Гэтая фотавыстава складаецца выключна са здымкаў з архіва Праграмнай рады Тыднёвіка беларусаў «Ніва».
Выстава «Ніва. Фатаграфіі», якая адкрылася ў Падляшскім музеі ў Беластоку да юбілею 70-годдзя выдання — гэта фатаграфічнае падарожжа праз дзесяцігоддзі жыцця беларусаў у Польшчы.
На выставе прадстаўлены выбраныя фотаздымкі з багатага архіва тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», выдання, якое ўжо некалькі пакаленняў суправаджае беларусаў Беласточчыны дома, у школе і на працы.
«Здымкі ствараюць партрэт нашай супольнасці праз выразныя выявы твараў, суровыя пейзажы Падляшша ці дынамічныя рэпартажныя кадры на заводах. Гэта аповесць пра ідэнтычнасць, запал і штодзённасць, што сфармавалі нашу беластоцкую сучаснасць», — гаворыць куратар выставы Павел Грэсь, які для выставы, а раней для альбома, перагледзеў 17 тысяч фатаграфій, каб адабраць найлепшыя.
— Калі я пераглядаў архіў, здымкі можна было падзяліць на такія, што маюць вялікую дакументальную каштоўнасць, і на такія, якія вылучаюцца эстэтыкай і фотамовай. Адбор і спалучэнне гэтых двух светаў патрабавалі так сканструяваць і выставу, і кнігу, каб распавесці гісторыю, важную і для мяне асабіста, і для нас — беларусаў, у тым ліку ў палітычным кантэксце. Гісторыю штодзённасці, працы, культуры, музыкі. Гэтыя элементы сталі ключавымі, з якіх я складаў аповед, замыкаючы яго ў фотамове.
Дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатоль Вап, разглядае на гэтай выставе гісторыю беларусаў Беласточчыны.
— Гэтая фотавыстава складаецца выключна са здымкаў з архіва Праграмнай рады Тыднёвіка беларусаў «Ніва» і можна сказаць, што гэта фотахроніка жыцця беларусаў Падляшша ад другой паловы 1950-х гадоў да пачатку 2000-х. Тут можна ўбачыць і людзей вельмі важных для беларусаў, і культурную, тэатральную, музычную актыўнасць, але таксама і штодзённую працу — тую, якой сёння ўжо амаль не пабачыш. Вёскі настолькі змяніліся, што мы ўжо не ўбачым, як хтосьці працуе ў полі з канём. Сёння мы ездзім па вёсках, мястэчках і гарадах Беласточчыны і бачым сучасную архітэктуру — мураваную, бетонную, цагляную. А на фотаздымках з выставы бачым зусім іншую архітэктуру. Яшчэ ў некаторых вёсках захаваліся драўляныя дамы, але гаспадарчыя пабудовы, хлявы — уся гэтая частка культурнага краявіду — амаль знікла. Змяніліся і людзі. Тут можна распазнаць сваіх калегаў, а можа нават продкаў, паглядзець, як людзі жылі раней, як апраналіся, якімі яны былі.
Мастачка, сябра Праграмнай рады Цэнтра беларускай культуры Маргарыта Дзмітрук чакае, што выставу пакажуць не толькі на Беласточчыне.
— Я маю надзею, што гэтая выстава будзе вандраваць па сельскіх святліцах, дамах культуры, па нашых мясцінах на Беласточчыне, каб людзі, якія яшчэ засталіся ў вёсках, маглі яе паглядзець. Таксама і тыя, хто ёсць на гэтых здымках, і тыя, хто гэтыя здымкі рабіў. Спадзяюся, што выстава трапіць і ў Варшаву. Павел Грэсь зрабіў гіганцкую працу, ён перагледзеў велізарны архіў «Нівы» і выбраў здымкі, важныя не толькі з эстэтычнага пункту гледжання, але і з гістарычнага — здымкі, значныя для нашага асяроддзя.
Выставу «Ніва. Фатаграфіі» у Падляшскім музеі ў Беластоку можны глядзець да 26 красавіка 2026.
Падрыхтаваў Яраслаў Іванюк