- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
27 сакавіка 2020 года, у дзень памяці прападобнага Венедыкта Нурсійскага, пачынальніка заходняга манаства, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, узначаліў служэнне Боскай літургіі Ранейасвячоных Дароў у храме прападобнага Марціна Тураўскага г.п. Жалудок. Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк, настаяцель храма іерэй Святаслаў Яўтушык і духавенства благачыння. Па заканчэнні літургіі Уладыка павіншаваў усіх прысутных са Святой Чатырохдзясятніцай, прычаснікаў з прыняццем святых Хрыстовых Тайнаў і падзякаваў ужо немаладым прыходскім пеўчым за іх няпростае кліраснае служэнне. У часе пропаведзі Уладыка традыцыйна звярнуўся да старазапаветных чытанняў, якія прагучалі на літургіі. Сённяшнія парэміі былі прысвечаны Боскаму пакліканню Аўраама. Аўраам пакідае бацькоўскі дом, выходзіць з роднай зямлі – з Харана, які, па сведчаннях археолагаў, быў досыць цывілізаваным па тых часах, каб адшукаць Бога. Так і мы павінны адрачыся гэтага свету, г. зн. адкінуць для сябе ўсё грахоўнае, што ёсць у гэтым свеце, адмовіцца розных свецкіх забаў, каб засяродзіцца на ўласным духоўным жыцці ў дні ратавальнага посту. У сярэдзіне Вялікага посту, каб падтрымаць хрысціяніна ў нясенні яго подзвігу, выносіцца Крыж – як напамін пра пакуты Збаўцы і пра тое, што менавіта Яго ранамі мы ўратаваны ад вечнай смерці.