Фіналісты Прэміі Гедройця. «Гульні Цырцэі»: рэтра-крымінал з атмасферай аршанскага нуару
2025-10-19 16:09
«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў працягвае серыю публікацый пра шорт-лістараў галоўнай літаратурнай узнагароды. Трэці аўтар — Зміцер Дзядзенка — увайшоў у кароткі спіс Прэміі Гедройця з рэтра-крымінальным раманам пра Оршу 1920-х «Гульні Цырцэі».
Зміцер Дзядзенка — пісьменнік, журналіст. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў рэдактарам на БТ і журналістам у «Нашай Ніве». Піша вершы і прозу. Аўтар краязнаўча-генеалагічнага даведніка «Аршанская шляхта», кніг «Гісторыі ў прыцемках», «Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя», гістарычнага дэтэктыва «Ордэн Прамяністых», суаўтар праекта «Наша страва». Кніга «Гісторыі ў прыцемках» (2015) трапіла ў лонг-ліст прэміі Ежы Гедройца (2016). Жыве ў Польшчы.
Раман нарадзіўся з невялікай газетнай нататкі «Мінулае піанэр-руху» ў часопісе «Аршанскі маладняк», які выдаваўся сто гадоў таму. Дзеці і падлеткі ў Оршы стварылі сваё каралеўства з развітой сацыяльнай, вайсковай і нават фінансавай сістэмай. Гэтае дзіцячае каралеўства аўтар артыкула спрабуе паказаць як зараджэнне піянерскага руху ў горадзе.
Гісторыя настолькі захапіла Змітра Дзядзенку, што ён спачатку расказаў пра яе ў Фэйсбуку, а пасля ператварыў у мастацкі твор, дзе лёс дзіцячага каралеўства (у кнізе — імперыі) стаў імпульсам, невялікім фрагментам, але не канвой кнігі. Кніга пачынаецца як класічны дэтэктыў: з забойства князя Друцкага. Злачынства даручана расследваць нявопытнаму чэкісту Раману Васільчуку, які — у сваю чаргу — просіць дапамогі ў былога следчага Паўла Дадэркі. Малады чэкіст Раман паступова набіраецца досведу пад пільным вокам сваіх калег і начальства, здраджвае настаўніку, пазбаўляецца рэвалюцыйнага ідэалізму і на нашых вачах ператвараецца ў паўнапраўнага гаспадара жыцця.
Падзеі разгортваюцца на тле грамадскіх зрухаў, палітычнага гвалту, сялянскіх бунтаў і рабочых паўстанняў, бандыцкіх налётаў, польскага шпіянажу, то-бок у часы брутальных перамен, калі праз рэшткі дарэвалюцыйнага жыцця прарастаюць савецкія рэаліі, а з геапалітычных разломаў выпаўзаюць каларытныя персанажы новага свету.
Орша – родны горад Змітра Дзядзенкі, яго ўлюбёная літаратурная лакацыя, а таксама — важны персанаж кнігі. Аўтар даследуе горад як пісьменнік, як журналіст-крыміналіст і як краязнаўца. І калі для большасці чытачоў «Гульні Цырцэі» — захапляльны дэтэктыў, то для аршанцаў – гэта тэкст, што прыадкрывае знаёмыя рэаліі і дорыць радасць пазнавання.
Зміцер Дзядзенка апісвае не толькі побыт, лакацыі і нават абменны кошт фунту цукру на мясцовым кірмашы, але і каларытныя тыпажы пераломнай эпохі. Іх тут сапраўды шмат, ледзь не ўсе слаі тагачаснага грамадтва: пляменнік князя Друцкага, што прыбыў у горад з місіяй узнаўлення Рэчы Паспалітай да Дняпра, малады чэкіст, выхадзец з аршанскіх камсамольцаў, і яго больш загартаваныя ў баях калегі («таварышы чэкісты»), гаспадыня дома цярпімасці і былы следчы з уласным пачуццём справядлівасці, простыя сяляне, гарадскі дзівак, прадстаўнік беларускага нацыянальнага руху, крымінальнікі (якія, як і чэкісты, лічаць сябе новымі вяршыцелямі лёсаў), «недабіты бундавец», доктар (старарэжымны правінцыйны інтэлігент, прыхільнік канстытуцыйнай манархіі). І канешне – дзеці, зусім занядбаныя і пры больш заможных бацьках, яны азартна гуляюць у сваю імперыю і паводзяць сябе як старанныя вучні дарослых. Сцэна расстрэлу ў дзіцячым выкананні толькі цудам не прыводзіць да катастрафічных вынікаў.
Чаго не скажаш пра гульні дарослыя…
Нібы ў класічным дэтэктыве, з хадой падзей, дзякуючы ўдачы і высілкам маладога чэкіста Васільчука разгадка забойства набліжаецца да завяршэння. Пахаваны стары князь, даследавана месца смерці, апытаныя сведкі, разгаданая загадка яшчэ аднаго трупа, адшуканыя каштоўныя камяні і нават пакараны невінаваты. І вось, дзякуючы апісанню малога Дзям‘янкі, вядомае імя забойцы. Здаецца, карная рука новай улады нарэшце схопіць сапраўднага злачынцу і справядлівасць будзе… Аднак не, напрыканцы, замест лагічнай развязкі, аўтар з усяго маху рубіць заблытаны вузел.
«Чаму ў сцэне растрэлу рабочай маніфестацыі ахвярамі чэкістаў становіцца не толькі забойца, але ледзь не ўсе асноўныя героі?» Зміцер Дзядзенка крыху задумваецца, адказваючы на маё пытанне: «А што ім, уласна кажучы, рабіць у гэтай новай рэальнасці?» І сапраўды, ці быў шанец выжыць прадстаўніку беларускага руху Максіму Крэчату, наіўнаму і шчыраму настаўніку з «дарэвалюцыйным тварам»? Ці былому следчаму з яго своеасаблівай прагай справядлівасці? Ці «недабітаму бундаўцу» Барысу, з якім Раман Васільчук не падзяліў дзяўчыну? Малады чэкіст, як гаспадар жыцця, сам можа выбраць каго забіваць... Цырцэя ж сваю ахвяру таксама не праміне ўпільнаваць.
Такія яе падступныя гульні…
Назва гэтага рамана нібы задае этычнае вымярэнне ўсяму сюжэту. Цырцэя — гэта чараўніца, якая ў гамераўскай «Адысеі» з дапамогай магічнага напою ператварае спадарожнікаў галоўнага героя ў свіней. Толькі Адысей, якому бог Гермес дае проціяддзе ў выглядзе чароўнай расліны, змог застацца чалавекам. І зусім не чакаеш у крымінальным рамане пра паслярэвалюцыйную бандыцкую Оршу развагі былога следчага, які адчувае сябе Адысеем, выпадкова закінутым у дваццатае стагоддзе.
Цытата з кнігі:
«Бальшавікі. Левыя эсэры разам з бальшавікамі. Немцы разам з бальшавікамі. Левыя эсэры супраць немцаў і бальшавікоў. Недзе недалёка ад горада польскія легіёны. І ўзброеныя атрады, ватагі, банды, банды, банды… Белыя афіцэрскія, чорныя анархісцкія, зялёныя атаманскія — безліч узброеных атрадаў прамільгнула за пару гадоў перад вачыма Дадэркі ды іншых аршанцаў.
Часам Дадэрка адчуваў сябе Адысеем, выпадкова закінутым у дваццатае стагоддзе. Антычнага героя воляй Пасейдона насіла ў маленечкім марскім закутку ад адной прыгоды да другой. Так і Дадэрку шалёным ветрам эпохі ў межах адной толькі Воршы кідала то да мітынговых салодкагалосых птушак-сірэнаў, то да чэкісцкай Сцылы і Харыбды, то да бяспамятных латафагаў, гатовых знішчаць усё і ўсіх пад гукі «Інтэрнацыянала». А часцей за ўсё ён прыгадваў востраў чараўніцы Цырцэі, якая ператварыла спадарожнікаў Адысея ў свіней. Прыгадваў — і сумняваўся, ці не з’яўляецца ён сам толькі спадарожнікам легендарнага героя…»
Свет злачыннасці – побытавай і дзяржаўнай – Зміцер Дзядзенка, нібы жанглюючы, прапускае праз прызму сацыяльнай дыягностыкі і ўрэшце зацыклівае сюжэт, каб раскрыць нам больш шырокі погляд — з даляглядаў гісторыі. Бо пачатак і канец кнігі – з іншага часу.
Такія яго невясёлыя гульні…
Аўтар перакананы, што тыя праблемы, якія стаялі перад беларусамі сто гадоў таму, і дасюль не вырашаныя. Нягледзячы на тое, што тэкст апранае на сябе маску крымінальнага рамана і ў ім дзе толькі магчыма растаўлены пасткі забаўляльнага сюжэта, усё значна складаней, чым парачка трупаў. У кнізе нездарма пракрэслены дзве часавыя лініі – пачатак існавання СССР і яго закат. Сюжэт пачынаецца ўсё ж не з забойства, а з таго, што піянеры святкуюць 110 гадоў з дня нараджэння Леніна, а гэта значыць — з падзей 1980-га. Стары і паважаны Дзям’ян Харытонавіч, той хлопчык Дзям‘янка, што цудам выжыў падчас расстрэлу на гарадской плошчы, выступае на ўрачыстым школьным сходзе як адзін з заснавальнікаў піянерскай арганізацыі у Оршы. Насамрэч ён сябра той дзіцячай імперыі, а па сутнасці, банды, што крала садавіну-гародніну ды білася з бандай суседскай… Савецкая ўлада ў 1980-я ўжо не адчайна крывавая, як ў 1920-я, але такая ж падступная і цынічная.
Цытата з кнігі:
— А што гэта за незвычайны сцяг у вас у руках? Ніколі не бачыў такога.
— Гэта ж наш беларускі! Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі.
— А-а-а, — прыгадаў Дадэрка, — гэта тыя, што ў Менску былі? Дык гэта ж там, на захадзе…
— І тут у нас Беларусь, — упэўнена адказаў Крэчат. — І там, дзе жывуць беларусы, абавязкова будзе свая беларуская краіна са сваёй беларускай уладай.
— Ды вы фантазёр, калега! — рагатнуў экс-следчы.
А Цырцэя працягвае чараваць – як у пачатку, так і ў напрыканцы існавання той зніклай краіны, дый і цяпер апякуецца гэтай зямлёй, ахвотна ператвараючы людзей у штосьці іншае.