Ганна Кандрацюк стала пераможцай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за 2023 год
2023-11-26 13:20
Упершыню за 12 год існавання прэміі 1 месца атрымала аўтарка з Падляшша, якая піша па-беларуску. Выдадзеная праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» ў 2022 годзе кніга - гэта зборнік рэпартажаў, якія распавядаюць пра лёсы жыхароў Белавежскай пушчы па абодва бакі мяжы.
"Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі... Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў: ад старой Дамінкі з Кутлоўкі, якую адкалыхалі з мёртвых яшчэ на трыццаць гадоў жыцця, і знакамітай сям'і Елянецкіх з Камянеччыны да ацалелых удзельнікаў трагедыі ў Залешанах і нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, які меў ганаровае званне Прыяцеля Белавежскай пушчы і быў прыяцелем усіх беларусаў..." - так піша пра прозу Ганны Кандрацюк знакаміты беларускі пісьменнік і лаўрэат прэміі Гедройця за 2018 год
Уладзімір Арлоў.
Сама пісьменніца лічыць прэмію Гедройця ўзнагародай Белавежскай пушчы і сваім героям, што жывуць па польскім і беларускім баку ў прысценку старога лесу, маюць сваю памяць і свой свет.
Ганна Кандрацюк паходзіць з невялікай вёскі Катлоўка на Падляшшы. З 1993 года супрацоўнічае са штотыднёвікам беларусаў Польшчы "Ніва". Яе рэпартажы і кніжкі перакладаліся на польскую і англійскую мовы.