Яна нарадзілася ў Стоўбцах, правяла
юнацтва ў Еўропе і большую частку жыцця знаходзіцца ў Канадзе. Вучылася
на лінгвіста, а стала грамадскім і палітычным дзеячам, і ўжо чвэрць
стагоддзя ўзначальвае Раду БНР. Адзначаная канадскім Юбілейным медалём
каралевы Альжбеты ІІ за ўнёсак у дэмакратызацыю Беларусі.
У рамках спецпраекту «Жанчыны» сабралі шэраг цікавых фактаў пра жыццё адной з выбітных беларусак сучаснасці — Івонкі Сурвілы.
Сям’я яе бацькоў, Эвеліны і Уладзіміра
Шыманцоў, шмат пераязджала — са Стоўбцаў у Баранавічы, дзе бацька
працаваў намеснікам начальніка электрастанцыі, пасля ў Брэст.
Пасля прыходу савецкіх войскаў у Польшчу
тата Івонкі быў арыштаваны і асуджаны да 5 гадоў працоўных лагераў у
Сібіры. Як згадвала яна нашмат пазней у біяграфічнай кнізе «Дарога»,
НКУСнікі, якія прыйшлі арыштоўваць бацьку, хацелі і ў яе сарваць з шыі
крыжык — але яна не далася.
Пасля пачатку Вялікай Айчыннай бацьку
ўдалося збегчы і вярнуцца ў Баранавічы. А пасля вызвалення Беларусі, у
1944-м, пакуль савецкая ўлада не ачомалася і не арыштавала Шыманца зноў,
сям’я з трыма малымі дзецьмі вырашылася з’ехаць на Захад. Таварным
цягніком дабраліся да Беластоку, адтуль — у Кенігсберг, дзе заспелі
канец вайны і вымушаныя былі бегчы далей.
На некалькі год сям’я затрымалася ў Даніі,
дзе бацька Івонкі заснаваў Таварыства беларусаў — а яе з братам вучыў
мове і гісторыі па кнізе «Гісторыя Беларусі», якую цудам вывезла ў
заплечнай торбе і ўратавала маці. Потым па праграме эміграцыі ўцекачоў
ад вайны сям’і дабралася да Францыі, дзе і засталася. Тут Уладзімір
Шыманец уступіў у Раду БНР і нават пэўны час займаў пасаду міністра
фінансаў БНР, а паралельна з працай і палітычнай дзейнасцю — перакладаў
на беларускую мову казкі Андэрсена.
А яшчэ тут выявіўся ягоны талент
жывапісца: бацька Івонкі быў аўтарам паштовых марак БНР, удзельнічаў у
мастацкіх выставах. Мабыць, якраз праз яго праявіліся мастацкія
схільнасці ў Івонкі і ейнай дачкі Паўліны. А вось тэхнічныя здольнасці
пераняў сын Лявон, які працаваў у Францыі ў галіне авіяпрамысловасці, а ў
першай палове 90-х гадоў узначальваў офіс ЕС у Беларусі ў галіне
энергазберажэння.
З Іспаніі ў Канаду
Пасля Вышэйшай мастацкай школы ў Парыжу Івонка перайшла ў Сарбонскі ўніверсітэт:
— Я, як чужынка, ня мела права на
стыпэндыю. Жыла ў бацькоў, тры гадзіны кожны дзень марнавала на
транспарт. Каб аплачваць цягнік і выдаткі на навуку, летам, а таксама ў
суботы і нядзелі я працавала ў краме сувэніраў, дзе і практыкавалася ў
мовах.
Хоць гэтая падпрацоўка забірала шмат часу,
але дзякуючы ёй Івонка змагла дазволіць сабе курс у Оксфардзе, дзе яна
вывучала гісторыю школьніцтва ў Вялікай Брытаніі. Да таго ж у скарбонцы
Івонкі Сурвілы — веданне французскай, англійскай, іспанскай і дацкай,
досвед перакладчыцкай працы на нямецкай, латыні, нарвежскай і польскай
мовах.
У Парыжы Івонка пазнаёмілася са сваім будучым мужам, Янкам Сурвілам. Вось як яна пра гэта згадвала:
— Адным з найбольш прыемных успамінаў з
таго часу быў Усясьветны зьезд беларускай эміграцыі, які адбыўся ў
кастрычніку 1948 году. З’ехалася тады беларуская дзейная эміграцыя зь
Нямеччыны, Англіі, Бэльгіі...
Дзяўчына прышпільвала дэлегатам беларускія
сцяжкі, а ўзамен на сподачак ёй клалі некалькі франкаў — на сплату
выдаткаў з’езду. Янка Сурвіла ж пакінуў суму, роўную недзе месячнаму
заробку інжынера. І гэты шчодры жэст так уразіў дзяўчыну, што яна не
забыла маладога чалавека і праз год, нават нягледзячы на немалую розніцу
ва ўзросце: ёй было амаль 13, яму — 23. Але гэта, сцвярджае Івонка,
было каханне з першага позірку. Янка цярпліва чакаў дзесяць год, пакуль
каханая пасталее і скончыць вучобу, а яна адмовілася браць французскае
грамадзянства і без сумневаў пераехала да мужа ў Іспанію.
У Мадрыдзе яны працавалі разам у
беларускай рэдакцыі іспанскага нацыянальнага радыё —правялі 2383
радыёэфіры па-беларуску, тэхніку прадастаўляў іспанскі бок, усё астатняе
аплачвала беларуская дыяспара.
Пазней Сурвілы, якія ўжо мелі дзвюх дачок —
Ганну Прадславу і Марыю Паўліну, — пераехалі ў Канаду. Больш як чвэрць
стагоддзя Івонка працавала ў Бюро перакладаў пры федэральным урадзе.
Шмат гадоў займаецца грамадскай дзейнасцю:
у сярэдзіне 1970-х яна была абраная старшынёй Беларускага Інстытуту
навукі і мастацтва ў Канадзе, узначальвала ўправу Каардынацыйнага
камітэту беларусаў у Канадзе, уваходзіла ў склад праўлення
этнакультурнай Рады, што прадстаўляе і абараняе інтарэсы розных этнічных
груп.
Разам з іншымі прадстаўнікамі дыяспары
Сурвіла заснавала фонд дапамогі ахвярам Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі.
Фонд наладзіў збор і перадачу ў Беларусь трох самалётаў лекаў і
медабсталявання, а з пацярпелых раёнаў Беларусі прымаў у Канаду тысячы
дзяцей на лячэнне і аздараўленне.
На чале Рады
На радзіму Івонка з братам упершыню вярнуліся толькі ў 1992 годзе:
— Я пазнала тое бясконцае, стопрацэнтовае,
амаль фізічнае, шчасце, якое толькі раз перажыла перад тым – калі
нарадзіла ў Мадрыдзе маю першую дачушку Ганю.
Зрэшты, думкамі і сэрцам Івонка Сурвіла
была з Беларуссю заўжды: і калі «на каленцы» за некалькі месяцаў
арганізоўвала дабрачынны чарнобыльскі фонд, і калі апекавалася ў
этнакультурнай радзе «Бацькаўшчына» захаваннем і распаўсюджваннем роднай
мовы, літаратуры і мастацтва.
І, безумоўна, калі стала сёмым кіраўніком
Рады БНР, пераняўшы паўнамоцтвы ў Язэпа Сажыча. Тады, знаходзячыся ў
жалобе па нядаўна памерлым мужу і яшчэ не ведаючы, што іншыя чальцы
абяруць яе, яна склала шэраг патрабаванняў да новага старшыні: каб ведаў
мовы, ведаў, як працуюць у Канадзе ўрады і як з імі стасавацца, але
першае і галоўнае — каб бясконца любіў Беларусь. Атрымалася, гаварыла
якраз пра сябе.
Івонка Сурвіла паслядоўна і жорстка
крытыкавала «інтэграцыйныя захады» Лукашэнкі, а таксама сумнеўныя
пражэкты беларускіх уладаў, кшталту Астравецкай АЭС — яе Сурвіла
называла адным з найбольшых злачынстваў рэжыму:
— Гэта было абсалютна недапушчальна, каб у
Беларусі, дзе пацярпеў цэлы народ ад Чарнобылю, ізноў была небяспека
другога Чарнобылю. Астравец — гэта расейская бомба ў Беларусі, — казала
яна ў адным з інтэрв'ю.
Але найпершы вораг беларусаў, на яе думку —
акурат Расея, якая «за 70 год выкараніла і мову, і гісторыю, пачала
фальсіфікаваць, адбіраць усё тое, што мы мелі». Паводле Сурвілы,
беларусы — еўрапейцы, і мусяць мець еўрапейскую будучыню.
У 2020 годзе старшыня Рады БНР выступіла з гарачай падтрымкай беларускага мірнага пратэсту:
«Рэвалюцыя адбываецца перадусім не ў адміністрацыі, а ў душах і сэрцах
людзей – у супольнай радасьці, у супольным узьнёслым пачуцьці
прыналежнасьці да свае зямлі, у супольнай празе справядлівасьці і
праўды.
Беларусь ажыла і абавязкова пераможа. Не спыняйцеся, ня бойцеся, і
ведайце: за вамі праўда і за вамі ўвесь сьвет ад Эўропы да Канады і
Аўстраліі».
Ад жніўня 2020-га ў афіцыйных дакументах Рады БНР Лукашэнка імянуецца
былым прэзідэнтам, а створаны ім рэжым — пагрозай Еўропе і праблемай
міжнароднага маштабу.