- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Напрыканцы пяцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя польская народная ўлада імкнулася, каб дзеці, нават у беларускіх вёсках Падляшша не нараджаліся на запечку, а ў сапраўдных, чыстых радзільных дамах. З-за гэтай ініцыятывы я нарадзіўся ў мястэчку Гайнаўка, 2 снежня 1959 года, і пасля чатырох дзён вярнуўся ў бацькоўскі дом у Войнаўцы, дзе раней ніколі не быў. За Войнаўкай стаяла мяжа, а за мяжой рускія. Яны менавіта і прынеслі гэтую мяжу ў 1944 дзесьці з пад Мінска, з пад Стаўбцоў. І калі б, прайшоўшы сотні кілометраў тузанулі чырвона-зялёныя слупы яшчэ 1500 метраў на захад, я нарадзіўся б хутчэй у Каменцы. Але не тузанулі і я пайшоў у польскую школу, дзе вывучыў польскую мову і ад яе ў маёй беларушчыне назаўсёды застаўся акцэнт. За паўстагоддзя здаралася мне працаваць настаўнікам, каменачосам, радыё-журналістам і час ад часу нядрэнна жыць нічога не рабіўшы. Бо ці можна назваць працай, напрыклад, напісанне кніжак? Бо менавіта, паралельна з усім астатнім, здарыліся мне тры кніжкі прозы. На беларускай мове з польскім акцэнтам. (Міхал Андрасюк пра сябе)