Гісторык Тымаці Снайдэр: «Маштаб пакутаў быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі»
2022-12-30 20:47
Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр прачытаў у Ейльскім унівэрсытэце зь верасьня па сьнежань курс з 23 лекцый пра фармаваньне сучаснай Украіны. Снайдэр прэзэнтуе падзеі з украінскай гісторыі ў кантэксьце цяперашняй вайны, якую Расея вядзе ва Ўкраіне.
Сярод іншага, гісторык аналізуе, як Расея зрабіла свае імпэрскія наратывы прымальнымі на Захадзе. Прапануем вашай увазе некаторыя думкі з завяршальнай лекцыі.
Цалкам усе лекцыі з курсу можна пабачыць на відэа.
Другая сусьветная была імпэрыялістычнай вайной, дзе Ўкраіна была ў самым цэнтры плянаў Гітлера.
Пасьля Другой сусьветнай эўрапейцы працягвалі весьці іншыя войны, пакуль іх не прайгралі.
Эўрапейская інтэграцыя адбываецца толькі пасьля гэтых паразаў.
Немцы ўзялі на сябе адказнасьць за Другую сусьветную вайну адносна нядаўна і пры гэтым часткова.
Нямецкая самакрытыка за Галакост ня згадвала канкрэтныя тэрыторыі і нямецкія імпэрскія амбіцыі. У гэтай дыскусіі самымі важнымі былі нямецкія габрэі, але сярод ахвяраў Галакосту нямецкіх габрэяў было толькі каля 3 працэнтаў.
У СССР культ вайны быў «русыфікаваны», з акцэнтам на ролю Расеі.
Немцы скіравалі сваю «энэргію вінаватасьці» на цэнтар у Маскве. У Нямеччыне, як і ў СССР, стала панаваць гісторыя, што Другая сусьветная вайна — гэта пра дзясяткі мільёнаў забітых расейцаў.
Падчас вайны сапраўды загінулі мільёны расейцаў, але маштаб пакутаў насамрэч быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі. Аднак Расея манапалізавала і перамогу, і ролю ахвяры.
Калі Расея пачала вайну супраць Украіны ў 2014 годзе, схаваны імпэрыялізм расейска-нямецкага супрацоўніцтва зрабіўся адкрытым. Ужо пасьля ўварваньня нямецкі ўрад абвясьціў пра дамову аб пабудове газаправоду «Паўночны паток — 2».
Сёлетняе расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў значнай ступені паўтарае мадэль нямецкага ўварваньня ў Савецкі Саюз у 1941 годзе.
Ідэя, што Ўкраіна разваліцца за тры дні, была ня толькі расейская. У гэта таксама пераважна верылі і ў Бэрліне, і ў Вашынгтоне.
Цяперашняя вайна паставіла пад сумнеў думку, што Ўкраіна — гэта слабая дзяржава.
Для ўкраінцаў гэта вайна за сваю суб’ектнасьць і за свабоду ў пазытыўным сэнсе — ня толькі ў сэнсе свабоды ад расейцаў, але і свабоды вызначаць, што будзе далей.