Касцёл Святога Роха ў Менску дае прытулак занядбаным помнікам
2020-09-14 14:13
Менскі касцёл Святога Роха прымае на захаванне старыя надгробкі, якія менчукі знаходзяць падчас земляных работ у горадзе. Чарговую знаходку валанцёры прывезлі акурат пад сцены храма.
Акалічнасці раскрыў валанцёр Зміцер Касцюк:
– Гэта раён Лебядзінае возера. Раней старыя людзі, якія там жылі, распавядалі, што там была адна вялізная балаціна, дзе яны капалі торф. Калі пачалося будаўніцтва Заслаўска-Менскай воднай сістэмы, калі будавалася гэтае Менскае мора, вадасховішча Дразды, пачаліся вось земляныя работы, якія праходзілі там. І вельмі шмат туды завозілася прывазной глебы. Разам з гэтай глебай туды трапіў, што больш верагодна, гэты вось помнік. Ён яшчэ не прачытаны, але з цягам часу, спадзяюся, прачытаюць.
Акрамя лапідарыуму – месца для захавання надгробкаў, касцёл Святога Роха плануе адкрыць аптэкарскі парк, пляц ружоўніка і парк з біблейнымі раслінамі.
Беларускае Радыё Рацыя