньне, -- калі я на гэта згаджуся, дык толькі з адной мэтай, каб ажыцьцявіць сваю мару стаць лекарам і забясьпечыць нам будучыню. Ніхто ня ведае, што нас чакае наперадзе. У нас дома казалі: „Хто не рызыкуе, у турме не сядзіць”. Расейцы-ж кажуць: „Риск -- благородное дело”. Людмілка, апошні раз пакідаю цябе. Вайны няма, няма ніякай небясьпекі. Найгоршае, што можа здарыцца, гэта тры месяцы турмы, але-ж гэта -- не савецкая турма...

Я ведаў, што Людміла згодзіцца, і не памыліўся. Рашэньне было прынята. Цяпер трэба добра падрыхтавацца. У Бэльгіі, у Льежы, жыў і працаваў ведамы мне беларускі патрыёт Рыжы-Рыскі. Я безадкладна зь ім зьвязаўся, і ён запэўніў мяне, што мы зможам у яго спыніцца і атрымаць работу на фабрыцы сталі. У такім выпадку мы ня будзем цяжарам для яго, а нават заробім грошай на пражыцьцё і дапамогу сем’ям у Нямеччыне. Гэта быў добры пачатак. Акадэмічны год заканчваўся ў чэрвені. Ліпень -- спрыяльны час для пераходу граніцы.

Я пайшоў да майго прафэсара Бэннінггофа, зь якім у мяне склаліся цёплыя адносіны. Я да яго мог ісьці з любой праблемай, ведаючы, што ён дасьць шчырую параду. Прафэсар Бэннінггоф выслухаў мяне і падтрымаў:

-- Тут, у нас, будучыні няма. Амэрыканцы забіраюць нашыя найлепшыя навуковыя сілы, і я баюся, што мы акажамся недзе далёка ззаду за іншымі краінамі. Я жадаю вам шчасьця. Не забывайцеся пра мяне, наведайце, калі здарыцца нагода...

1948 год быў таксама годам палітычнай нестабільнасьці. Савецкі Саюз аб’явіў блакаду Бэрліну. Яму косьцю ў горле стаў Заходні Бэрлін, які дэманстраваў відавочную розьніцу паміж камуністычнай эканомікай і капіталістычнай. Аб’явіўшы блакаду, Саветы думалі паставіць бэрлінцаў на калені. Неспадзяваная рэакцыя амэрыканцаў, якія арганізавалі „паветраны мост” для даставы паліва і прадуктаў двухмільённаму насельніцтву Заходняга Бэрліну, пераканала Саветы ў магутнасьці Захаду.

Блакада Бэрліну напалохала многіх. Страх перад савецкай інтэрвэнцыяй ахапіў усіх „дыпістаў”. Сярод студэнтаў быў непакой. Бальшыня балтыйцаў кінула студыі ды эмігравала ў Канаду і Аўстралію. І наш Толя Бразоўскі пасьпешліва запісаўся на эміграцыю ў Аўстралію. Пачалася паніка, але нашая група ня страціла галавы і заставалася на мейсцы, чакаючы вынікаў пачатых захадаў у Бэльгіі. Беларусы стойка прадаўжалі студыі і ніколі пра гэта не пашкадавалі.

Была ў гэтым годзе і радасная навіна: Вара Сажыч нарадзіла дачушку. Язэп хадзіў пеўнем, нібы тое -- выключна ягоная заслуга. Мы ўсе адчувалі сябе цёткамі ды дзядзькамі Лены.

Час ляцеў... Мы з Янкам Жучкам і Міхасём Жылікам пасьпелі падрыхтавацца, узялі падрабязныя мапы, компас, сабралі агульную інфармацыю пра граніцу. На першы пагляд здавалася, што заданьне будзе адносна лёгкае. Апошні дзень праводжу зь Людмілай. Забракла слоў, глядзім адзін аднаму ў вочы. Бачу любоў, страх, жаль ды, магчыма, закід.

-- Для цябе, для нас гэта раблю. Мы хутка будзем разам ды ўжо ніколі не расстанемся...

На станцыі амаль усе студэнты. Паціскаем рукі, абдымаемся, разьвітваемся. Апошні пацалунак. „Бывай, Людмілка!”. У вачох яе сьлёзы, а на вуснах лагодная ўсьмешка, здаецца, кажа мне:

-- Ідзі і вяртайся. Я табе веру.

Вось гэтая ейная вера ў мяне -- хіба найбольшая крыніца маёй энэргіі.

Сядаем у цягнік на Аахэн. Прападае з вачэй Марбург. Сядзім моўчкі. Сьціскаецца сэрца. Гэты горад стаўся мне такі блізкі! Тут споўніліся мае мары аб мэдыцыне. Тут я зноў адчуў сябе чалавекам. Што нас чакае заўтра?

1. Дадзеныя з архіву Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк)