Праваслаўныя вернікі рыхтуюцца да Вялікадня – аднаго з самых важных святаў у хрысціянстве. Як правільна правесці апошнія перадсвяточныя дні, ці варта трымацца не толькі рэлігійных, але і народных традыцый, ды ў які дзень фарбаваць яйкі – пра ўсё гэта распавядае протаіерэй Георгій Рой, святар віленскай беларускай грамады сусветнага патрыярхату.
На размову запрашае Яна Запольская.
РР: Знаходзімся ў такім вельмі важным перыядзе для праваслаўных хрысціян, знаходзімся ў чаканні ўваскрэшання Хрыста. Можа вось пра гэтыя некалькі дзён, што чакае праваслаўных вернікаў, якія важныя рэлігійныя падзеі мы цяпер будзем праходзіць?
– Сапраўды гэтыя дні надзвычай важныя. Неяк распаўсюдзілася сярод большасці праваслаўных вернікаў, што асноўная ўвага робіцца на Вялікадні ўваскрэсення Хрыста. Але калі мы глядзім у гісторыю, то бачым, што для старажытных хрысціян аднолькава важнае значэнне меў Вялікдзень пакутаў Хрыстовых, гэта менавіта тыя дні, якія мы праходзім. І Вялікдзень уваскрэсення. Гэта было неразрыўна звязанае.
Я лічу, што той чалавек, які па-сапраўднаму не пражыў, не адчуў Пасху пакутаў Хрыстовых, мабыць, не здолее па-сапраўднаму адчуць Вялікдзень уваскрэсення. То бок, трэба прайсці гэты шлях за Хрыстом, пачынаючы ад Вялікага чацвярга, калі мы ўзгадваем тайную вячэру Хрыстову, і надзвычай важны сённяшні дзень, дзень Пятніцы вялікай, калі Хрыста ўкрыжоўвалі, калі ён прыносіў ахвяру за ўратаванне роду людскога. Калі мы ўсе гэта адчуем, перажывём, тады мы зусім з іншым настроем будзем падыходзіць да свята Хрыстовага ўваскрэсення.
Вялікдзень праваслаўныя вернікі сустрэнуць у нядзелю, 5 траўня. У Вялікую суботу ў храмах будзе адбывацца асвячэнне ежы.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя