«ГУБАЗіК паўтарае Гітлера». Чаму рэжым так баіцца беларускіх кніг
2023-03-15 12:50
З ініцыятывы ГУБАЗіКа ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча, нумары часопісаў «Наша гісторыя», «Архэ» і нават каляндар.Чаму рэжым Лукашэнкі баіцца беларускіх кніг і гісторыі, якую не пісалі прапагандысты? Пра гэта ў эфіры
Свабоды Premium расказвае гісторык
Аляксандар Пашкевіч, былы намесьнік галоўнага рэдактара
«Нашай гісторыі» і
«Архэ».
Абодва выданьні цалкам легальна выдаваліся ў Беларусі, распаўсюджваліся празь дзяржаўныя ўстановы, і праваахоўнікі ня мелі да іх прэтэнзій.
«Ідзе агульны працэс зачысткі ўсёй грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Ня першы месяц, і ня першы год. Таму лягічна, што дайшла чарга і да гэтых выданьняў. У апошнія гады прымаліся нават законы адносна аховы дзяржаўнай вэрсіі поглядаў на гісторыю. Пастаянна вядуцца размовы пра гістарычную памяць, што трэба праводзіць ідэалягічную працу. Многае з таго, што друкавалася ў гэтых часопісах, ня ўпісваецца ў тую вэрсію гісторыі, якую сёньня прапануюць прапагандысты і сілавікі. Таму гэта было толькі пытаньне часу», — кажа Аляксандар Пашкевіч.
«Архэ» — беларускі незалежны навукова-папулярны часопіс. Выданьне знаёміць зь гісторыяй гарадоў, людзей і важных падзеяў. Піша пра нацыянальную ідэнтычнасьць, гісторыю ды памяць пра Другую сусьветную вайну, часы сталінскіх рэпрэсіяў.
40 выпускаў «Нашай гісторыі» ў Беларусі разышліся агульным накладам больш за 200 тысяч асобнікаў. Да 2021 году часопіс публікаваў артыкулы толькі пра гісторыю да 1991 году. У 2021 годзе «Белпошта» адмовілася распаўсюджваць часопісы «Архэ» і «Наша гісторыя».