- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У сваім разьвіцьці гістарычныя жанры жывяцца матар’яламі зь міталёгіі, гістарычных кронікаў, летапісаў, мэмуараў, навуковых досьледаў. Пакуль грамадзкія патрэбы задавальняюцца выключна паэтычнымі жанрамі — паданьні, легенды застаюцца дастатковаю крыніцай тэмаў, калізій, характараў. Празаічныя жанры патрабуюць больш канкрэтнага гістарычнага матар’ялу, чым паэтычныя. І хаця міталёгія па-ранейшаму застаецца істотнай крыніцай для малых празаічных формаў, прозе, асабліва раману, для станаўленьня й разьвіцьця неабходны даволі высокі ўзровень навуковай распрацоўкі гісторыі. Гістарычны раман таму і асацыюецца з паняцьцем «навуковы», што зыходна прадугледжвае наяўнасьць у ім гістарычнай праўды, адпаведнасьці адлюстраваных у творы падзеяў — падзеям рэчаіснасьці. І глыбіня й дакладнасьць перадачы фактаў, і сіла творчага ўяўленьня, здольнага ажывіць мінулае, зрабіць чытача зацікаўленым саўдзельнікам яго, — аднолькава неабходныя для гістарычнага рамана. Але калі здольнасьць пранікнуць скрозь смугу часу, убачыць і паказаць мінулае ў такой жа ступені яскрава й выразна, як і сёньняшняе, цалкам залежыць ад таленту пісьменьніка, дык летапісы, кронікі, сьведчаньні, успаміны сучасьнікаў, як зыходны матар’ял гістарычнага рамана, павінны быць да гэтага часу асэнсаваныя гісторыкамі і ўведзеныя ў навуковы ўжытак — само мінулае мусіць стаць тэмай навуковых дасьледаваньняў. (Да гісторыі станаўленьня жанру гісторыка-міталягічнае прозы, фрагмант)