Беларускае студэнцтва на чужыне

Рагуля Барыс


Эпілёг

Марбург... Лювэн...

Як прыемны сон, прыгадваюцца яны з часоў маёй маладосьці. Пасьля 1955 году яшчэ было некалькі студэнтаў, якія прыехалі з амэрыканскага кантыненту на студыі ў Эўропу, але я ня маю пра іх дакладных зьвестак. Лювэнцы разьехаліся па розных краінах ды панесьлі з сабою малады дух патрыятызму. Пераважная бальшыня зь іх дасягнула вялікіх посьпехаў ці то ў сваёй прафэсыі, ці то ў навуцы, ці то ў грамадскай дзейнасьці. Дзе-б яны ні былі, яны несьлі штандар Незалежнасьці, штандар Дэмакратыі, штандар Беларускай Народнай Рэспублікі. Я спадзяваўся, што прынамсі дзясятая частка з тых, што прыехалі на студыі ў Бэльгію, будуць мець станоўчыя вынікі, а па сутнасьці, амаль усе яны апраўдалі давер беларускага грамадства. Цяпер, калі подых свабоды павеяў на роднай зямлі, калі наша імя стала ведама ўсяму сьвету, калі ня трэба больш паясьняць, хто мы такія, мы ня маем права забыцца, што нашая Бацькаўшчына яшчэ далёка ня тая, пра якую мы марылі, і яна патрабуе нашай духовай, культурнай ды матэрыяльнай дапамогі.

Заклікаю вас памагчы Ёй стацца сапраўды Незалежнай, Вольнай Дэмакратычнай Дзяржавай ды скінуць зь Яе стагодзьдзі нявольніцкае псыхалёгіі!