Экскурсія (вакол) аднаго дома. Музей Багдановіча
2020-06-27 21:02
Музей Максіма Багдановіча — яшчэ адзін дом, вакол якога можна праводзіць асобную экскурсію.
Тут прайшлі дзіцячыя гады паэта. Зараз музей стаў таксама прытулкам для літаратурнай спадчыны Васіля Быкава. Як выглядае дом звонку і ўнутры — глядзіце ў экскурсіі вакол аднаго дома ад 27 чэрвеня.
Будынак па адрасе Багдановіча, 1 быў пабудаваны ў 1883 годзе. Сям’я Багдановічаў пераехала з Мінска, калі бацька Максіма, Адам Багдановіч атрымаў пасаду ў Гродзенскім банку. У Гродне сям’я жыла ад 1892 да 1896 года. Тут нарадзіліся брат і сястра Максіма: Леў і Ніна.
Сям’я Багдановічаў была вельмі адукаванай і інтэлігентнай. Іх дом стаў месцам сустрэч творчай эліты горада. Сярод гасцей дома быў Максім Горкі, сябра Адама Багдановіча. Да нашых дзён захавалася іх перапіска.
Праз некалькі гадоў ад цяжкай хваробы памерла маці Максіма, Марыя Багдановіч.
Яна пахавана на Гродзенскіх могілках. Пасля гэтага Адам з дзецьмі пераехалі ў Ніжні Ноўгарад.
У 1957 годзе на доме была ўсталявана дошка з пазнакай, што тут жыла сям’я Багдановічаў. Сам будынак таксама каштоўны. Ён унесены ў спіс гісторыка культурных каштоўнасцяў у складзе гістарычнага цэнтра Гродна.
Сам будынак драўляны, простакутны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральны ўваход вырашаны верандай, плоскае пакрыццё якой з’яўляецца тэрасай перад мезанінам, накрытым самастойным двухсхільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваныя, рытмічна раздзеленыя простакутнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з франтонамі. Куты аздоблены філёнгавымі лапаткамі.
Музей Максіма Багдановіча з’явіўся ў Гродне ў 1986 годзе. Першую экспазіцыю музея стварала паэтка Данута Бічэль-Загнетава. Яна ж працяглы час была кіраўнічкай музея.
125 гадоў Максіму. 20 нечаканых фактаў з жыцця Багдановіча, якіх вы не ведалі
Зараз у музеі некалькі пакояў: бацькоўскі кабінет, пакой маці, дзіцячы пакой і гасцёўня.
Абсталёўка пакояў ідэнтычная тым часам, калі ў доме жыла сям’я Багдановічаў. Ёсць і некалькі асабістых рэчаў паэта — рамка для фотаздымкаў і срэбная лыжачка з манаграмай «МБ» (Максім Багдановіч), а таксама першы фотаздымак Максіма, зроблены ў Гродне ў 1892 годзе.
За роднай мовай — у музей Багдановіча. ТБМ зладзіла экскурсію для дзяцей з беларускамоўных садкоў
Дарослым Багдановіч ніколі не вяртаўся ў Гродна. Але музей захоўвае памяць пра яго дзіцячыя гады. Зараз музей стаў прытулкам і для калекцыі экспанатаў звязаных з гродзенскім перыядам творчасці Васіля Быкава. Яны прадстаўлены ў экспазіцыі «Гродзеншчына літаратурная».
HRODNA LIFE