«Эміграцыя — гэта таксама школа сьмеласьці». Вялікая размова з Максімам Жбанковым
2024-11-08 16:40
«Сто год беларускага кіно» — YouTube-сэрыял зь дзесяці 15-хвілінных ролікаў, які быў завершаны нядаўна. Яго суаўтар Максім Жбанкоў так апісвае сутнасьць зробленага: «Пра прыгоды беларускасьці ў краіне спрадвечнага партызанства, пра экранныя справы ды патаемны стайл, пра тое, як зь беларусаў рускіх рабілі, ды ня вырабілі».
У вялікай размове са Свабодай Жбанкоў расказвае пра мастацтва, жыцьцё і амбітныя пляны на будучыню.
«Я не адчуваю Вільню замежжам»
— Максім, вы ужо 3 гады жывяце ў Вільні. Як і чаму там апынуліся?
— Мы зьехалі ўвосень 2021 году, таму што пачалі затрымліваць маіх калегаў. Я зразумеў, па-першае, што снарады кладуцца ўсё бліжэй, і, па-другое, я не магу забясьпечыць бясьпеку сваёй творчай камандзе — мы ў той час якраз пачыналі
«ШокінгКульт» рабіць. Карацей, вырашылі не чакаць, пакуль цябе асабіста прыціснуць. Было разуменьне небясьпекі, было разуменьне блякаваньня крэатыўных магчымасьцяў.
— Чаму абралі менавіта Вільню і чым займаецеся?
— Вільня — такі сталы сантымэнт. З 2008 году мы пэрыядычна наведвалі Вільню, калі працавалі ў ЭГУ. Да таго ж гэта зразумелы, камфортны, цёплы, вінтажны горад, мне ў ім утульна. Я не адчуваю Вільню замежжам. А займаюся тым самым, што і заўжды — я ўжо прынамсі 20 гадоў займаюся культурніцкай аналітыкай, прыдумляю канцэпты, асэнсоўваю бягучыя трэнды ў сучаснай беларускай культуры.
Іншая справа, што колькасьць плюсоў скарацілася, і я перайшоў у іншы фармат. Цяпер збольшага гэта праектная дзейнасьць, не доўгатэрміновыя дамовы, а такая акордная праца, як і «Сто год беларускага кіно».
— Як нарадзіўся гэты праект? Ці дамагліся вы мэтаў, якія ставілі? Ці задаволены вынікам?
— Гэта пачыналася як выклік, чэлендж. Мой калега і партнэр Арцём Лобач кажа: «А давай зробім сэрыял пра беларускае кіно». Я кажу: «Зрабіць магчыма, а хто будзе яго глядзець, каму гэта цікава?» — «Не, давай пакажам новай генэрацыі, як гэта было». (РС: праект ладзіўся ў межах праграмы #ArtPowerBelarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу.)
Я два месяцы хадзіў у роспачы: як уціснуць сто гадоў кіно у дзесяць 15-хвілінных адрэзкаў? Гэта была рызыка. Я думаў, пакутаваў. А потым у мяне склаўся пазл. Я зразумеў, што гэта гісторыя пра самавызначэньне нацыі, пра тое, як праз экраннае мастацтва нацыя пераходзіла да разуменьня сваёй сутнасьці, сваёй пэрспэктывы, будучыні і мінулага. Хай недасканала, хай часам нягегла, часам даволі каньюнктурна-павярхоўна, хай фатальна, але гэта быў у любым выпадку культурніцкі рух.
Мы не хацелі рабіць ідэальную гісторыю высокага мастацтва. Нам былі цікавыя памылкі, адхіленьні, прапагандысцкія ляпы — усё характэрнае для беларускага кіно. І вось гэты жывы рух культурніцкага крэатыву — самае цікавае, гэта быў наш сюжэт, і нам падалося найбольш цікавым расказаць пра гэта ў фармаце авантурнага сэрыялу.
Гэта поп-культурны лікбез. Не прафэсійна звужаная, засушаная акадэмічная мова, а яркая, жывая дынамічная гаворка, як можна было расказаць пра першую кружэлку «Rolling Stones» ці пра апошнюю стужку Фасбіндэра.
Мне падаецца, што кожны з нашых выпускаў — гэта накшталт рок-н-рольнай 45-кі, калі маеш маленькую плытку і тры акорды, якія гучаць 2 хвіліны 33 сэкунды, і гэтага хапае. Гэта спрынт, рух на кароткую дыстанцыю і запрашэньне падоўжыць знаёмства. Ёсьць спасылкі, і можна паглядзець фільм, паспрачацца. Гэта яшчэ і выхаваньне неабыякавасьці да сваёй культуры.
«Беларускія творцы заўсёды выкарыстоўвалі «партызанскія стратэгіі»
— У гледача склаліся стэрэатыпы, што беларускае кіно — гэта збольшага пра вайну і партызанаў, і кіно ідэалягізаванае. Летась у Беларусі школьнікаў, студэнтаў, дзяржслужачых пагалоўна прымушалі глядзець прапагандысцкую стужку «На другім беразе». Быў, канечне, і Кудзіненка...
— Прыкметы жыцьця ў беларускім кінэматографе заўсёды захоўваліся. Іншая справа — якое поле для ўвасабленьня і рэалізацыі яны мелі. У савецкі час, ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на кінавытворчасьць гэта перадусім ідэалёгія, палітычная цэнзура, дзяржзамова, жорсткі ідэйна-эстэтычны кантроль. І творцы заўсёды выкарыстоўвалі «партызанскія стратэгіі», калі можна было рабіць нібыта ляяльнае кіно, але ўкладаць у яго пэўныя стылістычыя пошукі, акцэнты сэнсу, патаемныя і відавочныя.
Зь сярэдзіны 1960-х беларускае кіно пачынае фармулявацца як трэнд, плынь экспэрымэнтальнага аўтарскага выказваньня. Перадусім гэта фільм «Праз могілкі» Віктара Турава альбо «Ўсходні калідор» Валянціна Вінаградава.
Мы маем гісторыі патаемнага беларускага авангарду, андэграўнду. Пра гэта мала хто ведае. Некаторыя стужкі зьяўляліся ня дзякуючы дзяржаўнай замове, а насуперак ёй. То бок у гісторыі кіно ёсьць свае патаемныя скарбы. І менавіта іх мы спрабавалі ў сваім сэрыяле хоць часткова паказаць. Таму — не, ня толькі партызаны. Але і пра партызанаў, як паказвае Андрэй Кудзіненка ў стужцы «Акупацыя. Містэрыі», можна было расказаць так, што глядзіцца яна як вэстэрн у добрым сэнсе гэтага слова.
Таму беларускае кіно да пачатку нулявых — гэта як «Танцы з ваўкамі» Кевіна Костнэра. Гэта быў вельмі дзіўны танец з уладай, дзе кожны імкнуўся дасягнуць сваёй мэты. А з 2000-х пачынаецца ўжо зусім іншая гісторыя, калі
паўстае незалежнае беларускае кіно. І аўтарскія кансьпіратыўна-партызанска-андэграўндныя пошукі ператвараюцца ў вельмі моцную плынь. І цяпер гэта адзінае жывое, што ёсьць у беларускім кіно. Не дзяржаўная прадукцыя, а менавіта экранная альтэрнатыва.
Кудзіненка, Лаўрэцкі, Кашперскі
— Назавіце хаця б тры найбольш цікавыя, на ваш погляд, прыклады.
— Я буду гаварыць не пра бясспрэчнае, а пра значнае. Перш за ўсё гэта «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі. (РС: у Беларусі ў 2004 годзе фільм быў забаронены да пракату Міністэрствам культуры. Кудзіненка «па-партызанску» вынес адзьняты матэрыял зь «Беларусьфільму». Толькі ў 2010-м фільму было выдадзена пракатнае пасьведчаньне.)
Калі гаварыць пра найноўшае, то гэта «Спатканьне ў Менску» Мікіты Лаўрэцкага. Цікавы прыклад катастрафічна-траўматычнага асэнсаваньня 2020 году, пазбаўлены такога відавочна-плякатнага палітычнага акцэнту, але вельмі дакладны і трапны з пункту погляду грамадзкай псыхалёгіі. Гэта фактычна псыхатрылер, які хаваецца за шыльдай недарэчнага лірычнага спатканьня. На мой погляд, Мікіта Лаўрэцкі — гэта адначасова і пасьлямоўе, і прадмова для новага беларускага стылю.
«Працэсы» Андрэя Кашперскага — даволі спрэчны матэрыял, да якога я стаўлюся вельмі крытычна. Але гэта таксама паказальная рэч, у пэўным сэнсе яна робіцца як калекцыя стэрэатыпаў таталітарнага грамадзтва, а з другога боку, яна сваім існаваньнем фактычна разбурае інэрцыю нашага ўспрыманьня ўсіх гэтых абставінаў. То бок з «Працэсамі» хочацца спрачацца, хочацца жыць і працаваць пасьля працэсаў. Дый самае цікавае, што адбываецца ў беларускім кіно, — гэта спробы новай стылістыкі.
— Складаецца ўражаньне, што варушняк ідзе па-за межамі Беларусі. У Польшчы здымаюцца тыя ж «Працэсы», створаная «Кінаакадэмія» з кінакрытыкамі, праходзяць фэстывалі («Паўночнае зьзяньне», «Бульбамуві».) Але гэта ўсё не для беларусаў у Беларусі, а для тых, хто апынуўся па-за яе межамі.
— Я ўвогуле не разумею, што такое «не для беларусаў». Беларускае кіно — гэта тое, што робіцца беларусамі паўсюль, дзе заўгодна. Можа, у гэтым і шчасьце, і няшчасьце, што зараз гэта магчыма па-за межамі традыцыйнай беларускай лякацыі. То бок беларуская культура зараз існуе, жыве і крэатывіць у значнай ступені па-за межамі краіны. Гэта праўда. Але трэба разумець, што ня ўсё тое, што адбываецца ў краіне, можа быць паказана ўнутры.
«Захоўваецца здольнасьць «бегчы паміж кроплямі дажджу»
— Ну, а ўнутры Беларусі, на вашу думку, ёсьць творчае жыцьцё, ёсьць нейкі рух — ці ўсё ціха, усе творцы загнаныя «пад плінтус», уважаючы на апошнія затрыманьні, звальненьні актораў, музыкаў?
— Мне падаецца, што тыя, хто выехаў, часам не зусім адэкватна ацэньваюць атмасфэру, градус крэатыўнага, творчага, жыцьцёвага існаваньня, якое дагэтуль захоўваецца ў краіне. Бо нікуды не падзеліся рызыкоўныя крэатыўныя творчыя людзі, якія працягваюць працаваць. Я дакладна ведаю, што робіцца кіно і ў Беларусі. Жыве партызанскі тэатар. Існуе вельмі моцная плынь альтэрнатыўнай музыкі. Пішуцца тэксты. Там працягваецца жывое жыцьцё.
У творцаў у Беларусі захоўваецца здольнасьць «бегчы паміж кроплямі дажджу». Існаваць у сытуацыі стабільнай небясьпекі, рызыкі і ўсё адно рабіць сваё. І, мне падаецца, зарана хаваць тых, хто застаўся ў краіне. Я думаю, што калі вецер пераменіцца, мы атрымаем неверагодна цікавую гісторыю нетрадыцыйнай беларускай культуры менавіта часоў пасьля 2020-га, часоў палітычных рэпрэсій, культурніцкай цэнзуры, забароны на прафэсію і гэтак далей. Тая культурніцкая «партызанка», пра якую мы ўжо казалі, нікуды не падзелася.
Немагчыма забараніць чалавеку рабіць кіно, пісаць вершы, пісаць музыку і сьпяваць, калі ён хоча, калі ня можа не пісаць ці не здымаць. Таму культура існуе па-за межамі забаронаў, дазволаў, яна не патрабуе ніякіх дырэктываў. Калі ў Беларусі захоўваецца (а я перакананы, што захоўваецца) пэўны крэатыўны чалавечы капітал, ён заўсёды знойдзе магчымасьць выказацца.
«„Лістапад“ — муляж, імітацыя, абсалютна штучная зьява»
— Зараз у Беларусі праходзіць «Лістапад», а за яе межамі — «Паўночнае зьзяньне». Ці ёсьць там цікавыя вам стужкі?
— «Лістапад» мне абсалютна нецікавы, бо гэта муляж, імітацыя, абсалютна штучная зьява, пасьля таго як была ліквідаваная папярэдняя дырэкцыя на чале з Анжалікай Крашэўскай. Гэта нецікава, бо там дакладна няма жыцьця.
Што тычыцца «Паўночнага зьзяньня», я ня надта абазнаны ў дэталях праграмы, але ведаю, што там ёсьць адмысловая беларуская лінейка. Думаю, што дзякуючы прафэсіяналізму крэатыўнай каманды там будзе што паглядзець.
То бок незалежна ад абставінаў (а можа і дзякуючы ім) беларускае незалежнае кіно шукае свае шляхі і знаходзіць іх. Хай сабе і ў фармаце сеткавай трансьляцыі, як гэта робіць «Паўночнае зьзяньне». Я думаю, што гэта правільная ініцыятыва, моцны крок, і гэта паказвае, што культура можа існаваць незалежна ад дзяржавы і па-за межамі яе візіі, яе бачаньня. Па вялікім рахунку, каб здымаць кіно, дзяржава не патрэбная. І Мінкульт таксама не патрэбны. І нават Акадэмія мастацтваў таксама не патрэбная. Галоўнае, у чым ёсьць патрэба, — гэта вастрыня погляду, творчая энэргетыка, кураж, як казаў Аляксей Палуян. І вострая нязгода з наяўным. Гэта галоўныя рысы, усё астатняе падцягнецца.
Дый фэсты не ствараюць кіно. Яны альбо спрыяюць яго прасоўваньню і будуюць пэўныя аўтарскія рэпутацыі, альбо існуюць як штучная імітацыя жыцьця, як той жа «Лістапад».
«Нам патрэбны беларускі кантэнт для Netflix»
— Хто з маладых крэатыўных кінэматаграфістаў, акрамя названых, вам цікавы, за чыёй творчасьцю вы назіраеце?
— У мяне няма пэрсанальных прыхільнасьцяў. Я гляджу на найноўшае беларускае кіно як на працэс, як на рух пошуку новых фарматаў. Для мяне цікавыя ня столькі асобы, колькі пошукі інтанацыі, спосабы аднавіць слоўнік, нейкія небанальныя захады з закосамі не пад Галівуд ці пад эўрапейскае незалежнае кіно, а пад сваё бачаньне сытуацыі.
А будучыня беларускага кіно ня ў тым, каб усе творцы станавіліся высокаінтэлектуальнымі і здымалі выключна Васіля Быкава. Мне падаецца, адзіны правільны шлях — гэта стварэньне шырокай палітры жанраў і стыляў. Нам патрэбны свой беларускі кантэнт для Netflix, свае сэрыялы, як гэта робяць палякі ці літоўцы, нам патрэбна экспэрымэнтальна-інтэлектуальнае кіно. Жывы экранны працэс — гэта якраз узаемадзеяньне ўсіх гэтых узроўняў — ад самага народнага да высокаінтэлектуальнага.
Пасьля 2020 году мы пэўны час былі ў палоне адчуваньня катастрафічнасьці свайго новага жыцьця. Цяпер у мяне такое адчуваньне, што сытуацыя мяняецца, мы пераходзім у фармат больш крэатыўнага, прагматычнага пошуку. Траўматычны лямант адыходзіць на карысьць тэхнічнай працы. Гэта заўважна і ў тэлевізійных прадуктах, гэта бачна і ў дакумэнтальным кіно, і ў мастацкім. Таксама ёсьць цікавая анімацыя. Гэта ўсё — жывыя рэчы.
Іншая справа, што яны маглі існаваць у крыху іншым фармаце, але маем, што маем. Галоўнае, што ёсьць рух, неверагодна прыўкрасная пэрспэктыва невідавочнага хэпі-энду.
— Адчуваецца, што ня толькі па адукацыі, але і па прызваньні вы філёзаф. А як вас занесла ў культуралёгію, у кінакрытыкі?
— Для мяне заўсёды была цікавая не вузкапрафэсійная самарэалізацыя ў якасьці выкладчыка філязофіі. Я, дарэчы, ня ведаю, што такое прафэсійны філёзаф. Памятаю, некалі зайшлі мы ў Дом літаратара да колішняга кіраўніка Саюзу пісьменьнікаў. Ён працягнуў візытоўку, а там было напісана, умоўна кажучы: «Іван Іваноў, паэт». Я прыбалдзеў, адразу ўзгадалася пра Бродзкага: «А хто вам сказаў, што вы паэт?» — «А хто мне сказаў, што я філёзаф?» Я не хачу быць філёзафам. Мне цікавейшае не філязофія, а мысьлярства.
Мне неверагодна цікавыя
Валянцін Акудовіч,
Уладзімер Мацкевіч — дай бог яму здароўя і хутчэй свабоды. Мне цікавыя людзі, якія здольныя разгарнуць парадаксальную думку, прывесьці свае аргумэнты і бліскуча вырабіць інтэлектуальны стэндап. Мабыць, дзякуючы Акудовічу і Мацкевічу я пачаў рабіць тое, што раблю. Пачаў прамаўляць у фармаце такога аналітычнага стэндапу. (РС: маецца на ўвазе канал Максіма Жбанкова «ШокінгКульт».)
Размаўляць уголас, парадаксальна, драйвова, энэргічна — так, я сам бы хацеў сябе пачуць. Гэта быў выклік, гэта быў чэлендж, гэта быў майстар-кляс — дзякуючы Акудовічу гэта адбылося.
«Пакуль няма куды вяртацца»
— Але праект «Сто год беларускага кіно» завершаны. Якія бліжэйшыя пляны?
— У нас ёсьць звышамбітны плян — зрабіць сэрыял пра тры генэрацыі беларускай эміграцыі найноўшай — дзевяностыя, нулявыя і актуальная апошняя хваля. І ня ў выглядзе простай замалёвачкі, як многія цяпер робяць, а разабрацца ў трансфармацыі беларускасьці выязной, што і як адбываецца, якія новыя выклікі паўстаюць. Як мяняўся вобраз беларускага эмігранта і што на яго ўплывала. Вось такая звышмэта. Пакуль на яе фінансаваньня не знайшлі, але не губляем надзеі.
— Тым больш вы самі апынуліся ў эміграцыі. А вось для вас асабіста гэта цяжка было — гэтыя тры гады не на радзіме?
— Яшчэ падчас ковіду я напісаў для «Беларускага журнала» Андрэя Аляксандрава тэкст пра новую сытуацыю і жыцьцё беларусага культурніцкага андэграўнду менавіта часоў Лукашэнкі. Гэта тая самая гісторыя, бо мы існуём у фармаце культурніцкай самаізаляцыі, на правах актыўнай меншасьці, без гарантыі ўцямнай пэрспэктывы існаваньня.
Эміграцыя — гэта таксама школа сьмеласьці, школа дзёрзкага выказваньня, школа нязручнасьці, школа свабоды, і яна мае сваю цану — за ўсё даводзіцца плаціць. У эміграцыі ў Вільні ў мяне няма пачуцьця навізны. Мы і раней жылі абмежаваным колам, жылі сваімі разважаньнямі, будавалі культуру па меры сваіх мрояў, жаданьняў, надзеяў, разуменьняў. Фактычна зьмянілася лякацыя, а сытуацыя культурніцкай меншасьці — яна захавалася. Таму асаблівага шоку няма, настальгіі абсалютна няма.
Ёсьць настальгія па маёй калекцыі музычных кампакт-дыскаў, якую я зьбіраў больш за 20 гадоў. І якую не атрымалася вывезьці. Той краіны, зь якой мы зьяжджалі, ужо няма. Трэба гэта зразумець. Я не бяруся нават уяўляць, што адбываецца ў Беларусі зараз. Але адназначна гэта ня тое месца, дзе я хацеў бы захавацца, прынамсі з тых самых меркаваньняў бясьпекі. У Беларусі засталіся мае сябры, у Беларусі захаваліся, як я разумею, пэўныя рэшткі маёй рэпутацыі, бо была безьліч вучняў, гледачоў, слухачоў, для якіх маё слова было чагосьці вартае. А ўсё астатняе... Пакуль няма куды вяртацца.
Але і адчуваньня татальнай чарнаты няма. Бо для мяне і ў 2020-м было відавочна, што гэта доўгая дыстанцыя, што хуткага шчасьця ня будзе, шмат што давядзецца прайсьці і перажыць. Так яно, у прынцыпе, і адбылося. Калі ня маеш ілюзій, ня маеш ад чаго і пазбаўляцца. Гэта нармальнае, цьвярозае стаўленьне — працаваць, рабіць сваё і кінуць шанаваць свае пакуты. Трэба ісьці далей.
Максім Жбанкоў — беларускі культуроляг, кінакрытык, кандыдат філязофскіх навук.
Скончыў філязофскі факультэт і асьпірантуру БДУ. Выкладаў філязофію ў БДУ, у Беларускім калегіюме. Працаваў у Фондзе Сораса, у «Белорусской деловой газете», быў сябрам журы многіх міжнародных кінафэстываляў.