- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Антон Шукелойць – патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША. Ён – кіраўнік Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, яго ведаюць усе, і ва ўсіх ён карыстаецца нязьменнай павагай. Ягоныя паводзіны ў беларускім грамадзтве за мяжой ёсьць эталон беларускага народнага шляхецтва – пастава простая, дабразычлівая і разумная. На працягу 2001—2003 гадоў Зянон Пазьняк вёў гутаркі з Шукелойцем, запісаныя ў форме ўспамінаў і разваг. Гэтыя запісы гутарак і склалі кніжку пра Антона Шукелойця, пра падзеі ў ягоным жыцьці, здарэньні, сьведкам якіх ён быў і пра якія распавёў у нясьпешнай гаворцы. Шукелойць разваже пра падзеі 1930—1940-х гадоў, якія гэтак перакручаныя, сфальшаваныя і замоўчаныя. Ён быў назіральнікам і непасрэдным удзельнікам палітычных плыняў і падзеяў нядаўняй беларускай гісторыі. А гэта – перадваенная Вільня і яе ўнівэрсытэт, “Першыя саветы” (1939—1941) у Заходняй Беларусі, Менск пад нямецкай акупацыяй, дарога ў чужыну. Многія сьведчаньні Шукелойця проста сэнсацыйныя ды прымушаюць задумацца пра праблему выбару нацыянальных дзеячоў ва ўмовах пэрманентнай акупацыі іхнай краіны рознымі таталітарнымі рэжымамі. Што лепей – ухіляцца ад усялякага супрацоўніцтва з гэтымі сіламі ці спрабаваць у такіх неспрыяльных варунках нешта рабіць дзеля сваёй Радзімы? Гэта пытаньне непазьбежна нараджаецца пры чытаньні кнігі.