«Кожны новы строй — гэта даследаванне». Вялікая гутарка з Кацярынай Ваданосавай пра рэканструкцыю, расчараванне і натхненне
2025-01-04 12:05
Кацярына Ваданосава вядомая як спявачка і тэлевядоўца, а таксама як моцная жанчына, што змагаецца з ракавым захворваннем. Акрамя таго, Кацярына займаецца рэканструкцыяй гістарычных і этнаграфічных строяў. Выставу калекцыі строяў яе аўтарства паказваюць у Польшчы ўжо трэці раз — спачатку ў Цеханоўцы, потым у Беластоку і вось цяпер у Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі.
Паразмаўлялі з Кацярынай пра ўплыў адукацыі на цікавасць да строяў і досвед вядзення заняткаў у Школе традыцыйнага строя, якую яна
адкрыла ў Беластоку ў 2023 годзе. Што расчаравала і нават дэмаралізавала, а што натхняе ў працы і ў людзях? Дзе мяжа паміж рэканструкцыяй і, як кажа Кацярына, задроцтвам?
Кацярына Ваданосава на сваёй выставе «Строй» у Музеі Вольнай Беларусі— Як здароўе на цяперашні момант?
— Кожныя тры месяцы мамаграфія, УГД. Я зараз на гарманальнай тэрапіі. Ужо больш за год хаджу на ўколы і кропельніцы, штодня п’ю пігулкі. Агулам курс разлічаны на пяць гадоў, то-бок засталося яшчэ троху больш за тры. І потым, калі не будзе рэцыдыву, ужо толькі кантроль. У шпіталі мяне ўжо ўсе ведаюць. Нават на адкрыццё выставы «Строй» у Беластоку прыходзілі, там блізка.
— Выставу «Строй» ты паказваеш ужо трэці раз: у музеі сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы, у Беластоку, а цяпер — у Варшаве. Чаму менавіта такая паслядоўнасць?
— Арганізатарам выстаў быў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Так яны дамовіліся. Музей у Цеханоўцы — неверагодны. Там мне вельмі дапамаглі. Вельмі шмат людзей было на адкрыцці, у асноўным палякі. Беларусы — толькі мае сябры. У Беластоку таксама было шмат людзей. Арганізатары падлічылі — 96 чалавек, пераважна беларусы. Самае масавае наведванне адкрыцця выставы ў Цэнтры беларускай культуры.
Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі
— Рэканструкцыі на выставе «Строй» зроблены яшчэ ў Беларусі ці ужо ў Польшчы?
— Большая частка зроблена ў Польшчы, куды я пераехала пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
— Як атрымліваецца выдзяляць час на выраб строяў?
— Мне проста гэта вельмі цікава, я гэтым суцяшаюся і знаходжу ў гэтым радасць. Напэўна, я не знайшла б часу на тое, што мне не прыносіць пазітыўных эмоцый, а вось тое, ад чаго я магу «падладавацца», мне цікава рабіць, і я спрабую кожную вольную хвіліну гэтым займацца. Нават седзячы ў чарзе ў лякарні. Зараз у мяне бясконцы марафон, бо для кожнага выпуску праграмы «Нітка зорка» на «Белсаце» трэба нешта новае шыць. Кожныя два тыдні мы здымаем па два выпускі.
Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі
— Гістарычная адукацыя неяк паўплывала на цікавасць да строяў, ці наадварот, ты ўжо імі цікавілася і таму выбрала гістфак Мінскага педагагічнага ўніверсітэта?
— Яшчэ да ўніверсітэта я цікавілася гісторыяй, археалогіяй, гісторыяй мастацтваў. Па вялікім рахунку, трэба было ісці на мастацтвазнаўства, але я не дадумалася і пайшла на гістарычны факультэт. На самай справе, я паступала спачатку на акторскі, але там правалілася. Тады яшчэ можна было паступаць у дзве хвалі. Ну, і я пайшла ў пед з надзеяй, што буду займацца археалогіяй. А потым аказалася, што ў педуніверсітэце няма кафедры археалогіі. Я ўсе курсавыя, дыпломную работу пісала па гэтай тэматыцы, але археолага з мяне не выйшла. І вось зараз я, робячы рэканструкцыі строяў, спатольваю сваю прагу.
— З рэканструкцыі якога перыяду ты пачынала і да якога прыйшла?
— Калі вучышся класе ў чацвёртым-пятым, табе хочацца сукенку, якая адпавядала б твайму светаадчуванню. Ты разумееш, што акрамя дома нікуды ў ёй не пойдзеш. Я не ўдзельнічала ў ролевым ці рэканструктарскім руху, таму што не мела сяброў, якія гэтым займаліся б. Першую сваю менавіта рэканструкцыю я зрабіла ў 25 гадоў, калі ўжо нарадзіла першае дзіця. Я тады была рамесніцай, шмат чаго рабіла рукамі. Мадэллю таксама працавала. І тады мяне лёс звёў з рэканструктарамі.
Я не ўваходзіла ніколі ні ў які клуб. Мне вельмі не падабаецца гэтая субардынацыя, што ты прыходзіш і павінна даказаць, што чагосьці вартая. Я ўжо мела нейкую базу, умоўна кажучы, пашпарт строя ў галаве, разуменне, як яго шыць. Знаёмства падштурхнула мяне да думкі, што можна ездзіць на фестывалі, красавацца ў гістарычных строях не толькі дома. Яшчэ мяне як мадэль пачалі запрашаць на розныя здымкі з маім рэквізітам. Я гэта разглядала як яшчэ адну крыніцу заробку. Першую рэканструкцыю гістарычнага строя я зрабіла на Швейцарыю XIV ст. Этнаграфічнымі сялянскімі строямі канца ХІХ — пачатку ХХ стст. пачала займацца пазней.
Зімовае народнае адзенне на выставе «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі
— Распавядзі, калі ласка, пра этнаграфічную рэканструкцыю.
— На пачатку мне здавалася, што, каб займацца рэканструкцыяй этнаграфічнага, традыцыйнага строя, трэба ўліцца ў нейкую тусоўку і даказаць, што ты таго вартая. А я абсалютна нетусовачны чалавек. Мне не падабаецца працаваць у групе. Я ведаю, што ё людзі, якім абавязкова трэба кудысьці прыйсці, у нейкі гурток, клуб па інтарэсах, і там ужо нечым займацца. Я люблю працаваць сама. Калі я зразумела, што змагу абгрунтаваць тое ці іншае сваё рашэнне, то занялася і этнаграфічнай рэканструкцыяй.
Канцэрт Кацярыны Ваданосавай на адкрыцці выставы «Строй» у Музеі Вольнай Беларусі. Злева направа: Ігар Палынскі, Кацярына Ваданосава, Стэфанія Ваданосава
— Распавядзі, калі ласка, пра сваю школу традыцыйнага строя ў Беластоку.
— Школа дзейнічала ў мінулым навучальным годзе, а цяпер пакуль на паўзе. Адкрыццё яе было вымушанай мерай, бо было шмат запытаў на стварэнне строяў, а я не паспяваю браць замовы. Мне падалося ўдалай ідэяй зрабіць так, каб людзі самі сабе шылі строі, каб ім не трэба было ні да каго звяртацца, а каб яны мелі нейкія самыя простыя, базавыя навыкі.
Я не магу свой досвед арганізацыі курсаў назваць вельмі ўдалым, таму што аказалася, што людзям не трэба ўменні, як рабіць строй. Ім проста трэба строй. У нейкі момант я ўсвядоміла, што шыю галіфэ для аднаго са сваіх студэнтаў. На іншым занятку я паспела за дзве гадзіны раскроіць шэсць андаракаў. І я падумала, што ў людзей проста іншы запыт. А самая вялікая цяжкасць была ў тым, што людзі ўспрымалі гэта як гурток, як хобі, а я — як працу, мне хацелася навучыць. Хтосьці мог месяц не з’яўляцца, а потым прыйсці на занятак. А мы ўжо пайшлі далей. Даводзілася нешта разбіраць індывідуальна.
Ёсць людзі, якія пасля года навучання ў маёй школцы бяруць замовы, працуюць як самастойныя майстрыхі.
А ёсць тыя, хто за год не навучыўся ўстаўляць нітку ў іголку. Складана было іх аб’яднаць, зразумець нават, як будаваць структуру занятка.
І яшчэ мяне вельмі дэмаралізавала тое, што я ў многіх людзей атаясамліваюся, будзем шчырымі, з экстрэмізмам і тэрарызмам. Вучні баяліся, што я сфоткаю іх рукі (нават не твары) і куды-небудзь выкладу.
А ім яшчэ ехаць у Беларусь. Таму пажадана да мяне на заняткі хадзіць так, каб ніхто не ведаў. А мне трошкі крыўдна тады становіцца: навошта гэта ўсё, калі людзі баяцца сказаць, што я іх вучу. Таму рэгулярныя заняткі я пакуль прыпыніла, але часам даю майстар-класы, напрыклад, у межах выставы.
Кацярына Ваданосава праводзіць экскурсію па сваёй выставе «Строй» у Музеі Вольнай Беларусі
— Якія людзі прыходзяць да цябе на майстар-класы?
— Як ні дзіўна, шмат палякаў. Зараз у Польшчы «сялянскі паварот» (zwrot ludowy) — мода на ўсё сялянскае, глыбіннае, сваё, паганскае... Яны шукаюць адказаў на свае пытанні ў т. л. праз стварэнне традыцыйных строяў.
Людзі, якія прыходзяць без бэкграўнду, не разумеюць, колькі часу, высілкаў і працы трэба, каб пашыць строй. Можа быць, як любая справа, гэта патрабуе дарэчнага часу. Я ўжо некалькі месяцаў вышываю неглюбскую кашулю і разумею, што гэта не тое, што мне хацелася б скончыць. Мабыць, не час менавіта для гэтай справы. Дапамагчы можа альбо дэдлайн, альбо пэўная мэта. Для мяне ўласна строй — самамэта. Я люблю вучыцца сама, разбірацца. Я не шыю па лекалах.
Кожны новы строй — гэта даследаванне. Ты кожны раз разумееш, як гэта зроблена. А потым апранаеш — і разумееш, як у гэтым жыць, функцыянаваць, хадзіць, паварочвацца. Такая living history мяне прываблівае.
— Рэканструкцыя скіраваная толькі ў мінулае? Ці ў будучыню ў некаторым сэнсе таксама?
— Безумоўна, любая рэканструкцыя — гэта рэтраспектыва і мінулага, і сучаснасці, не ведаю, ці можна так сказаць. Мы выкарыстоўваем сваё ўнутранае, сучаснае, мерыла, і не можам зрабіць на 100% так, як было раней, таму што мы не жывем у той час.
Можна паглядзець у кіно, напрыклад, касцюмы часоў грамадзянскай вайны ў ЗША, зробленыя ў 1930-я гг. і на пачатку ХХІ ст. — яны адрозніваюцца.
Таму рэканструкцыя — гэта і погляд у мінулае, і асэнсаванне сябе тут і цяпер, і задзел на будучыню, бо даследаваннем ты ствараеш сабе план, мэту.
Фрагмент рэканструяванага касцюма заможнай крывічанкі кан. ХІ ст. на выставе «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі
— Дзе мяжа між рэканструкцыяй і стылізацыяй?
— У Беларусі, каб назваць тое, што ты робіш, рэканструкцыяй, трэба прыкласці больш высілкаў, чым у Польшчы. Тут людзі не замарочваюцца. Адначасова, нашмат лягчэй, чым у Беларусі з пошукам тканін. У Беластоку няма ніводнай крамы з тканінамі, але ў інтэрнэце вялікі выбар.
Мне вельмі падабаецца дакопвацца. Напрыклад, строй на ХІ ст. у мяне пафарбаваны натуральнымі расліннымі фарбавальнікамі. А кавалачак узорыстага шоўку касцюма заможнай крывічанкі падабраны невыпадкова: амаль такі ж быў знойдзены ў Гародні ў адным з пахаванняў у крыпце. Гэты шоўк — копія шоўку з грабніцы святога Севіяра, пятага абата Сэн-Кале. І я яго ўзяла не толькі таму, што ён прыгожы і добра спалучаўся па колеры. Кожны раз пытаеш сябе, дзе мяжа між рэканструкцыяй і, прабачце, задроцтвам.
Ці мой строй ХІІ ст., якога няма на выставе. Там галаўны ўбор з бяросты, якую я ўласнаруч садрала, пачысціла, надала ёй форму, сшыла. І панёва, пра якую няма крыніц. Знаходзяць кавалкі тканін у кратку, але ці была там панёва, ці спадніца — дакладна невядома. Хутчэй за ўсё, панёва. Тут для кожнага свая мяжа дакладнасці рэканструкцыі. Ё такі жарт, што калі ты мужчына-рэканструктар ранніх славянаў, то ты не будзеш насіць штаны, таму што ніводных штаноў таго часу археолагі не знайшлі. Але ж гэта не значыць, што славяне іх не насілі.
Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай будзе працаваць у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве да 19 студзеня.
Фота аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org