be

Герасімаў Валеры

Герасімаў Валеры

Валеры Мікалаевіч Герасімаў (1955; Брагін, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі бібліятэкар-бібліёграф, кнігазнавец, дасьледчык гісторыі і культуры Беларусі, краязнавец, грамадзка-палітычны дзяяч.

Скончыў Менскі інстытут культуры (1976) і асьпірантуру Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры (1988). Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003), ляўрэат званьня «Лепшы бібліятэкар Менска 2005 г.». З 1976 ст. рэдактар навукова-мэтадычнага аддзела, з 1989 гал. бібліёграф навукова-дасьледчага аддзела, з 1995 заг. сэктара, з 2009 заг. аддзела старадрукаў і рэдкіх выданьняў Прэзыдэнцкай (да 1994 г. — Урадавай) бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца вядучым вучоным краіны ў галіне навукова-тэарэтычнай распрацоўкі бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўваньня дэпутатаў, работнікаў дзяржаўнага апарата. Па выніках арганізаванага ім у 1978—1990 гг. рэспубліканскага навуковага дасьледаваньня была створана Адзіная сыстэма бібліятэчна-бібліяграфічнага забесьпячэньня органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня БССР (1986).

Распрацаваў мэтавую комплексную праграму яе разьвіцьця (зацьверджана на дзяржаўным узроўні ў 1989). Аўтар ідэі і каардынатар рэалізацыі праектаў па стварэньні фундамэнтальных рэтраспэктыўных бібліяграфічных дапаможнікаў і базаў дадзеных па дзяржаве і праву, канстытуцыйнаму праву Беларусі ІХ-ХХІ ст. Друкуецца з 1980. Аўтар больш за 100 навуковых, навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў, мэтадычных дапаможнікаў у галінах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі і культуры, мясцовага самакіраваньня; мастацкіх твораў.

Дасьледуе праблемы гісторыі кнігі, цэнзуры, рэстытуцыі, ролі кнігі і бібліятэк у нацыянальным адраджэньні, лёсу гістарычна вядомых беларускіх кнігазбораў (вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў, Нясьвіскай ардынацыі Радзівілаў, К. Езавітава, М. Доўнар-Запольскага і інш.), беларускай вайсковай гісторыі, беларускага замежжа. Сярод публікацыяў — першыя беларускія бібліяграфічныя паказальнікі па дзейнасьці нефармальных суполак моладзі (1989) і літаратуры, перададзенай з спэцсховаў (1992), мэтадычная сэрыя па аптымізацыі дзейнасьці інфармацыйнага забесьпячэньня органаў улады і кіраваньня (1989—1991), энцыкляпэдычныя артыкулы «Кніга», «Кнігадрукаваньне» (разам з Г. Галенчанкам), «Кнігазнаўства», «Цэнзура» (разам з У. Ракашэвічам) (1997, 2003).

Сааўтар калектыўных прац «Забытая слава: Кароткі агляд вайсковай гісторыі Беларусі» (1992, 1998), «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі» (2002). Удзельнік Першага вальнага сойму беларускіх суполак (1987), устаноўчага сходу па стварэньні аргкамітэта БНФ за перабудову «Адраджэньне» і Беларускага гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» (1988). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (з 1990 намесьнік, у 1999—2001 в.а. старшыні Рады і Управы), Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (у 1990—2000 член рэвізійнай камісіі і Вышняй Рады).

Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992, кіраўнік аргкамітэта), пяці зьездаў беларусаў сьвету (1993—2009), у арганізацыі ўзнаўленьня духоўнай і культурна-гістарычнай рэліквіі беларускага народа — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

Герасімаў Валеры. Выданьні

Літаратурная Беларусь 6 (142) 2018
pdf

Літаратурная Беларусь 6 (142) 2018

Культурна-асветніцкі праект ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і «Новага часу»

Пра тое, як сябра журы конкурсу Валерый Герасімаў, дасведчаны бібліятэкар-бібліёграф, края- і кнігазнавец, пачаў цікавіцца гісторыяй і якія парады дае ўдзельнікам конкурсу — у нашым інтэрв’ю.... Болей »

Запісы 36
pdf

Запісы 36

Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

“Запісы” — навукова-папулярны альманах, прысьвечаны гісторыі й сучаснасьці беларускага замежжа, выданьне Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Выдаецца ад 1952 году. Першыя 6 тамоў у 1952—1954 гг. выйшлi ў Нью-Ёрку; 5 наступных — у 1962—1970 гг. друкавалiся ў Мюнхэне. З 12-га (1974) да 24-га (1999)... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org