Фонд Kamunikat.org выдаў новую кнігу паэзіі Анхелы Эспіносы Руіс
2024-06-28 19:41
"Я заўжды пісала пра любоў, - гаворыць аўтарка. - Да 2020 года, пра нейкае юнацкае, інтэнсіўнае каханне. Пасля 2020, і яшчэ болей ад 2022 – пра любоў-надзею, пра мары аб лепшай будучыні для блізкіх. Гэтай кнігай я хацела адыйсці ад наіўнасці першай любові, ад болю другой – імкнуцца да ўніверсальнай любові, да канцоў сусвету і да ўнутранага зярна ўласнага чалавецтва – да Астралабіі Божых Таямніц".
Анхела Эспіноса Руіс - беларускамоўная паэтка з Гішпаніі. Трохі філёляг, трохі музыка, як сама пра сябе піша...
Анхела нарадзілася ў Малазе (Гішпанія). У 2011 г. скончыла школу з гуманітарным профілем (з лацінскай і старагрэчаскай мовамі) і музычную школу. Скончыла Славянскую Філалогію ў Гранадскім універсітэце ў 2015 годзе. У 2017 атрымала ступень магістра на кафедры Беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Скончыла аспірантуру на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсе ў Мадрыдзе.
Лаўрэат журналісцкай прэміі «Беларусь у фокусе» (2011), фіналістка паэтычнага конкурсу «Экслібрыс» імя Рыгора Барадуліна 2015 года. У тым самым годзе апублікавала зборнік вершаў «Раяль ля мора» ў Мінску і электронны зборнік «Памяць пра будучыню».
У сакавіку 2016 года паэтэса стала ганаровым членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Вершы друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Дзеяслоў», «Полымя», газеце «Наша Ніва». У 2017 годзе пераклала на іспанскую мову вершы Максіма Багдановіча. У тым самым годзе быў выдадзены Саюзам беларускіх пісьменнікаў яе трэці зборнік вершаў, «Pomme de ciel».
4 верасня 2019 года ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсэ паспяховая абараніла доктарскую дысертацыю «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера».
У 2019 годзе Анхеле Эспіносе Руіс была прысуджана Літаратурная прэмія Міхася Стральцова «за пачуццёвае і метафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таемнасць беларускага быцця».
Старт продажаў кнігі «Астралябія божых таямніц. Вершы і паэмы» адбудзецца на Hučna Fest w Warszawie 29 чэрвеня 2024!!! Запрашаем!!!
Тамсама можна будзе набыць і іншыя кнігі, выдадзеныя фондам Kamunikat.org.