- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Увосень, як толькі скончылася «бульба» і пачаліся заняткі, у інстытуце толькі і гаварылі пра стыпендыю, якая налічвалася цяпер у залежнасці ад адзнак (за кожную пяцёрку даплочвалі па пяць рублёў), і пра трагічную смерць аднаго са студэнтаў, паэта Вяргейчыка Валодзі. Улетку, у будатрадзе, ён з хлопцамі ішоў з суседняе вёскі з танцаў; было ўжо цёмна, ззаду ехала грузавая машына. Хлопцы сталі галасаваць, шафёр, відаць, спужаўся, вільнуў — Вяргейчыка стукнула падножкай, ён адляцеў наўзнач, патыліцай на бардзюрыну, і хутка памёр. Пра стыпендыю, грошы, пяцёркі і дадаткі гаварылі рознае. Хто меў больш пяцёрак, хваліў новую сістэму. Некаторыя казалі, што, як там ні было, якія ні ёсць гэтыя стымулы ненадзейныя і ненармаваныя, іх даўно трэба было ўвесці, хоць такім чынам нешта «перабудаваўшы ў вышэйшай школе». Другія казалі, што гэта чорт ведае што, а не «перабудова» і не «стымулы»: адным падавалі па пяцьдзесят, па шэсцьдзесят рублёў, а другім за адну тройку — нічога. (фрагмент)