Ганна Кандрацюк згадвае Алеся Пушкіна
2025-08-05 16:47
Для Беларусі гэта адна з самых балючых страт апошніх пяці гадоў. 11 ліпеня 2023 года ў гарадзенскім шпіталі памёр мастак Алесь Пушкін, якого сюды даставілі непрытомнага з турмы. Смерць наступіла праз не аказанне своечасовай медычнай дапамогі ў вязніцы. Сёлета 6 жніўня яму магло б споўніцца 60 гадоў. У Беларусі і ў замежжы гэты юбілей будзе адзначацца, на жаль, ужо без самога Алеся.
РР: У прыгожыя адметныя 90-ыя вы былі знаёмыя са шматлікімі дзеячамі беларускай культуры, маладымі дзеячамі: Анатоль Сыс, Юрка Гумянюк і іншымі. Вы напісалі цэлую кнігу пра Анатоля Сыса, вы пішыце пра Юрку Гумянюка, пра Алеся Пушкіна. У новай кнізе ёсць цэлыя раздзелы пра іх. Я б хацеў, каб мы згадалі Алеся Пушкіна. Мне нават цікава, як вам удавалася ў 90-ых пазнаёміцца з імі, бо адлегласць досыць вялікая і розныя краіны.
Ганна Кандрацюк: У 1990 годзе я пабывала на стажыроўцы ў Менску, вучылася ў педагагічным універсітэце. І тады я пасябравала моцна з «Талакой», у прыватнасці з Сяргеем Вітушкам. І тады мы хадзілі і ездзілі на ўсялякія акцыі. Гэта быў такі прыгожы і надзейны час для Беларусі — адраджэнне. І тыя кантакты падтрымліваліся. Больш за тое, у 90-ыя гады дастаткова было пайсці на вакзал, купіць ваўчар і паехаць у Менск ці Гародню. І таксама прызджалі з таго боку. Так што, зразумела, калі ведаеш файных людзей, то хочацца трымаць з імі кантакт.
РР: Алесь Пушкін быў досыць камунікабельным чалавекам, і ён быў вельмі лёгкі на пад’ём. Куды яго запрашалі, ён імгненна прыязджаў, удзельнічаў у розных акцыях. А ці прыязджаў ён на Беласточчыну?
Ганна Кандрацюк: Я з Алесем пазнаёмілася яшчэ ў менскія гады, мы разам ездзіла на такія пікеты, прысвечаныя Каліноўскаму, ён там рабіў перформансы, быў вельмі частым госцем у «Талацэ», але такія сяброўскія стасункі нарадзіліся тады, калі я напісала пра яго рэпартаж. Думаю, што ён пагадзіўся з гэтым рэпартажам, пабачыў сябе маімі вачыма. І тады мы ліставаліся. А больш цесная супраца атрымалася тады, калі ён маляваў прыдзел у касцёле ў Камаях, прысвечаны Ежы Папялушку. Там цэлая гісторыя, апісаная ў кніжцы. У 2002 годзе я разам з сябрамі і, між іншым, Юркам Гамянюком, паехалі ў вандроўку па Полаччыне і завіталі да Пушкіна ў ягонае мястэчка Бобр. І мне, як не шматлікім, удалося рэпарцёрскім спосабам апісаць стыль і парадак у хаце, у сям’і, на панадворку, у мястэчку Алеся Пушкіна. А таксама запісаць такую нашую мілую гісторыю пра цуд у Бабры. Тут маецца на ўвазе фрэскі «Страшны суд».
РР: Гэта фрэска, дзе ён намаляваў Лукашэнку?
Ганна Кандрацюк: Так, і там была такая персона, падобная да Лукашэнкі сярод цмокаў і сярод непрыстойных персанажаў. Людзі спачатку не звярталі ўвагі на гэтую фрэску, думалі, што гэта такі мастацкі прыём, але ж пачалі прыязджаць людзі з Менску і падчас службы азіраліся на гэтую фрэску.
Цалкам гутарка — у далучаным аўдыёфайле!
Беларускае Радыё Рацыя