Гісторык Алег Латышонак пра эмігрантаў новай хвалі: «Гавораць па-расійску ў сітуацыі, калі маскаль топча Беларусь! Проста жах!»
2025-07-10 22:06
У Польшчу прыехалі з Беларусі на працягу апошніх гадоў больш за 150 тысяч беларусаў. Ці дае шанец гэтая сітуацыя на тое, каб адбылося збліжэнне і з’яднанне, было наладжана больш цеснае супрацоўніцтва этнічных беларусаў у Польшчы і тых, хто прыехаў з Беларусі? Раней шырокую дыскусію выклікаў адказ на гэтае пытанне беларускага дзеяча з Падляшша Юркі Каліны, а цяпер Беларуская рэдакцыя Польскага радыё паразмаўляла на тую ж тэму з гісторыкам, старшынёй Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам.
Ці ёсць шанец на абʼяднанне беларусаў Беласточчыны і беларусаў у эміграцыі ў Польшчы?
«Скажу шчыра, шанец ёсць, але невялікі, проста таму, што мы розныя», — кажа прафесар
Алег Латышонак.
І тлумачыць, у чым адрозненне.
«У Польшчы і ў Літве апынулася культурная эліта беларускай нацыі. А мы тут, я не хачу нас прыніжаць, але мы, этнічныя беларусы ў Польшчы, не маем прапановы для гэтых людзей. У Польшчы цяпер тры найлепшыя тэатры Беларусі. А ў нас ёсць пару чалавек, якія займаюцца тэатрам, гэта прафесійныя акцёры, але тэатр у нас аматарскі. Пісьменнікі, паэты — сярод тых, хто прыехаў, іх у некалькі разоў больш і яны вышэй».
Алег Латышонак мае надзею, хоць і не ўпэўнены, што прыезджыя беларусы з часам будуць наведваць Падляшша, беларускую Беласточчыну, будуць адчуваць, што яны на зямлі, натхнёнай беларускім духам, але суразмоўца мяркуе, што гэта доўгі працэс.
«Наогул вельмі мала ёсць месцаў, дзе інтэгруюцца прыезджыя з мясцовымі. У Беластоку, напрыклад, такім месцам зʼяўляецца танцавальны ансамбль „Падляскі вянок“. Танцуюць людзі, так сказаць, з абедзвюх груп і вельмі добра ідзе тая інтэграцыя».
Латышонак не шукае вінаватых у малой інтэграцыі мясцовых беларусаў з мігрантамі.
«Гэта не чыясьці віна, проста мы не маем прапановы для прыезджых», — кажа ён.
Журналiст цікавiцца, ці ёсць з боку беларусаў у эміграцыі цікавасць да этнічна-беларускай часткі Падляшша, ці ёсць з таго боку жаданне даведацца больш і пазнаёміцца з жыхарамі.
«Не надта, і на гэта яшчэ рана», — кажа Латышонак і тлумачыць, у чым справа.
«Людзі мусяць спачатку абжыцца ў сваіх Варшавах, Гданьсках, Вроцлавах. Маю надзею, гэта будзе праз нейкі час. Тут жа ёсць нашыя (беларускія) вёскі. Тыя ж беларусы прыязджаюць, арганізуюць бізнэсы, укладаюць грошы, яны ж могуць тут інвеставаць, напрыклад, купляць дамы».
Па словах Алега Латышонка, цяпер вельмі неспрыяльная сітуацыя, бо там, дзе мясцовых беларусаў у Польшчы найбольш, вызначаная «амаль ваенная зона» з бранятэхнікай і салдатамі.
«Акрамя гэтага, у СМІ людзі чуюць пра нібыта штурмы мігрантаў. Гэта не спрыяе таму, каб людзі сюды прыязджалі. Палякі баяцца прыязджаць, сам я чуў, што нават у санаторый у Супрасль баяцца ехаць, бо гэта, нібыта, ужо на мяжы».
Актывіст беларускай меншасці ў Польшчы марыць пра інтэграцыю беларускіх дзетак. Хацеў бы арганізоўваць летнікі, вазіць на экскурсіі па Беласточчыне, каб яны пабачылі, што там — жывая беларуская культура, архітэктура, там шмат беларускага. Але сілаў няма, шкадуе Латышонак.
«Супольных праектаў у нас няма»
Сярод беларускіх эмігрантаў многа навукоўцаў і даследчыкаў, навуковыя сувязі з імі наладзіліся даўно, хаця супольныя праекты адсутнічаюць, адзначае гісторык, навуковы супрацоўнік Беластоцкага ўніверсітэта прафесар Алег Латышонак.
"Супольных праектаў у нас няма, але мы вельмі добра кантактуем, гэта ўсё сябры, мы знаёмыя з некаторымі пару дзясяткаў гадоў. Яны прывезлі з Беларусі свае навуковыя інтарэсы і хочуць іх тут працягваць, займацца Вялікім Княствам Літоўскім альбо Беларуссю, а не, скажам, Падляшшам. Вельмі рэдка бывае, каб хто пераарыентаваўся і стаў даследаваць тое, што для нас важна. Таму мы мусім сваімі сіламі гэта рабіць.
Але назіраюцца такія трэнды, што мы пачынаем прымаць гісторыкаў, якія тут абжыліся, маюць польскае грамадзянства. І ў гэтым, відавочна, будучыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы — людзі, якія вырашылі застацца і жыць тут, маладыя гісторыкі будуць запісвацца ў Таварыства, а мы паціху будзем ствараць супольныя праекты.
Зрэшты, Алег Латышонак не спадзяецца надта моцна на беларускую інтэлігенцыю ў справах будучыні беларускай меншасці ў Польшчы. Ён мяркуе, што інтэлектуальная эліта вернецца ў Беларусь, калі толькі з’явіцца такая магчымасць, таму што там іх жыццё і там ім трэба працаваць. Затое з тымі, хто застанецца, прафесар звязвае пэўныя чаканні.
«Іншая справа з эканамічнымі мігрантамі, яны застануцца. Але ў іх няма вялікай цягі да беларускай культуры, бо калі ў Беластоку 2,5 тысячы дзяцей з Беларусі, і толькі 60 запісалі на ўрокі беларускай мовы, то маем доказ, як гэта справа выглядае.
Я гэта бачу так: прыезджыя беларусы падтрымаюць беларускасць у Польшчы, але сваю, не нашу
Нейкія беларусы ў Польшчы будуць. Большасць арыентаваная на інтэграцыю, дарэчы, процьма людзей з «Картай паляка». Але, так ці інакш, беларусы застануцца. У Беластоку прыезджыя, спадзяюся, пяроймуць ад нас нашыя (беларускія) арганізацыі.
Ці крыўдна з-за таго, што паміж «беларускімі беларусамі» і «польскімі беларусамі» пакуль няма адчування еднасці? Алег Латышонак кажа «не».
«Я доўга ў дзейнасці, у палітыцы, у гісторыі і культуралогіі, каб быць здзіўленым, чаму мне мае быць балюча? Такая рэчаіснасць і трэба прымаць свет, якім ён ёсць. Але рабіць, што магчыма. Ёсць людзі, якія яднаюць бакі. Беласток — наш горад, у ім дзесяць тысяч прыезджых і частка з іх да беларускай культуры цягнецца.
Я быў на канцэрце Лявона Вольскага ў Беластоку, было 200 чалавек. Вольскі спытаўся, хто з Мінска, і амаль увесь зал падняў рукі, а з Беластока было шэсць чалавек. А некалі я сам з Беластока ездзіў на канцэрты Вольскага ў Беларусь, у Вільню. Ну, нешта такое дзіўнае адбываецца. Але ўсё-такі канцэрт быў з аншлагам».
А што супольнае паміж этнічнымі беларусамі ў Польшчы і беларусамі з Беларусі? У Латышонка просты адказ.
«Перш за ўсё нацыянальнае пачуццё. Калі ты беларус, то на другога беларуса глядзіш як на беларуса і адчуваеш з ім еднасць. Але трэба памятаць пра яшчэ адно — мы тут выміраем. Вельмі мала сярод мясцовых беларусаў, асабліва маладых. Прыезджыя маладыя. Магчыма, гэта таксама справа ўзросту і таму няма блізкага кантакту. Маладым беларусам не надта ёсць з кім тут інтэгравацца, калі ў Беластоку маладых мясцовых беларусаў проста жменька.
Набалелы момант
Алег Латышонак звяртае ўвагу на яшчэ адзін набалелы момант.
«Большасць прыезджых гаворыць па-расійску, па-маскоўску. Для нас гэта проста жах, я не магу гэтага слухаць. Гэта таксама выклікае адчужанасць. Мы, праўда, таксама не лепшыя, гаворым па-польску. Але мы прывыклі. А тая маскоўшчына ў сітуацыі, калі маскаль топча Беларусь! Проста жах!»
Падсумоўваючы, Алег Латышонак выказвае думку, што будучыня беларусаў у эміграцыі і ў мясцовых этнічных беларусаў будзе ісці асобнымі шляхамі. Але будуць пункты сутыкнення. З цягам часу прыезджыя таксама стануць «тутэйшымі».
Польшча стане для іх сваёй. Натуральным шляхам беларусы разʼедуцца па Польшчы — у Кракаў, Лодзь, Гданьск. Але частка застанецца ў Беластоку і «калісьці прыезджыя пяроймуць установы і арганізацыі, якіх не пяроймуць нашыя дзеці», крыху з горыччу кажа Алег Латышонак, хоць і з разуменнем працэсаў.
«Так я сабе гэта ўяўляю», — гаворыць гісторык.