- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Часта ў нашым штодзённым жыцці, каб лепш зразумець некаторыя падзеі, нельга пазбегнуць звароту ў сівую даўніну, то бок у гісторыю нашай шматпакутнай беларускай зямлі. Другога кастрычніка ў гарадскім пасёлку Бешанковічы адбылася сапраўдная гістарычная падзея – асвячэнне і ўмураванне краевугольнага каменя ў касцёле, які яшчэ будуецца. Тут прыгадваецца 1637 год, калі славуты Казімір Сапега, сын вялікага князя Льва Сапегі, пасля надання Магдэбургскага права Бешанковічам распачаў тут пабудову драўлянага касцёла, які некалькі разоў перабудоўваўся і канчаткова быў знішчаны бальшавіцкай навалай у 60-я гады крывавага ХХ стагоддзя. Нельга таксама забыцца пра этымалогію назвы мястэчка. Найчасцей прыводзіцца варыянт паходжання ад стараславянскага слова "бешань", што азначае "хуткая плынь на рацэ". Але больш рамантычнай і прыгожай бачыцца роднаснасць з нямецкім "beschenken" – бел. "падарыць". Хто ведае, мо нейкі нямецкамоўны землеўдальнік падарыў гэтую зямлю ў 14-м стагоддзі (першая згадка пра паселішча) Друцкім-Саколінскім, а там ужо час славянізаваў слова і пакінуў нам у сучаснай форме. І вось з той пары дорыць гэтая зямля жыхарам невялічкага мястэчка на Дзвіне свой прытулак і матчыну любоў.